epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

«Вершы спадзявання»

І
ІІ
ІІІ
ІV
V


І

Ля ног тваіх маўчаць трывогі

І думкі маліцвенна строгі,

Як мнішкі белыя гурбой

Ў цішы пуціны лесавой.

О соладка ля ног тваіх,

У плашч чароўнасці, адзеты,

Схіляюцца красою кветы.

І вецер сіверны заціх.

Бязбурны дзень — вачэй затокі

Яны празрысты і глыбокі,

І ясны, як вясны палон,

Іх лёгкі ціхамірны сон.

Мне люба сніць (бязбурны дні!)

Аб шчасці гэткім квола-крохкім

І веславаць лятункам лёгкім

Па крышталёвай глыбіні.

О мармур светлага чала

Пад пасмамі глухой завеі!

О тонкіх рук, о рук лілеі,

Што не чынілі справы зла!

О хараство зялёнай пальмы!

Ты ўся звініш напевам псалмы,

І росных траваў родны пах

Кадзіць на твой азурны шлях!

Якая слабасць і спакой,

Якая дзіўная суточнасць

У свет нясці адну пяшчотнасць

І ўсё змагаць адною ёй.

А мне маліць — мая Марыя,

Прымі малітвы маладыя

І яснасцю душы тваёй

Маю пахмурую напой.

ІІ

Жыццём, жыццём, як хісткай кладкай,

Бурліцца, пеніцца вада...

Ты нада мною вееш згадкай,

Мая ж няроўная хада.

Як месяц, воблік гэны бледны,

І жах бязлітасна жане.

Куды? Навошта? — скуль мне ведаць?

Мой лёс злажылі без мяне.

Пусцілі — йдзі

(жыццём, бы кладкай!)

Пакутуй гэта хоч не хоч.

І вось, нядужы над загадкай,

Я паклякаю ў цемру, ў ноч.

І каб не сны ў душы прапаснай,

Які б ён сэнс таго быцця,

І каб не ты з усмешкай яснай,

Усмешна-ясная мая!

ІІІ

Ты спыніла мяне каля дзвераў,

Ўзнікшы ў памяці зоркаю вернай.

І ў збавенне маё не паверыў

І спусціўся па сходах таверны.

На абрусах тут брудныя плямы

І сумота ў піяцкім абліччы:

Мне не выпаўзці з гэтае ямы,

Не паслухаць далёкага клічу.

Ты жыццём, нібы жытняй мяжою,

Паступаеш свабодна і пэўна,

Я, агорнуты снежнай імглою,—

На шляху маім вее завеўна.

Над табою блакітнасці келіх,

І ў вачах тваіх ціхая яснасць,

Я прыношу апошні мой шэлег,

Каб заліць гэту злую напаснасць.

Не схаваю свядомасці млоснай

Ад цябе незраўнанага баю:

Раскрыжованы доляю злоснай,

Як жа душу маю захаваю?

ІV

Маіх надзей вясёлых кветы

Паталі з горыччу на дне

У бурным, як юнацтва леты,

ў глухім віне.

І вось, здаволены сабою,

Здаволіў я душу маю,

І ні збавення, ні спакою

Я не прашу.

Няхай для іншых сны аб шчасці,

Няхай збаўляюцца чым хоч,

Віно — мне ўцехай у напасці

І маткай — ноч.

Нашто ж хадой прыйшла ўрачыстай,

Нашто ты, светлая, прыйшла,

Ў сваёй апратцы снежна-чыстай

Ў прытулак зла?

Ты ззяеш яснасцю і светам,

Тваё няўхільна хараство.

Нашто ж табе піяк адпеты

І гэткі во?

Нашто хвалюеш і трывожыш?

Нашто заве пагляд святы?

Ў жаноцкай кволасці што можаш,

Што можаш ты?

Нашто спяваеш так высока?

Аб недасяжным спеў нашто?

Перад прысуду страшным вокам

Ці ўстоіў хто?

Нашто спынілася на шляху

Маіх трывог, маіх завей?

Зямных загуб, зямнога жаху

Ці ты дужэй?

V

Ледзь знаёмы пачуецца гук,

І туга, і хаўтурнае змоўкне галошанне.

О, лілеі пяшчотныя рук,

Мая радасць і дзень уваскрошання!

Спадзяваннем апошнім ты так

неспадзевана

Зазіяла ў маёй цішыні.

А я думаў, што ўсё пераспевана

І даспеваны гэныя дні.

Варажы ж, варажы невымоўнае бачанне!

Мне звінець і звінеці мацней.

Будзе ноч немінучая — страчанне

Тваіх рук незраўнаных лілей!

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан