epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Ліпавічок

П’еса ў адной дзеі

 

Вясковая хата: з аднаго боку акно, можа быць і два, напроці акна — дзверы. Дзед і баба заняты работаю.

 

Баба (пяе).

 

А калі ж ты памрэш,

Дзядок ты мой?

А калі ж ты памрэш,

Сівенькі мой?

 

Дзед (пяе).

 

У нядзелю, бабка,

У нядзелю, любка,

У нядзелю, сівая галубка мая.

 

Баба.

 

А пры кім ты мяне пакінеш,

Дзядок ты мой?

А пры кім ты мяне пакінеш,

Сівенькі мой?

 

Дзед.

 

Пры людзях, бабка,

Пры людзях, любка,

Пры людзях, сівая галубка мая.

 

Баба.

 

А людзі будуць мяне крыўдзіць,

Дзядок ты мой,

А людзі будуць мяне крыўдзіць,

Сівенькі мой.

 

Дзед.

 

Бараніся, бабка,

Бараніся, любка,

Бараніся, сівая галубка мая.

 

Баба.

 

А чым жа буду бараніцца,

Дзядок ты мой?

А чым жа буду бараніцца,

Сівенькі мой?

 

(Плача, фартухом вочы закрывае..)

Дзед.

 

Кіем, кіем, бабка,

Кіем, кіем, любка,

Кіем, кіем, сівая галубка мая!

 

 

Абое плачуць.

 

Баба (плачучы). Наша ўжо доля такая... і старасць цяжкая, бо бог дзетак нам не даў.

Дзед (выціраючы вочы рукавом). Кінь, баба, ужо, пэўна, мы нягодныя ў бога, і за тое мы іх не маем.

Баба. А можа, і горай было б з дзяцьмі?

Дзед. Трэба было б гадаваць, карміць, адзяваць, а і шмат цярпець ад іх.

Баба (уздыхае). Але ж, пэўна, лепей, каб дзеці былі? (Кідае работу, паволі падыходзіць да акна.) А вунь нехта ідзе, глянь, дзядок, проста да нас ідзе!

Дзед (падыходзіць да акна і ўглядаецца). Здаецца, Цярэшка?

Баба. Цярэшка! Цярэшка!

Дзед і баба (пяюць).

 

А Цярэшка чаху, чаху,

А што ў цябе ў мяху, ў мяху?

 

Цярэшка (за сцэнай).

 

Шпілечкі, голачкі,

Залатыя пярсцёначкі,

Чырвоны каралічкі —

Для дзевачак забавачкі.

 

Дзед і баба.

 

А Цярэшка, Цярэшанька,

Цераз двор дарожанька,

Бітая, таптаная,

Для гасцей прыбраная.

Захадзі, Цярэшка, захадзі.

 

Цярэшка. Пахвалёны Езус!

Дзед і Баба. Навекі! Навекі!

Баба. Дзе госць, там і бог ёсць.

Дзед. Заходзьце бліжэй, бліжэй.

Баба. Як чалавек чужы зойдзе, тады ёсць з кім пагутарыць і гора сваё развесяліць.

Цярэшка. А што ж у вас за гора?

Дзед. Гора, ой, гора! Вось старасць падышла, а бог дзетак нам пашкадаваў на падпору нашай старасці.

Цярэшка. Вы так хочаце дзяцей, а мо яшчэ бог і дасць.

Дзед. Сядайце, браток, сядайце.

Цярэшка. Але ж я гасцінчыка для вас прынёс. (Выбірае з торбы і паказвае, а дзед з бабай прыглядаюцца.) Вось каральчыкі, шпілечкі, гузічкі, напарстачкі...

Баба (перарывае яго, хапаючы драўняную ляльку). А гэта што?.. Што гэта?

Цярэшка. Гэта лялька драўняная, а не звычайная, бо калі паложыш у калыску і пачнеш калыхаць — зробіцца жывое.

Дзед і Баба. Жывое? Жывое?

Цярэшка. Так, жывое. І гэты падарак вам прынёс, бярыце і весяліцеся. (Аддае бабе ляльку.)

Дзед і баба. Дзякуем, дзякуем!

Дзед. Сядзьце, суседзе, адпачніце. (Да бабы.) А ты, баба, прыгатуй закуску, а я зараз прыйду. (Выходзіць.)

Баба (прыгатаўляе закуску). Скажыце, суседзе, мо чуў што важнае, ідучы па свеце?

Цярэшка. Эт, усюды тое самае: ціха ліха і дабра нідзе няма.

Дзед (уваходзіць). Вось і гарэлка ёсць, каторая нас развесяліць, а ты, бабка, давай закуску.

Баба ставіць чаркі і закуску на стале, сама ідзе і ляльку калыша.

Дзед (да Цярэшкі). Кумок, падсоўвайся бліжэй да стала, трошкі вып'ем і закусім.

Цярэшка. А чаму ж кумка не йдзе? Кіньце ляльку, яшчэ нацешыцеся даволі, пара будзе.

Дзед ідзе да бабы і цягне да стала, выпіваюць адзін да другога.

Усе (разам).

 

На здароўе, кума!

На здароўе, на здароўе!

На здароўе, на здароўе!

 

Цярэшка. Добрая гарэлка, аж цяплей і весялей стала.

Дзед. Аж пяяць захацелася. Бабка, заспявай нам!

Баба (пяе).

 

Ты мой дзед, ты мой дзед,

А я твая бабка.

Шануй мяне, гадуй мяне,

Каб я была гладка!

 

Дзед (пяе).

 

Шанаваць буду,

Гадаваць буду,

А як смерць прыйдзе,

Паміраць буду.

 

Баба.

 

Мой міленькі, мой старэнькі,

Агляніся ды не паваліся:

У куце кіёчкі стаяць

Па галованьцы могуць даць.

 

(Уцякае, а дзед даганяе.)

Дзед.

 

Хоць я і павалюся,

А за бабай паганюся,

Хоць я і ножанькі зламлю,

Сваю бабаньку даганю.

 

Цярэшка (пяе).

 

Гуляйце, старыя, цяпер,

Пакуль няма маленькіх дзяцей,

Як будуць малыя дзеці,

Не захочаце глядзеці.

 

Баба. А! Ліпавічок як там?

Дзед. Досыць ужо гуляць, а калыскі трэба шукаць. (Выходзіць за дзверы.)

Баба. Але! Борздзенька пастарайся. (Калыша Ліпавічка на лаўцы.)

Дзед (прыносіць калыску). Вось і калыска ёсць! (Нясе да стала.)

Баба. Нясі сюды!

Дзед. Не, ля стала прыгажэй будзе!

Баба (цягнучы калыску). Сюды! Каля печы цяплей будзе.

Дзед. Знаеш ты! Каля стала харашэй будзе!

Баба. Знаеш! Знаеш! А пэўна знаю. Гэта жаноцкая рэч.

Дзед. Жаноцкая, жаноцкая! А мужчынская гэта не? Ну, пусці!

Баба. Пусці, пусці!

Дзед з бабаю цягнуць калыску.

Цярэшка. Пусці, дзед. Гэта жаноцкая рэч.

Дзед пускае калыску, а баба цягне яе да печы.

Дзед. Маеш, цягні, калі гэтак хочаш, цягні, цягні.

Баба ў калысцы калыша ляльку, сеўшы сама па зэдлічку.

Цярэшка. А ўжо пэўна мне час збірацца ў дарогу, бо яшчэ шмат маю абходу.

Баба. Гэта ўжо нас адных пакідаеш?

Цярэшка. Не адных, бо Ліпавічка маеце, толькі калышыце і гадуйце, а будзе вам вясёла. (Складае свае рэчы у торбу.) А дзе ж мая шапка? (Развітваецца з дзедам.)

Дзед. Няхай бог дае вам здароўя і шчасця ў жыцці вашым, дзе пойдзеце — няхай дарожка парасце мяккім мохам, а дзе ваду будзеце піць — хай мёдам стане.

Цярэшка (кланяецца бабе). Бывайце здаровы! (Выходзіць.)

Дзед і баба. З богам, з богам! (Дзед выпускае Цярэшку, прыходзіць і сядае каля бабы. Абое калышуць і пяюць.)

 

Люлі, люлі, люлі,

Прыляцелі куры,

Селі на варотах,

У чырвоных ботах.

Сталі сакатаці,

Што курачкам даці?

Ці бобу каробу,

Ці ячменю жменю,

Ці жыта карыта,

Ці гароху троху?

Люлі, люлі, люлі,

Усе курачкі паснулі,

Паснулі і курчаткі Пад крыльцамі маткі.

Спі ж ты, дзіцянятка,

Спі, мой небажатка!..

 

Невялікая паўза.

 

А ты, коцю, вон, вон,

На малога сон, сон!

А ты, коцю, не бурчы,

А ты, малы, спі, маўчы.

— Я не бурчу, не скачу,

Па сваёй бядзе плачу.

 

У калысцы чуецца голас.

 

Бабка мядок злізала,

На мяне, катка, сказала.

 

Дзіця І. Ку-а, ку-а, ку-а!

Дзед. Глядзі, жывое! Жывое! (Выцягвае і бярэ на рукі.) Якое харошае, якія ручкі...

Дзіця ІІ. Ку-а, ку-а, ку-а, ку-а!

Дзед (аддае бабе дзіцятка). Бяры, баба, трымай. (Цягне другое і выносіць на руках на сцэну.) А гэта яшчэ прыгажэйшае, якія вочкі — як васілёчкі.

Дзіця ІІІ (плача). Ах-ах-ах...

Баба, кінуўшы першае, бяжыць па трэцяе і выцягвае.

Дзіця IV (плача). Ах-ах-ах, ха-ха-ха-ха.

Дзед выцягвае.

Дзіця V. Мама!

Баба. Хадзі, дзетка, хадзі. (Цягне.)

Дзіця VI. Тата!

Дзед. Зараз, зараз. (Цягне.)

Дзіця VII. А я ўжо і сама вылезу! (Само вылазіць.)

Дзед. Ужо гэтаму і канца не будзе! (Бярэ і скора выносіць калыску.)

Баба. Дзеткі мае даражэнькія, а дзе ж мне вас дзець?

Дзед. А што, бабка, маем шмат дзяцей?

Баба. Ужо нават і зашмат.

Дзед. Скуль вы ўзяліся?

Баба. А скажыце, мае дзеткі, як вы называецеся?

Дзіця І. Я называюся Гэлька.

Дзіця ІІІ. Я называюся Стаська.

Дзіця ІІ. Я называюся Зоська.

Дзіця IV. Я называюся Міхась.

Дзіця V. Я называюся Геня.

Дзіця VI. Я называюся Юзя.

Дзіця VII. Я называюся Марылька.

Баба. А дзе вы прабывалі?

Марылька. Мы прабывалі ў лесе, дзе птушкі харошыя песні пяюць, а вецер харошыя казкі расказваў.

Дзед. Пакажыце, што вы ўмееце, пагуляйце.

Геня. Пагуляем, пагуляем.

Усе (робяць кола). Пагуляем, пагуляем. (Пяюць.)

 

Камар лазню тапіў,

Муха парылася.

        Дылі, дылі, го-ца-ца,

        Ой, дыль, дыль, го-ца-ца!

З палка звалілася,

Насмерць забілася.

        Дылі, дылі (і г. д.)...

Блыха добрай была,

Запрагае ката.

        Дылі, дылі (і г. д.)...

Едзе ўміг па папа,

Крывапіўца клапа.

        Дылі, дылі (і г. д.)...

А поп часу не мае...

Прусака спавядае.

        Дылі, дылі (і г. д.)...

 

Дзед. Праўда, умееце хораша гуляць.

Гэлька. Мамка, есці, дай есці! (Цягне за фартух бабу.)

Усе. Есці, есці, мамка, дай есці!

Баба. Зараз, дзеткі, зараз, толькі згатоўлю.

Міхась. Тата, раскажы казку.

Усе. Казку, казку, тата, раскажы!

Дзед. Добра, дзеткі, раскажу. (Сядае на столку, а дзеці навокал, пачынае казку.) Быў дзед і баба... (І так далей расказвае.)

Двое дзяцей б’юцца.

Марылька. Тата, яна б’ецца!..

Стаська. Яна шчыплецца!..

Дзед (кідае адно дзіця з каленяў). А ці вы ціха не будзеце? А дзе ж мая дзяжка? (Адпаясвае дзяжку і хоча біць.)

Стаська і Марылька. Татка, татачка, не будзем, даруйце, татачка.

Дзед. Ну, глядзіце, каб гэтага болей не было.

Зоська. Лепей мы паскачам.

Усе. Паскачам, патанцуем, паскачам!

Парамі танцуюць польку, адно без пары круціцца ўсярэдзіне. Вясковыя хлопцы і дзяўчаты выглядаюць праз акно, шмат уваходзяць у хату.

Хлопец І. Дзядзька, цётка, скуль у вас так шмат дзяцей?

Дзяўчынка І. Дзядзька, цётка, скуль столькі дзяцей?

Хлопец І. Танцуюць і нічога не чуюць.

Хлопец ІІ. Дзядзька, цётка, чуеце?

Дзяўчына ІІ. У старых цяпер вясёла.

Усе збіраюцца ў адно месца і пяюць «чачотачку» — тры або чатыры звароткі.

 

Заслона


1927-1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан