epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Навальніца

Над вялікім, даўно ўжо пакінутым і заглохшым садам збіралася навальніца. Цяжкія хмары паўзлі па шэрым, як арыштанцкі армяк, небе і, выцягваючы свае лапы, падпаўзалі бліжэй к сонцу, каб згасіць яго. Чорныя цені, што паляглі на зямлі ад хмар, наводзілі на ўсё жывое страх.

Спужаўся і задрыжэў сад, бо прадчуваў, што можа стацца, калі навальніца пачне крышыць без міласці худзенькія дрэўцы, між каторымі толькі стары дуб стаяў смела і адважна, паглядаючы вясёла ў вочы цёмным хмарам.

Што значыць яму навальніца?

Ці раз бывала, што віхуры парываліся схіліць яго к зямлі, але ўсё дарма: ён мала дбаў і толькі смяяўся над непагодай.

Ды і, так сказаць, чаго, здаецца, было пужацца, калі ён пад зямлёй крэпка ўмацаваў свае карэнні, даючы ім вольна расці і ўшыр і ўдоўж, а над зямлёй высока дзяржаў векавую зялёную карону.

Добра ведаў стары дуб, што ўвесь сад не меў вока на яго за тое, што карэнні забіралі ад іх пажыву з зямлі, а вечная засень глушыла маладыя ўсходы. Ды такой бяды: ён меў толькі адну думку, каб як-небудзь зніштожыць ненавісных суседзяў сваіх, а на іх месцы выгадаваць дубовы гай.

Цярпліва пераносілі крыўду заглохшыя дрэўцы і час ад часу выміралі праз ласку дуба, жадаючы ў адплату і яму пагібелі, а той толькі рос і радаваўся, звысока гледзячы, як канчалі жыццё цененькія лазінкі і алешынкі.

І ніхто з іх не ведаў, якая доля чакае таго дуба-велікана...

Тым часам пад зямлёй, дзе крэпка спляліся яго карэнні, жыло шмат маленькіх ворагаў, каторыя дзень і ноч вялі пільную працу; хоць гэта і марудная была праца, але пэўная, і праз іх ласку дуб даўно ўжо пачаў траціць сілу ў карэннях. І настаў дзень, калі на падмогу працы спрытных маленькіх чарвячкоў наляцела шалёная навальніца, як бы зрабіўшы з імі хаўрус дзеля згубы таго, хто так горда глядзеў у неба і не схіляў прад ёй сваёй галавы.

Хмары, як непрытомныя, паўзлі ўсё бліжэй і бліжэй к сонцу; халодны вецер гнаў з дарог пыл і, скруціўшы ў стоўб, растрасаў з боку ў бок; брызнуў густы дождж, і ўдарыў пярун.

Глянуўшы на сілу навальніцы, страпянуўся дуб і, выпрастаўшы шырокія грудзі, прыгатаваўся спаткаць націск, як калісь бывала; тым часам хмары ўжо напаўзлі на сонца, згасілі яго і сунуліся ў цемнаце далей.

Задрыжэлі цененькія дрэўцы, прыляглі к зямлі і чакалі смерці. Задрыжэў і дуб, і пад дзікім націскам ветру пачала хіліцца яго зялёная карона.

— Глядзі, суседка! — шаптаў арэшнік, прытуліўшыся к сасне.— Глядзі! Такі дуб хінецца, цяжка і яму прыйшлося...

Але не дакончыў арэшнік, і не пачула яго сасна: ударыла маланка, задыміўся і зваліўся апалены дуб. І без ліку пахаваў пад сабой маленькіх дрэўцаў.

Навальніца, як цёмны аграмадны птах, уцякала далей. Дождж сціхаў, і дзе-нідзе з-за хмар паказвалася яснае неба.

Шмат палягчэла тым дрэўцам, што асталіся ў старане: з прывычкі яшчэ нудліва паглядалі яны на дуб, што распластаны ляжаў у садзе, але ніхто цяпер не гінуў ад вечнай засені, і ўсім стала прасторна.

Пачарнеўшы пень старога дуба дзіка глядзеў увысь і адзначаў месца, дзе жыла векавая сіла.


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан