epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

На вяселле

(Апавяданне старога дзеда)

 

Было мне гадоў шаснаццаць. Помню, як сягоння, часценька ў свята мы траляваліся ў Барысаў на кірмаш — бывала, сам я адзін, бывала, з сястрой Петрунэляй, а яна тады была дзяўчынай.

У Барысаве заўсягды спатыкалі мы дзядзьку нашага, а то часцей цётку; вось яны, абы толькі сустрэўся, зараз пачынаюць пытацца, што чутно і ці скора Петрунэлю замуж аддаваць будзем. Мне гэтае пытанне так абрыдла, так далося ў косці, што стаў я маракаваць, як адвучыць іх ад яго.

Здарылася неяк, я загуляў у Барысаве з хлопцамі; пакуль тое ды сёе, дык і цёмна стала, а тут яшчэ, як на безгалоўе, дождж лупянуў такі, што як з лубу ліе. Хацеў перш ісці дадому, але аднаму неяк было боязна, дый далёка — вёрст восем па дажджы цёпкацца, дай, думаю, пайду да дзядзькоў і папрашу іх на вяселле. Пэўне пойдуць!

Падходжу да хаты і ляпаю ў акно. Яны ўжо спалі. Чую, крэкчучы, лезе дзядзька з печы:

— Хто там? — пытае.

— Я!

— Чаму ж гэдак позна?

— А вось татка і мамка на ўсё прасілі, каб вы на Петрунэліна вяселле прыйшлі.

— Ці ты здурэў? — ізноў кажа дзядзька, — па начы і ў гэткую пагоду?

А я давай ілгаць, што пакуль па дарозе зайшоў да аднаго, да другога, то хоць і выйшаў з хаты да свету, але да дзядзькі крыху спазніўся.

Дзядзька верыў і не верыў, але, як чалавек гасцінны, усё ж такі звярнуўся да цёткі і кажа: «Пойдзем, ці што?»

— Хіба пойдзем, — адказала тая.

— Ну, дык збірайся!

Зачалі варушыцца. Дзядзька з свірна прынёс булку хлеба, закінуў за плечы, захапіў люльку ў зубы, а цётка падкасалася ў дарогу, і павалакліся па дажджы ды па балоце.

Я ішоў шляхам паміж бярозак, — ад смеху чуць не валяўся.

Ішлі мы гадзіны са дзве. Змоклі да ніткі. Вось надышлі і пад нашу вёску.

Цёмна, хоць пальцам у вока пары. Сабакі выюць. Вось наша хата. Я адышоўся і наглядаю, што гэта будзе.

— Што за хвароба? — бурчыць дзядзька.— Чаму гэта ў хаце цёмна? Ці яны ўжо па вяселлі, што спаць паклаліся?

А цётка, як мыла з’еўшы: «Можа, і паклаліся, ведама, маладыя, дык паспяшаліся трохі».

— Ну, годзе гаманіць! Стукай, бо я чуць жывы!

Толькі цётка пачала барабаніць — адклікаюцца з хаты: «Хто там?» — «Мы!» — «Хто мы?» — «Ды ж мы, на вяселле прыйшлі».— «Якое вяселле, хто вас клікаў; ці не Сымонка, каб ён прапаў?» — «Але ж, ён!» — «Зманіў, каб ён затануў! Скарэй у хату ідзіце!»

А дождж ліе, як з лубу.

Я пайшоў сабе ў ёўню і выспаўся добра да рання. З таго часу ні цётка, ні дзядзька ніколі больш не пыталіся, калі вяселле Петрунэлі.


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан