epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Бор

Краскі красуюць і вянуць. Людзі родзяцца і ўміраюць. Гарады будуюцца і рассыпаюцца. Усяму бывае свой пачатак, і ўсяму бывае свой канец.

Прагавіта збіраючы сілу, непамерна высока разросся пад сінім небам гай. Глянуўшы на зялёную сцяну, узгляд астанаўліваўся на даўных векавых дубах, соснах, што гэтак горда паглядалі ўвыш. Зялёная мураўка быццам падзывала к сабе падарожнага адпачыць у цяньку ад гарачых праменняў сонца, і чалавек, каторы ў часе маркоты шукаў месца, дзе б можна было збыць цяжкія думкі, знаходзіў тут спакой і, прыслухоўваючыся к чароўным шэптам, упадаў у крэпкі сон.

«І чаго, чаго толькі не бачылі мы за свой век! — шаптаў лес падарожнаму.— Былі мы сведкамі, як свісталі тут кулі, як лілася кроў і валіліся без ліку людзі, вялікія героі знатнага роду, і каго любілі, і каго ненавідзелі яны, — разнёс усіх вецер прахам па полі. Ужо-ткі патроху і з памяці мінуўшчыны зыходзіць, толькі вось курганчыкі каля аблогі служаць яшчэ памяткай даўніх часоў людской няпраўды. Жывыя людзі на вачах мярцвелі, гнілі на зямлі і ў зямлі, і быццам у памяць па іх на спарахнелых касцях вырастала вярбіна ці лапушнік, а то магутны дуб.

Спытацца, то, пэўне, усякі з нас служыць памяткай якога-небудзь чалавека, бо няма тут і пядзі зямлі, каб не была збрызгана кроўю людской і не ляжалі ў зямлі пажоўклыя людскія косці...

Было ўсяго: і стогну, і пракляцця. Але мы жывём толькі на карысць чалавеку, і, хоць служым памятнікам усяго даўнага, ўсё ж такі нас карыслівы чалавек прамяняе на грошы, і толькі астануцца ад нас пачарнеўшыя пні ды зялёныя сіроткі-курганчыкі...»

Так і было. Захаладзела, снег, як пасцілкай, заслаў усё; абяліўся лес, быццам адзеўся ў новую апратку. Але гэта апратка была надзета як перад смерцю: вось яшчэ дзень, другі — і ўсё хараство векавога лесу павінна было легчы ў ног карыслівага чалавека.

Як гром, праняслося па ўсім лесе рэха ад тапара. Першая з берага застагнала і ніцма лягла елка, а там клаліся ўпавалку пышныя дубы, як сталетнія старцы, каторыя ў часе навальніцы не дбалі на страх.

Не было міласердзя: заўзятая рука не млела, раз’яраны тапор рубаў направа і налева, жудасна звінела піла, сіла прагавіта напірала ўсё далей і далей. Лес выміраў на вачах, толькі дзе-нідзе тырчэлі маладыя дрэўцы, прыгнуўшы свае вярхоўкі, быццам плачучы над забітымі таварышамі, — ціха шапацела асіна ды дрыжэў абмёрзлы хмызняк, каторага, можа, шкадуючы, абмінуў тапор. На пратаптаным снягу каля пнёў жоўтыя апілкі выглядалі быццам кроў лесу; а кругом з усіх старон яшчэ высіўся бор, з трывогай гледзячы на зямлю, дзе без ліку ляжала мёртвай брацці, і чакаў сабе смерці.


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан