epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Абразок

Даўно ўжо Наста Мазалёва збіралася купіць у кірмашовы дзень абразок святога Юр’я і нарэшце, як разжылася на грошы ды часу было, паважна паплялася к мястэчку. Кірмаш быў у самым руху. Як ні дабівалася Наста ў кнігароў абразка, хоць запалі — не было аніводнага; хацела ўжо ісці дадому, аж бачыць, яшчэ адзін кнігар застаўся ў старане і стаіць, выглядаючы купцоў, узяўшыся ў бокі.

Наста і валіць проста да яго.

— Чаго, рыбачка? — пытае кнігар.

— А вось шукаю абразка святога Юр’я, дужа хацелася б мець, ці няма ў васпана?

— Ёсць, любудка, — і пачаў поркацца ў шухлядах.

Але як убачыў, што гэтага няма, наважыў пакпіць з бабы і вось дастае малюнак з белым, як снег, канём і падае.

— Добры мой пане, — кажа Наста, — конь-то Юр’я я пазнаю, а дзе ж сам ён?

— Як дзе? — пытае нібы здзіўлены кнігар.— Бачыш лес?

— Бачу.

— Ну, дык ён у лес пайшоў.

— Не, не выпадае неяк без самога... Можа, у пана другі ёсць?

Ізноў пачаў рыцца кнігар і падае вядомага ўсім рыцара Баву Каралевіча на гнядым кані і кажа:

— Лепшага нямашака і не можа быць!

— Во, такі ёсць, — падумала Наста і, заплаціўшы грошы, з вясёлай мінай паплялася дадому. Але дзесьці ў дарозе, як разгледзела, што конь не белы, а гняды, варочаецца да кнігара і пытае:

— Чаму гэта, дзядзечка, конь не белы ў Юр’я, а гняды?

— Бо белы ўжо даўно здох, і ён цяпер на чужым ездзіць, — адказаў кнігар.


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан