epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Краб

Акт першы
Акт другі
Акт трэці
Акт чацвёрты
Акт пяты


Драма ў пяці актах

 

Асобы

 

Афіцэр польскай дэфензівы — 30 год.

Марыся, вучыцелька беларускай школы— 23 гады.

Ягор, вучыцель » » — 25 год.

Мікола, стары стораж школы, былы салдат, ходзіць у вайсковым мундзіры, глухі — 65 год.

Макрына, старажыха школы — 38 год.

Ахрэм, перавознік — 50 год.

Алеся, сялянская дзяўчына, падпольніца — 20 год.

Прадстаўнік асветы, польскі чыноўнік — 50 год.

Сакратар, дробны чыноўнік — 18 год.

Жабрак -калека, пераапрануты шпег — 25 год.

Трое партызан.

Жук, хлапец, падпольнік — 20 год.

Сялянка Параска.

2—3 польскіх жандары.

Грамада сялян — бабы, дзяды, мужчыны, хлапцы, адзін гаспадар нямы.

 

 

 

Акт першы

 

На беразе Нёмана: стаіць шалаш, човен; ля дарогі слуп з таблічкай, белым арлом і надпісам: «Весь Шчорсы Паньства Польскего». Недалёчка ад слупа два пянькі. Ля шалаша спіць перавознік Ахрэм. З’яўляюцца Алеся і Параска.

Алеся. Ды хадзем, хадзем!.. Ужо зусім недалёчка, вунь яна за кустом ляжыць... Бачыш?..

Параска (упіраючыся). Не, мая даражэнькая, не пайду...

Алеся. Няўжо палохаешся?..

Параска. Баюся! Удзень гляну, уначы з’явіцца!..

Алеся. Няўжо яна цябе ўкусіць?..

Параска. Ды неяк вусцішна!..

Алеся. А ты перажагнайся, страх і адчэпіцца!..

Параска. Ды каб і хацела перажагнацца, дык няма на што... Хоць бы маленькі крыжык!..

Алеся (паказваючы на слуп). А во!..

Параска. Ты хіба здурнела: гэта ж слуп — дрэва!..

Алеся. І крыж — дрэва. Усё ж роўна!..

Параска. Гэта табе мо ўсё роўна, бязбожніца, а мне патрэбен крыж і абразок святы...

Алеся. А хіба ж не бачыш? Ёсць — пятух, глянь на яго дый маліся!..

Параска. Ты такі здурнела!.. Каб я на петуха малілася!..

Алеся. Ды чаго толькі на абразах не намалёвана!..

Параска. Пакінь ты, недавярак, жартаваць! Я адыходжу!..

Алеся. Так і не пойдзеш глянуць? Трэба б табе глянуць: можа, і спазнала б?..

Параска. Ды яна ж чужая... не з нашага боку!..

Алеся. Скуль жа ты яе ведаеш?

Параска. Я?.. Кінь ты дурыць, дзяўчына!.. Пачуюць людзі, у суд павалакуць! (Жвава пабегла назад.)

Алеся. І што за людзі? Ценю свайго палохаюцца!.. Ведае ж няшчасную ахвяру, а зарэж — не скажа!.. Ну, трэба будзіць Ахрэма... Дзядзька Ахрэм, а дзядзька Ахрэм! Уставай!..

Ахрэм (прачынаецца). А няхай цябе качкі!.. Сон перабіла, а ноч не спаў. Якая такая справа ў цябе?..

Алеся. Паважная справа, дзядзька!.. Паспееш потым выспацца!..

Ахрэм (ўстаў). Заматалі зусім старога!..

Алеся. Няўжо злуеш?

Ахрэм. Ды не!.. Я так!.. За вас — сама ведаеш — я ў пятлю палезу!.. Кажы ж, у чым справа?

Алеся. Ад гэтай хвілі, аж пакуль не з’явіцца следства, ты павінен не адыходзіць ад утопленіцы ні на крок!..

Ахрэм. Так!.. Далей?

Алеся. Потым, як сваё вока даглядай, каб не знялі з рукі пярсцёнка! Калі б хто цябе прасіў зняць яго, скажы зараз жа мне, будуць даваць за гэта грошы — бяры, і таксама паведаміш мяне!..

Ахрэм. Алеся, няўжо ж тут загадка ёсць?

Алеся. Ёсць!

Ахрэм. А я, калода дубовая, думаў, сама дзяўчына ўтапілася!..

Алеся. Утапілі!..

Ахрэм. Матачка найсвеншая... (Хацеў быў перажагнацца.)

Алеся (перабіваючы яго ў гэтым). Ты зноў Ахрэм?

Ахрэм. Выбачай, даражэнькая!.. Гэта ж я па старой навычцы... Як ведаеш, я гэтых святых ужо выракся дый самога бога ўбаку пакінуў. Адзін каламут з імі... Хто ж яе ўтапіў?

Алеся. А хто табе ўчора даручыў ліст Марысі перадаць?

Ахрэм. Бацюхны мае, вось добра, што ўспомніла, а я і забыўся!.. (Шукае ў кішэні.) Ды вось ён, гэты ліст, а даручыў яго мне жандар-афіцэр, ты ведаеш, паляк... (Паказаў.)

Алеся (узяла ліст, спрытна адклеіла, прачытала і аддала назад). Гэты і ўтапіў.

Ахрэм. Жандар? Алеся, даражэнькая за што ж ён яе?

Алеся. Павуку, каб жыць, кроў, жыццё чужое патрэбны!..

Ахрэм. А я, цёмны мужык, і не сцяміў!..

Алеся. Ну, Ахрэм, глядзі ж, памятай... за кожным крокам сачы!..

Ахрэм. Усё чысценька давяду табе!..

Алеся. Сягоння зноў перавозіць будзеш, а пазней паедзем і мы самі!..

Ахрэм (з радасцю). Туды, да нашых?..

Алеся. Так!..

Ахрэм. Ото ж, каб матачка найсвеншая... (Схамянуўся.)

Алеся (перабіваючы яго). Ахрэм!..

Ахрэм. Выбачай, даражэнькая, не буду, я ж ужо выракся...

Алеся. Будзь жа, Ахрэмка, гатоў!

Ахрэм. Згода!.. А мяне там прымуць?..

Алеся. Належна нават ацэняць заслугі старога партызана!..

Ахрэм. Няхай ім матачка найсвеншая... (Схамянуўся.) А няхай яе, няхай, даўно ўжо багоў выракся, а яны ўсё на языку целяпаюцца...

Алеся. Бывай жа, Ахрэм! (Пайшла ў той бок, адкуль прыйшла.)

Ахрэм. Шчаслівенька! (Пра сябе.) Залатая дзяўчына! Як жыву, не бачыў другое такое! Яна ўсюды паспее, вось што знача падпольніца!.. Няхай жа ёй матачка найсвеншая... (Схамянуўся.) Цьфу ты, ізноў!.. Ніяк з языка не злезе... (Глянуў убок, дзе ляжыць утопленіца.) Ты чаго там калупаешся?.. Чуеш?.. Накрый дзяругаю — хай ляжыць у цяньку... (Чуваць голас здалёку: «Дзяругаю?») Ды няўжо ж дываном!.. Пярсцёнка толькі не чапай, пярсцёнка!..

Падышоў з другога боку настаўнік Ягор.

Ягор. Ты з кім гэта, Ахрэм?

Ахрэм. А!.. Добрага дня!.. Ды вось хлопцу гукаю! Не слухае, шэльма, — кажу, не чапай утопленіка, а ён шастае ля яе!..

Ягор. Што, ізноў утопленік?

Ахрэм. А так... дзяўчына!.. Другі дзень, як ляжыць ужо...

Ягор. А!.. Ведаю!..

Ахрэм. Чакаем войта: дазнанне рабіць! Апранута па-панску, з пярцёнкам на руцэ...

Ягор. Ведаю!.. Хадзем... глянем на яе... А пасля ты мяне перавязеш на той бераг!..

Ахрэм. На той бераг, выбачайце, удзень не павязу: начальства забараніла... Сяляне, як ведаем, на гарачку там хварэюць... выміраюць...

Ягор. Мы з табою цішком як-небудзь!..

Ахрэм. Не, даруйце, удзень не павязу! Баюся, паны шомпалаў дадуць!..

Ягор. Як жа цяпер? Мне трэба пабачыць Марысю.

Ахрэм. Толькі ноччу!..

Ягор. Як сабе хочаш!.. Не павязеш ты, павязе хто іншы! (Пайшоў.)

Ахрэм. Чаму ж не! Хіба мала рызыкантаў! (Пайшоў за ім.)

Падышоў стары Мікола са спарышамі.

Мікола. Ягорка, чакай! Ягорка! Я так і ведаў!.. Чатыры дні яе не пабачыў, ну, і есці перастаў. І што зрабіць, каб ён да гэтай дзяўчыны не так ліп?!. (Пачынае клікаць.) Ягорка!

Варочаецца Ягор.

Ягор. Я тут, Мікола! Ты што?

Мікола. Ды вось крычу, гукаю — палуднаваць пара!..

Ягор. Не хочу я есці!..

Мікола. А... сесці?.. Ды дзе ж тут сесці?

Ягор. Я кажу: «Не хочу есці!»

Мікола. Я так і ведаў!.. Пра ежу забываеш — хутка з цябе косці тырчэць будуць!.. Я, калі яшчэ малады быў і бегаў за дзяўчатамі, не ў свой дух еў...

Ягор. Ідзі ты, Мікола, у школу!.. Я хутка вярнуся... Пабачуся адно з Марысяй!..

Мікола (ставячы за пень спарышы). Пакуль тая Марыся, пасілкуйся ты заціркай ды кашаю!.. Бо ніякае там каханне не забараняе есці!..

Ягор. У нас забараняе!..

Мікола. А я калі быў малады, дык удваіх з дзяўчынаю, бывала, булку хлеба елі ды сала фунты два...

Ягор. Ну, бяры ж свае спарышы ды ідзі!

Мікола. Што ты жартуеш?! Ды хоць тут перуны, назад не панясу, павінен ты з’есці! (Дастаў яшчэ з-за пазухі вялікую лусту хлеба, паклаў яе на пень і пайшоў.)

Ягор (гледзячы яму ўслед, смяецца). І з чаго ўздумаў сталага няньчыць?!

Падышоў Ахрэм.

Ахрэм. Я ж казаў! Знайшліся-такі рызыканты, перавезлі!..

Ягор. А ты баяўся!..

Ахрэм. А няхай ім немач! Баюся, такі ўловяць, прыб’юць!.. Малы смак ад шомпалаў.

Ягор. Гэта ў іх культурны спосаб!..

Ахрэм. Каб яго свет не ведаў, гэткага спосабу! (Паўза.) Што яна не ідзе? (Глянуў убок.)

Ягор. А вунь дзе яна!

Ахрэм. На табе, — і яна разглядае ўтопельніцу!.. Марыся, нашто глядзіш: спаць дрэнна будзеш!

Ахрэм накіраваўся ў яе бок. Ягор застаўся на месцы. Праз некалькі хвілін падыходзіць Марыся.

Марыся. Здароў, Ягор. Ты бачыў? (Паказвае ў той бок, дзе ўтопельніца.)

Ягор. Бачыў!

Марыся. Ведаеш хто?

Ягор. Ведаю!

Марыся. Няўжо будзем маўчаць?

Ягор. Пакуль што памаўчым, а пасля гукнем!

Марыся. Як можна чакаць? Пад суд!

Ягор. Пачакаем! Вось што, Марыся: пільная справа!

Марыся. Слухаю!

Ягор. Учора арыштавалі Залуцкага, а тут з дня на дзень могуць забраць мяне, трэба, каб ты да спраў стала бліжэй!

Марыся. Так-то так, але нейкі час я павінна быць там, бо хвароба за ракою пашыраецца, сяляне выміраюць больш і больш... Дактароў мала, а я ж ведаю медыцыну, ну, і дапамагаю...

Ягор. А што будзе, як сама захварэеш?

Марыся. Думаю, што не!

Ягор. Як мне здаецца, ты ўжо нездарова!

Марыся. Ну, што ты!

Ягор. У цябе выгляд хворага чалавека!

Марыся. Стамілася!..

Ягор. Ну, што ж, пакуль буду цягнуць працу адзін!

Марыся. Жадаю поспеху!

Ягор. Якія адносіны да цябе апошні час чыноўнікаў і ўлады крэсовай?

Марыся. Я б сказала, нядрэнныя!

Падышоў Ахрэм.

Ахрэм. Даруй, Марыся, маёй дурной галаве! Яшчэ ўчора польскі жандар даручыў перадаць табе яшчэ ліст, а я, калода дубовая, і сягоння цягаю яго! Калі ласка!.. (Аддае.)

Марыся. Чаго яму трэба ад мяне?

Ахрэм. Не ведаю! Ведаю толькі — сярдзіты, што віхор... Марысечка, абарані мяне, а то зноў біць будуць. Шомпал — не жартачкі. (Глянуў убок.) А бацюхны мае!.. Ён сюды ідзе, і не адзін: нехта прывёз! (Пабег у той бок, адкуль прыйшоў.)

Ягор. Марыся, што гэта значыць? Скуль ты знаёма з польскім жандарам?

Марыся. Чакай, скажу!.. Спакойна выслухай мяне! У той час, калі я цябе не ведала, да майго бацькі прыязджаў ён. Я яшчэ вучаніцай тады была. Ён да мяне сватаўся... Бацька быў згодзен, а я не... Калі Польшча захапіла Заходнюю Беларусь, бацька мой, як былы афіцэр, служыў у Чырвонай Арміі і ваяваў супроць белапалякаў, а я заставалася тут... Бацьку на фронце забілі... Учора я атрымала ад гэтага жандарскага афіцэра ліст і прыехала зараз за парадай...

Ягор. Да каго?

Марыся. Ягор!.. (Паўза.) Да цябе!..

Ягор. Што ён піша?

Марыся. Піша, што прывёз весткі ад бацькі...

Ягор. Бацька ж твой быў у чырвоных?! Адкуль жа ён мае весткі?..

Марыся. Не ведаю!

Ягор. Тут нешта не так!..

Марыся. У чым тут справа?

Ягор (глянуў убок). Скажу потым! Ён сюды ідзе... (Адыходзіць.)

Марыся (ідучы за ім). Ягор, пачакай!.. (Скрылася. Чуваць здалёк голас афіцэра.)

Падыходзяць афіцэр і Ахрэм.

Афіцэр. Вялікая вада...

Ахрэм. Зіма была сняжыстая... Паводкай труп прыгнала...

Афіцэр (здзіўлена). Труп?

Ахрэм. Паненка нейкая... Ляжыць вунь там...

Афіцэр. Не ведама, хто яна?..

Ахрэм. Пакуль што не, але даведаюцца людзі, бо пярсцёнак на руцэ...

Афіцэр (схамянуўся). Ты ліст мой перадаў?

Ахрэм. А то як жа?.. Перадаў!..

Афіцэр. Пакліч мне настаўніцу!..

Ахрэм. Слухаю!.. Яна чакае пана...

Афіцэр. Папрасі яе сюды!..

Ахрэм. Рад слухаць, паночку!..

У час размовы ціха падышла Алеся, села за пнём і пачала са спарышоў есці, прыкусваючы хлебам, які пакінуў Мікола. Афіцэр яе не ўбачыў. Ахрэм жа заўважыў.

Афіцэр. Цо я зробілэм!.. Я себе здрадзілэм!.. Пярсцёнэк з моен монограмон заставілэм!.. (Думае.) Так! (Кліча Ахрэма.) Пшэвознік! Ходзь тутэй!..

Прыбягае Ахрэм.

Ахрэм. Я тут, паночку!

Афіцэр. Вось што: як вайсковы даследчы, я павінен пад вялікім сакрэтам даведацца, хто ўтопельніца... Быць можа, хто яе забіў...

Ахрэм. Як на мой розум, сама загубіла жыццё, бо каб хто забіў, пярсцёнак зняў бы... (Кажа гэта, як бы нічога не ведае.)

Афіцэр (здаволены гэтым). Зусім разумна разважаеш! А ты добра сцеражэш яе?

Ахрэм. А то як жа!.. І дзень і ноч пільную, пакуль следства...

Афіцэр. А пярсцёнак ніхто не зніме?..

Ахрэм. Ну, як жа можна! Я ж пільную!..

Афіцэр. Хадзем глянем!..

Ахрэм. Калі ласка!..

Афіцэр (затрымаўся). Не, лепш прынясі пярсцёнак сюды!.. Ён патрэбен для пратакола!..

Ахрэм. Слухаю, панок!..

Афіцэр. Як даўно ўжо яе сцеражэш?..

Ахрэм. Ды дзве ночы!..

Афіцэр. Плацяць табе за варту?..

Ахрэм. Не!.. Так, шкадуючы чалавека, пільную!.. Пакуль закапаюць...

Афіцэр (дае капшук грошай). Маш гасцінец.... за службу спраўную!..

Ахрэм (хітра). Гэтулькі грошай?!

Афіцэр. Ты варт гэтага! А трохі пазней мэдалю атрымаеш!.. Так кліч жа паненку! (Сам павярнуўся ў другі бок.)

Ахрэм. Дзякую за гасцінец! (Адыходзячы.) Ахрэм, настаў вушы! (Пайшоў.)

Афіцэр (адзін). Калі пярсцёнак прынясе, усё добра будзе! (Убачыў Алесю.) Ты хто такая?

Алеся (прыкінуўшыся дурною і глухою). Га? Палудную, панок! Крупнічак сёрбаю. Калі ласка, лыжачку... (Падае лыжку).

Афіцэр. Прэч да ліха!..

Алеся. Га?.. Я глухая! З печы звалілася... патыліцаю аб прыпек... Таму ем шмат!.. (Апусціла лыжку ў спарыш і кажа.) Вось табе і на!.. Утапіла!..

Афіцэр (схамянуўся). Што?

Алеся. Лыжку ўтапіла!.. Маці валіць на татку, а татка бароніцца, а розуму няма — выскачыў, з печы звалілася! (Дастала лыжку, пастуквае аб край.) А... Вірутніца!.. (Радасна.) Выплыла!..

Афіцэр. Прэч стонт, дурніца!.. Марш!..

Алеся (адыходзячы). З печы звалілася, розум і выскачыў!.. Ем шмат... (Скрылася.)

Падышла Марыся, застанавілася і глядзіць.

Афіцэр. Не спазналі?..

Марыся. Пазнала!.. (Афіцэр падышоў і моцна паціснуў ёй руку.)

Марыся. Ах! (Глядзіць на сваю руку.)

Афіцэр. Што з вамі?

Марыся. Пярсцёнак зламаўся!.. Падарунак!..

Афіцэр. Вы замужам?..

Марыся. Пакуль што не!..

Афіцэр. Гэта дрэнная прыкмета!..

Марыся. Я ў забабоны не веру!..

Афіцэр. Вы мяне прымусілі пачырванець!..

Марыся. Самі вінны! У забабоны верыць толькі цемната, а вы ж інтэлігент!..

Афіцэр. Ой, ой! Які савецкі дух!..

Марыся. Да справы!..

Афіцэр. Прашу!..

Марыся. Мне перавознік казаў, што прывезлі ад бацькі весткі для мяне.

Афіцэр. Так — прывёз!..

Марыся. Так будзьце ласкавы...

Афіцэр. Так! Гэтыя весткі вельмі цікавыя для вас! Прашу сесці!..

Марыся. Не маю часу: мяне чакаюць!..

Афіцэр. Можна ведаць хто?..

Марыся (гледзячы на пярсцёнак). Мой жаніх...

Афіцэр (у гэты час паводдаль пільна за ёю паглядаў). Дазвольце, памагу!.. (Падышоў да яе.)

Марыся (нездаволена). Мне не да жартаў! Прашу даць мне весткі пра бацьку, а не, дык я адыходжу!.. (Аддае яму ліст.) Вазьміце свой ліст!..

Афіцэр (ўзяў). А вы вазьміце ліст ад бацькі! (Паказвае ліст. Марыся радасная, але толькі скранулася з месца, як ён падышоў да пня і зрабіў жэст, каб села.) Сядзем!.. (Марыся не ведае, што рабіць.) Але ж прашу — калі ласка.

Марыся нехаця падышла і села.

Афіцэр (сеў, аддаў ліст). Вашы ворагі, радуючыся няшчасцю, адабралі ад вас дом, зямлю...

Марыся. Зямля мне не патрэбна, бо яна не наша!..

Афіцэр. А чыя?.. (Марыся не адказвае. Афіцэр ухмыльнуўся.)

Марыся. Дом мне таксама не патрэбен! У ім я хацела б бачыць школу для сялянскіх дзетак!..

Афіцэр. І зямлю і дом мы адбярэм!..

Марыся (здзіўлена). Вы?

Афіцэр (хітра паказваючы на ліст). Чытайце! Чытайце!..

Марыся. Скажыце, якім чынам ліст трапіў у вашы рукі?..

Афіцэр. Наш полк пад Мінскам адбіваў наступ чырвонай банды...

Марыся (перабіла). Даруйце, мой бацька стары рэвалюцыянер і быў з чырвонымі, а не з бандай!..

Афіцэр. Ваш бацька — герой!.. Сваю адданасць чырвоным ён геройскі выявіў!.. Змагаўся да апошніх сіл, быў цяжка зранен, паміраў на полі, я пашкадаваў свайго старога знаёмага, памясціў у наш шпіталь, дзе ён на маіх руках і памёр...

Марыся. Што ён казаў, паміраючы?..

Афіцэр (дастаў паперу). Напісаў тэстамент... (Марыся хацела ўзяць. Афіцэр не даў.) Чытайце, чытайце ліст!

Марыся (заплакала). Памёр геройскай смерцю!..

Афіцэр. Не плачце, не надрывайце сіл!.. Сілы яшчэ будуць вам патрэбны, каб змагацца з ворагамі, якія заграбілі вашу маёмасць!

Марыся. Цяжка!..

Афіцэр. Вы не будзеце адна!.. Са мною разам!..

Марыся. З вамі?..

Афіцэр. Так! Гэта воля вашага бацькі!.. У пісьме чыталі?..

Марыся. Ну, гэта байкі! Мой жаніх — Ягор!..

Афіцэр. Ягор?.. А можна ведаць, хто ён?..

Марыся. Настаўнік беларускай школы...

Афіцэр. Ну вось, бачыце, настаўнік школы, на якой амаль ужо вісіць заржаўлены замок!..

Марыся. Пастараемся зняць!..

Афіцэр. Завеле пэвносці!..

Марыся. Ну, я адыходжу! (Устала.)

Афіцэр. Шчасліва!..

Марыся. Аддайце тэстамент!..

Афіцэр. Не палічыце мяне за гвалтаўніка, але я тэстамент аддам тады, калі...

Марыся. Я вас зразумела!..

Афіцэр. Іначай нельга!.. Утраціць мне вас — утраціць усё!.. Вы для мяне...

Марыся. Я — не для вас!..

Афіцэр. Вы бачыце! У маіх руках вашае права на зямлю, а...

Марыся (злосна). Я зноў кажу: зямлі мне не трэба, а будынак пойдзе пад школу!..

Афіцэр. І не так, і не гэтак!.. Усё патрэбна будзе вам, і вось у маіх руках вашае права на зямлю, а ў вашых руках — я сам, ваш абаронца!.. Ну, гляньце ж добрымі вачыма!.. Скажыце, што будзе так, як жадаў ваш бацька!..

Марыся (злосна). Не будзе!

Афіцэр. А памятаеце, як яшчэ калісь я прасіў рукі вашай і бацька ваш быў згодзен?! А цяпер... уся вашая ўвага на вучыцелю, з якім вам зусім не па дарозе!..

Марыся. Мне з ім па дарозе!..

Афіцэр. Панначка, ну, зразумейце ж, што там, дзе грукацелі гарматы, там завязаўся вузельчык нашага шчасця... А тут, дзе наступае чароўная вясна, яно зацвіце пахучаю кветкай... Будзьце ж гэтай кветкай, будзьце маім ідэалам! (Прытуліў яе да сябе.)

Марыся (адпіхнула). Пусціце!

У гэты момант з-за кустоў выйшаў Ягор і ўбачыў гэта.

Ягор (пагрозліва да афіцэра). У чым справа?

Марыся (да Ягора). Ты бачыў...

Ягор (падыходзячы бліжэй, тым жа тонам). Што гэта значыць?

Афіцэр (насмешліва). З кім маю гонар?..

Ягор. Вам хочацца ведаць, хто я? Калі ласка!.. Настаўнік тутэйшай школы!..

Афіцэр. Якая хутка будзе зачынена за тое, што яе настаўнік спачувае бальшавікам!..

Ягор. Не спалохаеце!.. (Марыся ўздрыгнула.)

Афіцэр (хітра ўхмыльнуўся). Добра, вельмі добра!..

Марыся. Яшчэ раз прашу, аддайце мне тэстамент!..

Афіцэр. Дакумента вам нават сілаю не ўзяць!.. Я ж вайсковы!..

Марыся. Які здольны ваяваць з-за вугла!..

Ягор. Здатны гвалціць жанчыну!..

Афіцэр. Ах, так! (Свіснуў у свісток.) Ордынанс!

Падбег польскі салдат.

Афіцэр (гнеўна). Взёнць!

Марыся. За што?

Ягор. Марыся, у каго ты пытаеш?..

Марыся (да афіцэра). Гвалтаўнікі! Але ўсё роўна вам нас не задушыць!..

Салдат павёў Ягора — за імі пайшла Марыся. Афіцэр, хітра ўхмыляючыся, паглядае ўслед ім.

 

Заслона

 

 

Акт другі

У кватэры Ягора. Па сценках малюнкі па прыродазнаўству, глобус і другія рэчы. Ля дзвярэй лава; на ёй драўлянае вядро і конаўка. Мікола сядзіць ля адчыненага акна і чуе, як на вуліцы нехта грае на гармоніку; потым зачыніў акно і заплакаў. Уваходзіць Ахрэм з дубчыкам у руках.

Ахрэм (падышоў да Міколы, сеў). Сумуеш?.. Горка на старасці знявагу цярпець!..

Мікола. Што скажаш добрага?..

Ахрэм. Адпачыць да цябе прыйшоў...

Мікола. Будзь ласкаў!..

Ахрэм. І сягоння на волас не заснуў, усю ноч перавозіў!..

Мікола. А мо жандары і майго Ягорку куды павезлі?

Ахрэм. Ягор у дэфензіве!.. Мы за гэтым сочым...

Мікола. І старасці няма пры кім дажыць! (Заплакаў.)

Ахрэм. Не плач, на ўсіх слёз не хопіць! Вось у мяне сыны былі, думаў, пашануюць старасць... Усе пагінулі — хто на вайне, а хто так, адзін, як той пень, застаўся!.. Не плач, не родны ж ён табе!..

Мікола. Ахрэмка! Табе толькі скажу, ніхто другі гэтага не ведае!.. Ягор — мой сын!..

Ахрэм. Ягор — твой сын?..

Мікола. Сын, родны сын!..

Ахрэм. Чаму ж дагэтуль ты скрываў?..

Мікола. Вялікая таямніца, якую цяпер толькі я раскрываю!.. Вайна была з японцамі... Нас, салдатаў, афіцэры страшна зневажалі... Я гарачы быў, не сцярпеў, кулаком адказаў... Ну, ведама, за гэта кара цяжкая была... Высылка... Па дарозе я хвілінку падлавіў і ўцёк... Доўга блукаў я па свеце з чужым пашпартам, жыў з адной пасялянкай... Найлепшы чалавек была. Ад яе Ягор нарадзіўся, а яна памерла... Пакінуў я Сібір, забраў свайго сынка Ягорку і пасяліўся тут. Усё старое, хто я — скрыў. Я зусім і не Мікола, імя і прозвішча маё зусім другое!..

Ахрэм. Вось калі вузельчык развязаўся!..

Мікола. Нікому толькі не кажы!..

Ахрэм. А ты, мой дарагі, якое ж у цябе добрае сэрца, Мікола!.. Ну, вось гэтак хоць (моцна пацалаваў) давяду табе, што люблю і дужа шаную за ўсё. Пад тваёю сярмягай б’ецца добрае мужычае сэрца!.. Не, браток, так пакінуць Ягора не можна!.. На ражон палезу, дэфензіву перавярну, а Ягора вызвалю!.. (Моцна.) Ану, шырэй мужычыя грудзі, мацней мужычы голас! (Схапіў у рукі дубчык і шапку.)

Мікола. Куды ж ты — куды?

Ахрэм (махаючы дубчыкам). Ягора вызваляць!..

Мікола. Голымі рукамі?

Ахрэм глянуў на дубчык, зразумеў, — рука яго апусцілася, дубчык вываліўся, цяжка дыша.

Мікола (вялікая прыкрая паўза). Ты ж хацеў адпачыць!..

Ахрэм (пасля паўзы). Не засну! (Пайшоў.)

Мікола (падышоў да дзвярэй, прычыніў, стаў ля дубчыка, глянуў, цяжка ўздыхнуў). З голымі рукамі!.. (Пасля паўзы.) Успомніў! Забалела!.. Эх, доля, доля! (Сеў панура.)

Уваходзіць жабрак-калека (пераапрануты шпег).

Шпег. Добры дзень!.. Калі ваша ласка, афяруйце што-колечы беднаму калеку!..

Мікола (убачыў). Што скажаш?..

Шпег. Кавалачак хлеба!..

Мікола (дае лусту хлеба). Скуль? Здалёку?..

Шпег. З-за свету!..

Мікола. Кажы мацней, не чую!..

Шпег. З-за свету!.. Не жыву, а мучаюся!.. Палякі нашага брата, жабрака, душаць! Думаю туды махнуць, да бальшавікоў!..

Мікола. Чаго ж, ваша справа!..

Шпег. А ці не ведаеце, як бы гэта праз граніцу перабрацца?..

Мікола. Не ведаю!.. (Павярнуўся да акна.)

Шпег. Шкада, шкада!.. (Вялікая паўза.) Ці не можна ў вас крыху вадзіцы напіцца?

Мікола. А чаму ж, будзьце ласкавы! (Сам глядзіць у акно.)

Шпег (набраў вады, напіўся, пасля дастаў рэвальвер і паклаў яго за вядро.) Бывайце здаровы! (Пайшоў.)

Уваходзіць Алеся.

Алеся. Добры дзень!.. Хто гэта ў вас быў?..

Мікола. Нейкі калека... Ці мала іх?.. А чаму пытаешся?..

Алеся. Ды так!.. Гаварыў аб чым, пытаўся?..

Мікола. Жаліўся на сваю долю!.. Казаў — душаць палякі, уцякаць хоча!..

Алеся. А не казаў куды?..

Мікола. Туды, да нашых!..

Алеся. Ага, цікава!.. Аб чым яшчэ пытаўся?..

Мікола. Прасіў парады — дапамогі, каб праз граніцу перабрацца...

Алеся. Ну, і што?..

Мікола. Я маўчаў... Якая мая справа!..

Алеся. А далей?..

Мікола. Ну, і ўсё!.. Вады напіўся і пайшоў...

Алеся. Далей парога не хадзіў?..

Мікола. Вось тут стаяў...

Алеся (падышла да лавы і хутка выцягнула з-за вядра рэвальвер). Ага!.. Дзядзька Мікола! Вы бачыце?..

Мікола. Гэта ж скуль?

Алеся. Эх, дзядзька Мікола!.. Які вы нездагадлівы!.. Гэта ж вам жабрак падаруначак на памяць пакінуў!..

Мікола. Нічога не разумею!.. Мне?..

Алеся. Ды не вам, а Ягору! (Паўза.) Ану, вочы ў жменю!

Мікола. А!.. Здагадаўся!..

Алеся. Нарэшце разгадалі...

Мікола. Бацюхны мае! Якія ж гэта людзі?! Чаго яны хочуць?!

Алеся. Самая звычайная рэч!.. Падаслалі пераапранутага шпега, каб зрабіць потым аблаву, знайсці аружжа, а пасля запякаць у астрог!..

Мікола. Алеся, дарагая! Ну, як аддзякаваць цябе?! Ты ж пазбавіла нас ад бяды!..

Алеся. А ведаеце?.. Нам карысць, — маем з набоямі рэвальвер!..

Мікола. Хавай — і справе канец!..

Алеся. Ну, яшчэ не канец — на гэтым іх правакацыя не скончыцца!..

Мікола. Во, каб іх перуны!.. Не ведаеш, Алеська, што з Ягорам?..

Алеся. Ягор сягоння будзе дома!..

Мікола. Няўжо?..

Алеся. А вось пабачыце!..

Мікола. Ой, другога шчасця не жадаў бы! А што добрага ў вас за ракою?

Алеся. Нядобра!.. Марыся захварэла!..

Мікола. Захварэла?..

Алеся. Вельмі цяжка!.. Зараз паеду да яе!..

Мікола. Ой!.. Гэта ж прыкрая навіна!.. Хоць бы не дазнаўся Ягор!..

Алеся. Не скрыеш!.. Будзе ведаць!..

Мікола. А яе сяляне?..

Алеся. Сяляне выміраюць... Мала дактароў і мала ўвагі да беднаты...

Мікола. Мужыку заўсёды так!..

Алеся. Гэта — мужыку, а пану... доктар ёсць!..

Мікола. Яго ж царства тут! (Паўза.) Калі ж, дзеткі, пакідаеш нас?..

Алеся. А вось дачакаюся Ягора, тады разам!.. Мы тут сваё зрабілі!..

Мікола. Ды яно так!.. Тут волі вам няма, уцякайце!..

Алеся. Забярэм і вас!..

Мікола. Не, мае дзеткі! Туды павінна моладзь уцякаць — новая сіла, а гэткі хлам, як я... тут будзе сядзець!..

Алеся. Зробім інакш!.. Калі з’явіцца Ягор, скажаце: сягоння ўночы ў лесе за гарой сход... Каб быў!..

Мікола. Добра, скажу!..

Алеся. А я да Марысі!..

Мікола. Глядзі, асцярожна: вялікая вада круціць!..

Алеся. Ахрэм павязе!..

Мікола. Шчасліва, дзеткі!.. Паглядзі, што з ёй!..

Алеся. Я там штодзень! (Адыходзіць.)

Мікола. Добра, добра, мяцежнік ты мой!.. (Алеся выйшла.) Эх, каб мая моладасць ды сіла!.. Я б сам далучыўся да іх! Старое сэрца, а рвецца на барацьбу! (Адчыніў акно і глядзіць.) Якая адважная дзяўчына!..

Уваходзіць Ягор. Твар збялелы, пад вачыма сінякі.

Мікола (убачыўшы). Сынок мой, выпусцілі?

Ягор. Толькі што!

Мікола. Дзеткі мае, як я рад! А як жа змяніўся, не спазнаць! (Прыгледзеўся да твару.) Што з табою, сынок?.. Пад вачыма сінякі!.. Білі?..

Ягор. Ды што вы, як можна!.. Паны — народ культурны!.. Гэтага не дапускаюць!.. Проста так, галодны — ну, і сінякі!.. (Убачыў, што Мікола плача.) Ты што, Мікола, плачаш?..

Мікола (скрываючы слёзы). Нічога, я так!..

Ягор. Не плач, Мікола!.. Сорам плакаць, змагацца трэба — і моцна верыць у нашу перамогу!.. (Паўза.)

Мікола. Ні табе права, ні голасу!.. Школы зачынілі, настаўнікаў у астрог!.. Душаць!..

Ягор. Усіх не задушаць, Мікола! (Сказаў гэта з запалам.)

Мікола (убачыў, што ён захваляваўся). Пакінь!.. Супакойся — адпачні!..

Ягор. Мікола, як Марыся, не ведаеш?

Мікола (скрываючы). Не быў, не ведаю!..

Ягор. Як жа гэта? Ты не ведаеш, я не ведаю... А калі яна захварэла, ці што?..

Убягае Параска.

Параска (у роспачы). Людцы, даражэнькія! Ягорка, сынок! Хіба ж не ведаеш?.. Ратуй! Марыся памірае!..

Ягор (схамянуўшыся). Мікола, ехаць!

Мікола. Выбачай!.. Гэта немагчыма! Я з вадою не спраўлюся!..

Параска. Вада вялікая, як на безгалоўе круціць!..

Ягор. Дзе Ахрэм?

Мікола. Не ведаю!

Ягор. Я адзін паеду!

Мікола. Ды як можна?.. Кіраваць жа вяслом не справішся!..

Параска. Не можна аднаму, сынок, не можна!..

Ягор. Як жа быць?..

Мікола. Трэба пачакаць, калі спадзе вада!..

Ягор. Я не магу чакаць!.. Яна памрэ!

Параска. І чакаць не можна, гэта праўда!

Ягор (гнеўна, моцна стукнуўшы па стале). Мікола, ехаць!..

Мікола (спалохаўшыся). Вязу!..

Ягор. Хутчэй ехаць!.. У момант човен адчапі!..

Мікола (беручы шапку, да сялянкі). Як жыву, такіх адважных не бачыў!..

Параска. Маладое сэрца: ну, і адважны!..

Ягор. Мікола, не траць часу!

Мікола. Хвілінку пачакай, пакуль човен адчаплю! (Узяў сякеру, выйшаў. Параска засталася.)

Параска. Ягорка, сынок, паспяшай! А то, божа барані... А яна ж нашая ўцеха!.. Хто ж нашых дзетак... Сам ведаеш!.. (Пайшла.)

Ягор. Грозная навіна!.. Марыся хворая... Арганізацыя пад пагрозай... Мяне могуць выслаць... Як жа быць? (Узяў у рукі люстэрка.) Культурны народ! (Іранічна.)

Уваходзіць жандарскі афіцэр.

Афіцэр. Выбачайце, што без дазволу!..

Ягор. Дзіўная далікатнасць!..

Афіцэр. Паколькі гэты будынак належыць да школы, а школа наша ўрадовая, а я прадстаўнік ураду... Думаў, маю права ўвайсці і без дазволу!..

Ягор. Што вам патрэбна?..

Афіцэр. Вы адзін?..

Ягор. Адзін!..

Афіцэр. Вось гэта добра: з адным лепш!..

Ягор. Відаць, надоўга, калі без запросін селі...

Афіцэр. Вы мяне не прасілі сесці, дык вашую некультурнасць я ліквідую сам!..

Ягор. Да справы, калі ласка...

Афіцэр. Можна! (Пляснуў у далоні.)

Увайшлі два польскія салдаты.

Афіцэр (да Ягора). Не рабіце такіх страшных вачэй!.. Самая звычайная рэч... Згодна наказу дэфензівы, мы ў вас павінны зрабіць вобыск... (Да салдатаў.) Проша дэтальна обэйжыць помешкане!.. (Салдаты пачалі праглядаць.)

Афіцэр. А вы можаце спакойна пасядзець!..

Ягор. Дзякую за пашану!

Вялікая паўза. Яны шукаюць, афіцэр курыць. Ягор моўчкі сядзіць.

Афіцэр. Усё ж такі вы з гонарам, гордая галава!..

Ягор. Не схіляецца перад...

Афіцэр. Беларусіны — народ пакорны, аб гэтым зазначае наша слаўная гісторыя.

Ягор. Так! 300 год трымалі на гарбу і паноў і падпанкаў!..

Афіцэр. А вы граматны: добра ведаеце гісторыю!..

Ягор. Будзьце ласкавы, без ацэнкі, якая мяне не цікавіць!..

Салдат. Мэльдуен пану поручніку, жэ ніц сен не зналезлі!

Афіцэр. Ага! Проша одыйсць!..

Салдат. Розказ пану поручніку! (Выйшлі.)

Ягор. Селі, пане паручніку?..

Афіцэр. Сядзеце вы самі! Бо пра тое, што вы бальшавік і рыхтуеце банды, мне як дазорцу дэфензівы ўсё добра вядома!..

Ягор. Нічога вам не вядома!..

Афіцэр. Вам патрэбны факты, калі ласка!.. Вы вось яшчэ не ведаеце, што ў вас сягоння за ракою сход, але Вам не прыйдзецца там быць!..

У гэты час у дзвярах паказваецца Алеся, дае знак, што сходу не будзе, — і знікае. Афіцэр яе не заўважыў, а Ягор усё зразумеў.

Ягор. Памылка, пане дазорца! Ніякага сходу не будзе!..

Афіцэр. Будзе ці не будзе, але папераджаю вас, што вам там быць не прыйдзецца, бо калі толькі ваша мосць і пойдзе, тады пасадзім, і надоўга!..

Ягор. Не пасадзіш, бо не маеш довадаў!..

Афіцэр. Без панібрацтва!..

Ягор. Я ў сваёй хаце!..

Афіцэр дастаў рэвальвер.

Ягор. Не застрашыш!..

Афіцэр. І вось, прымаючы пад увагу, што вы шкодная для нашай дзяржавы асоба, даю вам мажлівасць пакінуць гэтую мясцовасць! Тэрмін — 24 гадзіны!..

Ягор (іранічна). Мала — хачу больш!

Афіцэр. 24 гадзіны досыць. За гэты час выбрацца з гэтай кватэры: яна патрэбна нам!..

Ягор. Ого! Гатоў карэту падкаціць, абы пазбыцца ды хутчэй налажыць лапу на Марысю, але, паночку, гвалтам Марысю не ўзяць!..

Афіцэр. Дубовая галава!.. Марыся ўжо...

Ягор (са страхам). Што? (Афіцэр паказаў пальцам на неба.) Як?.. Памерла?.. (Афіцэр маўчыць.) Я вас прашу!.. Памерла?.. (Афіцэр маўчыць. Ягор, хапіўшы табурэт.) Што?..

Афіцэр (наставіўшы рэвальвер). Назад!..

Увайшоў Мікола з сякерай у руках.

Ягор. Мікола, бачыш?..

Мікола. Што вам трэба?..

Афіцэр. А ты, хам, хто такі?..

Ягор. Мікола, кліч сюды людзей?

Мікола. А мы хто, не людзі? (Сунуўся да афіцэра.)

Афіцэр. Застрэлю!..

Мікола. Мяне? Салдата? (Пагрозліва на афіцэра.)

Ягор (засланіўшы сабою Міколу). Мікола, чакай!..

Афіцэр (стрэліў). Адзін крок наперад — і смерць на месцы!.. (Трымаючы ў руках рэвальвер, выходзіць.)

Мікола (махаючы сякераю). Ягор, хадзем шукаць праўды!..

Ягор (рашуча). На ўсё свой час, Мікола!.. Едзем...

 

Заслона

 

 

Акт трэці

У кватэры Марысі. На сценках малюнкі. Яна ляжыць на ложку хворая, спіць. Алеся трымае ў руках гадзіннік.

Алеся. Ну, вось, можна лякарства даць. (Падышла да ложка, ціха абазвала яе па імені.) Няхай спіць: пералом хваробы! (Падышла да акна, убачыла Ягора.) Ну, вось і Ягор! Напалохалі, пэўна, бедака, чорных вестак наплялі! (Падыходзіць да дзвярэй і ўпускае).

Ягор увайшоў і са страхам спыніўся. У гэты час у Марысі скранулася рука.

Алеся (падышоўшы да Ягора). Што з табою?..

Ягор. Мне сказалі, што Марыся... (Паўза.) Памерла!..

Алеся. Збрахалі!.. Жыве і будзе жыць!.. (Ягор, цяжка дыхаючы, сеў.) Хутка палепшае!..

Ягор. Усе нашыя планы парушаны!..

Алеся (убачыла пад вачыма сінякі). Ягор! (Прыкрая паўза.)

Ягор. Не пытайся!..

Алеся (адышла да сцяны, у вялікай роспачы сурова сціснула бровы. Прыкрая паўза... Перамогшы сябе). Аб чым пыталіся?..

Ягор. Запрапанавалі мне выехаць!..

Алеся. Хто дапытваў?..

Ягор. Сам палкоўнік!..

Алеся. А ён?..

Ягор. Прысутнічаў!.. А ведаеш, у мяне толькі што ператрэслі!..

Алеся (пляснуўшы ў далоні). Ага! Мая праўда! Хто ён?..

Ягор. Ён і два салдаты!..

Алеся. І што знайшлі?..

Ягор. А што могуць знайсці?!.

Алеся. Спазніліся!.. Я раней за іх была і раскрыла карты!.. (Паказвае рэвальвер.) Бачыў? Гэтую цацку палажылі табе ў хату! Апрануты за жабрака шпег, але я ў час ліквідавала справу!..

Ягор (устаў). Паход! Яўны паход!..

Алеся. Ты яму стаў на дарозе, таму ён і напірае!..

Ягор (кінуўшы ў бок Марысі). Вось яму хто патрэбен!..

Алеся. Не так яна, як дом, зямля!..

Ягор. Хітры, гад!..

Алеся. Думае, што захопіць усё!..

Ягор. Падавіцца...

Алеся. Ты ж ведаеш: гэта ён утапіў сваю каханку!..

Ягор. Ведаю!..

Алеся. Але пярсцёнак зняць з рукі забыўся, а пярсцёнак з манаграмай!.. Цяпер думае, як бы памылку паправіць, але дарэмная фатыга!..

Ягор. Усё ведаю!..

Уваходзіць Макрына.

Макрына. Ну, гэта мне зусім не падабаецца!.. Мала адной, так і другі, яшчэ самапасам... Ходзяць, як калісь, раней!..

Алеся. А ты швейцара да дзвярэй пастаў!..

Макрына. Овшэм, не швейцара, а салдата са стрэльбай пастаўлю, каб быў парадак!..

Алеся. Гармату лепш пастаў!..

Макрына. Досыць і стрэльбы будзе! Ніводзін бальшавік не падыдзе!..

Ягор. Як хутка ты, Макрына, запрадалася? Ці даўно без хлеба сядзела?

Макрына. Цяпер хлеб ёсць!.. Калісь Макрына старажыхаю ў школе была, са званком за мужычымі дзяцьмі бегала, а цяпер, овшэм, годзе!..

Ягор. Кім жа цяпер мысліш быць? Службы ж няма, бо школу зачынілі!..

Макрына. Пан палкоўнік службу дасць!..

Алеся. Будзе палкоўнічай жучкай!..

Макрына. І, овшэм, буду!..

Алеся. Будзеш на падушачцы ляжаць і на людзей брахаць!..

Макрына. Абы хлеб, усякі загаўкае!..

Алеся. Ну, і брашы на вецер!..

Макрына. Можа, вы адсюль выправіцеся?..

Алеся. А ты што: пана свайго чакаеш?..

Макрына. Ведама, чакаю!..

Алеся. Не бядуй! Хутка прыляціць твой канарак!..

Макрына. Так будзьце ласкавы аслабаніць хату!.. Падмятаць буду!..

Алеся. Падмяцеш пасля, а вось Марысі лекі трэба даць!..

Макрына. І гэта зробім!..

Алеся. Пойдзем, Ягор!

Ягор устаў.

Макрына (да Ягора). Ну што, таварышок? Як са службай, овшэм?

Ягор. Не твая справа!

Макрына. Трэба было да іх далучацца, да палякаў!.. А васпан супроць, ну — і проці шэрсці гладзяць!..

Ягор. Прыкусі язык! (Выходзіць.)

Алеся. Гаўкай!.. Гаўкай... (Выйшла.)

Макрына. Смейся, смейся, верціхвостка!.. Цягаюцца!.. Цягаюцца, як авечкі заблудлыя!.. Ім здаецца, як раней было! Цяпер іначай пачнём жыць, овшэм! (Глянула у акно.) Во, новае ліха, — цецярук глухі прыпёрся!..

Уваходзіць Мікола.

Мікола. Пахвалёны ў хату!

Макрына. Па якой справе?

Мікола. Як паненка?

Макрына. Нашто яна табе, старая порхаўка?

Мікола. Не тут кажучы, брахалі... быццам-то...

Макрына. А ты пашкадаваў, прыехаў!..

Мікола. Без памяці ляцелі!..

Макрына. Ну, і ляці сабе назад!.. Паненка жыва!..

Мікола. Вось і добра! Вялікая, можна сказаць, радасць! А дзе ж вучыцель? Не ведаеш?

Макрына. Гэта твой?

Мікола. Але — Ягорка!

Макрына. Ён цяпер не вучыцель, а жабрак!..

Мікола. Але, бядак: дні два сядзеў, зневажалі!..

Макрына. Так і трэба мяцежнікам!..

Мікола. Выбачай, родная, не чую: на вайне з гарматаў страляў!..

Макрына. Тады сядзі на печы і не швэндайся па хатах!..

Мікола. Але, у латах!.. Увесь у латах... ведама, бедны!..

Макрына. Ото, глухі цецярук!..

Мікола. Школу зачынілі, у службе адмовілі, а за што, пытацца?!

Макрына. А за тое, што супроць паноў пайшлі! Трэба галаву ніжэй трымаць!..

Мікола. Ён увесь час з беднымі, і яна ж дапамагала беднаце!..

Макрына. Як рабіла, так і мае! Цягала мужыкоў, цягала, а цяпер сама ляжыць!..

Мікола. Добрая дзяўчына! Ай, добрая! Няхай бы сабе жаніліся, я згодзен!

Макрына. Во, чулі?! Ён згодзен!.. Ах ты, старая порхаўка!.. Ды ці ёй патрэбен нейкі там вахлак!.. Мы ёй пана пасватаем, во! Ну, вылазь!..

Мікола. Але, гразь!.. Пасля дажджу гразь!..

Макрына. Гэта ў вас гразь, а ў нас суха! Вон! (Хапіла за каршэль дзеда.) Вымятайся! (Выпіхае вон.)

Уваходзіць афіцэр. Паколькі яго штурхнулі, б’е Міколу стэкам.

Макрына (услед Міколе). Няма, нічога няма!.. Ад гэтых жабракоў не абярэшся!.. Дзень добры, паночку!

Афіцэр. Як паненка?

Макрына. А ніц, тылька цо заснэла! (Убок.) Здаецца, добра, зусім па-польску!..

Афіцэр. У вас тут сцюдзёна?

Макрына. Овшэм, можна запаліць! Джэво в пецку, сернічкі на прыпецку, враз... (Выйшла.)

Марыся (абудзілася). Вы зноў тут?..

Афіцэр. Даведацца прыйшоў!..

Марыся. Вельмі зачаста!..

Афіцэр. Мой абавязак!..

Марыся. Я чула голас настаўніка... Быў ён тут?

Афіцэр. Не было!

Марыся. Скажыце — ён на волі?

Афіцэр. На волі!

Марыся (рашуча). Кажыце праўду!

Афіцэр. Толькі праўду!..

Марыся. Без віны чалавека ўзяць і пасадзіць!..

Афіцэр. Як то без віны? Віна ёсць!.. Ён шкодны палітычны элемент!

Марыся. А вы крымінальны!..

Афіцэр. У вас, Марыся, высокая тэмпература!

Марыся. Не замазвайце, бо не замажаце!..

Афіцэр. Глупства! Марысі я ўсё дарую, бо моцна веру, што нашы ўзаемаадносіны наладзяцца!..

Марыся. Раней аддайце мне тэстамент!..

Афіцэр. І што тады?

Марыся. Тады пабачыце: дом будзе пад школай, а зямля ў сялян!..

Афіцэр. Няма такой патрэбы, і дзеля гэтага тэстамент пакуль што не аддам!

Марыся. Тым горш для вас!..

Ахрэм пад акном.

Ахрэм. А... панок тут, зайду!.. Справа ёсць!

Чутны яго і Макрыны галасы: — Куды лезеш, чортаў смык! — Пусці! — Не пушчу!

Марыся. Макрына, хто там?

Увайшла Макрына.

Макрына. Ды гэты лапатлівы, Ахрэм!

Марыся. Пусці яго!

Макрына. А на ліха ён! Слядоў толькі наробіць, гразі навалачэ!..

Марыся. Я сказала — пусці!

Макрына ўпусціла Ахрэма, ён уваходзіць.

Ахрэм. І не сорам, баба! Нібы кот, за нос ірваць!..

Макрына. Не лезь, дзе паны ёсць!..

Марыся. Макрына, ты зусім памяшалася!..

Макрына. Толькі паразумнела!..

Афіцэр. Ну, што?

Ахрэм. Да вас, паночку! Добрага дня!

Макрына. Во! Бачылі! Добрага дня! Руку яшчэ падай!..

Афіцэр. А што трэба?..

Ахрэм. Я прыйшоў паведаміць, што начальства ўжо едзе доследы зрабіць аб той утопельніцы... Трэба ж і вам быць!..

Афіцэр. Буду!..

Ахрэм. Яны ўжо ў суседняй вёсцы, пытаюцца сялян, можа, хто з іх бачыў яе жывую. Хто?..

Макрына. Овшэм, я — бачыла!

Афіцэр. Жывую?..

Макрына. Не, мёртвую!..

Афіцэр. Палена дубовае!..

Ахрэм. А што, зарабіла?

Макрына. Глядзі за сабою!

Афіцэр (да Марысі). Вельмі перапрашаю. Неўзабаве вярнуся!..

Марыся. Можаце і не вяртацца!.. (Ахрэм памыкаецца застацца.)

Афіцэр (гэта заўважыў). Чаго застаўся?

Ахрэм. Хачу паненцы навіны сказаць!..

Марыся. Будзь ласкаў, Ахрэм!

Афіцэр. Ну, пайшлі, пайшлі!

Ахрэм. Я толькі збольшага!..

Афіцэр (грозна). Марш! (Выйшлі.)

Макрына. Усю хату засмуродзіў!.. Не жарт, — каторы дзень утопельніцу сцеражэ!..

Марыся. Яго служба гэтакая!..

Макрына. А што мне да яго службы!.. Я буду адвучаць гэтых лапатнікаў цягацца сюды!..

Марыся. Якая ты неразумная, Макрына!

Макрына. А які тут трэба розум, каб чурацца гэтай басаты!..

Марыся. Не разумееш ты нічога, Макрына!..

Макрына. А я вось не разумею, нашто паненцы гэты вучыцель, голы бальшавік!..

Увайшоў Ягор. Ён чуў гэтыя словы.

Марыся (Макрыне). Выйдзі!

Ягор. Чула, што казалі? Выйдзі!..

Макрына. Вы мяне гоніце?

Ягор. Так, цябе.

Макрына. А я пану пажалюся!

Ягор. Тут паноў няма! Вон! (Выправаджвае.)

Макрына. Я салдата са стрэльбаю пастаўлю! (Выйшла.)

Ягор (да Марысі). Марыся, мая радасць, ты адчуваеш сябе лепш?..

Марыся. Лепш, Ягор!.. І хутка зноў да працы!..

Ягор. А гэты дэспат прынёс сягоння мне чорную навіну!..

Марыся. Якую?

Ягор. Сказаў, што ты памерла...

Марыся. Як бачыш, збрахаў! (Углядаецца яму у твар.) Ягор, што гэта значыць? Сінякі?

Ягор. Глупства, Марыся! Так!..

Марыся (заплакала была, але хутка стрымала сябе). Ягор! Я не стану пытацца, каб не надрываць тваё сэрца!.. (Грозна.) Але ведай, што дорага ён заплаціць за знявагу, ой, дорага!..

Ягор. Пакінь, Марыся!..

Марыся. Пакуль у маіх грудзях б’ецца жывое сэрца, датуль будзе жыць гэтая помста!.. Я яму не дарую!..

Ягор. Аб’явіў мне, што дае мажлівасць выехаць, куды я захачу!..

Марыся. У... гад! Хоча пазбавіцца ад цябе!..

Ягор. Каб лягчэй ваяваць з безаружнай кабетай!..

Марыся. Дрэнны ж ён стратэг!..

Ягор. Вайну гэтую ён прайграе!..

Марыся. Уцячэм мы разам!..

Пры гэтых словах ціха ўвайшоў афіцэр.

Ягор. Уцячэм тады, калі патрэбна будзе нам!..

Афіцэр (чуў). Выбачайце, куды гэта вы надумалі ўцякаць?

Ягор. А нашто вам знаць?

Марыся. Я скажу: пад чырвоны сцяг!

Афіцэр. А?.. У савецкі рай!.. Вам не можна, а вашаму прыяцелю трэба! Там менш беспрацоўных!..

Ягор (гнеўна). А хто мяне зрабіў беспрацоўным?.. Хто зачыняе школы, пакідае дзяцей сялянскіх невучонымі?.. Святкуйце ж, панства гонару і роскашы, пакуль вашая ўлада!..

Афіцэр. Пустыя вашы словы!..

Марыся праз увесь час мімічна супакойвае Ягора.

Ягор. Не пустыя! Гэта — голас прыгнечанага люду, якому вы наступілі жалезнаю пятою на ўпалыя грудзі!.. Але памятайце!

Афіцэр рагоча.

Ягор. Смейцеся, радуйцеся, але будзе... наша жніво!..

Марыся. Ягор, мілы, кінь!.. Прашу цябе!..

Ягор (гнеўна). Не кіну!.. Змагацца буду да апошніх сіл, а не кіну!..

Афіцэр. Не захочаш сам адсюль выправіцца, у астрозе згнаю!..

Марыся. Мы разам адсюль выберамся!..

Афіцэр. Вас, Марыся, я нікуды не пушчу!..

Ягор (грозна). А вам хто даў права спыняць чужую волю?!

Афіцэр. Гэта што за тон! (Наступае на Ягора.)

Ягор. Не падабаецца — не слухай!

Афіцэр (падышоў зусім блізка). Прэч адсюль, мяцежная душа! (Хапіў Ягора за горла; паміж імі пачынаецца страшная барацьба, нарэшце Ягор паваліў афіцэра на стол, схапіў за горла і трымае.)

Афіцэр. Пусці, на літасць бога!..

Ягор (трымаючы рукою за горла). Будзеш памятаць! Вось рука пралетарыята задушыць чорную няпраўду. (Перастае душыць і выходзіць праз дзверы. Марыся ўвесь час крычала, а ў час бойкі абамлела ды так і засталася ляжаць.)

Афіцэр (аддыхаўшыся). Ах ты, пракляты бальшавік! Забойца! (Мацаючы горла.) Ледзь не задушыў, гад!.. Пачакай жа!..

Уваходзіць Макрына.

Макрына. А джэвы юш у пецы, зараз пацяплее!..

Афіцэр. Тут і так горача!..

Макрына. Ну і дзенькі пану богу, жэ горонцо!.. Пан выглёнда кшталтэм чырвонюткі мак!..

Афіцэр (іранічна). Довідзэне!..

Макрына. Овшэм!

Афіцэр. Выйдзі!

Макрына. Слухам! (Выйшла.)

Афіцэр (падышоў да Марысі). Ніц!.. Бэндзе моя!..

Уваходзіць Ахрэм.

Ахрэм. Паночку!

Афіцэр. Цс!

Ахрэм. Хутчэй на доследы; начальства ўжо едзе!..

Афіцэр (дражнячы). На-ча-льства!.. Нейкі там ураднік ды ветэрынар!.. На-ча-льства!..

Ахрэм. Ну, ведама, для нас і начальства!..

Афіцэр (мігамі кліча да сябе). А ты прынёс, што абяцаў?

Ахрэм. А то як жа — прынёс... Калі ласка! (Дае пярсцёнак і сам адвярнуўся ўбок, быццам бы не бачыць; скоса паглядае, што ён будзе рабіць.)

Афіцэр (пераканаўшыся, што Ахрэм не бачыць, хутка падмяніў пярсцёнак і аддае Ахрэму). Самы звычайны пярсцёнак, без жадных надпісаў!.. Ты заўважыў, Ахрэм?..

Ахрэм (хітра). А мне што — я не ўглядаўся!..

Афіцэр. Можаш назад узяць!.. Зараз жа надзень ёй, толькі хутчэй спраўляйся, а то дадуць!..

Ахрэм. Ведаю! Дадуць шомпалаў! Ну, я пабег! (Хутка выйшаў.)

Афіцэр (як Ахрэм выйшаў, глянуў на Марысю, з радасцю). Вялікая ўдача: след скрыў!.. Хоць выплыў труп наверх, але не выплыў мой грэх! (Гледзячы на Марысю.) Я тут збудую сваё шчасце — зямля, будова і яна! Будзеш маёю! (Узяў шапку і хутка выйшаў.)

 

Заслона

 

 

 

Акт чацвёрты

 

Сход сялян. Грамада народу. Збоку стол, за ім стаіць прадстаўнік асветы, за сталом — сакратар. На стале званок і належныя для пісання прылады. Чуваць вялікі гоман.

Прадстаўнік асветы. Але ж цішэй!.. Так жа не можна, панове!.. Панове!..

Селянін 1-шы. Ды якія мы панове!

Алеся. Панове ў лапцях. Няхай даюць школы і не клічуць панамі!

Гоман.

Прадстаўнік асветы (чакае, калі скончыцца гоман, які сам па сабе заціх). Ну, ці доўга будзе так?! (Паўза.) Значыць, балючае пытанне — школы!

Усе. Але, школы!

— Давайце іх чым хутчэй!..

— Нашы, беларускія!..

Прадстаўнік асветы. Але ж пакіньце лапатаць! Што гэта... маёўка якая?

Селянін 1-шы. Дзетак вучыць трэба, а школы пазачынялі!..

Прадстаўнік асветы. Пазачынялі! Што ж гэта, па-вашаму, — мы школы зачынілі так сабе? Не, мае дарагія! На гэта вялікія прычыны ёсць! Эпідэмія, мор!.. Спынім эпідэміі, адчынім школы!.. (Нешта шэпча сакратару.)

Алеся (да 1-га селяніна). Запытайцеся, Мацей, чаму яны школы польскія не пазачынялі!..

Селянін 1-шы. Але!..

Прадстаўнік асветы. Ну, як?.. Цяпер вы зразумелі мяне?

Селянін 1-шы. Не зусім! А чаму гэта школы польскія не зачынілі?..

Прадстаўнік асветы. Польскія? (Хітра.) Бачыце, грамадзяне, эпідэмія, якая да нас прыйшла ад бальшавікоў, узялася за тых, хто больш спачувае бальшавікам, за беднату!.. Шляхта і наогул народ багацейшы, дзеля таго, што яны з гэтымі барбарынцамі нічога супольнага не маюць, ад хваробы вольны!.. Дзеці шляхты і паноў здаровыя, і таму для іх школы адчынены!.. Польская ўлада тут ні пры чым!..

Алеся. Во, дзе праўда на свеце!..

Селянін 2-гі. Нашы дзеці не ўсе хворыя!.. Калі адзін-другі і ляжаць, гэта ж не бяда!..

Прадстаўнік асветы. Ну, а пры тым жа вялікі недахоп будынкаў!.. Самі ж ведаеце — як бальшавікі ішлі на Варшаву, усё ж спалілі!..

Ахрэм. Паночку, што там валіць на бальшавікоў! Усім жа вядома, хто нішчыў нашу бацькаўшчыну!..

Прадстаўнік асветы. Так, так! Гэта іх работа, і дзеля гэтага вялікі недахоп будынкаў!.. Калі б хто хату даў, тады б...

Селянін 1-шы. Я хату дам!..

Баба 1-я. Во, адна школа і ёсць!..

Селянін 2-гі. І я дам!..

Баба 2-я. Ужо і дзве!

Прадстаўнік асветы. Вельмі рад, вельмі рад! Прымем пад увагу і даложым пану старосце!.. Ён, напэўна, і дасць згоду. (Да сакратара.)

Алеся (убок). Каб ён так дыхаў!

Баба 1-я. Калі ж гэта будзе?

Баба 2-я. Абяцанкамі адно кормяць!

Прадстаўнік асветы. Не так!.. У нас закон, каб ісці насустрач беларусінам!..

Алеся. З ражном! (Сказала, а сама схавалася. Усе зарагаталі.)

Прадстаўнік асветы. Што гэта за падбрэхавіч?! Хто там дыскрэдытуе польскую ўладу?.. Панове, трэба ж ведаць, што казаць! Я буду маўчаць, калі вы будзеце абгаварваць справу, але, калі вы пачнеце зачапляць жонд польскі, выбачайце, я на сваё месца паклічу жандара!..

Жук. Паночку, не палохайце нас!.. І так жыць нельга, давайце ж лепш школы, вучыцца хачу!..

Прадстаўнік асветы. Ах ты, гультай! Табе ўжо жаніцца пара, пражывеш і без школы! Позна!

Жук. А чаму прыказка кажа, што вучыцца ніколі не позна.

Прадстаўнік асветы. Э, глупства гэта кажуць!

Хлапец 2-гі. Паночку! І я з тым самым пытаннем да вас!.. Вось яны (на сялян) хочуць школу беларускую, а я вось хацеў бы сваю родную, яўрэйскую...

Прадстаўнік асветы. Ну, яшчэ чаго там захацеў! Жыдоўскіх школ нідзе няма!..

Жук. Ну, як-то няма?

Хлапец 2-гі. Ёсць! У бальшавікоў!..

Прадстаўнік асветы. Пст!..

Хлапец 2-гі. Там усякія ёсць, татарскія нават!..

Прадстаўнік асветы. Брахня! Нічога гэтага ў іх няма!..

Жук (як бы паверыў). А нам казалі, ёсць!

Хлапец 2-гі. Мы і паверылі...

Прадстаўнік асветы. Не трэба верыць!.. Я ж як прадстаўнік асветы добра ведаю!

Жук. Тады выбачайце, панок! Сватайце свой тавар!..

Прадстаўнік асветы. Для мяне аніяк не зразумела, чаму вы дзетак сваіх не хочаце пасылаць да нас у школы культурныя!.. Усё-ткі вы хоць і беларусіны, але ж у жылах вашых кроў і польская ёсць. Калісь жа Польшча была аж да Смаленска!..

Селянін 1-шы. Тое, што было, нас мала цікавіць!.. Нам трэба школы нашы!..

Баба 2-я. Мовы вашай нашы дзеці не разумеюць!..

Баба 3-я. Нейкія сярнічкі, пярнічкі, наліснічкі!

Агульны рогат.

Прадстаўнік асветы. Панове, што за жарты?.. Як гэта можна?

Селянін 1-шы. Ды яно, паночку, і праўда! Вашая мова ды нашаму дзіцяці аніяк!

Прадстаўнік асветы. Гэта, можа, толькі табе не падыходзіць, але другім падыходзіць! Ты ж не можаш казаць за ўсіх.

Селянін 1-шы. Якраз магу, бо ўся наша грамада хоча школу беларускую!

Прадстаўнік асветы. А раз так, папытаемся! Хто хоча?

Агульны гоман: «Усе!» Селянін 4-ты (нямы) пачаў мычэць, паказваючы рукою, што ў яго многа дзяцей.

Прадстаўнік асветы. Ніц не разумем!..

Селянін 1-шы. Ён нямы, але ў яго таксама шасцёра дзяцей вучыцца хочуць!

Прадстаўнік асветы. Панове, перш чым пытацца ва ўсёй грамады, я хачу ведаць паасобку, хто за беларускія школы, хто супроць?..

Макрына (яна стаяла ззаду). Дазвольце рэкнуць і мне.

Прадстаўнік асветы. Калі ласка, калі ласка!

Галасы. Ды што яна скажа?!

— Яна выраклася нас!..

Прадстаўнік асветы. Але ж дайце сказаць! Проша, пані!.. Слухаем!..

Баба 1-я. Штурхаецца, як карова, а яшчэ пані!

Агульны рогат.

Макрына (падышла да стала; яна апранута вельмі камедыйна: на ёй паношаная панская вопратка, на галаве капялюшык. Адкашляўшыся). Я век, значыцца, пражыла ў школе, са званком за мужычымі дзяцьмі бегала!.. Быў цар, была школа — ні тое ні сёе... Пасля з’явіліся немцы, таксама — ні сёе ні тое, а як прыйшлі паны, зусім другое, тут ужо і сёе і тое!.. Яны, значыцца, адчынілі школы польскія, а мужычыя пазачынялі і добра зрабілі!

Агульны гоман пратэсту.

Прадстаўнік асветы. Панове, панове, цішэй!

Макрына. Добра вам будзе і без навукі! (Яшчэ большы гоман.) Няма горшага ліха, калі мужык пазнае і тое і сёе! (Гоман.) Завяжаш каню хвост і без навукі! (Макрыну прагналі, яна з крыкам выйшла.)

Прадстаўнік асветы. Панове, панове! Ці ж гэтак можна?! Гэта ж кабета беларусінка, нічога супольнага з намі не мае!.. Бачыце самі, чаго беларусы хочуць?.. Польскай школы!.. (Кажа гэта з націскам.)

Жук. Ды гэта ж дурная баба!

Прадстаўнік асветы. Чаму дурная? Баба як баба.

Жук. Дубовая калода!

Прадстаўнік асветы. І не так, і не так!

Селянін 1-шы. Паночку, а цяпер дазвольце мне?

Прадстаўнік асветы. Прашу, але не кажыце глупства.

Селянін 1-шы. А вось паслухайце!.. Гэтую дурную бабу, як мне здаецца, купілі... І таму яна брэша, як пакаёвая сучка!

Прадстаўнік асветы. Выбачайце, як гэта купілі? Кажыце выразней, хто купіў?

Селянін 1-шы. Ды вам, паночку, лепш відаць! Але ж такой бяды, — нас не купяць! Кажу гэта за ўсю грамаду, давайце нам школы!..

Жук. Беларускія і яўрэйскія!

Хлапец 2-гі. Выпусціце з астрога нашых настаўнікаў!

Алеся (хаваючыся). І ідзіце да д’ябла з нашай бацькаўшчыны!

Рогат.

Прадстаўнік асветы. Хто гэта там жарты строіць! (Выглядаючы.)

Жук. Ды тут не жарты, а справа паважная! Школы!

Прадстаўнік асветы. Ну вас да ліха!.. Школы! Школы!.. Давайце будынкі — дамо школы! Хто дае хаты пад школы?

Усе. Я!.. я!.. я!..

Прадстаўнік асветы. Чакайце, чакайце! Не лапачыце, як сарокі! (Да селяніна 1-га.) Даеш?

Селянін 1-шы. У хляве буду жыць, а хату дзецям дам!

Прадстаўнік асветы (да селяніна 2-га). Даеш?

Селянін 2-гі. У клець перабяруся, а хата школе будзе!

Прадстаўнік асветы (да Ахрэма). Даеш?

Ахрэм. Пад чоўнам буду жыць, а хату дзецям дам!

Селянін 4-ты (нямы) у гэты час вылез наперад.

Прадстаўнік асветы (да яго). Даеш?

Селянін 4-ты (нямы) плюнуў у руку і шырока размахнуўся. Прадстаўнік асветы са страхам адхіснуўся, першы селянін стрымаў нямога за руку.

Селянін 1-шы. Ён, паночку, нічога не дасць, бедны!.. Аплявуху хіба даць можа!

Прадстаўнік асветы (да сакратара). Аднатуйце! Вашы прозвішчы?

Усе разам залапаталі.

Прадстаўнік асветы. Ды я нічога зразумець не магу! (Да 1-га селяніна.) Як тваё прозвішча?

Селянін 1-шы. Мацей Грак!

Прадстаўнік асветы. Як, Грак?

Селянін 1-шы. Але, Грак!

Прадстаўнік асветы. Што гэта — варона?

Селянін 1-шы. Ды не; грак — вялікая чорная птушка!

Прадстаўнік асветы (да 2-га селяніна). Тваё?

Селянін 2-гі. Сымон Лямех!

Прадстаўнік асветы. А гэта што?

Селянін 2-гі. Лямех — частка плуга!..

Прадстаўнік асветы (да Ахрэма). Тваё?

Ахрэм. Ахрэм Хмызняк!

Прадстаўнік асветы (да сакратара). Проша аднотоваць: Врона, Мех (смех) і Обіняк.

Ахрэм. Ды вы, паночку, не жартуйце! Тут справа паважная!

Прадстаўнік асветы. Выбачайце, справа зусім сур’ёзная!..

Хлапец 2-гі. Ну, цяпер ужо пэўна можна сказаць, што школы будуць!

Прадстаўнік асветы. Абяцаць напэўна не буду, але павяду гутарку з панам старостай, каб узгадніў вашу просьбу, але надзея зусім слабая!

У гэты час перад ім стала Марыся, якая нядаўна падышла і ўсё слухала.

Марыся (у гневе). Браты, сяляне! Дазвольце вам сказаць, што з гэтага нічога не будзе!.. Не толькі школы нашыя касуюць, але нішчаць усё наша роднае: школы — зачынены, настаўнікі — у астрозе, штоноч — арышты, прысуды на катаргу!.. Адмовімся ад ласкі паноў-апекуноў!..

Гоман.

Прадстаўнік асветы. Слухайце, паненачка! Я вас прашу пакінуць размову аб палітыцы!

Марыся. Не падабаецца?.. Праўда коле вочы?

Прадстаўнік асветы. Проша мільчыць!

Марыся. Даруйце! Не паслухаю!.. Сабраў гэтых абяздоленых сялян, падкупіў дурную бабу Макрыну і дым пушчае ўсім у вочы, што ў вас польская кроў, Польшча да Смаленска!.. Не, мой паночку! Польшча не да Смаленска, а да ракі Буга!

Прадстаўнік асветы. Вам трэба школы?

Марыся. Трэба.

Прадстаўнік асветы. Давайце будынкі!

Марыся. Я будынак дала, вам гэта ведама!

Прадстаўнік асветы. Дзе ён?

Марыся. Па смерці бацькі мне ў спадчыну дастаўся дом... Я хачу дом гэты аддаць пад школу, мне не даюць! А зямлю хачу аддаць ім...

Прадстаўнік асветы. Вы супроць уласнасці?!

Марыся. Кажу гэта перад усімі!

Прадстаўнік асветы. Значыцца, вы агітуеце за камуну?

Марыся. Так!

Прадстаўнік асветы. Я вам забараняю!

Марыся. Не забароніце! Праўда на нашай старане!

Прадстаўнік асветы (у гневе). Мяцежнікі, вон адсюль!..

Селянін 1-шы. Чакайце, пан! Як гэта, вон?.. З нашай зямлі?

Прадстаўнік асветы. А так, прэч!

Марыся. Самі ідзіце прэч, нахлебнікі!

Прадстаўнік асветы. Для вас не школы будаваць, а астрогі!

Падняўся агульны гоман.

Марыся. І гэта кажа прадстаўнік асветы, культурны чалавек!

Прадстаўнік асветы. Так, я культурны чалавек!

Марыся. Культурны жандар!

Прадстаўнік асветы. Хамы! Быдла!

Марыся. Культурны жандар!

У гэты час падняўся з месца сакратар, сярдзіта стукнуў па стале.

Сакратар. Праўда! Вы — жандар, шпег, хцівец!.. Я не хачу больш з вамі працаваць, бо ў вас няма праўды!.. Што вы мне казалі пісаць? Вам, кажа, школы будуць беларускія, а мне кажа ў пратакол пісаць, што ўсе далі згоду на школы польскія. Паланізатары, гвалтаўнікі! (Ён скінуў шапку, на якой быў белы арол, кінуў на падлогу, парваў пратакол і выбег. Агульны гоман.)

Марыся. А што, не мая праўда? Браткі, чулі?

Усе. Чулі!

Марыся. Няма нам чаго тут больш рабіць! За мною!

 

Усе выходзяць, пеючы:

 

Мы доўга цярпелі,

Цярпець больш не будзем...

 

 

Уся грамада адыходзіць, апроч нямога, які пачаў крычаць, схапіўшы ў руку званок, б'ючы ім па стале. Селянін 1-шы яго адвёў, і пайшлі.

Прадстаўнік асветы (застаўшыся адзін). Што ж цяпер рабіць?

Алеся (якая схавалася за плотам, выскачыла, скінула яму шапку). Шапку зняць! Марсельезу пяюць! (Пабегла.)

Прадстаўнік асветы (услед). Хамы! Быдла! (Дастаў з кішэні свісток, свішча.)

З’яўляюцца 2 салдаты.

Прадстаўнік асветы. Арыштаваць, арыштаваць дзяўчыну!

Салдаты пабеглі.

 

Заслона

 

 

Акт пяты

 

Кватэра Марысі.

 

Макрына (запальвае свечку). Звечарэла, і не агледзелася! Час бяжыць няўзнак! (Аглядаецца ў люстэрка, а потым пачынае пудрыцца.) Ліха ведае што ў мяне за нос, — разоў дзесяць набялю, а ён усё чырвоны! Пасыцела, папрыгажэла і па-польску гавэндзіць навучылася! «Овшэм, пане полкувніку!» — кажу я. «Овшэм, пані Макрына!» — адказвае ён. Любата, далібог, любата!

У гэты момант, крадучыся, увайшла Алеся і спалохала яе.

Алеся. Здаравенька была, пані ахмістрыня!

Макрына. Чаго табе трэба?

Алеся. Ці здарова?

Макрына. Хіба сляпая?

Алеся. Падкармілі паны?

Макрына. Падправілі! А ты гэта куды выстраілася?

Алеся. Да пана паручніка!

Макрына. Да каго? (Алеся адказвае.) Кінь дурыць, дзяўчына! Ці будзе ён гаварыць з табой?

Алеся. Чаму не будзе? Учора гаварылі, а сёння, бач, сюды запрасіў!

Макрына. Як жа ты будзеш гаварыць, калі па-польску не ўмееш?

Алеся. Нічагутка! Зразумее папросту: культурны ж чалавек!

Макрына. Як гэта культурны? Ты чаго, верціхвостка, лаешся!

Алеся. Ці ж я лаюся?

Макрына. Ты мне глядзі, а то я навучу, як шанаваць паноў! (Дражнячы.) Культурны, — ты сама культурніца, а ён не культурны! Пан!

Алеся. І ты, Макрына, ужо супроць мяне?

Макрына. Даўно ўжо пара! Цяпер, мая даражэнькая, хвост свой падтулі! Згінуў твой хаўруснік; грош табе цана!..

Алеся. Не ўспамінай, Макрына! Ні за што Ягор загінуў, уцякаў, бядак, ад жандараў польскіх і ў Нёмане ўтапіўся!..

Макрына. Самая адпаведная для яго смерць; не будзе, прынамсі, блытацца з Марысяй! Цяпер пан дазорца прыгорне яе да сваіх рук!.. Штодзень бывае — спявае ўсё пра каханне!..

Алеся. А яна?

Макрына. Што яна? Трошкі пакапрызіць і згодзіцца!

Алеся. Як ты ўпэўнена кажаш!

Макрына. А вось пабачым!

Алеся. Адзе ж Марыся?

Макрына. Зараз прыйдзе! Сёння ж хаваюць тую ўтопельніцу!..

Убягае Жук.

Жук. Вечар добры, пані ахмістрыня! (Вітаецца з ёю за руку.)

Макрына (уздаволена). Овшэм, браток, овшэм!

Жук. А я да вас, пані ахмістрыня!.. Краўчыха на хвіліначку вас просіць да сябе, сукеначку прымераць; заўтра ж фэст!..

Макрына. А-я-яй! А я і запамятавала, што заўтра гэтакае свята!..

Жук. Так зрабіце ж ласку, пане ахмістрыня, ідзіце!

Макрына. Цяпер ісці?

Жук. Прасіла зараз, чакае! (Адчыніў дзверы.) Рад служыць вам!

Макрына. Овшэм, зараз! (Да Алесі.) А ведаеш, Алесенька, якую я сукенку майструю ў краўчыхі?!

Алеся. Нябось па модзе, ды зякрастую!

Макрына. У вочы кідаецца, во! (Глянула праз дзверы.) Ды што ж гэта, на дождж так неба пачарнела?

Жук. І так, пані ахмістрыня, навальніца будзе!

Макрына. Ай, ай, якая хмара сунецца сюды! Скуль гэта яна?

Жук. З усходу, Макрыначка, з усходу!

Макрына. Хоць бы пярун не стрэліў!

Жук. Без гэтага не абойдзецца — стрэліць!

Макрына. Тады я вазьму хустачку!

Жук. Бярыце хустачку!

Макрына (акрываецца). Ты ж, Алеська, пільнуй хату, а я адскочу!

Алеся. З вялікай ахвотай! Не спяшайцеся, дагледжу!

Макрына. Дзякую! Хадзем. (Сама выйшла, Жук застаўся.)

Жук (да Алесі). Ну, Алеся, настаў рашучы час! Прайграем справу — загінем у астрозе! Амаль уся арганізацыя сядзіць...

Алеся. Ведаю, браток!

Жук. Мы толькі трое на волі засталіся!

Алеся. Не ўспамінай: балюча слухаць!

Жук. Усё дзякуючы яму! Эх, паганец!

Алеся. Не пускай на вецер слоў. (Глянула ў акно.) Ідзі на сваё месца, ён сюды ідзе!

Жук. Я за акном! (Пайшоў.)

Алеся. Ні на крок далей! (Агледзела акно, глянула ў бакоўку, а затым прыслухоўваецца.)

Уваходзіць афіцэр (п’яны).

Афіцэр. А!.. Каго бачу?.. Алеська... прыйшла!..

Алеся. А то як жа, абяцала ж на восьмую!

Афіцэр (глянуў на гадзіннік). Дзіўная пунктуальнасць. Што ж ты адна? (Сеў.)

Алеся. Як бачыце — адна!

Афіцэр. Тым лепш! Ты ў мяне прыгожка! (Туліць яе да сябе.) Пад сонцам вырасла, здаровая, як лёд, беларусінка!

Алеся. А вы не жартуеце?

Афіцэр. Я? Ды яшчэ ўчора пры спатканні я так упадабаў цябе, што і сёння чад у галаве сядзіць!

Алеся. Як разумець вас?

Афіцэр. Кахаю цябе!

Алеся (як бы з радасцю). Мяне?

Афіцэр. Так! Цябе!

Алеся. Ой, што я чую? Мяне, мужычку, упадабаў пан? (А сама хітра аглядае, як бы выцягнуць рэвальвер.)

Афіцэр. А ты што? Не верыш?

Алеся. Веру. Дый я... (Запнулася.)

Афіцэр. Ну, кажы! Кажы!

Алеся. Саромлюся...

Афіцэр. Ды кажы, дурненькая!.. Любіш?..

Алеся (не адразу). Люблю! (І закрыла вочы фартухом.)

Афіцэр. Алеся, гэта праўда?.. Любіш?..

Алеся. Усім сэрцам, так кахаю!

Афіцэр. Ну, а бацькі ў цябе ёсць?

Алеся. Няма, круглая сірата!

Афіцэр. А калі б я зажадаў цябе да сябе ўзяць — пайшла б?

Алеся. Скажыце — пайду!

Афіцэр. Ну, добра, я стану тваім бацькам, апекуном!.. Забяру цябе, беларусінку, пад сваё крыло, адойдзеш ты ад сваёй мовы, звычаяў, станеш нашаю, полькай!..

Алеся. Ой, як сэрца стукае!.. Ці верыце, я такая шчаслівая!..

Афіцэр. Веру, веру, мая дарагая! (Хоча пацалаваць.)

Алеся. О не, панок, пачакайце!

Афіцэр. Як гэта? Чаму?

Алеся. А так, адложым гэта на заўтра!

Афіцэр. А я маю імпэт сёння. (Зноў хоча пацалаваць.)

Алеся. О не, паночку, калі ласка, заўтра!

Афіцэр. Бач ты яе — упёрлася!

Алеся. У чужой хаце нялоўка, ля акна!.. Убачаць — людзі асмяюць!

Афіцэр. Ды што нам людзі!.. Мы тут гаспадары, мы, — разумееш?.. А над табою я... Алеся! (Развёў шырока рукі, абняў Алесю і хоча пакласці на канапу.)

Алеся крычыць: «Паночку, што вы робіце?!» — а сама выкрадвае рэвальвер. Афіцэр падняў яе на рукі. Хутка ўвайшоў Жук.

Афіцэр (убачыўшы яго, пусціў Алесю. Злосна). Ты чаго?

Жук. Да вас, паночку!

Афіцэр. Хам! Раней стукнуць трэба!

Жук. Ды я хацеў быў стукнуць! (Алеся дала знак маўчаць.)

Жук. Да вас па справе!

Афіцэр. Па якой?

Жук. Вас доктар кліча!

Афіцэр. Які доктар, дзе ён?

Жук. А гэты, што прыехаў на абгляд утопельніцы!

Афіцэр. Ды яе ж пахавалі!

Жук. Пакуль што не: там нешта з пярсцёнкам нядобра!

Афіцэр. Нічога не разумею!

Жук. І я кажу, пара б закапаць няшчасную ахвяру, а яны валэндаюцца! Дык што сказаць?

Афіцэр. Зараз буду! Алеся! Пойдзем разам ці будзеш тут?

Жук. А хату на каго пакінуць! (Адыходзіць.)

Афіцэр. Тады я адзін! Пачакаеш?

Алеся. Кроку не адыду!

Афіцэр (выходзячы). Алеся! Хто твой...

Алеся. Вы, толькі вы!

Афіцэр. Чакай! Праз хвіліну! (Пайшоў.)

Алеся (аглядзела рэвальвер). Крок наперад ёсць. (Адчыніла акно, ля акна Жук.)

Жук. Ну, і лоўка ж ты яго акалпачыла! Маладзец, хвалю!

Алеся. Не хвалі! Не люблю!

Жук. Кулі ёсць?

Алеся. Каб у жандара ды...

Жук. Ахрэм сюды ідзе.

Алеся. Пакуль што хавайся! (Зачыніла акно, а сама схавалася ў бакоўку.)

Уваходзіць Ахрэм.

Ахрэм. Ну, і каламут, радачкі не дам!.. Няўжо ж насільніку будзе воля? Кабеціну ўтапіў, настаўнікаў у астрог запакаваў, а сам гуляе!.. Алеся бегае, як учадзелая, а што з Ягорам? Ніхто не ведае. Каб хаця матачка найсвеншая, цьфу ты, зноў... і калі гэта я пазбудуся святых!

Алеся (у дзвярах). Гэп! (Схавалася.)

Ахрэм (спалохаўшыся). Матачка найсвеншая, цьфу ты, зноў! Во мара праклятая: яна тут!.. Маўчы, Ахрэм! Нешта мусі быць!..

Уваходзіць Макрына,

Макрына. А ты чаго, мядзведзь, прывалокся?

Ахрэм. Рукі апаласкаць прыйшоў.

Макрына (здзіўлена). Рукі апаласкаць? Ці табе мала вады ў Нёмне? Вымятайся адсюль! (Выпіхвае яго.)

Ахрэм. Чакай, чакай! Паслухай, што скажу!

Макрына. Не хочу нічога слухаць, прэч адсюль!..

Ахрэм. Але ж пакінь штурхацца, слухай, што я скажу: мяне вучыцелька прыслала.

Макрына. Вучыцелька? Пашто?

Ахрэм. Памінкі спраўляць будзем! Вось і гарэлка (дае бутэльку), а ты закуску дай!

Макрына. Па ком памінкі, што ты пляцеш?

Ахрэм. Па мне!

Макрына. Ты ж не памёр!

Ахрэм. Адыходжу!

Макрына. Куды ж гэта ты?

Ахрэм. Туды, дзе праўда жыве!

Макрына. Ты, дзед, ашалеў! Дзе ж лепшае жыццё, як тут?

Ахрэм. Гэта табе, а я пашкандыбаю!

Макрына. Ну, і ідзі да ліха! Апроствай хату!

Ахрэм. Павінен пачакаць вучыцельку!

Макрына. Тады не тупай, як мядзведзь! Слядоў не рабі, лапатнік!

Ахрэм. А ты хто, дзе твае лапці?

Макрына. Овшэм, ужо няма! Я ў боціках! (Вый-шла.)

Ахрэм (рагоча). Ой, ой, не вытрымаю, да чаго дайшла дурная баба! (Доўга смяецца, а потым падышоў да дзвярэй, дзе Алеська.) Алеся, Алеська! Адгукніся, параду дай, што рабіць! (Паўза.) Маўчыць Алеська! Як жа быць, сягоння ж трэба адыходзіць!

Уваходзіць афіцэр.

Афіцэр. А ты чаго тут?

Ахрэм. Па загаду вучыцелькі!

Афіцэр. А дзе яна? Там? (На бакоўку.)

Ахрэм. Ды не, там няма нікога!

Афіцэр. А з кім ты гаварыў?

Ахрэм. Сам з сабою!

Афіцэр. А ты не ведаеш, дзе гэта, ну, як яе, Алеська?

Ахрэм. Алеська?.. Якая?.. Не ведаю такой!

Афіцэр. Вось табе і гаспадар; пакуль звярнуўся — птушка ўцякла! Нездарма прыказка кажа: «За двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш!» А дзе ж вучыцелька?

Ахрэм. Зараз прыйдзе! Была на беразе, начальства аглядала тую ўтопельніцу!

Афіцэр. І што кажуць?

Ахрэм. Кажуць — утапілі!

Афіцэр. Ну, як гэта чалавека загубіць?

Ахрэм. Мала брыды ёсць?! Відаць, якісьці афіцэр сваю жонку ўтапіў, як гэта ў часе вайны шмат хто з іх рабіў!..

Афіцэр. Скуль гэта ведама? Хто казаў?

Ахрэм. Вучыцель казаў!

Афіцэр. Дарэчы, дзе ён зараз?

Ахрэм. Добра не ведаю! Як кажуць людзі, быццам бы, уцякаючы ад жандараў, утапіўся!

Афіцэр (пагражаючы). Кажы, гад, ты ведаеш!

Ахрэм. Кажу, паночку! Нічога не ведаю!

Афіцэр (схапіў яго за карк). Ну, хам, скажаш мне праўду? (Замахнуўся кулаком.)

Увайшла Марыся.

Марыся. Гэта што?

Афіцэр (пакінуўшы Ахрэма). Нічога! Рабіў допыт...

Ахрэм (убок). Вось чаму ў людзей сінякі!

Марыся. Тут не дэфензіва! (Да Ахрэма.) Ахрэм, вы ад допыту вольны! Будзьце ж ласкавы паклікаць да мяне Міколу!

Ахрэм. А дзе ён?

Марыся. А там, на вуліцы! Папрасі яго сюды і зараз жа назад!

Ахрэм пайшоў.

Марыся (да афіцэра). Хачу з вамі пагаварыць!

Афіцэр. Рад слухаць!

Марыся. Усе нашы культурныя сілы...

Афіцэр. Выбачайце, папраўлю, культурных сіл мы не чапалі, а бандытаў і экспрапрыятараў, праўда, пасадзілі!..

Марыся (перш змоўкла, а потым, цяжка дыхаючы). Сядзяць у астрозе дзякуючы вам!..

Афіцэр. Пры чым тут я? Агітавалі за камуну, таму і пасадзілі!

Марыся. Ягор загінуў!

Афіцэр. Хто ваюе, той і гіне!

Марыся. А як вы надумалі са мной?

Афіцэр сур’ёзна глядзіць на яе.

Марыся. Не рабіце такіх здзіўленых вачэй! Я скажу пра сябе смела! Я таксама камуністка!..

Афіцэр. Нічога, нічога! Ведаю!

Марыся. І вось, дзеля таго, што і мяне, як і другіх, могуць затравіць, я сёння ўначы з Міколам і Ахрэмам пры вашай дапамозе павінна перайсці граніцу!

Афіцэр. Вы туды не трапіце!

Марыся. Чаму?

Афіцэр. Вам там не месца!

Марыся. А дзе?

Афіцэр. Тут, у нас!

Марыся. Ваш план?

Афіцэр. Я хачу, каб вы пакінулі вальнадумцаў і пачалі жыць, як жадаў ваш бацька! Са мной!

Марыся. Пры ўмове, калі дом я аддам беларускай школе, а зямлю сялянам?

Афіцэр. Пры ўмове, калі і дом, і зямля будуць з вамі!

Марыся. Ясна! Цяпер я стаўлю пытанне рашуча: ці мне воля, ці вам, замест афіцэрскіх пагонаў, арыштанцкі балахон?

Афіцэр (грозна). Што?

Уваходзіць Ахрэм.

Ахрэм. Мікола тут, на лавачцы сядзіць! Сюды, казаў, не пойдзе!

Марыся. Усё роўна! Ну вось, Ахрэм! Дазвол на пераход мяжы Міколу і табе — ёсць!

Ахрэм. А вам?

Марыся. Не пускаюць! (Паказала рукою на афіцэра.)

Ахрэм (хітра). Паночку, даражэнькі, няўжо не пусціце, зрабіце ласку, пусціце! Паслухайце яе хоць дзеля мяне! Я ж пану такую важную паслугу ўчыніў, пярсцёнак падмяніў, што на руцэ ўтопельніцы!..

Афіцэр (тупнуўшы нагой). Мільч!

Марыся (перабіла). Лягчэй!

Ахрэм. І грошы назад аддам: яны ж вашы! Брудныя... агідныя! (Кінуў капшук пад ногі.)

Афіцэр. Як ты смееш? (Кінуўся да яго.)

Марыся (спыніла дарогу). Я не дазволю!

Афіцэр. Пусці! (Марысю адпіхнуў.)

Ахрэм (грозна). Ану, крані!.. Адно маё слова, і васпану — астрог! Кабету задушыў, мы бачылі! (Афіцэр анямела стаіць.) Сведкі ёсць, на ногі суд паставім! Вось не спалохаюся, іду і заяўлю! (Да дзвярэй.)

Афіцэр (рашуча). Стой!

Ахрэм. Не вас павінен я слухацца, а вось каго! Марыся, ваш загад?

Марыся. Ідзі на вуліцу і чакай!

Ахрэм. Добра! (Адыходзячы.) Бач яго, ён мяне... (Выйшаў.)

Афіцэр. Я хачу з ім пагаварыць. (Кінуўся да дзвярэй.)

Марыся (загарадзіла дарогу). Пачакайце!

Афіцэр. Што чакаць? Я не дазволю, каб хам, мужык зняважыў афіцэра!

Марыся. Які вы афіцэр? Вы — крыміналіст!

Афіцэр. Марыся!

Марыся (спакойна). Крыміналіст! Забойца!

Афіцэр (хапіўся за галаву). Якая знявага!

Марыся. Мэта нажывы, звярынае жаданне свежай крыві, гнілы патрыятызм — вось грунт вашага жыцця!

Афіцэр. Марыся!

Марыся. Тэстамент! (Грозна.)

Афіцэр. Адно толькі слова!

Марыся (грозна). Ні слова! Тэстамент!

Афіцэр. Я іначай мысліў!

Марыся. І я зраблю інакш, калі не паслухаеце мяне! Карыстацца фізічнай сілай, прыгнятаць сялян вам было можна, але ведайце, што скончыўся ваш гвалт! (Афіцэр дастае тэстамент. Марыся ўзяла.) А цяпер паклічце мне Ахрэма і Міколу і зараз жа назад! Я з вамі хачу прымірыцца.

Афіцэр (радасна). Марыся, і гэта праўда?

Марыся. Запомніць усё і не сварыцца!

Афіцэр. Марыся, ты — сама дабрата!

Марыся. Але ж ідзіце, а то будзе позна! Яны могуць заявіць!

Афіцэр. Іду, іду! (Пайшоў.)

Марыся (узяла ў рукі тэстамент). Вялікая чэсць табе, бацька, за працу на карысць чырвоных і ніякай чэсці, што ты аддаў мяне ў рукі несумленнага чалавека! Я зраблю інакш! (Парвала ў шматкі тэстамент, насыпала ў кілішак атруты і задумалася.)

Выскачыла Алеся.

Алеся (рашуча схапіўшы яе за руку). Марыся! (Тая спалохалася.) Што ты хочаш рабіць?

Марыся. Алеся, дарагая, я сама ведаю, што гэта не спосаб барацьбы! Але ж у крытычны момант разбірацца позна! Арганізацыя развалена, большасць у астрозе, пагібель нам. (Грозна.) Так няхай будзе пагібель і яму!

Алеся. Я не пазволю!

Марыся (здзіўлена). Чаму?

Алеся. Бо непуцёвы план!

Марыся. Дык што ж, на твой погляд, ён жыць павінен і мучыць нас далей! Ну, што ж: няхай будзе наадварот! Смерць мне! (Пераставіла кілішак.)

Алеся (рашуча). І гэтага не будзе! Мы жыць павінны, а ўцякаць ад жыцця — сорам.

Марыся. Ну, зразумей жа ты, што цяжка далей змагацца!

Алеся. Што пляцеш: ты ж не адна, нас многа! (Падбегла да дзвярэй, стукнула ў далоні.)

З галоўных дзвярэй выскачыў Ягор, ён апрануты, як партызан.

Марыся (ускрыкнула). Ягор!

Ягор. Марыся, дарагая!

Марыся. Ягор, жыў?

Ягор. Бачыш, жыў!

Алеся. А цяпер будзь гатова да сустрэчы з ім, ён сюды ідзе. (Рашуча.) Ягор, сюды!

Ягор дастаў рэвальвер, стаў ля Алесі; у яе таксама ў руках рэвальвер.

Марыся. Што вы надумалі рабіць?

Алеся. А вось пабачым!

Ягор. Мы мёртвую пятлю развяжам!

Марыся. Страшна мне!

Ягор. Марыся, больш адвагі! (Паўза.) Сорам так казаць!

Уваходзіць афіцэр.

Афіцэр (не бачачы Алесі і Ягора). Яны ісці не пажадалі, казалі, што некага чакаюць! Ты не ведаеш каго? (Паўза.) Каго?

Ягор (рашуча). Яны мяне чакаюць!

Афіцэр (глянуў). Гэта хто?

Ягор. Не спазналі?! Нябожчык з таго свету!..

Афіцэр. Вучыцель!

Ягор. Я!

Афіцэр. Ага, так вось што гэта значыць. Здрада! (Да Алесі.) Змяя! (Кінуўся да іх.)

Ягор. Ні з месца, а то лоб расшчаплю! (Наставіўшы рэвальвер.)

Алеся (наставіўшы рэвальвер). Папаўся краб у сеці!

Уваходзяць трое партызан і між імі Жук. Усе ўзброеныя.

Ягор. Вось ён!

Афіцэр. Хто гэта?

Жук (выйшаў наперад). Мы — партызаны.

Афіцэр. Партызаны! Ворагі дзяржавы Польскай! Варта! (Хапіўся за кабуру.) Дзе мой наган?

Алеся. Ваш наган у мяне!

Жук (дае каманду ў дзверы). Хлопцы! На коні, а вы ўпярод!

Афіцэр (пра сябе). Як жа быць?

Жук (грозна). Ўпярод! (Яшчэ мацней.) Ўпярод! (Узяў афіцэра за карк і выпхнуў за дзверы; за ім выйшлі двое партызан. Жук застаўся.)

Ягор. А цяпер наша чарга. Марыся! Больш жыцця, праз ноч мы будзем пад чырвоным сцягам!

Алеся. Пад сцягам Сярпа і Молата!

У гэты час Жук махнуў у дзвярах рукой, раздаўся выстрал.

Марыся. Ах! Што гэта?

Жук. Партызанскі прыгавар.

Алеся. Туды яму і дарога!

Ягор (да Марысі). Пайшлі!

Алеся. У Савецкую Беларусь!

 

Усе выходзяць.

 

Заслона


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан