epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Белы вянок

Драма у адным акце

 

З жыцця Заходняй Беларусі

 

 

Асобы

 

Гарасім — селянін, 40 г.

Яго жонка — хітрая кабеціна, 35 г.

Аксіння — іх дачка, 10 г.

Войт — польскі служачы, шапка з белым арлом, 35 г.

Разносніца тавараў, 35 г.

 

 

Дэкарацыя

 

Сялянская хата. Пасярэдзіне і справа (ад суфлёра) дзверы. Злева акно. Збоку стол; на ім запаленая лямпа, люстэрка, скрыначка, а ў ёй дзіцячыя цацкі і медзякі — грошы. З боку ад стала, пры сцяне, пасцель, на ёй спіць дзяўчынка Аксіння. За сталом сядзіць у роспачы Гарасім. Печ. Ля печы сякера. На лаве шапка. Дзея адбываецца ўвечары, летам. За сцэнай ліхтар са свечкай.

 

 

Гарасім. Падаткі, падаткі. Думка не выходзіць з памяці, і ўстаю, і кладуся — усё падаткі, падаткі. Ну, чым жа заплачу? Чацвёртую павестку пан пасылае. Эх, напіцца б з гора ды бяды... Хоць на хвілю атупела б галава... (Паўза.) І гэтага не можна, няма грошай. (Паўза.) Шчаслівая дачушка, Аксіння, нагулялася за дзень і спіць, нішто яе не рупіць... Былі б цацкі, а гора не будзе. (Перабірае на стале яе цацкі.) Што гэта? Грошы? Адкуль яны? А, яна ж збірала ягады — зарабіла, купіць хоча кніжку... (Паўза.) Падаткі, падаткі, думка не сходзіць з памяці. Эх, напіцца б... (Задумаўся.) А што, каб... узяць. Што будзе... (Паўза.) Дзіця даруе мне... (За шапку.) Даруй, дзеткі, бацьку-п'яніцу, ён зневажае цябе, змушае плакаць горкімі слязьмі. З часам, дзеткі, падрасцеш — будзеш ведаць, чаму твой бацька п’яніца. (Выходзіць.)

Аксіння (абудзілася). Дзіўна, чаму гэта мяне на сон морыць, і мамка нічога не кажа — маўчыць. Але годзе спаць, пабягу зараз на сяло і запытаюся ў дзяўчат, калі па ягады пойдзем. А цяжка збіраць маліны, ой, цяжка. З аднаго боку — леснікі панскія, а з другога — глядзі, каб на сонную гадзюку не наступіць. Учора я наступіла... І за малым-малым не пакусала мяне. Уцякла. Зарабіла грыўню, а страху мела — вой-вой!.. Але нічагуткі: збегаю ў дзялянку, збяру ягад і прадам, і як будзе рубель, куплю сабе кніжку. Тут мае цацкі, тут мае грошы. (Шукае.) А дзе ж яны?.. Няма... забралі... Хто ж гэта забраў? (Плача.)

 

Уваходзіць Жонка.

 

Жонка. Ну, чаго плачаш?

Аксіння. Ды нічога, я так.

Жонка. На пагоду ці на дождж?

Аксіння. Гэта я ўспомніла, як мяне ў лесе гадзіна хацела ўкусіць. (Кажа гэта, манячы.)

Жонка. Ува сне?

Аксіння. Ды не, учора ў лесе, як збірала ягады.

Жонка. А дзе ж твае грошы, што зарабіла?

Аксіння. Грошы... грошы не аддаў мне фурман; ён купіў у мяне ягады. (І гэта маніць.)

Жонка. Купіў? Дзіўна! А калі ж ён аддасць?

Аксіння. Казаў, сягоння.

Жонка. Ну, дык схадзі да яго і скажы, каб аддаў грошы, есці няма чаго.

Аксіння. Добра, я пайду.

Жонка. А бацька дзе?

Аксіння. Не ведаю, яго не было. (Пайшла.)

Жонка. Каб яно затанула, гэткае жыццё, дажыліся да астатку. Грошай няма, хлеба няма, скаціна пазводзілася. Ужо чацвёртую абвестку прыслалі падаткі плаціць. Што будзе? Прагоніць пан з зямлі, старцамі пойдзем у свет.

 

За сцэнай забрахаў сабака. Уваходзіць войт.

 

Войт. Твой гэта сабака на дарозе мяне пераняў?

Жонка. Калі руды, то мой.

Войт. І што ж сабе думаеш, маўчаць буду?

Жонка. А што здарылася, паночку?

Войт. За нагу рвануў.

Жонка. Ах, каб яго ваўкі, ён у нас такі, — спадцішка.

Войт. Ну, а я рвану, каб усе ведалі, будзе ведама табе і твайму сабаку, што войт, а не абы-хто.

Жонка. Паночку, то што ж будзе?

Войт. Як паклічуць на суд, будзеш ведаць.

Жонка. І адкуль такое насланнё?

Войт. Ну, годзе. Не за тым я прыехаў, каб сабака за лыткі рваў. Падаткі ёсць?

Жонка. Няма, паночку!

Войт. І за чацвёртым разам няма?

Жонка. Адкуль жа іх узяць? Самі ведаеце.

Войт. А няма падаткаў — з зямлі вон. Пан такіх не любіць, і мне такія не даспадобы. Я калі з’яўлюся да каго ў хату, сабак не выпускаюць, а пераймаюць і частуюць.

Жонка. Паночку, пабойцеся бога!

Войт. Не бога трэба баяцца, а пана; пан — твой бог. Можа прагнаць, можа пакінуць, можа ўзяць падаткі і не ўзяць. Пан! Дзе твой мужык?

Жонка. Не ведаю. А нашто пану?

Войт. Распісацца трэба.

 

Уваходзіць Гарасім.

 

Жонка. А вось ён, лёгкі на ўспамін.

Войт. Гэй ты, чортаў смык, дзе цягаешся?

Гарасім. Ды тут, ля хаты.

Войт. Падаткі калі будуць?

Гарасім. Я ўжо і сам не ведаю.

Войт. Я не прыехаў жартаваць: а кажы толкам, калі падаткі будуць?

Гарасім. Хіба ўвосень.

Войт. А што, увосені хлеба намалоціш, шмат насеяў?

Гарасім. Чаму ж бы не насеяў, але насён не было. А пры тым, град поле папсуў.

Жонка. Увосень мо заробім. Будуць сячы лес, а мы пацярэбім.

Войт. Падпішы гэтую паперу! Вось тут.

 

Гарасім падпісвае.

 

Жонка. А можна ведаць, што гэта?

Войт. Папера, якая такіх арандатараў выкіне вон з панскіх абшараў. Сабаку прытрымай. (Пайшоў, а за ім Гарасім.)

Жонка. Вось табе новае ліха. Цяпер з зямлі прагоняць, калі паперу падпісаў. Што будзе: на старасці засталіся жабракамі і самі, і дзіця.

 

Уваходзіць Гарасім.

 

Жонка. Ну, што, падпісаў?

Гарасім. Адкуль я мог ведаць?

Жонка. Не ведаеш?! А зекры заліць гарэлкай мог ведаць. О... чортава кузня, гад смалены!

Гарасім. І чаго, баба, лаешся? Старайся нейкі спосаб дабраць, няўжо адрачыся зямлі?

Жонка. Ды раней ты вырачашся кашулі, пакуль я выракуся зямлі. На коленках папаўзеш да пана, ногі цалаваць будзеш, а зямлю выпрасіш.

Гарасім. Так нас і паслухаюць.

Жонка. А не паслухаюць, дык горш для цябе; не будзе табе ні хвілінкі спакою: я цябе загрызу!

Гарасім. Рабі што хочаш. (Сеў.)

Жонка. П’янюга, абібок!

 

Разносніца праз дзверы.

 

Разносніца. Можа, тавары крамныя патрэбны?

Жонка. Ды на ліха яны — капейкі за душой няма.

Разносніца. То, можа, заначаваць дазволіце? Ноч набліжаецца.

Жонка. Заходзьце.

 

Уваходзіць з вялікім клумкам разносніца.

 

Разносніца. Пахвалёны ў хату!

Жонка. Адкуль ідзяцё?

Разносніца. Ведае цыган, адкуль ён ідзе? З-за свету. Жыццё наша валацужнае. Кутка ўласнага няма.

Жонка. Але ж, пэўна, добра зарабляеце, калі не абрыдла цягаць за сабой гэткі клумак.

Разносніца. О, яшчэ і як абрыдла! Ды нічога не зробіш. Хлеб.

Жонка. Купляў хто ў нашым сяле?

Разносніца. Ды не, толькі з шляху ўзышла. Ваша першая хата паслужыць мне прыпынкам.

Жонка (да мужа). Чаму гэта Аксіння не ідзе?

Гарасім. А куды яна пайшла?

Жонка. Ды па грошы да фурмана. Ягады купляў, ды грошы не аддаў.

Гарасім. Як мне ведама, ён ягад у яе не купляў і грошай не вінен.

 

Уваходзіць Аксіння.

 

Жонка. Ну, як? Аддаў? (Паўза.) Чаго ж маўчыш? Кажы, грошы прынесла?

Аксіння. Не аддаў.

Жонка. Чаму не аддаў? (Паўза.) А можа, ты страціла?

Аксіння. Мамачка, даруйце, я вам зманіла! Я па грошы не хадзіла, бо ніхто не вінен: яны згінулі... у скрынцы былі...

Жонка. Ах, так! (За палку.) Ты мяне на ашуканства браць?

Гарасім (спаміж іх). Сядзь, шалёная, не палохай дзіця!

Жонка. Як-то сядзь, ды я.. (Замахнулася.)

Гарасім. Кажу, не гарачыся, біць не будзеш, бо ў гэтым не яе віна, а мая, — я ўзяў грошы!

Жонка. Ты? Ах ты, п’янюга прагорклы! За яе грошы напіўся?

Гарасім. Так, за яе.

Жонка. Чакай жа ты мне!

Гарасім. Аксіння, дачушка, даруй мне, гэта я ўзяў твае грошы; узяў я не дзеля таго, каб зрабіць табе боль, а каб заліць балючыя раны сэрца. Цяжка мне, сумна мне; усё гіне, усё валіцца ў бяздонне. Ты сама, дзіцятка, бачыш наша становішча; зямельку і тую адбіраюць. (Плача.)

Аксіння. Не плачце, татачка, не трэба мне грошы!

Жонка. Табе не трэба, яму не трэба, а падаткі плаціць трэба? А ведаеш ты, сабака бяздомны, што нас з зямлі выкідаюць?

Аксіння. А за што, мама?

Жонка. А за тое, што падаткі не плацім. Пан шкадаваць не будзе!

Разносніца. Пані гаспадыня, аб чым у вас шум?

Жонка. Ды аб тым, што гэты п’янюга ў дзіцяці грошы ўзяў ды прапіў.

Разносніца. Толькі ўсяго? І за гэта сварыцца? Кіньце! Хадзі, дзеткі, да мяне, я табе дам грошы. (Выпусціла з рук мяшэчак грошай). А ліханька, з рук валяцца. (Як выпалі ў разносніцы грошы, маці хітра глянула.) Ну, а цяпер будзе ціха.

 

Аксіння грошы аддае маці.

 

Аксіння. Цётачка, якая вы добрая, дзякую вам!

Разносніца. Не трэба, дзеткі, не трэба! Няхай у вашай хатцы згода будзе! Не магу бачыць сваркі.

Жонка. Вы добра абмяркуйце: у хаце ні хлеба, ні солі, а ён абы капейку — у шынок.

Гарасім. Не разумееш душы чалавека, не разумееш! Не сам я ў шынок іду, а доля горкая заганяе туды... Хата валіцца, падрубы згнілі, зямлі і той няма. Эх, чаму ж не ўдарыць гром і не пахавае мяне, гаротнага, тут, на месцы?

Разносніца. Кіньце сварку, неяк будзе!

Гарасім. Так і будзе. Голас мой не пачуе ніхто, а слёз свет не пазнае.

Жонка. Ну, годзе ўжо, годзе!.. І так горка ўжо!

 

Разносніца нечага шукае.

 

Жонка. Чаго шукаеце, страцілі што?

Разносніца. Аршын дзесь задэчыла і сама не ведаю.

Жонка. Як мне здаецца, да нас прыйшлі без аршына.

Разносніца. Пэўне, на дарозе згубіла.

Жонка. Можа, дзе недалёчка? Аксіння, збегай пашукай!

Разносніца. А мы разам.

Аксіння. Згода, цётачка, разам!

Жонка. Запалі ліхтар, а то нічога не ўбачыш!

Аксіння. Я знайду і так. (Пайшлі.)

Гарасім. Прыказка нездарма кажа: свет не без добрых людзей. Чужы чалавек, а прыняў у сваё сэрца і нашу бяду.

Жонка. Добра прымаць, меўшы гэтулькі грошай. Ты бачыў?

Гарасім. А нашто я маю заглядацца на чужое дабро?

Жонка (ласкава). Нам, браце, не суджана мець нічога людскога, апроч гэтага ламачча, а мець хацелася б, ой, як хацелася б. (Паўза.) Ну, скажы, чым дрэнна, каб мець гэтулькі грошай: апрануўся б, хату новую ўзгарусціў і чарку гарэлкі яшчэ.

Гарасім. Перш падаткі заплаціў бы.

Жонка. Вось гэта разумна! Перш падаткі. Ты мне даруй, што я накрычала на цябе.

Гарасім. Крычы, я не баюся. Звягі толькі не люблю.

Жонка. Праўду кажучы, ты сам вінен, у такую пару разважаеш, як дзіця, а пры тым паперу войту падпісаў.

Гарасім. Падпішаш, калі загадае.

Жонка. Так вось што! Гора горам, а радасць радасцю. Схадзі ты ў шынок і прынясі гарэлкі... Маеш грошы?

Гарасім. Гарэлкі? Жартуеш, ці што?

Жонка. Не жарты, а сапраўды. Прынясі гарэлкі сюды, а рэшту выпі там.

Гарасім. Нашто табе гарэлка?

Жонка. Вось дурны, піць будзем. Хіба дрэнна? Ну, ідзі, пакуль не злосная.

Гарасім. А можа, не трэба піць? Нешта ахвота адпала адразу.

Жонка. Ну, хутчэй ідзі, у мяне важная справа ёсць!

Гарасім. Якая такая справа?

Жонка. А вось бяжы, тады скажу.

Гарасім. Не пайду.

Жонка. Ну, і дурны. А ў мяне спосаб ёсць, як паперу тую вярнуць назад, што войту падпісаў.

Гарасім. Жартуеш, баба!

Жонка. А вось ідзі — і папера будзе ў нас, а падаткі ў пана.

Гарасім. Я трачу прытомнасць. (Доўга думаў і пайшоў.)

Жонка. Толькі не марудзь. (Думае.) На сяле яе ніхто не бачыў, грошы не малыя.

 

Уваходзіць Аксіння.

 

Жонка. Ну, што, знайшлі?

Аксіння. Цёмна! Трэба запаліць ліхтар.

Жонка. А я ж табе казала.

Аксіння. А дзе ліхтар?

Жонка. У сенцах.

Аксіння. Мамачка!

Жонка. А што?

Аксіння. Мамачка, не крычыце на татку, ён не вінен!

Жонка. Ды я не крычала.

Аксіння. І на мяне не крычыце! Я зманіла.

Жонка. І на цябе не крычу.

Аксіння. Я зараблю шмат грошай і ўсе вам аддам. Мне грошы не патрэбны.

Жонка. Ну, добра, ідзі ўжо, ідзі!

Аксіння. Матуленька, а я вам пахвалюся! Яна мне абяцала, як знойдзецца згуба, на сукенку даць.

Жонка. Вось бачыш, як добра. Шукай, будзеш мець гасцінец!

Аксіння. О, я буду шукаць, папрашу белай тканіны, і мне пашыюць белую вопратку. (Адышлася і вярнулася назад — пацалавала матку і пабегла.)

Жонка. Ах, хоць бы ўдалося! А тады наша зямля, наша будова!

 

Уваходзіць Гарасім.

 

Жонка. Ну, вось, адразу відаць, што выпіў, вочы і тыя пасалавелі.

Гарасім. Не тое каб пасалавелі, але так нешта ў галаве каламуціць.

Жонка. Нябось і сілы больш, і адвагі больш.

Гарасім. А пэўне, што цяпер перад войтам не ўздрыгнуўся б.

Жонка. Веру, веру.

Гарасім. Табе патрэбны падаткі? Во падаткі — мазольныя мужыцкія рукі. Табе патрэбны словы? Маеш словы. Эх, сказаў бы... што з гарматы.

Жонка. Адважны, адважны ты ў мяне.

Гарасім. Ну, а чым я не адважны? Я адважны. Праўда, калі цвярозы — маўчу, а вып’ю — агрызнуся. Хіба няпраўда?

Жонка. Ды якая там праўда, калі ты ануча.

Гарасім. Як-то ануча?

Жонка. А так, каб ты быў крышку смялейшы, не сядзеў бы без хлеба, і зямля наша была б.

Гарасім. Усё наша пры нас. Зямлі я не аддам, бо не год, не два баранаваў яе і плаціў падаткі, а цяпер не маю чым, могуць пачакаць, не згалее ад гэтага пан.

Жонка. Падаткі ёсць, толькі трэба ўзяць іх.

Гарасім. А дзе іх узяць? Хіба прысніла?

Жонка. Не прысніла, а сваімі вачыма бачыла, і ты бачыў.

Гарасім. У каго?

Жонка. У разносніцы.

Гарасім. Ну, і што?

Жонка. Так вось, кіўні пальцам — і грошы ў тваёй кішэні, і зямля пры нас.

Гарасім. Не разумею.

Жонка. На сяле яе ніхто не бачыў.

Гарасім. Але што трэба зрабіць?

Жонка. Адабраць грошы.

Гарасім. Што ты, баба? Да цябе нячысты прыстаў. Перажагнайся!

Жонка. Не палохайся, дурненькі, не адганяй шчасця, калі само ў рукі ідзе.

Гарасім. Ну, дык у чым рэч? Адбяры! Смеху варта. У бабы адабраць грошы. Ды яна, мае міленькія, такі вэрхал падыме, што нябожчыкі пачуюць. Спрабуй жа ты ў мяне што адабраць, то я за сякеру вазьмуся.

Жонка. А вось жа зямлю адабралі, а за сякеру не ўзяўся, а яшчэ дзверы войту адчыніў.

Гарасім. А што мне было рабіць?

Жонка. Тое, што было, не вернеш. Рабі так, як кажу. Адбярэш, і маўчаць будзе.

Гарасім. Як-то маўчаць, калі яна жывы чалавек?

Жонка. Яна будзе спаць.

Гарасім. А як абудзіцца, дзе падзенешся?

Жонка. Тут будзеш.

Гарасім. Рабі сама, я няздольны на злачынства! За свой век блага нікому не зрабіў.

Жонка. Дарма не марнуй часу на пустую гутарку, а то будзе позна.

Гарасім. І слухаць не хачу!

Жонка. Ты добра памяркуй, якое тваё жыццё: калі ты быў сыты? Ніколі! Калі ты меў боты — ніколі! Век на табе зрэб’е, век на табе лапці. Ты ўспомні, на каго ты працаваў? Што ў цябе ёсць? Зямля і тая не твая. А старасць за дзвярыма. Што тады будзе? Выганіць пан з хаты, і пойдзем, як мышы рудыя, у свет.

Гарасім. Не было да гэтага часу граху, няхай і не будзе; бедны жабрак, але сумленны.

Жонка. Злыдзень, не адмаўляйся, кожная хвіля дорага; табе здаецца, я жартую, гад смалены; паперу падпісаў і слюнкі распусціў. Зрабіць, што кажу, а то самога са свету звяду. Бачыш ты яго — не магу, не магу. Калі не рвалі сабакі твае ногі, дык парвуць, калі жабраваць будзеш. Самога будуць пускаць начаваць, бо свайго кутка мець не будзеш. На яшчэ грыўню, выпі ды прыходзь, бо калі так не зробіш, вочы табе павысмальваю. (Палажыла грошы на стале.)

Гарасім. Рабі што хочаш, а так не зраблю.

Жонка. Тады вон з хаты, я сама зраблю. Вон! (Выпіхае.)

Гарасім. Ачмурэла баба, дальбог.

Жонка. Так, ачмурэла, бо голад прымушае. А галодны чалавек не ведае, што робіць. Трэ будзе — табе галаву сякерай адсяку. Са мной жарты малыя... апошні раз пытаюся... ідзеш?

 

Гарасім узяў грошы, выйшаў.

 

Жонка. О, як жа цяжка было ўгаварыць... упёрся, як бык...

 

Уваходзяць разносніца і Аксіння.

 

Жонка. А што, знайшлі?

Разносніца. Знайшлі, ля самага лесу быў.

Жонка. А хто ж знайшоў.

Аксіння. Я.

Разносніца. У яе вочкі свецяць добра, як зоркі, за гэта гасцінца ёй дам.

Аксіння. Цётачка, як я рада, — буду мець новую вопратку.

Разносніца. Будзеш, дзеткі, будзеш, дам табе лепшай тканіны, дам грошы, каб пашылі.

Аксіння. Якая вы добрая! Матуленька, чулі, — усё ў мяне будзе.

Жонка. На свеце жывучы, усяго нажывеш.

Аксіння. Мама, а куды татка пайшоў?

Жонка. Да суседзяў. А нашто ён табе?

Аксіння. Я хацела прасіць і татку, і вас, каб вы не сварыліся; я буду памагаць вам, і ў нас будзе хлеб.

Жонка. Будзе — ды не ў нас.

Разносніца. Ну, нашто так разважаць? Не заўсёды так будзе.

Жонка. Праз усё жыццё гэтак... доля ўжо такая... ну, Аксіння, ты зусім асалавела, спіш ужо. Кладзіся!..

Аксіння. Добра, мамачка, лягу.

Разносніца. Гляджу я на вашу дачушку і радуюся, — залатое дзіця... столькі розуму... уцеха на старасці...

Жонка. Якое яе жыццё ў гэткай нудзе?

Аксіння. Ну, мамуленька, пайду спаць. Бывайце здаровы, не гневайцеся на мяне.

Жонка. Добра ўжо, добра; не дуры галавы, цётка таксама адпачыць хоча.

Разносніца. Праўду кажаце, за дзень натупалася, з вамі размаўляю, а вочы зліпаюцца.

Жонка. Ну, дык і кладзіцеся.

Аксіння. І з вамі, цётачка, развітаюся...

Разносніца. Спі, маё дзіцятка.

Аксіння. Ах хоць бы прысніць белую вопратку. Вось я і пайшла. (Выйшла ў бакоўку.)

Жонка. А вы кладзіцеся тутака.

Разносніца. Дзякую, мне абы прыткнуцца.

Жонка. Вось гэтым накрыйцеся, а я пайду старога пашукаю. (Пайшла.)

Разносніца. Ох, жыццё, жыццё, век па чужых хатах.

Аксіння. Цётачка, а-ку-ку-ку. (Праз дзверы.)

Разносніца. Ты яшчэ не спіш?

Аксіння. Не сплю, цётачка! Усё думаю, як буду мець новую вопратку, як выйду на вуліцу і ўсе здзівяцца.

Разносніца. Выйдзеш, дзеткі, выйдзеш.

Аксіння (пасля вялікай паўзы). Цётачка!

Разносніца. А што?

Аксіння. А мне хочацца паглядзець, якую дасце вопратку?

Разносніца. Ну, калі так хочаш, устану ды пакажу. (Устае.)

Аксіння. Цётачка, даруйце, я вас патурбавала.

Разносніца. Нічагутка, пакажу. (Развязала клумак.) Вось гэта табе падабаецца? (Дастала з клумка белую з блакітнымі стужкамі сукенку, дала Аксінні, тая прылажыла да грудзей, склаўшы накрыж рукі.)

Аксіння. Падабаецца, цётачка, падабаецца.

Разносніца. А вось табе і вяночак, белы, як снег. (Кладзе на галаву.)

Аксіння. Цётачка, мусіць, прыгожа?

Разносніца (дае люстэрка). Глянь, дзеткі, глянь!

 

Аксіння глянула і дзіка ўскрыкнула.

 

Разносніца. Дзеткі, што з табой?

Аксіння. Страшна мне, страшна, вазьміце, не хачу, баюся... (Здзела.)

Разносніца. Чаго ж, ты, дзеткі, спалохалася?

Аксіння. Я была падобна...

Разносніца. Да чаго?

Аксіння. Да нябожчыцы.

Разносніца. І зусім не, пакінь, дзеткі, палохацца; нядобра супроць ночы смерць успамінаць.

Аксіння. І мамы няма.

Разносніца. Мама прыйдзе, не палохайся, дзеткі, кладзіся, кладзіся.

Аксіння. Цётачка, вы мне падаравалі гасцінец, а я вам аддаю сваё месца, — яно і цяплейшае і раскашнейшае.

Разносніца. А ты ж дзе ляжаш?

Аксіння. А тутака.

Разносніца. Ну, добра... дзякую табе, родненькая!

Аксіння (кладзецца). Я, цётачка, накрыюся з галавой... каб адразу заснуць, смерці баюся.

Разносніца. Спі! (Пайшла ў бакоўку.)

Аксіння. Цётачка, а прыйдзе мама, так скажаце, што гэта падарункі вашы... і я спалохалася смерці.

Разносніца. Пакінь ты, дзеткі, супроць ночы смерць успамінаць.

Аксіння. Не буду, цётачка, не буду. (Закрылася.)

 

Разносніца выйшла. Вялікая паўза. Жонка паглядзела праз акно, а пасля ўваходзіць. Агледзелася, агонь зменшыла. Упускае Гарасіма. Жэстам паказвае, каб ён сеў. Прыкрая і доўгая паўза.

Гарасім. А чые гэта рэчы?

Жонка. Вось табе і на! Пакуль з шынка вярнуўся — і забыўся. Падарунак для Аксінні.

Гарасім. Ага, успомніў! Дрэнныя думкі доўга ў галаве не сядзяць. (Глядзіць на вянок.)

Жонка. Ды пакінь ты ўглядацца!

Гарасім. Белыя кветкі, як вочкі маёй дачушкі; гляджу я на гэты вяночак і бачу яе перад сабой. Мне здаецца, што яна зараз з’явіцца перада мной у гэтай вопратцы і запытаецца, хто я: сумленны чалавек ці забойца?

Жонка. Зусім раскіс... і гарэлка не памагла.

Гарасім. Быццам я не піў...

Жонка. Ну, здаецца, усё абгаварылі, застаецца зрабіць канец. Чуеш? Спіць!

Гарасім. Баба, што ты робіш?.. Вусцішна... Сумленны ж я чалавек.

Жонка. І будзеш.

Гарасім. Баюся! Абудзіцца, наробіць крыку.

Жонка. Ото ж дурань... (Дае гарэлку.) На выпі і зрабі, што кажу! Ну, пі, табе кажу!

Гарасім. Што са мной?.. (П'е.)

Жонка. Падаткі аддамо, зямля наша, скінеш лахманы. (Дае сякеру.)

Гарасім (са страхам). Забіць...

Жонка. А то як жа... сам казаў — абудзіцца, у астрозе згніеш.

Гарасім. О, не... Згінь ты, прападзі!..

Жонка. Не бойся! Адзін раз сякерай кіўнеш, і лепшая доля перад намі.

Гарасім. Што яна робіць са мной, куды нахіляе?

Жонка. Куды нахіляю? А вось туды (паказвае), бо калі не паслухаеш... Сам толькі памятай... Табе на дарозе катарга.

Гарасім. Але ж як гэта можна?

Жонка. Усё можна... абы жыць... Чалавек, калі топіцца, не глядзіць. Смерць — страх!

Гарасім. А дзе ж ты падзенеш?

Жонка. Дзе?.. За хатай вір глыбокі — завалаку, што ў магілу. Ану, хутчэй, больш адвагі, вунь яна... Я выношу святло... Чуеш? (Узяла лямпу і выйшла.)

Гарасім (сеў). Не, не магу... будзь ты проклята!

Жонка (праз акно). Доля лепшая перад намі, аддамо падаткі, будзем самі жыць і дзіця гадаваць...

Гарасім. Не магу!..

Жонка (уваходзіць з лямпай). Развяжы пятлю, што душыць нас, хоць бы дзеля Аксінні... жабраваць будзе па свеце.

Гарасім (схамянуўся). Жабраваць, маё дзіця... (Заплакаў.) Маё дзіцятка, не дапушчу... Згодны. (Узяў сякеру.) Няхай будзе спакой у палацах пана і ў беднай хаце. Выйдзі!

 

Жонка з лямпай выйшла.

Гарасім замахнуўся сякерай, але ў гэты час Аксіння хутка са сну ўсхапілася. Гарасім са страху дзіка ўскрыкнуў, кінуў сякеру, выбег на сярэдзіну сцэны, нервова заплакаў.

 

Аксіння (не ведаючы, у чым справа, падышла да бацькі, супакойвае). Не плачце, татаньку, падаткі мы аддамо, не плачце!

 

Уваходзіць Жонка з лямпай, а з бакоўкі — разносніца. Жонка са страхам глядзіць то на разносніцу, то на Аксінню.

 

Заслона


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан