epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Мастацтва — у шырокія масы працоўных

Дыктатура пралетарыяту дала надзвычайна шырокія магчымасці для выяўлення творчых сіл працоўных. Мастацтва стала справай мільёнаў. Усесаюзны з’езд пісьменнікаў, які нядаўна адбыўся, з’яўляецца лепшай дэманстрацыяй агромністай цягі мільённых мас да культуры, да мастацтва.

Ленін падкрэсліваў неабходнасць выяўлення здольнасцей і талентаў працоўных, якія раней капіталізм душыў бязлітасна. Палітыка партыі і Савецкай улады ў справе культурнага будаўніцтва базуецца на ўсямерным разгортванні творчасці тэатраў — мастацкіх агітпропаў партыі. Адным з такіх агітпропаў з’яўляецца 3-ці беларускі тэатр.

Успамінаю сваё юнацтва, першыя крокі самастойнага жыцця, калі аб тэатры і наогул мастацтве я мог толькі марыць. Памятаю, у 1896 г. за грошы, заробленыя ад выгрузкі дроў, я купіў білет на галёрку ў мінскі гарадскі тэатр. У зале была расфуфыраная публіка, чыноўнікі ў фраках, дамы ў шаўках з ларнеткамі ў руках і мігцелі брыльянтамі.

Мяне не цікавіла зала, увага мая была накіравана на занавес, за якім хавалася нешта новае, невядомае. Трэці сігнал. Занавес пайшоў угору. Перада мной артыст. Слова. Дзея. І тут у мяне ўзнікла думка стаць артыстам. Я пачынаю рыхтаваць дзіцячыя паказы, збіраю сваіх таварышаў-школьнікаў, пішу п’есы, афармляю іх.

У 1920 г., пасля вызвалення Беларусі ад белапалякаў, з трупай рабочых і вучнёўскай моладзі я арганізаваў калектыў, які паставіў сваёй мэтай абслугоўваць працоўнае жыхарства акраін, паселішч і вёсак БССР.

Мае думкі ператварыліся ў жыццё. Калектыў панёс мастацтва ў масы. Ніякія цяжкасці не супынілі яго работы, яго талентаў. Калектыў рос, мацнеў, знаходзячы падтрымку і аснову свайго росту ў цесным набліжэнні да працоўнага гледача. Гэтага гледача ён знаходзіў на полі, на фабрыках, заводах, шчыльна прыблізіўся і да Чырвонай Арміі.

Зараз, калі набліжаецца 15-гадовы юбілей нашага тэатра, на карце БССР няма раёна, дзе не пабываў бы БДТ-3.

За гэтыя гады тэатр вырас у моцную мастацкую адзінку. Тэатр разам з усімі тэатрамі Савецкай Беларусі змагаецца за стварэнне мастацтва бальшавізму, за будаўніцтва культуры — сацыялістычнай па зместу, моцнай па форме.


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан