epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Ліст у рэдакцыю

Да вас, працаўнікі Другой беларускай трупы, звяртаюся я са шчырай падзякай за ўсю тую працу, якую выпаўнілі вы за ўвесь час існавання трупы.

За тры гады безупыннай працы сярод захалуснага грамадзянства вы зрабілі вялікую працу, пра якую забыцца не можна. Вы працавалі, не адчуваючы змогі, вы працавалі і дзень і ноч. Дзень для вас — праца ва ўстановах, а ноч — сцэна...

Для сцэны вы аддавалі свой адпачынак, якога не ведалі за ўвесь час працы на сцэне.

Вялікія вашы заслугі ў тым, што вас не пужала дальнасць клубаў, вёсак, куды трэба было хадзіць пехатою па гразі і па снягу, несучы на сабе цэлыя вузлы патрэбнага рэквізіту.

Вы ішлі да тых людзей, да якіх не ішоў ніякі тэатр. Ваша праца была паміж рабочых і сялян, якім умовы жыцця не дазвалялі бываць у тэатрах горада. Вы служылі народу, якому раней быў свет закрыт.

Вы былі паміж гэтых рабочых рабочымі і мастакамі. Ён вас заўжды разумеў і сэрцам аддаваўся да свайго быту, які бачыў на сцэне.

Там, дзе смяяліся вы, смяяўся і ён, там, дзе плакалі вы, плакаў і ён.

Аб вашай працы нічога не кажа клас нэпа, бо для яго вы не жылі, але аб вас загамоне фабрычны рабочы, які ўдзень разам з вамі працаваў за станком, а ўвечары ішоў у сцены клуба пабачыць п’есу, якая вучыла яго сучаснаму жыццю.

Вялікае слова аб вас скажа селянін Беларусі, якога вы таксама не абміналі.

176 спектакляў вы далі ў 1921 годзе і 122 спектаклі ў 1922 г. Гэта праца... І вось за вашу шчырасць, за цярплівасць я дзякую вам і смела скажу: працуйце, лепшая доля за намі.


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан