epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Адвага

Стаяла чыстая летняя ноч, цёмнае неба абняло ўсю зямлю, бледныя блескі месяца паўзлі па лісцях.

І вось спакойны, глыбокі сон раптам парушыўся жудасным начным звонам. У вёсцы ўзняўся пажар. Перапуджаныя неспадзяваным звонам сяляне беглі к пажару з усіх канцоў вёскі.

Саламяная страха спарахнелай Пракопавай хаты ўжо ўся была абнята ўз’яраным полымем.

Сам гаспадар, растрачаны, мітусіўся каля хаты; відаць было па ім, што ад раптоўнага страху анямела сэрца, абамлелі рукі і ногі.

З грамады хтось крыкнуў: «Ратуйце дзетак, у хаце засталіся». Ачуняў адразу Пракоп, успомніў пра дзетак і кінуўся, збуджаны нейкай няўтрымнай адвагай, у гарэўшую хату.

Астаўбянелі са страху людзі, здавалася ўжо ўсім, што Пракоп і яго дзеткі навекі зніклі ў моры агню і адтуль няма звароту.

Здаецца, сэрцы іх замерлі, а вочы прыцягам глядзелі ў тыя дзверы, куды ўскочыў бедны Пракоп.

Прайшла цяжкая бязмоўная хвіліна, вымкнуўся ў акне Пракоп, несучы ў абсмаленай посцілцы сонных дзетак; іх падхапілі.

Гоман падняўся між людзьмі, чуваць быў адусюль плач... Дзетак выратавалі. Яшчэ раз выкінуў ён праз акно нейкае атрэп’е, не ўважаючы на крык людзей, каб ратаваўся сам, ды не далятала да яго вушэй ні адно слаўцо: страціўшы ўжо прытомнасць, ён не бачыў і як бы не разумеў, што над галавой яго ўжо гнуліся тоўстыя бэлькі.

Сцішэла ўсё, толькі трэск ад гарэлага дрэва разлягаўся ў начной цішы.

Вось апошні раз паказаўся ў акне Пракоп, у абгарэлым твары яго ўжо не відаць той іскры, каторая зіяла ў тыя хвіліны, як змагаўся за жыццё дзетак.

Засланіўшы скалечанымі рукамі твар свой, ён нібы збіраўся выскачыць праз акно, але адразу застагнала столь, самкнуліся бэлькі, хваляй ірвануўся к небу агонь і пахаваў пад сабой Пракопа.

Хаты ўжо не было, толькі ляжала вялікая куча абгарэлых бярвенняў, і комін, быццам хвігура самога Пракопа, маркотна глядзеў перад сабой на знішчаныя рэшткі сялібы.

Сцяўшы зубы, сяляне пачалі расцягваць абвугленыя бярвенні і з-пад ламачча выцягнулі абгарэлае цела Пракопа.

Бедна, без почасці пахавалі яго.

Сцюдзёная зямля прытуліла бедака, а вецер усю ноч, быццам злуючы на людское сумленне, насіўся па магільніку, растрасаючы, як пух, сухое апаўшае лісце.


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан