epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Вершы аб Вільні

І
ІІ


І

Калі сябры нас гудзяць згубаю

І ворагі прарочаць скон,—

Тады к Табе, о Вільня любая,

Прыводзяць згадкі у палон.

Ў маіх лятунках ты — ўладарная,

Пануеш ты, харашыня: —

Завулкаў сон і ціш кляштарная,

Вільлі празрыстай глыбіня;

Вялікай вуліцы экзотыка,

Тэатры, кіно, шпіталі:

І маліцьвенна ўзносіць готыка

Да неба тонкія шпілі;

Святая Ганна — спеў, напеўнасцю

Салодка ўзрушаны ўсягды;

А поруч з бізантыйскай пэўнасцю

Царква прысела ля вады;

У вечар за гарой трохкрыжнаю

Палае захаду пажар,

Як знак, што веліччу аблыжнаю

Яна не выкліча ахвяр;

І плюск Вілейкі, хвалі ветрыка

Люляюць Бернардынскі сад;

І мігаціць праз ноч электрыка

Ў зацёмкаў мескіх шалы чад;

Плыве па вулках пыха панская,

Распуста, блуднасць і мана;

І ярасць жорсткая, паганская

Бліскае ў вочах літвіна.[...]

А там, па-над мурамі даўнімі,

Дзе места ўсенькае відно,

Руіна думамі дзяржаўнымі

Гадае там: чыё яно?

Але ўжо лёс рукой няўхільнаю

Загад вызначвае з вякоў:

Усё магутней б’е пад Вільняю

Прыбой нямоўкнучы з палёў...

Ўсё пераможней нестрыманае

Стыхіі шум і бурны круг...

О, места роднае, каханае,

Цябе залье грымотны рух!

ІІ

О, Вільня, крывіцкая Мэкка!

О, места — ўсё цуд, хараство!

Дзяржаўная думнасць павекаў,

Узнята рашуча брыво!

Абліччам пад ветры і буры

Туды — у разлогі палёў.

Дзе гоняў рунелыя суры,

Ўзіраешся поўная сноў.

Чытай жа, чытай жа праз цемень,

Праз гэты бяздолля туман —

Там дзеці жаданнем, бы крэмень,

Кляліся на новы каран.

Там дзеці (твае яны дзеці!)

З-пад сле'пых, закураных хат...

Вітай жа — ў часы ліхалецця

Змагарскі іх блішча пагляд.

Ім кажуць, прапасці са свету,

У парожнасць рассеяцца, ў дым;

Ды думкай, бы выш мінарэту,

Стаяць яны ў ветрыску злым.

Ім доля дала паніжэнне,

Ды Бога крым Бога няма;

І Бог іх адзін — вызваленне,

І з нянавісці іх да ярма.

Руіна замчышча — Кааба —

Ім прошча ўздыханняў і дум.

Салодкіх лятункаў — прываба,

Ў сваім запусценні — іх сум.

У крыўдзе і горы пякельным

Пагудкі, як клічы адны,

Чакаюць наўкол непадзельна,

Каб рушыць разводдзем вясны.

Ўжо ў песнях звініць перамога

І крокамі курыцца шлях...

Але ці там чуеш святога?

Ці вее прарокавы сцяг?

А ён, паганяты, няўзнаны,

Душой шчэ згарае між нас,—

Хоць месяц мінуў Рамадана,

І вызначан тэрмін і час?

Ці сэрца гартуе да чыну?

Ці ў модлах да бога свайго?

Між тых, хто ўцяклі да Медыны,

Ці бачыш, ці бачыш яго?

І ты ці чакаеш пад здзекам,

Што бомкне ўрачыстая медзь?..

О, Вільня, крывіцкая Мэкка!

Ці варта прарока ты стрэць?


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан