epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Бязвінная кроў

Акт І
  З’ява І
  З’ява ІІ
  З’ява ІІІ
  З’ява IV
  З’ява V
  З’ява VI
  З’ява VII
  З’ява VIII
  З’ява ІХ
  З’ява Х
  З’ява ХІ
  З’ява XII
  З’ява ХІІІ
  З’ява XIV


Драма ў трох актах

 

Асобы

 

Гаспадар — заможны шляхціц.

Гаспадыня.

Студэнт.

Ціт-пастух.

 

Дарота.

Фурман.

Сялянка.

Хлопчык.

 

 

Акт І

 

 

З’ява І

 

У хаце заможнага шляхціца. Сам гаспадар сядзіць у крэсле, чытае газету. Хворая жонка сядзіць у другім канцы.

 

Гаспадар. Чытаю і думаю, да чаго можа дайсці, азвярэўшы, утраціўшы воблік чалавека, чалавек. Трымаю ў руках газету, а мне здаецца, трымаю акрываўлены ліст паперы, надрукаваны кроўю людзей: там разбілі, там спалілі, а тут выразалі ўсю сям’ю. Няма закону, няма парадку. Чалавек, што быдлё: бізун з рук не выпускай.

Гаспадыня. А ты не чытай. Нашто трывожыць сваё сэрца крывавымі весткамі.

Гаспадар. Як можна не чытаць? Мярцвяк у дамавіне перавернецца, а я — жывы чалавек. А прытым, газетная вестка малюе ўсю будучыню, якую нясе для нас вораг.

Гаспадыня. Які вораг?

Гаспадар. А такі, каторы задушыць нас і адбярэ зямлю.

Гаспадыня. Не разумею.

Гаспадар. Многа чаго ты не разумееш!

Гаспадыня. Але ж выразней сказаць можаш? Які вораг адбярэ зямлю?

Гаспадар. А такі, які зусім недалёчка жыве ад нашага двара... А гэтых ворагаў шмат ёсць. Яны толькі і чакаюць, калі пажар гэты дакоціцца да нас, і тады мае абшары будзе рэзаць чужы плуг, а векавечныя лясы паваліць бязлітасная іх піла.

 

Гаспадыня закашляла.

 

Гаспадар. Ты маўчыш, — вусцішна становіцца пры мыслі, а як жа мне? Я ўжо бачу на тым далёкім небасхіле пажар і чую пах крыві людской.

Гаспадыня. Калі на тое пойдзе — частку зямлі аддамо.

Гаспадар. О не... зямлі я не аддам. Тут вітае дух маіх дзядоў, я чую голас іх, я бачу іх цені... Мне, слаўнаму патомку, лепш смерць.

Гаспадыня. Хто ведае, як будзе... Двор наш далёка ад гасцінца, — абмінуць.

Гаспадар. А двор князя абмінулі? Азвярэўшыя салдаты ў палацах князя парвалі на анучы габелены, парэзалі малюнкі Рафаэля, пасеклі мэблю.

Гаспадыня. Адкуль жа салдаты ўзяліся?

Гаспадар. Фронт кінулі... і з сялянамі рабуюць край. Дні чорныя прыйшлі для нас. Вайну прайгралі, законы пішуць усе, а мужыкі рады гэтаму бязладдзю, нажы точаць — адамсціцца хочуць.

Гаспадыня. Праўду кажучы, ты сам вінен...

Гаспадар. У чым мая віна?

Гаспадыня. Не маеш спагадных рук, якія б ратавалі цябе... ты...

Гаспадар. Што я?

Гаспадыня. Паневяраў ты вечна мужыком... зневажаў, як быдлё якое... калі бачыў перад сабою станавога...

Гаспадар. Як так?

Гаспадыня. А так. Ты ўспомні, як ламаў кіі на мужычых карках, калі што было не так. Аднаму Ціту горб набіў кіямі... Маўчыш?

Гаспадар. Словы не памагалі.

Гаспадыня. А кіі памагалі?

Гаспадар. Ах, пакінь ты свае маралі, твая галава больш занята справай чужой, чымсь сваёй...

Гаспадыня. Праз гэта я і памру раней, што адчуваю і чужыя слёзы. Не шкадую жыцця. (Прыкрая паўза.) Ах, хоць бы сын хутчэй прыехаў...

Гаспадар. Я прашу не ўспамінаць аб ім... ён для мяне — чужы...

Гаспадыня. Які чорствы ты чалавек, і ён жа родны твой, век жыць не будзем.

Гаспадар. Перш чым мы памром, у нас можа нічога не быць, і сынку твайму не будзе на чым гаспадарыць, а па-другое, ён і сам не хоча гаспадаркі... Памятаеш, казаў зямлю аддаць мужыкам... ён сацыяліст.

Гаспадыня. Дык што, калі сацыяліст. Што гэта, забойца які?

Гаспадар. Як хочаш разумей. У яго галава занята, каб задушыць багатага і даць прастору галадранцу.

Гаспадыня (плачучы). Ды што — мой сын душагуб, за што ты зневажаеш мяне?

Гаспадар. Праўду кажу. Сын твой — вецер-буралом. У сталіцы сядзіць і водзіць рой бунтаўшчыкоў.

 

Прыкрая паўза.

Гаспадыня плача.

 

 

З’ява ІІ

 

Уваходзіць аканомка Дарота.

 

Аканомка. Прывяла кабеціна хлапца, што за падпасавіча маніцца аддаць.

Гаспадыня. Ты бачыла яго?

Аканомка. Ды чаму ж, бачыла... Вось гэтакае парасё, а ўжо на службу лезе.

Гаспадыня. Не з роскашы нябось... (Да гаспадара.) Ну што, возьмем падпаска?

Гаспадар. Ты сабе бяры, а я атрасаю рукі. Хутка самому ў пастухі наймацца прыйдзецца.

Аканомка. Начыталіся, паночку, газетаў і страху сабе нагналі. Плюньце, паночку, на гэту гармідасію, газеты шмат каму шпік высушылі і ў вар’яцкі дом загналі. Вось хоць бы ўзяць Лейзарава сына: чытаў дзень, чытаў ноч і дачытаўся да таго, што розум раскіс на зацірку, узлез на хату, запяяў пеўнем і... паляцеў старчаком уніз. Гаротныя бацькі костачкі сабралі, на могільнік завезлі, і толькі. Свет не мае ні разумнага, ні дурнога. Я гэтай брыды ў рукі не бяру, у мяне раніцой і ўвечар на руках кантычка, а на вуснах слова божае, і верце мне, і на дах не палезу, і пеўнем не запяю.

Гаспадар. У гэтым напрамку ты шчаслівейшая, не маеш нічога і не чытаеш нічога... (Паўза). Гарэў двор князя, ты глядзела і не адчувала?

Аканомка. Бо чужое.

Гаспадыня (да гаспадара). Так скажы, возьмем хлапца ці не?

Гаспадар (да аканомкі). Пакліч...

Аканомка. Зараз клікну... (Выйшла.)

 

 

З’ява ІІІ

 

Сялянка, хлопчык і аканомка.

 

Сялянка. Дзень добры ў хату.

Гаспадыня. Гэтага хлапца аддаеш на службу?

Сялянка. Гэтага... адзін ён у мяне, сірата.

Гаспадыня. Адкуль, здалёку?

Сялянка. З Красналук, панечка.

Гаспадыня (да аканомкі). Паклічце Ціта.

Аканомка. А ён толькі прыгнаў быдла...

Гаспадыня. Ну, а плакаць па мамцы не будзеш?

Хлопчык. Я ўжо служыў і не плакаў...

Гаспадыня. Ну, і маладзец, падыдзі да мяне... (Цалуе хлапца.) Люблю дзяцей... (Кашляе.)

 

 

З’ява IV

 

Ціт (пастух)

 

Ціт. Даражэнькім панам шчырае прывітанне. (Хоча цалаваць руку пані.)

Гаспадыня. Ах, Ціт, калі барада ў цябе...

Ціт. Ваша праўда — як памяло... але барада — рэч вельмі добрая, ні шаліка, ні каўняра ніколі не трэба... І калі толькі верыць, што цыган мне казаў, то барадатых і смерць не любіць, каса аб валоссе тупіцца...

Гаспадыня. Вось табе, Ціт, падпасавіч, што скажаш?

Ціт. Гэты анельчык? Ну, што ж я скажу? Падзякую панам за ласку, а яго хваліць буду за службу... І як гэта на свеце ўсё складаецца: праз усю ноч сягоння дабіваўся шчыглік у хату, — прыгожы, рахманы, воч не адарвеш! Абудзіўся я і думаю, як шчыгол да мяне прыляціць, аж во ён, шчыгол... Здароў будзь, сынок... (Цалуе.) Дзякую панам за ласку, а табе, маці, што ўзгадавала яго. Хлапец пад рукой — вялікая помач: бывае, у непагоду косці калі пачнуць ныць, калі пачнуць, здаецца, воўкам выў бы... а тут жывёла ў полі... ганяцца трэба, ну, і, не звяртаючы ўвагі, шамуль, ды калі крыкнеш: гэй, куды, рабая! (Моцна крыкнуў.)

Гаспадыня (спужаўшыся). Ты што гэта, Ціт?

Гаспадар. П’яны, ці якое ліха?

Ціт. З радасці памяць страціў.

 

 

З’ява V

 

Аканомка.

 

Аканомка. Звалі мяне?

Ціт. Звалі кароўку рабую.

Аканомка. Гэта што за жарты?

Ціт. І як жа мне не радавацца: усюды, дзе трэба косці старыя нясці, хлапчанё даляціць.

Гаспадыня. А ты рад, Ціт?

Гаспадар. Чаму не! Свой абавязак ды некаму другому на горб узваліць.

Ціт. Хіба ж, паночку, самі ведаеце, колькі працы валілі на Цітаў горб... хо! хо! хо! Ціт на сваім гарбе вёз усіх, хто хацеў ехаць, і маўчаў, а цяпер саслабеў, не важу нікога... А колькі Ціту кіёў уклеілі, паганяючы... ой, ой, пан, ведаеце!

Гаспадар. Пачаў ужо сваю валачобную...

Ціт. Ды я так сабе, успомнілася... цяпер мне не да гэтага... старасць агрэла, непагода мучыць мяне, на дождж круціць жылле, нібы чэрці на кантрабасы іх цягнуць, а ўночы баляць косці.

Аканомка. Вось язык, так язык... нібы вехаць.

Ціт. Ах, і ваша мосць тут! Выбачайце, што няўважна стаю; будзьце ласкавы, пасоўвайце свой нос бліжэй...

Аканомка. Пудзіла агароднае.

Ціт. Няхай буду пудзіла... (Да гаспадароў.) Жартаваць, паночкі, я люблю, але ўсё ж лічыце Ціта за спагаднага чалавека, які высока шануе вас.

Гаспадар (да гаспадыні). Рабі які канец з гэтым хлапцом.

Гаспадыня. Ну, дык скажы, кабеціна, за якую цану аддасі хлапца?

Сялянка. Хіба ж не скрыўдзіце?

Гаспадыня. Ну, добра, да каляд ён наш... пакармлю, апрану і заплачу.

Сялянка. Згодна, панічка.

Гаспадыня (да аканомкі). Завядзіце яго на другую палавіну, пакарміце, а заўтра — да працы.

Аканомка. А красці ты, часам, не ўмееш?

Ціт. Во! Не ўцярпела, запыталася! Я скажу: хіба ад цябе навучыцца.

Аканомка. Пытаюся, бо хачу ведаць.

Сялянка. Крушні золата кладзіце — не возьме.

Ціт. І калі гэта, ваша мосць, іначай на людзей глядзець будзеце, няўжо гэта ўсё зладзеі?

Аканомка. Не адзывайся да мяне, гэта мая рэч.

Ціт. Пойдзем, дзіця!

Сялянка. І так, шчасліва заставацца. (Выйшла з хлапцом.)

Ціт. Яшчэ раз дзякую панам. (Хоча пацалаваць руку.)

Гаспадыня. Не трэба, Ціт, барада твая...

Аканомка. Ён увесь як пудзіла, хоць у каноплі.

Ціт. На вясну абое станем, я ў адным канцы агарода, а ваша мосць у другім... во зададзім жаху вераб’ям... (Адыходзіць і наступае на нагу аканомцы.)

Аканомка. Куды ж ты ўзбіўся, рынгутант, ці табе лупачы не свецяць...

Ціт. А ў чым жа рэч?

Аканомка. Косці пахрамсаў і яшчэ пытаецца.

Ціт. Косці! Як не сорамна лгаць, лапаць пахрамсаў косці.

Аканомка. Не ва ўсіх жа скура такая грубая, як твая.

Ціт. Што казаць, твая, мая цана, мусіць-то, адна...

Аканомка. Цьфу на цябе, вадзянік. (Плюнула і выйшла.)

Ціт. Я б крышку іначай плюнуў, ды паноў шаную.

Гаспадар. Застаў нас адных.

Ціт. Пайду, мой дарагі пан, але хацеў адно здарэнне ўспомніць.

Гаспадар. І да раніцы, пэўне, не скончыш?

Ціт. Кароценькае, во гэтачкае.

Гаспадыня. Будзь ласкаў, Ціт, я рада слухаць.

Ціт. Выправіўся я раз з суседам Анупрэем у горад дзіваў паглядзець. Сусед узлажыў дзедаўскія з жалезнымі падкоўкамі боты, а я — босы, і пайшлі. Невялічкі я тады быў, але ведаў, што нам, мужыкам, сярод дарогі выгадней ісці. Кажу Анупрэю: «Не лезь, дзядзька, на тыя дошкі, дзе паны ходзяць», а ён нібы не чуе, лезе ў самы гушчар. Пакінуў я Анупрэя ды йду адзін. Толькі вокам я міргнуў, аж бачу — успёрся мой Анупрэй з ботамі на нагу нейкай пані. А міленькія мае! Калі заякоча яна ды калі ўгрэе Анупрэя парасонікам па носе, аж застагнаў, бедны, але ўсё ж, не ўтраціўшы прытомнасці, ссунуўся ўбок, хацеў, знаць, саступіць, ды шась на нагу нейкаму пузатаму пану, і той, як каршун, на яго, згроб аберуч Анупрэеву бараду ды калі даў, то, як казаў бядак, з галавы званіца зрабілася, у сто званоў званіць пачало. Вырваўся ён з рук таго пузатага дабрадзея ды пытаецца ў мяне, ці цэла барада, а я кажу яму: «На адну драку яшчэ хваціць». Ідучы дамоў, мой Анупрэй сказаў, што больш у места не пойдзе, каб зусім барады не страціць. Так і я: загадаваў бараду, як засланку, і рад, што ўзімку ні шаліка, ні каўняра не трэба.

Даруйце, паночкі, заняў вас дурной размовай, а аканомка няпраўду казала: лапаць ці бот касцей не паломіць. (Выйшаў.)

Гаспадар. Ну, як? Задаволена апавяданнем?

Гаспадыня. І раней, і цяпер я слухаю гэтага жартаўлівага чалавека, і як жа іначай: ён пры мне састарыўся, ён аддаў свае сілы нам, я яму верыла, слухала, а чаму не слухаць цяпер?

Гаспадар. Чуў я гэта не раз, але кожны павінен ведаць сваё месца: маёй думкі ніхто не павінен ведаць. Кожны чалавек у гэты грозны час можа быць шкадлівы.

Гаспадыня. А гэты якраз не; ён гатоў жыццё сваё аддаць за нас, ён узгадаваў мне сына.

Гаспадар. Сацыяліста! Вялікая заслуга...

 

 

З’ява VI

 

Уваходзіць фурман з газетамі і пугавішчам.

 

Фурман (здаволена). Паночкі, даражэнькія... ах, выбачайце: перш лісты і газеты. (Дае гаспадару замест газет пугавішча.)

Гаспадар. Ты спіш?

Фурман. А бадай яго, бадай... з радасці памяць утраціў...

Гаспадыня. А чаго ж так узрадаваўся?

Фурман. Толькі гэта скончыў я смактаць люльку і пацягнуў апошні дымок у вантробы, аж чую, калі раўне цягнік, калі чмыхне, як бугай, ды ла-та-та-та на вакзал... Адкуль толькі ўзяліся людзі...

Гаспадар. Ці карацей, часам, не можна?

Фурман. Скарачу, панок, скарачу. Адкуль, значыць, узяліся людзі! Адны з вагона, а другія ў вагон... пасыпаліся праз галовы бочкі, мяшкі, дзеці, бабы... гусі... парасяты, і я, значыць, кінуўся ў гушчар... Тут нехта тыц у рукі мне газеты і кажуць хавацца... Спужаўся я... і не ведаю, што рабіць... але як хавацца, так хавацца... разагнаўся гэта я — ды калі шухнуў убок... І сам не агледзеўся, як узбіўся на козлы. Конь сабе пайшоў памаленьку, а я, нібы пан, еду сабе, еду, еду сабе, еду...

Гаспадар. І дакуль ты, боўдзіла, будзеш плясці?

Фурман. І вось еду сабе, еду сабе... еду, пугавішча ў руках, люлька ў зубах... аж бачу: чалавек нейкі йдзе... Прыглядаецца на збажынку, кветкі рве... з адзежы нібы і мужык, а з фігуры — пан... руку акалечаную на стужцы трымае. Пад’ехаў я да яго і толькі рот разявіў, каб запытацца, куды йдзе... аж тут і люлька вываліся, і вочы паказеліліся...

Гаспадыня. Хто ж гэта быў, хто?

Фурман. Паглядаю, як баран, і тпру...

Гаспадыня. Але ж кажы, хто той чалавек?

Фурман. І вось неяк памяць з’явілася... і я ўбачыў перад сваіма люльку ў возе — і паніча нашага...

Гаспадыня. Хто? Сын?

Фурман. Ён, наш панічок даражэнькі!

Гаспадар. Лёгкі на ўспамін.

Гаспадыня. Дзе ж ён, дзе?

Фурман. Ды за Лысай гарой застаўся... кветкі рве, на збажынку ўглядаецца і руку, значыць, на стужачцы трымае...

Гаспадыня. Чаму ж ты яго не падвёз?

Фурман. Ды я б яго на руках прынёс, але не захацеў. Кажа, не прывык да роскашы, і пайшоў сабе памаленечку, кветачкі рвучы ды на збажынку ўглядаючыся. Зараз падойдзе.

Гаспадыня. Як я рада, як я рада! Сынок мой тут, радасць мая тут!

Фурман. І як я не спазнаў, сам дзіўлюся... Усё ў галаве пакілбасілася... і цягнік, і мяшкі, і бабы, дзеці і газеты... Ну, пабягу на сяло, вестку людзям дам... (Стукнуў шапкай аб падлогу, зарагатаў і выбег.)

Гаспадар. У званы зазваніце...

Гаспадыня (хоча устаць, але не можа). Дзе ж мае сілы! Сын мой тут, чуе неспакой, дадому едзе... (Успамінаючы.) Ці то мне здалося, ці такі фурман праўду казаў, што рука зраненая, будзь ласкаў, скажы.

Гаспадар. Усё можа быць; у пятым годзе прыехаў — скуру казацкія нагайкі зрэзалі, а цяпер маглі раніць. Хто з чым ваюе, той ад таго і памірае.

Гаспадыня. Які адказ, які адказ, як балюча!

Гаспадар. Ты не дзівіся, я іначай не магу. Сын твой не гасіць прыехаў агонь, а падпальваць.

Гаспадыня. Няпраўда...

Гаспадар. Але пакуль я жыў, пакуль не астыне кроў, я не аддам прадзедава гняздо нікому. Лепш бачыць смерць, чым быць здрайцам і не датрымаць прысягі, каторую я даваў свайму бацьку. Ён, седзячы ў гэтым крэсле перад смерцю, заклінаў мяне бараніць прадзедавыя гоні... і я іх бараню...

Гаспадыня. Калі ж ён прыйдзе... чаму не йдзе?

 

 

З’ява VII

 

Убягае студэнт, рука на павязцы.

Студэнт. Матуленька! (Цалуе.)

Гаспадыня. Сыночак! Што з ручанькай?

Студэнт. Пустое. Усё добра... (Да гаспадара.) Ну, як здаровы? (Хоча прывітацца.)

Гаспадар (ухіляючыся). Як глянеш на твар, адразу відаць.

Гаспадыня. Сыночак, не муч мяне, што з ручанькай?

Студэнт. Нічога страшнага! Было і прайшло...

Гаспадыня. Чаму ж не пісаў аб сваім няшчасці?

Студэнт. Бо ведаў вашы слабыя сілы...

Гаспадыня. Я цяпер буду здарова, я цяпер хачу жыць... Ну, хваліся, як жыў?

Студэнт. Жылося ўсяк.

Гаспадыня. Змучаны, схудалы... Што з табой, сынок?

Студэнт. Вялікая праца выпала на долю маю... пэўне, чулі, матуленька, якая навальніца абурылася на царскі трон?..

Гаспадыня. Чула, сыночак, і радавалася...

Гаспадар. Спявай гімн шчасця.

Студэнт. Трон абурылі... а колькі беднага народу лягло!

Гаспадар. А хто клікаў гэту беднату на смерць?

Студэнт. Жыццё клікала... (Да гаспадыні.) Няўжо бацька і па гэты час разважае па-старому?

Гаспадар. Я не змяняю погляду.

Студэнт. І я таксама...

Гаспадыня. Сыночак, пакінь спрэчку... Бацька вораг лепшай долі... Сонца свеціць толькі для яго... Скажы мне, чыя на табе вопратка?

Студэнт. Майго сябра.

Гаспадыня. А твая ж дзе?

Студэнт. Мая была скачаная... скрываўленая...

Гаспадыня. Што я чую!

Студэнт. О, матуленька... каб бачылі, якая была бойка... народ біты валяўся, як трэскі. Быў і я між імі.

Гаспадыня. І як жа ты жыў застаўся?

Студэнт. Не ведаю...

Гаспадыня. На пацеху маю, дарагі сынок, лёс пакінуў цябе... Ты цяпер мой, не выпушчу з рук... Заўтра ты ў мяне будзеш адзеты, як лялька.

Студэнт. Матуленька, добра будзе і так.

Гаспадыня. Ну, як можна... Гэта вопратка не па табе.

Студэнт. Розніцы няма ніякай.

Гаспадыня. Як жа няма?

Гаспадар. Паміж добрай адзежынай і нейкім рыззём...

Студэнт. Павярхоўная розніца... Бывае, што ў багатага пад яго дарагой вопраткай б’ецца сэрца вялікага грэшніка, а ў чалавека, адзетага ў лахманы,— вялікага праведніка.

Гаспадар. Так скажы мне, вялікі праведнік...

Студэнт. Даруйце, я гэтага вялікага імені не нашу, я — самы звычайны чалавек.

Гаспадыня. Сыночак! Ён проціў гэтай вопраткі; мне здаецца, на расшыты золатам мундзір і зоркі на грудзях ён нічога не сказаў бы. (Гэта кажа іранічна.)

Студэнт. А я проціў гэтага шыку, душа павінна быць бліскучая!

Аканомка (праз дзверы). Полудзень гатоў.

Гаспадыня. Ну, сыночак, падтрымай мяне, я пайду пакармлю цябе, здарожыўся...

Студэнт. Рад слухаць вас, матуленька. (Паўза.) А хіба ж мы адны?

Гаспадар. Я шчаслівы, калі адзін...

Гаспадыня (да гаспадара). Будзь жа ласкаў, прыходзь. (Пайшлі.)

Гаспадар (адзін). Чула маё сэрца, ныла праз увесь дзень, і чаго ён прыйшоў сюды, што добрага зробіць? Як і раней, збярэ мужыкоў і пачне ім галовы тлуміць...

 

 

З’ява VIII

 

Уваходзіць фурман.

 

Гаспадар. Табе чаго?

Фурман. Ад грамады, значыць, паніча клічуць... Сяляне, як дачуліся, што прыехаў, так мяне ледзьве не раздзёрлі... адзін пытаецца, другі пытаецца, трэці пытаецца, чацвёрты пытаецца. Макрына пякла бліны — кінула, Супрон лавіў рыбу — кінуў...

Гаспадар. Асталоп ты... годзе лапатаць!..

Фурман. І ўсе пытаюцца і пытаюцца, а я кажу аднаму, кажу другому, кажу трэцяму, кажу чацвёртаму... наказаў, чаго — і сам не ведаю, кажу, значыць, як стаў на вакзале цягнік, як шухнулі з вагона бабы, бочкі, дзеці, гусі...

Гаспадар. Выходзь, боўдзіла, бо я цябе іначай паганю...

Фурман. А пасля кажу ім, як чмыхнуў я ўбок... як скакануў на козлы і як убачыў паніча... а пасля, значыць, як кветкі рваў, на збажынку ўглядаўся і руку, значыць, акалечаную на стужачцы...

Гаспадар. Пакінь мяне і выходзь!

Фурман. Гляньце, што робіцца на сяле... Народ сыпле, як на вяселле... Адны кажуць — зямля наша, другі кажа — зямля ваша... а я крычу, каб клікалі музыкаў, упрысядкі пайду.

Гаспадар (прыйшоў да дзвярэй, адчыніўшы іх). Выйдзі!

Фурман. Пайду, пайду, але ад грамады, значыць, сяляне, як дачуліся, так ледзьве мяне не раздзёрлі. Адзін пытаецца, другі пытаецца, трэці...

Гаспадар. Вон!

Фурман (выйшаў і пад акно). Так будзьце ласкавы, паніча на сход, там і Макрына, і Супрон, бабы, бочкі, гусі... (Знік.)

Гаспадар. Злятаюцца дзікія каршуны з усіх бакоў, чуюць спажыву, чуюць смерць, а я... адзін, пакінуты, павінен бараніцца... Ох, ох! Каб усталі з магіл мае дзяды ды глянулі, што парабілася... гром... навальніца.

 

 

З’ява ІХ

 

Уваходзіць аканомка.

 

Аканомка. Паночку! І на гэты раз паніч прывёз лісткоў мяцежных: у сенцах цэлы стус ляжыць.

Гаспадар. Прывёз?

Аканомка. Ціт ужо круціцца каля іх, — пэўна, пачне раздаваць сялянам. Хіба прынесці паказаць?

Гаспадар. О, не! Не чапай!

Аканомка. Даруйце, пан, але я вас не паслухаю; і так кругом гарыць, а тут новыя мяцежнікі... Я лісткі спалю.

Гаспадар. Я сам ведаю, што рабіць...

Аканомка. Штодня мой план ідзе наперад, паніч і цяпер — сацыяліст, ні зямлі, ні гаспадаркі не хоча, гаспадыня незадоўга памрэ. Ціта прагонім, а гаспадара разам з зямлёю возьмем у прыпол. (К дзвярам.)

 

 

З’ява Х

 

Уваходзіць Ціт. Наступіў на нагу аканомцы.

 

Аканомка. Ты зноў узбіўся на нагу!

Ціт. З такой неспадзеўнай радасці не толькі на нагу — і на галаву ўзаб’ешся.

Аканомка. Каб ён свету не ведаў, чаму гэта я з ім у дзвярах спатыкаюся...

Ціт. Крычаць трэба, калі свой доўгі нос у дзверы вытыркнеш: Ціт, сцеражыся, я паўзу, а Ціт таксама будзе галёкаць: Дарота, адчыняй вароты, едзе Ціт-галота.

Аканомка. Бач, як адразу паразумнеў.

Ціт. Я і раней дурней за цябе не быў, умён, разумён і на капейку грамацен, галава-булава, барада, як засланка, лапці-цюхцявікі, кум каралю — дый годзе!

Аканомка. Каралю?

Ціт. А няўжо ж такой лазе, як ты?

Аканомка. Рынгутант ты.

Ціт. Чую.

Аканомкам Кракадзіл ты...

Ціт. Чую.

Аканомка. Ваўкалак, разбойнік ты.

Ціт. Ну, калі разбойнік, то трымайся, чортава цешча: гэта будзе па-разбойніцку! (Бярэ за карак і выкідвае.)

Аканомка. Я на цябе пану пажалюся.

Ціт. Не пужай, мой абаронца прыехаў.

Аканомка. Я на цябе стражнікаў, ураднікаў... (Выходзіць.)

Ціт. Пакуль твае ўраднікі з фронту прыйдуць — спарахнееш!

 

 

З’ява ХІ

 

Уваходзіць студэнт.

 

Студэнт. Ціт, родны мой!

Ціт. Панічок, мілы! (К руцэ.)

Студэнт. Ціт, давай пацалуемся, як брат з братам... Вось так. Ну, кажы, чакаў ты мяне?

Ціт. Як сонца, штодня. Панічок, а што з рукою?

Студэнт. У той час, калі ты спаў, Ціт, у сталіцы здабывалі волю і ўміралі, не ўбачыўшы яе... О, колькі ж лягло людзей! Ты разумееш, Ціт! Смерць на парозе шчасця!

Ціт. Разумею, панічок.

Студэнт. Вось і я быў там, але застаўся жыў.

Ціт. Чула маё сэрца, што вы ў агні.

Студэнт. Так, Ціт! Смерць не раз заглядала і мне ў вочы.

Ціт. О, не! Вы, панічок, павінны жыць, я хачу вас бачыць гаспадаром і памерці пры вас. Я ж вас сіратою няньчыў, спавіваў, калыхаў, бараніў ад спякоты, ад мух; я, на вас гледзячы, маліўся, як на святое дзіця. Бывала, запяю над калыскай — дзіцятка засне, зайграю на жалейцы — смяецца...

Пасля падраслі... Ціт пазнаёміў вас з мужычым жыццём. Ціт правёў розніцу паміж курнай хатай і царскім палацам... Ціт зблізіў вас з мужычымі дзецьмі і разам пяялі «Долю», — панічок мой, мужычую долю... (Пяе «Долю» і плача.) Пяю, бывала, тую песню, а слёзы сыплюцца на сівую світку, быццам то сама доля плача, што мы такія гаротныя.

Студэнт. Ціт, не плач. Голас тваёй песні не памёр — жыве... Твая песня, як вецер, вольная, панеслася к народу, і злажылася ў гімн, і пераходзіць з вуснаў у вусны.

Ціт! Дзякуючы табе я — барацьбіт за волю; дзякуючы табе я з народам, бо ты навучыў мяне, як любіць брата. Ты — мой настаўнік, дзякую табе. (Цалуюцца.)

Ціт. Я і тады бачыў гарачае сэрца... радаваўся гледзячы... Слёзы бедных людзей і тады ранілі ваша сэрца...

Студэнт. А шмат слёз было!

Ціт. Адзін айчым колькі наздзекаваўся над народам... глядзець не можна было...

Студэнт. Грозны цяпер час... Можа быць крывавая помста.

Ціт. А скажыце, панічок, ці скончыцца гэты неспакой, забойствы, грабествы?

Студэнт. Скончацца, калі народ узвядуць на добрую дарогу, а наш народ, бедны, сляпы, блудзіць у пушчы. Трэба безупынна працаваць, вучыць, — і тады, як чалавек у чалавеку ўбачыць брата, будзе добра. Сляпога не судзяць, калі ён ткнецца на плот, так і народ наш...

 

Праз дзверы паглядае аканомка.

 

Студэнт. Маю да народа адозвы... частку раздам сам, а частку раздасі ты. (Дае адозвы.) Няхай чытаюць: тут словы праўды.

Ціт. Добра, што не запомнілі, хоць бы пан не ўбачыў... вельмі ж не рад панічу.

Студэнт. Не хавайся, Ціт, тут злога нічога няма. Я прыехаў, каб прынесці карысць, бо ведаю, які трывожны час.

Ціт. Вось жа аб тое. Салдаты, кінуўшы фронт, поруч з сялянамі нішчаць усё.

 

 

З’ява XII

 

Уваходзіць гаспадыня, апіраючыся на плячо хлопчыка-пастушка.

 

Гаспадыня. Сыночак, і чаму ж не йдзеш?

Студэнт. Убачыў Ціта, здаецца, роднага брата напаткаў...

Ціт. Я так рад, так рад. (Выйшаў.)

Гаспадыня. Пойдзем, сыночак.

Студэнт. Каб ведалі, матуля, як прыкра пазіраць адзін аднаму ў вочы! Я разумею, што айчым не зносіць мяне, так нашто мне йсці?

Гаспадыня. Але ж зрабі гэта для мяне, пойдзем...

Студэнт. Рад слухаць вас.

 

За сцэнай голас гаспадара: «Стой, слуга мяцежны, стой! Гэта ў цябе што? Афішкі, інструкцыя, як зямлю дзяліць, хто табе даў? Ён — мяцежная душа?»

 

Гаспадыня. А што, сыночак, вось і шум.

Студэнт. Чую, чую...

 

 

З’ява ХІІІ

 

Убягае гаспадар з афішкамі.

 

Гаспадар. А, мяцежная душа! Кажы, што хочаш рабіць са мной?!

Гаспадыня (садзіцца на дыване). Што з табою, чаго ты?

Гаспадар. Я пытаюся, чаго ты прыехаў, што хочаш рабіць са мной?

Студэнт. Зусім нічога.

Гаспадар. Яшчэ й жартуеш!

Гаспадыня (кашляе). Чаго ты прыстаў да яго, чаго?

Гаспадар. А што ж ты хацела, каб вораг у маёй хаце на покуце сеў? Не дачакаеш ты, не дачакае і ён!..

Студэнт. Вы мяне лічыце ворагам?

Гаспадар. Цябе, цябе! Ты вораг не толькі мой, але ўсіх тых, каму праца дала спосаб мець грошы і зямлю. Вы хочаце задушыць нас і на трупах нашых гуляць дзікую вакханалію поруч з дзікім народам...

 

Гаспадыня плача.

 

Студэнт. Я вас не разумею, вы чыталі гэтыя лісткі?

Гаспадар. Ды няхай мае косці кінуць сабакам, калі я ўскіну свой погляд на гэты мяцежны прызыў! Як гіне гэта папера, так згінь ты ад мяне. (Рве афішкі і кідае ў твар.)

Гаспадыня. Я не перажыву гэтага, не перажыву.

Студэнт. Не плачце, матуленька, ці аднаго мяне пабілі каменнямі?.. Не плачце.

Гаспадар. Каменнямі білі толькі ліхадзеяў...

Студэнт. Тады дазвольце вам сказаць, што вы — патомак тых ліхадзеяў, якія кідалі каменне ў сваіх вучыцеляў... Я гаварыць больш не буду і не магу... я трымаюся тых слоў вялікага прарока, які сказаў: не сейце бісеру перад свіннямі, бо яны патопчуць...

Гаспадар. Так будзь ты проклят, мяцежная душа!.. Ад гэтай хвілі каб і нага твая на парозе не была!.. Вон!..

 

Гаспадыня ўскрыквае і памірае.

 

Студэнт (да маткі). Мамачка, мамачка, што з вамі?

 

 

З’ява XIV

 

Убягае Ціт.

Ціт (на каленкі перад гаспадаром). Пан, за што, за што?

 

Заслона


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан