epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Не паклаўшы, не возьмеш

Нехта некаму ці праўду казаў, ці так — на ўзвей вецер — брахануў, што на барысаўскім тракце ёсць курганок і ў ім быццам француз, уцякаючы, бочку чырвонцаў закапаў.

Ведама, зараз кум куме, а кума — на ўсім сяле! Гэтак дазналіся засцянкоўцы і давай штовечар збірацца ў Язэпа і гутарыць да паўночы, каб дастаць тыя чырвонцы дый, паскідаўшы лапці з аборамі, парабіцца панамі.

Доўга яны збіраліся, ажно нарэшце вясной, калі зямля адышла і зазелянеліся бярозкі, нашы сябрукі адважыліся ў адзін вечар паспытаць шчасця. Вечар, як на тое, быў пагодны; было ціха, як у магіле, але гэтак цёмна, што, каб ткнуць пальцам у вока, і то, пэўне, не ўбачыў бы.

Тут былі самыя ёмкачы: Юзя Малатарка, Мікіта Бяда, Марка Хаўрусны, Язэпка Лапаць, Ёська Верашчака, Мацей Шпурлянка, Гаўрыла Круль і Сымон Шворан.

Во, пабраўшы пілы, шчупы і рыдлёўкі, выйшлі яны з хаты і нясмела папляліся шляхам. Ідучы вёскай, яны прабавалі гаманіць і нават жартаваць, але, як толькі мінулі хату бабыля Сініцы, змоўклі і пачалі ціснуцца адзін к аднаму, як авечкі.

На страхі зважаць не можна было. Трэба ж ісці і паспытаць шчасця... Курган як вырас перад імі. Сам курган быў не дужа вялікі, але на ім расла тоўстая бяроза.

Во, нашы дзецюкі, як непрытомныя, затаіўшы дух, узяліся пілаваць яе, а другія карчавалі карэнні. Чым больш працавалі, тым больш іх неяк страх браў, і як толькі звалілася бяроза і гокнула вобзем, Язэп Лапаць і Ёська Верашчака кінуліся наўцёкі. Але так-сяк іх вярнулі назад, і работа зноў пайшла. Казалі, што за малым не дасталі бочкі, бо ўжо спіцы ўпіраліся ў нейкае жалеза.

Але дзе ж там: што можна было зрабіць, калі паміж імі былі мала таго, што дурні, але і гультаі. Вядомы ў засценку гультай — Гаўрыла Круль, капаўшы, як крыху змогся, пайшоў сабе ў ёлкі паляжаць, а там прыйшло яму ў галаву, каб папужаць і без таго спуджаных засцянкоўцаў сваіх. І вось, адышоўшы крыху ў густы лес, перш пачаў нейкім калом біць па дрэве, а пасля як зарагоча, як залапоча ды проста на іх!

Тыя ж, жартаў не пазнаўшы, хто душэўна драпануў шляхам, пакуль мог, а хто на месцы абамлеў, дык і астаўся ляжаць да рання.

Круль бачыць, што спаскудзіў увесь інтарэс, дык кінуўся і сам наўцёкі, але зачапіўся за нечыя ногі, што разам з іх гаспадаром ляжалі на дарозе, ды выцягнуўся, як жэрдка, сам тут жа.

Не ведаем, як там уцякалі іншыя сябрукі, але дахаты папрыпаўзалі толькі досвіткам, а храмога Малатарку ледзьве жывога прывёз нейкі чалавек: ён знайшоў яго ляжачым недалёка пры кургане...




Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com