epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Доля мужыка

Вясной якраз на нашых святах

Я быў ў засценку Ліпнякі,

А там у нізкіх, курных хатах

Жывуць галота-мужыкі.

Сагнуўся ракам і у дзверы

Упоўз я ў хату мужыка,

Каб сам не бачыў, не паверыў,

Як горка доля бедака.

На сценах голых і вільготных

Растуць грыбы, цячэ вада,

І льецца на дзяцей гаротных

Хвароба, нэндза і бяда.

Аконца мала чуць свіціцца,

Ніколі сонца не відаць,

Смурод і чад, у брудах дзеці:

Адно дзярэцца — пяць крычаць.

Няма ж спакою беднай маці,

Няма ратунку, ані сна,

Няма каму прыбраць у хаце,

Ляжыць схварэўшая адна.

А пры баку дзіця ў карыце —

Увесь у больках, заскаруз,

Закручаны у зрэбнай свіце,

Устаць не можа, бо нядуж.

А дзеці воўкам пазіраюць,

З мяне дзівяцца: хто такі?

Як бы нічога больш не знаюць,

Апроч балота, асакі!

Яфімка цяжка уздыхае,

З бядой не можа саўладаць,

Галодны дзеці, сам не мае

За што і рук сваіх зацяць.

Да свету ўстане, кіне дзетак,

На заработкі к пану йдзе,

Глытае пот з слязьмі і гэтак

Век пераходзіць у бядзе.

Чым, як жывуць, адкуль іх сіла?

Ні круп, ні хлеба, ні гаршка,

Здалося, я папаў ў магілу,

Але не ў хату мужыка...

Дык во дзе бачыць гора можам,

Жыццё і долю бедакоў,

А колькі іх на свеце божым,

Такіх ліпняцкіх мужыкоў!


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан