epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Адвакат

Нацягаўся Рыгор па горадзе, пакуль распытаўся адваката, каб просьбу напісаў на Ігналя Сіамітку за зямлю.

— Такі знайшоў! — уздыхнуў Рыгор і чуць не ракам папоўз па ступеньках. — Але ж і забраўся, каб ты выдах! — мармытаў Рыгор.— Пад самае неба. І чаму было кватэру не абабраць, ну, хоць бы каля шынка: там і грыўню лягчэй пераняў бы, і чарку калі-нікалі ўлавіў бы.

Гэтак, гукаючы сам з сабой, падышоў да дзвярэй, нясмела адчыніў іх і пераступіў парог.

— Ці ёсць пан адвакат? — спытаўся ў кабеціны.

— Ёсць, а нашто?

— Ды вось я з Ігналем ніяк не разбяруся, другі год пайшло, а ён не тое каб грошы, і ў вочы не плюне, а з зямелькі тым часам карыстаецца...

— Крыху пачакайце.

Рыгор перавёў дух, паставіў у куточку кій і толькі хацеў закурыць табакі, аж бач — выходзіць, мусіць-то, сам...

— Што скажаш, чалавеча?

— А вось, паночку, да пана, каб жалабу напісаць на Сіамітку: другі год ужо сядзіць у маёй сялібе, есць бульбачку дарэмную, а мне за гэта, не тут кажучы, хоць бы што...

— Добра. А пяць злотых маеш?

— Пяць не пяць, а што тры, то хоць зараз...

— Кладзі грошы.

Рыгор, як відзіш, шморг у капшук, адлічыў тры залатовачкі і паклаў на стале з самага беражка.

— Сядзь! — буркнуў адвакат.

— Сядзелі, — адказаў Рыгор. А сам і рад быў бы спачыць, але як глянуў на мэблю, то падумаў, што, можа, залатоўку, а то і дзве возьме за адпачынак, дык лепей не трэба.

Адвакат расклаў паперу і заскрыгаў пяром. Рыгор быў няграматны, але як угледзеў, што адзін ліст папсаваў адвакат, другі, то падумаў, што дрэнная будзе справа: пэўне не напіша, а Сіамітка гэтым часам жуе там яго бульбачку і мадзее ў хаце.

А тут яшчэ адвакат паклаў пяро, ушчаміў у руцэ нейкую дрывотнінку, пашморгаў, пашморгаў ёю па паперы, а тады пахукаў разы са два, па паперы смаргануў ды ўжо за трэці ліст бярэцца.

Рыгора ажно ў жар кінула.

— Што гэта, — думае сабе, — будзе? Два-тры словы пяром скрыгне, глядзь, ножыкам, а то нейкім ражном ужо і выдзер!.. Во, набрыдзь!

І, азірнуўшыся на дзверы, Рыгор згроб са стала свае тры залатовачкі дый кажа:

— Выбачайце, паночку, што запуталіся, але, мусі-то, я не сюды трапіў, бо пан не іначай сталяр ці габляр, а мне адвакат патрэбен.


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан