epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Бязродны

Акт І
Акт II
Акт ІІІ
Акт IV
Акт V


Драма ў пяці актах

 

 

Асобы

 

Бацька — 45 г.

Маці — 45 г.

Гапка — 18 г.

Янук Бязродны — 21 г.

Знахарка — 50 г.

Стражнік — 25 г.

Селянін І — 60 г.

Селянін ІІ — 45 г.

І іншыя.

 

 

Акт І

 

Вуліца. Ідуць са жніва дзяўчаты.

 

Гаспадыня (з хаты). Добры вечар, мае дзеткі, мае шчырыя працаўнікі. (Адказваюць.) І так, збажынку зжалі, у снапкі злажылі, серп і ручкі адпачнуць. Дзякую вам за спагадную працу, дай божа вам мець тое шчасце, якое самі жадаеце. (Адказ.) Але ж і песню пяялі, дзівіцца трэба. Галасы працягам нясліся здалёку і змусілі паслухаць. З вялікай ахвотай паслухаю, дзеткі, яшчэ, калі запеяцё. (Адказ: запяём, запяём.) Так, будзьце ласкавы, заспявайце, скраніце сэрца.

 

Выбягаюць хлопцы.

 

І дзяўчына. А няхай вас, напужалі нас.

ІІ дзяўчына. Да памяці дайсці не магу.

Хлопцы. Нічагутка, нічагутка.

Гаспадыня. Вось добра, хлопчыкі, што ў пару падышлі, цяпер просьба мая будзе да ўсіх.

Хлопцы. А што, цётачка?

Гаспадыня. Дый заспяваць. (Усе: запяём, запяём!) Як добра налаўчыліся, дзіва, дый толькі. Дзякую, дзякую вам. А дзе ж гэта Гапачка мая, чаму нешта не бачу яе і голасу не чую зусім.

І дзяўчына. Ішла з поля з намі разам, ды Янук Бязродны затрымаў.

 

Прыходзіць Гапка.

 

ІІ дзяўчына. А вось і Гапка, мы пра ваўка гамонім, а воўк тут. Гляньце, якая сумная.

Гаспадыня. Дачушка, я ж цябе шукаю, голасу твайго не чую, дзе ж ты загубілася?

І дзяўчына. Янук Гапку затрымаў, на дарозе з ражном стаў, Гапка ў лес, ён за ёю, Гапка села, і ён з ёю.

 

Усе хахочуць.

 

ІІ дзяўчына. І чаго яны рагочуць, хіба не бачыце, што дзяўчаці не да жартаў.

Гаспадыня. І сапраўды, ты, дачушка, нешта нудная, скажы, не скрывай, чаго засумавала.

Гапка. Не пытайцеся ў мяне.

Хлапец. Сэрца запытайце.

І дзяўчына. Добра ты, Ігнат, сказаў, сэрца запытайце, я ведаю, дзе сум жыве, прыйшлося зазнаёміцца з ім, на сухі лес яго.

Гаспадыня. Нічагутка, мае дзеткі, ваш брат, што маленькія кураняткі, на дождж — пахмурнеюць, на пагоду — весялеюць. Вось лепш заспявайце для мяне адну частушку, ды ў хату пойдзем дажынкі спраўляць.

Хлапец. А па сэрцу будзе?

Гаспадыня. Вам па сэрцу, а дзяўчатам па 2, яны на полі працавалі.

І хлапец. Ану, грамада, для цёткі запяём «Бульбу».

Усе. Бульбу, бульбу, бульбу. (Пяюць.)

 

Гапка плача.

 

Гаспадыня. Гапачка, ты, здаецца, плачаш? Што з табою, сонейка маё?

Усе. Авэй, авэй, як не сорам.

Гаспадыня. І чаго ж ты, дачушка, засумавала?

Гапка. А так, матуленька, горка на сэрцы, што і жыць не хочацца.

Гаспадыня. Пакінь, дзіцятка, пакінь. Сягоння ў нас дажынкі, гуляць будзем, а ты плакаць надумалася адна. Гуляць будзем, весяліцца будзем, гэй, музыкі. Юрку нам, Юрку нам. Ану, у пары. (Танцуюць, апроч Гапкі.)

Гаспадыня. А цяпер у хату, дзеткі, пойдзем, там перакусім, пагуляем.

Усе. Згода, згода. (Пайшлі.)

Прыходзіць Бязродны.

Бязродны. Як весела людзям, як добра, жывуць, бяды не знаюць, а я адзін блукаю і сам не ведаю, куды ісці.

Жыву, як той павук пад столлю, і кожны мае права сялібу разбурыць маю. Сягоння я батрак, а заўтра ў салдаты, а там ізноў батрак, ах, доля, доля. І дня шчаслівага ў жыцці сваім не бачыў.

 

Выходзіць Гапка.

 

Гапка. Янучок! І ты, родненькі, тут?

Бязродны. Прыйшоў, а чаго, і сам не ведаю. Людзям і месца, і пашана ёсць, а мне — не дальш, як да парога. Ім, бачыш, можна скакаць і весяліцца, а мне і тут на лавачцы быць не можна. Айчым твой раз і назаўсёды забараніў бываць у вас.

Гапка. Янучок, каб ведаў ты, як цяжка перадаць усё. Ты кажаш — весела, толькі не мне. Яны вясёлыя, а я сумую, плачу, бо ведаю, што хутка скончыцца чароўная казка нашага кахання. Цябе возьмуць у салдаты, а я застануся, ты ведаеш. Асмяюць мяне людзі, адчураюцца дзяўчаты, пракляне маці, а айчым жывую закапае.

Бязродны. Не кажы, я баюся слухаць.

Гапка. Так яно і будзе. Табе дарога ў свет, а мне — на могільнік.

Бязродны. Гапачка, не кажы гэтага.

Гапка. Ну, добра. Скажы, мой дарагі, няўжо чакаць, пакуль я буду маткай, і зносіць горкую абразу ад усіх? О, не! Няма цябе, няма мяне.

Бязродны. А можа, у салдаты не возьмуць мяне.

Гапка. Прычувае маё сэрца, што мы разлучымся з табою.

Бязродны. Я не ведаю, што і адказаць табе.

Гапка. Не радуе мяне нічога, бо ведаю, што ты ў мяне — госць.

Бязродны. Гапачка, а што, калі і так, у салдаты я пайду, але ж гэта не забараняе табе быць маёй жонкай.

Гапка. Здавалася так, але выйшла іначай. Я не казала табе. Бацька хоча мяне за стражніка выдаць.

Бязродны. За стражніка? За якога?

Гапка. А хто яго ведае, нейкі стражнік, і толькі.

Бязродны. Так, гэта навіна. А што ты на гэта?

Гапка (іранічна смяецца). Ну што ж, трэба выйсці, ха, ха, ха... Якое можа быць пытанне, Янучок?

Бязродны. А ты бачыла таго стражніка?

Гапка. Ні разу.

Бязродны. І як жа ты абаронішся ад свайго грознага айчыма, ты ж ведаеш, што ён за чалавек.

Гапка. Абаранюся лёгка, гвалтам не выдадуць.

Бязродны. А маці што на гэта?

Гапка. Мама на маёй старане.

Бязродны. Гапачка! Мы не паслухаем нікога, пастановім так, як лепш для нас.

Гапка. Я не ведаю. Пойдзеш ты ў салдаты, я пакіну дом, сыду, куды павядуць вочы. Не перанясу. Не так я цябе люблю, каб лёгка перанесці разлуку.

Бязродны. Гапачка! Чаму мы такія няшчасныя? Няўжо нам суджана вечная пакута?

Гапка. Янучок, будуць у цябе дні радасці, дні шчасця, а ў мяне іх не было і не будзе. Сіраце век сірочая доля.

Бязродны. І я сірата, адзін, як крыж у полі.

Гапка. Тваё становішча далёка лепшае, чым маё. Дарога вольна. На дарозе, Янучок, напаткаеш не адну, якой будзеш заглядаць у вочы і казаць тое, што і мне. Але не, што я кажу, — я цябе не аддам, нікому не аддам. Праўда, Янучок, ты мой навекі, мой!

Бязродны. Твой навекі, твой.

Гапка. Ні войска, нішто не разлучыць нас.

Бязродны. Ніколі.

Гапка. Мы будзем вечна, вечна любіць адзін другога.

Бязродны. Вечна, вечна.

Гапка. Эх, Янучок! І ў муках радасць бывае. Вось і цяпер я ведаю, што ты праз колькі дзён мяне пакінеш і я застануся, — эх, запамінаю гэту хвілю аб усім і рада, што я хоць на хвілю шчасліва.

Бязродны. Гапачка! Наша шчасце не хвілінка, а цэлая вечнасць. Мы з табой пойдзем адважна наперад і абмінём усе перашкоды.

Эх вы, мае вачаняткі, кахаю я іх за тое, што, нібы зоркі, прыветліва пазіраюць на мяне. (Цалуе.) І ўчора, і сягоння яны такія самыя ласкавыя, прыхільныя. Эх, Гапачка, не для стражніка прырода стварыла цябе, быць табе за парабкам...

Гапка. За парабкам, за парабкам. Вось за гэтым, якога кахаю больш за ўсё на свеце. (Цалуе.) Я не хачу багацця, не хачу шляхецкага чыну, я хачу быць за такім мужычым сынам, як я сама. А ён, гэты мужычы, тут, у лапцях, з белакурай чупрынай. Ну, мужычы сынок: ні кала ні двара.

Бязродны. Гапачка! Слухаючы цябе, слёзы высыхаюць. Сэрца часцей б’ецца. Не плакаць, а смяяцца хочацца, аб радасці, аб шчасці хваліцца на ўвесь свет, ты, як сонца, абагрэеш праменьчыкам гарачым, і горача стане.

Гапка. Чуеш, пяюць, весяляцца жнейкі, а мы, што ж мы?

Бязродны. Яны шчаслівыя па-свайму, а мы — па-свайму, няхай весяляцца. Зайграе музыка і ў нашай хаце.

Гапка. У чыёй хаце? Ты ж хаты не маеш. Парабак.

Бязродны. А ў тваёй хаце музыка зайграе, толькі не для мяне.

Гапка. Пэўне для мяне не зайграе.

 

Голас гаспадара.

 

Гаспадар (пеючы). Салавейка, дабрадзеінька, а пакінь сошку ды пацеш трошку.

Бязродны. Што мне рабіць, быць тут ці захавацца? Ён жа сказаў, што я не маю права пераступаць парог хаты тваёй.

Гапка. Я гэтага не скажу, будзь тут, вайна так вайна.

Бязродны. Ды ён, як бачу, не адзін.

Гапка. Стражнік з ім.

Бязродны. Як тут ваяваць без аружжа і з п’янымі.

Гапка. А вось паспрабуем.

 

Гаспадар і стражнік.

 

Гаспадар. Сюды, Панцялей Панцялеевіч, сюды. Вось мая хата, а вось і яна. (Паўза.) А гэта хто?

Бязродны. Добры вечар, пане гаспадару.

Гаспадар. Глух я стаў. Дарогі пытаеш ці так сабе выглядаеш, як запоры ў клеці?

Бязродны. Нічога не пытаю, нічога не выглядаю.

Гаспадар (да Гапкі). А ты што ж, сцежку памагаеш знайсці?

Гапка. Я не разумею вас, тату.

Гаспадар. Вось зазнаёмся з начальствам, а пасля і зразумееш. Ну, руку падай, чуеш?

Стражнік. Честь имею представицца, Пантелей Пантелеев Кочергин, старшы ўрадник.

Гаспадар. Во, чуеш Пан-Цялей, а мала таго, яшчэ і старшы. Ну, зварухніся, гасця прымі, у хату вядзі.

Гапка. У хаце дзверы не зачынены.

Гаспадар. Ні слова... а слухай, што кажу.

Стражнік. А вы з нами, мамзель сизакрылая, не пархнёте?

Гапка. Пакуль што не.

Стражнік. А на каком таком основательном основании, чем мотивируете и формулируете настоящий ответ? Какия такия прычыны возбудили отказ от исполнения воли вашего отца?

Гаспадар. Чакай, я скажу. (Да Янука). Ты чаго, атопак цыганскі, вісіш тут? Бачыш Заблоцкага двор, марш туды.

 

Янук хоча ісці.

 

Гапка (затрымала). Тату, вы здзекуецеся над чалавекам, як можна так.

Гаспадар. Яму тут не месца. Ён прыблуда, з поля вецер, а я не абы-хто, хачу мець зяця і разумнага, і бліскучага.

Гапка. Які вы, тату, неразумны чалавек.

Гаспадар. Но, но, гавары і памятай, бо язык ушчэміш.

Стражнік. Скажыце мне, хто ён такой?

Гапка. Я скажу. Ён мой любы, мой дарагі, якога кахаю больш за ўсё на свеце.

Стражнік. Вот так штука.

Гаспадар. А я скажу, ён ніхто. Нехта нечый, ды нячый. Матку меў ды і тую не людскую.

Янук. Пане гаспадару. Мая маці не жыве, і прашу не кратаць яе касцей.

Гаспадар. Вон ты, цыганскі свінапас, а то колікам агрэю.

Гапка. Тату, вы гэтага не зробіце.

Гаспадар. Пытацца яшчэ буду. Панцялей Панцялеевіч, ану яго шабляй раз-другі.

Гапка. Спрабуйце толькі.

Гаспадар. Панцялей Панцялеевіч, ану агрэй...

Стражнік. Атец! Выдержка, выдержка... (Да Бязроднага.) Ану, прыяцель, паспарт дай сюды...

Гапка. Заўтра запытаецеся, а сягоння і так будзе.

Стражнік. Пачтенная барышня, если у вашего свинапаса нет паспарта, он бродяга, а бродяги не имеют никаких дакументав, законных прав и состояний путешествовать ни по шосейным, ни по грунтовым, а также и просёлочным дорогам.

Гаспадар. Ну, годзе байкі плясні. Бяжы ў хату, мацеры скажы, каб начальства спатыкала, а сама пячы яешню. Ну...

Гапка. Я не пайду ў хату, я буду тут.

Гаспадар. Не тут, а там.

Гапка. Не там, а тут. (Узяла Бязроднага за руку і пайшлі.)

Гаспадар. Ідзі, хоць ты ногі пакруці, такой бяды. Іван Марцінавіч, хадзем у хату, прыйдзе, нідзе дзенецца. Я казаў: бі шабляй па носе — не хацеў. Вось бачыш. Ну, хадзем, чуеш, музыкі рэжуць. Дажынкі баба спраўляе. Яна будзе наша.

Стражнік. С нашым ярым удовольствием.

 

Гаспадар і стражнік пайшлі. Прыходзіць Гапка.

 

Гапка. О! Дзікі звер, прагнаў мне Янучка.

 

Выходзіць маці.

 

Маці. Дачушка, хутчэй ідзі ў хату, бацька нейкага дзецюка прывёў, каб бачыла, бліскучы, пахучы і, калі не мыляюся, Пан-Цялей завецца.

Гапка. Да ліха ён няхай ідзе.

Маці. Старшы над ураднікамі, у медалях.

Ганка. Не патрэбен ён мне, мамка, добра ведаеце. (Паўза.) Я кахаю другога.

Маці. Так-то яно так, але гэты прыгожы, блішчыць.

Гапка. Лепш я выйду за беднага.

Маці. Дачушка мая, не проціў я гэтага, выходзь за беднага, але ж ён госць у нас. Яму ж прызыў на носе. У войска забяруць, а па-другім, сама ведаеш, айчым і блізка яго не падпушчае, хоча, каб ты за стражніка ішла, каб абаронцу мець ад ворагаў і пашану ад людзей.

Гапка. О не, матуленька, будзе што-небудзь адно, або Янук, або ніхто. Я ні перад чым не застанаўлюся. Я ведаю, што ён бязродны, я ведаю, што ён чужы ў нашай вёсцы, парабак, быць так павінна.

Маці. Ведаю я і гэта, ён на маіх вачах вырас. Маці яго, чужая, захожая дзяўчына, пакінула на беразе маленькага, а сама смерць знайшла ў возеры глыбокім. Людзі яго да веры давялі. Бог сілу даў.

Гапка. Толькі долі не даў.

Маці. Было гэта так. Цябе і на свеце не было.

Гапка. Так, матуленька, невясёлая жыццёвая дарога яго, цяжка ўсё гэта.

Маці. Цяжка было жыць, не чуць ласкавага слова ні ад каго.

Гапка. Матуленька! Як на ваш погляд, добры ён чалавек, працавіты, не гультай?

Маці. Хто ж кажа.

Гапка. Матуленька! Прымем яго ў нашу сям’ю; пабачыце, што добра будзе.

Гаспадыня. Абмінуў бы ён войска, а там усё можа быць.

Гапка. І, матуленька, не пэўне кажаце, няўжо і вам айчым страшан?

Маці. Ды пэўне ж — калі пачне бушаваць.

Гапка. А старасць пры кім ён будзе дажываць? Сыноў не мае, а я — наперад кажу — не абяцаю.

Маці. Хто ведае, якая там будзе старасць, калі за гарэлкай свету не бачыць.

Гапка. Тым горш.

Маці. Ну, дык што ж, дачушка, у хату так і не пойдзеш? Паглядзець, як гуляе грамада.

Гапка. Не пайду. Даруйце мне за гэта, але не магу. Зразумейце, матуленька, што іначай нельга.

Маці. Як знаеш.

Гапка. Вось, я чую, бацька ідзе сюды, пэўне мяне шукаць. Я ўцяку. (Пабегла.)

Маці. Вось і зразумей іх... не хачу і не хачу, хоць бы і залаты жаніх быў, а па мне так лепшага і не трэба шукаць.

 

Выходзяць гаспадар і стражнік.

 

Гаспадар. Маці, і цябе і дачку тваю біць трэба.

Маці. А завошта?

Гаспадар. Госць у хату, а гаспадыня з хаты; чаму ж ты госця не даглядаеш?

Маці. А хіба ж ты не патрапіў, здаецца, на стале ўсё ёсць. Просім, паночку.

Гаспадар. Тады ўжо не просяць птушку, калі яна вылецела з клеткі. Праўда, Пан-Цялей?

Стражнік. Мы лучше дыхнём араматным воздухам на воздусе, а то в вашей хате хлапцы накурили, хоть тапор повесь.

Гаспадар. Ну, што ж, просім дыхаць, чым вашай міласці лепш падабаецца. Хлапцы нашы ведама мужыкі, — паветра сапсуюць у момант, кураць усе...

Стражнік. Прысядзем. Я, видите ли, хотел о самочувствиях сердечных переговорить, а в стоячем виде не годицца.

Гаспадар. Сядзі, браток, мы ўжо стоячы паслухаем.

Маці. Нам што, мы зразумеем усё, што пан скажаце, і стоячы.

Стражнік. Девачка ваша, во первых строках, с огоньком.

Маці. Як гэта, не разумею.

Гаспадар. І што тут разумець. Фанабэрыстая.

Стражнік. І не эта. А так, гибкий стан, соответствующая красота, перламутровыя глаза, алчныя губки, ну и вообще невеста по всем категориям приспособлена к моей личности.

Маці. Так што, пан, ганіце маю дачку?

Гаспадар. Я ж кажу, твая галава, што калода, нічога не разумее. Пан-Цялей тваю дачку хваліць, а табе здаецца, што ганіць.

Стражнік. Так, так, мамаша, благодарствие вам за такую деревенскую идилию.

Гаспадар (да жонкі). Тут, брат, не па-нашаму антымонію разводзіць, а калі пачне і гэтак і так, то ўсяго патроху дасць, і немец, і француз акажыцца.

Маці. Ды яно, ведама, лепш чуць хвальбу, як ганьбу.

Стражнік. А скажыце, мамаша, если бы от меня последовало чувство сияющей любви и все вышеуказанные мотивы, мотивирующие сердечные признательности, вы бы готовы дочь свою отпустить для сожительства с моей персоной?

Маці. Я ўжо і сама не ведаю. Бабская галава, што курыная, усяго чарку на дажынках выпіла і нічога не ўцямлю, што пан кажаце.

Гаспадар. Праўду кажучы, тут і я нешта з глузду з’ехаў — не зразумеў.

Стражнік. Вам простительно.

Маці. І не дзіва. Усё ў адной галаве: і парасё, і карова, і пасеяць, і пажаць, і купіць, і прадаць. Гэта не тое што ў пана. Хлеб сам да рук ідзе.

Гаспадар. Так, калі ласка, Пан-Цялей, скажы — можа, чым нездаволен?

Стражнік. Я, видите ли, насчет таво, на каких брачных вспомогательных условиях отпустить готовы дочь свою.

 

Выходзяць усе з хаты.

 

Стражнік. Ну, пока подождём.

Гаспадар. Нагуляліся... маладзічкі?

Усе. У хаце горача, цесна.

Маці. Ну, то і добра.

Гаспадар. Цяпер трэба, каб зайгралі нашаму начальству, а вы, маладзёж, паскачаце.

Маці. Перш, дзеткі, заспявайце.

Усе. А чаму ж, запяём, запяём.

Стражнік. А што ж вы будзеце пець?

Усе. Вясковыя песні.

Стражнік. Дешёвка! Ну, а таких не знаете ли: «Последний, последний денёчек» или «Сама цветочек я садила»?

Усе. Такіх мы не чулі.

Стражнік. Ах вы, кукушечки. Небось умеете, да сарометесь. Не стыдитесь, я ведь знаю, с мужичков много не спросишь. Ану, затяните разлуку.

Усе. І такой не ведаем.

Стражнік. А «Чудный месяц»?

Усе. І такой не ведаем.

Стражнік. Тогда и не надо.

Гаспадар. А каршун вас дзяры, заспявайце хоць штоколечы. Няўжо вам глузды залажыла. Ану...

 

Усе пяюць.

 

Стражнік. Сносно.

Гаспадар. Ану, яшчэ адну.

 

Усе пяюць.

 

Стражнік. Терпимо.

Гаспадар. А цяпер што-колечы зайграйце.

Стражнік. А што вы играете? Играете ли вальс «Аджившая любовь»?

Усе. Куды нам такія граць.

Стражнік. Ну, а галоп «Бой быкоў» играете?

 

Усе хахочуць.

 

Стражнік. Ну, и чаго вы, медвежата, рагочаце?

Хлапец. Ды мы з гэтага панскага танца, што з быкамі ў бой ідзе.

Гаспадар. Хлопцы! Пашана на першым месцы. Вы ўважаеце, з кім жартуеце, бачыце фігуру?

Усе. Бачым, бачым.

Гаспадар. Ну дык вось, іграйце, а то сварыцца буду.

Маці. Зайграйце, дзетачкі, зайграйце. А вы, дзетачкі, патанцуйце. (Да стражніка.) Паночку, калі ласка, яны саромяцца, просім... просім...

Усе. Просім, просім.

Стражнік. Ану, музыканты, польку ваенную. (Да дзяўчыны.) Прашу. (Танцуе.) Жизни больше, жизни больше.

 

Заслона

 

 

 

Акт II

У хаце Гапкі. Уваходзіць стражнік.

 

Стражнік (пяе).

 

Сама цветочек я садзіла,

Сама я буду поліваць,

Сама я мілага любіла,

Сама я буду век страдаць.

 

Пуста, ни одной резаной сабаки нет. Подождём, авось ветерок и молодую нанесёт. (Убачыў на стале люстра.) Не столь красив, как миловиден. Листикратская рожа, как ни поверни. (Пачынае чысціцца.) Вот только нос подгулял, цветёт, точно роза, красный и зеленый цвет.

Уваходзіць Гапка.

Стражнік. Здравия желаем, глубокоуважаемая Грипина Антимосовна.

Гапка. Як вы мяне спалохалі.

Стражнік. Первое доказательство, што жена будет хорошая, мужа бояться будет, как живёте?

Гапка. Жыву, а вы?

Стражнік. Скучаю, страдаю, мала ем і всё в сон клонит.

Гапка. Ну, што ж, засніце, сон не благая рэч.

Стражнік. Но я не пришёл сюда спать.

Гапка. А за чым?

Стражнік. Я пришёл передать вам ураганные чувства, квартирующие в моей молодецкой груди, которые рвутся на волю, чтобы соединиться брачными узами на всю жизнь, до могилы включительно. Вашей мамаше привет и с любовью низкий поклон. Вашему папашу привет и с любовью низкий поклон, и вам также привет и с любовью низкий поклон.

Гапка. Ну і што?

Стражнік. И на основании всего вышеизложенного, принимая во внимание мою беспорочную службу, начиная с рядового и кончая, как сами видеть изволите, отличиями, сверху донизу увешанную медалями, не оставьте без должного внимания, почтенного покровительства и нежных лобзаний вашего покорного слугу Пантелея Кочергина. Жду ответа.

Гапка. Што ж я павінна зрабіць, я не зразумела вас.

Стражнік. Не зразумелі? Это значит не поняли, ну то я лепш объясню. Дело, видите ли, Агрипина Антимосовна, в том, что я приглашаю вас женицца, а потом, согласно брачных установов, статей и параграфов, всецело перейти в полное супружеское распоряжение до глубокой старости включительно.

Гапка. Я не разумею, у чым справа, і не магу вам нічога адказаць.

Стражнік. А если вы прызнали маю рэч несоразмерной и не можете стямить, в чем дело, я, как военный человек, не отступающий перед врагом, не отступлю и перед моим милым другом и потому, сообразуясь с горячим темпераментом урадницкай души, припадаю своей широкой грудью к вашей груди и прошу признания. (Абнімае.)

 

Уваходзіць гаспадар.

 

Гаспадар. О! Я разумею, хвалю за рызыку, хвалю.

Стражнік. Здравия желаем, гаспадин хазяин, прашу извинения, что я произвожу нападение на вашу дочь среди бела дня в вашей квартире, с глазу на глаз.

Гаспадар. Нічагутка, пацалаваў — не зарэзаў. Тупай, брат, тупай.

Гапка. Тату, як можна так казаць.

Гаспадар. Но, но, з вашым братам іначай нельга. Пан-Цялей, тупай, брат, тупай.

Стражнік. Полюбил я вашу дочь за её твёрдый характер, за гибкий стан, за алчные губки и вообще за все магнитные чувства, которыя магнитят меня.

Гаспадар. Ну, дык і чаго? Памагай табе божа. Я рад гэтаму буду. Сядзь, браток. Ты мне, браток, так патрэбен, як сонца. Бараніць, бараніць і бараніць будзеш мяне.

Стражнік. А почему ж, я согласен. Я, изволите видеть, не куст альховы, и моя личность ещё не ударяла лицом в грязь.

Гаспадар. Хто ж кажа, што ты куст альховы, зараз вып’ем і справу раскумекаем. (Да Гапкі.) А дзе маці?

Гапка. Хіба запомнілі? Самі ў горад выправілі.

Гаспадар. Так, памяць утраціў. Ну, тады сама прынясі нам закусіць, а гарэлка вось яна. (Ставіць на стол.)

Гапка. А чаго прынесці?

Гаспадар. Нясі пеўня таго засмажанага.

Гапка. Пеўня Лыска з’еў.

Гаспадар. Як так?

Гапка. Вы пакінулі расчыненыя дзверы, а Лыска ўлез і з’еў.

Стражнік. Если желаете, можно протокол отодрать со всякими категориями да параграфами, а затем в тюрьму за кражу.

Гапка. А хіба ж на сабак пішуць пратаколы?

Стражнік. А разве ворам оказалась собака?

Гаспадар. Ён у нас такі, нічога не пастаў, усё ўкрадзе.

Стражнік. Да, с собаки не взыщешь.

Гапка. А можа, паклікаць, ён тут. (Выйшла.)

Гаспадар (услед). Ну, тады нясі нам сала, хлеба... Там вам што, браток мой даражэнькі... ворагаў шмат у мяне ёсць, зямлю адабраць хочуць, суды, суды і суды. Ты мне так патрэбен, як вясною дожджык.

Стражнік. Я потрудиться могу. Чего не сварит мой котёл, до царя поедем. Там для меня двери открыты.

Гаспадар. А, браток мой... ты вялікай цаны чалавек.

Стражнік. Отдайте толькі дочь в мое полное владение, а враги сами разбегуться. Я тольки взгляну глазом (жэст), и все как тараканы в щели.

Гаспадар. Дачку я табе аддаў, гамані з маткай і вязі ў стан.

Стражнік. А колесы скрыпеть будут, помазать надо.

Гаспадар. Таксама з бабай. У яе грошы, у мяне гаспадарка. Зараз баба павінна быць, пагамоніш. А я, брат, не родны бацька, я айчым-прымака.

Стражнік. Ну, што ж, падаждём мамаши.

Гаспадар. Толькі, браток, не дай у крыўду мяне. Я — цёмны мужык, непісьменны, а ты і пішаш, і чытаеш, а прытым з царом за пана-браце.

Стражнік. Знакомых полсвета.

Гаспадар. Вось жа аб тое.

 

Уваходзіць Гапка з закускай.

 

Гаспадар. Гапка! Ты бачыш Пана-Цялея?

Гапка. Што за пытанне? Бачу.

Гаспадар. Нішто сабе чалавек?

Гапка. Ну, ведама, чалавек.

Гаспадар. Не роўня таму, як яго?..

Гапка. Кожнаму сваё. Татку соладка гарэлка, а мне не, татку падабаецца шык, а мне Янка-мужык.

Гаспадар. Ты ізноў сваё.

Гапка. Ізноў і ніколі іначай.

Гаспадар. Ты, брат, не ўважай, што яна пляце, а слухай мяне. Падабаецца?

Стражнік. Ужасна. Влюблён до глубины души.

Гаспадар. За жонку хочаш мець?

Стражнік. Хоть сию минуту.

Гаспадар. І згодна! Гапка, ты яго жонка, хадзі, сядзь тут.

Гапка. Не пайду і не сяду.

Гаспадар. Як так?

Гапка. А так.

Гаспадар. Сапраўды кажаш?

Гапка. А вам што, здаецца?

Гаспадар. Кажу, сядзь тут.

Гапка. Не сяду.

Гаспадар. А бізун на што?

Гапка. Біць будзеце?

Гаспадар. А няўжо ж дзьмухаць буду?

Стражнік. Отец, положите нагайку и успокойте свою нервную систему, ни одни правила не позволяют пороть женщин нагайками. Вы возбудились сами, возбудилидругих, что-то на мятеж похоже.

Гаспадар. Мяне не слухаць?

Гапка. Палажыце нагайку і скажыце па-людску.

Стражнік. І па-моему так.

Гаспадар. Пан-Цялей, не перашкаджай мне гаспадарыць у маёй хаце.

Стражнік. Агрипина Антимосовна, послушайте тяжеловесное слово отца и сядьте против моей личности. Зачем вам нарушение тишины и спокойствия?

Гапка. Я не сяду.

Гаспадар. Табе здаецца, што будзеш шуры-муры разводзіць з тым басяком?

Гапка. Даруйце, тату, я аб гэтым яшчэ не мысліла. Трэба ведаць вам тое, што гэта дзікі спосаб. Вы зробіце тое, што я адракуся і хаты і хлеба, уцяку, куды пасвецяць вочы. (Плача.)

Гаспадар. Эх ты, сарока бясхвостая, ды я цябе за гэтыя словы... (Замахваецца.)

Стражнік. Отец! Не нарушайте тишины.

Гаспадар. А як жа быць? Хто ж па-твойму я?

Стражнік. Давайте лучше вып’ем, а там и до ладу дойдём. (Налівае.)

Гаспадар. Каб мне ды гэтак адказваць.

Стражнік. Желаю счастья земного.

Гаспадар. Браток, ты пі, а мне дай хвілінку з ёй пагаварыць.

Стражнік. Отец, или вы перестанете, или я от вас ускользну.

Гаспадар. Ты гэтага не зробіш.

Стражнік. Вып’ем — і тады я ваш.

Гаспадар. Я п’ю. (П’юць.)

Стражнік. А теперь ещё по одной.

Гаспадар. І на гэта я згодзен... (П’юць.)

Стражнік. А теперь ещё по одной, и...

Гаспадар. Ну і чалавек з цябе... (П’е.)

Стражнік. А затем послушайте мою сладострастную речь. Отец, мать, а потом дочь, а с ними жених составляют могучую семью, которая считается единой, нераздельной семьей...

Зачем ссора, зачем драка, побои и нарушение спокойствия и тишины. Давайте жить по всем правилам очаровательной любви, а нагайки бросим. Нагайка... что ж такое нагайка? Нагайка — это такое хитрое плетение, называющееся нагайкой. И поэтому нагайке нет места на теле вашей дочери. Тело вашей дочери должно быть неприкосновенным.

Гаспадар. Я хачу, каб яна мяне слухала.

Стражнік. Паслушает, паслушает, правда, Агрипина Антимосовна?

Гапка. Ну, паглядзім. Пара ўжо запомніць тыя часы, калі білі мяне і я маўчала, цяпер я маўчаць не буду.

Гаспадар. А што ж ты цяпер зробіш?

Гапка. Досыць таго, што маўчаць не буду.

Гаспадар. Но, но, прыкусі свой язык.

 

Уваходзіць маці.

 

Маці. Што тут за шум? Ізноў слёзы, ізноў п’еш?

Гаспадар. Так, п’ю...

Стражнік. Совершенно правдоподобно. Пить — п’ём, но тишину нарушаю не я. Личность моя в скандале не участвует.

Маці. Ты мне скажы, нашто крыўдзіш сірату, мала здзекаваўся раней?

Стражнік. Мамаша, я скажу. Кровопролития здесь не было, насильственности также не было, отец нападает на дочь, дочь на отца, обоюдная свалка.

Маці. Стыдзіўся б.

Гаспадар. А чаму яна не слухае мяне?

Маці. А чаго табе трэба?

Стражнік. Мамаша, я скажу.

Гаспадар. Скажы, брат, скажы, а я... паслухаю... (П'е.)

Стражнік. Началось это с того петуха, которого ваш Лыска съел воровским способом. Старик хотел закусить, а петуха на месте не оказалось. Слово за слово, про петуха забыли, а начали про свадьбу. Я, значит, предложил свою руку, дочь ваша не пожелала и наконец привела в истерическое состояние всю нервную систему и по собственной охоте начала плакать. Вот и всё.

Гаспадар. Арол Пан-Цялей, арол, во дзе розум. Дзяржыся крэпка, брат. (Налівае і п'е.)

Маці. Не плач, дачушка. Слёзы твае так не пройдуць, не плач.

Гаспадар. Ну, ну, годзе там слюніць, дачку тваю на ўбой карміць не буду, не сягоння-заўтра з хаты выпхнуць трэба.

Маці. Чаму гэта выпхнуць, што яна ў мяне, бадзяка?

Гаспадар. А так. Ёсць чалавек, значыць, добра. У мяне ворагі ў хату ломяцца. А пакуль ён мне не свой, бараніць не будзе.

Маці. Смеху варта. Узяў бізун і замуж выпраўляе. Нечага сказаць. А вы што ж, паночку, згодны на гэткіх умовах маю дачушку ўзяць?

Стражнік. Не панимаю вас, мамаша.

Маці. Ну, каб бізуном дзяўчына заганялася.

Стражнік. Мне не то нужно, мамаша.

Гапка. Я ж кажу, вам пасаг патрэбен. (Паўза.) Мама, скажыце, што пасагу ў мяне няма. Я пайду за таго, хто мяне без пасагу возьме.

Гаспадар. Пасаг ёсць, во ён. (Паказвае на бізун.)

Маці. Гэта трэба ўзяць пад увагу, паночку, што пасагу ў нас няма.

Стражнік. Та-ак.

Гаспадар. Пан-Цялей, не слухай іх, яны лгуць, а слухай, што я скажу: пасаг ёсць. Доўга з імі не гавары, а пішы пратакол, рабі грозны від і гані ў стан. (Налівае.) Дзяржым. (П'е.)

Стражнік. Я, кажись, выметусь за двери. Скучная песенка.

Гапка. Весялейшай і быць не можа. Я за вас не пайду, гэта трэба ведаць вам...

Гаспадар (устае). Ану, паслухайце маю песню. (Грозна.) Ты доўга будзеш мне абражаць майго госця? (Замахваецца.)

Маці (хапіўшы вілы). Ах ты, п’янюга, біць будзеш?

Гаспадар. Дзьмухаць буду.

Маці. Ды я цябе калі дзьмухну...

Стражнік. Да перестаньте вы.

Гаспадар. Хто я тут?

Маці. Прымака... вон з хаты.

Гаспадар. Прымака?

Маці. Так, прымака. Ты яе не гадаваў і біць не будзеш.

Гапка. Вы без сэрца чалавек, я б вас лічыла за роднага бацьку, але вы не можаце насіць гэтага імені, бо вы бяздушны чалавек.

Гаспадар. Брыда, ані пікні. (Замахваецца.)

Маці (накінулася). Аддай бізун, ты анцыхрыст, а то я цябе... (Адбірае і кідае.)

Стражнік. І па-мойму так, успокойтесь, отец.

Гаспадар. Як-то ўспакоіцца, каб мяне, гаспадара, выганяць з хаты?

Маці. Як ты робіш, так робяць і табе.

Гапка. І так, паночку, яшчэ раз паведамляем вам, што пасагу ў нас няма.

Стражнік. Слышу.

Гапка. І дзеля гэтага пара нас заставіць.

Гаспадар. Як-то, майго госця выкінуць з хаты?

Гапка. Не выкінуць, а просім. Вашаму госцю, як і вам, патрэбны выгады, а выгад няма.

Гаспадар. Пан-Цялей, сядзь, стой.

Стражнік. Позвольте доложить вам, что я не кот и меня на щепки не возьмёте и не выбросите за окно. Я сам уйду.

Гаспадар. Я цябе не выкідаю.

Стражнік. Мой чин и моя личность не позволяют такого унижения, и потому... (Выходзіць.)

Гаспадар. Пан-Цялей, куды ты, стой... (Седзячы.)

Маці. Нарэшце пайшоў.

Гаспадар. Ну, а цяпер што вы скажаце? Госць мой дзе... га... (Устаў.)

Маці (беручы за руку Гапку). Госць твой там...

Гаспадар (грозна). Каб у момант мне быў тут. (Сеў.)

Маці. Пачакай трошкі, цьфу... (Выйшла.)

Гаспадар. Ага! Пабеглі... уздагон... спалохаліся... каб у момант быў тут. Ах вы, ліхадзеі. (Нагінае бутэльку, п’е.) Вось табе мой план. Няма абаронцы, няма зямлі, няма гаспадаркі. (Дрэмле.) Пан-Цялей, ну, падыдзі да мяне і скажы... скажы... Пан-Цялей... (Заснуў.)

 

Пасля вялікай паўзы ўваходзяць маці і Гапка.

 

Маці. Здаўся. Няхай спіць. Хоць на хвілінку спакой будзе. Сядзь і скажы, што тут было.

Гапка. Сперш прыйшоў стражнік і пачаў сваю песню спяваць, а затым п’яны айчым, як адзін, так і другі, адно кажуць. Жонкай каб была. Матуленька, вы самі чулі, яму патрэбны грошы.

Маці. Чула, дзеткі, чула. Для яго ты не жонка, бо такіх грошай, як ён хоча, у мяне няма.

Гапка. Хоць бы й былі, я за яго не пайду.

Маці. На ліха ён нам, а скажы, родненькая, яшчэ не вярнуўся Янучок?

Гапка. Не вярнуўся. Нет ведама.

Маці. Нет ведама, што добрага прывязе нам.

Гапка. Чуе маё сэрца, што нядобрае.

Маці. Усё можа быць.

Гапка. Ні ў яго льготы, ні ў яго права, адзін, ну і забяруць.

Маці. Шкода будзе хлопца.

Гапка. А цяпер якраз аб вайне пішуць. Прызыў суровы, пабяруць не гэткіх, як ён.

Маці. Не бядуй, дачушка, неяк ужо будзе.

Гапка. Так яно і будзе. Не жыць мне ўдому, калі роднага бацькі нямашака.

Маці. Дачушка, пакуль я жыва, не дам пакрыўдзіць цябе.

Гапка. Эх, колькі ён крыўдзіў, колькі біў, а за што, у чым мая віна? (Плача.)

Маці. Не плач, слёзы твае раняць маё сэрца. Не плач, дзеткі. Усё пераможам.

Гапка. І што ён да яго мае? Забараняе і на парог паказвацца. Цяпер такі час, а я не буду мець магчымасці пагаварыць з ім як належыць.

Маці. Не бядуй, пагаворыце.

 

Уваходзіць Янук.

 

Гаспадыня. Вось бачыш, і ён тут, лёгкі на ўспамін.

Гапка. Янучок, родненькі, як шчасліва, што ты прыйшоў. Якія ж вестачкі прынёс? Ну, глянь мне ў вочы.

Бязродны. Не пужайся, Гапачка, нічога страшнага.

Гапка. Ну, як жа з прызывам, забракавалі, а мо здалі, кажы, родненькі, не муч.

Бязродны. Нічога страшнага, прызыў адлажылі.

Гапка. Не веру, Янучок, не веру. Сэрца маё трывожыцца, і погляд тваіх вачэй не такі, як заўжды.

Маці. Усё роўна, дзеткі, ліхтаром пушчы не асвеціш, кажы, не скрывай. Калі радасць, то ўсе ўзрадуемся, а калі гора, разам заплачам.

Бязродны. Матуленька, дарагая, я не ведаю, як і сказаць вам... Я не ведаю, як прыйшоў да вас сягоння, апошні дзень я з вамі.

Гапка. Здалі? Значыць, ты не мой, пакідаеш? (Плача.)

Маці. Вось табе і радасць.

Бязродны. Гапачка, родненькая, не плач, усё будзе добра, часова разлучаемся, а там...

Гапка. Янучок, без цябе і мяне не будзе. Ты пакідаеш мяне ў такую дрэнную пару. Ты сюды не вернешся і мяне запомніш.

Бязродны. Не пакіну і не перастану мысліць аб табе. Пакуль будзе біцца сэрца ў маёй грудзі, ты будзеш маёй адвагай, ты будзеш маёй пуцяводнай зоркай на вайне, змагайся і жыві.

Гапка. Янучок, якое будзе жыццё, калі я буду хутка маткай. (Плача.)

Маці. Што я чула, божа мой!

Бязродны. Не плач, дарагая, не плач. (Апёршыся на плячо.) Матуленька, становішча маё, як і Гапкі, найгоршае; будзеце памагаць для вашай дачушкі — яна не загіне, апусціце рукі — яна прападзе.

Маці. Лепш бы мяне смерць прыбрала, чымсь чуць такую навіну.

 

Гаспадар абудзіўся і ўбачыў Янука.

 

Гаспадар. Гэта што, аднаго толькі выправіла, а другому нашто пачапілася. (Устае.) Э, ды тут рамансы, слёзы. Ты чаго, сцяповы ветрагон, прывалокся, калі я табе забараніў бываць тут? Вон з маёй хаты, а то я цябе колікам агрэю.

Гапка. Тату, за што вы гоніце яго?

Бязродны. Даруйце мне, тату, што я не паслухаў вас, але гэта апошні раз, я іду ў салдаты, а там на фронт.

Гаспадар. У салдаты заўтра, а ад мяне сягоння.

Бязродны. У мяне ж нікога няма, апроч вас. Дайце сіраце благаславенства.

Гаспадар. Нічога я не чую. Вон!

Гапка (на каленкі). Тату, пашкадуйце, за што?

Бязродны (на каленкі). Тату, пашкадуйце.

Гаспадар (адпіхнуўшы Гапку і адчыніўшы дзверы). Вон!

Маці. Звяруга, за што ты кідаеш яе?

Гаспадар. Я плачу тым самым, чым плацілі мне. Вон!

Янук. Матуленька не апушчайце, даглядайце, вярнуся, не запомню вас. (Пацалаваў.) Гапачка, жыві і цярпі сірочыя слёзы, не зважай на ачарсцвеўшую душу тырана. (Выбег, пакінуўшы шапку.)

Гапка. Янучок, Янучок!

 

Заслона

 

 

 

Акт ІІІ

У хаце на ложку ляжыць Гапка хворая. У калысцы дзіця, знахарка варыць лекі, маці плача.

 

Маці. Доля мая, долечка, век жыву, век мучаюсь, і за які грэх?

Знахарка. Яно ўжо так, дзеці блудзяць, бацькі пакутуюць.

Маці. Ці ж гэта родны бацька пакінуў бы дзіця, калі яно ўглядаецца ў вочы смерці?

Знахарка. Што ты ад яго хочаш, айчым — чужы чалавек.

Маці. З шынка не вылазіць, утраціў воблік чалавека.

Знахарка. Нячысціку запрадаўся разам са скурай.

Маці. І што мне рабіць? І дзе шукаць рады, няўжо помачы ніякай не будзе?

Знахарка (падыходзіць да стала, налівае ў міску ваду на 4 берагі, налівае зноў, жагнае стол, бярэ качалку, плюе на яе тры разы і кідае за акно).

 

Каціся, качалачка, з хаты у поле,

У пушчу, у бязлюддзе, у лес-сухастой.

З сабою хваробу каці у прыволле,

Дай душачцы волю і сэрцу спакой.

 

(Кінула качалку праз акно. Да хворай.)

 

Устань, мая родная, з пасцелькі мяккай

Ды разлучыся з хваробачкай цяжкай,

Глянь жа у вочанькі бабкі-знахаркі,

Прымі вадзіцу, жывую, святую,

Прагонім хваробу благую, цяжкую. (Дае ў лыжцы.)

 

Гапка (абудзілася). Дзе я, дзе я, чаму пакінулі мяне адну ў полі, я баюся, ой, не глядзіце так агністымі вачыма, мне страшна, страшна. (Прыглядаецца.) А ты хто, ты хто? Янучок, дарагі, ты прыйшоў, ну, падыдзі да мяне, я ж адна, абяздоленая. (Уздрыганулася.) Ой, мамка, не пушчайце, не пушчайце, звяры ідуць, парвуць мяне, загубяць, — пашкадуйце. (Падае на падушкі.)

Маці. Што будзе, што будзе? Няўжо лекі твае не памогуць?

Знахарка. А ты хочаш адразу, ні села, ні пала, на ўсё свой час. (Да Гапкі.) Паслухай мяне, дзеткі, напіся вадзіцы, здаровенькая будзеш, вясёленькая будзеш. Вось гэдак, вось гэдак. (Падыходзіць да стала.) Захварэць адразу, а ўстаць, пакуль яго. Я ж не прарок, не загадаю хворай, каб устала ды ні села, ні пала. На ўсё свой час.

Маці. Я ўжо не ведаю, што сказаць, чаго чакаць. Каб магла — сама за яе адпакутавала.

Знахарка. Кожнаму сваё, ні села, ні пала.

Маці. Бедная мая галовачка, бедная, што я пачну рабіць, нешчаслівая, загіне маё дзіцятка, пакіне мяне гаротную. (Паўза.) І нашто ты казала, што ён зранены, хіба ў цябе галавы на плячах няма?

Знахарка. Хто ведаў, што гэдак будзе, не так вінна я, як ліст ад яго.

Маці. Я ж казала табе не паказваць ёй, а ты нябось парупілася.

Знахарка. Ды вось так, ні села, ні пала, нячысцік спакусіў: пахваліся, парадаваць хацелася.

Маці. Вось бачыш — парадавала. Ей сягоння куды горш. Усю ноч плакала, воч не сплюшчыла, а цяпер гарачка.

Знахарка. Нічагутка, палепшае.

Маці. А дзе ты падзела ліст?

Знахарка. Ды ў яе ж пад падушкай у торбачцы. Там і шапка яго, усё трымае, не разлучаецца.

Маці. І што цяпер рабіць, у яго няшчасце, і ў нас няшчасце. Ён можа памерці там, а яна тут. Пры кім жа я застануся, хто ў помачы будзе на старасці? (Плача.)

Знахарка. І што цяпер рабіць, ды нічога не трэба рабіць. Будзеш гадаваць сама, ды і толькі. Паслізнулася дзяўчына, ні села, ні пала. Цяпер і плачаш, і скачаш, а чаму раней не даглядала, дзе былі вочы твае?

Маці. Не данімай хоць ты, і так сэрца кроўю абліваецца.

Гапка (праз сон). Не адбірайце ад мяне, я не аддам... вы хочаце забраць (усхвацілася), прэч ад мяне, звяры дзікія... я вас баюся... (Прыглядаецца.) Янучок! Гэта ты, ты, ну падыдзі, гэта я, не бойся, ты не чурайся мяне, мы будзем разам, вечна разам... а там, мой родны, ты бачыш, якое неба яснае, трава зялёная, і сонца свеціць... Ну, падыдзі, я цень твая. (Водзіць рукамі па сцяне і падушцы.)

Маці (плачучы). Не, што ўжо будзе, тое будзе. Я пабягу ў воласць, фельчара прывяду... Твае лекі не дапамогуць...

Знахарка. А ты хочаш адразу, ні села, ні пала. Ну, што ж, вядзі фельчара.

Маці. Кінуся ў ногі, няхай вызваляе. Калі ласка, ты тут даглядай, я хутка вярнуся...

Знахарка. А мне што, дагледжу.

Маці. А часам прыйдзе той п’яніца, і блізка да хворай не падпусці.

Знахарка. А на мой розум, сядзі, баба, у хаце, а то якраз смерць у хату прывалачэш.

Маці. Чаму смерць?

Знахарка. А што ж табе здаецца, фельчар — не смерць? Смерць, мая міленькая, смерць.

Маці. Што ўжо будзе, пабягу. Слухалі тваёй рады, паслухаем яго. (Апранаецца.)

Знахарка. Паможа табе фельчар, як лысай галаве шмаравідла.

Маці (падыходзіць да Гапкі). Дзеванька мая, родная, заставайся адна, а я пабягу, быць можа, прыйдзе табе збавенне, а матцы радасць. (Пайшла.)

Знахарка. Усе яны лечаць, ды вылечыць не могуць. Грыпіну рэзалі — зарэзалі. Васілю нагу адпілавалі — памёр. Язэпу тыфу прышчапілі — памёр. З Анупрэя кроў высмакталі ды нейкаму пану за скуру залілі — памёр. Будуць і тут хаўтуры, — вядзі. Я ведаю, як у іх робіцца. Прыедзе, пацягне носам паветра, дзяцей можа выгнаць, выцягне хвораму язык з мяліцы, прыцісне лучынай, пераліча зубы, пагрымзеліць на паперцы, і толькі. І што ж, фельчар у адзін бок, а душа — у другі.

 

Уваходзіць п’яны гаспадар.

 

Гаспадар. Вось і я... Каб яго качкі, нос умарозіў. Халадэча шалёная. А! Каго бачу, знахарка...

Знахарка. Яна самая...

Гаспадар. Якога ражна робіш тут?

Знахарка. Хворую лечым.

Гаспадар. Ну, гэта не хвароба, а капрызы.

Знахарка. Жартуеш, старэнькі. Дачка твая хворая, дзіцятка не ў пору з’явілася.

Гаспадар. Аб гэтым усе ведаюць.

Знахарка. Жар у галаве, боль у грудзях. І зноў кажу, дачка твая хворая.

Гаспадар. Такая яна мне дачка, як ты сястра, шкада, не маю часу, а то вылечыў бы адразу.

Знахарка. Чым бы вылечыў?

Гаспадар. Паленам.

Знахарка. Но, но, няхай палена гарыць у печы, а табе скулу на язык, каб не брахаў.

Гаспадар. Жонка дзе?

Знахарка. Ды па фельчара пабегла.

Гаспадар. Ну і добра. Збяруцца фельчары, знахары, паклічам дзяка, пачнём хаўтуры спраўляць. А ты, ведзьма, выць будзеш?

Знахарка. Як заплоціце, так чаму ж.

Гаспадар (дастае бутэльку). А то як жа — заплачу.

Знахарка. Ах ты, п’янюга, без гарэлкі ані кроку.

Гаспадар. А то як жа, заліваем балючае нутро гарэліцай, і ліха не бярэ, толькі, ведаеш, часамі нячыстая сіла падсуецца да мяне і свае парадкі ў маёй галаве заводзіць.

Знахарка. Крыжом бараніся, крыжом.

Гаспадар. Я бутэлькай баранюся.

Знахарка. Ну і што?

Гаспадар. Слухае, падла. (Налівае.) Ну, будзь жыва. (П'е.)

Знахарка. На здароўе.

Гаспадар (налівае). Пі.

Знахарка. Боязна трохі, даўно піла, нап’юся, а тут хворая адна.

Гаспадар. Хворая не адна. Глянь, які ў калысцы ляжыць.

Знахарка. Бачыла, бачыла, быццам то анельчык дрыгае ножкамі.

Гаспадар. А я глядзець не хачу.

Знахарка. Бо самасейка, без паспарту.

Гаспадар. Памятка, што Бязродны быў.

Знахарка. Быў Бязродны, а цяпер, бач, і радню мае. Хіба нездаволен?

Гаспадар. О, як здаволен. Частку зямлі адабралі, суд прайграў, добрыя людзі адчураліся, а той ураднік Панцялей і рукі пры спатканні не падае.

Знахарка (выпівае і сваю і яго). А... і трэба ж так.

Гаспадар. Ганяў яго, таго шалахвоста, дый мала, а цяпер глядзі на гэткую абразу. Ляжыць, каб яна не ўстала.

Знахарка. Але ж ціха, не лайся. Яшчэ пачуе, разжаліцца.

Гаспадар. Такога чалавека выгнала, а з басяком падружылася.

Знахарка. Важны быў чалавек і разумны. (Налівае.)

Гаспадар. Так вось бачыш, аднаго выгнала, а другому на шыю пачапілася. Добра, што ў пару абудзіўся, а то з сабой у салдаты і павалок бы.

Знахарка. І што ж ты зрабіў?

Гаспадар. За карак ды вон. Пусціў з сенцаў так, ажно памяць утраціў, шапку і тую не паспеў узяць...

Знахарка. Шапка яго тут пры ёй у торбачцы ляжыць пад падушкай.

Гаспадар. Каб ён першай кулі не мінуў, як ён мне ўсе планы пабурыў.

Знахарка. Ціха, не крычы, ён ужо зранены, жыць ці будзе.

Гапка. Грэх вам, тату, апамятайцеся, што кажаце.

Гаспадар. Яшчэ дыхаеш?

Знахарка (п’е абедзве чаркі). Ціха, не лунь у вочы. (Набок.) Лекі мае памаглі, дзяўчына пры памяці. Праўда, дзеткі, грэх, вялікі грэх, мукі несчыслёныя, агонь пякельны вечны.

Гаспадар. Грэх кажаш?

Гапка. Ён вас баяўся, бо вы былі, ох... (Паўза.) Шапку я яму аддам.

Гаспадар. Збегай, аддай і жывёлу гэтую вазьмі. Ну, баба, налівай чарку. (Налівае.)

Знахарка. Гапачка, п’ю за тваю душаньку, за твайго анельчыка і за татку яго. Няхай малы бегае і нас даганяе, а твой Янучок дамоў вароціцца. (П’е.)

Гаспадар. А, чортава качарга. Ап’янела. Пляцеш ліха ведае што.

Знахарка. І не дзівіся. Працую, працую і працую, праз усю ноч вока не сплюшчыла. Даруй, каласочак, а я прыкархну хвілінку, галава мая, ой, галава... (Засынае пад сталом.)

Гаспадар. Спі, старое памяло.

Знахарка. А калі запытаецца, скажы, там, пад печкай, пад печкай.

Гаспадар. Хто пад печкай?

Знахарка. А ён, той смуглявы. Бяда з ім, дый годзе, ганяла, ганяла і замарылася. Я на печ, ён пад печ, я на прыпек, ён у печ, а пасля пайшоў, пайшоў, пайшоў...

Гаспадар. А, яна пэўне з нячыстым хаўрус завяла, не аднаго мяне гора водзіць па печы і не дае спакою. (Нагінае бутэльку, п'е.) Гэта завецца, я гаспадар. У маёй хаце самасей расце. Нішто сабе... Ану, спытаюся у гэтай гіцлёўкі, чаму выгнала Пана-Цялея. (Падыходзіць і стукнуўшы кулаком.) Гэй, ты!

 

Гапка ўсхватваецца.

 

Гаспадар. Я пытаюся, хто гэта?

Гапка. Я, я, я...

Гаспадар. Мову заняло. Казаць няма чаго. Вон з маёй хаты, каб і следу не было, тут месца і здаровым мала, а хворым з кахання і падаўна.

Гапка. Тату, у чым мая віна? За што?

Гаспадар. Каб і звання не было. Вон!..

Гапка. Куды ж я хворая пайду?

Гаспадар. Ідзі і прывядзі мне таго, каго выгнала, памятаеш?

 

Гапка стаіць пры ложку.

 

Гаспадар. Ну, чаго ж яшчэ? Ад слова...

Гапка (бярэ дзіця). Пойдзем, мая родная дзетка, мы — бяздомныя, нам няма месца. (Узяла торбу.) Даруйце, тату, я ні ў чым не вінна... даруйце. (Пайшла.)

Гаспадар. А бабе галаву пашчапаю, чаму дапусціла, а не ганяла таго свінапаса. Я ёй дам. Эх, Пан-Цялей, Пан-Цялей, дзе мая зямля, дзе мае суды... Што чакае мяне, дзе радасць, дзе мой абаронца? (Дрэмле.) ...Ага, во мая радасць, мая ўцеха, ты дзелішся са мной усім, ты весяліш маё гора. (Дрэмле.) А ты куды лезеш, чортаў смык? Каго табе трэба, мяне? О, не, мяне не возьмеш. Я сілу маю... Стоп, стоп, тпру... тпру... Ні з месца. (Засынае.)

 

Уваходзіць маці і фельчар.

 

Маці. Дачушка мая... фельчар ёсць. Што я бачу, дзе ж дачушка мая... дзе дзіцятка маё? (Тармосіць п’яных.) Дзіця дзе маё падзелі, дзіця дзе? Забіў, забіў... (Падае на калені пры ложку.) І за што такое гора, такая кара, за што? (Плача.)

 

Заслона

 

 

Акт IV

 

Дэкарацыя І акта. Дзверы і вокны забіты дошкамі.

 

Бязродны (ідзе зранены). Як дрыжыць сэрца, аж халадзее кроў. І радасна пры мыслі, што зараз убачу, і страшна, калі падумаю, што замуж выдалі. Я акалечаны, без сіл прыйшоў сюды да мілай Гапачкі маёй. Так выйдзі ж, маё сонца, выйдзі глянь... А сэрца так дрыжыць, як у непагоду ліст... (Падыходзіць бліжэй.) Што я бачу?.. Чаму і дзверы і вокны дошкамі забіты? Мабыць, не жывуць? Як так? Што са мной? Як заныла сэрца. (Сеў на лавачку.)

 

Праходзяць двое сялян.

 

І селянін. Спяшайся, кум, а то спознімся.

ІІ селянін. Прыстаў зусім, старасць не радасць.

І селянін. Хто ж гэта, салдат нейкі, што з табою, чалавеча добры?

ІІ селянін. Пэўне хворы. Што з табою? Га?

Бязродны. Нічога! Заныла сэрца.

ІІ селянін. А хто ж будзеш?

Бязродны. Не спазналі? Я — Бязродны. Парабкам служыў у гэтай вёсцы.

Абое. А, вось хто — Бязродны. З вайны вярнуўся.

І селянін. Што ж гэта, зранілі цябе?

ІІ селянін. Ды пэўне ж — нага скалечана.

І селянін. Вайна — біч божы.

Бязродны. Скажыце, даражэнькія, чаму іх хата дошкамі забіта, дзе ж яны, што з імі?

І селянін. І ўспамінаць вусцішна. Нешта страшнае ўзвалілася на долю гэтых бедакоў.

Бязродны. Не мучце, кажыце, дзе Гапка?

ІІ селянін. Так вось за Гапку і бяда ўся. Сам айчым піў без памяці і душу сваю пэўне чорту запрадаў, калі ўжо наважыўся такую расправу ўчыніць над тваёй маладзіцай. Яна была хвора. Дзіцятка нарадзілася, а ён уз’юшыўся і прагнаў...

Бязродны. Прагнаў?

ІІ селянін. Прагнаў, і толькі бачылі. Ці яна дзе ў раку рынулася, ці так куды сышла, але дос таго, што й па гэты дзень няма.

І селянін. Кажуць людзі ўсяк. Адны кажуць, што да цябе пайшла ды збілася з дарогі, у пушчу трапіла і там смерць напаткала, а другія кажуць, што ў віры глыбокім ляжыць. Хто ж яго ведае? Толькі ўжо, калі трапіла ў пушчу, там смерць немінучая, ваўкі нападуць, і чалавек згінуў.

ІІ селянін. А я чуў, што яна ў віры глыбокім ляжыць на самым дне і ў маладзіковую нядзелю, калі ў царкве дзвягне першы звон, яна ўстае і плача над трупам свайго дзіцяці. І, праўду кажучы, стогн гэты, плач замучанай душы мы чулі.

І селянін. Быццам то вецер у асеннюю ноч заводзіць. Слухаеш, і страх агортвае тваю душу.

ІІ селянін. А вось хто табе скажа, знахарка наша, яна лячыла хворую і больш ведае за нас.

 

Прыходзіць знахарка.

 

Знахарка. Каго ж лячыла я? Хто пытаецца?

І селянін. Ды Гапку з гэтай хаты, давядзі ўсё як след, а мы пайшлі.

Знахарка. А! Гапку з гэтай хаты? Памятаю.

Бязродны. Цётачка, скажыце ўсё, што толькі ведаеце.

Знахарка. А то як жа, скажу. Больш ад мяне ніхто не ведае. Мне толькі і прыйшлося бараніць яе ад азвярэўшага айчыма. Ну і чалавек, не людское сэрца меў, што ні прасіла, што ні маліла, нічога не памагло.

Вось, значыць, паклікалі мяне. Яна хворая ляжала. Вочы ўпаўшы, галава гарыць, дзіцянётка нехрышчонае было, у калысачцы ляжала, а яна кідалася ў гарачцы, клікала кагось, запомніла, чыё імя ўспамінала. (Прыпамінае.) Як яго? Янучка нейкага, Янучка клікала.

Бязродны. Ох! Якія перажыткі!

Знахарка. Шапачку ў торбачцы пад падушкай трымала і ліст ад некага, ой, цяжка ёй было, цяжка, рукамі пераймае, кліча, быццам цень бачыла перад сабой, і так мучылася, пакуль айчым не прагнаў.

А хто ж сам будзеш? Ці не той самы, аб якім успамінала, а... якая шкода, на вайне быў, зранены, цяпер я зразумела, ад цябе і ліст быў аб няшчасці.

Янук. Так, ліст быў ад мяне.

Знахарка. Адно пры другім, а дзяўчына загінула, дапамог-то п’янюга, хаця ж па смерці не варта дрэнным словам успамінаць душачку яго.

Янук. А што з ім?

Знахарка. Таксама злажыў сваю галаву, напіўся і памёр сярод дарогі, як быдла.

Янук. А маці дзе?

Знахарка. Звар’яцела, бядачка, ходзіць непрытомная па сяле, страх глядзець.

Янук. Што за страшная хмара пранеслася над хаткай пахілай? О, неба! За што ж гэта, за што?

Знахарка. А вось праз вуліцу маці ідзе. Мне заставацца нельга, я сыду з воч, бо не магу. А ты пагавары. Ох, божа, божа, даруй цяжкі грэх. (Пайшла.)

 

Маці з кветкамі. Яна прыглядаецца.

 

Янук. Матуленька! Ці пазналі мяне?

Маці. Ці пазнаю цябе, цябе, такога, што вырваў з матчыных грудзей дзіця. Пазнаю. Я ведаю, ты страх, мой біч, ты следам соваешся і хочаш спадцішка ўвайсці у мой палац. Вось мой палац, вось мае кветкі, а тут на траўцы сляды маёй гаротніцы. Ох, яна, бедная, адна. (Плача.) Дзіця маё, дзіцятачка, цябе няма, цябе загналі тут, цвіком прыбілі... Ой, прыбілі, не вырвешся і не ўстанеш. (Раскладвае кветкі ў парозе.) Гэтыя кветкі сум душы маёй, я не аддам іх, не аддам нікому. А ты ідзі адсюль, ты хочаш патаптаць сляды яе. О, не! Я не дапушчу, буду бараніць.

Янук. Нашто ж спяшаў, нашто я верыў? Усё скончана. Усё!

 

Чуваць звоняць.

 

Маці. Вось! Чуеш! Гэта кліч яе! Голас загубленай душы, стань тут і стой, а я пайду, можа, чакаюць, я адчыню ёй браму светлую і на пасад іх пасаджу. (Пайшла.)

Янук. Гапка! Гапка! Які цяжкі перажытак залёг у сэрца мне. Крывавыя абразы, крывавыя сляды. (Становіцца на калені.)

О неба! Справядлівае, сонца агністае, асвяці цярністы шлях майго сірочага жыцця і ўзвядзі на сцежку, каб мог знайсці сваё загубленае шчасце.

 

Заслона

 

 

Акт V

Дзікая пушча. На снезе ляжаць торба і косці чалавека.

 

Янук (ідзе храмаючы). Змяркае, і дарогі далей няма, ваўкі выюць. Нікога не відаць, нікога не чуваць, толькі рэха нібы насміхаецца нада мной і ўторыць майму голасу. (Убачыў торбу.) Што гэта? Хата пастушша дзе недалёка, можа, шчасцем напаткаю яго. (Разглядае і бярэ там сваю шапку і ліст.) Што я бачу, ці праўда, мая шапка, мой ліст, няўжо тут, тут сходзіць дарога, няўжо тут смерць знайшла ў дзікай пушчы?

О, вы! Нямыя сведкі, ці бачылі вы дарагую маю Гапку, як блудзіла яна, скажыце, скажыце? (Ўбачыў косці і хваціў у рукі чэрап.) Гапка! Гапка!

 

Заслона


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан