epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Мінуўшчына

Заглох і апусцеў стары сад. Затаіўшы нуду аб мінуўшчыне, стаіць ён, як знак пракляцця.

Высока, пад сінім небам спляліся галінамі калматыя ліпы, украпаныя чорнымі гнёздамі варання, хрыплы крык каторага аддаецца цяжкім рэхам ад рання да вечара.

Паміж зеляніны стаіць, апёршы страху на высокіх слупах, дом, быццам высахшы старац.

Нудна і нават шорахна глядзець на колішняе месца жыцця, сілы і прагавітасці. Нават зелень плакучых бярозак нікне, адбіваючыся на трухлявых сценах.

Дзе ж падзеліся багатыры і іх бязмежнае права?

— Няма іх, няма! Адкрасавалі, — шапаціць вецер між зялёных кустоў.— Адкрасавалі, як тыя краскі, што красавалі тут калісь.

Цяпер толькі сівы палын, здружыўшыся з крапівой, запанаваў і заглушыў усё ўшчэнт.

Пакінут дом, пакінут сад, няма і следу, што тут было паўвеку назад.

Яшчэ пры жыцці нябожчык гаспадар пад шумок адпаліваў такія штукі, што і цяпер душа халаднее, каму ўсё тое хоць крышку ў памяці засталося... Без працы, без клапот правалок ён тут сваё пустое жыццё. Толькі старушка гаспадыня, калі, бывала, кране яе сумленне, убівалася і замалівала свае грахі. Але не дайшлі малітвы: застыгалі на месцы, а час бег, — пара прыйшла, ударыў гром: сільны і праўдзівы; растрос і разагнаў каго куды, быццам туман у полі, і з той пары змоўк сад, заціх вясёлы дом, зрабіўся падобны на халодную магілу. Цяпер тут толькі чутно, як гукаюць совы, мітусяцца кажаны ды дробны дожджык шапаціць, што мінуўшчына не вернецца назад.


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан