epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Як Сымон у воласці выкруціўся

(Апавяданне старога дзеда)

 

Як толькі мне хто ўспомніць пра нябожчыка Мікіпара, што жыў у нашай вёсцы, то шкода, крый божа, якая; забыцца не можна: кару, небарака, цяжкую нёс, бо ад каберца не пашчаслівілася жонкай, а после дзеткамі...

Што разумен быў, споркі няма, але і заўзяты; к таму любіў часам і за сябе пастаяць, — трэба толькі залапнуць яго, то ўжо той не рад будзе: пакажа ён, па чым сотня грабянёў!

Нябожчык Мікіпар, працуючы, як вол, цэлы тыдзень, толькі ў нядзелю плечы разгінаў, а каб гэты дзень меў адлічча ад другіх — заходзіў к Ёселю лыкнуць картаплянкі.

Вось тады ніхто не паткніся пярэчыць яму.

Хоць і даўно, праўда, было гэта, калі нашага брата скура ды з дзеркачом знаёмасць вадзіла, але тыя часы як у вачах стаяць, — забыцца нельга, як сягоння помню.

Як Мікіпараў сынок убуяў ужо, то, крый божа, што вытвараў з бацькам, — штодзень лаянка, бойка; ходзячы на жальбу ў воласць, парогі паабівалі... Ідуць ды ідуць: то сын, то бацька, ці то так ужо за звычай мелі, ці затым, што воласць недалёка была.

Прыйшоў неяк я к Мікіпару за віламі, аж чую, што сын з бацькам ужо гутараць патроху. «Ты цяпер разумен за бацькавым каркам! — галёкаў дзед.— З хаты гоніш, ды і дзверы зачыняеш, каб табе мяліца зачынілася! Нічагутка, праўды дакапаюся; табе язык уйму, не будзеш старому напрыкрацца: не дуж я, але найдуцца ў воласці такія, каторыя здужаюць асілка як мае быць, уліюць і навучаць, як старых шанаваць!»

— Мне ўліюць? — пытаўся здзіўлены сын.— За цябе, старога ражна, ды мне будуць скуру дзерці? Не можа быць!

— Будуць ці не будуць, а пажывём — убачым! — казаў дзед.

І так, слова за слова, зайшлі далёка.

Можа, на тым бы і скончылася, аж трэба, як на бяду, зіркастая курыца, узляцеўшы на пераплот, запяяла ва ўсё горла пеўнем дый паляцела ў суседні гарод.

Стары, нічога не кажучы, як апараны, кінуўся з сякерай за курыцай, злавіў яе ды шась сякерай па галаве.

Сын, азвярэўшы, к бацьку:

— Ты нашто курку зарубаў?!

— Як жа, яна пеўнем запяяла, — прах яе забяры!

Але сын не ўтрымаўся: штаўхануў старога ў грудзі, ледзьве стары на нагах устаяў.

— Ты мяне біць? — усхапіўся дзед ды так абухам, абухам у плечы! Сын бацьку поўху, бацька сыну ізноў абухам у плечы... Пазбіваліся да крыві. Каб не ўмяшаліся суседзі, нет ведама, чым бы гэта бойка скончылася.

Бацька, паклаўшы сякеру, гайда ў воласць, а сын — за бацькам.

Нявестка, убачыўшы, што стары далёка ўжо адышоўся, паклікала Сымонку свайго і кажа:

— На табе трохі грошай, там, можа, каму падаткнеш, каб старому рэбрыны палічылі, а сам кіруйся, каб як выкруціцца.

Нет ведама, як там з імі ў воласці абышліся, але доўгі час абодвух не было; нявестка, бачачы, што іх усё яшчэ няма, зацікавілася і пабегла даведацца.

Толькі пачала мінаць Петуховы гароды, як бачыць: бяжыць Сымон, трымаючыся за паясніцу, збялеўшы, як палатно.

— Ну, як жа? Ці выкруціўся? — спыталася жонка.

— Я ўжо выкруціўся, а стары яшчэ выкручваецца! — прамармытаў скрозь слёзы Сымон...


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан