epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Год працы

У прайшоўшым 1920 г. у той час, як прыйшла Савецкая ўлада, у Мінску быў адчынен Беларускі рабочы клуб.

Для таго, каб арганізаваць пры клубе трупу, быў запрошан артыст Беларускага дзяржаўнага тэатра. Трупу падабралі і распачалі культурную працу.

Праўду кажучы, нямала прыйшлося папрацаваць, пакуль падрыхтавалі трупу, але сяк-так гэта ўдалося зрабіць.

Ставілі спектаклі цёнгля дармовыя для сяброў клуба і для бяднейшага грамадзянства.

Клуб працаваў, як ніводзін з другіх клубаў у Мінску. Працавалі на сцэне, як кажуць, пры самых бедных дэкарацыях, без рэквізіту, без належных гарнітураў. Так пражылі год. Жылі і верылі, што на рабоча-сялянскі клуб у першую чаргу звернуць увагу і зробяць усё, што патрэбна.

Але дарма... Ніхто нічога не зрабіў. Як і ў прайшоўшым годзе, так і цяпер бачым тую ж самую жабрацкую дэкарацыю, тыя ж самыя два зялёныя і два чырвоныя адзяранькі. Няма там не толькі раскошы, але няма цвіка, каб прыбіць дэкарацыю.

Сялянскіх вопратак, якой шапкі ці капелюша і ў паміне не было. З’яўляецца пытанне, як жа ставяцца спектаклі? А вось як: у дзень спектакля можна бачыць, як па вуліцах места Мінска цягнуцца артысты і артысткі, несучы на плячах у клуб належны к спектаклю рэквізіт, пазычаны ў добрых суседзяў.

Нясуць яны гэту паклажу і праклінаюць усё на свеце, а з другога боку праклінаюць артыстаў суседзі, каторым апрыкрала гэта штодзённая пазычка.

Не раз пыталіся ў артыстаў, чаму яны, нібы вярблюды, цёнгля валакуць вузлы? Адказ адзін. Павалачэш, калі трэба. Не з’явішся на сцэну ў абмотках або ў галіфе, калі п’еса вымагае далёка іншай вопраткі. Не можна грамадзянству, паказаўшы ката, казаць, што гэта леў...

Ну, добра, пытаемся ў таго самага артыста, чаму ж не просіце, цяпер жа для такіх устаноў, як клубы, даецца ўсё.

Абяцалі — ды не далі, — адказвае артыст і цягне пакорна свой вузел далей.

Вельмі прыкрае становішча. Няўжо праўда? Няўжо рабоча-сялянскі клуб у такім дрэнным становішчы? Не... гэта не можа быць. Чаму ўсё далі для другіх клубаў, для Дзяржаўнага тэатра? Няўжо рабочы клуб не для рабочага, няўжо ён для спекулянта?

Гэта пытанне вельмі балючае, і да яго патрэбна падысці юрыдычна.

Што такое клуб і для каго ён? Клуб, згодна ўсёй сваёй назве, змяшчае ў сваіх сценах бяднейшых жыхароў Мінска і рабочых чыгуначнікаў, каторыя дзякуючы свайму матэрыяльнаму становішчу не могуць бываць у Дзяржаўным тэатры, дзе кошт білетаў не задавальняе.

У клубе, раней дарэмна, а цяпер за 1000 рублёў гэты працаўнік можа пабачыць п’есу, адпачыць душой, а там усё ж, як вядома, рэпертуар п’ес вядомы шырокаму грамадству і з сучаснага моманту.

Бываюць у клубе не толькі рабочыя, бываюць там і прадстаўнікі ўлады, і кожны, зазначыўшы сваю ўвагу, што трэба клубу памагчы, разыходзіліся, запомніўшы аб тым, што казаў. Хто ў гэта верыў, той і цяпер верыць, але артыст страціў ужо веру, цягаючы з канца ў канец горада на плячах клункі другі год. Ён кажа: што гэтаксама памагаў цыган чалавеку, каторы тапіўся.

І вось, кажучы ўсё гэта, трэба абудзіць ад сну, трэба працёрці вочы, глянуць на свет і запытацца, што такое клуб, чаму ён у жабрацкім становішчы, чаму артыст другі год цягне на сваіх плячах рэквізіт і вопраткі, чаму на сцэне няма цвіка і няма грошай. Хто гэтаму вінен?

Клуб павінен быць клубам, месцам для адпачынку працоўнага люду ад працы.

І калі гэта так, кожны грамадзянін, каму дорага агульная справа, павінен памагчы, але памагчы не так, як памагаў цыган словам, а працай.


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан