epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Белая зброя

Акт першы
Акт другі
Акт трэці
Акт чацвёрты


П’еса ў чатырох дзеях

 

 

Асобы

 

Лось — дырэктар завода, былы белы афіцэр.

Крумкач — тэхнік.

Ганс — тэхнік, немец.

Ладны — тэхнік.

Ражноўскі — тэхнік-вынаходца.

Андрэй — дырэктар завода (новы).

Чвыр — сакратар партячэйкі.

Клара — тэхсакратар партячэйкі.

Склют — былы заўком.

Хінч — новы заўком.

Замоцкі — бухгалтар завода.

Верны — рабочы-мадэльшчык.

Мігай — рабочы.

Ліпа — работніца завода.

Галуза — рабочы, былы белы афіцэр.

Кніша, Рэкуць, Ласька — работніцы-ўдарніцы.

Апанас — стары рабочы.

Падгайскі, Хрушч, Ладуцька — майстры.

Абрам — рабочы.

Гук — рабочы.

3-ці рабочы.

5-ты рабочы.

6-ты рабочы.

Дычыха — старажыха канцылярыі.

Следчы.

 

 

Акт першы

 

Завод сельскіх машын. Машыны ў руху. На пярэднім плане прэс, на якім працуе майстар Падгайскі. У канцы сцэны відаць кузнечны цэх, працуе электрычны молат, выбівае гарачае жалеза, пры ім працуюць Хрушч і Ладуцька. Майстры пяюць песню.

 

Гук (крычыць ўдаль). Лявон, а Лявон, увага! Яшчэ часок, і мы спаборніцтва выйграем!

5-ты рабочы (здалёк). І мы гуляем не ў сляпую, галопам гонім справу.

3-ці рабочы (да другога). Запытайся, каторую пагналі.

Гук. Лявон, каторую матаеш?

5-ты рабочы. 24-ю ганю, а ты?

3-ці рабочы. Во, чуў?

Гук. 24-ю пусціў. Эге, вось дык штука. (Крычыць ўдаль.) Ты лжэш, сябрук, прызнайся!

5-ты рабочы. Не верыш — хадзі глянь. Вось яны, пры мне. А ты ж каторую галубіш?

Гук (да 3-га рабочага). Прызнацца трэба нам, 20-ю ганю.

5-ты рабочы. 20-ю, дык што ж ты, значыць, сеў?

3-ці рабочы (да другога). Выходзіць, значыць, сеў.

Гук (ўдаль). Не сядзем, не турбуйся, маёвы скараспел.

5-ты рабочы (здалі). Абстрыглі значна вушы, га! (Смяюцца.)

Гук. Чакай, чакай хваліцца, яшчэ не пераскочыў.

3-ці рабочы (да Гука). Позна, брат, пераскочылі. Здавай аружжа.

5-ты рабочы (ўдаль). Нічога не здамо, і мы абедзвюма нагамі пераскочым.

3-ці рабочы. За імі будзе выйгрыш.

Гук. Хто ведае, і мы не падкачаем.

5-ты рабочы. Як ні кажыце, братцы, а гэта дасягненне. Замест 20-ці гонім — 25.

3-ці рабочы. Не сорам пахваліцца.

Гук. Смела пяцігодцы ў вочы паглядзім.

3-ці рабочы. А пяцігодка любіць гэткіх смельчакоў.

Гук. А што ж нашыя дзяўчаты маўчаць, ні слова?

3-ці рабочы. Яны нябось загразлі і маўчаць, каб голасу не чуць.

5-ты рабочы. Спытацца трэба.

Гук. Ану, давай. Дзеванькі, галубанькі, як справа дыхае ў вас?

Рэкуць. Ды неяк дыхае, жыве.

Гук. А можа, дыхае на ладан?

Кніша. Ну, выбачай, браток, з вамі ў чарзе не станем.

Ласька. Навыперадкі пойдзем, во!

Рэкуць. А вас назад.

Гук. Во, чулі?

Кніша. Так, так, назад.

Гук. А лічбы вашы можна знаць?

Рэкуць. Хочаш лічбы ведаць?

Гук. Ану.

Рэкуць. Замест 120-ці лемяхоў 150 ужо гатова.

Ласька. А я ўжо 159-ты выгінаю.

Кніша. Селі ў галёшу.

Гук. Вось дык судак.

3-ці рабочы. Аглаблёй па карку далі.

5-ты рабочы. Адубеў язык у роце.

3-ці рабочы. Сорам нават у той бок глядзець.

Рэкуць (жартуючы). Да пабачэння, браткі.

Кніша. Пішыце нам часцей.

Ласька. Прыходзьце чай з цытрынкай піць. (Смяюцца.)

Гук (да 3-га рабочага). Вось дык рухавыя дзяўчаты.

3-ці рабочы. А што ж ты думаў, яны спяць?

5-ты рабочы. Гэта, брат, крэсіва, агонь!

3-ці рабочы. Давайце, хлопцы, у Падгайскага спытаем, як ён працуе?

Усе. Давай!!

Гук. Ну, як, Падгайскі, спаборнічаць не хочаш з намі?

Падгайскі. Цяжка, не магу, дух займае.

3-ці рабочы. Лжэш, можаш, ды не хочаш.

5-ты рабочы. А ты спрабуй, націсні, паднатуж.

Падгайскі. Машына не каняка, хутчэй не пабяжыць.

Гук. Гледзячы які будзе фурман.

Падгайскі. Пастаў якога хочаш фурмана, адно ліха будзе.

Гук. А вось і не адно.

Падгайскі. Гэта па-вашаму.

3-ці рабочы. Ды кінь ты з ім спрачацца. Паставім — дык пабачым.

Падгайскі. Што значыць паставім, як гэта разумець?

Гук. Ды так. Сюды другога прыстасуем. Той так не скажа. (Дражніць.) Дух заняло. Працу выганіць удвое.

Падгайскі. Раз так — шчасліва. Я саступаю. (Застанавіў машыну.)

Гук. Ты як пасмеў?!

3-ці рабочы. Ты што ж гэта, здурэў?!

Падгайскі. Нічога не здурэў, пры памяці зусім.

Гук. Зараз жа пусці машыну! Но!

Падгайскі. Не нокай, не паеду.

Усе. Пусці машыну!!

Рэкуць. Падгайскі, ведай, з кім жартуеш!

Падгайскі. Во, бачылі, і яна, каза бясхвостая!

Кніша. Падгайскі, кінь брыкацца, лепей будзе.

Ласька (грозна). Чаго з ім блытацца. Дай я пушчу. (Да матора.)

Гук. Чакай, не трэба, ён сам пусціць. Пушчай машыну!

Падгайскі. Ідзі спалохай цётку, а я плюю на страх.

Усе. Такога выгнаць трэба. Кулак!

У гэты час падыходзяць з кузнечнага цэха Хрушч і Ладуцька.

Падгайскі (да іх.) Таварышы, вы бачыце, жыцця няма. За горла ўзялі.

Усе. Хто цябе ўзяў?

Падгайскі. Хто? Кампанія, вось яна! Які я кулак?

Хрушч. Вы што ж гэта, браткі, — павар’яцелі?

Усе. Гэта ж абібок, гультай! Гнаць такога трэба!

Ладуцька. Як жа гэта вы рабочага за горла?

Падгайскі. Сярод белага дня валяць, рукі вяжуць!

Усе. Хто цябе бярэ?

Падгайскі. Сілком прымусілі спаборнічаць. А я хворы. Не магу.

Хрушч. Што гэта, паншчына якая?

Гук. Ну, ты лягчэй, лягчэй, забыўся, дзе ты?

Рэкуць. Ты як гэта пасмеў?

Кніша. Як можаш раўнаваць?

Ласька. Пад суд за гэта слова!

Гук. Ты, чмель, глядзі — за гэта прыпаяем. Калі не ведаеш, што значыць дыктатура пралетарыяту — навучым.

3-ці рабочы. За 14 год не навучыўся толкам разбірацца. (Дражніць.) Паншчына. Я табе дам такога пана (кулаком)!..

Хрушч. Ды ён не можа. Няўжо праз сілу? Дзе ж нашае права?

Ладуцька. Дзе моц рабочага?

Усе. Ды гэта не рабочы. Гаўкала панскае.

Падгайскі. Усё роўна не прымусіце. Брашыце колькі хочаце.

Рэкуць. Прымусім за вароты выйсці.

Падышоў тэхнік Ладны, які спрэчку чуў.

Ладны. Таварышы, цішэй, не месца спрэчкам! З’явішча нездаровае. Вы, таварыш Падгайскі, супакойцеся, не трэба правакацыю разводзіць.

Падгайскі. Мяне, старога майстра...

Ладны. Мы ведаем, што вы стары, мінулых часоў чалавек.

Падгайскі. Да сораму даводзяць, абухом па галаве.

Ладны. Машыну зараз жа пусціце. (Паўза.) Пусціце машыну. (Машыну пусціў.)

Падгайскі. Мяне абразілі, мяне змяшалі з багнай!

Ладуцька. Гаўкалай абазвалі, абібокам.

Хрушч. Гультаём.

Гук. Ніхто цябе не чапаў і чапаць не хоча.

Ладны. Вам прыйдзецца часова перайсці на працу ў такарны цэх, а вашае месца зойме другі.

Падгайскі. Гэта ж чаму?

Ладуцька. Што ж гэта за перамена?

Хрушч. Каму ад гэтага карысць?

Ладны. Рабочаму класу. І вось, дзеля таго, што з суседнім цэхам спаборніцтва падпісаў Абрам, мы хочам пераканацца, хто выйграе, зразумелі?

Падгайскі. Хто загадаў ставіць сюды (з агідай) Абрама?

Ладны. Начальнік цэха загадаў.

Падгайскі. Няхай гэты начальнік мне скажа.

Усе. Скажа.

Ладуцька. А чаму гэта вы, таварыш Ладны, праўдачку нагамі топчаце?

Хрушч. Усе як груганы — ды на аднаго.

Ладны. Аб гэтым мы адказ пасля дамо, а цяпер будзьце ласкавы, ідзіце ў свой цэх. (Паўза.) Прашу.

Хрушч, Ладуцька нехаця пайшлі.

Ладны (да Гука). Аб іх пытанне паставіць на заўком.

Усе рабочыя сталі на свае месцы.

Падгайскі. Жывога ў магілу пруць. Абрам спаборнічаць бярэцца. Абрам механік, Абрам усё, а я... ніхто.

Падыходзяць начальнік цэха Ражноўскі і рабочы Абрам.

Падгайскі (да Ражноўскага). Таварыш Ражноўскі! Па вашаму загаду мне трэба прэс пакінуць.

Ражноўскі. Часова прыйдзецца, з той прычыны, што прадукцыя вытворчасці прэса трымае прамфінплан, вы ад тэмпаў адсталі і не абяцаеце дагнаць, а на сёння так нельга. Вашае месца часова займае Абрам, а вы пяройдзеце на працу ў такарны цэх.

Падгайскі. Ну што ж, няхай даганяе Абрам, я згодзен.

Ражноўскі. Згодзен ці не згодзен, рэч іншая, абражацца не трэба. Абраша, пачынай.

Ражноўскі пайшоў, Падгайскі адышоў у старонку.

Гук (да Абрама). Ну, Абрашка, дакажы, на чым зямля стаіць.

3-ці рабочы. З скуры вылезь вон, а не пасаром брыгады нашай слаўнай.

5-ты рабочы. Трымай горда аўтарытэт КСМ.

3-ці рабочы. Памятай, што лічба ў цябе 160.

На авансцэну прыйшоў рабочы Мігай, стаў і задумаўся. Хоча ісці, да яго падышоў Падгайскі.

Падгайскі. Ну, Мігай, у чым справа? Чаго затужыў? Кажы, можа, і параду добрую дам, ну?

Мігай. Таварыш Падгайскі, я зрабіў вялікую памылку і не ведаю, як быць.

Падгайскі. Ну?

Мігай (азіраючыся, каб хто не пачуў). Мадэль, якую рабіў Верны, я заўчора, несучы ў ліцейную, выпусціў з рук і выкрывіў. Яе ўзялі ў адліўку, і можа быць бяда. Мяне грызе сумленне. Я хачу пабегчы, папярэдзіць, каб не адлівалі.

Падгайскі. Адкуль жа табе вядома, што мадэль ты выкрывіў?

Мігай. Прадчуваю.

Падгайскі. Дарэмная трывога. Мадэль не з цукру, калі і стукнуў — цэла будзе.

Мігай. А можа, мне пабегчы папярэдзіць? Падумайце самі. Што з гэтага будзе? Кім мяне назавуць?

Падгайскі. Маўчаць будзеш — не назавуць, а гукнеш — прыпішуць і шкодніцтва, і ўсякую немач. Ты што, змяніўся?

Мігай. Змяніўся?

Падгайскі (паварочвае яго ў другі бок). Ну, тады ідзі дадому і не ламай дарэмна галавы. Усё добра будзе. (Пайшлі.)

Падышлі тэхнік Ганс і Ладны.

Ганс (глядзіць і радасна ўхмыляецца, як працуюць рабочыя). Калісь, жывучы ў Германіі, я думаль, што рускі рабочы няздольны да творчай працы. І дольжэн адступаць, і адступаць, і адступаць, а цяпер, калі я пажыль з німі, маёй радасці нет канца. Это львы. Это геніальные людзі. Это новы чалавек, каторы паставіць на каленкі капітал. (Радасна.) Рабяткі, вы малайцы!

Усе. Добры дзень, таварыш Ганс!!

Ганс (смяецца). Цяпер пусць мяне завуць назад у Германію, я германскім фабрыкантам скажу очэнь некрасівую фразу.

Усе. Якую?

Ганс. Я скажу: не пайду к вам работаць, сукіны дзеці! (Смех.)

Абрам. Сур’ёзна, не пойдзеце?

Ганс. То есць, я пайду, толькі вмесце з вамі, в советскій Берлін.

Усе ў ладошкі.

Ганс. Ко мне едут з Германіі сюды майн кіндэр, мой дзеці. Я не хочу іх там дзержаць.

Усе. Чаму?

Ганс. Я, Ганс, калі жыл у Германіі, от жызні отстал, фуфцэйн лет, і только здесь, в стране Советов, я догнал, а моі кіндэр отсталі на тріста лет — это нельзя, я не хочу. Оні едут сюда.

Ладны. Вось, братва, вы бачыце, як за год апралетарызаваўся Ганс?

Ганс. Да, я цяпер совсем пралетарскі чэловек, русіш фрай...

Абрам. Руская рэвалюцыя.

Ганс. Русіш рэвалюцыя і русіш арбейтэр переделал меня.

Рэкуць. Таварыш Ганс праз які гадок і ў партыю ўступіць.

Кніша. Будзе камуністам.

Ганс. Іх зайн. Іначай я бы не работаль бы з бальшавікамі. Я буду камуніст. Я думаю, што за маі старанія перад партыяй і русіш пралетарыят партыя мне білет даст.

Рэкуць. На сходы партячэйкі трэба вам хадзіць.

Ганс. Пайду.

Кніша. Гісторыю партыі знаць.

Ганс. Знаю, как своі пяць пальцаў.

Ласька. Пяць подпісаў камуністаў.

Ганс. Пяць подпісаў камуністаў?

Ладны. Вот тут і загваздка. Пяць камуністаў няма.

Ганс. Пяць нет. Ну, а сколько?

Усе паднялі рукі.

Ганс (здзіўлена). Гэта вы?

Усе. Мы. За Ганса камуніста!

Ганс. Ну, братцы, такая мінута, самая харошы ў маёй жызні мінута. Я вас, рабочых, яшчэ больш люблю. У мяне нет родзіны ў Германіі. У мяне есць родзіна в Советском Союзе, а брацья мой, — вы, рабочые. (Воплескі.) Ну, я пайшоў. (Да Абрама.) Ну, камрад, спаборніцтва выйграем.

Абрам. На вялікі палец!

Ганс. Это будет нам большой празднік. (З пад'ёмам.) Не будет маленькі хозяйств, а будет большой калгас і многа, многа машын. (Адыходзіць.)

Кніша (услед). Таварыш Ганс, сёння сход ячэйкі.

Ганс. Буду, буду, дзякуй.

Прыбег рабочы Апанас.

Апанас (да Ганса). Таварыш Ганс, у нас бяда!

Усе. Якая?

Апанас. Адліўка частак па мадэлі крывізну дала.

Ганс. Хто делаль мадэль?

Апанас. Мадэльшчык Верны.

Ганс. Перад адліўкай правяраль?

Апанас. Не ведаю. Пусцілі ў форму, дзве тысячы штук адлілі.

Ганс. Дзела очэнь нехорошые. Зараз прышліце мне мадэльшчыка. (Пайшлі.)

Ладуцька (да Хрушча). Уліплі.

Хрушч. Агледзеліся, ды па часе.

Ладуцька. Без музыкі кадрыль.

Абрам. Зноў шпілька!

Гук. Не шпілька, а кастыль.

3-ці рабочы. Як яе прынялі?

Рэкуць. Прынялі, пусцілі ў адліўку.

Кніша. Затрымка будзе, ды якая.

Ласька. Машын калгасу не дамо.

Абрам. Вось табе і прарыў!

Ідзе мадэльшчык Верны.

Ладуцька (пераняў яго). Верны!

Верны (занепакоена). Га?

Ладуцька. Ну, што ж, прапаў?

Падышоў Хрушч.

Верны. Братцы, што ж гэта здарылася?

Хрушч. Што ж будзеш казаць?

Верны. Сам не ведаю, пайду.

Ладуцька. Чакай, падумай добра, і тады.

Хрушч. Ратуйся як мага, а то не будзе месца ні табе, ні тваёй бабулі на тым свеце.

Верны (глядзіць на свае рукі). Няўжо мае рукі, няўжо яны зрабілі фальш? Яны ж трынаццаць год...

Хрушч. А на 14-ты ў астрог палезеш.

Верны. Ну што вы, братцы, няўжо? Я ж 13 год Саветам так аддана працаваў.

Ладуцька. А табе савет аддана і падзякуе.

Хрушч. Запросяць у падвал, гарохам пачастуюць.

Ладуцька. Казённы будзе харч надзіва.

Хрушч. Вазьмі толькі падушку, ручнік і кавалак мыдла.

Прыйшоў тэхнік Крумкач.

Крумкач (злосна). Ну, што ж, таварыш Верны?

Хрушч. Быў Верны, да зрабіўся няверны.

Ладуцька. Спракудзіўся.

Крумкач. Як жа гэта?

Верны. І сам не ведаю, я ж стараўся.

Крумкач. Пры такім старанні заводу будзе смерць.

Верны. Што вы, таварыш Крумкач?!

Крумкач. Не ўявіў сабе дагэтуль, каму працуеш? Не ведаеш, што значыць пяцігодка, што калгас? Пад суд за гэта аддаць! (Пайшоў.)

Верны (у задуменні). Быць не можа, не асудзяць. Яны за праўду! (Пайшоў.)

Ладуцька. Ото ж дурны, яны за праўду... Верыць, як дзіця. (Смяецца.) 13 год змагаўся.

Хрушч. Змагаўся. Спытацца, за што?

Ладуцька. Дастукаўся. Як цюцьку рудога кінуць у буду. Кінуць — і кукуй.

Хрушч. Вядома, не пашкадуюць.

Ладуцька. Чакай ад іх міласці.

У гэты час раздаўся трэск, зламаўся прэс. Усе рабочыя кідаюцца да прэса.

Ладуцька (падышоў). Як жа гэта вы, таварыш Абрам?

Абрам (у перапалоху). Таварышы... я тут не вінен. Гэта, таварышы, няшчасце.

Хрушч (грозна). А чаго ты лез, хто цябе прасіў...

Рэкуць (грозна да Хрушча). На гэта ён адкажа парткіраўніцтву, а не вам!

 

Заслона

 

 

Акт другі

Кабінет дырэктара завода. За сталом тэхнік Крумкач, каля яго Замоцкі і Склют. Старажыха Дычыха перацірае вокны.

Склют. Я вам скажу праўду. Чакаў, як сонца яснага, таго дня, калі пазбуду гэту пачэсную пасаду заўкома. І нарэшце дачакаўся. Вольны казак! Радуюся!

Замоцкі. Няма чаго радавацца.

Крумкач. І па-мойму, так. Трэба было працаваць.

Склют. Аніяк не мог — затравілі. А насценгазета, нібы швайка, у кожным нумары данімала.

Замоцкі. Ну, а як жа ты хацеў, на тое самакрытыка.

Склют. Каб жа было за што, а то за дробязь, глупства.

Крумкач. Цяпер жыве такі лозунг, калі ты плюнуў, дык трэба ўтварыць такую думку, што ты запляваў увесь кут.

Склют. Ды каб жа плюнуў, а то і гэтага не было.

Замоцкі. Тым больш, ты не меў права абражацца і пакідаць службу.

Крумкач. Пашкадуеш, браце, пашкадуеш.

Склют. І не думаю. Прынамсі, адпачнуць і рэдактар насценгазеты, і мастак, які так старанна маляваў мяне ў розных позах, цьфу, каб яму рукі пакруціла!

Крумкач (прыслухоўваючыся). Здаецца, цягнік прыйшоў.

Склют. А так, прыйшоў.

Замоцкі. Слухай, Дычыха, выскач на вакзал, прыйшоў цягнік з Масквы, як толькі выйдзе з вагона наш дырэктар Лось, скажы, каб зараз жа ішоў сюды.

Дычыха. Рада слухаць, праз хвілю буду там.

Замоцкі. Бяжы, бяжы. (Дычыха пайшла.) Хоць бы ён прыехаў, такі адказны момант.

Крумкач. Непакоюся і я.

Замочкі. Чуе маё сэрца, што яго адхіляць, а прызначаць новага.

Склют. Дык гэта напэўна. Тут на заводзе ўсё старое кіраўніцтва лясне.

Крумкач. Но, но...

Склют. Так, брацішка, лясне. Заўком новы ёсць, сакратар партячэйкі ёсць, будзе і дырэктар новы.

Уваходзіць Лось.

Лось. Вось і я.

Замоцкі. Лёгкі на ўспамін.

Крумкач. Ну, што добрага, хваліся, застаешся ці не?

Лось. Намеснікам дырэктара.

Склют. Я ж вам казаў.

Замоцкі. Катастрофа.

Лось. Але без афяр.

Замоцкі. А сам на гэта згодзен?

Лось. Згодзен.

Замоцкі. А можа, ведаеш, хто новы дырэктар, як прозвішча?

Лось. Гравер.

Замоцкі, Крумкач. Бачыў яго?

Лось. Разам прыехалі.

Замоцкі. Камуніст?

Лось. Камуніст.

Склют. Цяпер стаўка на камуністаў, беспартыйных усіх паадшываюць, прымерна, як мяне.

Лось. А што ж з вамі?

Склют. Я ўжо не заўком.

Лось. Вельмі дрэнна, калі так, самі вінны.

Склют. Не магу.

Лось. Як так не магу? Кажыце проста — самі не захацелі справіцца. Лепш спакойна адыду, абы ціха.

Склют. Я працаваць хацеў, але ж пры такіх умовах нельга.

Лось. Можа, вас хто за гэта і пахваліць, толькі не я.

Замоцкі. Мы яго ўжо лаялі.

Лось. А каго ж прызначылі?

Склют. Хінча.

Лось. Якія навіны наогул на заводзе?

Крумкач. Нямецкі прэс...

Лось. Што?

Крумкач. Паломка.

Лось. Прычыны?!

Крумкач. Падгайскага знялі, Абрама паставілі, а гэты на радасцях прэс зламаў.

Лось. Што кажуць рабочыя?

Замоцкі. Усяк кажуць.

Крумкач. Адны, каб паправіць сіламі нашага завода, а другія, каб выпісаць механіка з цэнтра.

Лось. Якая ваша думка?

Крумкач. Можна выпісаць механіка з цэнтра, але ж я баюся, каб не прыйшлося выпісаць часткі з-за граніцы, бо прэс замежны.

Склют. Як мне здаецца, гэтак і будзе.

Лось. Таварыш Крумкач, паклічце мне майстра Падгайскага. (Крумкач пайшоў.) А вы, таварыш Замоцкі, дайце мне звесткі, калі прыслалі прэс.

Замоцкі. Добра, зараз прынясу, яны ў Ліхача. (Пайшоў.)

Лось. Нядобра, таварыш Склют, нядобра. Вас будзем судзіць.

Склют. За што?

Лось. А за тое, што вы ў такі адказны момант не выявілі энтузіязму і не памаглі партыі і ўладзе.

Склют. А што ж я павінен рабіць?

Лось. Працаваць, не жаліцца на цяжкасці, дагаджаць рабочым.

Склют. А чорт ім дагодзіць. Вы як ужо дагаджалі. А вось, бачыце, з пасады знялі.

Лось. Але ж я за гэта не абразіўся, завод не пакінуў. Служыць буду далей.

Склют. А я, наадварот, абразіўся і завод пакідаю. Служыць не хачу.

Лось. А вы ведаеце, за каго вас палічаць?

Склют. Мне ўсё роўна.

Лось. Варожа настроены, таварыш Склют.

Склют (хвалюючыся). У душу загляніце, таварыш Лось, у душу!

Уваходзіць Падгайскі.

Падгайскі. Добры дзень, Васіль Лявонавіч, з прыездам.

Лось. Што з прэсам?

Падгайскі (махнуў рукой). А што я ведаю? Узялі за каршэнь, як ком гразі, адкінулі вон, ну, і зламалі.

Лось. Як-та ўзялі, як-та адкінулі?

Падгайскі. А проста, гвалтам прымусілі, і адышоў. Загадалі спаборнічаць.

Склют. А спаборнік і скруціў машыну.

Падгайскі. Ды як круціў — аж страх успомніць.

Лось. Як ваша думка, мы яго направім?

Падгайскі. Галоўны тэхнік казаў, трэба помач запрасіць.

Лось. Нашы не направяць?

Склют (ухмыльнуўся). Нашы...

Падгайскі. Каму тут правіць. Дзве-тры вучоныя сілы ёсць і тыя ў загоне.

Склют. З шалахвостамі да ладу не дайсці.

Лось. Ну, чаму так, з шалахвостамі? (Паўза.)

Склют. А як іх інакш назваць?

Лось. Вы, таварыш Склют, недаацэньваеце нашай моладзі.

Склют. Ды якая ёй цана, — гультаі і гарладзёры.

Лось. Таварыш Склют, гэта нездаровы погляд, я не хачу вас слухаць.

Склют. Вы, таварыш Лось, даруйце мне, але ж я скажу ў вочы вам. Большасць з іх нягожыя да жыцця людзі, ламакі і п’яніцы.

Лось. Таварыш Склют, вы вольны. Не перашкаджайце мне працаваць.

Склют. Выбачайце. Я сказаў тое, што меў. Бывайце. (Пайшоў.)

Лось (ўстаў, пахадзіў). Чалавек утраціў памяць. Зусім забыўся, дзе ён.

Падгайскі (уздыхнуў). Не лёгка яму, бедаку.

Лось. Сёння ўсім цяжка. Але ж гэта не дае права распускаць язык.

Падгайскі. Мяне таксама зневажалі, абясславілі.

Лось. Пустое, не абражайцеся і працуйце.

Дычыха ў дзвярах.

Дычыха. З прыездам, Васіль Лявоныч. (Падгайскі пайшоў.) Шчасцейка і здаровейка жадаю вам.

Лось. Ну, як жывеш, Дычыха?

Дычыха. Родненькі мой, навіну прыкрую прынясла. Птушачкай ляцела да вас, на вакзале была, ды не злавіла.

Лось. Ну, што?

Дычыха. Ой, не ведаю, як і пачаць. Гэта ж трэба, людзі, як іх зямля носіць?

Лось. Ну, кажы, кажы, у чым справа?

Дычыха (упаўголасу). Новы дырэктар прыехаў, сама бачыла.

Лось (жартаўліва). Ды ну?..

Дычыха (жагнаецца). Міца, міца, каля брамы з рабочым стаіць — распытвае, гаворыць, а рабочыя на вас горы вернуць.

Лось. Ну, што ж, няхай, на ўсіх пірага не спячэш. Такая наша доля, цяжка быць інжынерамі, веры няма.

Дычыха. Праўда, даражэнькі, веры няма. Цяпер рабочыя людзі жорсткія. Памятаю, калісь быў інжынер пан Сасноўскі — беленькі, чысценькі. Служыла ў яго, штодзень кашулькі мыла, і што ж... незалюбілі: схапілі, у тачку брудную ўправілі, на сметнік вывезлі.

Лось (перабіў). Так, што ж рабочыя пра мяне там гаварылі?

Дычыха. Ды ўсё аб тых машынах. Вінавайцам лічаць вас.

Лось. Ну, што ж, няхай. Хто асудзіць, а хто і апраўдае.

Дычыха. Ой, даражэнькі Васіль Лявоныч, не чакайце жаласці ад іх. Сёння брат брата топіць.

Лось. Ну, можа, новы дырэктар чалавек разважны.

Дычыха. Ды не, і ён як сыч з-пад ілба глядзіць.

Лось. Ну, дзякую Дычыху (даў грошы), дзецям на цукеркі.

Дычыха. Ой, Васіль Лявоныч, што вы! (Хацела пацалаваць у руку.)

Лось (рукі не даў). Не трэба так, Дычыха, пабачаць.

Дычыха. Ну, дзякую, Васіль Лявонавіч, мяне лічыце... ну, такой, адным словам... усё, што пачую, вам прынясу. Пабягу мыць падлогу, новы дырэктар прыйдзе. (Пайшла.)

Уваходзяць Ражноўскі, Хінч, Крумкач і Апанас.

Ражноўскі. Я да вас па справе, таварыш Лось.

Лось. Я вас слухаю.

Ражноўскі. Адносна прэса. Што гэта, ёсць загад прэс выключыць, выпісваць часткі і чакаць?

Лось. На вялікі жаль, так.

Ражноўскі. Ну, мы не згодны. Будзем самі правіць.

Лось. А хіба ж вы забыліся, як было з тым прэсам? Узяліся правіць самі і селі макам. На ўсё спец патрэбен, а ў нас іх мала.

Ражноўскі. Бо рана паніку пусцілі. А каб яшчэ адну зрабілі спробу, знайшлі прычыны. А так пазорліва селі, і доўг краіне — дзвесце сеялак і жатак.

Лось. А на чыім жа карку гэты доўг вісіць? На маім.

Хінч. А што ж вы хочаце, каб гэты доўг яшчэ больш рос?

Лось. Якім чынам?

Хінч. Ды такім, калі мы будзем чакаць, часу многа пройдзе, а вытворчасць не чакае, краіна машыны патрабуе.

Ражноўскі. Мы не дапусцім, каб у час вялікіх тэмпаў машыны выбывалі.

Лось. А я не магу дапусціць, каб у час вялікіх тэмпаў рабіліся эксперыменты, якія канчаюцца крахам.

Ражноўскі. Значыць, вы не давяраеце нам?

Лось. Наадварот, я вам веру, але ж трэба мець здаровую развагу — самі не направім.

Ражноўскі. Ну, з гэтага ўсё зразумела: бегчы трэба на збавенне да кумы, а куме да кума, а тым часам машыне крах, чакай вясны.

Хінч. З такой устаноўкай мы пяцігодку выканаем праз 10 год.

Ражноўскі. У той час, калі калгасны рух расце, крычаць — давай машыны, а мы лісты будзем пісаць да немцаў. Злітуйцеся, дапамажыце...

Лось. І не так, таварыш Ражноўскі. Неяк зробім, машын калгасу дамо.

Ражноўскі. Адно толькі разважанне.

Крумкач (які мімічна размаўляў з Апанасам). Мне падабаецца наш маладняк. Абы справа забуксавала — на сцяну лезе ратаваць. Таварыш Ражноўскі, хацеў бы я мець сына гэткага, як вы.

Ражноўскі. Таварыш Лось, не трацьма часу на пустую гутарку, давайце канкрэтна. Ваша думка?

Лось. Я сказаў.

Ражноўскі (да Крумкача). А вы?

Крумкач. І я сказаў, братцы, самі не направіце.

Ражноўскі. Ну, тады дазвольце сказаць нам. Мы пойдзем супроць вашага загаду, машыну будзем ратаваць з ударнымі брыгадамі.

Лось. А я думаю інакш. Пашлю я вас у цэнтр для азнаямлення з такой самай машынай, а потым наладзім яе тут.

Ражноўскі. Я нікуды не паеду.

Лось. Ну, як-та не паеду? Калі справа патрабуе — паедзеце.

Ражноўскі. Не паеду!

Лось. Тады дзе ж дысцыпліна, аб якой кажа партыя?

Хінч. Ну, аб гэтым мы пагаворым у партячэйцы. Хадзем, Ражноўскі. (Пайшлі.)

Апанас. Васіль Лявоныч, даруйце, я не ведаю, што вы думаеце, але ж хачу сказаць, што я думаю. Я век зжываю на заводах. Многа гора бачыў, але ж з вамі не згодзен. Не гуляць, а вялікую справу яны хочуць зрабіць, і трэба ім дапамагчы.

Лось. Панас, як вам здаецца, ведаю я што-небудзь ці не?

Апанас. А чаго ж да вас ідуць, як не за дапамогай?

Лось. Я кажу, не рыпацца.

Крумкач. Значыць, і не рыпацца?

Апанас. Не можна так казаць.

Лось. А што ж рабіць?

Апанас. Рукавы закасаць, і тады...

Крумкач. Ваду таўчы ў ступе.

Апанас. Машыны правіць, новыя зрабіць. Не лезці да немцаў. Годзе!

Лось. З часам гэта будзе. Раней трэба дагнаць і перагнаць.

Крумкач. А на гэта дзесяць год яшчэ патрэбна.

Апанас. Васіль Лявоныч, усё будзе, раней дапамажыце ім, яны чакаюць вас. Я ўночы спаць не магу, станок папсуты перад вачыма мігаціць. Ён не працуе, быццам мы перад судом.

Крумкач. Апанас, дай працаваць. Ідзі.

Апанас. Ну, добра, я пайду. Я працягну ім сваю мазольную руку, выйду на дапамогу, як старэйшы брат, ратаваць машыны будзем. (Пайшоў.)

Крумкач. Ну, што рабіць?

Лось. Я сказаў. Адстаўляй машыну.

Крумкач. А ці добра будзе?

Лось (незадаволена). Ды што гэта, нарэшце? Адстаўляй машыну!

Крумкач пайшоў. Пачаў нервова хадзіць Лось. Уваходзіць Галуза. Застанавіўся.

Лось. Вы да каго?

Галуза. Да вас.

Лось. Чаго патрэбна вам?

Галуза. Зусім нічога, даўно вас бачыў, падзівіцца хачу.

Лось. Вы хто такі?

Галуза. Да ваш стары знаёмы.

Лось. Стары знаёмы? Я вас зусім не ведаю.

Галуза. Затое я вас добра ведаю.

Лось занепакоіўся.

Галуза. Ай-я-яй, якая змена з чалавекам. Пазнаць вас не магу.

Лось. Хто вы?

Галуза (падышоў бліжэй). Дзе ж ваша воля, дзе ж той спрыт, дзе сіла ваша?

Лось. Ніколі вас не бачыў.

Галуза. А памятаеце бой, дзе ваш бронецягнік «Едзіная Расія» адзін абараняецца супроць чырвонай сволачы?

Лось (кінуўся да яго, заціснуў яму рот і азіраецца на вокны). Цыц, ні слова!

Галуза (руку адкінуў). Вось цяпер перада мною той самы камандзір бронецягніка Вацлаў Бранавіцкі.

Лось (трасе яго за грудзі). Ты хто такі?!

Галуза. Цішэй, пачуюць. (Выстраіўся.) Памочнік каменданта вверанага вам поезда — паручнік Лашч!

Лось амярцвеў.

Галуза. Не палохайся, я нічога супольнага з ГПУ не маю. Ну, давай руку, прывітайся. (Узяў руку і трасе.)

Лось (пільна ўглядаецца яму ў твар). Лашч! Так... Помню... А дзе мой брат? Скажы, дзе мой брат?

Галуза. Брат... чырвоныя забілі.

Лось. Чырвоныя... (Думае.) Ты бачыў?

Галуза. На маіх вачах. Мы труп пакінулі, а самі ўцяклі.

Лось. Як ты папаў сюды?

Галуза. Накіравалі.

Лось. Дзе дагэтуль быў?

Галуза. Увесь Саюз вось гэтак абматаў, а цяпер хачу на кітайскую граніцу перабірацца, там нашы аперыруюць.

Лось. Так, што ж ты хочаш ад мяне?

Галуза. Не разумею...

Лось. Помач матэрыяльную?

Галуза (пакрыўдзіўся). Паручнік Лашч падачак не прымае. (З гонарам.) Хачу служыць тут, разам на заводзе!

Лось. Разам... Гэтага не можна!

Галуза. Чаму?

Лось. А таму, што я з мінулым скончыў усё. Я тут лічуся сумленным працаўніком. І баюся аб тым успамінаць.

Галуза. А я ўспамінаю, мінулага яшчэ не скончыў і зусім не хачу, каб мяне бальшавікі лічылі сумленным чалавекам.

Лось. Пустое разважанне.

Галуза. Я перашкаджаць табе не буду, а службу прашу даць.

Лось. Я лепш дам табе на дарогу колькі хочаш грошай.

Галуза. Ізноў сваё. Я хачу служыць!

Лось (падумаўшы). Якая спецыяльнасць?

Галуза. Асноўная — барацьба з бальшавікамі, а так — універсальны чалавек.

Лось. Клічка?

Галуза. Дзяніс Галуза. Хамская фамілія. Адно толькі жаль — нос не картошкай.

Лось. Слясарку ведаеш?

Галуза. Ведаю.

Лось. Залічу слесарам.

Галуза. Ну, што ж, добра, адразу ў масы.

Лось. І так, усё. Дзе будзеш жыць?

Галуза. Можна разам.

Лось. Гэтага не можна. Ты жыць будзеш у нашага чалавека. А цяпер ідзі.

Галуза. Ну, дзякую. (Падаў руку і глядзіць на руку Лося.) А гэта што — ордэн Чырвонага сцягу?

Лось. Чырвонай шаблі.

Галузе гэта спадабалася, мацней паціснуў руку і пайшоў.

Лось адзін думае. Уваходзіць Клара.

Лось (радасна). Каго бачу, Клара, мая радасць! Ручку, ручку! Эх, як я занудзіўся.

Клара. Аб гэтым пасля. Давай спраўкі, калі прыслалі прэс.

Лось. Вось гэта мне падабаецца. Зараз увесь завод тут будзе. Толькі і чую — прэс, прэс і прэс.

Клара. Так і трэба. Калі прыслалі прэс?

Лось. Чатыры месяцы.

Клара. Ты што ж, не хочаш, каб брыгады правілі яго?

Лось. Баюся, не направяць, толькі час змарнуюць.

Клара. Ражноўскі адказнасць на сябе бярэ.

Лось. Завельмі смела. Я калісь хацеў выкладчыкам кітайскай мовы ў школу паступіць, ды адмовілі — мовы не ведаю, так і тут.

Клара. Няўжо ты не верыш гэтаму таленавітаму тэхніку?

Лось. Ды кінь ты, Клара, які ён талент? Ні тэорыі, ні практыкі.

Клара. А я яму веру.

Лось. Ну, гэта рэч іншая. У справах сэрца, можа, ён даказаў свой спрыт.

Клара. Лось, што гэта за дацінкі?

Лось. Мне проста дзіўна. Гаворыш аб Ражноўскім — агнём ззяюць вочы, ззяе твар, Ражноўскі — бог. Ражноўскі — ідэал!..

Клара. Так, так, ідэал!

Лось. А я не пападу пад уплыў гэтага ідэала!

Клара. Тут справа не ў асобе, а ў заводзе, машыны выбываюць — прарыў.

Лось. Выходзіць так, што толькі ідэальнага Ражноўскага пужае будучыня, а мяне — наадварот. Лёс завода дораг і мне.

Клара. Ну, давай канкрэтна.

Лось. Запросім механіка з цэнтра. Прыедзе — направіць.

Клара. Пакуль запросім ды прыедзе — прэс месяц прастаіць.

Лось. Ну, гэта многа?

Клара (адыходзіць). Заключнае слова за парткіраўніцтвам.

Лось. Клара! (Клара падышла.) Я цябе не пазнаю.

Клара. Ну?

Лось. Але ж падыдзі бліжэй! Ну, вось так! Што ж гэта — адстаўка?

Клара. Кажы далей, я слухаю.

Лось. Я не разлюбіў цябе...

Клара. А я спынілася.

Лось. Прычыны?

Клара. Прычын многа.

Лось. Нябось галоўная прычына — перамена майго чына?

Клара. Не чын, а аўтарытэт. Грамадскасць цябе судзіць, і я не мілую.

Лось. А сэрца ж тваё каго слухае, твайго індывідуума ці нейкай кучкі невядомых людзей?

Клара. У даным выпадку— масу, грамаду.

Лось. І на падставе гэтага ты можаш патаптаць усё?

Клара. Камуніст можа. Ён рашучы і адважны.

Лось. Якая змена з чалавекам, я прыехаў да яе той самы, а яна...

Клара. Табе не трэба было назад прыязджаць.

Лось. Як?

Клара. А так. Цябе гаспадар завода — рабочы — адхіліў, чаго ты прыехаў, хто цябе пакінуў?

Лось. Мяне пакінуў цэнтр.

Клара. Цэнтр? Хацела б ведаць я таго з цэнтра, як ён выглядае, вывернуць душу яго, вось так.

Лось. Так што ж? Па-твойму, той, хто мяне пакінуў, нейкі дурань?

Клара. Я не ведаю, але ж ты ад нейкага часу зрабіўся для мяне агідным.

Лось (здзіўлена). Так?

Клара. Так. Кожны той, хто несумленна кладзе цагліны ў фундамент сацыялізма, з майго погляду — вораг.

Лось. Значыць, мы чужыя?

Клара. Мы сваякі не былі.

Лось. Гэты дзень — жалобны для мяне дзень.

Клара. Ніхто, здаецца, не памёр, а кожную хваробу лячыць можна. Так што, дружа, падцягніся, а не... жалезны савецкі дзяркач зробіць інакш.

Лось (грозна). Дзевачка, завысока ляціш!

Клара. Дасягай нашай вышыні — будзем дзякаваць, а станеш папярок — утыльсыр’ё.

Лось. Глядзі, на перагіб наскочыш.

Клара. Ніколі.

Увайшлі Андрэй і Чвыр.

Андрэй. І так, я пазнаёміўся з рабочымі завода.

Лось. Вельмі прыемна.

Андрэй. Прыемнага мала.

Клара (да Лося). Во, чулі?

Андрэй. А вы хто будзеце?

Клара. Я тэхнічны сакратар партячэйкі.

Андрэй. Даўно служыце?

Клара.. Год.

Андрэй (да Лося). А вы?

Лось. Два гады.

Андрэй. У вас адчуваецца безгаспадарчасць. Былі катастрофы.

Лось. Былі, але ж у маю адсутнасць.

Клара. І не так, кажыце проста, у вашу прысутнасць!

Лось. Таварыш Клара, ды што ж гэта вы стараецеся безапеляцыйна ачарніць мяне?

Клара. Я кажу праўду.

Андрэй. Мы якраз не хочам зараз судзіць вас, але ж факт той, што выпадкі былі.

Чвыр. Мы чулі — вы прэс не жадаеце правіць сіламі нашага завода.

Лось. Бо не паправім. Няма адпаведных спецаў.

Чвыр. Ну, а ваша дапамога, вы ж інжынер?

Лось. Перад механікай Германіі пасую.

Андрэй. Вось гэта здорава!

Чвыр. А вы спрабуйце, напружце ўсе сілы. Дакажыце, што мы можам абысціся без чужой апекі.

Лось. Хацеў верыць у свае сілы, але ж дарэмна.

Андрэй. У вельмі дрэннае становішча пападае завод. Няма належнай вытворчасці. Не дамо калгасу машын.

Чвыр. А вы ведаеце, што сёння калгас...

Лось. Мяне не трэба агітаваць, я не вораг краіны — ведаю.

Клара. Таварышы, годзе вам сентыментальнічаць, дайце рашучы загад, і справе канец.

Чвыр. Правільна!

Андрэй. Так вось! Прэс направіць сіламі нашага завода, як хутчэй пусціць. (Пайшлі.)

Лось. Пастараемся, пусцім.

Клара. Пусціла б я такога дырэктара (паўза) к чорту за вароты. (Пайшла, партфель пакінула.)

Лось. Бач ты яе, сцерва! (Раскрыў партфель, перагледзеў пакеты, адзін пакінуў.)

Уваходзіць Дычыха з вядром і венікам.

Дычыха. Васіль Лявоныч яшчэ тут, а я хацела падлогу мыць.

Лось. Я зараз пайду.

Дычыха. Што гэта верціхвостка вылецела адсюль, ледзьве з ног не збіла.

Лось. А чорт яе ведае, нашумела, накрычала і пабегла, партфель пакінула.

Дычыха. Яны на галовы свае забудуцца.

Лось. Вось што, Дычыха, занясі партфель назад, каб не было бяды.

Дычыха. Аддаць у рукі ці пакласці на стол?

Лось. Як мне здаецца, лепш пакласці, а то, чаго добрага, прычэпіцца.

Дычыха. Ці ліха дасць, цішком занясу — і толькі, ключ ад канцылярыі ў мяне.

Лось. Тым лепш, ідзі. (Дычыха пайшла. Лось раскрывае пакет.) ЦК партыі, рашэнне партнарады аб рэканструкцыі завода. Эскізы, чарцяжы, ого, якія гмахі. Гэтага мне і трэба. Стварыў бог мядзведзя, стварыў і паляўнічага.

Пераключаецца свет, і зноў пачынаецца дзея. Кабінет дырэктара.

Уваходзіць Падгайскі.

Падгайскі. Васіль Лявоныч, дазвольце далажыць, што кватэра ваша ўжо гатова, як цацка.

Лось. Ды ну?

Падгайскі. У стары час архірэй так не жыў. Уявіце сабе, якая прыгажосць, дачушка пад свой густ шпалеры купляла, сама клеіла.

Лось. Вось за гэта ёй падарунак. (Дае залаты гадзіннік.)

Падгайскі (радасна). Васіль Лявоныч, ад радасці язык у роце адубеў, не ведаю, як дзякаваць.

Лось. Вы заслужылі на большае.

Падгайскі. За вас, Васіль Лявоныч, жыццё аддам. Любы вы мне. Во!

Лось. Дзякую за шчырасць.

Падгайскі. Глянеш на вас — жыць хочацца, а глядзіш на гэтыя ватовыя камізэлькі — хоць у лес уцякай. Апаршывеў свет. Цьфу!

Лось. А нам што?

Падгайскі. І я кажу, каб толькі бог паслаў здароўя, а жыць мы будзем згодна. Вам і кароўку, пару свіначак. (Шапнуў на вуха. Лось засмяяўся.) А што, няпраўда, яны мне нічога не далі, хату збудаваў мне цар.

Лось. Цыц!

Увайшла Дычыха, Падгайскі пайшоў.

Дычыха. Васіль Лявоныч! На вытворчую нараду зараз паклічуць. (Уздыхнула.) Тэхніка Ражноўскага на неба садзяць, а на вас... Вось цяпер Ражноўскага рабочыя як муху абляпілі і шу... шу... шу... Я, значыць, шусь у гушчар — хацела вынюхаць, а мяне — набок. А ліха вашай мацеры! Хоць недачула, а пабягу скажу. Няхай мой дабрадзей ведае.

Лось. Ды я ведаю.

Дычыха. Я супроць бога не пайшла, а супроць тых, хто боскія законы крывіць, пайду. Не дачакаюць. Вас не пакрыўдзяць, вока боскае ўсюды. Я, Васіль Лявоныч, чую яшчэ добра, не злаўлю сёння — злаўлю заўтра, а вам прынясу ўсё.

Лось. Ты, Дычыха, будзь асцярожнай, глядзі, як даведаюцца.

Дычыха. Няхай брэшуць, на тое язык у роце. Васіль Лявонавіч, блізка да сэрца не бярыце, але ж і камень за пазухай трымайце. Абараняцца трэба. Цяпер на свеце гэтак, у адных язык, а ў другіх нож. Так што будзьце асцярожны — могуць раніць.

Лось. А як партфель?

Дычыха. А як загадалі, так і зрабіла, прынесла, палажыла, і ша...

Лось. А яна не бачыла?

Дычыха. Ніхто не бачыў.

Лось. А цяпер схадзі да Крумкача і скажы, каб прыслаў да мяне Галузу.

Дычыха. А хто гэта такі?

Лось. Рабочы на заводзе, нядаўна прынялі. Будзеш памятаць? Галуза.

Дычыха. Галуза, добра. (Пайшла.)

Уваходзіць Клара, нясе партфель. Клара, стоячы пры дзвярах, глядзіць на Лося.

Лось. У чым справа?

Клара (пасля паўзы). Скажы, Лось!

Лось. Што сказаць?

Клара. Я шукаю пакет, шукаю — і няма.

Лось. Які пакет?

Клара. Пакет, дзе пастановы, чарцяжы.

Лось. Якія пастановы?

Клара. Ды гэта ўсё роўна, быў — і няма.

Лось. У каго ж ён быў, чаму няма, выразней кажы.

Клара. Быў у партфелі, там пастановы, чарцяжы.

Лось. Так чаго ж маркоціцца. Зняць копіі і адаслаць.

Клара. Копій не засталося.

Лось. Вось гэта горш.

Клара. Я пападу пад суд.

Лось. Заявіла?

Клара. Пакуль што не, але ж заяўлю.

Лось. Так чаго ж ты хочаш ад мяне?

Клара. Яго трэба знайсці.

Лось. Кажы дзе, а я дапамагу.

Клара. Яго ўкралі з мэтай.

Лось. З якой?

Клара. Мэты дзве, альбо пасмяяцца нада мною, альбо з мэтай палітычнай.

Лось. Ага, зразумеў, значыць, нейкая мэта, на твой погляд, падыходзіць да мяне.

Клара. Так.

Лось. Каторая ж, дазвольце запытацца?

Клара. Другая.

Лось. Тады дазвольце вам параіць звярнуцца ў крымінальны вышук, а тут вам нечага рабіць. Дайце мне працаваць.

Клара паглядзела моўчкі, пайшла.

Лось. Папалася, сцерва!..

Уваходзіць Галуза.

Галуза. Я тут.

Лось. Ці ведаеш ты, што зараз будзе вытворчая нарада?

Галуза. Я нават ведаю, што на абвестцы дня.

Лось. Галоўнае пытанне ўзнята будзе аб машынах і асабіста аба мне.

Галуза. Ясна, навакол гэтага будуць круціцца.

Лось. Лінія табе вядома?

Галуза. А то як жа.

Лось. Павёў Ражноўскі траўлю, ды якую, ты глянь! (Дае ліст.) Даносіць у рэдакцыю, што на заводзе непаладкі. Рэдакцыя прыслала ліст для выяўлення факта. Ліст пападаецца ў рукі мне.

Галуза (чытае). Што думаеш рабіць?

Лось. Дзеля гэтага цябе паклікаў, падумай і скажы.

Галуза. Я думаць многа не ўмею. Выношу пастанову — і ў расход. Б’юць нас — б’ём мы.

Лось. Мне гэта падабаецца.

Галуза. Я на варце. У любы момант.

Лось. А як па-твойму, выправяць яны паломку прэса і дыскавай пілы?

Галуза. Ражноўскі выправіць. Ганс дапаможа.

Лось. Ганс?

Галуза. Гэты — адданы слуга бальшавікам.

Лось. Ён абяцае рабочым нашага завода камісарскія партфелі, калі будзе рэвалюцыя ў Германіі, а яны вераць.

Галуза. Камісарамі яны не будуць, а на заводах падмятайламі будуць.

Лось. Пры дапамозе Ганса завод ідзе на вялікую рэканструкцыю: я прыпадкам планы пераняў. (Паказвае.) Вось, бачыш, — чарцёж на пабудову велічэзных карпусоў: кузнечнага, такарнага цахоў. Праца Ганса, арыгіналы, арыгіналы і без копій.

Галуза. Без копій, адкуль ты ведаеш?

Лось. Ведаю.

Галуза (радасна). Без копій, гэта скарб, знаходка! Магу ўзяць на пару дзён? Я дакладна пакапаюся ў іх.

Лось. Нашто яны табе?

Галуза. А вось нашто. Я люблю страшна ўсё тое, што будуе бальшавік, нішчыць і радавацца дап’яна, калі яно рушыцца. Таксама люблю нішчыць іхнюю ідэю, калі яна ў зародышы. (На планы.) Гэта зародыш. Хадзем. (Пайшлі.)

Пераключаецца свет. Сход вытворчай нарады.

Падгайскі (хвалюючыся). Таварышы, я 10 год стаяў пры машыне, працаваў з асцярожкай, машына жыла, а ён — раз, раз і душу, як бачыце, дастаў.

Гук. Так што ж, па-твойму, Абрам сумысля папсуў прэс?

Падгайскі. Мы гэтага не ведаем, трэба дакапацца.

Ладуцька. Правільна, мы толькі ведаем, што прэса няма.

3-ці рабочы. Таварышы, супроць Абрама паход, некаму хочацца аганьбіць чалавека.

Галасы. Ну, гэта не ўдасца. Абрама ведаем!

Абрам. Таварыш старшыня, дазвольце. Я не хачу спыняць увагі на паасобныя заявы Падгайскага, Ладуцькі. Я ведаю, чаго ім трэба, аб іх пагаворым пасля. Я толькі хачу звярнуць увагу сходу на паводзіны грамадзяніна Лося. Вы добра, таварышы, абмяркуйце: рабочыя бяруцца прэс направіць, — Лось кажа — не направяць. Ражноўскі выступае на дапамогу, — Лось адсылае яго ў камандзіроўку. Як памятаю, гэты прэс, як толькі прыехаў з-за граніцы, таксама не меў увагі ад Лося. Прывёз, паставіў на дварэ, доўга стаяў, пакуль рабочыя не прымусілі замацаваць, тады Лось паставіў прэс на дрыгве, праз год ён абсеў. Паставіў другі раз — абсеў. Цяпер прэс зламаўся. Ад якіх прычын зрабілася паломка, пакуль нам невядома, але ж парткіраўніцтва даведаецца.

Лось. Устаноўка прэса была няўдалая з прычыны вадзяністай глебы. У гэтым не мая віна. Ражноўскага я пасылаў у цэнтр не дзеля забавы, а дзеля таго, каб азнаёміцца з такой самай машынай, а пасля ўзяцца за папраўку сваёй. Якія могуць быць вывады?

Абрам. Нашто было Ражноўскага пасылаць вучыцца, калі ў яго дастаткова ведаў, каб прэс направіць сіламі нашага завода? У гэтым ваша памылка.

Лось. У гэтым напрамку я памылкі не зрабіў ніякай. Я інжынер, бачыў за свой век не гэткія машыны, і калі казаў, што нам машыну гэту не паправіць, то не памыліўся. (Да Абрама.) Вам, таварыш, трэба думаць, што казаць. Хто другі, можа б, яшчэ і мог казаць, што машыну паправіць, а вы... гэтага сказаць не можаце. Вас не так даўно перайменавалі з малатабойцаў у слесары.

Андрэй. Грамадзянін Лось, ну, добра, не паправіць машыну малатабоец, ну, а мацнейшыя сілы, хіба ж іх няма ў нас? Вы ж гляньце, якая грамада.

Лось. Ды справа не ў грамадзе, а ў тым, што прэс замежны, часткі паламаліся такія, якіх нам тут не зрабіць. Трэба выпісваць іх з-за граніцы.

Абрам. Таварыш Лось, у нас ёсць ударны маладняк, які ўголас заявіў, што ўсе часткі ён зробіць сам. Вы аб гэтым ведаеце?

Лось. Ведаю.

Абрам. Але ж, мусіць, вы не верыце яму. Вам здаецца, усё гэта — пустая гутарка. Выбачайце, брыгады ў нас не выдумка, а факт. Вось яны кругом, як сцяна, глядзяць на вас і думаюць, які вы малавер, трус і панікёр.

Галасы. Ды годзе байкі баяць. Абыдземся і без яго. Ды што ён нам, падумаеш! Не той час цяпер!

5-ты рабочы. Брыгады, скажыце нам сваё слова.

1-я, 2-я, 3-я брыгады. Направім, направім, направім!

Падгайскі. Таварышы! Пачакайце! Усе вы крычыце, што свет перавернеце, мерцвяка на ногі паставіце, але ж, калі прыгледзецца да тых, хто крычыць, дык бачым: крычаць малатабойцы, змазчыкі, якраз тыя, якія ўчора парабіліся майстрамі. Таварышы, трэба ведаць вам, што крыкам машыну не падняць.

Галасы. Падгайскі языком Лося гаворыць! Сябры! Табе, Падгайскі, мала веры.

Падгайскі. Як гэта мала веры? Я майстра! Я ведаю механіку! Я з прэсам працаваў 10 год, а ты (на Абрама) папсуў у адзін дзень! Лось інжынер, і калі ён хоча клікнуць на дапамогу, то няхай кліча. (Гоман.)

Андрэй. Таварышы, чакайце, спрэчак не трэба. Выказвайцеся ўсе. Трэба ведаць настрой усіх. Таварыш Крумкач, ваша слова!

Крумкач. Калі б якая другая машына папсулася, я б сказаў, што мы направім яе самі, а тут, браткі, трэба прызнацца, што такую складаную механіку мы сёння не здолеем пазнаць. Справа за вамі, не хочаце клікаць дапамогу, давайце самі.

Андрэй. Хто яшчэ?

Галуза. Дазвольце мне. Я, таварышы, тут новы чалавек, у мяне многагадовая практыка. Я ўсё сваё жыццё матаўся па заводах і машыны правіў. Скажу праўду — не баюся і нямецкіх машын і хачу ўзяць на сябе смеласць, каб сказаць, што гэтую машыну мы направім самі. (Гоман.) (Да Лося.) Вы, таварыш Лось, мне даруйце, у вас мала веры ў моц нашага рабочага, а слухаючы вас, глупства пляце і Падгайскі; малатабойцы, змазчыкі; вы забыліся, таварыш Падгайскі, што такія малатабойцы, змазчыкі рэвалюцыю рабілі. (Гоман.) Тут на гэтым заводзе моцная сям’я. Згода. Пралетарскае чуццё. Ёсць, праўда, і хворасць, але ж яе трэба зліквідаваць, прыкласці ўсе сілы, каб завод расшырыць ушыркі і ўдоўж. Каб ён быў гордасць краіны нашай. (Гоман.) Так што, таварышы, брыгады ёсць, час добры, і я вам — на дапамогу. (Гоман.)

Чвыр. Мы, таварышы, не думаем іграць у прыгожыя словы. На заводзе былі раней выпадкі, калі выпускалі касілкі і жаткі без шасцяронак, цяпер гэтага не будзе.

Лось. Гэта быў адзін выпадак.

Галасы. Ды не адзін!

Чвыр. Вось чуеце, такія праступкі вымагаюць суровай кары.

Апанас. Браткі, я сорак год на заводзе дажываю, я вырас між станкоў. Стук кожнага станка я разумею, а ў іх у кожнага асаблівы стук, і вось калі яны не працуюць, мне здаецца, хмара нейкая вісіць над намі. На суд паклічуць нас. А ў першую чаргу мяне, старога рабочага, — робіцца гэткая вялікая справа. Увесь свет сочыць за намі, як мы будуемся. І няўжо ж здаваць тое, што за трынаццаць год мы здабылі. Не здамо! Ночы спаць не будзем — машыны пусцім.

Ражноўскі. Я ад імя нашых ударнікаў заяўляю: папсуты прэс пусцім, часткі з-за мяжы выпісваць не будзем, так што, таварышы Лось і Крумкач, прыйдзеце паглядзець, як мы будзем змагацца за наш аўтарытэт. А наш аўтарытэт — вялікі аўтарытэт. І яго не парушыць ніхто і ніколі.

Ганс. Я прашу слова. Той, хто сказал, што машыну не направіт сам — я маўчу. Можа быць, не направіт. То мы будзем іскаць другога майстра, здесь, у нас, у нашай сям’е, дзе малатабойцы, змазчыкі, дзе эці замазаныя рабочыя. І мы іх найдзём. Но тот, кто сказал, што выпісываць з Германіі — я не хачу. Не нужно этого делаль. Все нужно здесь делаль. Рукі рабочы есць рукі, крэпкій бальшой рукі. Эцімі рукамі рускій рабочый взяль фабрык, заводы, власць. Вы слушаль, комрад, — власць. Так зачэм снімаць шапку перад германскім буржуа, не надо, нікто не хочет і Ганс не хочет. Мы обойдземся без немецкі капітал. К чорту, сукіны дзеці, а еслі таварыш Лось не ідёт з вамі, Ганс пойдзёт з вамі. (Воплескі.) Брыгада. Арбайтэн. (Закасаў рукі. Воплескі.)

Верны (стоячы ззаду). Таварышы, дазвольце мне. (Цішыня.) Я, таварышы, чую, як рабочыя жыццё гатовы аддаць за гэты завод, я баюся адкрыць рот, каб прасіць вас прыняць мяне на дапамогу. Мне сорам у вочы вам глядзець, я баюся пераступіць парог, мне няма месца ў вашай сям’і. Праз мяне на заводзе была вялікая бяда, я зрабіў мадэль, і нядобрую, судзіце мяне, але ж ведайце, братцы, што не хацеў я гэтага! Я стараўся, з апошніх сіл стараўся, я будаваў 13 год, як будуецца сёння ў нас усё.

Мігай. Чакай, Верны... маўчы, не кажы, ні слова не кажы, маўчы! Таварышы, дазвольце мне. Таварышы, вось як можа цярпець бяду чалавек, не будучы вінаватым. Рабочы, які так аддана працаваў заўжды, зрабіў мадэль. Мадэль была добрая, усё ў парадку, а скалечыў яе... (паўза) я. Я па неасцярожнасці выпусціў яе з рук і выкрывіў бок. Мяне грызла сумненне, я хацеў пабегчы і прызнацца, каб пераняць бяду, не даць у адліўку, але ж я меў няшчасце параіцца з чалавекам, які мяне збіў з дарогі. Ён мяне не пусціў з тым, каб я не зрабіў своечасовую перасцярогу.

Галасы. Хто ён такі? Дзе ён?!

Мігай. Ён тут.

Андрэй (падышоў да Мігая). Скажы, Мігай, хто?

Мігай. Падгайскі.

Абрам. Вось, таварышы, твар класавага ворага!

 

Заслона

 

Пасяджэнне цэхпартбюро.

Тут Абрам, Рэкуць, Гук, Ладны.

Абрам. Таварышы, я пачынаю ўсё больш упэўнівацца, што інжынер Лось асоба падазроная. Вы гляньце, якая дзейнасць яго на заводзе. Машына выбыла — ён спакойны. Машыну бярэмся правіць — ён усяк круціць, каб яе не правіць. Ражноўскага, які заявіў, што паломку з ударным маладняком выправіць, ён адсылае ў камандзіроўку. Ганса — не любіць. А вось паглядзім, каго ж ён любіць: кулака Падгайскага — любоўная справа з дачкой. Дружба з Крумкачом. Па маёй думцы, ён не наш.

Гук. Бачыце, таварышы, да гэтай справы трэба падысці сур’ёзна. Трэба добра прыгледзецца. Сказаць не наш — лёгка, а ці сапраўды так? Мы ведаем: ён інжынер, значны спец, не заўжды бачылі адмоўныя бакі, былі і дадатныя. Скажаш — ён шкоднік, а дзе ж падставы? Апірацца на тое, што ён не дружыць з Гансам — нельга. Тут справа ў канкурэнцыі. Ганса любяць рабочыя, бо Ганс больш рухавы, добра гаворыць, прытым — замежнік, кожны з нас любіць чужое, сваё не смачна. Так што, разглядаючы асобу Лося, я баюся, каб нас пасля не абвінавацілі ў спецаедстве.

Рэкуць. Ты казаў — Ганс многа гаворыць, за гэта яго любяць, а хіба ж ён мала робіць? Ты ж глянь, як гэты чалавек дрыжыць за нашу будоўлю, за наш рост.

Гук. А не было такіх здарэнняў, калі Лось таксама за справу падыхаў? Хто прывозіў машыны з-за граніцы? Лось. Хто ставіў іх? Лось. А цяпер узяў гэтыя машыны і паламаў? Добра падумайце.

Ладны (да Гука). Тады як, па-твойму, чаму ён раней больш быў актыўным, а цяпер наадварот?

Гук. На мой погляд, яго затукалі. Усе крычаць: Ганс, Ганс, немца на покуць!.. Ну, а ён не сляпы — бачыць... і нахінуўся набок.

Абрам. Гук, ты мыляешся.

Гук. Ніколькі. Калі б ён быў вораг, ён бы завод пакінуў, як паднялі пытанне з завода яго зняць, а так, бачыце, чалавек застаўся, асадзілі на ніз — сядзіць.

Ладны. Гэта яшчэ не довад.

Гук. Вы бачылі: заўком і другія, як загаварыў рабочы, каб з завода пайшлі, — адразу пайшлі.

Абрам. Што ж ты гэтым хочаш сказаць?

Гук. А тое, што для іх завод быў нішто — дым, а Лосю мажліва не, чалавек хоць з паніжэннем, але ж застаўся.

Рэкуць. А калі з мэтай?

Абрам. Во!

Гук. Не ведаю.

Ладны. Таварыш Гук разважае па евангеллю; калі Лосю далі па шчацэ — ён падставіў другую, мы гэтак не разважаем.

Гук. Ну, і гэтак нельга, біць без падстаў!

Абрам. Падставы ёсць. Мы іх бачым, яны відавочны ўсім. Не бачыць гэтага таварыш Гук, а чаму ён не бачыць, я не ведаю, пэўна, ад таго, што да гэтага часу таварыш Гук не набыў пралетарскай пільнасці і чуласці... Я сёння цэхавай ячэйцы заяўляю, што Лось-інжынер — не наш чалавек, за ім трэба сачыць і як хутчэй з завода зняць, заўтра я сваю думку выкажу парткалектыву. Таварышы, так?!

Усе (апрача Гука). Так!

Гук. А я застаюся пры сваім... не распыляць спецаў, бо ў нас іх мала ёсць.

 

Заслона

 

 

Акт трэці

 

Кватэра Замоцкага. На сцэне Ліпа, уваходзіць Лось.

 

Лось (нездаволена). Ты адна?

Ліпа. Адна. Замоцкі спіць.

Лось (пахадзіў па хаце, дастаў ліст, кінуў Ліпе). Што гэта за новы спосаб пасылкі лістоў, няўжо ты не можаш тое, што думаеш, сказаць у вочы.

Ліпа. Не магу, бо ты чурацца мяне стаў. А я люблю цябе!

Лось. Мне цяпер не да кахання!

Ліпа. Тады нашто жывеш са мной і абяцаеш правы жонкі?

Лось. Жонкай ты маёй будзеш, я табе не здраджу.

Ліпа. Даўно я гэта чую і веру страціла.

Лось. Я застануся пры табе, бо мы звязаны не толькі сэрцам.

Ліпа. Вось гэтага я і хачу. Бо ведаю добра — дні радасці ці будуць, а падвал і куля — будуць.

Лось. Аб гэтым ні слова.

Ліпа. Я жыць хачу, я шукаю шчасця!

Лось. Разглядаючы твае погляды да шчасця, можна думаць, што яны далей мяккай цёплай пасцелі не ідуць.

Ліпа. Трэба і гэта.

Лось. Гэта трэба менш за ўсё. Наша шчасце залежыць ад змогі над бальшавікамі. І дзеля гэтага не ганяйся за хлопцам, а — за мэтай. А мэта наша тут, на Беларусі, і па ўсіх абшарах Савецкага Саюза, а цэнтр — заграніца.

Ліпа. Нас мала.

Лось. Нас многа.

Ліпа. У нас адсутнічае планавасць.

Лось. Планавасць на першым месцы!

Ліпа. Нас абкружаюць партыйныя сілы.

Лось. А да нас прыбываюць нашыя сілы. Бачыла навічка?

Ліпа. Нікога я не бачыла.

Лось. Я табе яго пакажу. (Адчыніў дзверы). Ану, заходзь!

Увайшоў Галуза.

Лось. Пазнаёмцеся. Ліпа — работніца завода — наша... А гэта Галуза. Прызначаны на завод. Скажы Замоцкаму, што мы былі, жыць будзе тут. Зразумела?

Ліпа. Не зусім.

Лось. Пасля зразумееш. Хадзем. (Пайшлі.)

Ліпа. Лось, на хвіліначку. Ты што, здурэў?!

Лось. У чым справа?

Ліпа. Як можна верыць, ты ведаеш яго?

Лось. Як сваіх пяць пальцаў.

Ліпа. Ой, глядзі!

Лось. Не сумнявайся, Ліпа. (Пайшоў.)

З бакоўкі выйшаў Замоцкі.

Замоцкі (устрывожаны). Хто быў?

Ліпа. Лось і яго знаёмы.

Замоцкі. Хто ён такі?

Ліпа. Нейкі новы на завод.

Замоцкі. Ізноў новы? Што гэта, нарэшце, робіцца? Новы, новы, новы... нейкі! Ноеў каўчэг!

Ліпа. А што вас палохае?

Замоцкі. Усё: змена дырэктара, прызначэнне другога.

Ліпа. А вы бачылі новага дырэктара?

Замоцкі. Не бачыў.

Ліпа. Так вось, раней пабачце.

Замоцкі. А ты ж бачыла?

Ліпа. Вось гэтак.

Замоцкі. Усё роўна палохаюся.

Ліпа. Знайшлі каго палохацца, каравы рабочы з лікбезаўскай асветай.

Замоцкі. Усе яны з лікбеза, але ж 13 год увесь свет трасуць. А новы заўком, а новы сакратар партячэйкі, што гэта — хаханькі? Налёт гэтых каравенькіх не так сабе.

Ліпа. А гэты гліняны балван!

Замоцкі. Хто ведае?

Ліпа. Я ведаю. Ды што вы, нарэшце, заблудзіліся ў трох саснах, яго прывёў Лось.

Замоцкі. Ах, так!

Ліпа. Так, дзеля гэтага палохацца нечага, адно слова Лося «наш» зразумела.

Замоцкі (радасна). Ён так сказаў?

Ліпа. Ён так сказаў.

Замоцкі. Ну, тады справа ясней.

Ліпа. Прыйдзецца аддаць яму пакой.

Замоцкі. Як, жыць будзе тут?

Ліпа. Гэта Лося загад.

Замоцкі. Ну, гэта добра. Значыць, кватарант у нас ёсць (спахваціўся), але ж як жа будзе з гэтым новым? (Дастаў ліст.)

Ліпа. А што?

Замоцкі. Вось піша мой знаёмы і просіць даць прытулак нейкаму...

Ліпа. А хто ён будзе?

Замоцкі. Не ведаю, таксама новы і пэўна ж едзе на завод.

Ліпа. Няхай лепш будзе той.

Замоцкі. Я той думкі— не трэба, а то пусцім якога камуніста, як блыха, пачне юліць, вынюхваць.

Ліпа. Ой, які ж вы трус!

Замоцкі (дражнячы). Трус, трус, гляджу я на цябе і думаю, якая ты авечка, у цябе што ні асоба — цацка, ідэал. Памыляешся, родная, памыляешся, не шукай ідэалаў — іх нідзе няма. Ты ведаеш, як сёння выглядае справа? Тое, што ты думала, тое, што ты ела, хто ці ведае, а ГПУ ведае.

Ліпа. Не, гэта байкі.

Замоцкі. Так, так, галубачка, ведае.

Ліпа. Калі б яны так ведалі, то і мы з вамі не былі б, а так, бачыце, служым — вераць. Пісалі анкеты: хто бацька — не ведаю, дзе гадавалася — не ведаю, — падкапайся.

Замоцкі. Усё гэта добра, не злавілі сёння — зловяць заўтра.

Ліпа. Бацька з магілы не скажа, я нідзе хваліцца не буду, што быў ён начальнік турмы. 13 год прайшло.

Замоцкі. 13 год тэрмін вялікі, але нібы ўчора ўсё было. Жудасны ўспамін, бойня за астрог, вызваленне рэвалюцыянераў. Гэта, разумееш, кашмарны страх. Людзі падалі, як мухі. Былі 2 лагеры: лагер наш — за трон, лагер іх... (упаўшым тонам) нас перамаглі. Адзін вядомы рэвалюцыянер, я б сказаў асілак, на маіх вачах забіў адразу трох. Твайго бацьку ён таксама ўкакошыў.

Ліпа. І вы бачылі?

Замоцкі. Бачыў, бацька твой герой, змагаўся да апошняга, баяўся здрадзіць царскую прысягу — загінуў, і як загінуў!.. Бандыт забіў, а раз’юшаная грамада рэвалюцыянераў разарвала труп на кавалкі. (Паўза.)

Ліпа. Хто яго забіў?

Замоцкі. Страшны, чорны, як цыган, вядомы рэвалюцыянер Чвыр.

Ліпа. Хто?..

Замоцкі. Чвыр. (Чуцен стук у дзвярах.)

Абое. Хто гэта?

Замоцкі. Прашу. (Ліпа адвярнулася да акна.)

Уваходзіць Чвыр.

Чвыр. Добры дзень. Скажыце, вы Замоцкі? (Адказ.) Вы служыце тут на заводзе? (Адказ.) Ад’язджаючы сюды, мой знаёмы абяцаў мне, што ў вас будзе пакойчык для мяне, даў мне адрас, я прыйшоў.

Замоцкі. Так, аб гэтым я ведаю, ён і мне пісаў, але ж, на вялікі жаль, гэты пакойчык заняты. З ахотай, ды не магу.

Чвыр. Тады выбачайце.

Замоцкі. А вы што ж, служыць на завод прыехалі?

Чвыр. Працаваць.

Замоцкі. А... вось дзеля чаго вам шукаць патрэбна дах над галавой... Разумею. Рабочыя часценька кватэр шукаюць — кватэрны крызіс.

Чвыр адыходзіць.

Замоцкі. Выбачайце, можа, я для вас дзе ў другім месцы падшукаю.

Чвыр. Не трэба, я ўжо сам.

Замоцкі. Яшчэ адно пытанне, як ваша прозвішча?

Чвыр. Андрэй Чвыр.

Ліпа адразу павярнулася.

Чвыр (глядзіць на Ліпу). Няўжо маё прозвішча так перапалохала вас?

Ліпа. Нічога, вельмі цікавае прозвішча.

Замоцкі. Ах, цяпер я і ўспомніў вас, 1917 год — дні рэвалюцыі. Гэта ж вы той самы герой, калі бралі астрог, ад вашай рукі лёг прыстаў і спраўнік. Сам бачыў.

Чвыр. Ад прысуду рэвалюцыі валіліся не толькі прыставы ды спраўнікі. Кароль Людовік XVI галаву сваю злажыў, на то і рэвалюцыя.

Замоцкі. Самы жахлівы ўспамін, калі ў вас страляў начальнік астрога.

Чвыр. Страляў, ды прамахнуўся.

Замоцкі. Затое вы не прамахнуліся. Смерць на месцы, як перад вачыма ўсё стаіць, браўнінг застыў у вашай акамянеўшай руцэ, кроў... трупы (уздрыгнуў). У вас быў тады белы браўнінг.

Чвыр (дастаў рэвальвер). Вось гэты.

Замоцкі. Той самы, пазнаю.

Ліпа. Дазвольце глянуць мне.

Чвыр. Ды нецікава. (Схаваў.)

Ліпа. Гледзячы каму, мне цікава. (Выйшла ў бакоўку.)

Чвыр. Гэта ваша дачка?

Замоцкі. Ды не, так, спартсменка, вялікая ахвотніца стральбы. Яна любіць вайну, герояў, досыць ёй пачуць аб гэтым — яна бяжыць, хапае стрэльбу і пайшла.

Чвыр. Бывайце.

Замоцкі. Шчасліва, вельмі рад, што бачыў вас, а яшчэ больш радуюся, што такі чалавек будзе ў нас на заводзе. (Чвыр пайшоў.) (Глядзіць на ліст.) Ах ты, сукін сын, каго ж ты прэш, каб табе духі выперла! Гэтага бандыта, забойцу. Кватэру яму дай, хоча ў мяне жыць, будзе са мной разам есці, спаць, будзе падаваць мне руку. О, не! Я забойцам рукі не падаю. Ліпа, выйдзі.

Ліпа выйшла.

Замоцкі. Чула?

Ліпа. Чула.

Замоцкі. Што рабіць?

Ліпа. Я не ведаю. Не магу прыйсці да памяці. Мала таго, што я пазнала свайго ворага, бачыла яго перад сабой, — бачыла той рэвальвер, якім забіў майго бацьку.

Замоцкі. Такія каралям секлі чарапы, а твой бацька — дробязь.

Ліпа. Выбачайце, для мяне не дробязь.

Замоцкі. Бяжы па Лося. (Паўза.) Чуеш, што кажу, бяжы па Лося!

Ліпа. Сэрца баліць, трасуцца рукі.

Замоцкі (грозна). Бяжы па Лося!

Ліпа схапіла са стала нож.

Замоцкі. Гэта што?

Ліпа нож палажыла.

Ліпа. Што казаць Лосю?

Замоцкі. Каб зараз жа прыйшоў. (Ліпа пайшла.) Эх ты, жыццё маё шалёнае!

Уваходзіць Падгайскі.

Падгайскі. Добра, што цябе застаў. Здароў. Ты што ж адзін? А гэта ж сею-вею дзе?

Замоцкі. Зараз прыйдзе, а нашто яна табе?

Падгайскі. Біць трэба, біць. У чужую кішэню залазіць пачала.

Замоцкі. Ну, што ж ты, кум, як можна, яна сумленная дзяўчына.

Падгайскі. Усе яны сумленныя. Толькі дрэнна пакладзі — сцягнуць.

Замоцкі. Не разумею, няўжо ў цябе што ўзяла?

Падгайскі. Не ў мяне, а ў дачкі... але ж глупства — пачакаю. Прыйдзе — пагаворым. (Паўза.) Во, брат, не шанцуе дык не шанцуе... Мяне з пасады гоняць і брата выслалі ўчора.

Замоцкі. А я ж табе казаў, што гэта будзе.

Падгайскі. Казаў, казаў...

Замоцкі. Сам вінен, даў волю языку.

Падгайскі. Што даў, як даў?

Замоцкі. А то, што завельмі смела гаварыў, сёння думай колькі хочаш, а на вуліцу — маўчы, засохні.

Падгайскі. Як было маўчаць, жывы ён чалавек?

Замоцкі. А як жа ты хацеў, каб яны цярпелі? Прыйшоў на сход у сельсавет, галаву паклаў на стол і кажа: «Рэжце галаву — у калгас не іду», а на яго гледзячы — усе, — калгаса і няма.

Падгайскі. А што было рабіць?

Замоцкі. У калгас ісці. Маўчаць і працаваць.

Падгайскі (глядзіць яму ў вочы). Ты што — здурэў, што кажаш?!

Замоцкі. Кажу табе, скажы гэта ўсім: калгаса не пужайся, калгас будуй, калгас патрэбен нам.

Падгайскі. Каму нам, я недачуў? Скажы яшчэ раз.

Замоцкі. Усім савецкім грамадзянам, і табе, і мне.

Падгайскі. Мне?.. Мне калгас не трэба.

Замоцкі. А мне трэба?

Падгайскі. Кум, пакінь кулі заліваць, я ведаю, чым ты дыхаеш.

Замоцкі. Я кажу тое, што думаю.

Падгайскі (набок). Каб ты тое з’еў!

Замоцкі. Сёння трэба цалкам афяраваць сябе на службу будаўніцтву.

Падгайскі. Ой, ой, не вытрымаю, звар’яцею, што ён чаўпе?!. Слухай, Замоцкі, ці не запісаўся ты ў камсамол?

Замоцкі. Мяне ў камсамол не прымаюць.

Падгайскі. О! Нарэшце такі прызнаўся. Не прымуць і нават блізка не падпусцяць. Я задаволен.

Замоцкі. Ну, калі задаволен — пакінь сварыцца. Скажы, як гаспадарка брата?

Падгайскі. Разадралі на шматкі, і не агледзеўся. Я было хацеў каровеньку вырваць — дзе бачылі...

Замоцкі. У цябе ж карова ёсць.

Падгайскі (злосна). Што ёсць, дзе ёсць! Гэта не карова, а каза, мне патрэбна карова, малочная карова — во!.. Я чалавеку абяцаў і карову, і малако, а тут ні каровы, ні малака.

Замоцкі. Каму ж ты абяцаў?

Падгайскі (злосна). Каму, каму, — не блазнюку, а чалавеку паважнаму.

Замоцкі. А... здагадаўся.

Уваходзіць Ліпа.

Ліпа. А... каго бачу?.. Дзядзька Падгайскі, пэўна, заблудзілі да нас.

Падгайскі. Па справе да цябе прыйшоў.

Ліпа. Сядайце, пагаворым.

Падгайскі. Дзякую, сядзеў. (Паўза.) Нядобра, Ліпачка, нядобра. Злога мы табе нічога не зрабілі, а ты нам палкі ў калёсы ставіш.

Ліпа. Якія палкі, у чым справа?

Падгайскі. На паляванне ходзіш у чужы лес, чужога звера хочаш біць.

Ліпа. Якога звера?

Падгайскі. Лося.

Ліпа. Лося... а... ведаю такога.

Падгайскі. Так вось, калі ведаеш, то не ганяйся за ім, ён не твой.

Ліпа. І не ваш.

Падгайскі. Будзе наш.

Ліпа. Ну, калі тое будзе, тады і пагаворым.

Падгайскі. Няма мне аб чым з табой гаварыць, павінна сама ведаць, што ты яму не пара. Голая костка!

Ліпа. Не многа мяса і на вашых касцях.

Падгайскі. Але ж ёсць.

Ліпа. Ненадоўга, раз-два — і абрэжуць.

Падгайскі (глядзіць). Абрэжуць? Не дачакаюць, а табе на язык скулу. (Да Замоцкага). Дзядулька, ты хітры, як пацук, але ж і я не дурань. (Пайшоў.)

Замоцкі. Стары, а дурны, не можа толкам растлумачыць, чаго хоча, а ўсё здалёк заходзіць.

Ліпа. Хоча Лося за зяця мець.

Замоцкі. Не падабаецца мне гэта сувязь.

Ліпа. Непадыходзячая кампанія.

Замоцкі. Вось дзеля чаго я асцярожны з ім.

Ліпа. А ён злуе, на сцяну лезе.

Замоцкі. Ты бачыла Лося?

Ліпа. Зараз ідзе сюды.

Замоцкі. Давяла яму?

Ліпа. Давяла.

Уваходзіць Лось.

Замоцкі. Чуў? (Хвалюючыся.)

Лось. Чуў.

Замоцкі. Так вось, браце, ты прывёз на завод аднаго бандыта, а я пазнаў другога. Казала табе Ліпа?

Лось. Казала.

Замоцкі. Ну! (У роспачы.) Што рабіць?

Лось. Без панікі, без панікі. Вытрымка і развага.

Замоцкі. Во, чулі?

Ліпа. Ды якая чорта развага, калі ён забіў майго бацьку!

Лось. Ведаю... Так што ж ты хочаш?

Ліпа. А я хачу забіць яго.

Лось. Час нам пакажа ўсё, а пакуль вытрымка і развага.

 

Заслона

 

 

Акт чацвёрты

 

Завод. 1-я брыгада за напраўкай дыскавай пілы. Тут працуюць рабочыя 3-ці і 6-ты. Галуза. Гук.

Гук. Чакай, братва, чакай! Не можна так падшыпнік ставіць. Прышабрыў слаба. (Да Галузы.) Вазьмі, браток, падшыпнік, добра пагладзь яго.

3-ці рабочы. Але ж і вока ў яго. Заўважыў.

Гук. Паматайся столькі, колькі я, і ты будзеш такі. Ты ведаеш, я пачынаў вось з гэткага. 13 год было — к ціскам паставілі.

3-ці рабочы. Дай шпільку. Гані яе сюды.

Галуза. Так, яна тут на гэтым месцы. Дзе ключ? Давай закруцім. Вось так.

6-ты рабочы (да Галузы). І не так, Галуза, куды ж ты ставіш болт, яго ж адразу вырве, і піла зноў набок.

Галуза. А ліха яго матцы — недагледзеў.

6-ты рабочы. Табе здаецца, піла — гэта жонка, з якога боку ні ўзяў, усё маўчыць.

Галуза. А якая розніца між імі? Тая піліць, і гэтая піліць. (Смех.)

3-ці рабочы. Ну, розніца нябось ёсць, гэта піліць і маўчыць, а тая піліць ды крычыць. (Смех.)

Галуза. Ці ж толькі крычыць, але ж бывае, што і зубатычыну дасць.

Усе. Бывае! (Смех.)

6-ты рабочы. Прызнайся, Галуза, ад шчырага сэрца.

Галуза. Ды я кажу праўду. Часамі так замосціць, куды там! (Смех.) У яе, брат, рука во, калі дзвіне! (Смех.)

Гук. Ну, браткі, жаніцца век не буду!

6-ты рабочы. А жаліцца не прабаваў?

Галуза. Ды дзе там, у жанаддзел не пойдзеш — бабы не павераць.

3-ці рабочы. Значыць, аплявуху дасць — і носіш на здароўе.

Галуза. А як іначай? Дасць, і нашу. (Смех.)

Гук. Адкуль ты выкапаў такую бабу?

Галуза. Адкуль? Знайшоў!

6-ты рабочы. Патраціў многа часу?

Галуза. Гадоў з пяць шукаў. (Смех.)

3-ці рабочы. Выбраў, значыць, з гурту — курту.

6-ты рабочы. Замарыў ты нас, а няхай цябе!

Галуза. Хлопцы, а як у нас шкіф, у парадку? (Адказ.) А пас? (Адказ.) Цяпер вал падстасаваць, і ўсё.

6-ты рабочы. Чакаем Ганса, зараз прынясе.

Ідзе Падгайскі.

Гук. Таварышы, бачыце, хто да нас ідзе?

3-ці рабочы. На такога звера і глядзець не варта.

6-ты рабочы. Нябось здаваць прыйшоў струмант.

Падгайскі. Добры дзень, таварышы. (Усе маўчаць.) Што ж гэта ніхто не хоча прывітацца?

3-ці рабочы. Ніхто. Ты паступіў, як шкоднік. Праз цябе цярпеў мадэльшчык Верны і дзяржава мела страту.

Падгайскі. Братцы, гэтак не было!

3-ці рабочы. А як было?

Падгайскі. Ён набрахаў, яму паверылі.

Гук. Ён сказаў праўду, яму і паверылі, а цябе вон, каб духу не было.

Падгайскі. Браточкі, непавінна судзіце мяне, — справу перагледзяць і ізноў паставяць на завод.

Гук. Можаш быць пэўны, што і блізка да завода не падпусцім.

Падгайскі. Так няўжо ж я страціў сваё права?

3-ці рабочы. А ўжо ж!

Гук. Ты ведаеш, што сёння значыць сапраўдны рабочы? (Паўза.) Сапраўдны рабочы — адказны будаўнік нашай будоўлі, і калі ён страціў сваё імя, ён памёр пазорлівай смерцю.

Падгайскі. Чаго ж ад мяне хацелі? Я працаваў 13 год, лічыўся не апошнім, і раптам — вораг. Незаслужана абняславілі. А што я меў... Кавалак чорнага хлеба, і больш нічога. Я з васемнаццатага года ні разу добра не наеўся. (Смех.) Так, так, не наеўся!

6-ты рабочы. Чым жа цябе накарміць, каб ты паразумнеў?

Падгайскі. Жартуйце колькі хочаце, але ж яно так.

6-ты рабочы. Хто б жаліўся, ды не ты. Хату маеш, карову, свіней, жонка, во!.. Дачка-паненка ў хаце сядзіць, не ідзе на вытворчасць, нядрэнна жывеш.

Падгайскі. Здаецца так.

6-ты рабочы. Мала спачуваеш нашаму строю, на пазыку злыбеду падпісаў.

Падгайскі. Выбачайце, таварыш, я хоць злыбеду ды падпісаў, а вы нябось зусім нічога.

Галуза. Выбачайце, таварыш, я 500 рублёў падпісаў.

Падгайскі здзіўлена глядзіць.

Усе. Так, так, падпісаў!

Падгайскі. Дзіўна, толькі застаўся, ужо і падпісаў.

3-ці рабочы. Толькі застаўся і падпісаў.

Гук. За гэта мы яго адзначым: у газеце надрукуем і партрэт пакажам.

Галуза. Ну, гэтага не рабіце, не люблю я пагалоскі. Нашто шум, нашто партрэт?

3-ці рабочы (да Падгайскага). Во, палюбуйся, чалавек зрабіў добрую справу, а не хоча пагалоскі. А ты лыч наеў і крычыш — з васемнаццатага года галадаю! Савет не накарміў, царом сыт быў.

Гук. І так, грамадзянін Падгайскі, можаце ісці. Проста за вароты і налева.

Падгайскі. Воля ваша, братцы. (Пайшоў.)

3-ці рабочы. Ці варта гутарыць з гэткай паскудай?

6-ты рабочы. Часамі трэба. Ведаць хочацца, чым дыхае гэткая змяя.

Галуза. Ды кіньце аб ім.

Падышла Рэкуць.

Рэкуць. Таварышы, як у вас?

Гук. Мы гатовы, затрымка за вамі.

Рэкуць. Я прыбегла папярэдзіць. Такарны цэх заданне выканаў, інжынер Ганс зараз прыйдзе.

Галуза. Ну, і малайцы токары!.. Рэкуць, падзякуй ім ад нас.

Рэкуць. Наш цэх падзяк не любіць. Падзяка будзе тады, калі завод аздаравіцца.

3-ці рабочы. Пачынаем правіцца.

Рэкуць. Адчуваем, братцы!

6-ты рабочы. Пошасць выкідаем вон.

Гук (паказвае ўдаль). Бачыла, пайшоў.

Рэкуць. І глядзець нават не хацела.

3-ці рабочы. Расплакаўся. Не вінен, кажа... абняславілі.

Рэкуць. Такому верыць? Вон гнаць, каб духу не было!

Галуза. Ну, і бой дзяўчына. Шкода, раней не ведаў... во жонка некаму.

6-ты рабочы. А што ж, каб гэткую табе.

Галуза. Мне?

Рэкуць. Узяў бы?

Галуза (уздыхнуў). Позна. Ёсць ужо піла. (Смех.)

Падышоў Ладны.

Ладны. Таварышы, як справа падаецца?

Галуза. Без малага канец.

3-ці рабочы. Скончым зборку, паставім вал, і кропка.

6-ты рабочы. Здаецца, абагналі вас?

Ладны. Наш рамонт скончан будзе заўтра.

Рэкуць. І як? Удаецца?

Ладны. А як іначай? Праз тры дні ўсе папсутыя машыны залічым на вытворчасць.

3-ці рабочы. Во як у нас...

Рэкуць. Ладны, а наш завод ужо не той. Змагаецца... жыве...

Ладны. Так быць павінна, раней прашляпіла ячэйка — завод адстаў, машыны пахварэлі, Падгайскія трымалі вуха востра, а цяпер парткіраўніцтва, во... (Да Галузы, які працуе.) Ну, як, таварыш Галуза?

Галуза. Справа падыходзіць пад канец.

Ладны. Глядзіце добра, не так паставіце пілу — зноў катастрофа.

Галуза. Гляджу, гляджу.

Ладны. Рэкуць, пайшлі!

Рэкуць. Хадзем. (Пайшлі.)

3-ці рабочы. Нешта замарудзіў наш ударнік.

Гук. А можа, пабегчы падагнаць?

6-ты рабочы. Што ты, ён у такарнай точыць вал.

Гук. Вось як у нас, сам дырэктар точыць вал.

6-ты рабочы. Ды гэта не дырэктар, а правадыр — рука.

3-ці рабочы. Важак.

Гук. З такім можна свет заваяваць.

6-ты рабочы. Ды ён у нас ваяка, сібірскі партызан.

3-ці рабочы. Калчака біў.

Галуза (супыніўся.) Якога Калчака?

6-ты рабочы. Ды таго самага, а ты што — другога знаеш Калчака?

Прыйшоў Андрэй, прынёс вал.

Андрэй. А хто тут пра Калчака ўспамінае?

6-ты рабочы. Ды вось Галуза кажа — з Калчаком у Сібіры кумаваў.

Андрэй. Праўду кажа ці жартуе?

6-ты рабочы. Ды не... гэтага барбоса не прыйшлося бачыць.

Андрэй. А мы білі, я хоць і малы разведчык быў, а многа бачыў. Памятаю бой за іх бронецягнік, страх, раскалашмацілі ўсіх — і наша была бронь.

Усе. Узялі?

Андрэй. Узялі...

Прыйшоў Ганс.

Ганс. Камрад, мы тут арбэйт цузамен. Э, чорт возьмі! Хорош рабочы... знайт, многа знайт...

Андрэй. І так, таварышы, брыгада выканала заданне раней тэрміну. Бачыце, замест 10 гадзін працы выканалі за 5.

Усе. Вось гэта малайцы!

Ганс. А наша ўдарная брыгада арбэйт самы ответственны механізма не за 10, а за 3 ур.

Андрэй. Так што вы абагналі нас.

Ганс. Я. Брыгада брыгаду абагналь. А немец русішэ рабочы не абгоніць. Это невозможно.

Гук. Пабег рускі мядзведзь, га!

Ганс. Да, пабежаль. Как молнія, как гроза (паказвае рукамі) бежыт, бежыт, бежыт 13 лет бежыт, гоніт, догоніт і перегоніт!

Андрэй. Ну, давайце, хлопцы, замацуем вал.

Гук. Машыну пусцім.

Ганс. Какой дурак сказаль, што не пусцім?

Гук. Лось казаў.

Ганс. Лось. Пусць Лось прыдзёт і посмотріт, ему будет стыдно.

Андрэй. Закладывай сюды. Раўней, раўней!

4-ты рабочы. Стаў падшыпнік.

Андрэй. Лоўка, як тут быў.

Галасы. Дай ключ, завінчвай мацней, наглуха, назаўсёды. Маслёнку дай.

Андрэй. Уключай матор.

Ганс. Стой! Стой, таварыш! Падаждіт... падаждіт... ай... ай... как же так, адна мінут — і тут быль бы большой несчастье.

Усе. Што здарылася?

Ганс. Тут большой ошібка. Вы відаль (даводзіць прычыну), адзін абарот— і піля разляцель у кускі, і было б большой несчастье — большіе раны.

Андрэй. Таварышы, як жа гэта вы?

3-ці рабочы. Таварыш Галуза, вы што, аслеплі?

Галуза. Якраз гэта не я, а памылка ваша, я шабрыў падшыпнік.

Ганс. Тут, камрад, ошібка всех... надо больше гляз, больше уха, больше жізні, машін любіт гляз. (Выпраўляе.)

Андрэй задумаўся.

Ганс. Ну, вот і ўсё... цяпер дадзім ёй жызнь. (Уключае матор. Машына працуе.) Вот, камрад, машын жывёт.

Гук (да Андрэя). Руку, таварыш дырэктар.

Усе падхапілі Андрэя на «ўра», пачалі крычаць. Ганс хацеў уцячы, злавілі, на «ўра» яго.

Ганс. А цяпер завіце ка мне Лося, я яму собственной рукой усыплю фюнф унд цванціг шмітц.

 

Заслона

 

2-я брыгада працуе над прэсам тут: рабочы Абрам, рабочыя 4-ты, 5-ты, Чвыр, Апанас і Ліпа, Ражноўскі.

Абрам. Братва, а прэс мы адратуем!

4-ты рабочы. І без Германіі абыдземся, саматугам.

Абрам. І зашуміць жа ён, зашуміць, машын калгасу шмат дамо.

5-ты рабочы. Табе суджана на ім і працаваць.

Абрам. Буду. .

5-ты рабочы. Ражноўскі, адгукніся.

Абрам. Ён ужо, бядак, аглух, і днюе і начуе.

Ражноўскі. Хто мяне там ліхам памінае?

Ліпа. Ды якім ліхам, добрым словам!

Ражноўскі. Не трэба, не хачу.

4-ты рабочы. Мала ты чаго не хочаш.

Ражноўскі. Нам не да салодкіх слоў.

Чвыр. Правільна, бой ідзе, а ў баі людзям не соладка.

Ліпа. А перакусіць, таварышы, патрэбна, галодныя амаль усе. Таварыш Чвыр, ваша слова і загад.

Чвыр. Мы залежам ад Ражноўскага, пытайся ў яго.

Ліпа. Вось гэта мне падабаецца, учора Ражноўскі залежаў ад Чвыра, а сёння — наадварот.

Абрам. Такі зварот справы можа быць у Савецкай краіне, калі пагроза ёсць — усе цягнуць гуж.

Чвыр. Класавае пачуццё. Дзе прарыў, туды сіла і напруга.

Абрам. Таварыш Ражноўскі, перабудуем нанова завод?

Ражноўскі. Перабудуем! Завод — наш гонар, наш аўтарытэт!

5-ты рабочы. Машыны зашумяць, загудзяць, дух, бадзёрасць у рабочых будуць уздымаць.

4-ты рабочы. Гонар той дзяржаве, дзе ёсць такія патрыёты.

Ражноўскі. Дзе ж ты бачыў патрыётаў? (Сам зайшоў за машыну.)

5-ты рабочы. Ёсць, але ж бяда — хаваюцца.

Абрам. Не схаваюцца.

4-ты рабочы. У нас, на жаль, вось гэткім вынаходцам ходу не давалі, гінулі.

Чвыр. Не згінуць цяпер. Улада наша вялікую ўвагу вынаходцам дае.

Ліпа. А цікава ведаць, як твае бацькі вучылі цябе раней, ці ты сам сцежку церабіў?

Ражноўскі. У царскі час падпаскам быў, а пры Саветах скончыў школу.

Ліпа. Знацца, ты мужычы сын? (Адказ.)

5-ты рабочы. Вось для чаго ён гэтых мерцвякоў уваскрашае.

Чвыр. Наш праўдзівы пралетарый.

Апанас. Каб сёння на вытворчасці былі ўсе вось гэткія, дык яны б... (Хоча нешта сказаць, ды не ведае.)

Чвыр. Я дапамагу табе. Яны б, як бачыш, мост савецкі адразу перакінулі б туды — на Захад. Так?

Апанас. Во, гэта я хацеў сказаць.

4-ты рабочы. А калі б пабудову моста даручыць нашаму Крумкачу, як па-вашаму? (Смяюцца, апрача Ліпы.)

Ліпа. Ну, і што ж, пабудаваў бы.

Абрам. А хто кажа, што не. Пабудаваў бы мост да самай Віслы і з хлебам соллю ды на Варшаву, да Пілсудскага курс узяў. (Смех.)

Ліпа. Ну і ахвотнік ты да жартаў!

5-ты рабочы. Гэтым ён сказаў многа.

Абрам. Поўная характарыстыка чалавека.

Ліпа. Вельмі жорсткая.

Абрам. А я кажу, поўная характарыстыка. Ты, Ліпачка, хоць і сябра нашай сям’і, але ж ты нейкая ліпавая (смех), трэба аналіз крыві тваёй зрабіць, каб даведацца, чыя ты дачушка.

Ліпа (устрывожаная). Як быццам ты не ведаеш? Я з прыюта.

5-ты рабочы. Ну, а можа, ты дачка якога вялікага туза? (Смех.)

Ліпа. А глупства пляцеш.

Ражноўскі (да машыны). Эх ты, мая зазноба!

4-ты рабочы. Дзіўна, Ражноўскі з машынай размаўляе.

Абрам. Часамі так бывае.

Чвыр. Калі чалавек шчыра аддае сябе — бывае.

5-ты рабочы. Мне здаецца, што зараз да яго і машына загаворыць.

Апанас. Так, братцы, загаворыць. Машыны гавораць, і кожная па-свойму гаворыць. Калі прыслухацца і зразумець гаворку іх, дык яны... яны загаварваюцца... на нешта... ну, вялікае... ну, неяк яны хочуць... так, каб злучыцца... усе разам... на ўсім свеце... пець гэты, той... як яго...

Абрам. Гімн працы.

Апанас. Але, гімн працы. «Уставай, пракляццем катаваны».

Чвыр. Гм... Падабаецца мне Апанас. Не можа выказаць, але ж у сэрцы яго заложана. Ёсць прамоўца добры, а?

4-ты рабочы. Здольны мужычок.

5-ты рабочы. Яму б быць старшынёй ЦВК.

Апанас. Во куды мяне зашылі. Я ад вас нікуды не пайду.

4-ты рабочы. А хто цябе аддасць? Ты ягада нашага поля.

Абрам. А ты мяжы на полі не рабі, што значыць нашага? Кажы — агульнага, усесаюзнага.

Ліпа. Таварышы казалі, што хутка машыны ўсяго свету гімн працы запяюць. А ці многа яшчэ трэба, каб наш прэс загаварыў?

Ражноўскі. А вось зараз. (Палез наверх.)

Падышлі Лось і Крумкач.

Абрам (ўбачыў іх, даў знак, каб усе маўчалі, да Лося). Б’ёмся, б’ёмся, таварыш Лось, і толку дабіцца нельга. Чорт яго ведае, што гэта за складаная штука.

Крумкач. А вам жа, таварышы, казалі.

4-ты рабочы. Хацелася спрабаваць.

Лось. Не слухалі мяне — толькі час змарнавалі.

Крумкач. А час каштуе грошы.

Лось. І якіх яшчэ грошай!

Крумкач. А Ражноўскі што на гэта? Ён жа больш за ўсіх крычаў.

5-ты рабочы. Як убачыў, што справіцца не можа, кудысьці знік, уцёк.

Лось (дзіўна). А... дрэнна. (Уздыхнуў.) Хадзем, таварыш Крумкач.

Крумкач (уздыхнуў). Хадзем, таварыш Лось. (Адыходзяць.)

Ражноўскі (зверху). Пачакайце, таварыш Лось, я тут. Хто гэта правакацыю разносіць. (Злез з машыны.) Давайце разам спробу зробім. Хвіліначку. (Уключае матор, машына пачынае працаваць, хвіліна напружанай увагі.)

Абрам. Браточкі, даражэнькія, ці не сон гэта? Трэцяя машына наша разам з намі. Не вытрымаю, звар’яцею... (Пачынае скакаць.) Трымайце мяне, трымайце! Ражноўскі, браток мой! Наша радасць, наша змога, няхай дзівуюцца ўсе, няхай пачуюць голас мой на Захадзе гнілым! (Крычыць, махаючы кулаком.) Эй вы, вашы сіяцельствы, буржуазная шпана, глядзіце, як мы будуем сацыялізм! (Да машыны.) Машына, родная сястрыца. (Заплакаў.) А няхай цябе, самі слёзы хлынулі, выбачайце. (Адвярнуўся.)

Чвыр. Э, ды ты чырвона дзяўчына?

5-ты рабочы. Хто яго навучыў?

4-ты рабочы. Ён сам. У драмгуртку плаксуноў заўжды іграў, там і навучыўся. (Смех.)

Абрам. Такой хвіліны не перажываў ніколі.

5-ты рабочы. Братцы, якая радасць!

Апанас. Братцы, чуеце, як яна гаворыць, па-свойму гаворыць, і гаворку можна зразумець. Яна кажа аб нечым вялікім-вялікім. Кожная машына па-свойму гаворыць...

4-ты рабочы. Падзяку трэба рыхтаваць, падзяку.

Абрам. На агульным сходзе, каб усе рабочыя...

Ражноўскі. Братцы, ніякай падзякі не хачу!

Чвыр. Пакуль агульны сход, я асабіста падзякую яго. Ну, лепшы сын сям’і працоўнай! (Пацалаваў.)

Апанас. Сынок, падзякую і я табе за тое, што машына гэта... гаворыць... (Пацалаваў.)

Лось (падае руку). Прыміце ад мяне падзяку, таварыш Ражноўскі. Скажу праўду — не спадзяваўся.

Крумкач. Вы маладзец!

Абрам (да Лося). Ну, як, прамахнулі?

4-ты рабочы. Прызнаяце сваю памылачку?

Лось. Прызнаю.

5-ты рабочы. А мы ж вам казалі.

Лось. Ну, што ж, бывае. (Адыходзіць.)

Апанас (услед). Няпраўда цяпер не бывае і не будзе, наша савецкая машына ніколі не замоўкне, заўсёды будзе гаварыць.

Чвыр. Вось такія рукі пабудуюць вялікі мост, праз які пройдуць заваёвы Кастрычніка, туды, на Захад.

Ражноўскі. А няхай вас, расхвалілі, размазалі воч не ведаю куды схаваць.

4-ты рабочы. Плач, плач! (Смех.) Хустку на! (Смех.)

5-ты рабочы. Ну, давай слязу, давай! (Смех.)

Ражноўскі. Братцы, не плакаць, а радавацца хачу!

4 -ты рабочы. Глядзі на Ліпу, яна не плача, а дрыжыць.

Ліпа. Браткі, ад радасці дрыжу. Гэта ж нашае агульнае свята!

Усе. Давайце на ўра!! (Ражноўскі схаваўся за машыну.) (Смех.)

4-ты рабочы. Вось табе і ўра.

5-ты рабочы. Спрабуй яго, вазьмі.

Ліпа. Таварышы, настрой завельмі паднялі, час позні, есці хочацца, пойдзем павячэраем.

Усе. А не пашкодзіць. Хто за гэта! Усе? А як Ражноўскі?

Ражноўскі. Як усе, так і я, згодзен, толькі я сюды вярнуся.

Ліпа. Ну, тады пайшлі.

Абрам. А я пабуду тут.

Ліпа. Не, выбачай, браце, пастанова агульная была, спрабуй не паслухаць! Хадзем. (Пайшлі.)

Падышоў Галуза, пачаў абглядаць машыну. Падышла Ліпа.

Ліпа. Ты тут? Ну, добра. Усё ідзе надзіва, яны цяпер засядуць там. Памылак не дапусціш?

Галуза. Думаю, што не.

Ліпа. Ну, я пабегла, каб бачылі, што разам з імі. (Пайшла.)

Галуза захаваўся за прэс. Падышоў Крумкач, глянуў на машыну, плюнуў і пайшоў. Галуза ключом пачаў адвінчваць болт, штохвілю аглядаючыся. У гэты час падышоў Ражноўскі, пачуў, прытаіўся і калі ўбачыў, кінуўся туды. Галуза схапіў Ражноўскага за горла, замахнуўся ключом — пачалася паміж імі страшная барацьба, гледачу іх не відаць, толькі чутно, як ідзе свалка, пасля чаго выходзіць Ражноўскі, трымаючы ў руках ключ. Абапёрся аб машыну, цяжка дыхаючы. Падышоў Чвыр.

Чвыр. Ражноўскі, што з табой, ну, кажы, што з табой?

Падышлі рабочыя і Ліпа.

Чвыр. Таварышы, Ражноўскі захварэў.

Галасы. Доктара сюды! Ён у крыві! Гляньце, тут забіты! Дзе? Забілі Галузу? Хто, як, за што?!.

Ліпа. Што ж гэта вы, таварыш Ражноўскі, забілі рабочага?! (Прыкрая паўза.)

 

Заслона

 

Пасяджэнне бюро парткалектыву. Тут Чвыр, Андрэй, Хінч, Кніша, Абрам.

Андрэй. Вось, таварышы! Здарэнне на нашым заводзе жудаснае. Калі б не ведаць таго, што Галуза быў шкоднік, можна было б жахнуцца, рабочы забіў рабочага, але выяўлена, што было — наадварот. Галуза рабіў замах на Ражноўскага. Лёг Галуза. Парткіраўніцтва ўзяло вядучае начала па гэтай справе, і вынікі ёсць. На заводзе была сям’я шкоднікаў, якая шляхам вываду з шэрага вытворчых адзінак паасобных машын імкнулася да знішчэння ўсяго завода, з мэтай эканамічнай контррэвалюцыі. Шкодніцкая сям’я цалкам уся арыштавана: дырэктар Лось, тэхнік Крумкач, Замоцкі — рабочы, Падгайскі і Ліпа. Шмат хто з вас дзякуючы нядбайным адносінам да справы вінен у недаглядзе як у ранейшых, так і ў мінулых здарэннях. Не было належнай камуністычнай пільнасці, чуткасці, кантролю: хто верыў, хто кумаваў, а ворагі тварылі сваю брудную справу. Ў Клары выкрадаюць з партфеля сакрэтныя пакеты, яна разлічвае на міласць святых, у свой час пакета не шукае. Пакет знаходзім у забітага Галузы. Галуза — пратэкцыя Лося, Лось, як мне здаецца, белы афіцэр. Вось бачыце, якое звілі гняздо на заводзе шкоднікі. Гэты выпадак паслужыць найлепшым прыкладам, як працоўныя павінны быць на варце ў штодзённым жыцці, гэты выпадак будзе вымагаць суровай кары да тых, хто спаў.

Абрам. Лось — інжынер не савецкі, ён інжынер варожага авангарду, ён не што другое, як удушлівы газ, вызначаны для тых, з кім працуе. Я аб гэтым крычаў. Мяне не слухалі. На вялікі сорам, бараніў яго сябра цэхбюро — камуніст Гук. Завод адагрэў на сваіх грудзях сям’ю вужак-гадзюк.

Чвыр. Таварышы, усё ясна. Праца адпаведных органаў па выяўленні твару шкоднікаў пачалася трохі запозна, але ж вынік ёсць.

Хінч. Мне здаецца, да гэтай бруднай справы належыць і былы заўком Склют, і дзеля гэтага патрэбна належна рэагаваць.

Чвыр. Абавязкова.

 

Заслона

 

У следчага. Андрэй, Чвыр, Клара.

Андрэй. І так, таварыш следчы, парткіраўніцтва, узяўшы на сябе вядучае начала ў гэтай справе, дапамагло вам выявіць сям’ю шкоднікаў. Лось — той самы белы афіцэр, які быў у Калчака; бачыў яго ў 19-м годзе, як быў малым разведчыкам, бачыў, як нашы партызаны нагалаву іх разбілі, атрад іх уцякаў, афіцэр з пасечанай рукой таксама скрыўся. Гэта ён. Калі я яго ўбачыў тут першы раз, мне зразу не прыйшло ў галаву, а пасля я да яго прыгледзеўся. У яго пасечана рука да самага локця.

Следчы. Так, рука ў яго пасечана, заўважыў гэта і я. Вось толькі мне не зусім яшчэ ясна справа з партфелем. (Да Клары.) Вы кажаце, што ў вас падазронасць на старажыху Дычыху.

Клара. Толькі на яе.

Следчы. Яна тут. Зараз папытаем. Але ў часе яе допыту вы павінны сядзець моўчкі. (Упускае Дычыху.) Скажыце мне, Дычыха, як даўно вы служыце пры канцылярыі дырэктара завода?

Дычыха. Гады са два.

Следчы. Ну, і, канечне, вы служыце сумленна. (Адказ.) Ну, вось, бачыце, якая несправядлівасць з боку Лося. Вы добра служыце, спаўняеце службу, а ён жаліцца на вас, што вы неакуратная, слабая на памяць.

Дычыха. Як так?

Следчы. А так. Лось кажа, што вам даручыць нічога не можна. Пакеты вам кажуць аднесці туды, а вы адносіце ў іншы бок.

Дычыха. Калі гэта было?

Следчы. Як кажа Лось, было. Цэлы стус пакетаў вам загадалі аднесці на пошту, а вы занеслі не туды.

Дычыха. Якіх пакетаў? Пакетаў я не бачыла.

Следчы. Маглі не бачыць, гэта праўда. Яны ў партфелі былі.

Дычыха. У партфелі?

Следчы. Там былі пакеты. Адносілі партфель?

Дычыха. Адносіла.

Следчы. Ну, вось, у гэтым ваша віна. Аднеслі не туды.

Дычыха. Як-та не туды? Якраз туды. Як загадаў, гэтак і зрабіла. Прынесла ёй на стол ды зграбна палажыла.

Следчы. Каму ёй.

Дычыха. Клары.

Следчы. А як вы неслі партфель? Пакажыце, нясіце мой. (Дае.)

Дычыха. Вось гэтак, пад хустку палажыла і панесла.

Следчы. А чаму ж вам гэтак не несці, як усе?

Дычыха. Ну, куды мне, старой бабе, я не камісар. Сказаў пад хустку, дык я і пад хустку.

Следчы. Вось бачыце, праз вашу няўважлівасць пакеты не туды папалі.

Дычыха. А куды?

Следчы. Былі ў забітага Галузы.

Дычыха. У Галузы? Дык гэта яму Лось перадаў.

Следчы. А вы што, бачылі?

Дычыха. Не бачыла, але ж яны сябры.

Выводзяць Дычыху ўбок.

Следчы. Вось вам і разгад. Ясна, што Лось планы сцягнуў з мэтаю і перадаў Галузу.

Чвыр. Выразныя шкоднікі.

Следчы. Ну, а цяпер пагаворым з Лосем.

Уводзяць Лося.

Грамадзянін Лось, скажыце мне, ці невядома вам, як чарцяжы папалі да забітага Галузы?

Лось. Нічога не ведаю.

Следчы. Праз каго застаўся на заводзе Галуза?

Лось. Як і кожны, быў прынят.

Следчы. Вы яго не ведалі раней?

Лось. Не ведаў.

Следчы. Вы ў войску не служылі?

Лось. Не служыў.

Следчы. А вось рука пасечана ў вас.

Лось. Гэта так, як практыкаваў студэнтам на заводзе.

Следчы. А там вышэй паранена ў вас?

Лось. Не.

Следчы. Закашыце рукаў. (Паўза.) Але ж закашыце. А гэта?

Лось. Гэта другі выпадак — малатарня.

Выводзіць Лося, запушчае Замоцкага.

Следчы. Скажыце, Замоцкі, Ліпа жыве ў вас? (Паўза.) Я чакаю. Хто яе бацька?

Замоцкі. Ды нябось Чвыр казаў вам, ён ведае.

Следчы. Я хачу чуць ад вас.

Замоцкі. Ён памёр. Служыў. (Паўза.) Начальнік астрога.

Чвыр (адразу). Чакайце. Той, якога я забіў?!

Следчы. Калі?

Чвыр. У 17-м годзе, у часе рэвалюцыі, як забіралі мы астрог. Гэтым рэвальверам.

Следчы. Чакайце! (Да Замоцкага.) Вам аб гэтым вядома?

Замоцкі. Вядома. Сам бачыў гэту бойню. А пасля Чвыр нам казаў.

Следчы. Каму нам?

Замоцкі. Мне і Ліпе.

Следчы. Значыць, Ліпа ведае, што яе бацьку забіў Чвыр?

Замоцкі. Ведае. Нам таварыш Чвыр паказваў гэты рэвальвер.

Следчы. Значыць, яна бачыла гэты рэвальвер?

Замоцкі. Бачыла.

Следчы. Абяцала памставаць?

Замоцкі. Так, абяцала. Але ж глупства, хапіла нож, хацела бегчы ўздагон, так і засталося.

Следчы (да Замоцнага). Значыць, вы бацьку яе бачылі?

Замоцкі. Быў знаёмы. На маіх вачах яго забілі.

Следчы. Дзе гадавалася Ліпа?

Замоцкі. У мяне.

Следчы. З якога часу?

Замоцкі. З 1917 года.

Следчы. У прыюце яна не жыла?

Замоцкі. Не.

Следчы. А хто ў вас жыў апрача Ліпы?

Замоцкі. Галуза.

Следчы. Адкуль ён да вас з'явіўся?

Замоцкі. Лось прывёў, яго знаёмы.

Упускае следчы Ліпу.

Следчы. Скажыце, вы бачылі гэты браўнінг у Чвыра раней?

Ліпа. Ніколі не бачыла.

Следчы (да Замоцкага). Скажыце.

Замоцкі. Ліпачка, чаго ж скрывацца, бачыла ты, бачыў і я.

Следчы. Абяцалі памставаць?

Ліпа. І не думала.

Следчы (да Замоцкага). Скажыце.

Замоцкі. Ты зноў сваё. Ну, як жа, хапіла нож, хацела бегчы за ім, я затрымаў цябе.

Следчы. Скажыце, хто ваш бацька?

Ліпа. Не ведаю, я сірата.

Следчы выводзіць Ліпу і Замоцкага ў розныя пакоі, упускае Крумкача.

Следчы. Скажыце, грамадзянін Крумкач, ці ведалі вы раней Галузу?

Крумкач. Не ведаў.

Следчы. Як ён папаў на завод?

Крумкач. Не цікавіўся.

Следчы. Ці даўно вы ведаеце Лося.

Крумкач. Гады са два.

Следчы. Вы ў Замоцкага бывалі?

Крумкач. Бываў.

Следчы. Бачылі там Галузу?

Крумкач. Часамі бачыў.

Следчы. Па якіх справах вы заходзілі да Замоцкага?

Крумкач. Як знаёмы.

Следчы. Як па-вашаму, з якой мэтай выводзіў Лось са строю машыны?

Крумкач. Не ведаю.

Выводзіць Крумкача, упускае Лося.

Следчы. І так, следства скончана. Выяўлена, што вы шкоднік, калчакоўскі афіцэр, які, гуртуючы каля сябе варожыя нашаму строю сілы, імкнуўся да таго, каб шляхам вываду з нашай вытворчасці машын падарваць ход нашага сацбудаўніцтва і гэтым дапамагчы ўтварыць грунт для інтэрвенцыі. Што вы на гэта скажаце?

Лось. Так. Я былы калчакоўскі афіцэр, які ідэйна біўся з бальшавікамі ў 1917 годзе. За 14 год я свайго аружжа не злажыў. Я ваяўваў і па гэты дзень, але мяне перамаглі. Я павінен стаць перад судом, судзіце! Але літасці ў вас я не прашу!

Следчы (упускае Ліпу, Крумкача, Дычыху, Замоцкага, да Лося). Дайце мне канкрэтную спраўку, хто з іх з’яўляўся актыўным дапаможнікам у шкодніцкіх намерах?

Лось. Не раджу вам пытацца, — нічога не скажу.

Следчы. Яно зразумела і так. (Упускае Ражноўскага.) Таварыш Ражноўскі, карта варожых сіл біта!

 

Заслона


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан