epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Мінулае

Ледзь толькі сонца паказалася над сонным борам, як на высокую байніцу старога замка вывесілі чорны сцяг.

Памёр князь. «Князь памёр», — трывожна перашэптвалася замкавая стража. «Князь памёр», — казалі гэта суседнія замкавыя жыхары.

У капліцы старадаўняга замка ўсе абразы былі ўжо апрануты ў чорныя чамары і духоўнік, прыпаўшы на каленкі, маліўся ад усходу сонца за душу князя.

У склепе, дзе было месца сховы памёрлых князёў, падлога была высыпана елкамі, а ў векавечным лесе князёўскія слугі пілавалі вялікі дуб — на дамавіну для князя.

Дамавіна была непамерна цяжкая і вялікая і ўспамінала не столькі дамавіну, як човен. Гэты векавечны дуб памятаў князя маленькім, затым хлапцом і старым. Гэты векавечны дуб не раз быў сведкай, калі князь у дзень пагодны праходзіў пад цень са сваёй каханкай... Чуў дуб, як білася сэрца князя, чуў дуб, што казаў князь. Памёр князь, скончыў сваё жыццё і дуб... Дзве магутныя сілы не жылі ў адзін дзень... Буйна жыў князь і доўга-доўга канаў... У часе гарачкі, асабліва калі падыходзіла ноч, князю з’яўляліся ўсе перажыткі былога ўладарнага жыцця...

Вось быццам-то ў дзень пагоднага лета ён едзе дарогай праз жытняе поле; жыта, як чай, кланяецца ў пояс князю і ўхваляе вялікае імя яго. Едзе ён праз вёску, сяляне, панурыўшы галовы, пужліва спатыкаюць князеву карэту і, жагнаючыся, адыходзяць сваёй дарогай. Мігацяць у князевых вачах абразы. Пагоднае неба засцілаецца чорнай хмарай, надыходзіць ноч. Праз вялікае акно быццам-то свецяць зоркі і ўглядаюцца на князеў твар.

Спахмурнелы твар яго. Кожная жылка на закамянелым твары налілася крывёй... Перад вокнамі растуць векавыя вербіны, далёка распусціўшы крывыя галіны ва ўсе бакі. Чарнеюць вароннія гнёзды... Калышуцца вербіны... а князю здаецца, што нейкія затаемныя цені кратаюцца і падыходзяць да акна...

— Хто вы? — дзіка азіраючыся, пытаецца ён.— Дзе бачыў вас? Чаму так страшна вы пазіраеце на мой пахаладзелы твар?

— Мы...— адказалі цені.— Мы цені душ, загубленых табой... Ты памятаеш, князь магутны, як твой слуга падстрэліў нас, як ехалі мы дамоў ад шлюбу разам з ёю... Ты сам не важыўся заліць крывёй нас, бедакоў, а загадаў слузе...

— А нас ты пазнаеш? — шапацелі цені.— Мы тыя канюхі, што ў час твайго вяселля не ўстрымалі коні і далі ім разбегчыся замнога, і праз гэта былі засечаны нагайкамі...

— А нас, а нас, — усё падыходзілі другія цені, — памятаеш? Мы твае слугі... За што ты абяздоліў нас, за што прымусіў нас пакінуць свет?

Начная ціш парушаецца дзікім крыкам. Князь падняў на ногі ўсіх... Тут дзеці, жонка, духоўнік, доктар, слуга... Прывід знікае, князь пужліва паводзіць вачыма па акне, адкуль свеціцца, як дыямент, зорка.

На раніцы канец быў мукам... Буйнае жыццё — скончылася... Смерць узяла сваё.

 

 

* * *

 

Князь у дамавіне. Стары векавечны дуб абняў пахаладзеўшае цела князя. Дамавіна пастаўлена ў склеп радком з другімі нябожчыкамі князямі...

Духоўнік заканчвае малітву, і склеп зачыняюць. Плач блізкіх князю людзей разлягаецца па падзямеллі, і настае магільная ціша.

 

 

* * *

 

Праходзяць цэлыя вякі, мяняюцца ўладары зямлі, а склеп, наглуха запячатаны, служыць месцам супачынку князёў вялікіх...

Не далятае туды ні звон з байніц старых, ні голас чалавека, ні вецер буйны...

Спяць беспрабудным сном былой мінуўшчыны валадары, і толькі ў казках ды ў песнях сумных успамінаецца аб іх учынках.


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан