epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Зімовае

Снег, завея; вецер вее,

Круціць, дзьме.

Віхар гонкі, гучны, звонкі

Ў белай цьме.

Комам ліпка, снегам сыпка

Сее сеў.

Носіць тайны, спеў адчайны,

Смерці спеў.

Я трывожны... Ў бездарожжы,

Ў беспуцці

Воля-вехаць. Як даехаць?

Як дайсці?

Сівер злосны, вее млосна,

Міма ймкне.

Дзе прыпынак, дзе спачынак? —

Блукаць мне.

Холад, сцюжа... Сцежка вужай

І размах.

Стыне сэрца ў паняверцы,

Множыць жах...

Гнецца ніжай, к долу бліжай

Галава...

Лёс нямілы: крыж пахілы

І жарства!


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан