epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Адплата за працу

Па ўхабістай крывой дарозе, апусціўшы закураныя, як ком гразі, галовы, ледзь-ледзь цягнецца пара коней, запрэжаная ў цяжкі воз; раз за разам падганяе іх найміт.

— Но, каб цябе, но, — чуваць яго грубы голас, пры кожным слове па худых конскіх баках ляскае доўгі сукаваты кій.

З апошніх сіл ірвучыся — разам і паасобку, — ледзь кратаюць цяжкі воз і крок за крокам мінаюць то лепшыя, то горшыя месцы на дарозе.

Поўдзень. Ад страшэннай спякоты нібы заснула ўсё жывое, толькі ціш перарываецца цяжкім сапеннем коней, скрыгатнёй калёсаў ды лянівым шастаннем груганоў, пералятаючых з поля ў бор, каб схавацца ад гарачых прамянёў сонца.

— Ану, ану, — басуе найміт, акладаючы па чарзе запаўшыя бакі коней палянягай. Не раз хістаўся з боку ў бок, страціўшы сілы, конь, не раз маўчлівым поглядам у вочы азвярэламу найміту жадаў ён растлумачыць, што ні найгоршая лаянка, ні найтаўсцейшы кол не вернуць ужо патрачаных сіл, — нічога не памагло: палена са свістам узлятала ў паветры і ўпівалася ў скуру, ранячы ўсё новыя і новыя месцы. Рой сляпнёў і аваднёў капашыўся на зраненай скуры. Неўспадзеўкі — прыпынак... Воз працяжна скрыгатнуў і стаў... Задрыжэлі і падагнуліся раптам ногі спацелага коніка, пачуўся сіпаты са стогнам храп, і асунуўся бядак на зямлю, паводзячы мутнымі вачыма перад сабою.

— Ану, ану! — не сваім голасам загалёкаў найміт. Нічога: ні лаянка, ні гуплікі не памагалі. Выпрагшы здаўшагася каня і сцягнуўшы яго з дарогі набок, найміт нокнуў на другога і налёг шырокімі плячыма на воз.

Воз крануўся, вылі дзіўна жудасным голасам калёсы, быццам заводзілі хаўтурную песню па спагадным працаўніку, якога пакінулі яшчэ жывога на спажыву ваўкам...

— А, но, буланчык, — ласкавейшым ужо голасам адазваўся найміт, напіраючы з усёй сілай на воз.— Ну, мой шаўлюжка, хата недалёчка, аўсу дам.

Не цешылі буланага абяцанкі: бачыў ён, якая падзяка была за шчырую працу; адна толькі думка — бардзей убачыць страху хлява, дзе мо крыху спачне ад непамерна цяжкай працы.

Вось урэшце воз пераваліў крутую паваротку, і ў лагчынцы зачарнела хата з прадранай страхой. Буланы заржаў. Пачула яго сэрца, што там яго хата, там яго прыстанішча...

За прыгоркам, штораз звужаючы свае шырокія кругі над кустамі, ляніва і цяжка апусціўся ля дарогі груган на цёплае, яшчэ час ад часу ўздрыгваючае цела каня. Момант — вымкнулася і знікла ў горле чорнай бліскучай птушкі слязлівае вока, што так нядаўна яшчэ паглядала прыхільна і жаласліва на ўсіх.


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан