epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Чакай, браце!..

Ад году да году мужык наш марнее,

А працы сваёй ён нямала кладзе,

І ўсё без карысці: як ліст той гібее

У восень халодную — ў горы, ў нудзе...

 

Арэнда вялікая, — трудна звярнуцца:

Прадай хоць сярмягу, ды мусіш аддаць,

А голад, хвароба ў знакі даюцца,

Дый ласкі, прывету ні скуль не чуваць.

 

Не чуў сабе «дзякуй!», хоць дух надрывае,

Хоць потам крывавым зямлю напаіў,

Хоць шчасця не бачыў і долі не мае,

Хоць варт, небарака, каб меней слёз ліў.

 

Хоць бедны грашыма, ды сэрцам багаты;

Хоць цёмны навукай — ды з светлай душой.

У скрыўджаным бачыць ён роднага брата,

З ім дзеліцца шчыра астатняй крыхой.

 

Чакай, брат! Без часу не лезь у магілу!

Узмацуецца дух твой — яшчэ аджывеш!

Свет, браце, убачыш, пачуеш ты сілу

І песню свабоды гуртом запяеш!




Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com