epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Як млынар спілаваў «св. Ядвігу»

Далёка-далёка на абшарах Беларусі цягнуцца лясы магната Свяцкага. Векавечныя елкі, сосны і дубы парадна растуць на добрай глебе, вольна раздаючыся ўшыркі і ўдоўж.

Там не чулася сякера селяніна, там не валяецца валежнік — парадак у лясах даўні. Па ўсіх напрамках цягнуцца па лесе роўныя дарожкі, штодзень на варце леснікі.

Сам магнат Свяцкі часта аб’язджае свае лясы і з уцехай глядзіць на парадак. Слугі верныя стараюцца з усіх сіл не ўгнявіць пана.

 

У самай глушы лесу на высокім кургане расла нямерна грубая моцная сасна.

Расла яна праз цэлыя вякі і назву мела «святой Ядвігі». Гэта сасна, як старэнькая бабка, за свой век шмат чула, шмат бачыла. Як кажуць, памятае яна караля Баторага, Вітаўта і шмат другіх.

Швед і француз — гэта пазнейшыя, вось іх яна як бачыць перад сабою.

Кароль Вітаўт асабліва памятны ёй. Едучы праз Беларусь, ён не раз адпачываў пад гэтай сасонкай, будаваў свае планы, як бараніць зямлю ад нашых ворагаў-суседзяў.

Памятае яна татар, памятае і шмат другіх народаў, якія ішлі праз Беларусь.

Памятае, як праз сон, той дзень, калі пасадзілі яе на кургане.

Пасадзілі яе ў чэсць пахаванага нейкага ваяводы, якога прынеслі памёршага з гарадзішча. Тут некалькі дзён адбывалася пахаванне ваяводы. На высокім троне, які быў зложаны з смалістага дрэва, быў пасаджаны памёршы ваявода.

Жонка, дзеці, збройная дружына былі тут. Лірнікі пяялі песні аб жыцці і паходах ваяводы, плакальшчыцы плакалі. Гарэў трон, а разам біўся ў смяротных муках конь ваяводы...

Захаванне скончылася. На месцы, дзе палала вялікае вогнішча, дзе спарахнеў на попел ваявода, быў насыпаны слугамі і збройнай дружынай вялікі курган, а наверсе рукамі чараўніка-лірніка была пасаджана сасонка...

Праходзілі вякі, курган сушыўся сонцам і вятрамі, камянеў і нікнуў між узросшым борам. А ён, нібы бацька, хаваў у сваім гушчары спрадвечны курган і бабульку-сасонку.

 

Будаваліся гарады, радзіліся і паміралі людзі, узрастаў гай, расла і харашэла на кургане сасна.

Гаспадарылі над зямелькай і лясамі паны-магнаты і цешыліся, гледзячы на сваё багацце.

Асаблівую ўвагу звярталі магнаты на курганную сасну, каторая мела ўжо назву св. Ядвігі.

На гэтым кургане і раней і пазней адбываліся гульні, маёўкі паноў і моладзі.

У чэсць спрадвечнай сасны госці складалі вершы, цэлыя паэмы, дзе ўсхвалялі імя пахаванага ў кургане ваяводы і таго чараўніка-лірніка, каторы пасадзіў сасонку.

Бывалі там і пастушкі сялянскія, гулялі там хлопцы ды дзяўчаты. І яны па-свойму ведалі вартасць кургана і шанавалі памяць аб той далёкай мінуўшчыне.

Так плыў час... Над зямелькай той, дзе расла святая Ядвіга, гаспадарыў пан Свяцкі.

І гэты патомак шанаваў старадаўнюю расліну і курган.

Часта ён бываў пад засенню векавога дрэва і думкамі пераносіўся ў далёкую мінуўшчыну. Калісь бываў яго і дзед і бацька тут.

 

Надышоў так 1905 год. Пранёсся мяцеж і патрывожыў спакой магната Свяцкага.

Прыйшлося даць сялянам лесу і зямлі і дапусціць у бор сялянскую сякеру. Са згоды пана і слуг яго ляснічых сяляне рубалі дрэвы ў лесе і будавалі дамы.

Месцамі бор радзеў — праменні сонца гулялі па дзялянках і асвячалі пасекі.

 

Была вялікая патрэба ў млынара на моцнае шула для млына. Вось ён, дастаўшы ад ляснічага згоду на адну сасонку, выправіўся ў бор.

Шмат было добрых дрэў, якіх бачыў млынар, але лепшага ад сасонкі, што расла на кургане, не было.

Роўная, як прут, непамерна грубая і вялікая, кінулася яна ў вочы млынара... Разбегліся вочы яго, і думкі, каб спілаваць, яе, не давалі яму спакою.

Ён бы не разважаў так многа — пілаваць ці не, але памятаваў словы ляснічага, каб злы дух курганнай сасны не спакусіў спілаваць яе. А пры тым і сам ён добра ведаў тую старадаўнюю вартасць і кургана і сасонкі.

Абышоў млынар бор і лепшага дрэва не знайшоў. Трэба было ці адыходзіць дадому, ці пілаваць якое другое дрэва...

Не стрымаў сваю натуру млынар, бо быў асаблівага характару чалавек, і наважыў паваліць гэту сасонку.

Абгледзеўшы яшчэ раз яе са ўсіх бакоў, стукнуўшы абухам па тугіх грудзях яе, ён плюнуў на рукі і ўзяўся за пілу.

Нехаця скрыгатала піла, сумна расцягвала па лесе рэха, быццам стогн уміраючага велікана, і ўрэшце са страшным трэскам дрэва пахілілася набок і звалілася на зямлю.

Застагнала зямля, ды так, што перасталі пяяць у лесе птушкі, устрывожыліся дробныя звяркі.

Млынар задаволена ўхмыльнуўся, сеў на векавечную сасонку і закурыў.

Ён сваё зрабіў...


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан