epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

«Контратаку» павінен бачыць кожны рабочы

Пастаноўкай вялікай мастацкай адзінкі — п’есы «Контратака» — БДТ-3 на справе паказвае свой ідэалагічны рост, сваю ўзвышаную мастацкую вартасць.

«Контратака» па свайму сацыяльнаму зместу з’яўляецца вельмі каштоўнай пастаноўкай, асабліва цяпер, у час шалёнай падрыхтоўкі капіталістаў да нападу на СССР.

Па сваёй складанасці «Контратака» патрабуе вялікай увагі і напружанай работы не толькі ўсяго калектыву тэатра, але ўсёй пралетарскай грамадскасці Віцебшчыны. Паставіўшы перад сабой баявую задачу, калектыў артыстаў надзвычай напружана працаваў над новай пастаноўкай, шырока выкарыстоўваючы сацыялістычныя метады працы — сацспаборніцтва, грамадскі буксір і г. д. Ударна працавалі і рабочыя сцэны: нягледзячы на тое што макет быў атрыманы толькі 10 мая, пабудова канструкцыі праходзіла звышударнымі тэмпамі і скончана ў тэрмін.

На вялікі жаль, частка артыстаў, якія яшчэ не ўявілі сабе адказнасці задач і складанасць пастаноўкі ў сувязі з абмежаваным тэрмінам падрыхтоўкі, працавала над вобразамі з «прахладцам», меліся спазненні на пробы (Казлова, Шапавалаў).

21 мая адбылася вытворча-тэхнічная нарада, якая абмеркавала разгортванне работы па падрыхтоўцы новай пастаноўкі, дала рад канкрэтных рашучых дырэктыў па выпраўленні маючыхся памылак.

Паколькі п’еса носіць абаронны характар, па лініі гарсаветаў Асаавіяхіму арганізавана ў фае тэатра выстаўка.

Пастаноўкай «Контратакі» БДТ-3 заканчвае свой сезон у Віцебску. «Контратаку» павінен бачыць кожны рабочы. Неабходна арганізаваць шырокую крытыку новай пастаноўкі тэатра. Рабочы глядач абавязан даць сваю ацэнку п’есы.

Грамадскія арганізацыі Віцебска, ФЗМК, культсектары павінны ўлічыць тыя памылкі, якія былі дапушчаны ў часе ўжо прайшоўшых пастановак. Рабочым гледачом тэатр павінен быць забяспечаны.


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан