epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Апошняе спатканне

Акт І
  З’ява І
  З’ява ІІ
  З’ява ІІІ
  З’ява IV
  З’ява V
  З’ява VI
  З’ява VII
  З’ява VIII
Акт ІІ
  З’ява І
  З’ява ІІ
  З’ява ІІІ
  З’ява ІV
  З’ява V
  З’ява VI
Акт ІІІ
  З’ява І
  З’ява II
  З’ява ІІІ
  З’ява IV
  З’ява V
  З’ява VI
  З’ява VII
  З’ява VIII
  З’ява ІХ
  З’ява Х
  З’ява ХІ
Акт IV
  З’ява І
  З’ява ІІ
  З’ява ІІІ


Драма ў чатырох актах

 

Асобы

 

Бацька, 50 г.

Маці, 45 г.

Рыгор, 19 г.

Якім, 19 г.

Бутрым, хросны, 40 г.

Альжбета, яго жонка, 35 г.

Наталка, іх дачка, 18 г.

 

Студэнты:

Ваўчанскі, 25 г.

Васілёк, 20 г.

Грабянёк, 20 г.

Дзіўны, 20 г.

 

Наста, сялянка, 35 г.

Аксіння, яе дачка, 18 г.

Селянін, 40 г.

Стораж турмы, 45 г.

Нагляднік, 25 г.

 

Статысты

3—4 стражнікі.

Доктар.

5—6 салдат.

Чыноўнік.

Кат.

Начальнік турмы.

 

Рэквізіт

Кнігі, клумак, абразок, пісьмы, гітара, рэвальвер, пракламацыі, свечка, 2 калы, гроб, званочак.

 

 

Акт І

 

З’ява І

У хаце стол, на стале кнігі, ложак, лавы, у старане звязаны клумак.

 

Маці. Вось і прычакала шчасця, гадавала, гадавала, вырас, бывай, маці, здарова, сабраўся — і гайда ў свет, і куды, спытацца... у свет да людзей чужых, незнаёмых... (плача.)

Бацька. Да чужых, незнаёмых у свет за навукай (кратае кнігі). Вось тут яго ўсё, рос, вучыўся, а цяпер паедзе, пакіне нас, старых (плача). Застаецца Рыгорка, але што ж, калі ён без Якіма знудзее, яны ж гэтак згодна жылі.

Маці. Як жа не згодна, яны ж блізняткі, у адзін дзень на свет прыйшлі, а цяпер разыходзяцца.

 

 

З’ява ІІ

Якім.

 

Якім. Матуленька, плачаце, ды пакіньце, не на век жа я паеду; праўда, дарога ў чужы край, але свет — не могільнік, паміж жывых жыць буду. Дасць бог, скончу навуку, выйду на лепшую дарогу, прынясу карысць нашаму сярмяжнаму брату. Можа, мы пад гэтай страхой жыць пасля не будзем, але як бы ні было, вас не пакіну, як не пакіну думаць пра ўсіх братоў сваіх — сялян.

Буду вучыцца, буду змагацца і бараніць, пакуль сіла, натую дарагую бацькаўшчыну. (Да бацькі.) І татка тож рымзае, раскіс зусім, кіньце, тату, не сядзець жа мне на вузкім загончыку, калі бог даў магчымасць вучыцца. Праўда, трудна будзе плыць проціў вады, але нічагутка, як-небудзь паплывём. Кіньце думкі, часу не многа пройдзе, 4—5 гадоў, а там здабудзем права, будзем жыць і не дрыжаць ні перад кім.

Маці. Але, сыночку, паплывеш, здаецца так, але цяжка плыць проціў вады, ой, як цяжка, не адзін з вас плыў, плыў і...

Якім. Ну, матуленька, нашто дапускаць чорныя думкі, як-небудзь з аддышай так-сяк.

Бацька. Сынку, родны мой, ты разумны чалавек, трымайся заўсёды такога пагляду, ідзі звольна жыццёвай сцежкай, азіраючыся, бо часам на дарозе людзі хціўныя капаюць воўчыя ямы.

Якім. Бог ласкаў, не дапусціць чалавека, то ніякія сілы не перамогуць волі яго.

Маці. Вер, сынку, у бога найвышэйшага і маліся яму так, як вучыла цябе.

Якім. Веру, матуленька, і буду маліцца.

 

 

З’ява ІІІ

Бутрым і Альжбета.

 

Абое. Дай божа добры дзень у хату.

Усе. Добры дзень.

Бутрым. І так, сынку, у свет...

Якім. Няйначай.

Бутрым. Яно сабе добра, вёска нашая нічога даць не можа, трэба шчасця шукаць на старане, але знайшоўшы тое шчасце, каб не забыцца свайго роднага.

Маці (да Альжбеты). Сядзь, Альжбетка, невясёла ў нас, сына ў дарогу выпраўляю, а мне здаецца, хаўтуры спраўляю.

Альжбета. Што ты, што ты, кумка, крый нас божа, выпраўляеш, то ведаеш зачым.

Якім (да Бутрыма). Казалі, дзядзька, каб не забыўся свайго роднага... забыцца можа толькі той, у каго няма ні душы, ні сэрца, аніякага пачуцця.

Бутрым. І я кажу, што той не чалавек, каторы выйдзе з сялянскае хаты і сароміцца прызнацца, што ён сын вёскі, і сароміцца не толькі свайго брата, але часта і бацькоў. Колькі маю прыкладаў, ой, ой, узяць хоць бы сына Гаўрыленка, Мікіту Качаргу, э... і ўспамінаць не хочацца.

Гадаваўся ў вёсцы, ганяў на пасту, а пасля, як скончыў школу, выехаў, і толькі бачылі... ліст раз напісаў да бацькі і падпісаўся: быўшы ваш сын, а ныне памочнік валаснога пісара нейкай там воласці, Ніколай Кочэргін. Фамілію і тую перакруціў. А Мікола Васілёў, што ў чыноўнікі ўбіўся ў з’езд, той ужо так распанеў, што да свайго бацькі не прызнаўся, калі той з’явіўся да яго ў лапцёх у з’езд. Кажа: не хораша было мне, калецкаму рэгістрату, гаварыць з табой — мужычком — пры людзёх вялікай важнасці.

Хаця ж да цябе, сынку, гэта не стасуецца, але трэба слухаць, што старыя кажуць, бо жыццё — гэта акадэмія добрых і благіх прыкладаў. Жыві, вучыся, дай божа табе быць шчаслівым і багатым.

Якім. Дзякую, дзядзечка, за жаданні, — вашыя словы буду памятаць, пакуль не памру.

Бацька. Мой сын якраз не такі, ці будзе ён вучоны, ці чыноўнік які, бацькі свайго не адчураецца.

Якім. О! Ніколі, ніколі!

Бацька. Гэта мяне не страшыць, аднаго толькі баюся, што сам сабою едзе ў свет, а цяпер якраз несупакой такі.

Бутрым. Вось жа аб тое, жыццёвы шлях не адзін, у ім, бач, ёсць шмат дарожак, і чалавек, ідучы гэтым шляхам, бывае, трапіць на блудную сцежку і... прапаў... Не кажу я, што ён сам пойдзе на тое, каб зблудзіць, не зробіцца ўсё гэта знячэўку.

Якім. А я не спяшаючыся ды распытваючыся пайду і пайду памаленьку.

Альжбета. Толькі ж так, сынку, толькі ж так, не спяшаючыся ды памаленьку.

Маці. А маё сэрца вельмі неспакойнае. Вось як успомню, што яшчэ часінка — і сынка няма, то душа сцюдзянее, здаецца, ніколі б не спушчала з воч, аж пакуль і рукі не сашчапіла.

Бутрым. Не варта разважаць так, можа, і добра будзе.

Альжбета. Што б ні было, а трэба супакойваць сябе, што добра будзе... Вось жа і мая Наталка на вясну канчае школу і таксама хоча ехаць вучыцца далей.

Бутрым. Вельмі рад гэтаму, вельмі рад! З богам! Не можна спыняць ахвоту тады, калі яна жыве.

Якім. Наталка паедзе, мы ўдваіх будзем вучыцца і пойдзем па шляху да лепшага жыцця.

Альжбета. Шкода, што не разам едзеце... удваіх смялей.

Якім. Спаткаемся, цётачка, спаткаемся, адна школа, адзін горад, гэта нашая ўмова.

Альжбета. Ну, калі так, то й добра...

Бутрым. Не былі б то вучоныя людзі, глядзі, які план абмеркавалі.

Маці. А дзе ж дачка, чаму не йдзе сюды?..

Альжбета. А зараз падойдзе развітацца з Якімкам, гэта ж, бачыш, найлепшыя сябры.

Маці. Згоднае жыццё — людзям прыклад, бацькам — пацеха.

Якім. А яшчэ ні разу не сварыліся і сварыцца не будзем.

Бутрым. Завошта, дзеці, вам сварыцца, няхай нашыя злоснікі сварацца, а дзеці нашыя згодна жыць будуць.

Бацька. Сорам вялікі быў бы, каб дзеці нашыя ды сварыліся, здаецца ж, мы благіх прыкладаў у жыцці не давалі, век зжываем, а з Бутрымам ні разу спрэчкі не было, дык завошта дзеці нашыя спрачацца будуць?

 

 

З’ява IV

Уваходзіць Рыгор. Вітаецца з цёткай і дзядзькам.

 

Якім (глядзіць на гадзіннік). А час той блізка... Яшчэ часіна — і роднае гняздо ад мяне далёка-далёка.

Маці. Лёгка, сыночак, сказаць, але цяжка перажыць.

Рыгор. Якім! Каб ведаў ты, як балюча чуць гэтыя словы, ты хіба не жалееш маткі, калі кратаеш яе хворае сэрца?

Якім. Ну, а як жа іначай сказаць, паеду, прыеду, цябе ўбачу, ты вырасцеш яшчэ большы, будзеш яшчэ дужэйшы, ломіш цяпер падкоўкі, валіш бычка за рогі, сіла твая будзе яшчэ большая прыгода ў гаспадарцы, шануй бацькоў, не давай працаваць, сам болей да працы бярыся, а пасля прыеду я, зашануем старых надоўга-надоўга.

Рыгор. Лепей бы ты не ехаў, мы б з табой удвух працавалі і жылі б.

Маці. Сыночак, а можа, і праўда ты не паедзеш, — падумай.

Якім. Не, матуленька, паеду, што я ў вёсцы буду рабіць? Працаваць з плугам не магу, то лепш спрабую іначай кіравацца ў жыцці... Выйду я за вучыцеля, значыць, пацягнем да асветы нашых братоў; на каморніка, — буду мераць зямлю князеўскую, каб ведаць, колькі ён яе мае і каб мы ведалі на ўсякі выпадак.

Бацька. На каго б ні выйшаў, абы не дзяньгубіць1 .

Бутрым. І я кажу, абы не дзяньгубіць. Будзеш каморнікам— добра, змераеш князеўскую зямельку і нам скажаш, колькі ёсць у яго, будзеш вучыцель — яшчэ лепш: дзеці сялянскія пойдуць к табе ў школу. Як ні кажы, а добра, дай божа табе быць вольнай птушкай і даляцець у тую вышыню, куды дазволяць сілы.

 

Якім дзякуе.

 

Маці. Праўду ён кажа, здароўя ў яго няма, і да гаспадаркі не здатны. Вось Рыгорка, дзякаваць богу, здароў, а ён слабы.

Альжбета. Здараецца так, што блізняткі не роўнай сілы бываюць, адзін жасцейшы, а другі слабшы.

Бутрым. Зусім зразумела... той скарб, каторы прырода дала б аднаму, яна дае двум; аднаму розум, затое сілы менш, другому сілу, розуму менш. Як ні глядзі, а Рыгор у цябе надзвычайнай сілы чалавек, — у навуцы слабы, у Якіма сілы менш, галава пракурорская.

Маці. Адно з другім складаецца, каб матчына сэрца балела. Не мае ён сілы — цяжка, не мае грошай — яшчэ цяжэй.

Якім. Матуленька, грошы будуць, абы здароўе. Той чалавек, каторы хоча працаваць, з голаду не памрэ. На які гадок грошы ёсць, а там бог ласкаў.

Бутрым. Не бядуй, маці, не бядуй, не прападзе Якім, не прападзе, — дзе ж ён прападзе, калі ў яго вачах гарыць надзвычайны агонь. Не, такі агонь не згасне.

Якім. Да пары будзе гарэць, а после і згасне... Ну, матуленька, благаславіце мяне...

Маці. Не хацела б я, каб дзіця маё па свеце бадзялася, ой, не хацела б... (Здымае абразок.) Будзь шчасліў, сынок, бог з табою, не забудзься нас, як мы не забываліся цябе.

Якім (да бацькі). Благаславі, тату.

Бацька. Будзь жыў і здароў, сынку, няхай матачка найсвяцейшая апякуецца над табою і не папушчае ніколі.

Якім (да Рыгора). Брат, ты і гаспадар, ты і апякун, бацька стары, маці — і гутаркі няма, і вось дзеля гэтага ўсю надзею пакладаю на цябе, абавязак твой працаваць і шанаваць старых як родны сын, бывай здароў.

Рыгор. Бывай здароў... (Да бацькі.) Бяры, тату, клумкі, глянем, ці каня запрэглі.

 

Бацька, Рыгор, маці выходзяць.

 

Бутрым. Ну, дзіцятка, благаслаўляю і я, як свайму роднаму, зычу шчасця і здароўя. Калі часам будзе цяжка, не будзе грошай, гукай да нас — памагу, а вось гэта табе на дарогу і на скляпанне новай будовы жыцця. (Дае грошы, да Альжбеты.) Пойдзем і мы глянем.

Альжбета. Ну, дык бывай здароў, сынку, дай божа табе дайсці да вялікіх навук і быць чалавекам. (Пайшлі.)

Якім (адзін). Што ж яна не йдзе? (Думае.)

 

 

1 Марнаваць час.

З’ява V

 

Наталка.

 

Якім. Наталка! Які я шчаслівы, што ты прыйшла.

Наталка. А якая я нешчаслівая, што ты едзеш, і адзін.

Якім. Наталка, мы разлучаемся толькі да вясны, а там...

Наталка. А што там?..

Якім. Ты скончыш школу, прыедзеш у тое самае места, паступіш на курсы, і будзем разам, мы будзем моцна, моцна кахаць адзін аднаго. Праўда, мая зорачка, кажы?

 

Наталка думае.

 

Якім. Ці праўду я кажу?

Наталка. Толькі ж ты не забудзься мяне, не забудзься, што я шчыра кахаю цябе і жыву толькі табой. (Цалуе.) Якімка, як шчасліва, як багата я, што мы так кахаем адно аднаго... Божа мой, ці будзе калі шчаслівая часіна цэлым жыццём, і жыццём нашым уласным.

Якім. Наталка, будзе, толькі скончу навуку, і мы будзем так шчаслівы, як ніхто другі.

Наталка. Буду чакаць тае часінкі, калі мы зможам смела сказаць: Якімка мой...

Якім. А Наталка мая... (Абнімаюцца.)

Наталка. Якімка, пішы да мяне, не давай сумаваць, бо згіну, не дачакаўшыся тае шчаслівае часіны.

Якім. І пісаць буду, і прычакаем нашага шчасця.

Наталка. А скажы,Якіме, ці будзеш помніць ты, дзе рэчка нашая, дзе луг, дзе мора красак, і птушкі дзе пяюць, і бор шуміць, а тыя казкі векавога бору ці будзеш помніць ты?

Якім. Ні рэчкі нашае, ні казак векавога бору я не забудуся да сканання. Яны мне будуць святымі ўспамінамі шчаслівага дзяцінага жыцця.

Я буду цягам помніць, што вёска, рэчка, бор зялёны, магільнік, сонныя бярозкі і крыж, дзе сыходзяцца дарогі, — святое месца для мяне. У часе смерці я буду рад сканаць пад соннай пажаўцеўшаю бярозкай і слухаць у апошні раз хаўтурны напеў лісця. Наталка, вер маім словам.

Наталка. Мой любы Якімка, як богу, як небу, я веру і малюся, гледзячы ў вочанькі твае; у іх, як у блакітным небе, я бачу зорку свайго шчасця, касу сонца, што абагрэе душу маю...

Яны мае, мае сінія нябёсы, сама буду глядзець, нікому не аддам, ніколі, век неразлучныя са мной... (Цалуе і плача.)

Якім. Наталка, плачаш?

Наталка. Не, мой любы, не, не плачу, не плачу, я толькі так, — я не магу скрыць тае радасці, што бачу, і суму цяжкога, што, можа, назаўсёды... разлучаюць... нас.

Якім. Ну, супакойся... чую, брат, здаецца, йдзе?

Наталка. І так, Якім, з богам, родны мой... (Цалуе.) Пішы... Будзь шчасліў. (Выйшла.)

Якім. Ну, цяпер усё... З усімі развітаўся... і з табою, хатачка мая, — гэтыя абгніўшыя скляпенні, накрытыя саломай, цяпер пакідаю, але сэрцам з табой... душа мая тут жыла і будзе жыць, я сюды вярнуся.

 

 

З’ява VI

 

Рыгор.

 

Рыгор. Можна ехаць, сусед падвязе цябе.

Якім. Бывай здароў. (Цалуюцца, выходзіць.)

Рыгор. Ой, як цяжка мне разлучацца з ім, быццам назаўсёды выправіў яго... Вось нейкае пачуццё, як камень, цісне грудзі, і жыве страх. Памятаю, дзецьмі мы былі, божа мой, як згодна жылі, а падраслі — разышліся...

Не з тваёй, братка, душой памыкацца ў свет, не з тваёй, у цябе сэрца слабое, няпраўды не зносіш, а хто няпраўды не зносіць, той на свеце доўга не людзяе. (За сцэнай чуцен званок калёс.) Пішы, браце! Эх, Якіме, Якіме, нудна мне, браце, без цябе.

 

 

З’ява VII

 

Наста.

 

Наста. Паехаў Якімка?

Рыгор. Паехаў.

Наста. Чаго ж ты спахмурнеў так?

Рыгор. І сам не ведаю, вельмі трывожуся...

Наста. Нічагутка, усё добра абыдзецца... Людзі мы ўжо гэткія, хочам, каб нашыя родныя век разам былі.

Рыгор. А я б і кроку з хаты не ступіў. Дзе можа быць лепей, як не дома?

Наста. Людзі не птушкі, — птушка выведзе дзяцей, узгадуе і толькі іх бачыла, а тут тады спакойны будзеш, калі вечка дамавіны вочы закрые.

Не сумуй, дзеткі, вернецца Якім жыў і здароў.

Рыгор. Ходзяць чуткі, быццам што па мястох забастоўкі пануюць — людзей вешаюць...

Наста. Кажуць людзі... дый газеты пішуць...

Рыгор. Вось жа аб тое — а Якім завельмі мяцежны... дападзе і прападзе.

Наста. Бог ласкаў... не папусціць. А ведаеш, Рыгорка, гэта ж і маю дачку Аксінню хацелі да паноў у нейкае места на службу ўзяць.

Рыгор. І што?

Наста. Не аддала...

Рыгор. Я вельмі рад гэтаму... і шчыра дзякую вам... Аддаць Аксінню — усё роўна што адабраць ад мяне ўсё... Я, цётачка, вам нічога не казаў, скажу пасля, бо цяпер мне цяжка, горка, слёзы душаць горла... Аксінню не аддавайце нікому, нікому... я прашу, пашкадуйце мяне... я адзін.

 

 

З’ява VIII

 

Бацька, маці, Бутрым, Альжбета.

 

Маці (плачучы). Няма майго сыночка, няма...

Бутрым. Ах, матка, пакінь плакаць, не рві душы, і так сумна, а ты без супачыўку плачаш і плачаш.

Маці. Бо не магу іначай, не магу.

Альжбета. Годзе, кумка, годзе...

Наста. Супакойся... пакінь плакаць.

Бутрым. Ад’язджаў калісь я ў свет — нябожчык татка мой не плакаў, а запяяў нудную-нудную песню, словы каторае навек запалі ў маю душу. Вось паслухайце. (Пяе):

 

У нядзелю раненька

Узышло сонца нізенька,

 

і г. д. (гл. беларускі песеннік з нотамі).

 

Усе плачуць.

Занавес паціху апускаецца.

 

 

Акт ІІ

 

 

З’ява І

 

Кватэра Якіма. Ён піша ліст, ля стала гітара.

Якім. Пішу ліст дамоў, і, можа, апошні.

Выязджаў, думаў адно, а пажыў у месце — думаю другое... А ці пасылаць яго? (Думае.) Вось пачакаю Наталку, яна павінна падысці, і паслухаю, што казаць будзе.

Места і вёска, што неба і зямля. Жывуць людзі ў вёсцы, адчуваюць няпраўду, але не ведаюць, хто рассадзіў яе, хто даглядае яе, а тут, бы ў вадзе, адбіваецца тое дрэва зла; і відаць карэнне, упіўшаеся ў цела замучаных людзей. Эх, дрэва, дрэва, што б было, каб не падрубалі цябе — тваё карэнне заглушыла б увесь свет. (Хавае ліст.)

 

 

З’ява ІІ

 

Наталка.

 

Якім. Наталка, я пра цябе думаў, а ты тут.

Наталка. Тут, мой братка, тут! (Убачыла ліст.) Што гэта, Якімка, ліст нейкі...

Якім. Але, ліст.

Наталка. А да каго, можна глянуць?

Якім. Можна, можна.

Наталка. Дамоў?..

Якім. Дамоў, толькі не адважыўся паслаць, чакаў цябе, што скажаш ты.

Наталка. Напісала і я, ды не адважуся паслаць, што скажаш ты?

Якім. Я скажу: пашлём...

Наталка. Вось дажылі дык дажылі, ліст да бацькоў мяркуем як паслаць.

Якім. Паслаць лісты я не баюся, боязна толькі іх на след навесці... Бацькі лісты атрымаюць, прыедуць сюды, а тут сына павялі на шыбеніцу.

Наталка. Недарэчы чаўпеш, мой хлопчык, лісты пашлём, а пра шыбеніцу забараняю гаварыць табе.

Якім. Сягонняшні дзень пакажа нам пуцявіну, ці жыць, ці гніць.

Наталка. Эх, Якіме, Якіме, шорахна становіцца мне, як успомню, што ты павінен сягоння зрабіць...

Якім. Жэрабя выпаў, і рэчы няма... Павінен...

Наталка. Якім, а можа, хто другі, а можа, ты якраз не можаш забіць таго, каторы для цябе нічога благога не зрабіў?

Якім. Наталка, не кажы мне гэтага... Я слухаць не буду... Чужыя слёзы раняць маё сэрца, я не жыву толькі для сябе... павінен і зраблю...

 

Наталка задумалася.

 

Якім. Аб чым задумалася?

Наталка. Я думкамі перанеслася пад страху роднае хаткі.

Якім. Успомні што-небудзь, я супачыну душой.

Наталка. Пра гай, што на гары спрадвеку стаіць і шаптаў нам казкі, чароўныя казкі, пра сонца, месяц, неба, зоры.

Якім. Успомні... мне хутчэй — пра ўсё, пра ўсё, што ўзбагаціць маю душу, успомні.

Наталка. Якім! Ці помніш ты пра тыя зоры, каторыя ўглядаліся на нас, як мы сядзелі з табою на курганчыку і ты першы раз сказаў, што кахаеш мяне, а сенажаткі, а тыя кветкі, а спевы шчаслівых птушак, а тую каплічку, дзе мы маліліся, і тое рэха ад званоў, што працяжна плыло над борам... Якім, Якім, ці помніш ты?

Якім. Рэха ад званоў ці помню я? І той курганчык, дзе застыла, як сфінкс, слова мае прысягі, — помню...

Наталка! Ніколі, пакуль буду жыць, я не забудуся той звон з каплічкі. Як гімн вясны, уперамешку з птушыным спевам гудзіць ён і па сягоння ў маіх вушах, я ім жыву, я вёскай дыхаю, мне неба места нічога не дало... я бедзен тут, тут стогн пакутны людзей, замучаных цяжбой... Я там, дзе рэха ад званоў, я там...

Наталка. А там цяпер вясна, і птушкі ў чароўным лесе вітаюць хараство яе, і поруч з гэтым спевам у хатцы, дзе жывуць бацькі, уторыць пакутны стогн старых аб дзетках, заблудзіўшыхся ў нязнаных пуцявінах жыцця. Якім, калі ты памятаеш словы тае прысягі, калі ты цэніш той спрадвечны курганок паслухай аб адным... паслухай, яшчэ не позна, яшчэ магчымасць ёсць.

Якім. І што?

Наталка. Пакінем усё, пакінем гэтае шэрае сцюдзёнае неба і ўцячом туды, дзе кожны кусцік, кожная галінка нашыя, родныя, і сэрцу роднае ўсё.

Якім, я заклінаю цябе верай прадзедаў, я заклінаю ўсімі тымі ўспамінамі, не йдзі, пакінь — яшчэ не позна.

Якім. Наталка, хто ж, па-твойму, я, прадажная душа, каторая пагляд свой змяняе, як адзежу, ці вёскі шчыры сын?.. Даволі вызнаў я жыццё, каб стаць у рады абаронцаў беднага загнанага народу, — даволі бачыў слёз сірот, пакінутых сярод дарогі, даволі мне ўсяго... я шчыры паслугач галодных і грозны біч сытых...

Цябе кахаю шчыра, шчыра, а слова і ўміраючы ніколі не змяню...

Прысяга...

Наталка (набок). Позна... позна.

 

 

З’ява ІІІ

 

Дзіўны, Ваўчанскі, Грабянёк.

 

Усе. Вось і мы.

Наталка. Сядайце...

Ваўчанскі. Трэба спачыць, ногі натаміліся.

Якім. А дзе ж ты быў?

Ваўчанскі. Ішоў вуліцай, за мной шпег ні ў знак цікаваў, я яго згледзеў і з дарогі звярнуў, каб след страціў.

Якім. Нюхаюць, значыцца.

Дзіўны. Блага таму нюхаць, у каго нюхала заткана.

Якім. Ну, і як жа той сыскны камердынер?

Ваўчанскі. Страціў сцежку і знік, як дым.

Грабянёк. Паміж іх ёсць патэнтованыя дурні.

Якім. І вельмі многа... Мяне раз адзін шпег вёў аЖуканец места... Іду я, паўзе ні ў знак і ён... І быццам адзін аднаго не бачым. Урэшце прыйшлі пад самую рэчку, ісці далей няма куды, я павярнуўся да яго і кажу: сэр, вернемся назад... Пачырванеў ён, як рабіна, прамыкаў нешта і знік, як воўк.

Ваўчанскі. Дзіўлюся, як мог сышчык пачырванець? На мой розум, сышчык — такая жывёлінка, каторая сваё сумленне прадае разам са скурай у першы дзень паступлення на службу.

Наталка. А можа, той шпег якраз у той дзень толькі дастаўся на службу і частка сумлення яшчэ была пры ім.

Ваўчанскі. Хіба ж толькі так.

Якім. Нешта ж Васіля няма.

Наталка. Прыйдзе, нідзе дзенецца.

Дзіўны (бярэ гітару, пяе). Рабіна, рабіначка, рабіна мая, чаму ты, рабіначка, рана адцвіла?

Наталка. Як не ў пару зайграў, браце.

Дзіўны. А што па-твойму, сесці ды плакаць? Не, гэтаму не быць, я ніколі не плакаў і плакаць не буду, няхай па тым плачуць, каму хаўтуры сёння будуць, а я пяяць буду. (Пяе.) Дзяўчына, дзяўчыначка, дзяўчына мая, чаму ты, дзяўчыначка, засмуцілася?

Якім. У гэтай песні святыя словы і мелодыі, а колькі жалю і суму чуецца ў ёй. Хто можа не зразумець яе, толькі не сын вёскі, чужым яна будзе чужою, а мне мілыя, родныя вобразы, блізкія сэрцу.

Песня гэтая перанесла думкі мае пад страху роднае хаткі, к родным межам дарагое бацькаўшчыны. О бацькаўшчына, я кахаю і вечна думаю аб табе, а ці вярнуся калі, ці ўбачу сваю матуленьку, эх, доля, доля...

Наталка. Якім, вернемся... і хутка.

Дзіўны. Мы не павінны верыць, што будзе ноч, што не будзе дня, не будзе свету!

Грабянёк. Без веры не можна жыць. Хоць і жыве такое пачуццё, што не будзем жыць, не будзем бачыць родных загонаў, мілых абразоў, але такое пачуццё трэба гнаць і верыць, моцна верыць, што будзем жыць, будзем бачыць усіх.

Дзіўны. Каб я, Якім, не знаў цябе, як знаю, то мог бы смела сказаць, што ты...

Якім. Што я?

Дзіўны. Ды проста спужаўся, што першаму табе выпала страляць у...

Якім. Ты так думаеш?

Дзіўны. Ну, а як жа іначай?.. Ты ў апошнюю часіну так крута падаўся думкамі да родных межаў, як дзіця да маткі...

Якім. Як хочаш разумей, а родны загон і мілыя абразы ніхто і ніколі не выганіць, калі яны рысуюцца ў вачах маіх.

Наталка. Я зусім разумею Якіма, родныя абразы бацькі, маткі дарагія так, як родны край. Скажыце мне, што варт той чалавек, каторы не кахае бацькаўшчыны.

Грабянёк. Той чалавек без сэрца, без душы, гнілое дуплё, я шмат чуў пра людзей, каторыя век зжывалі на чужыне, а паміраць прыходзілі на родную зямельку.

Ваўчанскі. Жыды першыя... Яны раскінуты па цэлым свеце, а зямля Ерусалімская ў іх ёсць, як памятка. Памірае з іх хто, жменечку зямліцы той кідаюць у магілу... А ўзяць хоць бы касту брамінаў, у іх закон такі: пакінуў родны край, выехаў, то назад не вернешся, бо закон кажа такога разглядаць як непрыяцеля і караць смерцю.

Якім (да Дзіўнага). Я, брат, і не думаў палохацца, прыгавор напісан, падпісан, застаецца толькі выпаўніць, ну, і выпаўню, рука не дрыгне, калі сэрца кажа мсціцца.

Дзіўны. Помста — страшная помста. Чулі, Бяздомнага павесілі?

Усе. Чулі.

Дзіўны. Забыцца не магу; так перад вачыма і стаіць, худы, з уваліўшыміся вачыма... замарылі і павесілі... Я вылецеў, а ён завіс.

Якім. Колькі ён сядзеў?

Дзіўны. Два гады нешта.

Якім. Цэлая вечнасць.

Дзіўны. Праўду кажаш, цэлая вечнасць. Сядзеў я ў той час па суседству з яго камерай: ноч, турма спіць, ані шэлесту, не спалася мне... чую... стук, стук, клікае... усхапіўся я, даю адказ: не сплю.

Вось ён і пачаў выстукваць, што быў яго суд — суд скоры і справядлівы, і незадоўга будзе канец жыцця... жанаты, і дзетак двое, казаў, ёсць, адрас даў: прасіў зайсці. Не мог я далей слухаць стуку, падбег к дзвярам і пачаў валіць кулакамі што было сілы. Падняўся шум, па калідорах забегалі, скрыгануў замок, адчыніліся мае дзверы...

Наталка. Ну, і што?

Дзіўны. Я дзіка глянуў на іх, сеў на ўслончыку і сказаў: к чорту пайшлі, сукіны дзеці...

Якім. А што было далей?

Дзіўны. Я не ведаю.

Грабянёк. Цябе пэўне палічылі за вар’ята, і годзе, падумалі адно з двух—ці звар’яцеў, ці захварэў...

Дзіўны. Палічылі хворым... бо назаўтра прыйшоў доктар і пытаўся, што баліць мне.

Якім. А што было далей?

Дзіўны. Пасля той ночы я не спаў... пільнаваў усё, калі прыйдуць браць Бяздомнага. І вось, не памятаю, на каторы дзень, чую, цікаюцца... адчыніліся ў яго дзверы... О, божа, калі пачаў я крычаць, калі пачаў крычаць, то ўся турма на ногі стала, чую, крычаць там і там, папрачыналіся ўсе... усім было вядома, што пакорныя паслугачы павялі шкоднага ім чалавека.

Якім. Т-а-а-к, ці аднаго завялі, каб іх сляпых вадзілі.

Наталка. Ну, а ці быў жа ты па адрасу ў жонкі Бяздомнага?

Дзіўны. Быў. О, лепей бы я памёр, чымся ішоў туды.

Наталка. Кажы, кажы.

Дзіўны. Прыходжу, у сырым сутарэнні за машынай сядзіць маладая заплаканая жонка, худы твар выглядаў, ох, не магу расказаць, двое дзетак гулялі на падлозе, я ступіў і замёр... Меншы сынок яго падбег да мяне, абняў мае калені і нямым голасам закрычаў: «Мама, мама, татулька наш прыйшоў!» Я не вытрываў, абамлеў... адняло мову, і доўга не мог выказаць, хто я і чаго прыйшоў.

Ваўчанскі. О! Як балюча чуць усё гэта!..

Наталка. І так ты нічога ёй не сказаў?

Дзіўны. Не сказаў.

Якім. Не сказаў, і добра... Хто-небудзь другі скажа... Усё роўна не вернеш.

 

 

З’ява ІV

 

Васіль.

 

Усе. Ага... з’явіўся?!

Васіль. Выбачайце... быццам і запазніўся на часінку, але ў гэтым не мая віна, выглядаў усё. Пункт а пятай... трэба быць на месцы... будзе ехаць тут ля нас.

 

Усе глядзяць на гадзіннікі.

 

Якім. Ну, то і пойдзем... (Устае, перакладае рэвальвер з кішэні ў кішэню.)

Усе. Пойдзем.

Наталка. Якім... Затрымайся на часіну... хачу папытацца... сядзь...

Якім. Не сяду... сядзець можа толькі той, каторага трымаюць за жалезным засовам, а я пакуль што на свабодзе.

Усе (да Наталкі). І так, бывайце здаровы.

Наталка. Ну, што ж, ідзіце, зычу шчаслівага канца.

 

Ваўчанскі, Грабянёк, Дзіўны выйшлі.

 

Васіль. А я развітаюся з вамі назаўсёды, не спамінайце благім словам. (Цалуе руку.)

Наталка. Што ты?.. Што ты?..

Васіль. Кажа мне прачуццё, што больш я не вярнуся. Пойдзем, Якім... Мы з табою пачынаем першыя... (К дзвярам.)

Наталка. Не веру я, не веру, — мы будзем жыць!..

 

Васіль пайшоў.

 

Наталка (к Якіму). На часінку — не больш... Якім, які канец, што будзе, калі, крый божа, няўдача?..

Якім. Канец вядомы.

Наталка. Якімка, чаму ты такі сумны?

Якім. Я не магу мець іншага твару... Ты ведаеш, што будзе зараз.

 

Наталка бярэ за рукі Якіма і ўглядаецца ў твар.

 

Якім. Углядаешся, мая радасць?..

Наталка. Углядаюся, маё сонца, углядаюся... Хачу, каб абраз твайго твару запаў у маю жалобную душу. Стой жа, мая зорка, стой, не зварухніся, дай налюбавацца табою, пакуль ізноў не зробішся сумным. (Цалуе вочы.) Вочанькі мае ясныя, мае вочанькі. (Плача.)

Якім. Не плач... Я йду... (Выбег.)

Наталка (услед). Якім... Якім... пайшоў, няма... позна... сама пусціла... не змагла ўгаварыць... (Плача.)

Які цяжкі абавязак, падумаць толькі, а ці ўдасца шчасліва давясці да канца... О! неба справядлівае.

А можа, усё добра будзе, не буду аб гэтым думаць. Які ён добры, божа мой, ці можа быць хто другі... і як не любіць такога чалавека... Жывучы ў вёсцы, я цаніла яго даражэй за дыяменты і толькі чакала тае часіны, калі буду неразлучна з ім, аж вось тая часіна надышла... Хто ведае, быць можа, з выхадам Якіма за дзверы расчынілася вялікая пропасць між намі.

Божа, дай сілы прыждаць шчаслівага канца... Мы пакінем усё, паедзем далёка, каб забыцца, супачыць... Але куды ж мы паедзем, мяцежныя душы, дзе можам жыць спакойна? Там, дзе жыве праўда. А дзе жыве праўда?

Няма праўды на свеце, няма нам месца ў свеце.

 

Становіцца на калені, вялікая паўза. За сцяной чуецца выстрал — адзін, другі.

 

 

З’ява V

 

Якім з рэвальверам у руках — акрываўлены.

 

Наталка. Якім, што з табою, ці ранены?

Якім. Лёгка, дай вады.

Наталка. Ось прычувала маё сэрца, прычувала! (Дае ваду.)

Якім. Непрыяцель наш не жыве... Васіля шкода, забілі, і не скрануўся...

Наталка. Васілёк, Васілёк, як прычуваў, што не вернецца. (Абвязвае галаву.)

 

За сцэнай шум.

 

 

З’ява VI

 

Стражнікі.

 

Стражнікі. Ні з места...

Наталка (засланіўшы сабой Якіма, хапае са стала рэвальвер). Я не аддам Якіма, не аддам! (Страляе, адзін падае.)

 

Заслона

 

 

Акт ІІІ

 

 

З’ява І

 

Дэкарацыі І акта. Маці за адным сталом, бацька — за другім.

 

Маці. І так, няма вестачак ад Якіма... Бог святы ведае, што з ім... Перш пісаў калі-нікалі, а цяпер і след страцілі... нічога не піша, думай, маці, што хочаш.

А цяпер жа неспакой такі, бунты ўзняліся, забастоўкі, ой, ой. Хлапец малады, заўзяты, натрапіць на бяду, зложа галоўку.

Бацька. Але, часы неспакойныя, нашто ўжо ў нашай вёсцы, і то што творыцца. Сяляне арэнды не плоцяць, лес князя сякуць, а той стражнікаў на іх падсылае... Скажы ты мне, дзе Рыгор?

Маці. Мала ён у хаце стыкаецца, з забастоўшчыкамі ў дружбу ўвайшоў, афішкі прыносіць, сялянам раздае, вось і сюды частку прынёс.

Бацька. Дай сюды, гляну.

Маці (падносіць). Нічога не спазнаеш — няграматны.

Бацька. Няграматны і сляпы — родныя браты. Вось пачакаю Бутрыма або дачку Насты, тыя прачытаюць.

Маці. Успомніў ты пра дачку Насты.

Бацька. Пра Аксінню?

Маці. Але ж.

Бацька. Добрая дзяўчына, маю на ўвазе яе.

Маці. Жонка для Рыгора — хоць куды.

Бацька. А чаму ж? Якіма ажэнім з Наталкай, а Рыгора з Аксінняй... Няхай бы жылі, як людзі добрыя жывуць...

Маці. Нічога няма лепшага, як дзяцей паставіць на ногі.

Бацька. Ці дажджом мы гэтага?

Маці. Вось жа і я пра тое: няма Якіма, хата пустая, і чорных думак поўна галава, як ні гляну ў цёмны кут, заўсёды цень бачу яго, ні то ён хвор, ні то ён нежывы.

Бацька. Надумаешся за дзень, а ўвечары мітусяцца цені.

Маці. Стараюся другі раз не думаць, усё роўна з’яўляецца сынок мой.

Бацька. Зусім зразумела, твае думкі бягуць да яго, а яго да цябе, і ў той момант, калі ты бачыш цень яго, ён бачыць цень твой.

Маці. Каб жа так, тады ўвесь неспакой набок.

Бацька. Ліст бы займець у рукі, стопудовы цяжар з грудзей зваліўся б.

 

 

З’ява II

 

Селянін.

 

Селянін. Добрага дня ў хату!

Бацька і маці (адказваюць). Добры дзень!

Бацька. Дзе быў, суседзе?

Селянін. У воласці, клікалі, каб арэнду нёс, а то казалі — выкідаць будуць.

Бацька. Ну і што ж — занёс?

Селянін. Пакуль што не, але занесці трэба, няхай будзе спакой у маёй хаце і ў палацы князя.

Бацька. Вядомая рэч, што так, дзеля спакою апошнюю злыбеду аддасі, абы не грызла думка.

Селянін. Гэта ж я і не кажу, далі мне ў воласці (пачынае шукаць), а... дзе ж гэта запрапасціўся, вось не была б то савіная галава, пра арэнду кажу, а пра тое, што далі, і маўчу сабе (шукае).

Бацька. Аб чым, суседзе, гутарыш?

Селянін. Ды пра тое, паклаў і сам не ведаю, дзе... а... дзе ж ён... А, ёсць... для вас ліст.

Маці і бацька (беручы ліст). Для нас, для нас?..

Маці. Ад Якіма, здаецца?

Бацька. Так і ёсць, ад яго, і кручочкі і літаркі ўсе яго...

Маці. Дай сюды (вырывае з рук).

Бацька. Чакай, чакай, дай паўзірацца.

Маці (выхапіўшы). Перш я, а пасля ўжо ты.

Бацька. І гутаркі няма, — ад яго... Вось табе і цень, ты ўсё думала пра яго, а ён, адчуваючы тваю думку, шле да цябе сваю.

Маці (да селяніна). Можа, граматны?

Селянін. Дзе мая грамата, адну тую літарку ўсяго і ведаю, што на абаранак падобна, як яна (думае)... Вось пахваліўся — і ўспомніць не магу, а больш граматы ані ў зуб.

Бацька. Як на бяду, ні Рыгора, ні Бутрыма, нікога няма.

Маці (разглядае ліст). Гусценька як, сыночак мой піша да нас, хоць бы барзджэй прыйшоў хто.

Селянін. А пра якога, цётка, Бутрыма ўспаміналі?

Маці. Ды пра нашага засцянкоўца.

Селянін. Ага, ведаю, дык, кажаце, ён прыйдзе сюды?

Маці. Павінен быць, ён штодня тут.

Селянін. Крыху пачакаю, каб дарэмна ног не біць.

Бацька. А што, і да яго які інтарэс маеш?

Селянін. Такі самы, як і да вас.

Маці. Ліст?

Селянін. А ўжо ж, ён.

Бацька. Ну, пакажы, браце, будзь ласкаў.

 

Селянін дастае.

 

Бацька. Наталка піша...

Маці. Яна, яна, а мае дзеткі, разам пэўне пісалі, разам і да нас прыйшлі, а як жа я рада, божа мой...

Бацька. З радасці, браце, і не ведаю, як дзякаваць табе.

Селянін. Ці будуць дзеці з нас так рады, як мы з іх?

Бацька. Аб гэтым якраз забываемся...

Селянін. А хто гэта тая Наталля, што ліст піша?

Маці. Дачка таго Бутрыма, разам з Якімам вучыцца.

Селянін. Ведаю, ведаю, навука — рэч добрая.

 

 

З’ява ІІІ

 

Бутрым.

 

Бутрым. Вось і я.

Бацька. Бачым, бачым.

Бутрым. А можа, Якім пісаў?

Маці. Каб ведаў ты, Бутрым!

Бацька. Чакай, я скажу...

Маці. Стрывай, я першая пачала... Каб ведаў ты, Бутрым, якое ў нас свята, глянь... (дае ліст) ліст ад Якіма і ад Наталкі чалавек гэты прынёс.

Бутрым. Праўда, што свята... Гэты ліст ад Якіма, пазнаю яго выкрунтасы, а гэты ад Наталкі... рад, як ніколі.

Маці. Ну, ты хутчэй чытай.

Бутрым. Але ж каторы перш чытаць?

Бацька. Ну, хоць бы той, што ў правай руцэ.

Бутрым. Пачнём з яго... «Дарагія бацькі і брат Рыгор, я жыў, здароў, навука йдзе нішто, рэдка пішу, бо вельмі заняты, у нас усё добра, Наталка здарова, збіраемся ў другое места на вышэйшыя курсы».

Маці. Ну, і чаго ж яшчэ.

Бацька. Здаровы, ну, і дзякуй богу!

Бутрым. Ну, а цяпер — што мая зязюля піша? (Чытае.) Якраз тое самае... па ўсім відаць, што ўсё добра... (Да селяніна.) Дай божа табе гэткае багацце, як ты ўзбагаціў нашую душу.

Бацька. Вельмі ж прыемныя весткі прынёс, — што і казаць.

Бутрым. Здаецца, дзіця сваё бачу, гледзячы на ліст.

Маці. Гляджу на ліст, а ў маіх вачах літары скачуць, вось што значыць матчына сэрца — і дрыжыць, і ные, разам ад радасці і да жалю даводзіць.

Бутрым. Рыгор, пэўне, не ведае нашае радасці?

Маці. Нешта не пільнуецца хаты.

Бацька. З забастоўшчыкамі пасябраваў.

Бутрым. Каго ж ды каго, кума, лічыш забастоўшчыкамі: вучыцеля нашага або каморніка?

Маці (да пракламацыі). Вось глянь, тады ўбачыш.

Бутрым. Бачылі ўжо, бачылі дый чыталі разоў колькі... рэч неблагая... праўду рэжа, слухаць толькі.

Селянін. Як ні глядзі, а бедным людзям дыхаць цяжка. Ні сказаць, ні зрабіць нічога не можна, і голасу твае прануднае песні ніхто не пачуе... няўрода была — помачы не далі, хаты пагнілі — сасонкі шкадуюць, а жыць трэба, — дык вось мала гамонім мы, лісткі за нас гамоняць.

Бацька. Вядомая рэч, не лезці ў магілу.

Бутрым. Без пары ў магілу? Лепш узяць сякеру і паваліць у лесе сасонку-другую, калі падрубы згнілі... а пасля цішком дадому, і толькі, не згалее ад гэтага князь ці граф... Жыў будзе... Вось гэтай ночкай нашыя засцянкоўцы дрэў з паўсотні павалілі ды дахаты завезлі... Невядома, ці з’явяцца абаронцы князя.

Бацька. Пытаешся, як дзіцянё... Вядомая рэч, што з’явяцца... А ты ж у лесе быў?

Бутрым. Быць сабе не быў, толькі коней сваіх даў для тых, у каго не было.

 

 

З’ява IV

 

Наста.

 

Наста. Вось і прычакалі бяды...

Усе. Якое бяды?

Наста. Божа мой, і казаць баюся...

Бацька. Ну, кажы ж, кажы...

Наста. Гляньце ў акно, стражнікі, як звяры, па прыгуменнях нясуцца проста да нас у вёску... (Выйшла.)

Бацька. Лёгкія на ўспамін...

Бутрым. Не мінулі, каб іх мара.

 

Маці кідае пракламацыі ў печ.

 

Бацька. Во пякельная моц, як з ланцуга сарваліся...

Маці. Хоць бы бяды не было... Бутрым, хавайся!..

Бутрым. Што? Хавацца? Гэтага не будзе!..

Селянін. Зусім зразумела, сусед, што не будзе, ану, суседзе, пазыч па часінку калка, пайду няпрошаных гасцей прыму. (Бярэ кол.)

Маці. Чалавеча, куды ты, падумай, што робіш?

Селянін. Даруйце, але іначай нельга... (Пайшоў.)

Бутрым. Па-мойму, далібог, па-мойму, гэта праўдзівы рыцар...

 

 

З’ява V

 

Альжбета.

 

Альжбета. Бутрым, хавайся, цябе стражнікі шукаюць...

Бутрым. Кажаш хавацца?

Альжбета. А то як жа іначай, хіба не ведаеш, што з гэтага будзе... Што, ты не ведаеш крывапіўцаў гэтых?

Бацька (ля акна). Ой, ой, пачалі некага біць...

Бутрым. Ведаю... і дзеля гэтага іду... Дзе Рыгор?

Маці. Што ты, кум... з глузду з’ехаў, ці якое ліха... Як можна Рыгора вызываць на такую бяду?..

Альжбета. Сядзь, табе кажу...

Бутрым. Як-то сядзь, хто можа сядзець, га?

Маці (да бацькі). А ты адступіся ад акна... учарэпіўся, як п’яны за плот.

Альжбета. Ты паслухаеш ці не? Куды ты выбіраешся, ці маракуе твая галава?

Бутрым. Ты хіба жартуеш?

Альжбета. Якія тут жарты? Сядзь, кажу табе.

Бутрым. І не думаю... Пусці мяне...

Альжбета. Не пушчу...

Бутрым. Лепей я памру, лепей хай маё хворае цела разарвуць сабакі, чымся я спакойна буду глядзець, як здзекуюцца над маім братам... пусці мяне...

Бацька. Кумок, куды ж ты, падумай!..

Альжбета. Ці ёсць у цябе розум...

Бутрым. Ёсць, паміраць — дык усім, я першы трупам лягу. (Выбег.)

Альжбета (за ім). Куды ты, куды ты?

Маці. Во дзе няшчасце дык няшчасце.

Бацька. Будзе бяда, — хоць бы Рыгор не трапіў на гэта... Матачка найсвяцейшая, не папусці нас!..

 

 

З’ява VI

 

Рыгор з Аксінняй.

 

Рыгор. Матуленька, вось перад вамі пара шчаслівых у свеце людзей.

Маці. Вельмі рада гэтаму, сынку.

Рыгор. Вось гэта цыганё вельмі кахае мяне, і праз гэта я шчаслівы...

Маці. Вельмі рада гэтаму, дзеткі.

Рыгор. Матуля, глянь на яе, глянь, колькі дабраты ў гэтых цыганскіх вачах... Аксіння, родная... Ці праўда ўсё гэта?..

Аксіння. Як бог на небе!

Рыгор. Ну, сядзь, сядзь, мая галачка чарнавокая... (Убачыў бацьку ля акна.) А... тату, і вы ў хаце, а я ўжо і прытомнасць страціў... не ўбачыў зусім.

Бацька. Нічагутка... дзе ж быў, сынку?

Рыгор. У лузе кветкі рвалі, варажылі, хто каго любіць... і як ні круціў, то ўсё выходзіць, яна мяне любіць, а я яе не... цыганё... што скажаш ты на гэта? Хачу чуць слова шчырае пры бацьку, пры матцы... кажы... любіш?

Аксіння. Люблю...

Рыгор. Трохі саромеецца, але нічагутка, я чуў шчырэйшы адказ... (Да бацькі.) А што гэта, татка, выглядаеце ў акне?

Бацька. Так, пазіраю на свет божы.

Маці (засланяючы). Ды так стары глядзіць, — не зважай, сынку...

Бацька.Несупакой, сынку, у свеце, — вось бяда.

Маці. Які там несупакой, старому дзівы наладзіліся, а ён несупакой угледзеў... не слухай яго, можа, папалуднуеш, сынку, згаладаў нябось?

Рыгор. З ахвотай, калі ласка.

Маці. Папалуднуй ды вось ліст прачытай, што Якім прыслаў.

Рыгор. Што кажаце: ліст? Якім прыслаў ліст?

Маці. Прыслаў, прыслаў, чакай, дай жа перш стравы ўліць...

Рыгор. Э, не! Цяпер не да яды... Я есці нічога не буду, дайце мне ліст, дайце мне гэтае шчасце ў рукі, дайце яго.

Маці. Вось паглядзі, пачытай...

Рыгор (да Аксінні). Ну, сарока-белабока, дзівіся, чытаць буду...

Аксіння. Чытай, чытай, паслухаю...

Рыгор. Ага, і я забыўся... Сягоння нараніцы бачыў сон: быццам-то я йшоў ноччу праз пушчу і ўгледзеў перад сабою таемны агоньчык, я за ім, ён далей, я за ім, ён далей, і ўрэшце шырэй я шагануў, і агоньчык апынуўся ў маіх руках. Дык вось ён, таемны, папаўся ў мае рукі... Добра!..

Маці. Праўдзівы твой сон, ой, праўдзівы.

 

 

З’ява VII

 

Наста.

 

Наста. Галоўка мая нешчаслівая, што парабілася ў нас... стражнікі наляцелі, людзей б’юць... Сініцу забілі, Бутрыма акалечылі! (Выбягае.)

Рыгор. Што? Стражнікі Бутрыма б’юць? (Устае.)

Маці. Рыгорка, сынку, куды ты?

Бацька. Не йдзі, паслухай... нас...

Рыгор. Пусціце мяне, я толькі гляну, пусціце.

Аксіння. Рыгор... што з табою...

Рыгор. Даруйце, але я не знясу здзеку. (Бярэ кол.) Стражнікі людзей б’юць, а я сядзець буду?

Маці (на каленях). Рыгорка, пабойся бога, шануй маю старасць.

Бацька. Паслухай, не йдзі, цябе заб’юць, не йдзі.

Рыгор. Пусціце, я адамшчуся, аж зямля задрыжыць! (Пабег.)

Аксіння (моцна крыкнула). Рыгор, падумай, што робіш! (Выбягае.)

 

Усе плачуць.

 

Маці. Што за няшчасце абрушылася на нас? Божа... Божа...

Бацька (ля акна). Ой, ой! (Закрывае твар.)

 

 

З’ява VIII

 

Сяляне ўносяць Бутрыма, Альжбета прыгаварваючы.

Бутрым стогне.

 

Альжбета. А мой жа ты сакалок, а мой жа ты галубок, на каго ж ты мяне пакідаеш? (І так увесь час.)

Бацька. У мяне мову адняло...

Маці. Матачка найсвяцейшая, ратуй нас, не дай загінуць. (Становіцца на калені.)

Альжбета. Ай... памірае... памірае...

Бацька. Свечку... свечку... (Падносіць свечку.)

Альжбета. Божа, божа, за што пакута гэтакая, за што, за якія грахі...

 

Усе на каленках пры Бутрыму.

 

 

З’ява ІХ

 

Рыгор з калом у руках.

 

Рыгор (дзіка). Што? Памёр? (Ставіць кол.) Бацька, я адамшчуся за цябе! Каб мог ты ўстаць і глянуць (становіцца на калені), як пакорна ляжаць царскія паслугачы.

 

 

З’ява Х

 

Аксіння.

 

Аксіння. Рыгорка, Рыгорка, уцякай; стражнікі па цябе йдуць...

Рыгор. І не думаю... (Устае, бярэ кол і ставіць ля сябе.)

 

 

З’ява ХІ

 

Стражнікі.

 

Рыгор. Па мяне? Ні з месца, сабачыя сыны, а то... (Хапае кол.) Я сам... прыйду... чакайце на дварэ...

Аксіння, Бацька, Маці. Рыгор... Рыгор... на каго ты нас пакідаеш?.. (Істэрычна плачуць, апёршыся на плечы.)

Рыгор. Суджана пэўне так... Не плачце аба мне... Якіму нічога не пішыце. (Становіцца на калені пры Бутрыму.) Бацька, дарагая твая кроў, ах, дарагая (к дзвярам).

Аксіння (істэрычна). Рыгор, Рыгор!

 

Усе плачуць.

 

Заслона

 

 

Акт IV

 

З’ява І

Турма. У акне Якім, нагляднік стаіць на лаўцы, стораж сядзіць.

 

Якім. Вось цяпер будзе спакой. Праз колькі дзён маё цягучае жыццё будзе скончана, і ў памяць аба мне застанецца курганок, насыпаны чужой рукою. Не скажуць гэтыя нямыя сведкі, непрыступныя муры, матцы ці бацьку, калі б часам падышлі сюды, што там на жалезным круку хістаўся іх любы сын.

Ніхто не будзе відзець, дзе пахавана скорчыўшаеся ад сударгі цела, бацькі і тыя згубілі сцежку ка мне.

Не шкадую жыцця, не страшуся смерці, але тая думка, думка, што не ўбачу бацькоў, брата, страшна гняце мяне.

О! Каб ведалі, хто я такі, то тым бацькам не было бы месца на свеце, але не ведаць ім, хто я.

Стораж. Эх, маліна, радуешся, што фаміліі не ведаем, ні ўсё роўна, заслуга адна... як на мой розум, прозвішча адкрыць трэба, прыйшлі б бацькі, паспавядаўся б, жыць жа, сам ведаеш, не так многа.

Якім. Не кратайце старых, не ведаюць — спакайней дыхаць...

Стораж. Вашага брата бунтаўшчыка не так лёгка ўгаварыць... з вас рэдка хто гаворыць, як чалавек, а то ўсё зверам накідаюцца.

Якім (кашляе). Якое пустое жыццё, ніколькі не шкадую яго... толькі дзяціныя часы стаяць перад вачыма.

О вёска, вёска! Колькі багацця ў цішы тваёй. У патухаючых маіх вачах рысуюцца неба, ляскі, хмызнячкі, дзе сонныя бярозкі ў новым уборы прывітаюць вясну... манячы да сябе матылькоў і вясёлых птушак, зарніцы, зялёныя стагі, жнеі і родныя песні.

І тая восень, што ў пышным вянку з жоўтага лісця бродзіць па лясах, змяняючы колер, падвешваючы павучынне і снег... што посцілкай вялікай засцілае межы дарагой бацькаўшчыны.

Успаміны, успаміны, якія вы мілыя, дарагія..! (Глядзіць на неба.)

Зорачка ясная, ці не ты будзеш правадырка ў маім цягучым жыцці? Ты, як вартаўнік, ззяеш на цёмным небе і свеціш людзям зблудзіўшымся ў нязнаных пуцінах жыцця... Ты свеціш мне, ты сваім прыхільным паглядам углядаешся на страху нашае хаткі, дзе матуля ў гэтую часіну пралівае горкія слёзы і моліцца, каб сын іх наблукаў на сцежку, на каторай магла б знайсці яго.

Ты свеціш мне тут, а заўтра твой блеск будзе іскрыцца на жоўтым пясочку магілы мае. Ты будзеш сведка, куды сцягнуць задушанае маё цела, і там ты заззяеш, але вочы мае не спаткаюцца з паглядам тваім.

 

За сцэнай ледзь чуваць зык скрыпкі.

 

Якім. Чароўныя зыкі... а кроў стыгне... стыгне. (Больш у акне не паказваецца.)

Стораж. Цікавыя людзі... Колькі я бачыў за сваю службу такіх рызыкантаў, усе яны галосяць, жалеюць жыцця... а сюды, глядзіш, ідуць.

Не раз я глядзеў на іх і думаў: чаго трэба ім... Якой скулы не хапае ім... сытыя, здаровыя, жыць і не думаць пра турму, дык нябось абрыдне салодкае жыццё, падай сюды горкае, кіслае, салёнае, у турму пастукаю, мо адчыняць, а нашая справа такая: стукаецца начлежнік, адчыняй дзверы шырэй.

І хто іх бацькі, уразумець трудна, гэта каб не расталкаваць дурням, што забіваць нікога не можна, што святыя божыя запаведзі забараняюць рабіць гэта. Дык жа не, бацькі нічога не кажуць, а яны рады старацца, ломяць направа і налева галовы людзям. (Плюе.) Учора таксама прывезлі нейкага разбойніка, той стражнікаў набіў, ды, кажуць, так азвярэў, што ледзь супакоілі, асілак, відаць, адзін пяцярох калком паклаў.

Нагляднік. Праўду кажаце, гаспадзін старшы, ачмурэла маладзёж.

Стораж. І ўсё, як ні глянеш, студэнты, студэнты, людзі вучоныя, ні салапякі якія, алісцікраты.

Нагляднік. З нас, людзей простых, ніхто так не робіць, наш брат, пяхота, ці сп’яну каго абязвечыць, ці так у морду дасць, ну, а калі адзін аднаго абкрадуць, дык на гэтым і ўсё.

Стораж. 20 гадоў мае службы ў сценах гэтае турмы, і 20 гадоў ваюем з бунтаўшчыкамі. Перш нам здавалася, калі аднаго-другога акуратна павесім, то на гэтым і скончыцца іх рызыка, а вось цяпер пераканаліся, што не памагае нічога.

Ці ўспомніць усіх галава, каго толькі з гэтае каморкі вывелі; студэнта з чорнай барадой павесілі, нейкага таксама сухотніка павесілі, паненку, што ў губернатара страляла, — павесілі, а там нейкага жыда; і дзе там успомніць усіх, дый памяць аслабела, не жартачкі 20 гадоў службы.

Нагляднік. Як мне здаецца, усё гэта дарэмшчына.

Стораж. Не разумею цябе.

Нагляднік. Па-мойму, хто ведае, што тут у мурах каго павесяць? Гэта каб на пляц выцягнуць да сабраць людзей... грамаду...

Стораж. Дурны, дурны і дурны, не разумееш, што можа быць ад такое публічнае кары.

Нагляднік. А што?

Стораж. Бунт, ды які, разнясуць не толькі турму, але і хату тваю, дзе схаваешся... а самога, як казу, павесяць за заднія ногі.

Трэба цішком прыціснуць, ды і павёз па пацёмках.

Нагляднік (ціха). А калі гэтага? (Паказвае на шыю і на камеру Якіма.)

Стораж. Сягоння ўночы.

Нагляднік. А... нездарма ж ён так успамінаў і вёску і матулю... з мужыкоў нябось.

Стораж. Тым больш дурны, нагаварыў нехта.

Нагляднік. Будзе, значыцца, работы.

Стораж. Б-у-удз-е. Таго, што стражнік пабіў,— раз, гэтага — два, паненачку — тры, і трох вучоненькіх студэнтаў... усяго шэсць душ-душачак.

 

Нагляднік чухае галаву.

 

Стораж. Чаго чухаешся, даўно ў лазні быў?

Нагляднік. Быць то быў, так штось засвярбела... вусцішна, завельмі многа.

Стораж. Маладзён яшчэ, пажывеш, ашмуляешся, я вось 20 гадоў адзваніў, ведаю, дзе страх жыве. (Пазяхае.) У... ух... аж спаць захацелася... (Глядзіць на гадзіннік.) Поўнач. (К камеры Якіма.) Спіць... наш рызыкант, самая звычайная рэч, усе яны перад смерцю спяць. Бывае так, што тыдзень, другі не спіць, а ў тую ноч, калі душа з целам павінна разлучыцца, засне, ды так моцна, што доўга будзіць прыходзіцца.

Нагляднік. Душа чалавека прачувае канец.

Стораж. І наводзіць сон.

Нагляднік. Шкода душы той, пры чым яна тут, хто каго біў, а душа павінна боль зносіць.

Стораж. Боўдзіла ты, душа не мучыцца і не памірае... Чалавек толькі, а яна ідзе сваёй дарогай ці туды, ці туды. (Паказвае на неба і зямлю.)

Нагляднік. А па-мойму, ні адна з турмы не патрапіць у рай, а ў пекла...

Стораж (сур'ёзна). Душы стоража, начальніка і памочніка і з турмы ў рай трапляюць, а рыштантаў — у чысцец.

Нагляднік. А мая, наглядніка, сверхсрочнага фельдфебеля?

Стораж (падумаўшы). І наглядніка.

Нагляднік. Куды ж, куды?

Стораж. Разам з начальствам.

Нагляднік. А... дзякую вам... гаспадзін старшы.

Стораж. За што дзякуеш, законы не я пісаў.

Нагляднік. Ну, хоць не вы, але ўсё ж... слова.

Стораж. Бацюшка так казаў.

Нагляднік. Добры чалавек наш бацюшка.

Стораж. Не благі чалавек. А ці дасі веры, што за маю службу і бацюшка адзін марынаваўся тут?

Нагляднік. Х-т-о-о?.. Бацюшка?..

Стораж. Але, бацюшка.

Нагляднік (зняўшы шапку). Міца, міца, царыца нябесная, што я чую? За што ж?

Стораж. А вось за што; перш чужую жонку пакахаў, а пасля з мужам біліся.

Нагляднік. І за гэтую нікчэмнасць?

Стораж. За гэтую.

Нагляднік. Ну, і што было?

Стораж. А тое, што бацюшка дужэйшы быў.

Нагляднік. І...

Стораж. І даў так, што той і капыты задзёр, памёр.

Нагляднік. А? Дужы чалавек, відаць, быў... Ну, а скажыце, куды трапіць душа таго забітага?

Стораж. Бацюшкіна душа не толькі з турмы, але і з катаргі ў рай трапляе.

Нагляднік. Так яму і трэба... Ну, а скажыце, той нябожчык куды пойдзе?

Стораж. Як куды? Ды ты глух быў, чы якое ліха, што таго нябожчыка прыбраў бацюшка.

Нагляднік. Я ведаю, але душа, душачка куды трапіць?

Стораж. У рай.

Нагляднік. Няйначай, а то крыўдна бедаку было б, мала таго, што тут бакі нагрэлі, яшчэ чэрці ў чыстцы грэць будуць.

Стораж. Не будуць.

Нагляднік. Ну, а жонка таго нябожчыка нядобрае імя павінна насіць?

Стораж. Імя вядомае такім асобам.

Нагляднік. І трэба ж так з другім... шашні строіць.

Стораж. У іх гэта часта-густа бывае. Вось і мая сумэра віславухая ў моладасці грэху мела.

Нагляднік. Хіба быў прыяцель?

Стораж. Быў...

Нагляднік. І вы з ім біліся?

Стораж. Біўся.

Нагляднік. І ён вас не забіў?

Стораж. Пэўне, што не, бачыш, тут сяджу.

Нагляднік. А на чым кончылася?

Стораж. Я яму бакі наламаў.

Нагляднік. О! Я разумею... Сіла салому ломіць... А вашая разлюбезная, ну, жонка, значыцца, пойдзе па смерці ў рай ці...

Стораж. Прыйдзецца неяк разам у рай, нядобра будзе бадзяцца аднаму. А скажы ты мне, у цябе ўсё ў парадку? Начальства надойдзе.

Нагляднік. Парадак першы сорт.

Стораж. То ж ба то... Дзяржы хвост дудой.

Нагляднік. Я дзяржу...

 

За сцэнай раздаецца лёгкі свіст. Стораж і нагляднік раўняюцца, на сцэну прыходзіць начальнік турмы і падае знак, каб выводзіць Якіма.

 

 

З’ява ІІ

Стораж (ідзе ў камеру Якіма). Гаспадзін, гаспадзін... до спаць, нада праснуцца, як па закону палагаецца... уставайце.

 

 

З’ява ІІІ

 

Начальнік турмы, чыноўнік, доктар, кат, 3—4 нагляднікі, 5—6 салдатаў. За імі Якім, Грабянёк, Дзіўны, Ваўчанскі і Наталка. З другога боку салдаты і Рыгор.

Наталка плача і ўсё хоча кінуцца к Якіму, але салдаты не пускаюць яе.

 

Якім (кашляе). Браты, не страшыцеся смерці, адважна глядзіце ў вочы ёй, няхай бачаць тыраны, як паміраем мы. (Набок.) О неба, як фігура таго прыяцеля ўспамінае мне брата, дзе ён цяпер і што з ім.

Чыноўнік (чытае). По указу Е. И. В. Магилевский окр. суд за убийство государственных лиц студенты: Аркадий Дзивны, Пав. Волчанский, Иван Гребенек и неоткрывший своего прозвища осуждены на смертную казнь через повешение.

Наталка (плача, апёршыся на плячо Дзіўнага). О! Крывапіўцы, звяры дзікія.

Чыноўнік. По указу Е. И. В. приговором Могилевского окр. суда за разбойное нападение и убийство государственных охранников крестьянин села Вышек Сенненского уезда Григорий Сухобыльник приговорен к смертной казни...

Якім (кінуўшыся). Брат мой, Рыгор, у часе смерці мы спаткаліся з табой.

 

Салдаты кідаюцца к Рыгору, вырываюць з яго рук Якіма, Якім падае мёртвым.

 

Наталка (з крыкам). Якім! Якім!

 

Заслона


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан