epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

На кірмашы

На шырокім шляху, каля хаты сядзельца, і справа, і злева гусценька стаялі падводы, прыехаўшыя на кірмаш.

Як машына чакае званка, так усе гаспадары, выйшаўшы пасля абедні з царквы, чакалі той хвіліны, калі пан сядзелец адчыніць дзверы і задаволіць іхняе жаданне прагнаць смагу.

Але, як на ліха, дзверы не краталіся, а смага горш і горш данімала ўсіх.

— Што за ліха? — пыталіся адзін у другога сяляне.— Час прайшоў, а дзверы замкнуты. Захварэў ён, ці што?

Маруднасць сядзельца грызла ўсіх, а больш маркоціўся шчыры прыхільнік бутэлькі, Міхась Чарнагуз.

Седзячы на возе недалёчка ля дзвярэй, ён з неспакою дзесяты ўжо раз пераслібізаваў вывеску, пералічыў, колькі было літар на ёй, і нарэшце пачаў лічыць дошкі ў футраных1 дзвярах.

Толькі справіўся пералічваць у адной палавіне і перайшоў да другой, аж бач, яна са скрыпам адчынілася, і апоўзлая хвігура сядзельца паказалася ў дзвярах.

Як апараны, сарваўся з воза Міхась і пабег у манапольку, а за ім, як авечкі, і другія. Дзверы не зачыняліся. Адзін вылазіў, а на яго месца дзесяць старалася ўлезці, і сядзелец, хістаючыся з боку на бок, ледзьве ўпраўляўся пераймаць трудавыя капеечкі, выдаючы за іх усялякіх гатункаў бутэлькі. Было відаць, як кожны вылазіў з дзвярэй упацеўшым, моцна сціскаў у руках шклянога шчупака і з давольным відам адыходзіў к возу. Тут ён адкарковываў бутэльку, стукаючы даланёй у дно, і папіваў з яе, задзёршы галаву.

Ажыўленне расло. Сяляне, пазбіраўшыся гурткамі ля вазоў, віталіся, жычылі адзін аднаму лепшых варункаў у жыцці, абнімаліся, а дзе дык і вадзіліся. Недалёчка ад усяго гэтага сядзелі двое ўбогіх. Затаіўшы ў сэрцы жуду, цярпліва сядзелі яны пад дуплявай бярозай і спявалі «Лазара», падцінаючы на ліры.

Але набожнае настраенне ад іх скора ўцякло, як прыблізіліся да іх вясёлыя, добра лыкнуўшыя малайцы.

Шкода ім стала калек. Вось адзін з іх вывалак на волю бутэльку, што коса паглядала з кішэні ў неба, і ну трактаваць лірнікаў.

Сціхла песня, замоўкла ліра. Конаўка пераходзіла то з рук сляпога ў рукі храмога, то наадварот, аж пакуль у ёй асушылася дно.

— Ну, братцы! — адазваўся Паўлюсь.— Цяпер рэжце «Лявоніху», хто з вас майстар. Калі ж пагуляць, як не сягоння?

Сляпы хоць і добра дзюбнуў, але доўга не здаваўся на просьбы хлапцоў, а после махнуў рукой, бардзей закруціў корбу, залапатаў клавішамі, і вясёлая «Лявоніха» заступіла месца «Лазара». Дзецюкі не драмалі і пусціліся скакаць, падхапіўшы з сабой храмога старца, што стаяў без работы ў старане.

Той не спрачаўся. Трымаючы за плячо Міхася, ён, як конь, круціў пакрыўленым задам і прытопываў шырокім, як засланка, лапцем. Відаць было, што ён стараўся з усіх сіл. Яму хацелася таксама даказаць, што і ён нешта ўмее, асабліва тады, як вып’е.

— Калісь я не гэткія танцы ўваліваў на гульбішчах, — хваліўся ён, абціраючы выступіўшы на лбе пот.

Сляпы, лупаючы патухшымі вачыма, бардзей завіхаўся круціць корбу, адбіваючы тахт нагой і радуючыся ў сэрцы, што хоць на астатку жыцця, а трапілася гульнуць з добрымі людзьмі, што не пачураліся іх, бяздольных калек.

1 Футраныя — філёнчатыя, абшытыя дошкамі.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан