epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Ганка

Акт І
Акт ІІ
Акт III
Акт IV
Працяг IV акта
Акт V


Драма ў пяці актах

 

 

Асобы

 

Палкоўнік, былы ваяка японскай вайны, без левай рукі, любіць выпіць, балака, 50 гадоў.

Яго жонка, жорсткая кабета, 40 гадоў.

Студэнт Васіль, круглы сірата, узяты з мужыцкай сям'і, 20 гадоў.

Ганка, пакаёўка, 18 гадоў.

Пастух, бацька Ганкі, 45 гадоў.

Хімка, слуга палкоўніцы, 16 гадоў.

Пясецкая, багатая ўдава, вар’ятка, 50 гадоў.

Марыся, яе дачка, 18 гадоў.

Альфонс, збяднелы дваранін, заляцаецца да Пясецкай, 35 гадоў.

Незнаёмы, перавознік-падпольнік, 30 гадоў.

Дзяўчынка, дачка Ганкі, 7 гадоў.

2 ураднікі.

Хор.

 

Тыпы1

 

Палкоўнік — сівы, з вялікімі вусамі, гаворыць па-вайсковаму, у голасе чуваць каманда.

Яго жонка — хітрая кабеціна, гаворыць павольна.

Васіль — упачатку нясмелы, бязвольны хлапчук, а пасля зусім іншы.

Ганка — прыгожая дзяўчына.

Пастух — звычайны селянін, перш з невялікай барадой, а пасля зусім сівы, з доўгай барадой.

Пясецкая — камічная кабеціна, на ёй старасвецкая вопратка; сівая.

Альфонс — апрануты ў фрак гарохавага колеру, сам рыжы, валасы прылізаныя.

Незнаёмы — нібы звычайны рабочы, апрануты па-сялянску: боты, світка; твар аброслы, выразныя вочы, гаворыць разважна, курыць люльку.

 

 

 

1 У гэтай п’есе, як у некаторых іншых, не для ўсіх персанажаў пазначаны драматургам сцэнічныя тыпы. (Рэд.)

Акт І

 

На сцэне гаспадыня сядзіць за сталом у роспачы.

 

Гаспадыня. Банкрот, банкрот, банкрот, — час аплаты вэксаляў, а тут, хоць запалі, грошай ані шэлега! (Звоніць). Зноў няма, і дзе яна гіне!

 

Убягае Ганка.

 

Гаспадыня. Ты чаго задыхалася?

Ганка. Бегла.

Гаспадыня. Куды ты ўсё бегаеш?

Ганка. Ды нікуды, так, за гару.

Гаспадыня. Дзіўна, штодзень бегае за гару, — учора бегала, сягоння бегала; выглядаеш каго?! (Паўза.) Пакліч мне пана, а потым ідзі на панадворак і чакай. Зараз павінна пані Пясецкая ехаць, папросіш яе да нас.

Ганка. Слухаю, пані. (Пайшла.)

Гаспадыня. Яшчэ адзін план... Калі не ўдасца, усё згіне.

 

Уваходзіць палкоўнік.

 

Палкоўнік (трохі падвыпіўшы). Здравія жалаю, Венера Мілоская.

Гаспадыня. О, рад, вясёл, як сонца вясною... Ужо пахмяліўся?

Палкоўнік. А так, чарачку гакнуў!

Гаспадыня. Яму нічога не страх.

Палкоўнік. Наш брат вайсковы нічога на свеце не баіцца.

Гаспадыня. Прыйдзі ты да памяці, паглядзі навокал сябе, — даўгі зарэзалі, прададуць з малатка ўсё.

Палкоўнік. Дык што ж зрабіць загадаеце? Пад мост пайсці з нажом?

Гаспадыня. Толькі чую жарты, жарты ды жарты. Зараз улезе ў мае пакоі мужычы лапаць, а ён байкі бае.

Палкоўнік. Ты ведаеш, баба?.. Усё можа быць магчыма — па нашых паркетах зашапаціць мужычы лапаць!

Гаспадыня. Здурнеў, дальбог, здурнеў.

Палкоўнік. А цікава будзе глянуць, — і дзед і прадзед нічога падобнага не бачылі, а я — патомак іх — убачу, як мужычок прыгорне да сваіх рук нашы маёнткі.

Гаспадыня. Ну, годзе, мне не да жартаў, трэба ратавацца. Я намысліла дзеля спасення адзін досыць хітры план.

Палкоўнік. Хітры? Прынцыпова не слухаю.

Гаспадыня. Ды пакінь ты жарты, сэрца крывёю абліваецца, а ён...

Палкоўнік. Валі праўду — я твой, а хітрыкі гані вон.

Гаспадыня. Чакай, чакай, мілы мой, пажартуеш, калі з малатка прададуць і лес, і зямлю ды не будзе чаго есці.

Палкоўнік. Пайду зноў у полк і буду з салдатамі гарох есці.

Гаспадыня. Размова скончана; будзеш слухаць ці не?

Палкоўнік. Валі праўду — я твой!

Гаспадыня. Я атрымала ліст. Сягоння павінен прыехаць студэнт.

Палкоўнік. Сягоння прыедзе Васіль?

Гаспадыня. Ну што ж асаблівага! Прыедзе і будзе тут.

Палкоўнік. Рад, вельмі рад. Прыедзе мой гадунец.

Гаспадыня. Сам ведаеш, — ён нам чужы. Гэта, што мы ўзгадавалі сірату і давялі да становішча студэнта, не прымусіць яго, каб ён нас любіў, як бацькоў, і шанаваў бы нашу старасць.

Палкоўнік. Э, куды хваціла! Дай мне ўспомніць, як ён выглядае. Год не бачыў.

Гаспадыня. Зноў пляце глупства!

Палкоўнік. Зусім не. Хлопца я шаную і люблю яго, як сына. Вось, як сягоння памятаю, — мужычок бацька, мужычка маці жывуць у курнай хаце, паміраюць, застаецца дзіця, круглая сірата... Ану яго сюды! Выкручваю са зрэбных пялёнак, гадую, вучу, даю дарогу ў інстытут.

Гаспадыня. Так вось прыедзе Васіль!

Палкоўнік. Свята, вялікае свята!

Гаспадыня (грозна). Ты будзеш слухаць ці не?

Палкоўнік. А нашто крык!

Гаспадыня. Яму ўжо 18 год!

Палкоўнік. Самы грэнадзёр.

Гаспадыня. Трэба яго пазнаёміць з дачкой пані Пясецкай і...

Палкоўнік. І павесіць...

Гаспадыня. Не павесіць, але ажаніць.

Палкоўнік. Не адно ліха — ці павесіць, ці ажаніць...

Гаспадыня. Па-мойму, не адно.

Палкоўнік. А на якое ліха яго жаніць?

Гаспадыня. Трэба так. Яна адна дачка, багацце незлічонае. Аб тым, што ён мужычы сын, яны не ведаюць.

Палкоўнік. Але нашто ўсё гэта?

Гаспадыня. Ажаню Васіля, возьмем вялікі пасаг, ад якога стане на ногі наша гаспадарка.

Палкоўнік. Так, план твой хітры. Значыцца, на чужым няшчасці хочаш будаваць сваё шчасце! Вось мая рэзалюцыя: Васіля не вешаць, але аддаць у вайсковую акадэмію, а цябе за хітрыкі пасадзіць у карцэр на дзесяць дзён. (Пайшоў у бакоўку.)

Гаспадыня. Не хочаш?! Як хочаш, не буду пытацца тваёй згоды, а зраблю сама: Васіля ажаню з дачкой пані Пясецкай, вазьму які хачу пасаг, а пасля зайграю на свой лад. Яму ўсё жарты... Я хлопца выцягнула з мужыцкага балота, аддала ў інстытут, плачу гэтакія грошы і буду ля мора пагоды чакаць. О, не, я буду глядзець ўдаль, бо, як бачу, жабракамі будзем!

 

Убягае Ганка з вялікай радасцю.

 

Ганка. Пані Пясецкая едзе з вакзала!

Гаспадыня. Што з табой?

Ганка. Толькі, значыць, я выйшла за гару, аж убачыла...

Гаспадыня. Каго ты ўбачыла?

Ганка. Паніча нашага!

Гаспадыня. Паніч тут?

Ганка (паказваючы ў акно). Вось гляньце ў акно! (Убачыла грозныя вочы гаспадыні і панурылася.)

Гаспадыня (пасля вялікай паўзы). Ну, добра, але чаго ты пачырванела як рак!

Ганка (упаўшым голасам). Нічога, гэта я бегла.

Гаспадыня. Ідзі сабе! (Ганка пайшла.) Якраз у пару. Хлапец спакойны, прыцісну — ажэніцца, а старая вар’ятка раскашэліцца. Усё аддасць яму, а ён мне.

 

Уваходзіць студэнт у закураных ботах, з клумкам у руках.

 

Студэнт. Добры дзень, цётачка! (Шапку трымае ў руках.)

Гаспадыня. Ну, мой каласок, прыехаў!

Студэнт. Прыйшоў.

Гаспадыня. Рада, вельмі рада! Год не бачыла! Ну, сядзь! Як навука? Перайшоў на другі курс?

Студэнт. Перайшоў.

Гаспадыня. Выбачай, дзеткі, мала пасылала грошай: бяда за бядой; дзядзька на вайне руку як страціў, гаспадарку апусцілі. (Глядзіць яму на ногі.) Што ж ты гэтак закурыўся?

Студэнт (стукаючы шапкай па халявах ботаў). У дарозе, цётачка.

Гаспадыня (адвярнулася, нездаволена). Пехатой, бядак, з вакзала пракульгаў? Ну што ж — маладому сем міль не ў наклад. Прабег і не заўважыў.

Студэнт. Як здароўе дзядзькі?

Гаспадыня. Меле языком, як цэпам. Зараз убачыш. Ганка! (Кліча. За сцэнай аказалася Ганка.)

 

Студэнт, пачуўшы голас Ганкі, крута павярнуўся.

 

Гаспадыня (убачыла гэта. Зразумеўшы). Пакліч пана, прыгатуй панічу вады! (Паўза.) Прыгожы ты хлапчук і вучышся добра, толькі бяда наша — не зможам памагаць табе больш.

Студэнт. Як? Што?

Гаспадыня. А так, прыйдзецца распрадаць усю маёмасць — і гайда за граніцу.

Студэнт. За граніцу? А мяне?

Гаспадыня. Як ні шкада, а прыйдзецца тут пакінуць.

Студэнт. Цётачка, што вы?

Гаспадыня. Нічога дзіўнага! Калі нам толькі хто не дапаможа, я гаспадарку прадаю — і гайда за граніцу!

Студэнт. Ад каго залежыць помач?

Гаспадыня (хітра). Вось ад каго!

Студэнт. Цётачка, скажыце, што зрабіць? Я гатоў на ўсё.

Гаспадыня. Ну-ну, пабачым!

Студэнт. Усё, што загадаеце, зраблю.

Гаспадыня. Гэта мяне радуе!

Студэнт. Дык скажыце, цётачка, не мучце!

Гаспадыня. Ну, добра, скажу, але раней памыйся і прыходзь.

 

Студэнт пайшоў.

 

Гаспадыня. Здаецца, усё будзе добра. Мужычая натура — што лаза: гні як хочаш і куды хочаш.

 

Уваходзіць Ганка.

 

Ганка. Пані Пясецкая тут!

Гаспадыня. Ага, пабягу прыму. (Выйшла.)

Ганка. О, што са мной? Трасуцца рукі, заныла сэрца, як убачыла, што выйшаў з-за гары. Убачыў мяне і пытае: «Ганначка, ці памятаеш мяне?» Я сказаць нічога не магла, іскры пасыпаліся з вачэй, ці помню я... Год як быў тут, і штодня сустракаліся за гарой. Эх, шчасцю нашаму не было канца. А пасля паехаў, а ад’язджаючы казаў: «Ганка, я прыеду, не запомні!» І вось год, як выхаджу за гару і ўглядаюся, ці не едзе мой сакалок. І здавалася мне, што ўжо пакінуў, не прыедзе... Аж не. Ён тут, я жыву.

 

Пры гэтых словах увайшоў студэнт і напалову гэты маналог чуў.

 

Студэнт. Ганначка!

Ганка (спалохаўшыся, але радасна). Ах, як вы спалохалі мяне.

Студэнт. Ну, чаго ж ты спалохалася? Я ж той самы, ты ж мяне памятаеш?

Ганка. Памятаю.

Студэнт. Ганначка, як у вёсцы добра, вачэй не адарваць. А там, у пушчы, нешта незвычайнае, — птушкі заліваюцца, а сонца ж свеціць як!

Ганка. Я чую, як пяюць птушкі, і часта слухаю, як лес шуміць.

Студэнт. Шчаслівая ты, Гануся, што можаш слухаць казкі векавога лесу. А я, жывучы ў горадзе, засумаваў па табе. Скажы, Ганначка, у пушчы ты бываеш часта?

Ганка. Бываю рэдка.

Студэнт. А за гарой?

Ганка. Штодзень.

Студэнт. Адна?

Ганка (з жалем). Адна.

Студэнт. Скажы, памятаеш усё?

Ганка. Усё памятаю, год чакала.

Студэнт. Ну, то добра. А мы з табой пойдзем зноў туды, у пушчу, каб паслухаць, аб чым цяпер яна будзе нам шаптаць. Ну, скажы, пойдзем?

Ганка. Скажаце — пайду.

Студэнт. Гануся, мая родная! Як я рады, што маю шчасце бачыць твае блакітныя, як неба, вочы! Яны, як васількі з каласістага жыта, паглядаюць на мяне і запаляюць іскру былога кахання. Ганначка, ці верыш ты, што я таксама, як і раней, люблю цябе? (Паўза.) Ну, скажы, мая зорка! (Ганка маўчыць.) Я зразумеў цябе.... Не месца тут. Заўтра ўвечары за гарой ты мне скажаш, а цяпер бяжы, мая каханая! Чую — цётка надыходзіць. (За сцэнай чуваць гоман.) Што ж, Гануся, будзеш?

Ганка. Буду, мой даражэнькі!

 

Абое пайшлі ў бакоўку. Уваходзіць гаспадыня і Пясецкая.

 

Гаспадыня. Выбачайце, даражэнькая, што затрымала на дарозе.

Пясецкая. Я сама прасіла, калі прыедзе студэнт, паведаміць мне.

Гаспадыня. Прыехаў, толькі што з дарогі.

Пясецкая. Дык дай жа мне яго, пакажы!

Гаспадыня. Зараз паклічу!

Пясецкая. Я на яго гляну і зараз скажу, ці будзе даспадобы, ці не, бо Марыся пакладзецца на мяне.

Гаспадыня. Будзе даспадобы, будзе!

Пясецкая. Я многа не хачу: зяць павінен быць дваранін, любіць прыроду, любіць Марысю і мяне.

Гаспадыня. Будзе даспадобы, будзе!

Пясецкая. Век мой кароткі, усё ім здам на рукі, а сама буду жыць (уздыхнула) з прыродай.

Гаспадыня. Ці варта аб гэтым казаць?

Пясецкая. А я і забылася, з каго паходзіць студэнт. Ён дваранін?

Гаспадыня. А то як жа! Самай чыстай крыві дваранін, патэнтаваны дваранін.

Пясецкая. Ну, калі ж ён выйдзе? Я чакаю.

Гаспадыня. А вось зараз. (Кліча.) Васіль! Васілёчак!

 

Уваходзіць Васіль з закасанымі рукавамі, з расшпіленым каўняром і з ручніком у руках.

Гаспадыня (не пабачыўшы яго). Васілёк. Гэта пані Пясецкая, пазнаёмся. (Глянула на яго.) Няўжо ж ты яшчэ не памыўся?

Студэнт. Яшчэ не паспеў.

Пясецкая. А ці не вас я спаткала на дарозе?

 

Гаспадыня засланіла сабой студэнта, дае знак, каб ён выйшаў.

 

Студэнт. Так, гэта быў я.

Пясецкая. Няўжо ж вы пехатой ішлі?

Студэнт. Э, не першыня.

Гаспадыня. Ён у нас такі, любіць прыроду. (Няўзнак павярнула яго і выпхнула вон.)

Пясецкая (не пабачыўшы гэтага). Першы раз бачу, каб так любіў прыроду: пехатой сем міль!

Гаспадыня. Маладыя ногі.

Пясецкая. І моцныя нервы. Гэткія людзі радуюць мяне. Прырода для мяне — найвялікшая асалода жыцця. Вясной ажывае прырода, ажываю і я. Зімой памірае прырода, паміраю і я. А скажыце мне, пан студэнт... (Паўза.) Дзе ж ён?

Гаспадыня. Засаромеўся, уцёк... Маладзёнак яшчэ!

Пясецкая. А шкада, я хацела пагутарыць аб прыродзе. Прыгожы хлапчына, дваранская постаць, нос, падбародак, вочы, ну, і наогул усё такое! Ну што ж, будзем гаварыць з Марысяй! А я згодна, ён мне спадабаўся.

Гаспадыня. І Марыся будзе згодна.

Пясецкая. Для сваіх дзяцей душу аддам. Век мой кароткі, жыву, пакуль прырода. Ну, мая дарагая, я павінна ехаць. Марыся адна сумуе.

Гаспадыня. Ай, ай, як хутка. Ну, буду прасіць разам з Марысяй. Трэба пазнаёміць маладых.

Пясецкая. Пазнаёмім і ажэнім. (Кажуць гэта некалькі разоў. Цалуюцца і са смехам выходзяць.)

 

Выходзяць палкоўнік і студэнт з бакоўкі.

 

Палкоўнік. Цяпер ты наш! Ад гэтага дня лічу цябе палонным, адбяру аружжа і пастаўлю вартавых, каб не ўцёк.

Студэнт. Які суровы загад!

Палкоўнік. Так, брат, суровы! Сядзі да самай восені ў нашых межах.

Студэнт. Пабуду тут не вельмі многа.

Палкоўнік. О не, я не згодзен; ты павінен адпачыць, а потым з новымі сіламі да навукі. Навука любіць людзей здаровых. Ты думай сабе, што мы з табой на бівуаку. Ноч... Лагер наш... І вораг спіць. Адны вартаўнічыя ўглядаюцца ўдаль.

 

Пры гэтых словах увайшла гаспадыня.

 

Гаспадыня. Пачаў ужо сваю валачобную!

Палкоўнік. Я так і ведаў, сарвала ў мяне думку.

Гаспадыня. Твая размова мала цікавая, можна і пасля!

Палкоўнік. Што каму: бабе — сырадой, а салдату — вайна на першым плане. Кажы! Слухаю!

Гаспадыня. Скажы мне, Васілёк, як навука ішла?

Студэнт. Кульгаючы.

Палкоўнік. Ха, ха, ха! Жартаўлівы хлапец, адразу відаць! Калісь у даўнія часіны быў у мяне салдацік жартаўлівы. Бывала, вернецца з выведкі і такіх вестак паднясе, такіх вестак... Дзівіцца трэба. Ваша благароддзе, грыт...

Гаспадыня. Пачаў ужо!

Палкоўнік. Але, ваша благароддзе, грыт... Залеглі мы ў кустах і бачым — двое мусульман ідуць. Стаіліся. Мой салдацік з унцерам за кустом і сядзяць, а пасля калі гакнуць: «Стой!» (Моцна крыкнуў.)

Гаспадыня (спалохаўшыся). Ах, з ім жыць мог бы толькі салдат.

Палкоўнік. Ты сказала праўду! Душу салдата можа зразумець толькі салдат. Значыць — стой! Японцы ад страху як салома паляглі, а пасля, як убачылі, што нашых двое, хапіліся за стрэльбы. Эге-ге, братцы мае! Вось мой салдацік на хітрыкі пайшоў. «Стой, — кажа, — басурманская шэрсць! Нашто нам кроў дарэмна праліваць? Давай лепш толкам разбярэмся, каму палонным быць?» — «Давай», — адказалі японцы і наважылі барокацца вось гэткім спосабам. (Схапіў упол студэнта.)

Гаспадыня. Чакай, чакай; ты памяць страціў?

Палкоўнік. Ды я хацеў паказаць, як мой фельдфебель японцу косці пакрамсаў. Вось, значыць, пачалі. Фельдфебель гне сабе, а японец — сабе. Гляджу я на барцоў і думаю — хто ж каго? Аж бачу — захістаўся японец, затупаў, як казёл, нагамі, расцягнуўся на траве.

Гаспадыня. Вось і салгаў! Цябе ж там не было.

Палкоўнік. А ты слухай і маўчы. (Паўза.) І так фельдфебель расплытаў японца, а другі палажыў майго унцера.

Студэнт. Палажыў?

Палкоўнік. І так палажыў, што той не важыўся ўставаць. Я памог на ногі паставіць.

Студэнт. Ну, і што было?

Палкоўнік. А было тое, што фельдфебель прывёў да мяне японца, а унцера павялі ў Японію... А цяпер яшчэ адно здарэнне.

Гаспадыня. Але дай жа мне з ім гаварыць.

Палкоўнік. Будзь ласкава, прашу. Ты не дзівіся! Вайсковая душа на волю рвецца, атакі, баталіі ды кананады сняцца.

Гаспадыня. Скажы мне, Васілёк, як скончыш навуку — на каго ты пойдзеш?

Студэнт. На агранома.

Палкоўнік. Падавайся ў вайсковыя!

Студэнт. А ці ж добра будзе?!

Палкоўнік. Будзеш грозны для ворага і мілы для салдата, скончыш акадэмію... Поле для працы, ну, дасі гарту ворагу! Паміраючы, будзе ўспамінаць. Прыкладам, пойдзеш ты ў атаку... Ты ведаеш, што такое атака?

Студэнт. Збольшага.

Палкоўнік. Атака — гэта гураганны налёт на ворага... Думай сабе, што гэта сцяна — наш вораг, а загад кажа з бою ўзяць усё. Ну, і пайшла рваць дружына! Толькі пыл ды дым. Смерць косіць направа і налева. Ні сваяк, ні знаёмы не пападайся пад рукі, усе на валасок ад смерці. Вораг бяжыць, а мы з крыкам «ур-ра»... (Моцна крычучы ды ідучы па пакоі.)

Гаспадыня. Стой, стой!

Палкоўнік. Стаю. У, як трапечацца сэрца. Я, брат, часамі забываюся, што я ў хаце. Мне здаецца, што я на вайне. Ну, цяпер ты зразумеў атаку?

Студэнт. Зразумеў.

Палкоўнік. Цяпер ты гавары з цёткай, а я хвілінку адпачну.

Гаспадыня. Усё роўна не дасць нічога сказаць.

Палкоўнік. Даю, будзь ласкава, даю!

Гаспадыня. Скончыўшы інстытут, будзеш аграномам?

Палкоўнік. Гэта пытанне... Вайсковая акадэмія на дарозе стаіць.

Гаспадыня. Не ўцярпеў-такі!

Студэнт. Так, цётачка, пайду! (Глянуў на палкоўніка.)

Палкоўнік. Васіль!

Студэнт (глянуў на гаспадыню, убачыў яе суровыя вочы). Пайду на гаспадарку.

Палкоўнік. Прапаў адзін генерал!

Гаспадыня. Ды не прапаў гаспадар; будзеш мець свой хлеб, гаспадарку на слуг здаць нельга, слуга ніколі не спрыяе пану.

Палкоўнік. Ну, ясна, тады трэба жаніцца.

Гаспадыня. А хто цябе за язык цягне?

Палкоўнік. Выбачай, вайсковага за язык не пацягнеш, бо ён зубам калі хваціць, як мяне аскепкам гранаты.

Гаспадыня. Ну, будзь ласкаў, не ўспамінай! Я без болю ў сэрцы не магу перанесці.

Палкоўнік. А я перанёс. Рука адляцела, што лісток з дрэва, нават і не чуў.

Гаспадыня. Хвалішся, мой родны.

Палкоўнік. Кажу праўду. Добры салдат і на галаву не звяртае ўвагі, калі яна коціцца з плеч. А ты, браце, жаніцца не спяшайся. Нагуляйся добра, а пасля... Я супраць жанення, калі яно не ў пару.

Гаспадыня. Я цябе не разумею. Ты не ведаеш, у чым справа, пачынаеш плесці глупства.

Палкоўнік. Мілая і дарагая жонка, я добра ведаю, у чым справа... Не старайся атакаваць хлопца, бо ён дасць адпор.

Гаспадыня. Я прашу — не перапыняй размову.

Палкоўнік. Студэнту не патрэбна жонка, але навука.

Гаспадыня. Я сама ведаю, што яму патрэбна.

Палкоўнік. Студэнт, без бойкі не здавайся, ведай сабе тое, што муж — гэта вярблюд, які цягне праз усё жыццё паклажу і сам не ведае за што. Твая мэта — вайсковая акадэмія, атака, кананада, баталіі, а бабу — фіц... Хадзем піць гарбату! (Пайшоў.)

Гаспадыня. Намалаціў, намалаціў і пайшоў.

Студэнт. Як мне здаецца, дзядзька праўду кажа.

Гаспадыня. Слухай не дзядзьку, а мяне. Ты ж добра ведаеш, праз каго ты студэнт і хто аплачвае права навукі...

Студэнт. Ведаю... За гэта вечна ўдзячны.

Гаспадыня. Наша становішча найгоршае. Гаспадара няма, і дзе гаспадара няма — гіне ўсё. Парабкі — зладзеі, а я адна. Так вось, баючыся таго, каб наша дабро не дасталося ў рукі мужыкоў, я адпісала ўсё табе.

Студэнт. Мне? За што такая міласць?

Гаспадыня. Ты наш выхаванец. Усё роўна што наш сын.

Студэнт. Я хацеў іначай жыць.

Гаспадыня. Як іначай? Няўжо разам з мужыкамі? Ну, аб гэтым пакінем... І вось я хачу, каб гаспадарку ўзяў у рукі ты, каб на маіх абшарах красаваўся наш шляхецкі герб, каб ты не дазволіў па нашай смерці таптацца мужыку з бруднымі нагамі. Дзядзька на ўсё глядзіць скрозь пальцы. Я сіл не маю, а гаспадарка патрабуе моцнай рукі, і вось, пакуль ты тут, трэба ўзяццца за працу.

Студэнт. Я згодзен хоць зараз.

Гаспадыня. Ты ж не падумай, што я цябе хачу ўпрэгчы ў саху. Зусім не. Я хачу, каб людзі працавалі, а тваё вока было б усюды.

Студэнт. Дрэнны з мяне наглядач.

Гаспадыня. У гэтым-то і бяда. Вось дзеля чаго і сам пехатой па сем міль ходзіш, і права навук яшчэ не аплочана. А чаму? Бо ў нас няма грошай. А потым я хачу цябе... ажаніць.

Студэнт. Мяне?

Гаспадыня. Чаго ж так спалохаўся? Ажаніць — самая звычайная рэч. Ажаніць з багатай паненкай.

Студэнт. О не, цётачка, баюся і памысліць.

Гаспадыня. Зноў раблю гэта для таго, каб у тваю адсутнасць гаспадарка апіралася на моцныя плечы. Табе трэба вучыцца, а мне трэба глядзець, каб быў хлеб і для цябе, і для мяне.

Студэнт. О не, цётачка. Не патрэбны мне ні жонка, ні грошы.

Гаспадыня. А ты ж абяцаў мяне слухаць. Твая адзінота, як і наша адзінота, прывядзе наша шляхецкае гняздо да заняпаду. Паўміраем мы: хто намеснік? Ты. І што ж ты зробіш адзін? Ці табе будзе ў галаве гаспадарка? Будзеш ты ў сталіцы куціць направа і налева, а ў нашых пакоях засядзе лапаць, мужычая руда.

 

Увайшла Ганка.

 

Гаспадыня. Ты павінен ажаніцца з дачкой пані Пясецкай. Прыгожая паненка. (Ганкі не бачыць.)

 

Студэнт (убачыўшы Ганку). О не, цётачка, гэтага не абяцаю.

Гаспадыня. Ну, хіба захочаш пайсці супраць нас? Але павінна напомніць табе, што ад гэтага будзе дрэнна, — кіну памагаць і будзеш зноў голы студэнт. (Павярнулася і ўбачыла Ганку.) А ты чаго тут?

Ганка (з болем). Пан просіць, каб ішлі. Чакае...

Гаспадыня (нездаволена). А я і забылася. Хадзі, дзетка, я пакармлю цябе. (Адыходзіць і ўбачыла, што студэнт хоча спыніцца з Ганкай. Грозна.) Васілёк! (Пайшлі.)

Ганка (адна). Так, вось і паненку панічу сватаюць багатую, вучоную дваранку. Не зайздрошчу, але радуюся шчасцю людзей. Абы ім добра было. Толькі ў мяне нічога лепшага ў будучыні няма. Мужычка я, бедная батрацкая дачка, не маю права думаць ні аб шчасці, ні аб долі і сказаць нікому не магу, што ў маім сэрцы жыве. Павінна маўчаць і маўчаць. О, доля батрачкі. О, шчасце наймічкі. Дзе ж ты? (Плача, прыпаўшы к сталу.)

 

Заслона

 

 

 

Акт ІІ

 

Лес. На пні сядзіць пастух, пляце лапаць. З’яўляецца студэнт, у руках кніжка. Студэнт аглядаецца па баках, убачыў пастуха.

 

Пастух. Добры дзень, панічок.

Студэнт. Скаціну пасеш?

Пастух. Скаціну.

Студэнт. Яшчэ не ўзыходзіла сонца, а я праз сон чуў голас пастуха, які зазываў на паству скаціну.

Пастух. Досвіткам стараюся выганяць, авадні не дакучаюць.

Студэнт. Шчаслівы селянін тым, што можа бачыць усё хараство прыроды.

Пастух. А якая карысць яму ад гэтага, калі ён за працай сонца яснага не бачыць?

Студэнт. І гэта праўда.

Пастух. Нарадзіўся мужык, — следам за ім холад, голад, хвароба, бяда... Змагайся, бо зломіць, як шчэпку. Пераківаўся, не даўся ў лапы смерці, — другое ліха на дарозе: пажар, навальніца. Панам другое. Ім ні сеяць, ні баранаваць, хлеб гатовы сам прыйдзе.

Студэнт. Ты ж, браток, не лічы мяне за пана.

Пастух. Чаму, паніч, так кажаце?

Студэнт. Табе ж ведама, хто я. Таксама мужык.

Пастух. Мала што калі было. Паніч цяпер пан. Вучоны і чалавек добры.

Студэнт. Нічога добрага я не зрабіў для вас.

Пастух. Ласкавае слова — і то радасць селяніну.

Студэнт. Ад каго табе чуць яго? Нябось далей панскіх абшараў нідзе не бываеш.

Пастух. Ды ведама. Больш на полі ды ля дзвярэй палацаў панскіх.

Студэнт. Нябось пані палкоўніца часта благаслаўляе?

Пастух. Пан — чалавек добры, а сама гаспадыня за сабаку лічыць.

Студэнт. І Ганначку крыўдзяць?

Пастух. Яна маладая, менш адчувае, а калі часам і зашчыміць сэрца, дык ненадоўга.

Студэнт. Пацярпі, браце, прыйдзе лепшы час, менш будзе бяды.

Пастух. Страціў я веру, панічок. Жабраку адвеку жабрацкая доля.

Студэнт. Ганначку тваю выцягнем адтуль, вучыць пачнём.

Пастух. Вось гэта добра было б. Здольнае дзіця, вялікую ахвоту да навукі мае.

Студэнт. У палкоўніка лесу выпрасім, хату адбудуем.

Пастух. Мой лес яшчэ расце. Не хутка гэта будзе. Дзякую.

Студэнт. Я не жартую, давай прасіць у палкоўніка.

Пастух. Не турбуйцеся, панічок, пажыву яшчэ так. Можа, за свой мазоль і адбудуюся.

Студэнт. Не верыш у ласку панскую? (Пастух махнуў рукой.) А скажы, браце, як даўно згарэла твая хата?

Пастух (уздыхнуў). Гадоў пяць назад.

Студэнт. Здаецца, і жонка твая... (Пастух заплакаў.) Давядзі, браток, усё, як было.

Пастух. Баліць сэрца, калі ўспомніш. Не хацеў бы кратаць за жывую рану, але такой бяды. На полі я з дачушкай працаваў, а жонка хворая ляжала ў хаце. Быў гарачы летні дзень, працавалі і радаваліся, але радасць абярнулася ў слёзы. Сонца схавалася за хмарку, замігацела маланка, пасыпаўся дождж з градам, ударыў пярун, і недалёка нас, здавалася, у лес ударыў. Аж не, бачым — залілася наша вёска полымем. Пакуль дабеглі — усё згарэла. І жонка, спакой вечны, смерць там знайшла. Пахаваў жонку, сіл на гаспадарку не меў, пайшлі да паноў на службу. Гануся школу пакінула, а так добра вучылася, цешыла мяне, як скончыць навуку... жыць будзем. Ах, вось яно, жыццё. Гэта ж я загаварыўся, а скацінка мая куды хаця разбрылася. Дзякую, паночку, што паслухалі мяне, мужыка; з радасці плакаў бы, ды слёз няма. Выплакаў усе. (Пайшоў.)

Студэнт. Бедныя людзі. Парабчане па прыгавору.

 

Падыходзіць незнаёмы з вязкай дроў на плячах.

 

Незнаёмы (малады хлапец, аброслы барадой. Прыглядаецца да Васіля). Васіль, ты?

Студэнт. Зарэжце — не пазнаў.

Незнаёмы. А я цябе пазнаў адразу.

Студэнт. Здароў, браток. Якая змена, брат, з табою?

Незнаёмы. Ды яно ведама, жывучы ў лесе — хараства не нажывеш.

Студэнт. Чаго ж ты тут у лесе?

Незнаёмы. Хочаш ведаць? Скажу.

Студэнт. Вельмі цікава. (Селі.)

Незнаёмы. Жыву тут нездалёк, пры возеры, на беразе, пад лодкай.

Студэнт. Хіба жартуеш? На беразе, пад лодкай?

Незнаёмы. Перавознік, а перавознікі ўсе так — пад лодкай.

Студэнт. Няўжо ты не змог чаго лепшага дабыць? Ты ж калісь вучыўся са мной разам у інстытуце. І бач, вучоны чалавек — перавознік.

Незнаёмы. Не кожнаму суджана быць памешчыкам.

Студэнт. Ну вось, адразу ты і пакрыўдзіў мяне. Ці ж я памешчык? Адкуль ты гэта ўзяў? Ты ж добра ведаеш, хто я.

Незнаёмы. Выбачай, брат, я не хацеў. Перавознік я па сваёй волі. Ад таго часу, як мяне выслалі са сталіцы, пасядзеў у адным, у другім астрозе, тут абраў сабе месца і жыву паводдаль ад шуму гарадскога.

Студэнт. І што ж тут добрага знайшоў?

Незнаёмы. Глебу добрую. Хіба не бачыш, навокал колькі вёсак? А там адна, другая фабрыка, чыгунка недалёчка, рабочых шмат.

Студэнт. Ага, зразумеў.

Незнаёмы. Гледзячы як ты зразумеў.

Студэнт. Значыць, і цяпер ты вольна мысліш?

Незнаёмы. І цяпер, і заўжды.

Студэнт. Не спалохаў цябе ні астрог, ні высылка з сталіцы.

Незнаёмы. Наадварот, больш загартаваў.

Студэнт. Браток, рад я, што сустрэў цябе. Я і раней, калі мы разам былі ў інстытуце, душой гарэў да вольных думак. Я дзень і ноч будаваў планы, як мне злучыцца з працоўнай беднатой, але спосабу мне не было. Цяпер буду прасіць цябе, дай мне працу. Я ўвесь, і сэрцам і душой, з рабочымі, сялянамі.

Незнаёмы. Не ведаю, што табе сказаць. У той час, калі цябе я ведаў, ты падабаўся мне, бо ў тваёй асобе бачыў я роднага па духу, па крыві. А цяпер хто ведае, якіх поглядаў ты? Жывеш ты ў людзей, якія карыстаюцца з чужога поту.

Студэнт. Я той самы, які і быў. Палкоўніцкія рамкі не змяняюць пачуцця, якое жыло і жыць будзе ў мужыцкім целе.

Незнаёмы. Пані палкоўніца жорсткі чалавек. Сялян эксплуатуе і крыўдзіць як мага. Я выступаў не раз на абарону іх; ну, што ж — цкаваць пачала, паліцыю ўзняла, аблаву зрабілі і пасадзілі ў астрог.

Студэнт. Ну, і што?

Незнаёмы. Быў суд, сяляне не выдалі, канцы гладка захавалі, а тым часам год адседзеў.

Студэнт. Ну, і палкоўніца. Як зямля яе носіць?

Незнаёмы. Зямля ўсіх носіць.

Студэнт. Я ніколі не думаў, каб яна была такая гадаўка.

Незнаёмы. Старайся больш пазнаваць людзей, убачыш не гэта. Прытым, хіба не адрозніваеш класы, да якое належыць гэта пані?

Студэнт. Цяпер ясна.

Незнаёмы. Пара табе ведаць, што мы, рабочыя і сяляне, — ворагі паноў, а яны — нашы.

Студэнт. Ну, ды як жа будзе, аб чым прашу?

Незнаёмы. Пакуль што не скажу нічога. Часцей прыходзь, а там пабачым, у душу тваю загляну глыбей.

Студэнт. Сам я мужычы сын.

Незнаёмы. А не будзь так, я б табе не даў веры, прайшоў бы міма. Ведаю, усё ведаю. (Паўза.) Ты на каторым курсе?

Студэнт. На другім.

Незнаёмы. Ты што ж — на адпачынак сюды прыехаў?

Студэнт. Так.

Незнаёмы. Як жа думаеш адпачынак скарыстаць?

Студэнт. Давай працу, я ўвесь твой.

Незнаёмы. Ну вось, мы твой адпачынак скарыстаем для другой справы.

Студэнт. Рад вельмі гэтаму.

Незнаёмы. Спіш дзе?

Студэнт. У садзе, у альтанцы, пад бярэзінай.

Незнаёмы. Кантроль які над табой ёсць?

Студэнт. Ніякага.

Незнаёмы. І калі б ноч-другую ты не з’явіўся начаваць — не заўважаць?

Студэнт. Ды не.

Незнаёмы. Ну, дык вось. Спі больш удзень, а ночы каратаць мы будзем для справы палітычнай.

Студэнт. Добра.

Незнаёмы. Дык вось сягоння і прыходзь, як толькі сцямнее.

Студэнт. Прыбягу.

Незнаёмы. Мяне ты не бачыў і ні слова са мной не гаварыў.

Студэнт. Вялікі сакрэт.

Незнаёмы. За адно неасцярожнае тваё слова...

Студэнт. Жыццём заплачу. (Азіраецца.)

Незнаёмы. Ты чаго азіраешся. Выглядаеш каго?

Студэнт. Ды нічога, я так...

Незнаёмы. Толькі не мані, кажы мне праўду. Людзі, якія працуюць са мной, павінны быць высокай сумленнасці. Пастуха ведаеш?

Студэнт. Ведаю.

Незнаёмы. Цэлымі днямі гавару з ім. А вось бачыш... жабрак... А дачку Ганусю?

Студэнт. Служыць яна ў іх.

Незнаёмы. Добрае дзіця, штодзень бачу. Выбежыць за гару і ўглядаецца ў бок вакзала. Каго яна чакала, не ведаю. А прыгожа, ведаеш, глядзець; вецер развявае яе валасы; здаецца, каб умеў — малюнак намаляваў бы. (Чуваць песня Ганкі. Студэнт зацікавіўся. Незнаёмы заўважыў.) Лёгкая на ўспаміны. Ганка, ідзі сюды. (Студэнт больш зацікавіўся.) Ты чаго так зацікавіўся?

Студэнт. Ды нічога, я так.

Незнаёмы. Толькі не мані. Абяцаў казаць мне праўду. Ну, мне з табою быць нельга. Даведаецца пані палкоўніца, няхай яе немач! Будзе бяда. Хадзем! (Пайшлі разам.)

 

Падыходзіць Ганка спяваючы.

 

Ганка. Прыйшла я, а чаго — і сама не ведаю. Учора казаў мне быць за гарой, а сам, пэўна, з другой. Эх, вялікая гара між намі. Ніколі не абмінуць яе. І нашто яму ісці сюды, да каго? Да мужыцкай дачкі, да беднай наймічкі? Любы мой панічок, не ідзі сюды, цурайся мяне, цурайся. (Села на калоду і плача.)

 

Падышоў студэнт.

 

Студэнт. Ганначка.

Ганка. Ах, я думала, што я тут адна.

Студэнт. А я думаў, што цябе, Ганначка, не будзе. Ну, скажы, Ганначка, чаму ты так думала?

Ганка. Бо на вас лепшая чакае.

Студэнт. Я не бачыў той лепшай і глядзець не хачу.

Ганка. О не, так не кажыце, месца маё да парога.

Студэнт. Гануся, што ты гэтым хочаш сказаць?

Ганка. А тое, што я мужычка.

Студэнт. Гануся, усе мы людзі.

Ганка. Ваша праўда... людзі, але розніца між намі ў тым, што з адным можна гаварыць пры людзях, а з другім — хаваючыся ў лесе.

Студэнт. Гануся, як ты разумна разважаеш. (Хацеў пацалаваць.)

Ганка (спыніла). Што вы, панічок?

Студэнт. Ганначка, якая ж ты нядобрая.

Ганка. Даруйце мне.

Студэнт. А ці рада ты, Гануся, што мы разам?

Ганка. Год чакала.

Студэнт. Год чакала. (Прыкрая паўза.)

Ганка (дае яму кветкі). Гэтыя кветкі на памятку вам, мо калі ўспомніце Ганку — яны завялі.

Студэнт. Дзякую, Гануся. Я на іх век буду глядзець. Яны мне будуць напамінаць шчырую, добрую Ганусю. (Кветкі палажыў у кніжку.)

Ганка. Няхай будзе так.

Студэнт. А скажы, Ганначка, ты бывала тут, дзе калісь мы рвалі кветкі?

Ганка (з болем). Ах, чаму ж вы так не разумееце мяне?

Студэнт. Адна?

 

Ганка з болем глянула яму ў вочы.

 

Студэнт. Разумею. Ганначка, разумею. І чаму я не вольная птушка; на тую пару, як ты бывала тут, я прыляцеў бы сюды...

Ганка. Нашто я вам, мужычка?

Студэнт. Ганначка, калі ты яшчэ так скажаш, я ад цябе пайду.

Ганка (за руку). А я не пушчу.

Студэнт. Ну, тады не жартуй з маім сэрцам, калі яно так шчыра б’ецца да цябе. Усе мы з мужыкоў. Ні кароль, ні князь, не зваліўся з неба з гэткім тытулам. Чуеш?

Ганка (уздыхнула). Чую.

Студэнт. Ну, чаго ж ты ўздыхнула, галубачка?

Ганка (заплакала). Эх, як цяжка было чакаць год.

Студэнт. Гануся, ты плачаш? Скажы, дарагая, чаго? Я сэрцам адчуваю нейкую трывогу.

Ганка. Панічок мой дарагі. Каб ведалі, як шчыра я кахаю вас. Хоць не можна гэтага казаць, але я забылася на ўсё, год чакала, год мучылася, а цяпер ад радасці слёзы.

Студэнт. Ганначка, дарагая, любіш?

Ганка (абняла і пацалавала). Шчыра, горача.

Студэнт. І чаму я раней гэтага не чуў? Чаму раней не ацаніў цябе, мужычае дзіця?

Ганка. Нічога мне не трэба. Я за адну хвілю шчасця аддам жыццё, а гэта шчасце тут, пры мне.

Студэнт. Гануся, я ўсхваляю той дзень, калі я пазнаў цябе. Я прысягаю перад гэтым блакітным небам, што ты не будзеш адна.

Ганка. Сон, толькі сон.

Студэнт. Ты пачакаеш год?

Ганка. І што тады?

Студэнт. Я скончу інстытут, і ты будзеш маёй.

Ганка. Я пачакаю і дзесяць год, а вашай не буду.

Студэнт. Чаму?

Ганка. Не магу быць вашай жонкай, не магу. А наглядзецца ўволю дайце мне, бо хутка надыдзе тая пара, калі вас пазнаёмяць з багатай паненкай, і тады Ганка павінна заняць сваё месца.

Студэнт. Гануся, ты будзеш маёй, і наша шчасце будзе вечным.

Ганка. Не будзе яно спрыяць ніколі, бо на вас чакаюць людзі лепшыя, чым я.

Студэнт. Ты мая лепшая, адзіная, ты мужычае дзіця, і сам я мужычы сын; мы родныя па духу, па крыві, гэта я скажу ўсім.

Ганка. Адкрыць перад людзьмі сваё каханне мы не можам, а шукаць радасць тут, у лесе, не заўжды можна.

Студэнт. Ну, дык выступім перад усімі і скажам. Няхай усё тое, што было страхам, будзе смелым і вольным.

Ганка. Не выступім і не скажам, бо адно слова вашай цёткі разбурыць усё.

Студэнт. А я цёткі не паслухаю. (Чуваць голас гаспадыні: «Васілёк, Васілёчак». Студэнт спахапіўся.) Цётка ідзе.

Ганка. Сон, толькі сон.

Студэнт. Гануся, уцякаем разам.

Ганка. Я не маю права быць з вамі разам; заставайцеся, мой дарагі.

Студэнт. Гануся, заўтра будзь у пушчы, там нас ніхто не пабачыць.

Ганка (з болем). Я ж вам казала, адкрыць перад людзьмі сваё каханне мы не можам.

Студэнт. Ах, Ганначка!

Ганка. Буду, мой дарагі, буду.

 

Абняла і цалуе. У гэты час падышлі гаспадыня з палкоўнікам і ўбачылі.

 

Гаспадыня (грозна). Васіль!

 

Ганка ўцякла.

 

Палкоўнік. Ха-ха-ха!

Гаспадыня. Марш!

Палкоўнік. Смірна!

Гаспадыня. Што за жарты? Хлопец цалуецца з мужычкай!

Палкоўнік. А што ж, мужык не чалавек? Пацалаваў — не зарэзаў. Сэрца не камень. За мной!

 

Студэнт і палкоўнік пайшлі.

 

Гаспадыня. Здурэў, далібог, здурэў. (Пайшла у другі бок.)

 

Заслона

 

 

 

Акт III

 

Дэкарацыя І акта. Увайшоў студэнт, а за ім незнаёмы.

 

Студэнт (зазываючы Незнаёмага). Заходзь, заходзь на хвілінку, можна.

Незнаёмы. Карыстаючы з таго, што пані палкоўніца гуляе ў садзе, я хацеў з табой пагаварыць.

Студэнт. Будзь ласкаў, слухаю.

Незнаёмы. Слова, якое ты даў мне, не трымаеш. Сімпатыя да дзяўчыны ў цябе стала куды вышэй справы грамадскай. Калі разглядаць з боку кахання, яно праўда — дзяўчына, але я так не гляджу. Перш справа, а пасля дзяўчына.

Студэнт. Выбачай, браток, выбачай. Гэта ўсё выйшла, сам не разумею як. Адно тваё заданне, якое ты даручыў мне, я не выканаў дзеля таго...

Незнаёмы. Дзеля таго, што ты сягоння з Ганкай быў у пушчы.

Студэнт. Адкуль ты ведаеш?

Незнаёмы. Ну, ведаю я ці не — гэта справа іншая, але павінен напомніць табе, што дзяўчыну можаш загубіць. Яна шчыра адданая дзяўчына, каханне з ёю можа завязацца так моцна, што развяжа толькі яго пані палкоўніца ў дрэнны бок. Я добра ведаю, што табе сватаюць паненку зусім другое класы і дзякуючы тваёй слабай волі зламаюць цябе лёгка, ты жэнішся з багатай, а Ганка можа застацца не адна, і тваё сумленне будзе заплямлена навек. Схамяніся, брат, слухай, што кажу, адхілі каханне ўбок, а бліжэй да справы. Ты малады, і твая сіла разам злучыцца з маладымі барацьбітамі. (Студэнт задумаўся.) Ну, годзе спаць, больш жыцця, усё тое, што недагаварыў табе цяпер, я скажу ўвечары. Спадзяюся, што ты мяне паслухаеш. Сягоння ўвечары ў нас паважны сход, і ты павінен быць, а заўтра будзе даручана табе на фабрыку адозвы занесці. Ну, я пайшоў.

Студэнт. Выбачайце, браток, віна мая вялікая, пастараюся паправіць. (Незнаёмы пайшоў.) Які жудасны малюнак, усё так перад вачыма і стаіць! Няўжо ж усё будзе так, як ён намаляваў? Не, не павінна! (Пры гэтых словах увайшла палкоўніца; студэнт не заўважае, што яна тут.) Эх, пушча, пушча, як ты далёка завяла нас. Ці мог я верыць, што так здарыцца. Гануся, дарагая! Зайшлі далёка мы з табой.

Гаспадыня. Пан студэнт! Я павінна зазначыць, што ваша мосць больш звяртае ўвагі на пабягушкі, чым на справу. Дзе быў?

Студэнт. Блудзіў у пушчы.

Гаспадыня. Так і загінеш у балоце, штодня цягаючыся па лесе. Мне гэта не падабаецца, кажу апошні раз. Зараз у нас будзе пані Пясецкая з дачкой, і сягоння аб жаненні будзе канчаткова разважана.

Студэнт. Мне, цётачка, не да жанення.

Гаспадыня. Размова скончана.

Студэнт. Мне, цётачка, трэба скончыць навуку, і тады...

Гаспадыня. Нічога проці не маю, але за свае грошы. Я памагаць больш не буду.

Студэнт. Які выхад?

Гаспадыня. А такі: слухаць, што кажуць людзі, якія жадаюць табе дабра.

Студэнт. Я не бачыў свету.

Гаспадыня. Што ты хочаш гэтым сказаць?

Студэнт. А тое, што для мяне жаненне — страх.

Гаспадыня. А цалавацца ў лесе з мужычкай не страх? Бач ты яго, — не бачыў свету; мужыкам спачуваеш, хочаш, каб Ганка гаспадарыла тут? Слухаць мне, што кажу, а не — дык калі ласка. (На дзверы. Пасля вялікай паўзы.) Я думаю, што больш торгу не будзе. (Кажа гэта зусім спакойна, звоніць.) Няма. Нябось разам блудзілі ў пушчы! (Пільна глядзіць на яго, звоніць.) Праганю, каб і духу не было.

 

Уваходзіць Ганка.

 

Гаспадыня. Гэй ты, дзе прападаеш? (Глуха.) Дзе прападаеш ты, гадаўка?

Студэнт. Цётачка, прашу вас.

Гаспадыня. Ну, ну, толькі без гэтага! Яна мая слуга, я хачу ведаць. Зараз павінна быць пані Пясецкая з дачкой. Ідзі на дарогу і чакай, і калі толькі ўбачыш — скажы. Выходзь. (Ганка пайшла.) Я гэту брыду праганю.

Студэнт. Як дзіка ж вы паступаеце з ёю.

Гаспадыня. А няўжо ж пачну абнімацца з мужычкай?

Студэнт. Крыўдзіце вы іх.

Гаспадыня. Менш толькі шкадуй.

Студэнт. Як жа не шкадаваць? Не скаціна ж гэта.

Гаспадыня. Скаціна, скаціна і скаціна!

Студэнт. І людзі так дрэнна кажуць аб вас.

Гаспадыня. Цікава ведаць, якія такія людзі. (На дзверы.) Гэта? Гэта не людзі, а быдла. Ты, можа, з перавознікам пазнаёміўся? (Паўза.) Ну, кажы, бачыў на беразе перавозніка, гутарыў з ім?

Студэнт. Нікога не бачыў.

Гаспадыня. Ты мне глядзі, каб і блізка да яго не падыходзіў, бо гэты чалавек такі, якога ўсе баяцца, як заразы. Прапаганду вядзе, да бунту кліча чэрнь. (Паўза.) І ліха ведае, чаго ён там сядзіць? Катаржнік, адукаваны катаржнік! Быў студэнт, а цяпер перавознік. Займаецца паэзіяй. І што паліцыя робіць? Ён рыхтуе бунт, а яны спяць. Здаецца, усё зрабіла: напісала куды трэба, арыштавала, год патрымалі — і выпусцілі. Доказаў няма. Цьфу. Ды адкуль яны і будуць, калі мужыкі пакрываюць яго? Мая просьба — менш цягацца па лесе і не слухаць, што бунтаўшчык той брэша.

Студэнт. Не слухаю, а далятае.

Гаспадыня. Не, усё-такі ты мала спрыяеш нам, калі бароніш чэрнь.

Студэнт. Бараню бедных людзей... Мой абавязак.

Гаспадыня. Даруй, папраўлю... не абавязак, а сам такі. З мужычых пялёнак узяла цябе, а колькі ваўка ні кармі — усё ў лес паглядае.

 

Увайшла Ганка.

 

Гаспадыня. Што? Едуць?

Ганка. Прыехалі.

Гаспадыня. Ну, добра, якраз у пару. Васіль, памятай, больш увагі.

Студэнт (не пабачыўшы, што Ганка тут). І нашто я сюды прыехаў?

Ганка (на каленкі). Панічок, панічок! (Плача.)

 

Чуваць галасы гасцей за сцэнай.

 

Студэнт (выводзячы Ганку). Гануся, дарагая, не плач! (Пайшлі абое.)

 

Уваходзяць Пясецкая, Марыся і Альфонс.

 

Гаспадыня. Прашу, прашу, дарагія госці.

Пясецкая. Ну, а дзе ж студэнт?

Гаспадыня. Студэнт наш амаль што не жыве ў хаце, а праз цэлыя дні гуляе ў пушчы. Зараз паклічу. Прашу выбачэння. (Выйшла.)

Пясецкая. Зусім зразумела. Горад зімой — рай, а летам — закураная пляма, затое вёска... Божа мой! Прырода, прырода і прырода. Пан Альфонс, папяроску! (Той дае.)

Марыся. Мамачка! І наша пушча — рай.

Пясецкая. Ах, Марыся, ты не ведаеш, што такое рай.

Марыся. Мамачка, ведаю, але мала. Адам, Ева і ўсякая нечысць.

Пясецкая. Пан Альфонс, растлумачце Марысі, што такое рай, адкінуўшы інцыдэнт пра Адама, Еву ды яблыкі.

Альфонс. Фэ, фэ. Як гэта можна?

Марыся. А аб гэтым не трэба, я лепш за вас ведаю.

Пясецкая. Для цябе, Марыся, яшчэ незразумела, што такое прырода, што такое пушча. Пушча — гэта бязмежная прырода, прырода і прырода. Куды ні пойдзеш — прырода, куды ні глянеш — прырода. Кожны кусцік, кожная траўка дыхае прыродай. (У гэты час Альфонс нешта тлумачыць Марысі, размахваючы рукамі.) Пан Альфонс, схавайце рукі ў кішэні, вы не вятрак.

Альфонс. Пакорны ваш слуга! (Схаваў рукі ў кішэні і разглядае стол.)

Пясецкая. Зімою — снег, мароз, мяцеліца, вясною — рэкі, прылёт птушак. Пан Альфонс, вы ловіце варон.

Альфонс. Даруйце, у мяне ж рукі ў кішэнях.

Пясецкая. Пан Альфонс, вы немагчымы чалавек.

 

Гаспадыня ўводзіць студэнта.

 

Гаспадыня. Вось і студэнт.

Пясецкая. Якраз у пару. (Студэнт падышоў да Пясецкай, тая працягнула руку, каб пацалаваў, ды той руку далікатна адхіліў. Пясецкая здзіўлена.) А гэта мая дачушка Марыся, прашу пазнаёміцца. Пан Альфонс, займіце другое месца. (На студэнта.) А ваша месца тут. (Пасадзіла ля Марысі.) Вось так. (Да гаспадыні.) Ну, што ты на гэта?

Гаспадыня. Так, так, мая дарагая.

Пясецкая. Цяпер няхай галубочкі мілуюцца, а мы пачакаем палкоўніка і скончым справу.

Гаспадыня. А ён зараз прыйдзе.

Пясецкая. Можна пачакаць. Пан Альфонс, папяроску!

Альфонс. Даруйце, у мяне ж рукі ў кішэнях.

Пясецкая. Выкіньце іх на волю!

Альфонс. Выбачайце, папяроскі няма.

Пясецкая. Загадваю сядзець і маўчаць. Ведаеш, даражэнькая, пан Альфонс за апошні час зусім апусціўся. Яго нішто не цікавіць. Калі я гавару аб прыродзе, дык ён марыць аб нябескіх мігдалах, калі я аб смерці, дык ён — аб каханні. А трэба ведаць, што такому радавітаму шляхціцу, як пан Альфонс Додэ-Додэ... Ты ведаеш, гэта магнацкая фамілія. Гэта старадаўні род, спрадвечны род Додэ — не да твару быць фіглярам.

Гаспадыня. Пан Альфонс вельмі рухавы чалавек, дзеля таго яму марыць аб маладосці можна.

Пясецкая. А мне гэта даспадобы. Пан Альфонс мой сакратар, мая правая рука, і таму ён павінен граць у мой тон.

 

З’явіўся палкоўнік.

 

Палкоўнік (за сцэнай). Рота, смірна, раўненне направа! (Чуваць галасы дзяцей: «Здравія жалаем!» і г. д.) А, каго бачу! Дарагія мае госці!

Пясецкая. А няхай вас, так спалохалі мяне. Якая ў вас рота? Дзе вашы салдаты?

Палкоўнік. Ды гэта мае дзеці — мужычкі на двары гуляюць. Вось я і вітаюся з імі. (Вітаецца.) Студэнт, кажы, дзе быў?

Студэнт. Быў там, дзе цёмны бор шуміць і ручаёк, як змей, цішком бяжыць.

Палкоўнік. Шчаслівы чалавек.

Гаспадыня. Гэта па-твойму.

Пясецкая. І па-мойму добра. Бор шуміць, ручаёк цішком бяжыць. Прырода, прырода і прырода.

Палкоўнік. Мне, адстаўному ветэрану, і то зажадалася ў пушчу.

Гаспадыня. Мала табе было маньчжурскіх пушчаў?

Палкоўнік. А ты ведаеш, будзе яшчэ вайна — я з адной рукой у бой пайду.

Пясецкая. На якое ліха нам вайна? Б’юць людзей, псуюць прыроду.

Палкоўнік. Не прырода нам патрэбна, а баталіі, атакі, кананады.

Гаспадыня. Гэта вам, вайсковым, а нам — зусім другое. (Гэстам паказвае на студэнта і Марысю.)

Пясецкая. Так, так, у нас справа паважная.

Палкоўнік. Сватанне?

Гаспадыня (робіць гэст, каб маўчаў).

Палкоўнік. О не, выбачайце, абавязкі свата на сябе не бяру і прысутнічаць пры гэтым лічу непатрэбным. Правае плячо ўпярод, шагам арш... (Пайшоў.)

Гаспадыня. А няхай сабе ідзе, малая з яго карысць.

Пясецкая. Пан студэнт, калі ласка, аб прыродзе. Чаму вам мілы бор зялёны і ручаёк?

Студэнт. А таму, што мне, чалавеку, адарванаму ад горада, незвычайным шчасцем здалася пушча.

 

Пры гэтых словах увайшла Ганка і чуе яго словы; у руках яе пасудак.

 

Ганка. Самавар загатаваўся!

 

Студэнт адразу змоўк.

 

Гаспадыня (ідучы да студэнта, кажа ціха). Шчасце, ха-ха-ха-ха! Мне ведама, якое шчасце. (Паварочваецца да Ганкі.) Дрэнны ж ты кавалер, калі сваё шчасце выстаўляеш на посмех другім. (Грозна на Ганку.) Мне ведама ўсё! (У Ганкі выпаў пасудак.) Варона!

 

Ганка пайшла.

 

Пясецкая (у гэты час глядзела ў другі бок). Нічога не зразумела. У чым фактычна справа?

Гаспадыня. Самая звычайная рэч. Наша пакаёўка, калі хоча сказаць, што самавар загатаваўся, прыходзіць і разбівае пасудак.

Пясецкая. Які дзікі, мужычы спосаб. Замест таго каб сказаць: «Хадзем піць гарбату», — яна бах аб падлогу пасудак. Марыся, што ты на гэта?.. Га?

Марыся. Мамачка, мне шкада Ганкі!

Гаспадыня. А вам, пан студэнт? (Іранічна паказваючы на пабітую пасуду.) У пушчы шчасце?

Студэнт (ўстаў). Вы мне даруйце, я не магу, я пайду...

Гаспадыня. О не, не, я яе сама паклічу. Яна прыйдзе і прыбярэ. Лёс талерак такі: сягоння ў панскіх палацах, заўтра — на сметніку. (Хітра.) Ты мяне зразумеў, Васіль? (Да Пясецкай.) Студэнт спалохаўся! (Іранічна.) Спалохаўся! (Выйшла у бакоўку.)

 

Уваходзіць палкоўнік.

 

Палкоўнік. А па-мойму, хоць і бомба разарвіся, я і вокам не міргну. Памятаю, у японскую вайну аскепкам руку мне адарвала і чорт ведае куды закінула. Два дні шукалі і не знайшлі.

Пясецкая. Ох, што я чую. Руку шукалі і не знайшлі. Марысечка, вады.

Палкоўнік. Гарбату, калі ласка, піць.

 

Увайшла палкоўніца.

 

Гаспадыня. Дарагія госці, прашу на гарбату.

Пясецкая. Пан Альфонс, за мной! (Да палкоўніка.) А я з вамі буду гаварыць...

Палкоўнік. Толькі не пра жаненне.

Пясецкая. Аб прыродзе.

Палкоўнік. Гэта можна. Я вам раскажу, як мой салдат у соннага японца боты зняў, а замест ботаў лапці са шпорамі надзеў. (Пайшлі.)

Гаспадыня (да студэнта і Марысі). А вы, галубочкі, тут застаньцеся! (Адводзіць Марысю ўбок і нешта ёй шэпча на вуха; студэнт у гэты час уцёк за дзверы. Марыся вярнулася.)

Марыся. Што гэта значыць. Чаго ён уцёк? (Глянула ў акно, убачыла, што ён пайшоў па дарожцы.) А, вось дзе! Чакай жа ты мяне, я цябе злаўлю! (Пабегла за ім.)

 

Уваходзіць Ганка.

 

Ганка (шукае вачыма студэнта). Няма! Ой, які ж сорам, ганьба, здзек... Верыла, душу і сэрца аддала, а ён смяяўся тут, пры ўсіх. Эх ты, жыццё батрацкае, нікчэмнае, як гэта шкло! (Паўза.) А можа, усё не так і я дарэмна пасудзіла Васілька? (Глянула ў акно, убачыла яго там.) Так, сэрца маё дарма не б’е трывогі, пайшоў з ёю, — багатыя шляхі, бедная павінна саступіць... Ідзі, мой панічок, ідзі, будзь шчаслівы і жыві, а я... Сон, толькі сон! (Плачучы, выйшла.)

 

Уваходзіць гаспадыня.

 

Гаспадыня. Васілёк, дзе ж ты дзеўся? І Марысі няма. (Глянула ў акно.) Ах ты, вірутнік, дзе апынуўся, і Марыся разам з ім. Рада, вельмі рада, план мой не загінуў.

 

Прыйшла Пясецкая.

 

Пясецкая. Марыся, Марысечка! Дзе ж Марыся?

Гаспадыня. Глянь, глянь, мая даражэнькая, дзе нашы дзеткі!

Пясецкая. Што ж гэта, Марыся? Куды ж яны?

Гаспадыня. Куды б дарога ні вяла, абы добра было.

Пясецкая. Марыся без майго дазволу? Адна з кавалерам?

Гаспадыня. Даражэнькая! Студэнта трэба разглядаць не як кавалера, а як...

Пясецкая. Ах, выбачайце, як жаніха, я і забылася!

Гаспадыня. Усё ідзе гладка!

Пясецкая. Нарэшце збылося, а я так чакала мілага і дарагога зяця! Ах, як я рада! Цяпер я магу пазбыцца ад пана Альфонса. Ну, які ж гэта сакратар? Пан Альфонс, папяроску! Папяроскі няма? Пан Альфонс! Якая пагода? Ён не ведае.

 

Убягае слуга Хімка.

 

Хімка (моцна крыкнуўшы). Божа мой! У нас няшчасце!

Абедзве. Якое?

Хімка. Ганка ў студню ўвалілася! Ратуйце, памажыце!

Пясецкая. Адной мужычкай менш будзе.

Гаспадыня. Выйдзі вон! (Хімка пайшла. Звяртаецца да Пясецкай.) Выбачайце, даражэнькая, я зараз.

Пясецкая. Але ж куды, куды? Няўжо ты будзеш прымаць удзел у гэтай мужычай трагедыі?

Гаспадыня. І не думаю! Я проста так, гляну, у чым справа (Пайшла.)

Пясецкая. Проста дзіўна! Ну, няхай ужо ў нас нервы, а то і ў мужыкоў нервы: тут разбіла пасудак, а там валіцца ў студню. Як жорстка, нягладка, непрыгожа! Ну, але што ад іх вымагаць? (Да акна.) Марыся! Марыся! Марысечка! Хадзі, дзеткі, сюды! Кліч з сабою пана студэнта. Прыгожы хлапец! Моцны духам, моцныя нервы! Эх, каб не мае сівыя валасы, я б яго сама...

 

Убягае Марыся.

 

Марыся. Я слухаю, мамачка, вас. Сядзела на лавачцы са студэнтам. Што скажаце?

Пясецкая. Можа, ты, дзеткі, сюды б з ім ішла?

Марыся. Я і сама не ведаю. Ён нікуды не хоча ісці. Ці то ён нясмелы, ці мяне баіцца. (Уцякае.)

Пясецкая. Маладзёнак яшчэ! Зловім, дзеткі, зловім!

 

Уваходзяць гаспадыня і палкоўнік.

 

Гаспадыня (грозна). Я так не папушчу!

Палкоўнік. І чаго гарачыцца, чаго?

Гаспадыня. Зараз клікну бацьку — і вон з майго поля! Нашто мне неспакой?

Пясецкая. Нервовая трагедыя!

Гаспадыня. Ліха ведае што! Так напалохала.

Палкоўнік. Эх ты, нестраявая рота! Напалохала! А як нашаму брату ў вайну з Японіяй галавешкі за каўнер кідалі? Вось, прыкладам, даліна, а вось кусты, а ў кустах я і унцер з кулямётам.

Пясецкая. Пекная прырода — і кулямёт.

Палкоўнік. Аж бачу — полк японцаў маршам падаецца. «Унцер! Дзяржы хвост пісталетам!» — камандую я. «Дзяржу, ваша благароддзе, дзяржу!» Эх, і пасыпаліся кулі, і паваліліся басурманы. Чую: «Стойце, ваша благароддзе, ніводнага няма!»

Гаспадыня. Там ніводнага і не было!

Палкоўнік. Цэлы полк быў! Усіх пачысцілі, як бараноў.

Марыся. Мамачка, што тут здарылася?

Пясецкая. Мужычая трагедыя. Глупства!

Палкоўнік. А я б не сказаў. Не глупства. Ганка ў студню ўвалілася!

Марыся. Ваша пакаёўка? Дзе ж яна?

Гаспадыня. Пан студэнт апеку ўзяў.

Марыся. З якой прычыны гэта наймічка...

Пясецкая. Дух нячысты спакусіў, а прытым, як ні смешна сказаць, — нервы. Цяпер і ў мужыкоў ёсць нервы.

Марыся. І згадаць цяжка.

Палкоўнік. Нічога цяжкага. Гражданскі прыём. У нас, вайсковых, — куля ў лоб, і годзе!

Марыся. Паклікаць бы доктара!

Гаспадыня (з іроніяй). Прафесара выпішам.

Палкоўнік. Усё ўжо зроблена. Фельчар зараз будзе. Студэнт стралой панёсся.

Пясецкая. Дзіўна! Нашто гэта руплівасць? Што можа быць супольнага — пакаёўка-батрачка і...

Палкоўнік. Я б так сказаў. І пакаёўка — чалавек.

Марыся. Ах, хоць бы не памерла!

Гаспадыня. А калі і памрэ, то не ў мяне, а за варотамі. Заўтра выкіну, каб і духу не было.

Палкоўнік. А што на гэта скажу я?

Гаспадыня. Што я скажу, то і будзе.

Палкоўнік. Вось успомнілася мне, як мы бралі сопку ў Маньчжурыі, і недалёчка лёг басурманскі снарад. Сперш зашумела, загуло, а пасля — бах... (Моцна стукнуў.)

Пясецкая. А няхай вас з вашымі снарадамі!

Палкоўнік. То мая фігура, як матыль, — то ўгару, то ўніз, а пасля зарылася па самыя вушы ў пясок.

Пясецкая. Вайна — біч божы! Ох, грахі, грахі!

 

Гаспадыня звоніць. Уваходзіць Хімка, заплаканая.

 

Гаспадыня. Пакліч мне пастуха! (Паўза.) А ты чаго слініш?

Хімка. Шкада мне Ганкі.

Гаспадыня. Глядзі лепш за сабой! Выходзь!

 

Хімка пайшла.

 

Пясецкая. Характэрная жылка, і мне вельмі даспадобы. Яны адзін аднаму спачуваюць.

Палкоўнік. Так і трэба. Мая закваска. У часе вайсковай службы я таксама жыў з салдатамі, спаў разам з імі, гарох еў, гуляў у бабкі, і тут прыжыўся спосаб мой спаміж сялян.

Гаспадыня. Дзякуючы твайму спосабу мяне на старасці цягаць будуць па судах.

Палкоўнік. Не гарачыся, мая радасць, не гарачыся. Ніхто цябе нікуды не пацягне.

 

Уваходзіць пастух.

 

Гаспадыня. Учынак тваёй Ганкі прымушае мяне адмовіць табе ў службе і заўтра выехаць з нашага двара.

Палкоўнік. Учынак тваёй Ганкі прымушае мяне пакінуць цябе на службе і нікуды не ехаць з нашага двара.

Гаспадыня. Я сказала — да заўтра.

Пастух. Куды ж мы паедзем? Самі ведаеце наша бядацкае становішча.

Палкоўнік. Нікуды ты не пойдзеш.

Гаспадыня. Я сказала. Можаш ісці.

Палкоўнік. Але пачакай, я яшчэ нічога не сказаў.

Гаспадыня. Я сказала — да заўтра. (Пайшла ў бакоўку.)

Марыся (за ёй). Цётачка, пашкадуйце, не выкідайце. (Пабегла за ёй.)

Палкоўнік. Не палохайся, стары, не палохайся. Маё слова — сіла.

Пастух. Паночку, даражэнькі, паслухаць мы вас паслухаем. Але ж буду прасіць — не выганяйце, пакуль паздаравее Ганка. Куды ж я з хвораю пайду!

Палкоўнік. Твая праўда. Свет любіць здаровых людзей, і дзеля гэтага пастанову нашай пані касую.

Пясецкая. А дачцэ скажы, каб свечку богу паставіла, бо ў калодзежы дух нячысты жыве.

Палкоўнік. Мы архірэя паклічам, усіх чарцей павыганяем.

 

Убягае Альфонс.

 

Альфонс (спатыкнуўся). Быў фельчар і казаў, што жыць будзе.

Пясецкая. Я ж і казала — хамы жывучыя.

Палкоўнік. Няхай жывуць хамы. Я з імі век пражыў. Ну, хадзем, скончым піць гарбату.

Пясецкая. Пан Альфонс, за мной! (Пайшлі.)

Палкоўнік (да пастуха). Не плач, усё будзе добра, я цябе не пушчу. (Пайшоў.)

 

Увайшоў студэнт.

 

Пастух. Панічок, панічок. (На каленкі.) Вы, як родны, памаглі нам у бядзе, не пакідайце нас далей. Прасіце цётку, каб не выкідала. Палепшае Ганка, мы самі пойдзем, мы самі пойдзем... (Горка плача.)

 

Заслона

 

 

 

Акт IV

 

Тая самая дэкарацыя. Праз шэсць месяцаў.

 

Гаспадыня (лічыць грошы). План мой удаўся як найлепей. У працягу шасці месяцаў сталі на ногі самі і паставілі на ногі гаспадарку. Студэнта ажаніла, заграбла багацце да сваіх рук, пані Пясецкая голая, як мыш. Цяпер трэба парваць сувязь са студэнтам, і манеўр скончаны. А матэрыялы для гэтага ёсць. (Бярэ пракламацыі.) Адозвы да бунту. (Чытае.) «Браты рабочыя і сяляне! З дарогі прэч капіталістых». Гэта значыць — нас. Не, мой дарагі, з дарогі сыдзеш сам, бо ты мне на дарозе; я не дапушчу, каб хам, мужык свае законы дыктаваў. (Піша ліст, звоніць.)

 

Увайшла Хімка.

 

Гаспадыня. Гэты ліст зараз перадай станавому прыставу, ён якраз цяпер у воласці, і як вернешся — мне скажаш.

Хімка. А я зараз, толькі хустачкай галаву накрыю.

Гаспадыня. Нікуды ні на крок! У воласць да станавога прыстава. (Грозна.) Ну... (Хімка пайшла.) А цяпер растраўлю студэнта — і справе канец.

 

Уваходзіць палкоўнік, падвыпіўшы.

 

Палкоўнік (бачыць, што яна лічыць грошы). На чужым няшчасці будуеш сваё шчасце?

Гаспадыня. Хто там ведае, чыё яно?

Палкоўнік. Ты ж абула ў лапці Пясецкую.

Гаспадыня. Не абувала б я, абуў бы нехта другі. На тое шчупак у моры...

Палкоўнік. Ажаніла студэнта, атлуміла Пясецкую, забрала грошы і рада.

Гаспадыня. Абы жыць.

Палкоўнік. А ты глыбей глянь. Васіль шчаслівы са сваёй жонкай?

Гаспадыня. Гэта іх справа.

Палкоўнік. Растравіла хлопца, быццам звер.

Гаспадыня. Я хутка супакою гэтага звера, ён у маіх руках.

Палкоўнік. Я цябе не разумею — здагадкі, здагадкі і здагадкі.

Гаспадыня. Вось цяпер і я табе скажу: глыбей глянь, мілы мой. За гарэлачкай не бачыш, як хата ў нейкую друкарню абярнулася.

Палкоўнік. У якую друкарню?

Гаспадыня. А такую. Куды ні глянеш — адозвы да бунту. Рэвалюцыянера на сваіх плячах адкармілі.

Палкоўнік. Ну, і добра, хай здароў жыве.

Гаспадыня. З паромшчыкам здружыўся.

Палкоўнік. Не паверу.

Гаспадыня. Не верыш — схадзі ў альтанку, убачыш... І прыгатуй сваю сівую галаву. (Дае адозвы.) На, чытай.

Палкоўнік (чытае). «Пролетарии всех стран, соединяйтесь!» Ха-ха!

Гаспадыня. Ты што? Здурэў, ці што?

Палкоўнік. Ты глянь, што за роскаш. «Пролетарии, соединяйтесь!»

Гаспадыня. Што тут смешнага?

Палкоўнік. А тое, што ад першых радкоў піша праўду.

Гаспадыня. Ашалеў дзед на старасці.

Палкоўнік. Зусім зразумела. Пролетары і шукае пролетара і заклікае іх у сваю грамаду.

Гаспадыня. Недарэчныя жарты.

Палкоўнік. Ну, а як іначай. Ты хацела, каб ён заклікаў у пралетарскія рады палкоўнікаў, генералаў і цябе за кіраўніка? Ану, далей.

Гаспадыня. Выйдзі, выйдзі, я не хачу з табой гаварыць.

Палкоўнік. Не слухай, а я пайду ў садочак, прачытаю — і сваю пастанову скажу. (Адыходзячы.) Пролетарии, соединяйтесь! Ха-ха-ха! (Пайшоў.)

Гаспадыня. Пакуль твая пастанова, то мая ўжо гатова. (Пайшла.)

 

Уваходзіць студэнт.

 

Студэнт. Сягоння паўгода, як я жанаты; паслухаў цётку, усё праз цябе, навука. За кавалак хлеба і ногі і рукі скутыя ланцугамі. Няўжо не скінуць гэтых пут? (Узяў кніжку, убачыў там кветкі і задумаўся.) Ганка, Ганка!

 

Увайшла Хімка.

 

Студэнт. Ты чаго, Хімка?

Хімка. Я да пані; хацела сказаць, што ліст перадала.

Студэнт. Які ліст? Каму?

Хімка. Станавому.

Студэнт. Станавому?

Хімка. Пані даручыла.

Студэнт (задумаўся). А што, калі аблава? А станавы дзе?

Хімка. Ды ён тут, непадалёчка.

Студэнт (сам да сябе). Быць не можа! Гэта нешта не так. Скажы, Хімка, ты была ў Ганкі?

Хімка. Была, але больш, панічок, не пайду.

Студэнт. Чаму?

Хімка. Як ні стараюся бегчы дзесяць вёрст туды, дзесяць назад, дзень скаратаю, пані грызе, кажа — вон пагоніць мяне.

Студэнт. Як яе здароўе?

Хімка. Ды якое здароўе, хутка маткай будзе! (Паўза.) Грошы я аддала.

Студэнт (доўга думаў). Вось што, Хімка! Заўтра я іду да Ганкі, буду там і жыць, а гэту чортаву багну я кіну. Ты пойдзеш да нас? Будзеш з намі жыць?

Хімка. Абы толькі ваша згода — я пайду. Ганка мне бліжэй, чым пані.

Студэнт. Ну, вось і добра. Ідзі, збірайся, ды нікому толькі не кажы. Заўтра ў дарогу.

Хімка. А як я рада, нарэшце збылося! Прынясём радасць Ганцы, кіне сумаваць. Ну, дык я пайду збірацца. (Пабегла.)

Студэнт. Пара ўжо скончыць! Там маё ўсё, а тут няма нічога, апроч гэтай дарагой памяткі. (Узяў у рукі кніжку, углядаецца на кветкі.) Былы ўспамін, які жыў і век будзе жыць.

 

Увайшла гаспадыня і чула яго апошнія словы.

 

Гаспадыня (з іроніяй). Старое ўспомніў? Восень. Кветкі завялі.

Студэнт. Якраз наадварот. Жывуць і будуць жыць.

Гаспадыня. На сметніку.

Студэнт. Няпраўда! Гэтага не будзе!

Гаспадыня. Ты чаго крычыш, хам, мужык?

Студэнт. Ваша праўда — я мужык, бо ў маіх жылах цячэ мужычая кроў. Я люблю гэты мужычы народ, а вас не люблю. Вось тут мне заселі вашы пясецкія, Марысі, альфонсы.

Гаспадыня. Так вось яно дзе праўда?

Студэнт. Так, гэта праўда! Думкі мае былі і ёсць спаміж сялян. Яны вашы нявольнікі, а я — іх абаронца. Дзякую вам за навуку, дзякую за багатую жонку; жонку я вам пакідаю, а навуку я аддам таму народу, з якога я выйшаў. Хімка, памажы скласці мае рэчы!

 

Уваходзяць станавы і два ўраднікі.

 

Станавы. Не беспокойтесь, незачем. Вперед!

 

У студэнта выпала кніжка.

 

Гаспадыня. Кветкі завялі.

Студэнт. Сволач! (Пайшоў. Ураднік за ім.)

 

Заслона

 

 

Працяг IV акта

(праз тры месяцы)

 

Тая самая дэкарацыя. На сцэне Марыся (голасна плача). Уваходзіць палкоўнік. Марыся, убачыўшы палкоўніка, пачынае плакаць мацней.

 

Палкоўнік. Зноў слёзы, зноў істэрыка! Хоць ты ў лес уцякай. (Паўза.) Ды кінь ты выць, слухаць не магу!

Марыся. Дайце мне паплакаць.

Палкоўнік. Паплакаць! Вые, як быццам 6-цалёвая граната... І гэта плач!

Марыся. Але ж прашу — не перашкаджайце, дайце мне паплакаць.

Палкоўнік. Так ідзі да цёткі і трубі на вуха ёй. Што ты трубіш мне? Тры месяцы слухаю канцэрт.

Марыся. Гэтак будзе ўсё жыццё.

Палкоўнік. Яна вас ажаніла, яна і разлучыла. Я сам за гэту справу пад нагляд паліцыі трапіў. Калісь уголас я крычаў: «Не ўпрагайце хлопца ў аглоблі!» — дык не, жанілі, а цяпер штодня сцэны адбываюцца. Дачка вые, а маці штодзень з візітамі з’яўляецца. Не, гэтаму я палажу канец.

Марыся. Я ахвяра, разумееце — ахвяра!

Палкоўнік. Ясна, ты — ахвяра. Жыццё — гэта вайна... Гармата сама не страляе, снарад не ляціць куды хоча.

Марыся. Памерці... Хачу памерці.

Палкоўнік. Паміраць таксама трэба ўмець; не ўмеўшы, не памрэш.

 

Марыся пачынае плакаць мацней.

 

Палкоўнік. Ды пакінеш ты ці не? Гэта ж можна адурнець! Тры месяцы адна мелодыя. (Паўза.) Які шукаць выхад, калі будзе канец? (За сцэнай чуваць голас Пясецкай.) О, новае ліха, чорт Пясецкую нясе! Ах ты, ёлкі зялёныя. (Сказаў гэта моцна і пайшоў у бакоўку.)

 

Уваходзяць Пясецкая і Альфонс.

 

Пясецкая. Пан Альфонс, за мной! Перш чым прывітацца, буду лаяцца. Чаго сядзіш у хаце, чаго марнуеш дні? Хіба прыроду разлюбіла?

Марыся. Дрэннае надвор’е... Мусіць, будзе дождж.

Пясецкая. Зараз табе скажу. Пан Альфонс, дождж будзе?

Альфонс. Павінен быць, згодна прыкметы. Наш бычок сягоння праз увесь дзень хвост трымае баранкам, значыць...

Пясецкая. Значыць, будзе дождж.

Марыся. То што ж гэта? Хвост бычка, па-вашаму, барометр?

Пясецкая. Спрадвеку барометр. У мяне ёсць знаёмы астраном, які, гледзячы бычку пад хвост, выяўляе пагоду.

Марыся. Ай, нудная размова!

Пясецкая. Пан Альфонс, чуеце, Марысі нудна; зараз жа развесяліць яе!

Альфонс. Калі патраплю.

Пясецкая. Ні слова, а павінны!

 

Альфонс на мігі пачынае размаўляць з Марысяй.

 

Пясецкая. Потым скажы, як з тваім маргарынавым мужам?

Марыся. Ну што ж, сядзіць!

Пясецкая. Тры месяцы адно і тое... сядзіць... Дзе палкоўнік?

Марыся. Толькі што быў.

Пясецкая. Пахаваліся. Што ж гэта такое? Не такая я матка, не для гэтага гадавала цябе, каб нехта карыстаўся маім дабром. Студэнт сядзіць у астрозе, яна сумуе тут, а палкоўнік пануе за мае грошы. Пан Альфонс!

Альфонс. Я!

Пясецкая. Заўтра ехаць мне ў горад і прывезці адваката.

Альфонс. Паеду і прывязу.

Марыся. Мама, што вы надумаліся рабіць?

Пясецкая. Я вас развяду!

Марыся. Аб гэтым я вас не прасіла.

Пясецкая. Пытацца буду! Пан Альфонс, адваката!

Альфонс. Адваката?

Пясецкая. Ліха ведае што? Зачынілі пад замок маё дзіця, цяпер самая пара павесяліцца, пазнаць прыроду, а яна сядзіць — слёзы пралівае. Пан Альфонс, папяроску!

Альфонс. Калі ласка!

Пясецкая. Так, напэўна, будзе дождж.

Альфонс. Парыць, галава баліць.

Пясецкая. Ды ў вас не галава, а качан капусты. (Стукнула па лысіне і села.) І дакуль жа я буду сядзець? Яны наўмысля паўцякалі, а я буду чакаць. Пан Альфонс, за мной!

Альфонс. Рад слухаць!

Марыся. Мама, куды вы?

Пясецкая. Я не прыйшла ў госці, мне патрэбна вырашыць справу — і канец. Пап Альфонс, марш. (Пайшлі.)

Марыся. Два дурні.

 

Уваходзіць Хімка.

 

Марыся. Што скажаш, Хімка?

Хімка. І хочацца сказаць, і сама не ведаю як.

Марыся. У чым справа?

Хімка. Вы Ганку памятаеце?

Марыся. Якую Ганку?

Хімка. Ды тую, што ў паноў служыла.

Марыся. Ну, і што?

Хімка. Ды ёй ужо — ці вяроўка на шыю, ці ўтапіцца!

Марыся. А што з ёю?

Хімка. Дачка нарадзілася.

Марыся. Ну, і добра, няхай сабе гадуецца!

Хімка. Гэтага мала. Памагчы трэба — і няма адкуль. Бацька яе хворы, аслеп, а яна ў роспачы.

Марыся. Гэта да нас не стасуецца.

Хімка. Да вас то не, а да вашага паніча стасуецца.

Марыся. Нічога не разумею.

Хімка. І што тут разумець? Яго дачка — і квіт.

Марыся. Як яго? Што яго?

Хімка. А так. Любіў, значыць, Ганку, а пасля пані палкоўніца прымусіла жаніцца з вамі, а пасля ён хацеў вярнуцца да Ганкі, але паліцыя арыштавала... Каб я сабе ногі пакруціла, як я мела той ліст несці да станавога.

Марыся. І ты праўду кажаш? Ёсць дачка?

Хімка. Кропля вады — бацька.

Марыся. Што я чую? Што я чую? (Падае на калені ў істэрыцы.)

Хімка. Панечка, галубачка, што з вамі? Ай-ай, вады, вады! (Крычучы.) Пані Пясецкая, пан палкоўнік... Памірае, памірае... (Пабегла ў бакоўку.)

 

Выбягаюць Пясецкая і Хімка.

 

Пясецкая. Марыся, дачушка, што з табой?

Хімка (бегаючы па хаце). Вады, вады. (Потым моцна Пясецкай на вуха.) Вады!

 

Пясецкая схапілася за сэрца, села ў крэсла, адкінула галаву, быццам бы памерла. Хімка пабегла. Выбягае Альфонс.

 

Альфонс (бегучы ўпаў). Пані Пясецкая, што з вамі? Істэрыка, параліч, смерць! (Прылажыў вуха да сэрца.) Як быць, што рабіць! (Пачынае моцна трэсці.) Пані Пясецкая, што вам даць? Можа, цукерак, трасцу, хваробу? Але ж кажыце! Пан палкоўнік, ваша благароддзе, ваша правасхадзіцельства, ваша сіяцельства! Ах, чаму ж я не млею? (Сеў у крэсла і таксама быццам памёр.)

 

Уваходзяць Хімка і палкоўнік.

 

Хімка. Паночку, даражэнькі, усе паўміралі! Вады, вады!

Палкоўнік (моцна). Цыц! Ані шум баравы! (Хімка ўцякла, тады падышоў да Альфонса.) Гэп!

Альфонс (усхапіўся ад страху, высока падскочыў). Што, ваша благароддзе?

Палкоўнік (згроб за карак). Вон! (Выкінуў, тады падышоў да Пясецкай, моцна тупнуў нагой, тая ўсхапілася.) Вон!

Пясецкая (здзіўлена). Мяне?

Палкоўнік. Вон! (Пясецкая, згорбіўшыся, выйшла; тады палкоўнік да Марысі, моцна стукнуўшы нагой аб падлогу). Гэп!

Марыся (усхапілася). Што вам патрэбна?

Палкоўнік. Проста і направа!

 

Марыся пайшла.

 

Палкоўнік. Я вам пакажу, кісляціна!

 

Заслона

 

 

 

Акт V

(праз сем год)

 

Дэкарацыя ІІ акта. Восень. На дрэвах пажоўклае лісце. На тым самым месцы, дзе і ў ІІ акце, стаіць пень, з правага боку — магіла, крыж; паводдаль палатка, ля палаткі стаяць човен, шасты і розныя прылады перавозніка.

Падыходзіць студэнт.

 

Студэнт (абросшы барадой, у беднай вопратцы, з кіем у руках, доўга аглядае ўсю гэту мясцовасць). Сем год, як я не быў у гэтай старонцы. Сем год! Не сам я прыйшоў сюды, а сумленне прывяло мяне ў гэты край, дзе засталося столькі прыемных успамінаў. Здавалася, што ўжо пуста ў душы маёй і я забыўся на Ганку. Аж не, нейкая сіла прывяла мяне, і вось я тут. Тут, дзе на прывяўшай траве сляды маёй Ганусі. Ганначка, я прыйшоў да цябе! Выйдзі, мая дарагая! (Паўза). Ціха кругом, як і калісь было...

 

Здалёк чуваць голас. Нехта крычыць: «Перавознік, перавознік!»

З палаткі вылазіць незнаёмы.

 

Незнаёмы (з ім таксама змена, убачыў Васіля). Васіль! Ты?

Студэнт. Я!

Незнаёмы. Я ўжо не важыўся падысці да цябе, мо ты даўно пракляў мяне?

Студэнт. Ну, то я падыду да цябе і прывітаюся, як з братам.

Незнаёмы. Ледзь пазнаў цябе.

Студэнт. Нічога дзіўнага! Вялікія змены ў маім жыцці!

Незнаёмы. Вялікая радасць, неспадзеўнае спатканне. Ну, кажы хутчэй, дзе ты быў, як жыў да таго часу, як цябе выслалі? Зусім страціў сляды.

Студэнт. Сем год у сасланні быў, як звера дзікага ганялі.

Незнаёмы. Сам вінен. Разлапушыў вушы, а па-другое, палкоўніца прадала цябе.

Студэнт. Адозвы падлавіла, навяла паліцыю; ёй было патрэбна ўтапіць мяне, а ўкрыцца было цяжка.

Незнаёмы. А я табе казаў, увесь план будучыні я табе калісь намаляваў — і ўсё збылося так.

Студэнт. Малады быў, неспрактыкаваны.

Незнаёмы. Ёй то нічога, а палкоўнік сядзеў, ды нядоўга.

Студэнт. А ты?

Незнаёмы. Я выкруціўся.

Студэнт. Я вельмі рад гэтаму!

Незнаёмы. Дзякуючы табе, ты не выказаў.

Студэнт. А як іначай?

Незнаёмы. Дарагі ты чалавек!

Студэнт. Не хвалі, не люблю!

Незнаёмы. Дваранскае гняздо згарэла.

Студэнт. Туды яму і дарога!

Незнаёмы. Сяляне петуха пусцілі. Палкоўнік кудысь выехаў, палкоўніца — на той свет. Жонка твая жыве, але не тут, а ўглядаецца ў вочы другому.

Студэнт. Мыдляны пухір!

Незнаёмы. А я, як і было, — перавознік. Вяду патроху справу бунту, моладзь падрастае. Шмат новых барацьбітоў прыбудзе, яны штодня ў лесе. Эх, каб паглядзеў! Агонь, адвага, рэвалюцыя! Часамі, у вольную хвіліну, зайграюць, песню запяюць... Жыць хочацца... пабудзеш тут, пабачыш іх, пачуеш.

Студэнт. Эх, каб пачуць, уваскрасіць былое!

Незнаёмы. Уваскрасім, толькі ў другім кірунку. Ты нанава павінен жыць, забыцца на ўсё былое, пачаць зноў працаваць са мной разам на карысць тых людзей, з якіх ты выйшаў. Катарга, астрог, я спадзяюся, загартавалі цябе больш; ты не схіліў галавы сваёй перад гвалтам, ты пойдзеш разам з намі ў крывавы бой, які павінен быць не ў далёкім часе.

Студэнт. План і аружжа! Я з вамі!

Незнаёмы. Рады, вельмі рады! Ну, а скажы, чаго ты сюды накіраваўся? Тут жа твайго нічога няма?

Студэнт (з болем). Успаміны ёсць!

Незнаёмы (пасля паўзы). Дай мне тваю руку! Люблю цябе! Чалавеку, у якога няма душы, рукі я не падаю. Так, брат, чулая ў цябе душа! Успаміны дорагі для чалавека, ніколі яны не паміраюць, заўжды яны маладыя. Калісьці я глядзеў у кішэню дзіцяці і ўбачыў там кавалачак чырвонага шкла, беленькі каменьчык, бліскучы чарэпчык і падумаў — мазаіка душы чалавека. Малому цацкі, а вялікаму — успаміны.

Студэнт. Ты зразумеў, чаго я прыйшоў?

Незнаёмы. Позна, брат, прыйшоў! Восень, памерла лета.

Студэнт. Бачу і сэрцам адчуваю, што няма лета — восень. (Пасля паўзы.) А скажы мне, чыя гэта магіла?

Незнаёмы (нехаця). Эх, брат, шкада лета! Бачыў, як памірала. Усё жыло, цвіло, а вось наляцела восень, пажоўклі лісткі, бачыш, як яны ападаюць. Вось ціха сарваўся лісток... і няма! (Павінны зверху сыпацца жоўтыя лісткі.) Глыбокае, брат, возера, ой, глыбокае! Маўчыць яно, і ніхто не ведае яго думкі.

Студэнт. А што з Ганкай?

Незнаёмы. З Ганкай? (Устаў.) Выбачай, брат, мяне клічуць, перавезці трэба. Я зараз усё скажу. Шкада, брат, лета. Восень бязлітасная. Усю прыгажосць знішчыла. Вось зноў — сарваўся лісток — і няма. (Паказаў пальцам на магілу і пайшоў, а студэнт паплёўся за ім.)

 

Падыходзіць пастух сляпы з дзяўчынкаю. Абое бедна апрануты: пастух у лапцях, а дзяўчынка босая.

Дзяўчынка падвяла пастуха да магілы, стала на калені.

 

Пастух (на каленкі). Выбірай, дзеткі, выбірай непатрэбную траўку, яна глушыць добрую мураўку і не дае ўзросту. Выбірай, дзеткі, выбірай! Матуленька ўпросіць бога для цябе шчасця, ты вырасцеш і будзеш жыць без бяды. Сягоння, дзеткі, сем гадоў, як матуленька пакінула нас. Сем гадоў... Сем гадоў мук і маіх слёз. (Устаюць і адыходзяць, студэнт — насустрач.)

Студэнт. Дзядок, ты, пэўна, з дарогі збіўся? Твой маленькі павадыр не туды цябе павёў.

Пастух. Сюды, панок, сюды. Я хоць слеп, але мясцінку гэту добра ведаю, штодзень бываю тут.

Студэнт. Ты тутэйшы?

Пастух. Нібы і так. Старасць, сілы страціў, памерці рад, але гэтага дзіцяці шкада.

Студэнт. Як даўно не бачыш?

Пастух. Гадоў з сем.

Студэнт. А з якой прычыны аслеп?

Пастух. Плакаў шмат, няпраўды знёс — вой-вой!

Студэнт. А скажы, дзядок, хто цяпер гаспадарыць над гэтай зямлёй?

Пастух. Таксама нейкі пан. А ці ведалі іх?

Студэнт. Ведаў.

Пастух. Я калісь на пасту ганяў.

Студэнт (схамянуўся, углядаецца). На пасту?

Пастух. Слухаю я, слухаю, а голас ваш нешта ўспамінае мне знаёмае. Эх, старасць, старасць!

Студэнт. А чыё гэта дзіцятка пры табе?

Пастух. Сірацінку гадую, унучка яна мне.

Студэнт. А маці яе дзе?

Пастух. Памерла. (У студэнта выпаў кій.) Служылі ў двары, а пасля як ліха з ланцуга сарвалася. Засумавала чагось Гануся, з нейкай бяды ў студню ўвалілася. Адхаялі, нейкі пан малады доктара прывёз, на ногі паставілі. Васілём, здаецца, клікалі яго... На катаргу саслалі бедака... Пасля дачушка нарадзілася, прыйшла Ганусечка сюды да возера і... дзіця пакінула на мураўцы, а сама... (Заплакаў.) Бацюшка не хацеў хаваць на могілках, тут я і пахаваў. (Здалёку чуваць хор, які пяе нудную-нудную песню. Пастух схамянуўся.) Вось гэтую самую песню Гануся спявала над калыскай гэтага дзіцяці. Гэтую самую песню спявала яна тут, калі хадзіла збіраць кветкі.

Студэнт. Дзядок! Ты бедны, ты нешчаслівы, аддай мне гэтую сіротку, я ўзгадую яе.

Пастух (спалохаўся, рукою пераставіў дзіця на другі бок ад студэнта, зусім сур'ёзна). О не, панічок, не аддам! Каб хоць родны бацька прасіў — не аддам... Яна мне павекі закрые ў час смерці. Адзін жа я на свеце — і жабрак. Бывайце здаровы! (Пайшлі.)

Студэнт (застаўся адзін. Доўга глядзеў услед, а пасля падышоў да магілы, стаў на калені). Ганначка. Ганначка! (Прыпаў да магілы.)

 

Заслона


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан