epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Аб гастролях у Мазырскай акрузе

Згодна камандзіроўкі НКА трупа ў ліку 20-ці асоб паехала на гастролі ў Мазырскую акругу. Першым пунктам быў Мазыр. Там трупа, паставіўшы 10 спектакляў, перакачавала ў Нароўль. Як ў Мазыры, так і ў Нароўлі беларускімі спектаклямі цікавіліся ўсе, асабліва сяляне, а сялян на спектаклі дапускалі 50 працэнтаў.

Характэрна тое, што селянін, нягледзячы на свой клерыкальны быт, ахвотна бываў на антырэлігійных спектаклях і слухаў антырэлігійныя рэчы, якія казаліся заўжды перад пастаноўкай такога зместу п’есы. Бачачы гэта з'явішча, трупа зусім смела распачала гэту прапаганду і амаль што кожнае свята (у нядзелю), калі канчалася служба ў царкве, забірала ўсіх сялян з царквы і там вяла з імі размову аб рэлігіі, богу, святых і г. д.

З вялікай зацікаўленасцю слухаў селянін, калі казалі яму, што царква і папы аджылі ўжо сваё і што на змену гэтаму ашуканству і ашуканцам прыйшоў іх брат, артыст-камуніст, каторы ідзе са святлом у вёску і гоніць прэч з дарогі ашуканцаў народных — папоў і ксяндзоў.

Гэты селянін слухаў, маўчаў, калі казалі яму, што няма бога. Ён так аддаваўся прамоўцу, што ў канцы прамовы біў у ладошкі і заставаўся далей на спектакль. Прамоўца даводзіў сялянам аб тым, што ўсюды ў нас будуюць клубы і тэатры, а ў Нароўлі якраз наадварот, веруючыя будуюць царкву. Пры гэтым прамоўца стыдзіў сялян, даказваючы непатрэбнасць гэтай будыніны ў наш час.

Горшае з’явішча прыйшлося бачыць у Петрыкаве. Там ёсць архірэй і цэлая армія папоў. Прыехаўшы туды, трупа затрымалася на большы час і распачала працу. Дармовыя спектаклі, антырэлігійныя п’есы. На спектаклі веруючыя хадзілі мала, але сяляне ішлі. І там селянін ніколі не аказваў супраціўлення. Слухаў усё, што яму казалі, адны толькі бабы моршчыліся, калі казалі, што няма бога.

У Петрыкаве і дзень і ноч гудзяць званы, тысячныя працэсіі цягнуцца па мястэчку з абразамі і ўсякай немаччу. Народ верыць, моліцца. Проста шорхна глядзець на гэтае з’явішча ў наш век.

Пасля некалькіх пастановак у Петрыкаве трупа выехала, бо прыйшлося пачуць ад некаторых асоб, што ў Петрыкаве моцная арганізацыя веруючых, якім не падабаюцца нашы рэчы супраць рэлігіі і духавенства і што ад іх можна чакаць усяго.

У Тураве быццам-то ў нейкай Палесціне. Была субота. Сінагога гудзела. Поўна народу. Стаім, чакаем канца службы, каб пабачыць, што ж там ёсць? А к вялікаму нашаму здзіўленню, пераважна моладзь 20—30-ці гадоў. Кожны пад пахаю трымаў талмуды і ўсе прылады, зусім спакойна ідучы праз мястэчка.

Пытаюся: чаму не зачынена сінагога?

Кажуць: зачынілі, але чамусьці зноў адчынілі.

Назаўтра, у нядзелю, была сёмуха. Ідзём да царквы. Там зусім сярэднявечча. Бесканечна вялікі хвост баб, якія чарадой ідуць у царкву, несучы ў руках запаленыя свечкі, затыркнутыя ў мёд, які знаходзіцца ў пасудзінцы. Іх пераймае поп, які ачышчае гэтыя пасудзіны ад мёду, блаславіўшы за гэта на дарогу.

Гэткі рух адбываўся нешта тры дні. Гудзяць званы, калышацца перад царквой веруючы сялянскі люд. Глядзіш і не верыш сваім вачам. Зусім спакойна адбываецца гэта ашуканства селяніна... Поп вянчае цэлымі кучамі.

У Тураве больш як дзе вялася антырэлігійная праца, праз усе дні гэтай вакханаліі пушчалі сялян у тэатр. У нядзелю, на тройцу, удзень на дармовы спектакль зараз жа з царквы ўсіх баб і сялян упусцілі ў тэатр і пачалі ім казаць прамовы, а затым ставілі п’есу. Дзядзькі слухалі і білі ў ладошкі, а бабы трошкі шумелі, але сядзелі. Характэрна тое, што старыя сяляне вельмі запрашалі нас да сябе ў вёску, выказваючы вялікае здавальненне ад усяго, што бачылі і чулі. Пасля Турава трупа пабывала ў Караліне, Жыткавічах, Капцэвічах і Калінкавічах.

Вельмі добрае ўражанне засталося ад Капцэвіцкага фанернага завода, дзе было дадзена 7 спектакляў. Там рабочыя людзі развітыя...

Вынік з нашай вандроўкі такі.

На Палессі пануе цемра... Вельмі добры грунт пад сабой чуюць папы. Развіваецца клерыкалізм. Сялянскія масы лёгка паддаюцца дурману. Будуюць царкву, ладзяць новых багоў...

Паколькі, з аднаго боку, сяляне ідуць у царкву, пастолькі задумваюцца над тым, ці ёсць бог, калі пабываюць у тэатры і паслухаюць прамоўцу, які даводзіць, што няма бога. Сяляне ахвотна ідуць у тэатр і вераць таму, што ім там кажуць. Тэатр для іх — усё. Ён гатоў слухаць усё, што яму кажуць, а пасля ён задумваецца над тым, што чуў. Гэткім чынам чалавека, які прывык толькі верыць у бога, пачынае варушыць і будзіць пачуццё з новым клічам, што няма бога, што царква ёсць лавачка, а поп — ашуканец.

Тэатр, як мне здаецца, можа аказаць вялікую паслугу ў барацьбе з клерыкалізмам. Лягчэй усяго можна асвятліць мозг селяніна добрым тэатрам. Лягчэй усяго можна з’яднаць вёску, калі на помач прыйдзе тэатр. Вось дзеля чаго, адчуваючы такую вострую патрэбу, трупа, не пакладаючы рук, працавала ў Мазырскай акрузе 45 дзён, даўшы 40 спектакляў.

Але гэтага мала. Беларусь вялікая, і поле для працы вялікае. Трэба спяшыць, пакуль ёсць сіла і натхненне, бо нас чакаюць.

Не трэба шкадаваць грошы на тэатр. Трупа павінна мець як правы ў дарозе, так і грошы на пражыццё. Не можна артыста дапушчаць да галадоўкі, як гэта было ў гэтай дарозе. Трупе было выдадзена грошай на дарогу 500 рублёў, з якіх 250 рублёў прыйшлося аддаць на вопраткі для тэатра, а на астатак ехаць у такую вялікую дарогу.

Праехалі 1500 вёрст жалезнай дарогай, 300 коньмі, 250 параходам. 50 працэнтаў дармовых спектакляў. З гэтага ясна: недастатак — голад.

Працуючы штодня на сцэне і ўчыняючы такія значныя пераезды, сонцам-пылам, усе артысты знішчылі ўсю сваю вопратку, засталіся без бялізны і сталі зусім на становішча жабрака. Але гэта не спыніць нашай працы. Мы чакаем новага загаду і ахвотна паедзем туды, куды нас пашлюць.


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан