epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Пісаравы імяніны

Акт І
Акт II
Акт ІІІ


Камедыя ў трох актах

 

Асобы

 

Пісар валасны, гадоў 30.

Яго жонка, гадоў 35.

Панас — стораж, гадоў 35.

Мар’я — яго жонка, гадоў 25.

Фельчар, гадоў 50.

Дзяк, гадоў 40.

Вучыцель, гады 22.

Абібок — ураднік, гадоў 25.

Лупадзёр, гадоў 25.

Набінос — старшы ўраднік, гадоў 30.

Сядзелец, гадоў 45.

Яго жонка, гады 42.

Біч, старшына, гадоў 48.

Яго жонка, гады 42.

Аўдоцця — знахарка, гадоў 50.

Хлопцы, дзяўчаты, музыкі.

 

 

Акт І

 

Пісар і Мар’я ўстанаўліваюць на стале.

 

Пісар. Зусім не так, кажу табе, не так, чакай, трэба выпіўку і закуску расставіць так, каб госць рот разявіў ад задзівення, зразумела?

Мар’я. Зразумела, панок.

Пісар. Няўпраўка ў нас з табою, госці зараз з’явяцца, а тут, як на бяду, пані хварэе.

Мар’я. І нашто гэта хвароба чапляецца да людзей, чаму яна на сухі лес дзе не пачэпіцца?

Пісар. Што, каб гэта нам, кабета, клікнуць дапамогі.

Мар’я. А каго ж мы клікнем, хіба Панаса?

Пісар. Хоць бы і Панаса, ён бы і бутэлькі адкаркаваў ды і сподкі перацёр.

Мар’я. Сподкі як сподкі, а бутэлькі каркаваць ён майстар, як хочаце адкаркуе: ці так, ці так. (Паказвае — з каркаўніком ці аб далонь.)

Пісар. Клікні, каб прыйшоў.

Мар’я. Панас, а Панас, хутчэй сюды ідзі.

 

Уваходзіць Панас.

 

Панас. Чаго ж ты галёкаеш, людзям здавацца будзе, што я глух.

Мар’я. Памагаць будзеш, вось коркі з гэтых бутэлек дастань, сподкі ператры. Чуеш? Ну, чаго ж ты стаіш, лупандзей, губу халявай скруціў і глядзіш. Схамяніся. (Трасе.)

Панас. Што ты мяне трасеш, як ігрушку, я цябе не чую і не бачу, пан мяне клікаў, пан мне і загад дасць. Паночку! Я ваш шчыры паслугач; кажыце, хоць у танцы пайду.

Пісар. Ты, Панас, бутэлькі да парадку давядзі, гэтыя адкаркуйце, а гэтыя адстаў туды.

Панас. Куды, панок, за дзверы?

Пісар. За якія дзверы, тут усе павінны быць.

Панас. Разумею, панок.

Пісар. Перш ператры сподкі, а пасля бярыся за бутэлькі.

Панас. Не наша гэта работа, панок, але такой бяды (пачынае), абы не гультаіць. (Сподак выпадае.) Ах, каб яго, — паехаў.

Пісар. Ты што ж гэта, Панас, спіш?

Мар’я. Рукі пасля п’янства трасуцца?

Панас. Не, паночку, не сплю, а так сподачак выслізнуўся, здавалася, затрымаў, але не, мякнуўся і рассыпаўся, ведама, шкляная рэч. (Перацірае сподкі.)

Мар’я. Я б цябе мякнула па тваёй салятырцы, але пана шануюся.

Панас. Не да цябе п’юць, не кажы здароў будзь. Добра ёй, паночку, здзекі строіць, меўшы гультайскія рукі, а тут... (Разбівае другі.) Ах, каб яго!

Пісар. Пастаў, Панас, сподкі, а то ўсе патаўчэш.

Панас. Праўда ваша, панок, лепш узяцца за бутэлькі, з імі мне лягчэй справіцца.

Мар’я. Ён не праспаўся яшчэ.

Панас. Мыляешся, баба, я ўжо праспаўся і пахмяліцца хачу, ад гэтага дзервянеюць рукі і сподкі б’юцца.

Пісар. Каркуй бутэлькі.

Панас. Во! Гэта па нашай часці. (Стукнуў бутэлькай аб далонь.) Р-а-а-з! (Так, што аблівае пісара.)

Пісар. Па-якому гэта ты?

Панас. Па-нашаму, без каркаўніка, значыць.

Пісар. Тут не манаполька, Панас, на каркаўнік.

Панас. Рад слухаць вас, паночку. (Каркуе і затым, адвярнуўшыся, п’е.)

Пісар. Э! З цябе дрэнны памочнік, твая работа нічога не варта.

Панас. Хіба ж нічога не варта?

Мар’я. Што ты, здурнеў чы памяць утраціў?

Панас. Нічога дзіўнага, чалавек жа я, а не скаціна, ды і скаціна, калі ўбачыць вадзіцу, напіцца захоча, а тут не вадзіца, а гарэлачка, ды якая.

Мар’я. Вон адсюль!

Панас. Не верадуй, ніхто не баіцца.

Мар’я (да пісара). Ён ужо распусціўся, як старая панчоха, не зважае не толькі на мяне, але і на начальства. (Да Панаса.) Ты яшчэ тут, а не пойдзеш ты вон?

Панас. Дай залатоўку, тады пайду.

Мар’я (дае фігу). На!

Пісар. Нашто табе залатоўка?

Панас. Пайду глыну чарку і спаць лягу.

Мар’я (дае грошы). На, выпі, ляж і не ўстань.

Пісар. Чакай, Панас, падыдзі сюды. (Налівае.) Выпі тут і не ідзі ў шынок.

Панас. Рад слухаць, паночку. (Бярэ чарку.)

 

У гэтай чарачцы я шчырасць пану здаў,

каб бог здароўя і сілы шмат прыслаў,

каб пана слухалі, заўжды баяліся,

каб вораг плакаў, а мы смяяліся,

каб пан на небе быў земскім начальнікам,

каб добра нос нацёр нашым зухвальнікам.

 

(Выпіў.) Якая смачная, калі ласка, яшчэ (п'е), а характар у пана, як у нябожчыка дзеда. І той, вечны пакой, не шкадаваў і трэцяй чаркі, калі чарка за чаркай гладка кацілася.

Пісар. Ну, пі яшчэ, і годзе.

Мар’я. Вон адсюль, махляр!

Панас. Пайду, пайду, дзякую, паночку, за шчырасць і за трактамант. (Да Мар'і.) А ты, начніца касавокая, не прыйдзеш дахаты. (Пайшоў.)

Мар’я. Гэта завецца помач, растоўк два сподкі, выпіў кілішкі са тры гарэлкі, выенчыў залатоўку і пайшоў, а нанач з’явіцца п’яны, як смоўж. Я ўжо манілася пана прасіць, каб пад яго стаццю якую падвясці ды ў адседку на дні 3—4 пасадзіць.

Пісар. Па службе ён спраўны, а што любіць выпіць, гэта да справы не адносіцца.

 

Жонка пісара.

 

Жонка (трымаючыся за галаву).

Пісар. Як жа чуваешся?

Жонка. Вельмі дрэнна.

Пісар (да Мар'і). Пакліч ты, Мар’я, фельчара і па дарозе да дзяка забяжы, каб не пазніўся...

Мар’я. Дзяк не запозніцца, а фельчар тут, за сцяной. (Выйшла.)

Пісар. Вось толькі прыжджом лета, завязу ў Крым, грошы не пашкадую.

Жонка. Дзе тое лета, і дзе той Крым, пакуль я даждуся, косці спарахнеюць.

Пісар. Што ты, што ты. Барані божа, а мяне на каго пакінеш?

Жонка. Другая будзе.

 

Фельчар.

 

Фельчар. Добрага дня!

Пісар. Даруй, браце, што патурбаваў цябе, жонка хвора, паміраць хоча.

Фельчар. Што гэта ён пляце?

Жонка. Праўду кажа.

Фельчар. А вось зараз спазнаем. Калі ласка, адчыніце губу. Так, так, язык крышку сюды, на хату, сюды яго, так, так. (Дастаў дзяўляную лапатку з лучыны, прыціснуў ёй язык.) Схавайце язык назад, замкніце губу... (Дастаў гадзіннік, слухае пульс.) Шалёны пульс. Не ванітуе?

Жонка. Не.

Фельчар. Ну, а кіслае і салёнае таксама ясцё?

Жонка. Высцерагаюся.

Фельчар. Гэта добра.

Пісар. Лжэ, лжэ, у апошнія часы вялікі спрыт да агуркоў мае, за тыдзень капы са дзве спражыла.

Жонка. І як не сорам табе лгаць?

Фельчар. Агурок — рэч спажыўная, але вам забараняю есці.

Пісар. Што з ёю?

Фельчар. Як выглядае язык, то ў жонкі вашай — крышку нястраўнасць.

Пісар. І я так мыслю.

Жонка. Берыцёся вы распазнаваць кабету, не ведаючы, які гэта кабета твор.

Пісар. Самы звычайны, як пісана ў Ветхім Завеце. Адамава рабро, райская гліна, і больш нічога.

Жонка. Мыляешся.

Фельчар. Так, панічка, так, першая кабета Ева створана богам з кавалачка рабрынкі і камочка гліны.

Жонка. І вы мыляецеся.

Фельчар. Да душы кажу, да душы, з райскай гліны, з той гліны, з каторай нашы ганчары танныя гаршкі вырабляюць.

Жонка. Не буду вас слухаць. (Выйшла.)

Фельчар. Ха-ха-ха... Абразілася... Ну, жарты жартамі, а трэба адыходзіць.

Пісар. Хіба пачакаўшы, а цяпер сядзі, імяніны гуляць будзем.

 

Вучыцель.

 

Пісар. Прадстаўніку граматы.

Вучыцель. Ён самы. Віншую вас з днём імянін, жычу шчасця, добрай долі, моцнай волі, каб нікога не баяцца, бражку піць, любіць, смяяцца, жыць з начальствам у добрай згодзе, быць любімым у народзе.

Пісар. Як добра зложана, не была б то прафесарская галава, дзякую за пажаданне.

Вучыцель. А дзе ж гаспадынька?

Пісар. А тут — не зусім здарова.

Вучыцель. Фельчар вінен.

Фельчар. Усё залежыць ад бога, паддаецца хвароба лекам — лечым, а не, такой бяды, плыві на той свет.

Пісар. Лёгка сказаць — плыві, а нябось сам не захацеў бы на той свет, другіх выпраўляеш?

Фельчар. А дзе гэта ахвотнікі ёсць. Наш сусед рабін кажа, што на тым свеце рай, а сам калі захварэў, то ўсё багацце пралячыў, а на той свет не пайшоў, тут застаўся.

Вучыцель. Бо ў яго шмат вэксаляў ёсць, так нашто спяшыць.

Фельчар (дастае табакерку). Калі ласка, спрабуйце, з крышталём і парфумай.

Пісар, вучыцель. Спрабуем, чы сярдзітая.

Фельчар. Фабрычная марка «Воўк», добра длубае ў носе.

Вучыцель. З непрывычкі не зусім добрае ўражанне.

Пісар. Бо малады твой нос.

Фельчар. І я кажу, пажыві ды на смаках спазнайся. Бывае, у непагоду пазаткаецца прадушына, то хоць гармату вязі, зараз шавыль, шавыль у кішэнь, бярэш у рукі таба-кер (чыхае) ды калі чхнеш, то, здаецца, у рай трапіў, па носе нейкім халадком пацягне, на вочы слёзкі набягуць, а жылкі так дробна затрасуцца, як быццам у мароз гарэлкі чарку паднясуць.

Пісар. Ну, а цана якая?

Фельчар. Дарагая.

Пісар. Восем капеек вагон, і самаму таптаць трэба.

Фельчар. Яшчэ што намыслішся.

 

Стражнікі, Абібок і Лупадзёр.

 

Пісар. Прадстаўнікі ўласці, слупы гасударства расейскага.

Абібок. Яны самыя, Рыгор Марцінавіч, вы імяніннік, паздраўляю і жадаю капу чыноў і ардэноў.

Лупадзёр. Здароўе, сілы, каб моцны быў, каб рэбры гнуў усім, хто будзе проціў вашай вышэўказанай лічнасці. (Вітаюцца і садзяцца.)

Пісар. Дзякую, братцы.

 

Дзяк.

 

Дзяк. Благаславен увесь сінадрыён і абрэтаемыя ў нём (на вучыцеля) сеяцель навукі, (на фельчара) памочнік смерці, або, іначы кажучы, кастапраў, (на стражнікаў) і касталомы ўключыцельно. У сей дастапамятный дзень жычу табе, дружа, шчасця і далгадзенствія, жычу быць сільным, акі дапатопный, а ныне іскомпа... іскопаемый звер мамонт, вёрткім, акі капернаўмскій сельдзь, не баяцца падазрыцельнай шаціі, быць ганіцелем няпраўды, вяршыцелем увераннага валаснога праўленія і яго лічнага састава. (Дзяк пры гэтым часта цалуецца, пісар дзякуе. Дзяк вітаецца з другімі). Грэчаскіе гладзіатары, не судзіце раба божыя, еліко я сяду пры вас.

Лупадзёр. Мы не такія сярдзітыя, як на погляд здаецца.

Абібок. У гасцях мы зусім іншы погляд маем.

Дзяк (да пісара). Слухай, дружа, сеў я за стол, а мне здаецца, што дзесь у садочку; з таго боку выглядае рабіна, тут журавіна, там царская пахучая, а там хахлацкая цягучая, падабраў нішто.

Пісар. Збіраў усюды.

Дзяк. Ну, а дзе ж гаспадынька?

Пісар. А тут, прыхарашваецца.

Дзяк. Значыць, убачым у поўнай парадзе?

Пісар. Зараз выйдзе.

Дзяк (да фельчара). Ну, а як жа ваша мосць жывяцё?

Фельчар. Як шынкара пры шляху ніхто не мінае, так і ў мяне, — едзе чалавек шляхам і не мысліць пра хваробу, а глянуў на бальніцу — зараз каня пад пярэплаць а сам па фельчара, хваробу нашукаў...

Дзяк. У кожнага сваё, да цябе людзі ідуць, каб мікстуры піць, а да мяне людзей нясуць за пашпартам на той свет.

Лупадзёр. А да нас ідуць, каб са зводам законаў, стацей і параграфаў азнаёміцца.

Абібок. І з высядкай нашай.

Дзяк (да вучыцеля). А ў вас, разрушыцель цьмы, што добрага?

Вучыцель. Прасвета, прасвета і прасвета.

Дзяк. Благаславен тот, хто із нязрачага зрачага творыць. (Да стражнікаў.) А ў вас, арлы паднябесные?

Лупадзёр. У нас ціш і гладзь.

Абібок. Благанадзёжные на волі, а мяцежнікі на засове.

Дзяк. Так, акі бог учыл?

Лупадзёр. Усё па божаму распісанію...

 

Жонка Пісара.

 

Жонка. О! Я разумею, патрохі збіраюцца. (Вітаецца.)

Дзяк. З імяніннікам; жычу любіць друга, яко голубі сізакрылые, жыць да старасці ў міре і сагласіі, не ізменяя друг другу ні на том, ні на этом свеце, ні ў будні, ні ў празднічные дні.

Жонка. Вашы словы і вы сам варты вялікай цаны.

 

Сядзелец з жонкай.

 

Пісар. Паважанаму госцю, пану сядзельцу.

Сядзелец. Віншую, жычу сіл, здароўя, спрыту ў мазгах і моцы ў нагах.

Жонка сядзельца. І я жадаю таго самага, спрыту ў нагах і моцы ў мазгах.

Дзяк (калі да яго падыходзіць вітацца сядзелец). Віначэрпію, навадзяшчэму на людскіе чэрдакі умапамрачэніе, а на ногі шаткае выдрыганскае састаяніе.

Сядзелец. Пляці ты ўжо, пляці, на языку бандэролька не паложана.

Дзяк. Язык акцызу не прызнае, для языка патрэбна гарэліца, а для бутэлькі бяздзеліца.

 

Усе смяюцца.

 

Пісар. Нічога б я не хацеў, каб на бабскія языкі ды акцыз налажылі, вось даход быў бы.

Фельчар. Ніякага даходу.

Пісар. А чаму?

Фельчар. На ўсякую рэч, за якую трэба плаціць акцыз, накладаюць бандэроль, ну, скажыце мне вы, чы ўтрымаецца якая бандэроль на языку ў кабеты?

Дзяк. На языку, каторы ніколі сухі не бывае.

Сядзелец. Рэч вядомая, што не, бандэрольку з’есць і скажа: язык мой вольны ад налога.

Дзяк. А акцызніка, накладваючага бандэроль, пленіт, еліко он саатветствуюшчы малец.

Жонка сядзельца. Я вось не разумею, чаго вы чапляецеся да нас, кабет, дзе вы бачылі, каб кабета ела бандэролькі?

Сядзелец. Хіба ты жартаў не разумееш?

Жонка сядзельца. З такімі жартамі трэба асцярожна.

Пісар. Кумка, пакіньце; у гэты дзень не павінна быць сваркі.

Жонка сядзельца. Вашы словы мне зразумелы, бо ў іх абразы няма.

 

Набінос, старшы ўраднік.

 

Набінос. Усім агульнае прывітанне. (Да пісара.) Жыць і радавацца. (Вітаецца з усімі.)

Дзяк. Гордасць і краса нашых правіцелей усея Расіі — і чаму вы не старшына?

Набінос. Я старшы над ураднікамі, таксама не малы чын.

Дзяк. Нам патрэбна яшчэ адна галава, каб пачаць апаражніваць сей вінны склад.

Набінос. Прыйдзе... нідзе дзенецца.

 

Старшына Біч з жонкай (у Біча на грудзях медаль).

 

Дзяк. Сезам, растварісь, гвоздзь сей воласці явілся есі.

Біч. Гаспадару, гаспадыньцы і ўсім — добры вечар.

Пісар. Як рады бачыць вас!

Біч. Прадпісаць якому соцкаму чы дзесяцкаму — гэта адно, а пажадаць свайму прыяцелю і яго жонцы — гэта другое, вось якраз у гэтым другім столькі прыязных жаданняў, чы ўмесціць тваё сэрца?

Пісар. Маё сэрца, як мех, — умесціць.

Жонка Біча. Прыміце і ад мяне тыя словы, якія выказаў мой.

Жонка пісара. Дзякую, мая добрая суседачка.

Дзяк (да старшыны). Соль зямлі, увага! Еліко не было вас памежду нас, я, грэшан человек, пал духам і скарбіл, што наш цветнік, наша аранжарэя не можэт насіць этага дастойнага імені; а цяпер мы ў полном саставе: Саша, Маша і Тацяна, леў, лісіца, абез’яна, ад Арыны да Грыпіны, ад барына да лакея, ад папа да архірэя, усе на местах.

Біч. Можам асудзіць.

Абібок. У катаргу саслаць.

Лупадзёр. Галаву адарваць.

Дзяк. Адпець і пахаваць.

Пісар. Нашто так многа, лепш вып’ем.

Вучыцель (устае з чаркай).

 

Вып’ем мы чарку, забудзем пра гора,

Засмягшыя губы хоць чуць прамачым,

Годзе нам млеці у здзеку, ў пакоры.

І так ўжо досыць, век цэлы маўчым.

Дзе там пра шчасце і долю нам дбаці,

Няскора нам гэта яшчэ дачакаць,

Бяда, недастаткі цягам у хаце,

Вып’ем, так неяк лягчэй гараваць.

 

Так вып’ем за паважаных нашых гасцей, жыць і радавацца. Ур-ра!

Усе. Ур-ра!

Жонка сядзельца. Кажы ты цяпер, кажы. (Да гасцей.) Калі ласка, увага; мой муж хоча віншаваць імянінніка.

Сядзелец (з чаркай). У той час, калі мая расчыненая губа памыкаецца сказаць колькі слоў і мае рукі трымаюць поўную чарку царскай гарэліцы, я, шчыры паслугач... (Не садзіцца.)

Жонка сядзельца. Боўдзіла, не з таго пачаў.

Сядзелец. Хіба ж не з таго? У той час, калі сяляне нашы як ваду жлукцяць гарэліцу, купляючы яе ў шынкароў, я, сядзелец Быхаўскай манаполіі № 145, так абураны за гэта, што не магу дачакацца, калі начальства зачыніць патайныя шынкі і дасць большы разгон нашай казённай краме.

Набінос. З подлінным верна. (П'е.)

Пісар. З занясеннем в ісхадзяшчы журнал. (П’е.)

Дзяк. І з адпраўкаю гэтай паперы ў лаўку селядцы заварачваць (п'е).

Сядзелец (стоячы). Няхай вам не здаецца, што я селядзец, у паперу заварачваць не прыйдзецца, я драпежны.

Біч. Што ты — цукерак?

Сядзелец. Я не цукерак, а чалавек.

Біч. Ну так не чапляйся, а кажы, што хочаш?

Сядзелец. Я шмат хачу.

Біч. Ты дзе?

Сядзелец. На імянінах.

Біч. Гамані пра імяніны, слухаем.

Сядзелец. Вы, пане старшына, не слухаеце, а толькі перашкаджаеце, але такой бяды, ізноў кажу вам, што я не селядзец. Я... сядзелец, каторы жадае імянінніку здароўя, каб ён ніколі нічога не згубіў, а знаходзіў тое, што людзі згубяць, каб нікуды не зблудзіў, а ішоў бы жыццёвай сцежкай. (Не садзіцца.)

Дзяк. У рай Адамаў, праз Іркутск, на востроў Сахалін.

 

Усе смяюцца.

 

Жонка сядзельца. І што гэта, сапраўды, за мода не даваць распачатае скончыць.

Сядзелец (стоячы). І я кажу... а затым я жадаю, э... э... вось і сам не ведаю чаго...

Жонка сядзельца. Бо сарвалі думку.

Сядзелец. Каб пісар быў храбры, як леў, а дужы, як штабы ў дзвярах маёй манаполькі. (Стаіць.)

Дзяк. І несокрушым, акі Давід, расплытаўшый Голіафа на зямлі Вавілонскай.

Жонка сядзельца. Я на вас злую і зусім не разумею, чаму не далі сказаць чалавеку, нядобра гэтак. Ён колькі дзён развучваў, каб добра павіншаваць суседа, а вы, як млын, лапочаце, лапочаце і лапочаце.

Дзяк. Добрага званара не саб’еш з панталыку.

Сядзелец (стоячы). Ага, прыпомніў! Дай божа, каб пісара здароўе плавала, як курыца па вадзе, ах, памыліўся, як гусь па вадзе, а шчасце круцілася, як калясо ў млыне. Ура! (Сеў.)

 

Усе смяюцца.

 

Жонка сядзельца. Дурны, дурны і дурны.

Дзяк. Так за здароўе тых курэй, што плаваюць па вадзе.

 

Усе рагочуць.

 

Фельчар (з чаркай). Што варта было б наша жыццё, каб не вызначыць калі такіх дзён, як гэты. Рваць людзям зубы, пхаць рыцыну — не ёсць уздавальненне душы. Душа ўздаволена тады, калі ні рыцынай, ні зубамі не дакучаць ёй. Бывае, спіш і бачыш сон, што ўжо не фельчар, і абрыдлая рыцына перад вачыма не стаіць; хворыя паздаравелі, незлячымыя паўміралі; быццам нанова жыць пачаў. Вось і цяпер мне здаецца, я сплю і ні адной хворай клячы няма перада мной.

 

Мар’я з хворым.

 

Мар’я (да фельчара). Панок, мілы, палячыце зуб хвораму, качаецца па бальніцы, аж толькі пошчак разлягаецца.

Дзяк (да фельчара). Касторка, прачнісь, яшчэ адзін страждушчый нашолся.

Фельчар. Вось табе і ўздавальненне душы. (П'е.)

Дзяк (да Мар'і). Будзь ты в атсутствіі зубадзёра зубадзёрам і вырві ему баляшчы зуб, а ты, жывая душа, шэствуй за эцім эскулапам у юбке і повінуйся ей строга.

Пісар. Фельчар зараз прыйдзе, пачакайце ў бальніцы.

Жонка пісара. Вядзі, Мар’я, вядзі.

Біч. Тут не бальніца, а сход начальствуюшчых ліц.

Набінос. І на аснаванні гэтага пастанаўлення выпаўзі, хворы, з гэтай фатэры да асобага распараджэння.

Біч. Прэдпісываю к неуклонному ісполненію.

 

Мар’я выйшла з хворым.

 

Дзяк (да фельчара). Налівай, брат, і засынай, няхай табе сняцца сны, што ты не фельчар, а ветэрынар, і мы ў цябе на вечарынцы.

Фельчар. Наліць налью і выпіць выпью, толькі не засну.

Жонка пісара. П’ю за здароўе пана фельчара.

Фельчар. Дай божа, каб я ў вас быў не як фельчар, а як госць.

Жонка пісара. А цяпер — за здароўе пана вучыцеля.

Вучыцель. Бязмерна рад вашай прыхільнасці.

Жонка сядзельца. Не было б вас, дзеці нашы невучоныя былі б.

Сядзелец. Чакай, я скажу.

Вучыцель. Бязмерна рад вашай прыхільнасці.

Жонка сядзельца. Не лезь, а то як дам пад бараду, язык ушчэміш.

Сядзелец. Сабе ўшчамі.

Дзяк. Бандэроль палажы.

Жонка сядзельца. Наша дачка Ганка, а ваша вучаніца спрытна таргуе.

Сядзелец. А яшчэ спрытней крадзе грошы.

Жонка сядзельца. А яшчэ і бацька, як не сорам.

Сядзелец. Я айчым, а па-другое, праўда!

Жонка сядзельца. Цьфу на цябе!

Біч (з чаркай). Па-мойму, прэдпісать — адно, а выпіць— другое. Таксама маўчаць і не сказаць — адно, а сказаць — другое. Хто мая правая рука? Пісар! Хто перуном уздумае і напіша, што самому Люцыпару горача стане? Пісар! Хто мужыка наскрозь бачыць? Пісар! Хто пад мяцежнікаў стаццю падвёў за парубку лесу? Пісар! А праз каго матыля гэтага павесілі мне? (Паказвае на медаль.) Так вось, маючы яго на ўвазе, як спрытнага чалавека, сам шаную яго і вам усім прэдпісваю шанаваць яго. (П'е.)

Пісар. За словы шчырыя дзякую; пажывём і другога матыля зловім.

Жонка Біча. Я не магу зразумець цябе, то ты раз кажаш, што я твая правая рука, то пісар правая рука.

Біч. Падасінавік ты, і больш нічога.

Жонка Біча. Няхай падасінавік, але ў кош не паложыш. (Да пісарыхі.) Учора прыйшоў падгуляўшы, то бог ведае чаго наплёў, а ты красавіца, кажа, а ты шчабятушка, кажа, а ты мая правая рука, кажа; і ўсё кажа і кажа, і шмат чаго казаў, ды забылася, а цяпер у другі бок звярнуў.

Жонка пісара. П’янаму мужу ніколі не вер, п’яны што ні скажа, усё збрэша.

Дзяк (да жонкі Біча). Он лішает вас даверыя, а вы лішыце яго на палгода взаімнасці.

Біч. Пакуль хто мяне лішыць, я хутчэй таго лішу ўсіх правоў.

Дзяк (устае з чаркай). Чарка ў руцэ, а слова на языцэ. Скажы мне, герой гэтага дня, хочаш чуць братняе слова?

Пісар. З ахвотаю.

Дзяк. Так вось і я...

Жонка сядзельца. Пятае калясо ў панарадзе.

Дзяк. Прадстаўнік сей чрэваугодніцкай воласці, не магу не сказаць.

Жонка сядзельца. Ага! Выдахся.

Дзяк. Пару цёплых слоў табе — віноўніку Бахусава празднества; чалавек, акі ладдзя, плавае по сінім волнам океана...

Жонка сядзельца. Даруйце, я не лодка і плаваць не ўмею.

Сядзелец. І я не лодка, а чалавек.

Біч. А хто кажа, што ты звер?

Жонка сядзельца. А во хто!

Біч. А пашпарт ты маеш?

Сядзелец. Яна па майму пашпарту жыве.

Жонка сядзельца. Па бяссрочнаму.

Біч. Значыць, ты чалавек, а не вярблюд. (Да дзяка.) Кажы яшчэ, слухаем.

Дзяк. Бывае, лодка, плаваючы, разаб’ецца ў шчэпкі, а бывае, прыстане да берага. Вось і я, як тая лодка, прыбіўся к берагу гэтай воласці і спазнаўся з людзьмі шчырай душы.

Жонка сядзельца. Ага! Спакарнеў!

Дзяк. У вашых очах я не бачыў няпраўды, але бачыў агонь, яко ў жэртвенніку Аўраама.

Жонка сядзельца. Што ён пляце?

Біч. Баба! Я ўтраціў цярплівасць, дай гаманіць чалавеку, а не то я...

Набінос. І я прысоедзіняюся!..

Лупадзёр. І я.

Абібок. І я. (Да Лупадзёра). Што, каго біць трэба? (Закасаў рукавы.)

Набінос. Ага! Цябе, што мала выпіў.

Біч (да дзяка). Які там бачыў агонь?

Дзяк. І той агонь, што бачыў у вашых очах.

Біч. Агонь — добрая рэч. А што яшчэ бачыў?

Дзяк. Прывабіў мяне да вас, маі мілыя брація, і я вас усіх пакахаў сваім целам.

Біч. Агнём і целам?.. Разумею.

Дзяк. Усею душою, разуменіем і крэпасцью.

Біч. Ага! Зразумеў, значыць, некага пакахаў так, што аЖукрэпасць трапіў, прэдпісываю сесці! (Стукнуў па стале.)

Дзяк (сеў). Я хаця і сеў, але, седзячы, шлю благадарносць сядзельцу і яго жонцы за падбрэхіваніе.

Жонка сядзельца. Гэта што? Хто, па-вашаму, я?

Дзяк. Перваапрэльская цёшча.

Біч. Чула?

Жонка Біча. А ты патрупехлы чашчавік. Не баюся нікога і не бачу такіх паноў.

Біч. Прэдпісываю замоўкнуць.

Жонка пісара. Кумка, пакінь злаваць, пакінь.

Пісар. Лепш выпьем.

Жонка сядзельца. А чаго ён чапляецца?

Біч. Баба, яшчэ раз прэдпісываю замоўкнуць.

Жонка сядзельца. Не баюся, не бачу, не чую. Гонару набраўся, навесіўшы медаля.

Лупадзёр (паднімаецца). Я распачынаю сваю рэч, каб не здавалася, што ў галаве маёй апілкі ляжаць. Не толькі на кірмашы я магу закамандаваць: асадзі на плінтуар, але і тут скажу: увага! І мяне павінны паслухаць. Рыгор Валяр’янавіч. Вер мне, што гэта кажа сверхсрочны фельдфебель Лупадзёр, каторы так служыў, што ні разу не стаяў пад ранцам і не мыў падлогі ў тых непрылічных мястах. Ведай сабе, што я, Лупадзёр, калі п’ю, а калі пачну рваць, то рву...

Біч. Што, цябе рваць? На двор выходзь.

Лупадзёр. Мне і тут добра.

Абібок (пасадзіў Лупадзёра, а сам устаў). Хто не ведае мяне, той будзе пытацца, што за чалавек стражнік Абібок. Стражнік Абібок вядомы цэламу свету. Я маю за стральбу гадзіннік, я маю падарунак ад самога цара, калі хрыстосаваўся з ім у вялікдзень.

Лупадзёр. А куды яго вялічаства пацалаваў цябе?

Абібок. У шчаку.

Лупадзёр. Дай і я пацалую. (Цалуе.)

Набінос. Старшы ўраднік Набінос трымае рэч. Старшынство — не муха, а чын — не камар. Старшынство даецца не за тое, што ўмееш выпіць ці закусіць. Старшынство даецца за веру, за любоў к ацечаству, за скараненне забастоўшчыкаў, за спакой у воласці і ваколіцах яе. Наша воласць — гэта бочка, а мы — жалезныя абручы; падумайце і скажыце: што варты клёпкі без абручоў?

Дзяк. І што варты людзі без клёпак?

 

Сядзелец абняў і пасадзіў Набіноса.

Панас і Мар’я.

 

Панас (п’яны). Панас Лявонавіч Чашчавік, праўда, цёмны чалавек, але чарку патрапіў выпіць за здароўе свайго пана ў шынку. Панас, як самі бачыце, за дзве залатовачкі п’яны, як грыб, а яны і за 30 рублёў п’яныя не будуць. Тупайце, паночку, тупайце і ведайце, што ў Панаса знаёмасць шырокая, Панаса ведаюць у сяле і за сялом, кум Халімон, кума Міхаліна, сват Марымон, свацця Агрыпіна, коні, сабакі, гусі, вужакі.

Пісар. Ну, годзе, Панас, стань тут, пры сцяне.

Панас. А за стол нябось не пасадзіце? Дзе там.

Пісар. Госці, радуецца душа, калышацца сэрца, гледзячы на гэты пекны вянок нашага поля, нашай воласці, я, як той садоўнік, і воч не спускаю з вас. Усе мы ў згодзе жывём, адзін піша, другі падпісуе, трэці пакуе, чацвёрты ў астрог мяркуе, пяты гарэлкай таргуе, шосты звоніць і хавае, сёмы галовы здымае. Біцца не біліся і сварыцца не сварыліся; удзень я ў воласці пішу, а думку ў сэрцы нашу; лепш мець сто рублей, чымсь сто друзей. Ура!..

Усе. Ура!

Набінос (узяў чарку і бутэльку, да Мар’і). Ну, а мы з табою, філасофская баба, вып’ем! (Налівае.)

Мар’я. Як скажаце, так чаму ж (бярэ чарку). Дай божа. (П’е. Набінос налівае яшчэ.) А цяпер за здароўе маёй пані (п’е), а цяпер за здароўе пана (п’е), панок мілы, не хто другі, як я, старажыха Мар’я, у той чарачцы, што выпіла, пасылала пану сілы, здароўя і ўсялякую немач. Я, Мар’я, мяту ў воласці падлогу і ў чырвоных панчохах фартыкую, ваюю з мужыкамі, палю ў печы, ем гарачыя бліны. А калі зганяла з польскіх папераў мух і павучынне, пан ушчыпнулі мяне і казалі трымаць нос тапарышчам, а няхай яе, гэтую картаплянку, чарку выпіла, а язык лезе за вуха.

Набінос. А цяпер стань ля Панаса.

Дзяк. А цяпер запяём.

Усе. Запяём, запяём!

Жонка пісара. Вось гэта добра. (Шле дзяку паветраны пацалунак.)

Дзяк. Усё ваздушныя да ваздушныя, а да настаяшчых нікак не дастукаюся. І так, брація, пусць голас наш, акі львіны рэў, наполніць звукам горніцу сію.

 

Мар’я ўпушчае на сцэну дзяўчат, хлапцоў.

 

Дзяк (запявае).

 

Як па рэчцы, па рацэ

Човен новенькі плыве.

 

Усе.

 

Човен новы, новенькі,

Струганы, кляновенькі.

 

Дзяк.

 

А ў тым чоўне-чаўнаку

Праз Бярозачку-раку.

 

Усе.

 

Едуць дзеўкі ноч гуляць,

Ноч купальскую спраўляць.

 

Дзяк.

 

Там, дзе цёмны бор шуміць,

Грамада хлапцоў сядзіць.

 

Усе.

 

Ждуць дзяўчат ў паўночны час,

Засвяціўся зорак пас.

 

Дзяк.

 

У небе месячык блішчыць

Агніво, як змей, гарыць.

 

Усе.

 

Зычны смех, як звон, чуваць,

Дзеўкі едуць ўжо гуляць.

 

Дзяк.

 

Вось па рэчцы, па рацэ

Човен за чаўном плыве.

 

Усе.

 

Шмат іх ціхенька паўзуць,

Шчабятух дзяўчат вязуць.

 

Дзяк.

 

Дым нясецца, вецер дзьме,

Раса льсніцца на траве.

 

Усе.

 

Мглой пацягнута рака,

Спіць у лузе асака.

 

Дзяк.

 

Скрыпкі граюць, дудар дзьме,

Міла моладзі у цьме.

 

Усе.

 

У небе месячык блішчыць

Агніво, як змей, гарыць.

 

Мар’я.

А цяпер паслухайце, запяю я:

 

Тут у хаце вечарынка,

Баліць мая серадзінка.

І чаму ж ёй не балеці,

Калі некаму жалеці.

Косці ныюць, жылля круціць,

Кроў іграе, каламуціць.

Хачу ласкі, пацалункаў,

Хачу шчырых падарункаў.

А тут, бач, няма нікога,

Ні сляпога, ні храмога.

Муж мой п’яніца адпеты

Ў будні, у свята так адзеты. Водку п’е, жуе табаку,

Мяне бэсціць, небараку.

 

Панас.

 

Ой, пайду я у даліну

Ды там выламлю дубіну.

Пачну рэбры лічыць ёю,

Пакуль пан я над табою.

Ты, здаецца, прысягала,

Не пакінуць абяцала.

А цяпер нуду заводзіш

І другіх сабе знаходзіш.

Ой, Марыля, не крыўляйся,

На мой зуб не пападайся.

Як вазьму у рукі дзягу,

Так успомніш пра прысягу.

 

М а р’я.

 

За табою толькі знаю

Сваё жыцце праклінаю.

Дзён шчаслівых я не бачу,

К ліхой долі цябе страчу.

Будзеш гніць у дамавіне,

А я буду гаспадыня.

Ты нябожчык таго свету,

Хоць бы хвілю хутчэй гэту.

 

Панас.

 

Не баюся я нікога,

Апроч пісара самога.

Пісар сцяміць і напіша,

Рубля ў рукі, Панас дыша.

Смачна ем, куру табаку,

Хвост кручу свайму каняку

І скрозь пальцы пазіраю,

Цябе, хоўру, мала знаю.

 

Пісар.

 

Пакуль пісар пяром піша,

Панас сыты, смела дыша.

А скажу узяць паперы,

Тады лезь, Панас, за дзверы.

А пакуль што, брат, трымайся,

Бабе ў рукі не давайся.

Кліч хутчэй сюды музыкаў,

Зададзім вяселлю шыку.

 

 

Музыкі.

 

Біч. Капэльдудкіны, я змёрз, прэдпісываю вам раскалыхаць маю ўдубеўшую душу.

Усе. Польку нам, польку. (Танцуюць, апроч Лупадзёра, каторы сядзіць за сталом, п’е.)

Дзяк (пасля танцаў). Ну, і далі ж мне гарту...

Набінос (да Біча). Разрашыце вам прэдлажыць закурыць. (Раскрывае партсігар.)

Біч (бярэ папяросу). Разрашаю. А спічка ёсць?

Набінос. Нікак нет.

Біч. Штоб была.

Набінос (убачыў, што Лупадзёр п’е з бутэлькі). Эй, ты! Не ў вочарадзь п’еш!

Лупадзёр. Брэшаш, гаспадзін старшы, п’ём у вочарадзь.

Набінос. Не разгаварываць, а то лыч набок звярну.

Абібок. Што гэта, мой кум свіння?

Лупадзёр. Лыч набок звернеш, звярні!

Набінос. Звярну! (Нападаюць адзін на другога з крыкам: «Звярні — звярну!»)

Пісар. Братцы, што з вамі?

Жонка пісара. Пабойцеся бога.

 

Абібок і Лупадзёр валяць на падлогу Набіноса, усе бягуць. Панас кідаецца праз стол у акно, дрыгае нагамі.

 

Дзяк (жагнаецца). Царыца нябесная, спасі мяне! (Лезе пад стол).

 

Заслона

 

 

Акт II

Жонка пісара ляжыць на софцы, галава павязана белай хусткай.

Жонка (пяе):

 

Ные маё сэрца, шукае спагады,

Хоча ляцець ў горад, бо няма тут рады.

Тут без часу сойдзеш у сыру зямліцу,

Тут без часу возьмеш у руку грамніцу.

Там, за борам цёмным, горадзерка ззяе

І мяне, малоду, туды заклікае.

Пабягу хутчэй я з гэтага балота,

На вачах не будзе зрэбная галота.

 

І нашто ён сцягнуў мяне ў гэту ваўкаўню, я гуляць хачу, жыць хачу, а тут нудна, як на могільніку. У акне толькі і бачу шэрае неба і шэрых мужыкоў, а там у горадзе гульні, забавы, музыка, танцы. Дзе ж былі мае вочы, чаго ж я валаклася сюды... чаго?

 

Мар’я.

 

Жонка. Ты чаго, Мар’я?

Мар’я. Пан казаў, калі пані нудна, каб у канцыралію прыйшлі.

Жонка. Э, Мар’я, Мар’я, чы ж канцыралія?

Мар’я. Для мяне гэтыя заморскія словы не вельмі падаюцца на язык. Я ўжо сама не ведаю, чы гэта ад таго, што мой язык мала адукаваны, чы ад таго, што ад дзяцінства ў вёсцы жыве.

Жонка. Чы язык твой жыве ў вёсцы?

Мар’я. У вёсцы жыве галава, а ў галаве кватаруе язык.

Жонка. Камедыянтка ты, Мар’я.

Мар’я. Добра, пані, жартаваць, пажыўшы ў горадзе і пабачыўшы шыкі, а я што бачыла?

Жонка. Ты не бачыла, то табе і не рупіць, а мяне ой як цягне горад назад, там цеатры, бульвары, матаграфы.

Мар’я. А скажыце, пані, што-небудзь пра той ціянцер чы бульвар.

Жонка. Цеатр — гэта вялікая будыніна, на вялікім пляцу, вось туды і збіраюцца людзі.

Мар’я. На начлег?

Жонка. Зусім не, ты, як бачу, не разумееш, што гэта.

Мар’я. На мой розум, гэта або карчма, або лазня, або начлежка.

Жонка (смяецца). Ну, і Мар’я! У цеатры паказуюць спевы, танцы і каханне. Вось, напрыклад, хлапец закахаўся у адну дзяўчыну, другую, трэцюю, а дзяўчына таксама ўпадабала хлапца, другога, трэцяга, затым справа дайшлася бацькам, суседзям, сваякам, пачынаюцца плёткі, спорка, той нападае на таго, ломяць адзін другому рэбры, выбіваюць зубы, пасля мірацца, цалуюцца, абнімаюцца.

Мар’я. Забаўна, дзіва што, ну, а ў тых, як яго?

Жонка. Матаграфе?

Мар’я. Але ж.

Жонка. Матаграф — гэта вялікі пакой, дзе скачуць на ліксідрычастве неба, зямля.

Мар’я. Цяпер я не дзіўлюся, чаму пані сумуе аб месцы.

 

Пісар.

 

Пісар. Чаму ж ты не прыйшла, хіба гневаешся?

Жонка. Няўжо ж радуюся, навёў гэтых барбосаў, напіліся і сарвалі мне сілы.

Пісар. Хто ведаў, што біцца пачнуць, хацелася, каб усё добра было, каб у згодзе жыць, асабліва з імі.

Мар’я. Праўду кажаце, панок, гэтыя крумкачы — патрэбныя людзі, іх абмінуць нельга, здаецца, ён пазірае ў неба і нічога не бачыць, што на зямлі робіцца, байкі, — усё бачыць.

Жонка. На ліха ты іх клікаў?

Пісар. Трэба было. Як ты не можаш зразумець, Мар’я і тая зразумела.

Мар’я. Не такая я дурная, як мо вам здаецца, але, праўду кажучы, страху мела, пакуль вынеслася адсюль.

Пісар. Было страху ўсім.

Мар’я. Мне шкоды ад гэтага ніякой, а пані, відаць, уздрыгнулася. Лячыць трэба.

Пісар. Але чым? Сама бачыш, я гатоў на ўсё. Аптэку лекаў выпіла.

Мар’я. Што вашы лекі, наш брат ад хваробы сваімі лекамі бароніцца, і калі б толькі падлічыць, гарадскіх больш памірае, чымсь вясковых.

Пісар. А ты б чымсь гутарыць, раздабыла б тых знахароў, авось палепшала б.

Мар’я. Перш распазнаю хваробу, а пасля і дараджу (у акно). Нехта да пана з лістом прыйшоў.

Пісар (да акна). Ад земскага, чы што?

Голас за акном. Ад земскага.

Пісар (чытае ліст). На карты заве. (Паўза.) Ну, што ты скажаш?

Жонка. Рабі як хочаш.

Пісар. А ты як будзеш адна?

Жонка. Так і буду, не памру; а памру, другую возьмеш.

Пісар. Неразумная гутарка.

Мар’я. Што, паночку, доўга думаць, ёсць спосаб хвілінку пагуляць, карыстайце.

Пісар (да жонкі). А мо разам паедзем?

Жонка. Я з месца не магу парушыць, а ён хоча па каляінах растрэсці.

Пісар. Ну, так і быць, я адзін. Мар’я! Кліч Панаса.

Мар’я. Вось гэта па-мойму. Панас, гу-у-у...

 

Панас адзываецца за сцэнай.

 

Мар’я. Хутчэй сюды, хутчэй.

 

Панас убягае.

 

Панас. Што тут, што?

Мар’я. Пана павязём да земскага.

Панас. Толькі ўсяго, а я ўзрадаваўся, мысліў, што, цябе завязу на бойню.

Мар’я. О! Чулі, паночкі?

Пісар. Панас, запрагай коні, да земскага едзем.

Панас. Конь у мяне запрэжаны, — залатоўку фурману ў руку, пугавішча ў другую, і пайшлі... пайшлі.

Мар’я. Калі ты ўжо пакінеш папрашайнічаць?

Панас. Як памру.

Пісар (да Мар'і). Давай бурку.

Жонка. Калі ж вернешся?

Пісар. Буду старацца раней.

Жонка. Ведаю я тваё раней, заўтра раніцой.

Панас (да Мар'і). А чаму ж ты не пытаешся, калі я вярнуся?

Мар’я. Па мне хоць зусім не вяртайся, плакаць не буду.

Панас (пяе).

 

Марыля Марылеўна, будзь ты ласкавей,

Не глядзі так грозна, я ж не ліхадзей.

Буду ехаць к земскаму, нельга абмінуць

Лаўку манапольную, каб не заглянуць.

Дай ты залатовачку, смагу каб прагнаць,

Сілы каб хваціла конікаў ганяць.

 

Мар’я.

 

Каб ты са мной ехаў, тады інша рэч.

А раз едзеш з панам, ідзі з вачэй прэч.

Прасі грошы ў пана, ён у нас багат.

Там не залатоўкі, а рублёў ёсць шмат.

 

 

Панас выходзіць.

 

Пісар (пяе).

 

Не сумуй, мая ты рыбка,

Я вярнуся дамоў прытка,

Прыдабуду грошы шмат,

Куплю новы панарад.

Куплю вузкую спадніцу,

Капялюш, быццам даўніцу,

Куплю з гэмсай чаравікі,

Куплю шпількі, быццам пікі.

Абажурныя панчохі,

Ружу, мазі, духоў трохі.

На кірмаш не павязу,

Усім людзям пакажу.

 

Жонка.

 

Не патрэбна мне нічога.

Мне на могілкі дарога.

Пашукай сабе другой,

І купі усё для той.

Маё сэрца скамянела,

У жыллях кроў ахаладзела.

Смерць глядзіць з частых у вочы,

Дабіваецца уночы.

Ты чырвоны, як рабіна,

К табе прыйдзе журавіна.

А я век свой дажыву,

Рукі табе развяжу.

 

Пісар.

 

Годзе, годзе, мая міла,

І ты чырвона, як рабіна,

Пакуль ты яшчэ памрэш,

Пудоў з 200 хлеба з’еш.

А пакуль што будзь вясёла,

У аконца паглядай.

Сонца сядзе і устане,

Я вярнуся, гэта знай.

 

(Пайшоў.)

Мар’я. Весела жывецца нашаму земскаму, ой, весела, была раз у яго служанкі, то там свет пеклам здаваўся, гасцей, як сініц, гарэлку п’юць, у карты рэжуць.

Жонка. Ды не б’юцца, як у нас.

Мар’я. Там барбосаў у хату не пушчаюць, земскі не малы чын, стражнікі хронт трымаюць... а калі каму ў пакоі далезці, то сперш павінен падысці да дзвярэй, націснуць чорненькі гузік і чакаць, і тады вось выходзіць паслужанка, што я ў гасцях была, і кажа ў сенцах пачакаць, а адразу ў пакоі не лезці.

Жонка. І добра робяць.

Мар’я. У земскага не такія шырокія дзверы, як тут.

Жонка. Праз гэта я павінна мучыцца.

Мар’я. Задалі ўсім пуду, а дзяку больш за ўсіх дасталося, пад стол прыйшлося бедаку хавацца.

Жонка. І таксама мог захварэць.

Мар’я. Усё можа быць, чалавек ён не вайсковы, у гэткіх завірухах не быў.

Жонка. А што з таго, што твой Панас быў у войску, нябось убачыў звярыны твар Набіноса, як рыба выплыў пра акно.

Мар’я, Ён шустры... (Глядзіць у акно.)

Жонка. Каго выглядаеш?

Мар’я. Лёгкі на ўспамін, мы пра дзяка гамонім, а ён якраз праз вуліцу ідзе.

Жонка. Хто, кажаш, дзяк?

Мар’я. А ўжо ж ён, хіба клікнуць?

Жонка. Клікні, Мар’я, клікні.

 

Мар’я выбягае.

 

Жонка (скідае павязку, прыхарошваецца). Вось добра, што ідзе, прынамсі, сэрца акамянеўшае зварухнецца. (Садзіцца на софку.)

 

Дзяк.

 

Дзяк. Сакровішчніца нябесна, жамчужына неацэнная, сама адна іль супруг паблізасці абрэтаецца?

Жонка. Паехаў на карты да земскага.

Дзяк. І немажліва знаць, калі з’явіцца?

Жонка. Як заўжды, раніцой.

Дзяк. Пусць не таропіцца... а я пабуду з пцічкай невялічкай, што томіцца ў жалезнай клетке.

Жонка. Два гады, як марнею я ў гэтай клетцы, і як вылецець, сама не ведаю.

Дзяк. Вясною вылецім, а пакуль што ў мінуты грусці я развлекаць буду. А як здароўе?

Жонка. Не зусім здарова, напужалася, як тыя басякі біліся.

Дзяк. Эта не людзі, а дзікае стада свіное, навадзяшчае страх на ўсякае смірэннае ваплашчэніе, да будзет проклята іх імя, отчэства і фамілія.

Венера Мілоская, кедр ліванскій мой, паднімі сваё благоуханное тело і палажы сваю Саламонаву голову на маё плечо.

Жонка. І сама не ведаю, чаму я вас слухаю. (Нахіляецца.)

Дзяк. О, агнец смірэнный мой, што за перамена вдруг са мной? Серца стракочэт, в насу шчакочэт, а во рту так сладко, точно куль саломкі абрыкосавскай палажылі.

Жонка. Я рада гэтаму.

Дзяк. Смірэн і кротак чалавек, а шчокі разгарэлісь так пламенна, точна ў праатца Адама, кагда он с’ел яблычка і яблыню вмесце.

Жонка. Адам лепшым быў за вас, ён часцей бачыўся з ёю, а вы і воч не паказуеце.

Дзяк. За эта яго і з раю пагналі, баюсь, штобы і са мною так не случылась, пісар падмеціт, скажэт Набіносу, а Набінос, как Вельзеул, ізгоніт мяне за вароты воласці сей.

Жонка.} А я плакаць буду.

Дзяк. О, нет, ачаравацельные вокі не далжны слязою аблівацца, я іх галубіць буду.

Жонка. Толькі кажаце!

Дзяк. О! Хрізантэма душыстая, о карал драгацэнный мой, я дагадался... я узнал... я... цяпер веру, веру, што сэрца жэншчыны, акі страннік, встретілась з маім... ну, колі так... вот плады рая, вот ані... (Цалуе.)

 

Мар’я.

 

Мар’я. Клікалі мяне?

 

Дзяк і жонка адскочыўшы.

 

Жонка. Глухому заўжды нешта здаецца.

Мар'я. А мне здалося, быццам клікалі, вось мае паночкі, з перапуду ўсё гэта, ад імянін сталася, куды ні гляну, усё тыя барабжынцы ўваччу мітусяцца: то стражнік Лупадзёр душыць Набіноса, а то Набінос грызе Лупадзёра, даруйце, з перапуду сталася. (Адыходзіць і натыкаецца на вушак.) Во і аслепла ўжо, замест дзвярэй на шула трапіла. (Выйшла.)

Дзяк. Хітрасць ілі проста глупасць?

Жонка. Дур... прэцца, як вар’ят на кірмаш, праганю к чорту, і толькі.

Дзяк (жахаецца). О, не ўспамінай у страдны час власцеліна ада, да будет проклят он у недрах Ісаака і Аўраама, дзьявал — враг харошых дзел і памышленій, і патаму імя яго ў доме, гдзе нет хазяіна, — непрэсушчэ.

Жонка. Вечар наш, ніхто не забароніць.

Дзяк. Власцелін ада можэт дзело ізгадзіць так, што і сабакі нос атвернут.

Жонка. Вечар наш... мужу весела там, а нам тут.

Дзяк. Нядарам сэрца маё з трыумфам іграет пабеду...

Жонка. Няхай іграе, я люблю музыку... а што, каб і ўпраўду зайграць, паскакаць, каб было весела, каб не цягнула ў горад.

Дзяк. Без шуму, без шуму, цішэ едзеш, дальше будзеш, вот лучшэ пасідзім, там...

Жонка. Я гуляць хачу, мне абрыдла гэтак жыць, мяне ніхто не бачыць, я маладая, жыць хачу, чаго сядзець?

Дзяк. О! Как я рад, што вышэл на дарогу... Цяпер я чуствую, што калясо фартуны верціт, верціт, верціт.

Жонка (прыслухоўваецца). Чакайце, чакайце, чы мне здаецца, чы такі праўда... (Да акна.) Ён. Сапраўды ён...

Дзяк. Хто он?

Жонка. Муж вярнуўся, муж.

Дзяк. Вот і трыумф пабеды... Я гаварыл, кагда вспамінают імя дзьявала, он яўляецца і влачыт за сабою калясніцу гадасцей і недаразуменій.

Жонка (бегае па хаце). Што мне рабіць, дзе ж вас падзеці, праз дзверы нельга выйсці...

Дзяк. Нет такога палажэння, із каторага не была б выхада.

Жонка. Так кудой жа, кудой?

Дзяк. Унясу і чэраз акно свае ногі. (Лезе ў акно.) О! Мора жыцейскае. О! Трыумф победы. (Вылез.)

Жонка. Як бы стопудовы камень зваліўся, так стала лёгка. (Выбягае ў бакоўку.)

 

Мар’я.

 

Мар’я. А мае ж міленькія, дзе ж яны падзеліся, ні дзяка, ні хворай няма, агэй, агэй. (Глядзіць пад стол.) Але ж куды гэта спанатрыўся дзяк, знік, нібы ў тым матографе з ліксідрычаствам, шкода, што пісар не ўлавіў, ведаў бы, якая хвароба ў жонкі.

 

Пісар.

 

Пісар. Чаго ты скаліш зубы?

Мар’я. Што ж гэта я, Лыска павінна скаліць, а не смяяцца, Мар’я хоць мужычка, ціянцераў не бачыла, але смяецца там, дзе трэба смяяцца. Скажыце, пан, чым не смешна было б слугам земскага, каб вы ўвайшлі праз дзверы, а выйшлі праз акно?

Пісар. Не разумею я цябе, непрытомная, чы якое ліха?

Мар’я (пяе)

 

Не пытайце, панок, Мар’я не здурнела,

Што учора было цёмна, сёння зразумела.

Той, хто думаў паміраць, паміраць не хоча.

Пану ў картах не спазнаць, чаго баба хоча.

Там на печы вяз расце, а за печкай грушка,

Вунь плавае на рацэ гусь дурны і гуска.

 

Ха-ха-ха, ну што, зразумелі?

Пісар. Нічагусенькі.

Мар’я. З часам зразумееце!

 

Панас.

 

Панас. Ну і горача, думаў, што сапрэю... Вёз я пана ды і думаю, у гэтую спякоту не ездзіць, а пад елкай ляжаць, маючы пры сабе чарку гарэліцы, праўда, панок?

Пісар. Напой, Панас, коні.

Панас. Вось жа аб тое, што напаіць трэба.

Мар’я. Так чаго ж стаіш, аслабані хату, вось дзверы, хіба не бачыш?

Панас. Бачыць бачу. (Да пісара.) Паночак, конікі вып'юць, але і мне, гледзячы на іх, лыкнуць захочацца, калі ласка, даўжок, каторы абяцаліся.

Мар’я. Не давайце ані шэлегу.

Пісар. На даўжок.

Панас. Дзякую, паночку, такі характар — дзень з ноччу хваліцца трэба. (Да Мар'і.) Хіба пойдзем, Марыля Марылеўна, пастаўлю і табе адну чарку. (Выходзіць.)

Мар’я. Ідзі ўжо, ідзі, а то дзеркачом угрэю.

 

Жонка (галава павязана хусткай).

 

Жонка. Ужо вярнуўся?

Пісар. Вярнуўся.

Жонка. Чаму так хутка?

Пісар. Пакуль я прыехаў, усе п’яныя былі і біцца збіраліся, так я за нагодай і ўцёк.

Жонка. Што гэта з людзьмі парабілася?

Мар’я. Мода, пэўна, такая, б'юцца ў земскага: б’юцца ў пісара, б'юцца і ў стоража, і ўсё па модзе, ах, памылілася, па мордзе, як у тых ціянцерах, што пані казала.

Пісар. Нагрэй, Мар’я, самавар.

Мар’я. Як перуном высмаліць, ён пэўне ўжо гатоў. (Выходзіць.)

Пісар. Занясеш у садок, я там буду. (Да жонкі.) Ну, як чуешся?

Жонка. Што і пытацца, галава адарвацца хоча, восень тут перабуду, а на зіму паеду ў горад жыць.

Пісар. А мяне тут пакінеш?

Жонка. Ты здаровы.

Пісар. Палепшаеш і ты.

Жонка. Мне тут нудна, а па-другое, гнілое паветра, цяжка дыхаць.

Пісар. Пашукаем доктара, павязу ў Крым.

Жонка. Я ўжо не ведаю, рабі як знаеш. (Да дзвярэй.)

Пісар. Куды ж ты?

Жонка. Мне душна, у садок іду. (Пайшла.)

Пісар. Занудзілася баба.

 

Мар’я.

 

Мар’я (хціўна). А самаграйчык у садочку.

Пісар. Чую, чую, а скажы мне, Мар’я, што гэта ты пляла пра вокны-дзверы.

Мар’я. Які пан цікавы!

Пісар. Ну, толькі без філасофіі.

Мар’я. Вось добра, што ўспомнілі, гэта калі ў вашы імяніны старшы вураднік мяне так называў, чы брыдкае яно?

Пісар. Яно не брыдкае, але вымагае, каб ты сказала, аб чым пытаюся.

Мар’я. А што за гэта будзе?

Пісар. Што захочаш.

Мар’я. Захачу, каб не давалі Панасу залатовак і каб на дзён 5 у халодную яго пасадзілі, ён не любіць мяне.

Пісар. Ну, добра, будзе па-твойму, кажы.

Мар’я. Вось бачыце, у той час (садзіцца), калі вы былі ў земскага...

Пісар. Няўжо ты, Мар’я стоячы не можаш, канешне трэба сесці?

Мар’я. Перш магла, а цяпер не магу, ад імянін вашых. (Хоча выйсці.)

Пісар. Ну, садзіся, толькі расказвай.

Мар’я (набок). Адразу б так сказаў. (Паўза.) Так вось, паехалі, значыць, да земскага, а да пані прыйшоў дзяк.

Пісар. Так што з таго?

Мар’я. Праз дзверы прыйшоў, а праз акно выйшаў.

Пісар. Я цябе не разумею, ты здарова чы хвора; бо калі маеш у галаве запаленне, то раю ўзліць вады вядры са два.

Мар'я. Не турбуйцеся, панок, учора ў лазні была, вадзіца для каго іншага прыдасца.

Пісар. Чаму ён праз акно выйшаў?

Мар’я. Бо пан знянацку вярнуўся.

Пісар. Ты брэшаш.

Мар’я. Другі раз кажу — я не Лыска.

Пісар. Кажы ўсё ад пачатку.

Мар’я. Пачатак распачаўся, але пан не бачылі.

Пісар. А што ты бачыла?

Мар’я. Бачыла, як смачна цалаваліся, але сэрца маё трэслася, як барані хвост.

Пісар. Цалаваліся, хто цалаваўся?

Мар’я. Ды ваша ж хворанькая з дзякам.

Пісар. Што я чую, і гэта праўда?

Мар’я. Калі няпраўда, права ў судзе ваша.

Пісар. Як ты дагледзіла?

Мар’я. Праз шчэлку.

Пісар. Што яшчэ?

Мар’я. І не ўспомніш усяго, дзяк казаў, што ў яго ў носе шчакоча, што ён саломы салодкай хоча...

Пісар. Нічога не разумею.

Мар’я. І я не зразумела, але такой бяды, вось лепш сядзьце, то пакажу, як пацалункі адбываліся. Садзіцеся, садзіцеся, не ўважайце, што старажыха, боты дзёгцем не мажу. (Пісар сеў). Нахілілася, значыць, яна і ён да яе, а после плюсь, плюсь і пацалаваліся. (Цалуе пісара.)

Пісар (усхопліваецца). Ліха ведае што. (Паўза.) О, як жа галава гарыць.

Мар’я. А можа, вадзіцы вядзерцы са два?

Пісар. Дай святы спакой.

Мар’я. Вось бачыце, панок, дзе вадзіца падалася. (Паўза.) Больш цярплівасці, панок, а то горш будзе, ідзіце піце гарбату, бо сакрэт цану страціць, а я застануся тут ды падумаю, чым хворую лячыць, толькі міну зрабіце, быццам вы такі дурны, як і раней былі.

 

Пісар выходзіць.

 

Мар’я (адна). Эх, целяпай, целяпай, а яшчэ за пісара абраўся, у Крым, кажа, павязу... Але што ж гэта я напляла на яе, можа, ёй і сапраўды нудна, усё ж, жывучы ў горадзе, бачыла роскаш, а тут хамы перад вачыма. Пайшла і я за Панаса і век гарую з ім, ні слоўца ласкавага не чула, ні жыцця згоднага не бачыла.

 

Панас.

 

Панас. Баба варажыла, на калоду палажыла, тут кнут, здарова была Марыля Марылеўна.

Мар’я. Ужо напіўся.

Панас. Не п’яны, далі бог цвярозы, але як занудзіўся, як пачаў шукаць цябе, як пайшоў і ў хаце, і ў шынку, а пасля як ўбачыў, што няма, то з гора і ап’янеў, а так цвярозы. Марылечка, матылёк, залатовачку дай — пацалую.

Мар’я. Ах, каб цябе свінні цалавалі, яму заплаці, то ён пацалуе, ды я цябе калі пацалую, то вырачашся не толькі пацалунку, але кашулі.

Панас. Так, значыць, залатоўкі няма?

Мар’я. Замест залатоўкі вось што! (Паказвае фігу.)

Панас. А за якім ражном я з-за цябе ногі біў?

Мар’я. Вон адсюль! (Хватае венік.)

Панас. Што?

Мар’я. Вон, а то заб’ю. (Замахваецца.)

Панас (з другім венікам). А я не патраплю? (Замахваецца.)

 

Пісар.

 

Пісар. Гэта што?

Мар’я. Вымятаць збіраюся.

Панас. Вымятаемся, панок, вымятаемся...

 

Пісар, Мар’я і Панас выходзяць.

 

Заслона

 

 

Акт ІІІ

 

Жонка на софцы з павязанай галавой.

 

Жонка (пяе).

 

Прыйдзі, прыйдзі, мой ясны сокал,

І глянь, як нудна тут навокал.

Пагасла вера, што сонца ўзыдзе,

Што хвіля радасці надыдзе.

        Мне сніўся сон, што мы у раю.

        Хоць гэта сон, я добра знаю,

        Але ж і сну я рада, рада,

        Што кіну воласць, мужа-гада.

Пагасла вера, што сонца ўзыдзе,

Што хвіля радасці надыдзе,

Прыйдзі, прыйдзі, мой ясны сокал,

І глянь, як нудна тут навокал!

 

Хіба паслухаць, што кажа Мар’я, толькі адно, чы паслухае ён. Вось добра было б, каб пазбыцца на колькі дзён, адпачыла б душой і прыйшоў бы той, каго так хочацца пабачыць.

 

Мар’я.

 

Мар’я. Як жа, панічка, чы намысліліся? Можаце верыць, што гэтыя лекі вам дапамогуць. Калі, па-вашаму, лгу я, Аўдоцця-знахарка тое самае скажа.

Жонка. Я табе веру, але чы можна так далёка гнаць чалавека, жартачкі, аж на мора.

Мар'я. Каб жа гнаць, а то ехаць па чыгунцы.

Жонка. А колькі дзён трэба быць у дарозе?

Мар'я. 5—6 дзён.

Жонка. Усё гэта так, але чы захоча.

Мар'я. Хоча не хоча, а ехаць павінен, жонка шле, павінен слухаць, адкладаць не можна, хвароба прыбывае пудамі.

Жонка. Але чы захоча?

Мар’я. Эх, пані, самі вінаваты ў сваёй хваробе, а пан гатоў жыццё аддаць, абы ратаваць.

Жонка. Дзе сам?

Мар’я. У воласці.

Жонка. Пайду да яго, што скажа. (Выйшла.)

Мар’я. Ідзі, ідзі, — вылечым, будзеш здарова.

 

Панас.

 

Мар’я. Панасыньку, анёлачак. (Круціць яго ля сябе.)

Панас. Ашалела чы якое ліха, кажы праўду, а то ў вар’яцкі дом завязу.

Мар’я. Панасыньку, годзе сварыцца, на табе залатоўку і скажы, чы любіш мяне?

Панас. Што гэта так раздабрухалася?

Мар’я. Кажы, любіш, любіш? На табе яшчэ залатоўку, напіся п’яным, толькі скажы.

Панас. Мусіць-то люблю.

Мар’я. Так вось, Панасыньку, павінен і паслухаць мяне, я табе загадаю, а ты дай слова, што ўсё зробіш.

Панас. Абы залатоўка, Панас на галаве пойдзе.

Мар’я. Будзе чарка, будзе палка, памажы толькі хворую на ногі паставіць. Я табе пасля ўсё давяду.

Панас. Не лыкам я шыты, добра і сам ведаю.

Мар’я. Так глядзі ж, Панаску, шмат гарэлкі не пі, хутка паклічу.

Панас (пяе).

 

Заварыла Мар’я кашу, хоча лячыць паню нашу,

Не мікстурай, не вадой, а зялёнаю лазой.

 

Мар’я.

 

Гэта таннае лякарства, шэпты бабскія, знахарства, —

Шмат кабет на ногі ставяць, да работы прымушаюць.

 

Панас.

 

Дзівуйцеся, дактары, што за сіла — знахары,

На хворага вокам глянуць, і хваробе трэба звянуць.

 

Мар’я.

 

Мы не такія штукі вытваралі без прынукі,

Хоць мужычка, зрэб’я шаты, але цяміць, як багаты.

 

Панас.

 

Што за розум ў маёй бабы, хаця ж вочы, як у жабы,

На свет воўкам пазірае, усё бачыць, усё знае.

 

Мар’я.

 

Ты, Панас, маўчы ды слухай, калі горача, так дзьмухай,

Калі боляча — крычы, калі весела — свішчы.

 

Панас. А цяпер пусці, у горле перасохла. (Пабег.)

Мар'я. Патроху справа падаецца, цяпер трэба пісару ў вушы натрубіць.

 

Пісар.

 

Пісар. А дзе ж пані?

Мар’я. У воласць пайшла. Ну, панок, усё складаецца як не трэба лепей, трымайцеся толькі самі, пашлём мы пана, як казала, на мора, па пясочак, ідзіце — не адмаўляйцеся, а там я скажу, што рабіць.

Пісар. Ну, добра, буду слухаць цябе.

Мар’я. А цяпер пабягу, Панаса задабрыць яшчэ трэба. (Выйшла.)

Пісар. Ну, і гармідасія, галаву можна скруціць. Слухаеш жонкі, здаецца, праўду кажа, паслухаеш Мар’ю — зусім другое, глянеш на дзяка — штука не зразумелая. І як гэта я раней не бачыў. У сваім жыцці трэці раз дурня маю. Першы раз, калі быў старшым намеснікам малодшага пісара, на радасцях так напіўся, што замест пакаёўкі доктара па абмылцы абняў жонку доктара, за гэта дастаў па вушах і са службы выгналі. Другі раз паехаў на шалёнай кабыле ў горад і замест дарогі ўехаў з аглаблямі ў аптэку, за гэта адседзеў два дні ў часці, два зубы выбілі і за акно заплаціў. А цяпер трэцяя бяда.

 

Жонка.

 

Жонка. А я цябе ў воласці і ў садочку шукала.

Пісар. А я тут, ну, як жа чуешся?

Жонка. Дрэнна, і шуміць і гручыць, а тут (паказвае на сэрца) як бы кот сядзіць і драпае.

Пісар (набок). Пастку трэба.

Жонка. Што трэба?

Пісар. Лячыць трэба.

Жонка. Памру, пэўне, у хуткім часе.

Пісар. Барані бог, я цябе з магілы вывалаку, гатоў усё аддаць, гатоў бегчы на край свету, а смерці не аддам.

Жонка. І ты праўду кажаш?

Пісар. Як ясны дзень бачу.

Жонка. Добры мой, Рыгорка, гатоў бегчы на край свету.

Пісар. Толькі скажы, вось зараз і гайда.

Жонка. Кажуць людзі, што ў маёй хваробе заморскія лекі патрэбны.

Пісар. А хто казаў?

Жонка. Мельніка жонка казала, яе дачка лячылася гэтым.

Пісар. Ну, і палепшала?

Жонка. Кажуць, здарова.

Пісар. Э! То мы зараз даведаемся. Мар'я, а Мар’я?

 

Мар’я.

 

Пісар. Зараз бяжы на млын, мельнічыху пакліч сюды.

Мар'я. А яна якраз да мяне за даўгом прыйшла.

Пісар. Кліч сюды. (Мар'я выйшла.) Вось як сам дапытаюся, можа, што і будзе, а не, на вясну павязу ў Крым, карову бурую прадам, грошы будуць.

 

Мар’я і Аўдоцця.

 

Мар’я (цягне Аўдоццю за руку). Упіраецца, веры не дае, што пан клічаце яе. Кажы панам, чым дачку лячыла сваю?

Аўдоцця. Чакай, трэба панам пашаноту... пахвалёны ў хату.

Пісар. Навекі. Ты Аўдоцця?

Аўдоцця. Я, гаспадзін пісар, Аўдоцця Клышанога, па мужу так, бо ён такі, і сапраўды, ні гарбуз, ні жолудзь, вы яго пэўне ведаеце, ён вам галаву вадой паліваў, калі вы п’яныя былі.

Пісар. Не памятаю, пэўна, даўно было.

Аўдоцця. Не так даўно, гэта было ў той дзень, калі Лыска Язэпаў вашага памочніка за лытку рвануў.

Пісар. Ну, добра! Скажы, Аўдоцця, ты лекамі займаешся?

Аўдоцця. Трохі займаюся. Супрон Жаўрук адзінаццаць гадоў ляжаў на смяротнай пасцелі, а цяпер ходзіць здаровенек. А Тэклю з Вуглоў ведалі?

Пісар. Знаў.

Аўдоцця. Так вось і яна адной нагой на могільніку была. Язык адняло і губу выкруціла так, а дапала я, стаіць баба, бы шула ў браме.

Пісар. Што я чую, во дзе збавенне.

Мар’я. Гэта баба — не куст альховы, яна вашых дактароў без хлеба пакіне.

Пісар. Ну, скажы, Аўдоцця, чым ты сваю дачку лячыла і як бы гэта маю жонку вызваліць з бяды?

Мар’я (да Аўдоцці). Я табе ўжо казала, чым пані хвора.

Аўдоцця. Тады пясок патрэбен тут.

Пісар. Які пясок, у магілу, значыцца, ды я гатоў таго забіць, што мне паўслоўца скажа аб гэтым.

Аўдоцця. Які пан дзіўны, пясочак з мора, каб купацца, націрацца ім.

Пісар. Ах, так, а мне вунь што здалося.

Мар’я. Ну і пан, як ён жалее паню, аж слёзы паказаліся.

Пісар. А дзе дастаць таго пясочку і што з ім рабіць?

Аўдоцця. Злётаць на мора і торбачку пясочку прынесці, а пасля націрацца ім.

Пісар. Толькі ўсяго?

Аўдоцця. Толькі.

Пісар. Хіба жартуеш баба, а па пясок хоць зараз.

Мар’я. Во дзе шчырасць, во дзе сэрца!

Аўдоцця. Не сумуйце, панічка, пан праз 5—6 дзён вернецца і здароўе прывязе.

Пісар. Што тут байкі доўга слухаць, пясок, пясок і пясок. Мар’я, а Мар’я, дзе ты? (К дзвярам.)

Мар’я. А ку-ку, я тут.

Пісар. А няхай цябе качалка, з радасці памяць утраціў. Збірай хутчэй кош і кліч Панаса.

Мар’я. Перш Панаса клікну, а пасля... (Выйшла.)

Пісар. Вось калі я на дарогу трапіў.

Аўдоцця. Вы і былі на дарозе, ды дарогі не пыталіся.

Пісар. Вось табе, Аўдоцька, рубля, а буду на моры — прывязу гасцінца.

Аўдоцця. Шчасліва ехаць і здаровым вярнуцца, трэба будзе, клікнеце, — прыбягу. (Выйшла.)

Пісар. Не сумуй толькі, галубачка, не забаўлюся.

Жонка. Лёгка сказаць — не сумуй: я адна баяцца буду.

Пісар. Я сторажу скажу, усю ноч пры акне вартаваць будзе.

Жонка. Не трэба мне вартаўніка, каб падглядаў пад акно.

Пісар. Ну, як хочаш.

 

Мар’я.

 

Мар’я. Кош гатоў і коні такжа, толькі што вярнуўся ад земскага Панас.

Пісар. Мар’я, я ад’язджаю, трымай парадак, бачыш хворую?

Мар’я. Бачу і жалею, як родную.

Панас. Панас Лявонавіч Чашчавік, валасны стораж, кучар і ўсялякая бяда.

Пісар. Панас Лявонавіч, едзем на мора!

Панас. Хоць у пекла, абы чарка.

Пісар. Вязі, будзе дзве.

Панас. Ну, то едзем.

Пісар (да жонкі). Не сумуй, прыеду, прывязу збавенне.

 

Паўза.

 

Жонка. Пакуль ты вернешся, чаго-чаго я не перадумаю.

Пісар. Гані прэч усе думкі. Ну, Мар’я, бывай здарова.

Панас. Толькі не цалуйся з ёю, панок, я тут.

Мар'я. Паночак, дазвольце мне да брата адлучыцца на дзень, брат новую хату збудаваў, улазіны спраўляе.

Пісар. Можаш гуляць, і падвязём цябе.

Панас. Калі мяне возьме на гульбішча — падвязу.

Мар’я. З ахвотаю, разам гуляць будзем. Вось пабягу апрануся. (Выйшла.)

Пісар. І так, Панас, гайда! (Да жонкі.) Так, памятай: шануй здароўе, не сумуй. (Выходзіць.)

Панас (пяе). Разлука ты разлука... (Выйшаў.)

Жонка. Вось і ад’язджаюць, і верыць не хочацца, што ўся багадзельня разам выбралася, дурань дурню ахвоты паддаў, а разумны скарыстае. (Скідае павязку. Пяе.)

 

Вось урэшце пазбылася

Мужа, Мар’ю і слугу.

Гладка думка ўдалася,

Пагуляць цяпер магу.

Прыйдзе той, каго чакаю,

Каго бачу я ў сне.

Прыйдзе той, каго кахаю,

Будзе доўга ён пры мне.

Будзе весела і гучна,

Вып’ем чарку сабе зручна,

Скарыстаем увесь час,

Пакуль будзе двое нас.

 

(К акну.) Слухай, хлопчык, падыдзі сюды, збегай да дзяка, аднясі вось гэту пісульку. (Піша.) Гэта аддай дзяку, а гэта табе на арэхі. Урэшце ўсё ўдалося. Ну і воласць, каб яе вада. (У акно.) А во ён і сам праз дарогу пераходзіць, чытае запіску... (Паўза.) Ідзе.

 

Дзяк.

 

Дзяк. Сіе краткае пасланіе васкрэсіла ўміраюшчую маю надзежду — храбрасць і мужаства снова жывут ва мне. (Паказвае запіску.)

Жонка. Каб ведалі, што ў нас парабілася?

Дзяк. С заміраннем сэрца слушаю.

Жонка. Усе ў дарозе: муж, Панас, Мар’я. Я адна.

Дзяк. Адзін да адзін — будзет два, а гдзе два — там весела.

Жонка. Будзе весела, як ніколі.

Дзяк. І так — эта праўда, што входзяшчый журнал не абрэтаецца ў горніцы сей?

Жонка. Далёка адсюль.

Дзяк. Он падальше, а я пабліжэ. (Падсоўваецца.)

Жонка. Не заўсягды нам за вярсту быць, чы праўда?

Дзяк. Прошлае канула ў вечнасць, настаяшчае прыблізіт нас па воле нашага взаімнага жаланія.

Жонка. Вось пасядзіце, а я... (Устае.)

Дзяк. Куды ж эта, куды?

Жонка. На хвілю — не больш. (Выходзіць убок.)

Дзяк. Хе, хе, хе, на хвілю можна і дажа нужна, чалавек не машына і выходзіць на хвілю донедзе есць на то прычыны, — нада.

Жонка (уносіць выпіць і закусіць). Вось бачылі... Сягоння вечар мы правядзём так, як ніхто і ніколі.

Дзяк. Грэшан чалавек, а я падумал, што вы не за выпіўкай пошлі.

Жонка. Не трэба думаць.

Дзяк. Недарам нос мой, акі пракажонаму часался, не даваў пакоя.

Жонка (налівае). За тое і чарку добрую яму. (Дае.)

Дзяк. Дзякую, буду піць за здароўе неапалітанскай красавіцы. (П’е.)

Жонка. А цяпер яшчэ адну.

Дзяк. Калі любіць, то раз, а калі піць, то можна дважды, трыжды, з паўтарэніямі, еліко пазваляет утроба чалавека. (Налівае сам і п’е адну за другой.) О, скарб душы маёй, как шчасліў я з табой.

Жонка. А я, каб ведалі, як рада!

Дзяк. Как горкае віно, так сладок пацалуй. (Цалуе.)

Жонка. Не праўда, і гарэлка салодкая, хіба не смакуеце?

Дзяк. Перад маіма ачыма вот сладкая канфета, ана, как мёд пчаліный усладзіла жызнь маю... о, мая радасць, о, маё шчасце — не сон лі эта?

Жонка. Ушчыпніце за руку, так паверыце.

Дзяк (шчыпае яе). С пазваленія!

Жонка. Ні мяне, а сябе... я веру, што не сон.

Дзяк (выпівае чарку). І я цяпер веру... не сон!

Жонка. Вось бачыце... тое, што раней было, — сон, цяпер далёка не...

Дзяк. Ад радасці мазгі затармазіла... язык не ведает, што адказаць, я гатоў пець, плясаць і весяліцца, як дзіця.

Жонка. І ў мяне язык затармазіла, я шмат хачу чаго сказаць.

Дзяк. Мы молча друг друга паймём — не нада многа гаварыць, лучшэ выпіць.

Жонка. Вып’ем! За дурных мужоў! Каб не зводзіліся!

Дзяк. З ахотаю, за ўсех мужэй, каторым жоны ізменялі, а што ж ім пажалать, — ага, што б впрэдзь умнее былі.

Жонка. Мой не паразумнее.

Дзяк. А дзе ж далёка он?

Жонка. Паехаў за лякарствам аж на мора.

Дзяк. Шчаслівый пуць пакорному рабу.

Жонка. Лепш, каб запазніўся... на дні 3—4.

Дзяк. В атсутствіе яго я буду ахраняць ваш дом, дабы ока пракажонное не заглянула бы сюды.

Жонка (зявае). Я рада гэтаму.

Дзяк (зявае). Зевота заразітельна. (Крэсціць рот.) Это прызнак, што віно берет сілу над чалавекам і рэчот: павінуйся і спаць ідзі... но как тут спаць, — райскій кут, дай вволю наглядеццся на цябе, пока к берагу воласці не прычаліт галава пісара, туга набітая марскім пяском.

Жонка. Даражэнькі мой.

Дзяк. Галубачка мая.

Жонка. І чаму ўсё не так.

Дзяк. А што, мая радасць?

Жонка. Я хацела б, каб вы не былі дзякам.

Дзяк (скідае падраснік). Вот, перад яснымі очыма волк в овечай шкуры.

Жонка. О! Каб вас чэрці ўхапілі!

Дзяк (жагнаецца). Опяць в отрадный начной час завёш власцеліна ада, опяць хочаш, штобы он, анафема, прынёс гадасць і недаразуменіе.

Жонка. Ніхто не прыйдзе...

Дзяк. Ты знаеш лі, прэкрасная Юдіф, што еслі імя дзьявала вспамінают, он является, і дзело, какіх бы ні абешчало складчайшых пладоў, ізгадзіт так, што і сабакі нос атвернут, вот лучше сатвары плоды пакаянія. (Дае румку.)

Жонка. Ніхто не прыйдзе, кажу другі раз.

 

Падарожны (пераадзеты Панас).

 

Панас. Добры вечар.

 

Дзяк і пісарыха спужаліся.

 

Жонка. Ты хто, ты хто?

Дзяк. Прэдставіцель ада крамешнага, вызванный в начной час табою.

Панас. Я падарожны, з-пад Смаргоня іду, чы не будзе ласка ваша пусціць паначаваць.

Жонка. О не, тут няма месца, валі на сяло.

Дзяк. Скажы мне, кудзеснік, любімец багоў, ты музыкант?

Панас. Музыкант.

Дзяк. Так вот, смаргонскі музыкант, астанавісь, стань перада мной, как ліст перад травой.

Панас. Слухаю вас, стаю.

Дзяк. Ты мне сыграеш санату.

Панас. Я не толькі сыграю салдатам, але і генералу патраплю.

Дзяк. Самаркандская варона, саната — эта не салдат і не генерал, саната — эта есць саната, музыкальное тварэніе, навадзяшчае ужас на нас, грэшных, уразумел?

Панас. Ані ў зуб, нічога не ўцяміў, я, панок, чалавек цёмны, як воўк з лесу.

Дзяк. Ну, а што іграеш?

Панас. Вясковыя вытылінгачы.

Дзяк. Пачынай.

 

Панас іграе.

 

Дзяк. За слаўную ігру даю права начаваць пад крышай дома сяго, ты будзеш стаяць в прэддверыі ада і ахраняць мірный пакой мірных рабоў божыіх.

Панас. Гэта па маёй часці — вось толькі ўнясу мой мех, каб не ўкраў хто. (Выйшаў.)

Жонка. А я б не пусціла.

Дзяк. І я не вездзе яго пушчу...

 

Панас уцягвае мех.

 

Дзяк. Не акадземію лі ты смаргоньскую влачыш за сабою?

Панас. Не, панок, трунне ўсялякія.

Дзяк. А скажы мне, смаргоньскій дзікабраз, віно п’еш?

Панас. Віна з роду не піў, а гарэлку часам п’ю.

Дзяк. На, выпі, і зайграй мне песню грусную...

 

Панас іграе.

 

Дзяк. Сіе тварэніе, ашчэ жывіцельны бальзам, пранікла ў маю душу і наполніла такавую да самага дна, музыка — эта сімвал грусці і вяселья... Венецыанская роза, а што на душы ў цябе?

Жонка. У мяне на душы так салодка, што і сказаць не магу. І як жа не смяяцца: той асёл, вушы халодныя, паслухаўшыся гутаркі дурных баб, пляцецца нейдзе на мора, у той час, калі я здарова. Ну, вып’ем.

Дзяк. Вып’ем і пажадаем, штобы ў твайго асла уму-разуму большэ было.

Жонка. Эй, музыка, зайграй нам вясёлую песню.

Дзяк. А мы запяём. Іерыхонава труба, пасылаю ў тваі вены яшчэ каплю зелена віна, пашлі мне голас псалмапеўца Давіда.

Панас. Пачынаю.

Жонка (пяе).

 

Матылёчак майскі мой,

Як шчасліва я з табой.

Хачу кінуць гэты храм

І ляцець, дзе жыў Адам.

 

Дзяк.

 

О сапфір бясцэнный мой, я нявольнік, я раб твой,

Рад я кінуць гэты храм і ляцець, дзе жыў Адам.

 

Жонка.

 

Чымсь асобна нам тут жыць,

Лепей разам вечна быць,

Разам дзень з ноччу гуляць,

Разам шчасце карыстаць.

 

Дзяк.

 

О сапфір бясцэнный мой, я нявольнік, я раб твой,

Чымсь асобна нам тут жыць, лепей разам вечна быць.

 

Жонка.

 

Будзем пісару гукаць,

Каб не думаў сумаваць,

І радзей успамінаў,

І нам жыць не замінаў.

 

Дзяк.

 

О сапфір бясцэнный мой, я нявольнік, я раб твой,

Буду пісару гукаць, каб пакінуў нас шукаць.

 

Жонка.

 

Пісар дурны, як мяшок,

Едзе к мору па пясок,

Хоча мяне ратаваць,

Смерці ў руку не даваць.

 

Дзяк.

 

О сапфір бясцэнный мой, я нявольнік, я раб твой,

Буду цябе ратаваць, смерці ў рукі не даваць.

 

Жонка.

 

Пакуль пяску набярэ,

Ночка будзе на дварэ,

Я ж адна баюся спаць,

Дзяк, астанься начаваць.

 

Дзяк.

 

О сапфір бясцэнный мой, я нявольнік, я раб твой,

Мушу слухаць твой прыказ і на варце стаць ураз.

 

Жонка.

 

Няма ж майго Рыгора, пайшоў пяску на мора,

Як пайшоў, так і няма...

 

Дзяк. Тунда, тунда, тунданда.

Панас. Не вытрываю, запяю і я.

 

А мой жа ты, Рыгору, вылазь з меха на волю,

Канчук на сцяне, дай ты дзяку і жане.

Дзяку раз, жонцы два.

 

Пісар (з мяшка). Тунда, тунда, тунданда. (Б'е нагайкай іх абаіх.)

 

Мар’я ў дзвярах пляскае ў далоні.

 

Заслона


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан