epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Марымонавы сабакі

Хоць і цяжка жылося Марымону, але — ці то з дабраты сэрца, ці такі ўжо звычай меў — прыплоду ад сваёй жывёлы ніколі не пазбываўся. Гаспадарка Свяжынскага не надта крэпкая была: старая кабыла ды сука рабая; але і з гэтай Марымон прыждаў прыбытку: васьмёра шчанятак. І хоць раілі суседзі звесці гэтых дармаедаў, той ані блізка. «Хай качаюцца», — кажа. І праўда: падкачаліся брахуны, і — на што тое — добра таргавала матка, а дзеткі яшчэ лепш: ані прайсці, бывала, каля бабыля.

Вось неяк пад восень (бадай, баб’ім летам), у святочны дзень сядзеў наш Марымон на прызбе і, пыхкаючы люльку, грэў свой, як дуля, нос і ўглядаўся ў дарогу. Ажно бачыць, плыве з-пад суседняга двара панава цешча. Сунецца, прыкрываючыся чырвоным парасонам, сама тоўстая, як кадзь, спадніца, як туга набітая абручамі, сядзіць на ёй; а капялюш, капялюш! Такога і з роду Марымон не бачыў. Ліха надало падкруціцца тут рабой сучцы са сваёй дружынай, і мусіць-то і ім гэты капялюш кальнуў у вока, — быццам перакуленая ражка з-пад іхняй яды: калі ўлягуць за паняй, толькі пыл закурэў. І не агледзеўся Марымон, як парасон, каторым спрабавала было бараніцца паня, паляцеў у шматочкі, а пакуль дабег бараніць, тая ўжо, завярнуўшы аглоблі, часала ва ўсе лапаткі пад двор.

«Скуль толькі хада ў яе ўзялася? Мусіць-то спусцілі сабакі абрысы гэныя?», — думаў, чэшучы патыліцу, Марымон. А часаць патыліцу было чаго: як стой, прыпрэ пан — будзе каша! Яшчэ, чаго добрага, на месяцы два дармовай харчы і кватэры ўлепіць!

Толькі гэта звечарэла, так яно і ёсць: коціць пан да Свяжынскага, а ў таго блохі ўжо падохлі.

— Твае гэта сабакі далі пытлю маёй цешчы? — пытае, увайшоўшы ў хату пан.

— Мае, паночку, мае, каб іх воўк так патлаваў, — адказвае, збедзіўшыся, Марымон.— Я іх у адседку ўжо пасадзіў.

— А ці не можна было б то глянуць, якія там яны? — зноў пытае пан.

— Чаму не можна — хоць зараз, — кажа Марымон і, выйшаўшы ў сенцы, выпусціў з загародкі сабак на двор.

Доўга ўглядаўся пан праз акно, як завіхалася рудая сучка, абнюхваючы чужы след, як упрыскочкі за ёю кідалася на ўсе бакі сямейка яе, а пасля і кажа да Свяжынскага:

— Слухай, братка, прадай мне іх, добрыя грошы дам.

Глядзіць Марымон, высалапіўшы вочы. «Кпіць пан, ці якое ліха?» — думае сабе. А пан ізноў да яго:

— Ну, што тут доўга думаць? Суседская справа. Во табе за правадырку траячку ды і за гэтых тузганцоў па рубліку ад хваста. Хіба крыўды не будзе. Сып малых у мех ці ў карзіну якую і валачы ў двор; сука сама за імі паляціць.

— Кпіны ці не? — думае здзіўлены Марымон.— Але калі добрыя грошы даюць, чаму не браць?

І, згробшы іх у капшук, зняў з калка мех, паўпіхаў у яго шчанюкоў, закінуў на плечы і цягне з панам у двор. Але ў дарозе не вытрымаў Марымон:

— Паночку, — кажа, — выбачайце, што буду пытаць. Мае ж сабакі ні да птушак складу не маюць, ні яны ганчакі, дык нашто ж вам гэта воўчае мяса? Яшчэ зноў напудзяць пані? І так мо зашкодзіла?

— Зашкодзіла? — не звальняючы кроку, запытаў пан.— Памагло, Марымонка, памагло! Вярнуўшыся пасля гэтай лазні, цешча і кажа да мяне: «Каб у двары былі гэтыя Марымонавы звяры, і ні аднаго дня не ўседзела б тут!»


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан