epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Дарагія лекі

Прычапілася да Язэпа хвароба, не раўнуючы, як п’яны прычапіўся да плота, і чым ні ратаваўся бядак, жаданай паправы не было.

— І каб ужо хвароба як хвароба была, а то брыда брыдой, — жаліўся Язэп, — дзень цягне, дзень смокча, два рвець, тры палошча!..

Усяк прабаваў ратавацца Язэп — нічога не памагае.

— Трэба, — казалі суседзі, — к доктару звярнуцца, той зразу ўгадае; не распазнае зразу — машынку навядзе і будзе ведаць, у чым рэч.

— А можа, і праўда, — памысліў Язэп.— Трэба людзей слухаць.— І, доўга не адкладаючы, пачаў збіраць грошы на лекі.

Колькі дзён узапар ён не хадзіў з візытай да сядзельца і, як мог, ціснуў капейку.

Урэшце выбраўся ў горад; незадоўга знайшоў доктара і к поўдню ўжо сядзеў у прыёмнай.

Там былі маладыя і старыя з задумёнымі тварамі. Глянуўшы на ўсіх, Язэпу здавалася, што з такой хваробай, як ён, то тут не было і не будзе, бо ўсе, як адзін, здаровы на погляд, як рыжыкі. Незадоўга распачаўся прыём.

Язэпа прынялі апошнім. Доктар доўга пытаўся, ці п’е гарэлку, як спіць, ці добра есць.

Язэп адказваў, але з асцярожкай, каб не выкрыць, што гарэлку п’е, як у лейку ліе. Але доктар спазнаў і забараніў хадзіць да сядзельца. Адлічыў Язэп паўрубля за візыту і выправіўся ў аптэку.

Там агледзелі рэцэпт, адлічылі па два рублі лякарства і казалі прыйсці за гадзіну.

Аж шорхна зрабілася Язэпу, як пачуў ён гэтую цану, але ў канцы згадзіўся, што сам вінен, калі даў раз’ездзіцца хваробе.

За лякарствам прыйшлося ісці заўтра, бо шмат не хапала грошай.

Адыходзячы да дзвярэй аптэкі, ён яшчэ раз глянуў праз акно на бліскучую лысіну аптэкара і, выходзячы, заявіў сам сабе, што не шкадуе грошы, абы толькі помач была.

Назаўтра Язэп па лякарства сам не паехаў, а выправіў жонку.

— Кошык жа не забудзься ўзяць! —дзесяты раз прызываў Язэп.— На два рублі іх нададуць столькі — у прыпол не забярэш ды патаўчэш у дарозе.

— Добра, добра, — адказвае жонка, — узяла; мала аднаго — другі ў панарадзе ёсць.

Прыехаўшы ў горад, яна паважна ўвайшла ў аптэку, цягнучы за сабой два вялізных кашы.

Сваім вачам не паверыла кабеціна, калі ўбачыла, што не тое каб у кашы не ўмесцілася, а ў руцэ, як цукерак, захаваеш.

Не даваў веры і Язэп, як убачыў, што жонка прывезла.

— Пэўна ашукаў мяне, цямражніка, той шалахвост? — бедаваў Язэп, пазіраючы на бутэлечку. Прыйшлося распачаць лякарства.

Прайшло трохі часу, вось суседзі і пытаюць:

— Ці памаглі лекі?

— Ды дзе там! — са злосцю адказваў ён.— Два рублі з паловай упёр чорт ведае за што, а помачы жаданай няма, — лепей бы за гэтыя грошы напіўся, то б тры дні галава балела, а то нічога.


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан