epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Бацюшкаў капялюш

(Стары ўспамін)

 

Маленькімі яшчэ былі, вучыліся ў сельскай школе. Там і жылі.

Настаўнік у нас быў паджылы, а жонку маладую меў, — вось быццам журавінка.

Зчастых мы бачылі, як у адсутнасць мужа суседняй вёскі поп да маладухі заглядаў.

Прыбяжыць, бывала, пасядзіць і цішком назад. А мы што, дзеці, — абы айца ўбачылі, нібы пакорныя авечкі, адзін перад другім галовы ўхіліўшы, ідзем пад благаславенства.

Раз неяк у летні вечар настаўнік выбраўся ў дарогу. Паклікаў нас і прыказаў да яго звароту прыгатаваць лекцыі і сам паехаў. Толькі мы падрыхтаваліся да лекцыі, глядзім — бацюшка прыплыў. Заварушыліся хлопцы. Чаргой, у момант пад благаславенства падышлі.

Бацюшка на гэты раз павольна зняў капялюш, на стол яго паклаў, жагнаць нас пачаў, а пасля ў пакой настаўніцы шмыгнуў.

— Хлапцы!..— здзіўлена Янка прашаптаў.— Бацюшка капялюш пакінуў, гляньце!..

І праўда, на стале ляжаў паважна бацькаў капялюш.

Адышоўшы ўбок з вялікай пашанай, мы ўглядаліся на капялюш, як ён, надуўшыся, ляжаў. Ніхто і пальцам не пасмеў крануць, адзін Янка асцярожна падышоў, нюхнуў здалёк носам і грамадзе паціхеньку шапнуў:

— Святым алейчыкам ён аддае!

— Святая рэч!..— адказалі мы.

Што было рабіць, ці лекцыі ўзяцца рыхтаваць, ці капялюш вартаваць. Доўга так раіліся і наважылі ўсёй грамадой на варце быць. Лекцыі пасля адбудзем, а капялюш без дагляду пакінуць нельга, мала што можа быць.

І вось, рассеўшыся на лавах, ля стала, чакаем бацюшку, моўчкі пазіраючы на капялюш. Сядзім, дыхнуць баімся, — бацька за сцяной. Ужо і сонца села, а бацька не вылазіць. Зусім сцямнела. Што рабіць? Запалілі лямпу. Сядзім, чакаем. А ноч, як вечнасць. Неяк страшна. Скрабуцца мышы. Дрэмлюць хлопцы, ловяць акунёў, а хто, на стол галаву паклаўшы, здаўся — смачна спіць. Я толькі не спаў, што ўжо будзе — з варты не выйду. Зліпаюцца павекі, морыць сон. Капялюш у маіх вачах расце, вось ён увышыню палез, быццам бацька, стаіць перада мной і грозна кажа:

— Вартуй, авеччы сын, вартуй!..

Была ўжо раніца, як абудзіўся я. Хлопцы салодка спалі, галовы размясціўшы ля капелюша, лямпа пыкала, мігцела, слаба асвятляючы гарбок капелюша. Паветра мала, душна. «Няўжо бацька яшчэ там? — спрасоння дамагаўся я.— Мусіць, там, бо капялюш тут!»

Абудзіліся вартаўнікі, моўчкі паглядаюць, чыхаюць, глядзяць на капялюш, на дзверы.

Нарэшце скрыганулі дзверы і паказаўся сонны, раскудлачаны айцец. Перад яго вачыма стаяла ў чарзе грамада дзяцей, а я наперадзе,— трымаючы паважна капялюш.

Замігацелі пальцы бацькі, благаславіўшы абы-як, ён нацягнуў капялюш, прыгнуўся і паціснуў праз агароды нацянькі.

Быццам-то зрабіўшы нейкі гераічны план, мы ляглі адпачываць.

Нехта ўспомніў аб лекцыях.

— Э-э! Неяк будзе!.. Настаўнік зразумее становішча вартаўнікоў, і бацюшка не дасць у крыўду, падтрымае! Кладзіцеся, хлопцы!

Ляглі. Паўднём прыехаў сам настаўнік, кліча на лекцыю.

— Выбачайце, калі ласка, — адказалі мы.— Майце літасць, ноч не спалі, капялюш бацькаў сцераглі.

— Чый капялюш? — пытаецца здзіўлена настаўнік.

— Ды бацюшкін! Ён яшчэ звечара гасцяваў у хаце вашай да самай раніцы. Вось толькі вылез — праз агароды нацянькі бягом, ну, а мы, значыцца, капялюшык сцераглі.


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан