epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Вельмі шаноўны пан Рэдактар!.."

Вельмі шаноўны пан Рэдактар!

Дару Вас крэйзаннем сваім.

А гэта досі важны фактар

— Павінны Вы згадзіцца з тым —

Каб не пісаць звычайнай прозай,

А ўціснуць думку ў гучны «мэтр»,

Хоць розум кажа мне з пагрозай

— Ад дурня я на сантыметр.

Ды ўсё ж хацеў бы мець надзею

(Мо шчырасць гэтка пану ўперш),

Што добрым будзе пан суддзёю

І не асудзіць гэты верш.

А прачытаўшы ўважна тыя,

Што я пры гэтым дадаю,

І прысудзіўшы: — «не благія»

Ў газету змесціць іх сваю.

Калі ж і ў мілы

Панскі кошык

Перападзе якая рэч —

Не будзе крыўдна ні на грошык,

Хоць стоража шкадую плеч.

А нумар з творам маім першым

Сюды дайшоў — прыемны яў.

Але пара мне кончыць з вершам.

Калі ж што лішняе сказаў,

Хай мне даруецца абмылка.

Затым з пашанай застаюсь

Ўладзімір, сын Адамаў, Жылка,

Па волі лёсу, беларус.

І.VII.1921 г.



Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан