epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Чужое смачней

У вёсцы Неманец жыў стары Ігнат, аўдавелы гадоў з дзесятак таму назад.

Дзед быў з характарам старасвецкіх людзей. Яго доўгая, сівая барада, чырвоны, прыветны твар мелі шмат павагі, і кожнаму, хто раз убачыў дзеда, у вачах малявалася пекная хвігура старога. Гаспадарку меў не дужа вялікую, але, працуючы ад ранняга да цёмнага, хлеба меў аж надта.

Трэба было толькі трапіць к Ігнату, а галодзен не будзеш; накорміць, напоіць, а падарожнаму і з сабою дасць.

Памятаю, як сягоння: зайшоў я раз святым днём к дзеду пагаманіць. Дзед палуднаваў. Зараз туды-сюды сабраў, якія меў, прысмакі, усадзіў мяне на кут і трактуе. Слова за слова, разгаманіліся пра гаспадарку. Вось дзед і кажа: — Усё, дзякаваць богу, урадзіла: і зерняткі ёсь, і агуркі ёсь, а бульба, браце, як вырасце, жаднага смаку не мае, хоць вон выкінь. Вазьмі вось, спрабуй!

Закаштаваў колькі бульбін, хоць, можа, і грэх, але я памысліў, што Ігнат ад старасці смак згубіў. Але, не хочучы дзеду гумар псаваць, згадзіўся з ім і кажу: «Праўда, бацька, праўда: смаку няма, гэта ўжо не бульба, калі ядлоўцам аддае. Вось трэба, каб маёй закаштаваў, то пэўне і на насенне ўзяў бы!» І, далёка не адкладаючы, прашу дзеда к сабе, а сам пры гэтым мыслю, трэба старому выкінуць шутку і накарміць яго ж уласнай бульбай.

Якраз перад тым, калі дзед меўся быць, я папрасіў у яго жонкі свежанакапанай бульбы, абчысціў яе і зварыў.

Прысунуўся дзед. Селі за стол. Звараную бульбу з гарачым парам, у вялізнай місцы, са скваркамі ўставілі перад намі на стол. Чарку дзед, чарку я, і ну, за бульбу. Дзед яшчэ і не пробаваў, а ўжо кажа:

— Зразу чуваць, што бульба не раўня маёй, глянуць, душа радуецца, а здаецца, зямля адна, праца тая самая, а хвальш такі ёсь.

І не паспелі добра агледзецца, як бульбы анізвання не асталося ў місцы.

Як толькі сабраўся дзед адыходзіць і пачаў дзякаваць за частунак, я і кажу:

— Не варта, дзядзька, за сваё добрае дзякаваць, гэта каб еў маю бульбу, ну, то тады ўжо так, а як хватыгаваўся над сваёй, толькі ў маёй хаце, то не варта.

Дзед з дзіву вылупіў вочы.

І як я ні тлумачыў, а ўсё ж ткі веры не даваў. Але, нарэшце, адходзячы дамоў, паківаў галавой і засмяяўся, кажучы:

— Праўда, суседзе, чужое заўсягды здаецца смачней за сваё.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан