epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Парабкі

Усяго за дзесяць рубельчыкаў згадзілі Прануся на службу ў двор.

— Глядзі ж, —казала, адыходзячы, маці, —глядзі, шануйся: у людзей — гэта не дома; тут добра, добра, а і не на ласцы.

— Добра! — гледзячы ў вочы, адказваў ён.— Буду, буду.— А што «буду», так і сам не ведаў. Ніколі не служыўшы, усё дзіка паказалася; здаецца, і людзі не гэтакія, і ўсе, як адзін, чмыхаюць, абмінаючы яго, сірату.

Стоячы, як прыклеены, пры сцяне і аглядаючы ўсіх з ног да галавы, ён не ведаў, што распачаць; заплакаў бы, ды позна: маці даўно адышла; спытацца тож баяўся, можа, не можна, і гэтак, перакручваючы ў руках шапку, ледзьве не заснуў, каб не адазвалася да яго нейкая кабеціна, што поркалася ў печы, перакідаючы галавешкі, як чорт добрую душу.

— Пэўне есці хочаш? — адазвалася яна.— Вось запалю лямпу, накармлю цябе.

Жоўценькі аганёк заззяў у лямпачцы і асвяціў твар Прануся.— Еш, хлапец, — нябось галодны як воўк.— І пры гэтых словах паставіла міску з парам на стол.

Пранусь падсунуўся к сталу, скінуў армяк і павесіў на цвік. «Крупнік-то ёсць, гэта добра, — памысліў ён, — а хлеба-то няма, няўжо тут звычай гэтакі?» — І так, не ведаючы, як у паноў ядуць, спаражніў місу да капелькі.

— Лоўка, лоўка! — прыйшоўшы ізноў, адазвалася яна, углядаючыся на дно міскі.

— Цяпер кладзіся спаць, а заўтра за працу, досыць лынды біць.— І, згасіўшы агонь, выйшла ў другую палавіну, пакінуўшы Прануся ў пацёмках.

Разаслаўшы армячок і кінуўшы пад галаву нейкі камок ануч, захінуўся ён гунькай і лёг.

— Гэта ж я і не маліўся, — памысліў ён, — ды ці ёсць тут абраз? Нешта я не бачыў.

Але як успомніў, што калісь чытаў, што бог на кожным месцы, падняўся, стаў на каленкі і пачаў маліцца, углядаючыся ў цемнату.

Маліўся за нябожчыка бацьку, за матку, і мыслі яго перабягалі к сваім родным, дзе хоць бедна, але ціха праводзіў дзяціны час.

Прыпомнілася тая раптоўная вядомасць аб смерці бацькі, затым хаўтуры, тая глыбокая яма, куды ўставілі дамавіну, і як нейкі барадаты дзядзька закідаў пасля зямлёй.

Мыслі блукалі там і сям, і, нарэшце, усё змяшалася, быццам нехта смяяўся, трубіў ражок, недзе выў сабака, і сон узяў сваё.

Была ўжо раніца, з двара даносіліся скрып жураўля, мыканне кароў, а Пранусь яшчэ, скурчыўшыся, як вожык, смачна спаў у куточку.

— Годзе спаць! — праз сон пачуў голас кабеціны. Як бы швайкай жыганулі яго; усхапіўшыся на ногі, ён насунуў армяк, падперазаўся і гатоў быў, як відзіш.

— Які тут хлапец ёсць? — пачуў ён голас з двара, і затым у дзвярах паказалася лахматая барада.— Пэўне гэты? — спытаўся барадач.

— Гэты, гэты! — адказала кабеціна.

— Ну, дык пойдзем, карантыш, будзем разам гараваць.

Выйшлі на двор.

— Ну, скажы, мой сынок, за колькі згадзілі цябе?

— За дзесяць рублёў!

— Трудна, братка, трудна! — пудліва азіраючыся, казаў барадаты дзядзька.— Тут гамані ды за вуха трымайся, бо прыляціць чмель, за вуха хопіць.

Пранусь паверыў, што тут зімой чмялі жыгалюць, і насунуў пры гэтым ніжэй шапку.

На двары было шмат людзей: хто выбіраў гной, хто зганяў ваду, ляніва сноўдалася быдла, падбіраючы дзе-нідзе растрэсенае сена.

Пранусь з дзядзькам прайшлі двор і павярнулі за хлявы.

— Вось, браце, запражэш жаробку і каменне пазвозіш туды, а я пайду к пану за інтарэсам.

Вазоў з дзесятак звёз Пранусь, пакуль вярнуўся дзядзька і паклікаў к сабе.

— Дось, будзе, пойдзем снедаць, нябось галодзен як воўк, вось пабачыш нашых працаўнікоў і будзеш ведаць, з кім як абыходзяцца.

Падышлі к дзвярам. Барадач атрос снег і нясмела пераступіў парог. Тут ужо была сям’я вялікая. Чакалі, калі пададуць полудзень. Пранусь, аглядаючы ўсіх паасобку, перавёў вочы на сценку і доўга лічыў прусакоў, што шпацыравалі па сцяне. Нарэшце тры вялізныя місы паставілі на стале, і галодныя парабкі накінуліся на яду.

«Але ж сёрбаюць, — мысліў Пранусь, — далёка шчырэй, як у нас. Асабліва ўжо гэты сусед, як смаргане, здаецца, з лавы сцягне, і, каб ужо быць пэўным на гэтым месцы, адной рукой трымаўся за лаву, а другую спрытна закідваў у місу».

— Ці пад'еў? — спытаўся барадач, як выйшлі на двор.— Тут, брат, варон не лічы, а гані, як можаш, бо абмылкі пасля не паправіш.

За працай дзень няўзнак прайшоў, і не агледзеліся, як надышоў вечар.

— Дзядзечка! — адазваўся Пранусь.— Дзе вы спіцё, можа, і я з вамі як-небудзь прымасціўся б: аднаму дужа нудна, учора ледзьве не звар’яцеў, гэтак шорхна было.

— Не, браце, танцуй так, як музыка грае: казалі там, ну і там.

Прыкра было згаджацца, але што ж зробіш, панура ўвечары ішоў на адпачынак і як куля вылятаў на раніцы, весела смеючыся, убачыўшыся з дзядзькам.

Патроху зганяла з поля снег, і дзе-нідзе рунелася мураўка. Яшчэ тыдзень, другі — і Пранусь павінен быў узяцца за пасту.

— Вось тады будзе шмат спакайней,— радуючыся, казаў ён.— З раніцы пайду, паспяваю, хто будзе чуць, гэта не тое, што тут: уздыхні, зараз зіркачы павярнулі; там сам сабе пан, вогнішча разложыш, тупнеш, свіснеш, як дома, час няўзнак прабяжыць.

Даўно чаканая пара падышла; неба паласкавела, павесялела, сонца як мае быць прыпякло, наляцела птушак, лес зарунеў, быдла, рыкаючы весела, пабегла ў поле, і Пранусь, як непрытомны, пагайсаў следам.

Барадаты дзядзька, седзячы на прыгорку, пыхкаючы люльку, глядзеў і радаваўся, як яго памочнік шпарка бегаў то ў адзін, то ў другі бок за быдлам, зганяючы яго ў адно месца.

— Хопіш гора, сынку, хопіш, колькі ўлезе, над сіратой усякі наздзекуецца, ведаю, бо сам ужыў смаку гэтага: раней устанеш, пазней ляжаш, штурханцоў нададуць, а ты, сірата, як бура, усё знясеш.

— Эх, жыццё! — мармытаў барадач, плюючы са злосцю на бакі.— Усе мы людзі, а не ўсім бог роўнае шчасце даў.

— Пранусь! Пранусь! — гукаў ён, не вынімаючы люлькі з зубоў.— Адгані красулю ды бульбінку хадзі з’еш, дось будзе, дзень вялікі, нагайсаешся, — і, разгарнуўшы жар, пачаў даставаць пячоную бульбу.

— А мой сынок, еш жа, еш, чаго-чаго — бульбы не бракуе. Бог ведаў, каму бульба, нам, братка, мужыкам, каб елі ды цешыліся. Не спяшайся, не спяшайся! Звольна: над каркам не стаяць, — казаў ён, гледзячы на дзіцянё, падпёршы рукамі бараду.

— Расці, сынок, расці! Шануйся, падрасцеш, якім яшчэ чалавекам будзеш, казаў — маці жыва, так вось на яе не запамінай: яна ж цябе гадавала, гаравала; нябось не ўломак, прыгожы, як ягадка.

А тут што? Тут вось адбразгаеш сваё ды дадому... свой хлеб хоць не такі смачны, але ім не падавішся. Праўду кажу, праўду, тут не ўслужыш, я ўжо спрактыкаваўся, было ўсяго. Жыву і чакаю, як вол доўбні.

Тым часам сонца няўзнак апускалася над лесам, і быдла пачало паглядаць у той бок, дзе хлявы.

— Ганяй, дось будзе, дзень аджылі, дзякуй табе, божа! — камандаваў дзед. Ідучы з дзядзькам, Пранусь углядаўся на хату, з каторай выпаўзаў стужкай дым, і пры гэтым мысліў, што зараз сядуць вячэраць, то ўжо мух лавіць не будзе, а падчэпіць самую большую лыжку і ну яе і туды і сюды.

Жывёлу ўгналі ў двор і размясцілі па хлявах.

— Ну, пойдзем, зачэрпнем, што дадуць! — адазваўся дзядзька і адчыніў на кухні дзверы. Там была сама гаспадыня.

— Во і мы тут, панічка, галодныя, як ваўчкі, — збедніўшыся, адазваўся ён.— Калі ласка, крупнічку лыжачку я не проч, ды і хлопчык не адкіне.

Як падалі вячэру і ўставілі на стол, падышло яшчэ пяцёх парабкаў і звольна паселі на даўгіх лавах.

— Ну, хлапец! Мая панюхна, — адазваўся барадач, — каб бачылі, што з яго вырабляецца, матыль, ды толькі, бяжыць ды бяжыць, увесь час на нагах. Крыкнеш на сабаку: «Жук, у шкодзе», — пакуль той Жук раскурстаецца, ён ужо бяжыць; дзяцюк так дзяцюк, а галава, гляньце, як цэбар, мазгоў поўненька ў ёй, гэта не раўня нашым салапякам. А гамонка, каб чулі, праўду рэжа, быццам з ксёнжкі чытае, пракурор, ды толькі. Кажуць, мужык — дык анучка, вось не, — ён з якім хочаш панам разгаманіцца.

— Ну, дось жа, дось хваліць! — адазвалася гаспадыня.— Табе на руку, старому абібоку, цяпер толькі сядзі ды варон лічы, што ляцяць над полем, вось гэтак век зжыў, нічога не робячы, вандруеш па свеце, як Марка па пекле.

— Які там свет!—з крыўдай адказаў барадач — Толькі ўсяго і бачыў мужыка чорнага, мужыка рудога, хату з падпоркай, хату без падпоркі. З нас усякі так: у брудах радзіўся, бруд еў, у брудах памёр, мужыкі не людзі, так і чэзнуць без пары.

— Ну, а чаго вам лепшага? Сілу маеш — зарабі, гарэлкі не пі — капейку зберажэш, — сакатала пані.

— Хто яе п’е, няхай на яе звод, тут кашуля паўзе з плеч, лата на лаце і ў лаце дзюрка, не да гарэлкі, калі так горка!

— Усе вы кажаце, а як дабраўся б каторы, то, як свіння, нарэжацца.

— Праўда, панічка, праўда! Пад’еў, так уставай, — перарваў размову парабак Халімон.

Гаспадыня закусіла палец і вытарашчылася. Відаць, Халімонава размова не спадабалася.

Ёй хацелася пагаманіць, даняць, выказаць, што мужыкі і так здураны, а тут Халімон слова рэкнуў, паказаў спіну, і ўсё за ім.

Заставаўся толькі Пранусь.

Сцямнела. Кругом было ціха, толькі праз адчыненае акно даносіўся хрыпаты голас дзеркача.

— А, і ты тут? — з радасцю адазваўся Пранусь, гледзячы ў цёмны абшар.— Можа, ты з Красналук завітаў сюды з матчыным жаданнем, а можа, твой брат дзяркачыў у нас у хмызнячку. Ну, яшчэ раз дзергані, яшчэ, яшчэ!

І яму ўспомніліся родная вёска, маці, дзеці і хоць беднае, але спакойнае жыццё.

— Скора Пятрок, пасля каляды, годзік адматаюся, а там мае грошыкі сюды, куплю коніка, пайду зарабляць, а мо пашчаслівіцца.

І, мысліўшы пра новае жыццё, яму стала дужа радасна, як ён, узяўшы ў пана грошыкі, пойдзе к матцы і скажа: «Вось, мамачка, я прыйшоў; я грошы зарабіў, вось яны, а ці ведаеш, што купіць намысліў? Коніка, мамачка, коніка, буланчыка. Эх, запрагу ды ў лес, дроў набяру, вывезу, мамка, аднаго рубельчыка перахаплю, другога, і гэтак будзем змагацца з бядой. Служыць не буду, не буду!»

І так у гэткіх салодкіх думках заснуў, палажыўшы галаву на падаконніку.

— Чаму ж ты тут спіш? — спыталася, увайшоўшы, ахмістрыня.— Мусіць-то, нудзішся, дамоў зажадаў?

Пранусь адскочыў ад акна, зняў з калка армячок і хацеў прылегчы ў кутку.

— А не, а не! Не пара, жывёлу выганяй, у полі выспішся, усё роўна ўдваіх гультаіце.

Пранусь зняў пугу, торбу і выйшаў на двор. На дварэ напаткаўся барадач з заспанымі вачыма.

— А! І ты тут! Вось маладзец, ну, адчыняй вароты, едзе чорт з балота.

Вароты са скрыпам адчыніліся, і скаціна пабегла ў поле, а барадач, ідучы ззаду, зацягваў нейкую песню, закаціўшы вочы к небу.

Пранусь бег упрыскочку, пазіраючы ў той бок, дзе былі Красналукі.

«Эх, бардзей бы мухі белыя, тады і я не парабак, конь буланы, сам гаспадар, толькі абы бог дапамог», — і, быццам-то трымаючы ў руцэ лейцы, пугаўём сцёбаў сабе па армячку і крычаў: «Но, но, но!»

Барадач здалёку пазіраў на хлапца і ў душы смяяўся з яго дзяцінай забавы, а таго не ведаў, што тут была саўсім сталая думка.

— Туды, сынку, туды! — камандаваў дзед, прыплюшчыўшы вока.— Гані, гані красулю, у шкоду пойдзе. Вось так! Вось так! Ну, а цяпер хадзі-тка сюды, у мяне і сальца скібінка ёсць.

Пранусь угрыннём падбег к дзеду, весела пазіраючы яму ў вочы.

— Як табе лепей падабаецца, ці са скуркай, ці не?

— А мне ўсё роўна, як дасцё, так і добра.

Дзед, адшматаўшы кавалак сала, падаў Пранусю, а сам сквапна ўглядаўся, як спраўлялася галоднае дзіцянё.

— Не спяшайся, сынку, не спяшайся! У карк ніхто не валіць. А любіш, гапцюль, сала, нібы кот. Гэта ж кума, дай божа ёй здароўе, патрактавала, а ты, пэўне, падумаў, што пані раздабрухалася... Не, гэткай ласкі ні адзін не даслужыўся. Тут так: добра, добра, а не — каленкам ды вон. Ну, пагонім дамоў, пара, здаецца.

Пранусь узарваўся, як пчала, і заляскаў пугай па мураўцы.

— Дамоў! Дамоў! Дамоў! — разлягаўся яго звонкі голас па полі.

— Ну, ты напаі быдла, а я пайду гляну, можа, крупнік заждаўся на нас, — і барадач зацюхціў лапцямі па зямлі, падымаючы слупы за сабою.

— Што, выхартаваўся?1 —спытала пані, як убачыла яго пакалмачаную бараду ў дзвярах.— Заві хлапца сюды! Трэба пабачыць яго.

— Зараз, панюхна, зараз! Эй, карантыш, сюды, сюды, косці, госці, гвоздзі, усё паядзім!

Пранусь увайшоў.

— А, і ты тут, ну, а як жа служба? Я і не пыталася.

— А нішто сабе, але каб свая гаспадарка была, вядома, лепей, — бойка адказаў Пранусь.

— Што ж бы гэта было, каб усякі сваю гаспадарку меў, дзе ж бы работнікаў набралася? Так вось, маленькі гаспадарок, да восені паганяеш быдла, а пасля я цябе сюды забяру, да цяжкай працы слабы яшчэ, а для мяне якраз паслугач.

— Добра, пані, добра! — мармытнуў Пранусь, перажоўваючы на астатку нейкі храшч, што нянацкам папаў на зубы.

— Пойдзем, братка, — адазваўся барадач.

— Вось, дзядзечка, казала пані, у паслугачы забярэ, мусіць, горш далёка будзе.

— Чуў, сынку, чуў, я толькі маўчу ды думаю, што з гэтага будзе? Тут не ўежна, ды ўлежна, а там, хоць часцей зловіш перапечку, дык і гупліка падбавіць, толькі трымайся.

Гэта, брат, не навіна! Нашто ўжо мне старому ў злосці калі ўклеіла мяшалкай па зубах, то вось адзін па адным тры зубы выбраліся, і здаровыя, як звон. Ну і маўчу, як бы нічога не было. Не адзін раз наздзекуецца над беднымі!..

Нас усюды б’юць. Пайшоў раз у горад, іду вуліцай, вядома, пасярэдзіне, аж дзесяцкі за карк, сюды кажа, я гоц убок, аж на табе — узбіўся на нагу нейкай пані, і што, здаецца, пашкодзіў, калі лапцем крыху наступіў на ваксаваны боцік, дык як яна, браце, пачала вудзіць мяне парасонікам, аж пыл курэў, па той раз — плаці — не пайду.

Так і табе. Пакуль малы — сілы няма, а будзе сіла — права няма, ну і ануча анучай.

Але кажуць ісці за паслугача, ідзі, адказаў няма, — і дзед, закінуўшы на патыліцу шапку, уздыхнуў і запеў:

— Вып’ю я чарку, забуду пра гора, засмягшыя губы хоць чуць прамачу. Годзе млеці ў здзеку, у пакоры, і так ужо досыць век цэлы маўчу.

Нямашака мне долі; мне, беднаму Марку, нават і мысліць аб ёй не вально.

Смутна мне, дайце гарэлачкі чарку, нудныя думкі развее яна.

Увесь дзень у полі сілы парываеш, дзьмешся ад шчырага сэрца свайго.

Смаку не чуеш, у працы знываеш, а сколькі гаротнага веку таго.

Жылы падцягне, пасмягне ў роце, вочы ад працы крывёй набягуць.

Крыху прыляжаш, зараз світае, зноў падымайся і ў поле ідзі.

Не дзіва, што брат наш здароўя не мае ў высахшай з працы і слабай грудзі.

Дзе там пра долю нам дбаці, няскора нам гэта яшчэ дачакаць.

Бяда, недастаткі цягам у хаце, вып’еш — дык неяк лягчэй, прымачу.

Годзе мне млеці ў здзеку, у пакоры, і так ужо досыць век цэлы маўчу.

— Вось песня, дзядзечка, так песня, недзе чуў яе, быццам то татка мой пяяў, але не ўспомню; маленькі быў. Навучыце, дзядзечка, мяне, навучыце, надта ж спадабалася.

Прануся больш не пусцілі з барадачом, казалі, каб спраўляўся, калі хоча служыць, адзін.

— Спраўлюся, спраўлюся! — мармытаў ён, патрасаючы кулакамі, седзячы на выгане і прыслухоўваючыся к рэху, быццам-то чакаў адказу ад таго, з кім сварыцца.

— Вам патрэбен, а мне не! Пабачым, ці доўга пабудзе? Зараз пойдзе гамонка, што смятану зласаваў, то падмазку з’еў, то ступіў не так, то глянуў не так, не ўгодзіш, каршун вас дзяры. А дзіця, што дзіця, каму пажаліцца, богу аднаму вядомы здзек над ім.— Хіба памру, то замаўчу, а жыць буду — скажу праўдачку ў вочы.

Пранусь першы раз на сваім жыцці ўвайшоў у пакоі; застыў у здзіўленні і замысліўся.

Гэта не тое, што ў нашых куранках, тут і цёпленька, і светленька, падлога бліскучая, суфіты гладкія і абразы ласкавейшыя, як нашы. А птушак, птушак, жоўценькіх і чырвоненькіх, свяргочуць, як у лесе.

— Шкода, няма дзядзькі, а то разам паглядзелі б, як жывуць людзі, але што чужым багаццем тлуміць галаву, мне мая куранка таксама неблагая.

Пранусю казалі скінуць лапці, і на месца іх далі нейкія скураныя боты, сказаў бы з аборамі, дык не, далёка не яны, і цянейшыя і чорныя, а не рудыя. Усклаўшы іх, ён доўга марудзіў, пакуль прылаўчыўся ўкручваць, а после набраўся прыкрасці, пакуль ашмуляліся пяты, з непрывычкі скура муляла пальцы і дужа высака выціскаліся ўгару пяты.

— Не, такі ліпаўкі далёка раскашнейшыя, — разуваючыся ўвечары, казаў ён.— Там ні стуку, ні груку, а тут ідзеш і азіраешся, быццам ззаду на пяты наступаюць.

Пражыўшы тыдзень, другі на лягчэйшым хлебе, ён нібы крыху ўжо звыкся і толькі часценька нудзіўся па свайму барадачу, каторага дзён колькі падрад не бачыў.

Праца хоць была няцяжкая, але ўвесь дзень на нагах, туды штурхель, сюды штурхель, там прымі, туды пастаў, змяці пыл, мый падлогу, а то бяжы ў мястэчка, адпачынку няма, толькі ўночы.

Пранусь лічыў дні, калі будуць каляды, і часамі, спатыкаючыся з дзядзькам, казаў яму, што асталося ўжо дзесяць дзён, а то сем, і менш таго.

— Незадоўга, сынку, незадоўга! — адказваў ён.

— Учора, дзядзечка, страху набраўся і мысліў, што будзе гасцінца, аж бач, не, бог злітаваўся нада мной, далі-далі ды нямнога.

— Што, нябось загінула што-небудзь? Гэтак, гэтак, бывае, запрапасціцца, ну, і даюць, на каго больш увагі, а после тых — найшлося, туляюцца, як ваўкі, воч недзе падзець, задобрыць ужо хочуць, але крыўду з сэрца не дастаць.— Ну, што ж было з табой, — я і забыўся.

— А вось нехта заласаваў смятану, ды так, што толькі збан застаўся, як сіраціна, адзін, ну, ведама, да мяне, ты ды ты! Аж после выявілася, сама гаспадыня забылася ключы, а нехта дабраўся і страпежыў усю, як мае быць, смятану ды масла салятырку згроб у дадатак.

І пакуль там разбіралі справу пра масла і смятану, мне добра ўклеілі па зубах, і цяпер ныюць, быццам хто цэглай абязвечыў.

— Чытаў, сынку, ксёнжкі?!

— Чытаў.

— Памятаеш, што Хрыстос казаў: даруй вінавайцы і не рабі помсты, так і ты: пажаліўся мне, і дось.

Надышоў дзень каляд. Пранусь з дзедам радзіліся, як быць.

— Ведаеш, сынок, — казаў дзед, — надта ж жадаю ўбачыць вашу вёску, зямельку і ўсё, што толькі маеце...

— Пабачым, дзядзечка, пабачым, вось толькі б разлічыцца.

— Ты, сынку, маленькі яшчэ, але я цябе шчыра люблю за твой розум; сэрца маё вось так і хіліцца да цябе, сіраціны.

— Пойдзем, дзядзечка, разам адсюль, пойдзем; я не гультай, буду працаваць, і дзядзька што-небудзь яшчэ здолееце.

— Каб бачыў, сынку, лясы павярнуў за свой век гэтымі круччамі, яшчэ і цяпер сіла ёсць, усяго не аддаў ім, толькі зубы прыйшлося воляй-няволяй аставіць на памятку, што вылецелі ад спагаднай рукі пані. Мне ў жыцці не пуціць; нас толькі двое: я ды брат, і той загінуў за крывавы мазоль. Казалі, дзеткі засталіся, а дзе, бог святы ведае...

Пранусь слухаў і маўчаў; мыслі яго блукалі ў роднай вёсцы, дзе год таму назад усіх пакінуў, як адыходзіў на чужы хлеб.

— А што, дзядзечка, за здарэнне было з братам?..

— А вось, дзеткі, не тут кажучы, шула ў лесе абярнулася, і нежывога дасталі, і як там далей было, не ведаю: далёка тады быў я...

— А! І майго татку ж дрэва прыбіла, як я быў маленькі.

— Ад раптоўнай смерці сцеражы нас, божа, — зняўшы шапку, шаптаў дзед.— А ці памятаеш хоць крыху, які быў твой татка?

— Не памятаю, не памятаю, адно толькі засталося, як нашу Насту ён калыхаў, то пяяў: «Люлі, люлі, люлі! Прыляцелі куры, селі на вароцях, у чырвоных боцях...»

Мусіць-то, дзядзечка, і не ведаеце, дзе пахаваны брат, а я таткіну магілку як цяпер бачу, націснутую каменнем.

— Так, браце, так, ціснуць нашы грудзі пры жыцці, ціснуць і па смерці...

— Пані кліча... пабягу, — адазваўся Пранусь...

— Вось здружыліся! — адазвалася яна.— Як вас ужо і развесці, не ведаю, хіба вадою прыйдзецца.

— А не, панічка! Не варта; самі пойдзем, — адазваўся Пранусь.

— Ну дык з богам, Параска, калі людзі здараюцца...— Калі ж рушыце?

— А хоць і зараз, дзень вялік.

— Добра!..— І пані выйшла ў другую палавіну а Пранусь без шапкі выбег на вуліцу.

— Дзядзечка! — захлёбваючыся з радасці, казаў ён.— Расстаўляй кішэні, грошы зараз дадуць, ужо я нарыхтаваў усё к ладу.

— Ці ж так? — не верачы, пытаўся дзед.— Ну, калі ў дарогу, то ў дарогу; старцу сяло не ў наклад. А папалуднаваць трэба, я сваё не дарую...

После паўдня іх разлічылі і далі падводу да мястэчка. Пранусь, стоячы на снягу, глядзеў, як масціўся на санках дзядзька, а после і кажа: «Хоць і дрэнненька было тут, але падзякаваць мы павінны; так няможна».

Барадач не адразу скрануўся, абмацаўшы скрыўленую сківіцу і пустое месца ў зубах, ён усё чмыхаў у нос, але як убачыў, што Пранусь скрыўся ў дзвярах, пайшоў і сам туды.

— Даруйце нам, — казалі яны, — можа, мы ўгнявілі паноў, вядома, простыя людзі...

Падабаўся дужа панам дзяціны падзякуй, у ім яны бачылі шчырую, непадрабляную праўду, і за гэта Пранусь дастаў гасцінца два рублі, а барадач рубель.

Скрануліся...

Мінуўшы браму, барадач звярнуўся да Прануся і кажа:

— Ведаеш, сынку, хоць і казала пані, што я гультай, п’яніца, але гэта няпраўда, сам жа бачыў, год разам жылі, капейкі не пусціў нікуды, збіраў, як мог, і праз гэткае жыццё, дзякаваць богу, маю з сабою капейку, усё, сынку, табе аддам, не пакінь толькі мяне, старога.

Пранусь маўчаў і цалаваў дзеда рукі.

— Пакуль буду жыць, не пакіну, дзядзечка, вас.

Прыехалі ў Красналукі і ўвайшлі ў хату. Маці з радасцю аслупела, як убачыла, што сын, як сарока, падбег к ёй.

Пыталася пра ўсё, што толькі прыйшлося яму ўбачыць на службе.

— А хто ж будзе гэта? — спыталася яна ў Прануся, паказваючы на барадача, што поркаўся па клумках.

Пранусь з малога да вялікага давёў матцы пра асаблівую шчырасць гэтага чалавека і пры гэтым сказаў, што даў слова не пакінуць яго аж да смерці, як бы ні жылося.

Старая ўглядалася на госця і не ведала, што распачаць, твар яго надта быў падобны да нябожчыка мужа і наводзіў на яе сэрца тую боль, каторая крыху прызабылася.

Далей, болей разгутарыліся пра жыццё яго брата.

— Не памятаю, — казаў барадач, — хлопцамі ў свет рушыліся, казалі людзі, памёр пад дрэвам, а дзе і як, не ведаю...

Адна памятка ў мяне ёсць, крыжык выцінаны, надта даўні, гэта яшчэ бацька, як нас благаславіў, то абодвум на шыі панадзяваў, мой-то вось дзе, а братні пэўне разам у магіле.

Глянуўшы на крыжык, у старой затрэсліся рукі, і слёзы пасыпаліся з вачэй. Нічога не кажучы, яна павяла рукой па грудзях, дастала адтуль крыжык і кажа:

— Не гэты?

Барадач глянуў і заплакаў:

— Гэты самы, гэты, значыць, тут мой брат жыў і памёр, так во дзе яго кроў, во як.

Хапіў Прануся на рукі і пачаў моцна цалаваць...

1 Выхартавацца — добра выбегацца, згаладацца.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан