epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Адукаваная кабыла

Раз Гаўрылу здарылася на кірмашы сходна купіць вельмі прыгожую і непамерна вялікую сівую кабылу.

Радаваўся Гаўрыла, гледзячы на канягу, хвалілі і суседзі, кажучы, што яна палкавая кабыла.

Дзень, другі патрымаў яе Гаўрыла на добрых харчах, а пасля, як ні хацеў, а прыйшлося ўпрэгчы ў саху.

Няскладна хадзіла з сахою яна, відаць было, што незнаёма з раллёй.

Замаркоцілася кабыла, як папрацавала ўзапар колькі дзён ад сонца да сонца.

Вяртаючыся з поля ўвечар на адпачынак, яна нудна глядзела ў той бок, адкуль яе прыгнаў новы гаспадар, і прыпамінала, як добра жылося раней, і як дрэнна цяпер. Бывала — аўса ўволю, дагляд, працы ніякай, гарцуй сабе пад музыку, а тут мерай з канца ў канец даўгі шнур на полі.

— І за што гэткі здзек учынілі? — горка жалілася яна сама сабе.

Вось неяк у свята Гаўрыла выбраўся з’ездзіць у горад палюдскаваць трохі ды кабылу перагнаць. Толькі ўехаў у шырокую вуліцу, як на спатканне, ідзе пад трэск барабана цьма салдатаў з музыкай уперадзе.

Гаўрыла з’ехаў набок з дарогі і супыніў кабылу.

Тут музыка грымнула марш.

Не паспеў Гаўрыла адвесці дух, як яго кабыла з сілай ірванулася ўперад, выкуліла панарад у канаву і з выдзертымі аглоблямі панеслася ўздагонку за музыкай, падкідаючы зад угару.

Гаўрыла, рэзнуўшыся галавой аб ліхтарны слуп, не бачыў, што было далей, толькі, калі апамятаваўся, убачыў, як кабылу яго вёў за аброць дзесяцкі.

— Ты што гэта, на танцы яе прывёў, людзей пужаць? — грозна спытаў ён.

— Шатан яе ведаў, што яна танцуе, — адказаў Гаўрыла.

Кабылу адправілі на пажарны двор, а Гаўрылу паклікалі ў часць.

Толькі назаўтра ўбачыліся Гаўрыла з кабылай. Яна заржала і ветліва зірнула на яго.

Па ўпаўшых баках было відаць, што яна ноч прастаяла галоднай.

Глянуў Гаўрыла на яе і ўсміхнуўся. Злосць адразу адпала ад яго.

— Ну як жа ж танцы? — жартаваў ён.— Не выйшлі? Я так і знаў, што не пападзеш у тахту, я вось чалавек і розум не кабылячы і то не патыкаюся, а то яна — вымкнулася... людзей папужала, ліхтары паварочала... Паедзем дамоў, у гасцях — гэта не дома, пэўне тут і каліва сена ў губу не далі, а мяне, прызнаюся табе, добра пачаставалі...


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан