epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Плытагоны

Акт І
Акт ІІ
Акт ІІІ
Акт IV
Акт V


Драма ў пяці дзеях,

з мінулага плытніцкага жыцця

 

 

Асобы

 

Андрэй, г. 23.

Воўк — стары рэвалюцыянер, быўшы на ссылцы, г. 47

Адзінота, г. 40

 

Плытнікі:

Пацук — стары салдат, г. 50

Кучма, г. 35

Жаўрук — стараста, г. 50

Гапцуль — быўшы дзячок, г. 48

 

Янкель — стары карчмар, г. 60

Рэвека — яго дачка, г. 18

Самуіл — жаніх, г. 19

Тамаш — заможны селянін, г. 50

Праксэда — яго жонка, г. 40

Кася — іх дачка, г. 18

Даміцэля — сялянка, г. 28

Базыль — заможны селянін, г. 50

Васіль — яго сын, г. 18

Хлапцы, дзяўчаты, музыкі, маладыя плытагоны.

 

 

Тыпы і характарыстыка

 

Андрэй — малады прыгожы хлопец.

Воўк — хмуры, ніколі не смяецца, разумны чалавек.

Адзінота — чалавек, які не прызнае сям’і, жартаўлівы тып, камічны грым.

Пацук — стары салдат, рыжы, нежанаты, многа гаворыць глупства.

Жаўрук — стараста, разумна разважае, любіць сям’ю.

Гапцуль — рыжы дзячок, якога прагналі за кражу, прыбіўся да плытнікаў, як беспрытульны: ходзіць у старым парыжэўшым падрасніку і ў лапцях, на галаве старая шапка паліцэйскага (без значка).

Кучма — калматы чалавек.

Янкель — тыповы яўрэй, добры чалавек.

Рэвека — прыгожая дзяўчына, брунетка з доўгімі косамі.

Самуіл — местачковы хлапец, брунет, з пэйсікамі, ходзіць у доўгім аксамітавым паліто.

Тамаш — брухаты, з вялікай сівой барадой.

Праксэда — звычайная сялянка.

Кася — прыгожая дзяўчына, брунетка з доўгімі косамі, вельмі падобна да Рэвекі.

Базыль — рыжы, прыземісты селянін, камічны грым.

Васіль — хлапец з дурынкай.

 

 

 

Акт І

Ля хаты Янкеля. На прызбе сядзіць плытнік Жаўрук, курыць. Янкель палошча бутэльку. Плот. На плоце вісяць нейкія ўборы, за плотам салома.

 

Жаўрук (гледзячы навокал). Э-хе-хе — душа радуецца, гледзячы на гэты вясновы дзянёчак.

Янкель. Прайшоў дожджык, і ўсё ажыло.

Жаўрук. Цвіце чаромуха — вясна. (Паўза.) А ты памятаеш, Янкель, у мінулым годзе гэтаксама мы з табой сядзелі тут і балакалі, і таксама была вясна.

Янкель. Чаму не памятаю, — памятаю.

Жаўрук. У цябе тады няшчасце было.

Янкель (заплакаў). Год ужо прайшоў, як я ў гэтай старонцы пахаваў сваю жонку. Эх, доля, доля, асіраціла яна нас.

Жаўрук. Нічога не зробіш, лёс яе гэтакі, рана пакінула свет. Не плач, мой дарагі, шануй сваё здароўе для дачкі.

Янкель. Толькі для яе і жыву, Рэвека для мяне адна ўцеха.

Жаўрук. І прыгожая яна ў цябе.

Янкель. Па матцы пайшла.

Жаўрук. Сэрца мае добрае, нашто мы, плытагоны, чужыя людзі, а любім яе як сваю родную, імя і тое перакруцілі: ты клічаш яе Рэвекай, а мы Прысяй, яна нас часам і накорміць, і грошы за гэта не бярэ.

Янкель. Ведаю, усё ведаю, абы на здароўе, люблю я вас усіх. Вось пахвалюся і табе, шчаслівую вестачку атрымаў. (Дастае ліст.)

Жаўрук. А я ўжо чуў. Плытнікі казалі, ты, мусіць, хваліўся ім.

Янкель. А то як жа, хваліўся. Я з радасці ўсім хвалюся.

Жаўрук. Ну, чытай, чытай, паслухаю і я.

Янкель. Піша мой дарагі Самуіл, што прыедзе заручыны згуляць, з Рэвекай, значыцца. Паслухай, паслухай, што ён піша: «Не ем, не сплю і не магу дачакацца той хвіліны, калі пабачу дарагую Рэвеку і цябе, Янкель». Мяне, значыцца. «Стралой буду імчацца». (З жартам.) Стралой, во што значыць моладасць. «Еду, каб згуляць заручыны. Сын Файбуса — Самуіл. Буду ў сераду пад вечар».

Жаўрук. Сягоння, значыцца?

Янкель. Як сягоння?

Жаўрук. Сягоння ж серада.

Янкель. Няўжо серада?

Жаўрук. Учора быў аўторак.

Янкель (заклапочана). Ай, ай, а я не ведаў, мне ж трэба падрыхтавацца, у хаце рэвах, на дварэ смецце. Рэвека, Рэвека!

Жаўрук. Ну, а я пайду ды аб тваім шчасці плытагонам скажу.

Янкель. Трэба, трэба. Прыедзе жаніх, я і вас, браточкі, запрашу на заручыны.

Жаўрук. А то як жа — прыйдзем. (Адыходзіць.) А вось Андрэй сюды ідзе, яму першаму і пахвалюся. (Затрымаўся.)

Янкель. Андрэй? Ай, яму нічога не кажы.

Жаўрук. Чаму?

Янкель. Бачыш, ён... (Паўза.) Але ўсё роўна, кажы.

Жаўрук (голасна). Андрэй, Андрэй, пачакай, навіну скажу. Ты ведаеш, браце — і г. д. (Скрыўся.)

Янкель (адзін). Прыедзе Самуіл, забярэ дачку (задумаўся), а я што ж, пры кім старасць дажыву, адзін застануся. Эх, доля, доля. (Сеў і заплакаў.)

 

Выйшла Рэвека з хаты з клумачкам.

 

Рэвека. Тату, пабудзьце у хаце, а я на бераг пайду, плытагонам хлеб занясу.

Янкель (хаваючы слёзы). Добра, дачушка, ідзі.

Рэвека. Ды што вы, тату, плакалі? (Села пры ім.)

Янкель. А так, дачушка, заплакаў, матуленьку ўспомніў.

Рэвека. Не плачце, татаньку.

Янкель. Лепш бы я памёр, якое маё жыццё?

Рэвека. Чаму якое? Тату я шаную, кахаю, ну чаго яшчэ?

Янкель. Сына ў мяне няма, а ты птушка пералётная, сягоння пры мне, а заўтра пойдзеш замуж, жыві, Янкель, адзін.

Рэвека. Э... калі я пайду замуж?

Янкель. Зязюля кукавала, што хутка пойдзеш.

Рэвека. Зязюля няпраўду кукавала.

Янкель. А я маю пэўныя весткі, што праўда, хочаш, парадую?

Рэвека. Чым?

Янкель. Ану, здагадайся.

Рэвека. Не ведаю.

Янкель. Самуіл піша, што сягоння прыедзе, заручыны, значыць.

Рэвека (здзіўлена). Самуіл прыедзе і сягоння заручыны?

Янкель. Ну, не хочаш сягоння, адложым на заўтра.

Рэвека. Тату, я не згодна. (Устала.)

Янкель. Чаму не згодна? Хлапец даўно чакае цябе.

Рэвека. Тату, я вас прашу, не давайце згоды на мой шлюб.

Янкель. Што значыць, чаму? Хлапец заможных бацькоў, два дамы ў мястэчку, будзеш шчасліва жыць.

Рэвека. Я не пайду за багатага.

Янкель. Чаму такая змена? Пісаў ён табе, пісала і ты яму.

Рэвека. Калісь я іначай мысліла, а цяпер іначай.

Янкель. Так не можна, дзеткі, трэба паварушыць справу. Сохне ён, сохнеш ты.

Рэвека. Тату так здаецца.

Янкель. Цябе выдам замуж, а сам пакіну гэты жабрацкі гандаль, патэнту я не маю, таргую гарэлкай спадцішка, якое гэта жыццё, а так пойдзеш жыць у мястэчка, а за табой пазадку пайду і я. Можа, старому Янкелю будзе куточак на старасці.

Рэвека. Я не пайду за Самуіла.

Янкель. Чаму, дзеткі, чаму?

Рэвека. Бо я кахаю (паўза) другога. (Пайшла ў другі бок.)

Янкель. Другога? Каго ж гэта, каго? Тут жа і хлапцоў, апрача плытагонаў, няма. (Думае.) І здагадацца не магу, кахае другога. (Паўза.) Э, яна, пэўна, жартуе. (Глядзіць на неба.) Сягоння прыедзе Самуіл, хоць бы дожджыка не было.

 

Падышоў плытнік Пацук.

 

Пацук. Янкель!

Янкель. А! Каго бачу? Здароў, брат.

Пацук. Каго ж гэта, Янкель, на небе выглядаеш?

Янкель. Хачу ведаць, ці пагода будзе.

Пацук. Я скажу. Як мае вусы?

Янкель. Як вусы? (Прыгляд). Абодва ўгару.

Пацук. Спадзявайся на пагоду.

Янкель. Ой, каб ты здароў быў, любіш жартаваць.

Пацук. Гэта мая слабасць. Янкель, навіну пачулі, вяселле будзе у цябе?

Янкель. А так, нешта ў паветры чуваць.

Пацук. Радуюся, браток, радуюся.

Янкель. А я з радасці гатоў скакаць.

Пацук. Ну, Янкель, пакуль у цябе вяселле, мы сваё справім, спатыкай гасцей.

Янкель. Ты не адзін?

Пацук (паказваючы ўдаль). Глянь!

Янкель. Прашу, прашу, чым хата багата.

 

Падыходзяць некалькі плытнікаў, ззаду за імі Гапцуль і Жаўрук.

Усе. Здароў, Янкель!

Янкель. Добры дзень, мае дарагія.

Кучма (да Пацука). Аб чым ты, Пацук?

Пацук. Дачушка слаўная ў Янкеля, аб ёй размову вёў.

Кучма. А, так, прыгожая яна.

Гапцуль. Звычайная дзяўчына, патомак Юды.

 

Усе гэтым нездаволены, асабліва Пацук.

 

Жаўрук. А што дрэннага, калі і Юды. Не слухай, Янкель, гэтага прахвоста, любім мы цябе.

Янкель. Дзякую, браток.

Кучма (да Гапцуля). Розніцу нейкую робіш паміж Янкелем і сабой, дурны ты чалавек, ды розніца толькі ў тым, што ён (на Янкеля) чалавек сумленны, а ты (на Гапцуля) жулік.

Усе. Во!

Пацук. Царкву абакраў, і выгналі.

 

Янкель. Ой, нашто так голасна, каб усе чулі.

 

Гапцуль. Язык як у сабакі брэша.

Пацук. А нашто ты абражаеш Янкеля?

Янкель. Ды я не абразлівы, жартуе чалавек, няхай.

Жаўрук. Янкель наш брат, не можна крыўдзіць яго.

Янкель. Праўду кажаш, брат. Зжыўся я з вамі.

Пацук. Янкель, вядзі нас у хату, пакуль тваё вяселле, мы сваё справім.

Янкель (адчыніў дзверы). Калі ласка, прашу.

Пацук (да усіх). Во, бачылі, душа нараспашку, ну хадзем, браткі. (Усіх прапускае.)

Жаўрук (на Пацука). Вы ж доўга не сядзіце, хутчэй прыходзьце.

Пацук. А ты з намі чарку?

Жаўрук. Не хачу.

 

Пацук пайшоў у хату, а Жаўрук у другі бок. Янкель правёў Жаўрука, мімічна з ім гаварыў, ідзе назад.

 

Гапцуль (які ў хату не пайшоў). Янкель, а Янкель!

 

Янкель супыніўся.

 

Гапцуль. На хвіліначку. (Падышоў да яго.) Прыкрую табе навіну скажу.

Янкель. Прыкрую?

Гапцуль. Як не шкада цябе, а мушу.

Янкель. Але ў чым рэч, не шкадуй, а кажы.

Гапцуль. Брудная справа.

Янкель. Што значыць — брудная?

Гапцуль. Дачка твая з нашым здружылася.

Янкель. Мая дачка ды з вашым? З кім, хто такі?

Гапцуль. З Андрэем, плытагонам.

Янкель (са смехам). З Андрэем, ну гэта няпраўда, на ліха ёй плытагон, калі яна засватана з панам, два дамы ў мястэчку, вялікі гандаль. Не паверу.

Гапцуль. Як сабе хочаш, мая справа папярэдзіць цябе.

Янкель. Кожнай птушцы свой куст, ёй будзе наш, а яму будзе ваша.

Гапцуль. Ну, глядзі, стары, каб пасля не плакаў, ты гонішся на багацце, а дачка твая — на прыгажосць, ты ж добра прыгледзься да Андрэя, хлапец надзіва рослы, твар белы, валасы чорныя.

Янкель. А я ёй падрыхтую хлапца аміхае, таксама будзе твар белы. А валасы, што валасы? Глупства!

Гапцуль. Жартуй, жартуй, стары, глядзі, каб пасля не плакаў.

Янкель. Няхай мае ворагі плачуць, а я скакаць буду. Плытагон... Што гэта, свет клінам сышоўся. Для плытагона гадуецца нейкая Ганна, Праксэда, а для майго дзіцяці Шуле, Муле.

Гапцуль. Ну, глядзі, каб твой Муле не змуліўся, плытагон, што чараўнік, дзеўкі дух раняюць за ім.

Янкель (з гонарам). А мая Рэвека не такая. (Спахваціўся і сам да сябе.) Ой, не, не, яна толькі што казала...

Гапцуль (хітра). А што, што?

Янкель (весела). Эт, гэта я дарэмна спалохаўся, хадзі, хадзі. (Адводзячы яго ўбок.) Скажу табе пад сакрэтам. (Паўза.) У мяне сягоння заручыны.

Гапцуль. Заручыны? Ты жэнішся?

Янкель. Што ты глупства кажаш? Якая баба пойдзе за мяне? Труп, порах сыплецца. Заручыны дачкі маёй, Рэвекі. Жаніх прыедзе, Самуіл, зайграе музыка, а я на старасці паскачу.

Гапцуль. Ну, што ж, скачы на здароўе.

Янкель. Два дамы ў мястэчку, вялікі гандаль.

 

Пацук праз дзверы.

 

Пацук. Янкель! Калі ж прыйдзеш, чакаем цябе.

Янкель. Выбачай, браток, загаварыўся.

 

Пайшоў у хату, а Пацук выйшаў з хаты.

 

Пацук (да Гапцуля). А ты, слуга божы, хадзі да нас. (Гапцуль паткнуўся ісці) Ты нам лазара папяеш? (Гапцуль павярнуў назад.) Не хочаш? А мы табе чарачку.

Гапцуль (радасна). Чарачку?

Пацук. Згодзен?

 

Гапцуль скачучы пабег у хату, а Пацук за ім.

Падыходзяць Андрэй і Рэвека.

 

Рэвека (стрымліваючы Андрэя, які хоча ісці да плытнікаў у хату). Андрэй, мілы мой, не йдзі да іх, я не хачу, каб ты піў гарэлку.

Андрэй. Пусці, Прыся, вып’ю, лягчэй будзе.

Рэвека. І што з табой, Андрэй? Адразу ты спахмурнеў.

Андрэй. Не пытайся, Прыся. (Селі.)

Рэвека. Скажы, браток, быць можа, маё слова парадай табе будзе.

Андрэй. Затужыў я, Прыся.

Рэвека. Андрэй, па кім ты затужыў?

Андрэй. У даль мяне цягне, не можна мне быць тут.

Рэвека. Сэрцам я прычуваю, што ты чужы для нас, думкі твае дзесь далёка... Эх, Андрэй, нашто я пакахала цябе?

Андрэй. Прыся, не вінаваць мяне.

Рэвека. Я нікога, апрача цябе, не кахала, другога шчасця я не жадала, каб ты застаўся тут. Андрэй, застанься тут.

Андрэй. Не магу, Прыся. Брадзяга адчувае асалоду ў валачашчым жыцці, а я ж брадзяга, буду валачыцца па свеце, але буду спакойны, што нікому злога не зрабіў, не разбіў чужога шчасця.

Рэвека. Андрэй, няўжо ўсё няпраўда, што ты казаў?

Андрэй. Прыся, ты мне не верыш. (З болем.) Эх, Прыся, цяжка табе паказаць сэрца, каб ведаць, што там робіцца. (На грудзі.) Вось тут нейчы голас грозна кажа: «Ідзі, не разбівай чужога шчасця», і я павінен саступіць. (Адышоў убок.)

Рэвека. Андрэй, ты пакінуць мяне хочаш? (Заплакала, вялікая прыкрая паўза.)

Андрэй (стоячы на авансцэне). І нашто яны мне сказалі, не ведаў бы, лягчэй было б. (Убачыў, што Прыся плача, працягнуў рукі.) Прыся, радасць мая!

 

Прыся падбегла да яго, ён яе прытуліў і пацалаваў, у гэты час выйшаў з хаты Янкель, пабачыў і ад неспадзеўкі крыкнуў.

Прыся, убачыўшы бацьку, адскочыла.

 

Андрэй (жартаўліва). Ну, што бацька, бачыў? (Янкель маўчыць.) Прыся, скажы бацьку тое, што казала мне. (Прыся робіць мімічныя жэсты, каб ён не казаў.) Не хочаш, ну, то я скажу. Вось што, Янкель, кахаю я тваю дачку, і яна мяне кахае.

Янкель. О не, мой дарагі, не пазволю. Рэвека, марш у хату!

Рэвека. Тату, нашто так грозна!

Янкель. У хату марш!

Андрэй. Слухай, Янкель, чаго ты петушышся?

Янкель. Як-то чаго, ён петушыцца каля маёй дачкі, цалуе сярод бела дня і хоча, каб я маўчаў.

Андрэй. Гэта яе справа.

Янкель. Не яе, а мая.

Андрэй. Няўжо ж ты ёй будзеш выбіраць хлапца?

Янкель. Я. Яна яшчэ маладая, выбіраць хлапцоў не ўмее, патрэбна помач бацькі.

Рэвека. Тату, я абыдуся без вас.

Янкель. Ты ўжо ўмееш выбіраць хлапцоў, ён цябе навучыў, агэйле мішугіна копф.

Рэвека. Я не пайду ў хату.

Янкель. Ты хочаш тут застацца, рамансы клеіць. У хату марш, каза бясхвостая. (Рэвека пабегла ў хату, ён схапіў некалькі саломінак, замахнуўся.) Саломай косці паламаю!

Андрэй. Янкель, зноў кажу табе, пакінь петушыцца. Прыся цябе не паслухае.

Янкель. Яна не пойдзе за цябе.

Андрэй. Захачу і вазьму.

Янкель. Ну, хіба горла маё перагрызеш, а так буду бараніць, не дам.

Андрэй. Ану, пабачым.

Янкель. Пабачым. Кожнай птушцы свой куст, табе будзе хрысціянка, а ёй Ізраіль.

Андрэй. А калі наадварот.

Янкель. Сам бог супраць гэтага.

Андрэй. Які ты, Янкель, неразумны чалавек.

Янкель. Ой, нашто мне многа гаварыць, вось у маіх руках ліст.

 

Андрэй махнуў рукой.

 

Янкель. Ліст, які кажа, што ў мяне сягоння заручыны.

 

Андрэй спыніўся.

 

Янкель. Так, так тноім.

Андрэй (з болем). Ведаю, ведаю.

Янкель. Прыедзе Самуіл. Ты хочаш ведаць, хто такі Самуіл? Самуіл — гэта прыгожы хлапец, які мае два дамы ў мястэчку. І з галавы да ног наш, сын Ізраіля.

Андрэй (грозна). І блізка не падпушчу твайго Самуіла.

Янкель. Падпусціш, падпусціш.

Андрэй. Ану, няхай паткнецца твой Самуіл. Пабачым.

Янкель. Пабачым.

Андрэй (грозна). Свет перавярну.

Янкель. Ой, а клок цу мір за бабу.

Андрэй. Усё перавярну.

Янкель. Ой, што з ім зрабілася? Андрэй, дай святы спакой.

Андрэй. Не паслухаю. (Адышоў да плота.)

Янкель (падыходзячы да яго). Пакінь мой двор, ідзі на плыты, дай вольна дыхаць.

Андрэй (апёршыся нагой аб лаўку). Кроку не адступлю. (Стаіць задам да Янкеля.)

Янкель (стоячы ззаду за ім). Апаражні мой двор.

Андрэй. Не паслухаю.

Янкель. Ты паслухаеш мяне ці не?

Андрэй. Кроку не адступлю.

Янкель (грозна). Адступіш!

Андрэй (крута павярнуўся да Янкеля. Грозна). Не адступлю.

 

Янкель спалохаўся Андрэя, пасунуўся назад, але ў гэты час выйшаў Самуіл, і Янкель стукнуўся аб яго.

Янкель (радасна). О! Лёгкі на ўспамін, як снег на галаву, здароў, сынку, здароў. (Цалуе.)

Самуіл (паставіўшы свае два чамаданчыкі.) Што ў вас за крык?

Янкель. Ды вось, бачыш, хто хоча на старога, той і крычыць. Чакай, сынку, чакай. (Захаваўся за Самуіла.) Ану, Андрэй, крыкні цяпер.

Андрэй (ціха). Хто гэта?

Янкель. Ага, пацішэў. Ты пытаешся хто, ну дык слухай: гэта Самуіл.

Андрэй (грозна). Чаго ён тут?

Самуіл (захаваўся за Янкеля). Кажы бацька сам, я з ім не знаёмы.

Янкель. Не палохайся, я цябе пазнаёмлю. (Выпхнуў Самуіла наперад.)

Самуіл. Ой, лепш не трэба, адразу адпала ахвота.

Янкель. Стой, сынку, стой. Андрэй, пазнаёмся, гэта Самуіл, жаніх Рэвекі.

Андрэй (застыў на месцы). Жаніх? (Аглядае.)

Самуіл. Так, маю гонар звацца ім.

Янкель. Самуіл, пакажы далікатнасць, падай руку.

Самуіл (не адразу). Самуіл, сын Файбуса. (Працягнуў руку.)

Андрэй. Рад пазнаць цябе. Здароў, брат. (Падаў руку.)

Янкель. О! Бачыш, Андрэй у нас добрай душы.

Андрэй. А вам што здалося?

Самуіл. Калі я стаяў ззаду, то нічога не здавалася, а калі вылез наперад, то крыху напалохаўся.

Янкель (выйшаў наперад). А я дзе хочаш стану і не спалохаюся.

Андрэй. Ну, досыць, Янкель, жартаваць, хадзем у хату, гарэлкі дасі, балючыя раны сэрца залью.

Янкель. Калі ты ў хату пойдзеш, як чужы чалавек, я цябе пушчу, а калі будзеш паглядаць на Рэвеку, я цябе не пушчу.

Андрэй (уздыхнуў). Як чужы чалавек.

Янкель. О... гэта мяне радуе. Самуіл, калі ты не бачыў лепшага ў свеце чалавека, так пабач. Вось ён, Андрэй-плытагон.

Андрэй. Ну годзе, Янкель, не хвалі.

Янкель. У мяне ў хаце два пачэсных месцы. Адно табе, Самуіл, а другое табе, Андрэй. Самуіл! Смірна! (Самуіл выраўнаваўся.) Шагам марш у хату. (Самуіл узяў у рукі свае чамаданчыкі.) Рэвека, Рэвека, прымі гасця. (Адчыніўшы дзверы, кліча яе.)

 

Выбегла Рэвека з талеркай у руках. Яна, як убачыла Самуіла, ускрыкнула, талерка выпала і разбілася, а сама пабегла назад.

 

Янкель. Шчасце, шчасце. (Б'е ў ладошкі.)

 

Самуіл радасна ўхмыльнуўся, пайшоў у хату. Андрэй ірвануў кашулю і абарваў каўнер.

 

Янкель (доўга глядзеў на Андрэя, а пасля падышоў). Андрэй, а цяпер ідзі ты.

Андрэй (з болем). Янкель, мілы мой, я для Прысі брат, між намі нічога не было. Любіў яе, як матка сваё дзіця, не судзі нас.

Янкель. Андрэй, што ты за чалавек, першага такога спатыкаю, дай, брат, памірымся, пацалуемся. (Цалуюцца.)

Андрэй. Ты хочаш лепшай долі для яе, шукаеш шчасця для свайго дзіцяці. Час добры, перашкаджаць не буду. Разарыць гняздо, разбіваць чужое шчасце не магу я, Янкель. Няхай лепш баліць маё сэрца, льюцца гаручыя слёзы, абы вам добра было. Хадзем, Янкель, у хату, гарэлкі дасі, балючыя раны сэрца залью. (Падышоў да дзвярэй, адчыніў, глянуў, махнуў рукой і хутка пайшоў назад.)

 

Янкель (бачачы ўсё гэта, услед). Гэта хлапец, голд алэйн. (Пайшоў у хату.)

 

 

Акт ІІ

 

Пад вечар. На беразе Нёмна. Кусты. Уся грамада плытнікаў тут. Хто сядзіць ля вогнішча, хто гуляе ў карты, пеючы песню. Андрэй стаіць паводдаль сумны; Гапцуль, трымаючы ў руках вялікі коўш, кіруе хорам, зацягаючы канцы песні петушыным галаском. На вогнішчы варыцца ў гаршку каша. Жаўрук, седзячы ля самага вогнішча, мешалкай варочае ў гаршку кашу. Чуваць спеў салаўёў, гучыць песня.

 

 

        Плытагоны-людзі, горкай долі дзеці,

        Катаржна працуюць, жывучы на свеце.

        На вадзе і сонца першыя спаткаюць,

        На вадзе і ночку яны каратаюць.

На вадзе часамі жаль душу агорне,

На вадзе і смерць іх да сябе прыгорне.

        Год за годам мкнуцца, моладасць праходзіць,

        А там, крадучыся, старасць надыходзіць.

За цяжкую працу доля насмяецца.

Плытніка магіла вадой наліецца.

        Жабрацкія косці вада апалошча,

        А мяцежны вецер сцюжаю пахвошча.

Забушуе вецер, к зямле дрэвы гнуцца,

Плытагон сумуе, самі слёзы льюцца.

        А чаго сумуе, куды думкі мкнуцца,

        Разгадайце, людзі, чаго слёзы льюцца.

 

Адзінота. Ну і зацягнулі, быццам на хаўтурах. Ану, музыкі, дайце нашу, жабрацкую.

Усе (кінуўшы карты). Заграйце, паскачам. (Музыкі толькі хацелі зайграць.)

Пацук. Чакайце, чакайце. (Усе супыніліся.) Раней нам трэба расстрыгчы дзячка, а пасля. (Усе загаманілі, на гэта згодны, дзячок Гапцуль сядзіць на авансцэне злева ад гледача. Пацук ўзяў вялікія нажнічкі, зайшоў ззаду.) Увага! (Усе чакаюць.) Перш адчытаю над ім малітву. (Трымаючы над ім абедзве рукі.)

 

Ні цялё, ні бычок, гэта божы дзячок.

Ён у цэркві служыў і кадзілам кадзіў.

 

(Усе рагочуць.)

 

А пасля божы дом абабраў, абакраў

І да нас, бедакоў, на плыты ён папаў.

 

(Усе рагочуць.)

 

Мы яго расстрыжом, як авечку, нажом.

Меней будзе папом, няхай правіць вяслом.

 

(Усе рагочуць, Пацук узяў у рукі касічку і адрэзаў, Гапцуль узяў яе сабе.)

Адзінота. А цяпер давай! (Усе згодны, музыкі гучна зайгралі, пару лепшых танцораў пайшлі танцаваць.)

Адзінота (як скончылі). Ну й далі гарту.

Кучма (да Пацука). Слухай, Пацук, а цяпер ты мяне падстрыжы.

Пацук. А чаго ж, давай.

Кучма. Будзь ласкаў. (Сеў на тое месца, дзе сядзеў дзячок.)

Пацук. Як хочаш?

Кучма. Пад польку.

Пацук. А раз так, трэба пад гаршчок. (Узяў гліняны гаршчок, які стаяў паводдаль, накрыў Кучме галаву і пачаў грабяньком раўняць яму валасы.)

Адзінота (да Андрэя, які праз увесь час сядзеў сумны). Андрэй, чаго ты сумны?

Андрэй. Не пытайся, не зразумееш. (Пайшоў.)

Пацук. Я скажу. Адзін застаўся, вось дзеля чаго і сумны.

Адзінота. Адзін? А я шчаслівы, што адзін, ні жонкі, ні дзяцей. Жыву адзін, памру адзін, голы, босы, без кашулі, а была б у мяне жонка (скінуў світку), быў бы без штаноў. (Павярнуўся да Жаўрука.) Дай закурыць.

 

Усе зарагаталі, бо ў яго амаль што і няма штаноў — вельмі палатаныя.

 

Жаўрук. Каб ты не быў адзін, быў бы чалавекам, а так...

Адзінота. А што асаблівага ў тваім жыцці, ты ж жанаты?

Жаўрук. Жонка, дзеткі, жыву я з імі, радуюся, жыву адзін — плачу. Цяпер я на чужыне, а вярнуся дадому, убачу дзетак, прыгарну іх да свайго сэрца, з радасці і заплачу.

Пацук. Ды яно праўда, з радасці і па-сабаччу забрэшаш. (Стрыгучы.) Я памятаю, як мы ваявалі... (Стрыгануў нажнічкамі па вуху.)

Кучма (з болем). Вуха! (Усе зарагаталі.)

Пацук. Так, так, у японскую вайну, калі японец дзень і ноч з гармат страляў, было не тое. (Махаючы нажнічкамі.) Бух ды бух, бух ды бух. (Неспадзеўкі даў нажнічкамі па гаршку, гаршчок разбіўся ў шматкі.)1

 

Усе зарагаталі.

 

Кучма. А няхай цябе з тваёй вайной. (Усхапіўся.) Ты ж гэтак увесь мажджэр паб’еш. (Пабег.)

Адзінота. Пацук, што табе здалося, ты на вайне?

Пацук. Я паказаць хацеў, як вораг ды з гармат страляў.

Адзінота. Добра паказаў, звярнуў чалавеку галаву. (Смяецца.) Паказаў.

Пацук. І чаго ты, райдун, рагочаш, не разумееш старога салдата. (Адышоў убок, сеў і закручвае лапаць.)

Гапцуль (падбіраючы чарапкі). І трэба ж так, разбіў, і звязаць не ўдасца.

Адзінота. Цягні за ўпакой гаршка, капейку дам.

Гапцуль. Брашы, брашы, акалееш, слова перад богам не закіну.

Адзінота. Патрэбна мне тваё слова, як лысай галаве шмаравідла.

Гапцуль. Вечную памяць і тую не запяю.

Адзінота. Над маім трупам салавей будзе пець. (Спеў салаўя праз увесь час чуваць.) Ён, брат, калі заспявае, то ў магіле мае косці зварухнуцца, і нічога не возьме, дарма будзе пець.

Гапцуль. Ды што твой салавей, душа праведніка як пападае ў рай, не такіх птушак там пачуе.

Адзінота. Для плытніка рай на беразе. Акалеў, зложуць твае косці ў яму, налітую вадой, а над ямай — вярба і салавей.

Гапцуль. Так што ж ты не верыш у загробную жызнь?

Адзінота. Не веру.

Пацук. І я кажу, брахня. У вайну з Японіяй злажылі нашых тысяч з дваццаць, і па гэты дзень ляжыць мужык, чакаючы загробнага жыцця.

Адзінота (да Гапцуля). Ваш брат казаў чакаць.

Гапцуль. За сквернасловіе адкажаце вы перад богам. (Сеў і пачаў маліцца па кніжцы.)

Адзінота. Яшчэ ці будзем мы з ім гаварыць. Пацук, куды Андрэй пайшоў?

Пацук. Не ведаю.

Жаўрук. Ды вунь сядзіць на беразе, галаву нізка апусціўшы.

Пацук. Затужыў, бядак, па Прысі.

Жаўрук. Сумленны чалавек убачыў, што не можна чужое шчасце разбіваць, ну і саступіў.

Адзінота. І добра зрабіў, далей ад бабы, сон спакайнейшы.

Пацук. А... гэта праўда.

Адзінота. За бабу гінулі князі і каралі, за бабу гінулі вёскі і гарады.

Жаўрук. А хто там ведае, хто праз каго гінуў?

Адзінота. Ад бабы ўсё няшчасце, я ведаю.

Жаўрук. Хто, па-твойму, згінуў праз кабету, ну хаця б з нас. Хто?

Воўк (які ляжаў пад саломай воддаль, адразу выскачыў і закрычаў). Я... згінуў...2

 

Усе ад неспадзеўкі спалохаліся, Гапцуль перажагнаўся. Пацук ад страху ўцёк.

 

Воўк. Праз кабету ўсё няшчасце на свеце. Пасмей мне хто пярэчыць, горла перагрызу.

Адзінота. Ты чаго ўсхапіўся?

Воўк. Кабета сэрца не мае, ашуканства, хціўнасць, вось што ў кабеты.

Адзінота. Зусім па-мойму разважае.

Жаўрук. Пакінь яму ты патураць. (Да Ваўка.) А ты замоўкні, ніхто цябе не слухае.

Воўк. Языка не завяжуць. Кабета — гэта вір глыбокі, пападзеш — загінуў. Кабета — гэта воспа, дакрануўся— знак навек. Кабета — гэта сілок, завяз — няма. Праз каго я плытагон? Праз кабету! Праз каго я на катарзе быў?.. (Спахваціўся, упаўшы тонам.) Праз кабету.

 

Усе здзівіліся.

 

Жаўрук. Быў на катарзе... Скажы, будзь ласкаў, за што? (Паўза.) Мы ж чакаем — скажы.

Воўк. Не хацеў бы кратаць балючую рану, але нічога, слухайце: маладым калісь я быў, займаў пасаду землямера. Мяцежная душа была ў маладым целе, няпраўду не любіў, волечку кахаў. Была ў нас падпольная арганізацыя, я адказным быў сакратаром, мне давяралі ўсё, былі сходы, пастановы.

І вось, зазнаёміўся з дзяўчынай. Шчырая, адданая была. Ганнай клікалі. Прайшоў год. Прыгледзеўся: — уся наша, просіцца да нас у арганізацыю, я напёр, прынялі. Найлепшы працаўнік, я не агледзеўся, як пакахаў яе. Ды як! Эх, успомніць шорхна. Глядзім — добра. Сталі даручаць усё. Воўк, ты выканаць павінен пастанову схода, забіць загадалі мне губернатара. Згода. Назаўтра я каля мэты. План і аружжа ў руках. Дрыжу, чакаю. І вось ён едзе. Бачу, як імчацца коні, як гарыць на сонцы азызлы яго твар. Заціснуў у руцэ я бомбу... (Ускрыкнуў.) Эх... ты, мара праклятая. (Упаўшым тонам.) Не ўдалося. Моцныя рукі двух гарадавых мяне здушылі, у астрозе апынуўся... Судзілі — 10 год катаргі...

Адзінота. А хто цябе прадаў?

Воўк (не адразу). Ганна прадала, правакатар.

Адзінота. А што, я не казаў?

Воўк. Адбыў я 10 цяжкіх год, на волі апынуўся. Дзе Ганна, якая ўтапіла нас усіх, дзе яна? Шукаў я доўга... І вось нарэшце спатыкаю. Ганна, тая самая Ганна, якую моцна так кахаў, тыя самыя хціуныя вочы, лісом па сцежачцы бяжыць. Не спазнала. Штовечар стаў, як цень, за ёй снаваць. Спрыялі ночкі.

І вось пад чорным параванам ночы ў садок яна чагось прыйшла. Я за ёй... Скрыганулі мае зубы, затрапятала сэрца, замахнуўся і ўдарыў... Глыбока сеў мой нож.

 

Гапцуль перажагнаўся.

 

Жаўрук. Ты што зрабіў?

Воўк. І не пікнула. На месцы.

Жаўрук. Значыцца, забіў... (Паўза.) Ну, што. Судзіць цябе, на розум мой, — не можна. Такая крыўда — таксама кроў, адно за другое. (Чуцен рог, які ззывае плытнікаў.) Ну, хлопцы, рыхтуйцеся ехаць. (Пайшоў.)

Адзінота. Шчасліў той, хто адзін, нікога рэзаць не прыходзіцца, жывеш адзін, паміраеш адзін. (Пайшоў.)

Гапцуль (які стаяў у старане, падышоў да Ваўка). Браток мой, добра, што ты адкрыў свой цяжкі грэх. Душа твая мучыцца ад пралітай крыві і шукае адпачынку. Я старэйшы ад цябе, буду братам табе, паслухай: пакінь плыты, прадай усё, ідзі на горы Афонскія, да святых угоднікаў, каб у пасце і малітве адпакутаваць за свой грэх.

А пакуль тое будзе, я над табой святыя словы адчытаю. (Раскрыў кнігу.)

Воўк. Не чытай, не хачу.

Гапцуль. Так сам памаліся богу.

Воўк. Якому?

Гапцуль. Ну (на неба), усявышняму.

Воўк (пасля паўзы). Пайшоў вон. Не веру я твайму богу.

Гапцуль. І гэта праўда. Ну, тады выбачай, мучся, як і мучыўся. (Пайшоў, чытаючы пад нос нейкую малітву.)

Воўк. Рану растравілі, стараніцца пачнуць, але што хочаце кажыце, а я сваё: кабета — вір глыбокі, пападзеш — загінеш. (Пайшоў.)

 

На сцэне пачынае цямнець. Прыйшла Рэвека.

 

Рэвека (аглядаючыся). Няма нікога, толькі вогнішча сіратою ў полі, пагас агонь, пагаслі іскры, цёмна зараз будзе, над рэчкай ляжа беспрасветная імгла, запануе ночка. Эх, ночка, ночка, якая ж ты цёмная. Дзе ж мой плытагон, няўжо нам суджана разлука?

 

Здалёку чуваць нейчы свіст. Прыбег Андрэй і, не пабачыўшы Рэвекі, забраў світку, падышоў да вогнішча прыкурыць папяросу.

 

Рэвека. Андрэй!

Андрэй. Прыся, ты? (Хацеў было падысці да яе.)

Рэвека. Пачакай хвілінку, паслухай, што скажу.

Андрэй. Кажы, дарагая, слухаю.

Рэвека. Пакахала я цябе, жыць без цябе не магу, а ты цураешся, паедзеш, а мяне пакінеш.

Андрэй. Прыся, як быць іначай?

Рэвека. За нялюбага замуж аддаюць, жывую пахаваюць, нашто ты з’явіўся да нас, нашто?

Андрэй. Не праклінай мяне, Прыся!

Рэвека. І па сягоння я не ведаю, за што намысліў кінуць, адразу стала чужою я табе.

Андрэй. Прыся, не вінаваць мяне. З часам зразумееш.

Рэвека. Паедзеш ты, я не змагу хадзіць па тых слядах, дзе ты хадзіў. Кожная мясціна мне будзе ўспамінаць цябе. Андрэй, вазьмі мяне з сабой.

 

Чуцен працяжны голас Пацука.

 

Пацук. Андрэй, дзе ты, плыты скрануліся.

 

Плытнікі пяюць песню.

 

Андрэй. Прыся! Ад’язджаюць!

Рэвека (моцна прытуліўшы яго да сябе). Не пушчу, не пушчу.

Андрэй. Пусці, Прыся!

 

Прыбег Пацук.

 

Пацук. Андрэй! Плыты скрануліся. (Падышоў да вогнішча, узяў гаршчок — пайшоў.)

Андрэй (вырваўся). Прыся, будзь шчасліва і жыві. (Пабег, махаючы шапкай.)

Прыся. Андрэй, Андрэй! О, доля, доля, за што ты крыўдзіш сірату. (Павалілася на зямлю і плача, відаць, як за прыгоркам плывуць плыты, спяваюць песню плытнікі.)

 

Заслона

 

 

1 Заўвага: гаршчок трэба выбіраць ценькі, а нажнічкі павінны быць вялікія, грубыя, якімі бляху рэжуць.

2 Заўвага: павінен выскачыць так, каб уся салома, якой накрыты ён, паляцела клоччам уверх.

Акт ІІІ

 

Вёска. З краю хата заможнага селяніна Тамаша. Каля хаты на сцяне развешаны шынкі, каўбасы. На плоце вісіць вядро. Жонка Тамаша — Праксэда мяце двор, змятае з лаўкі пыл, рыхтуе стол, які стаіць злева ад гледача. Чуваць здалёк песня плытагонаў.

 

Праксэда (перастала мясці). Ну й песня, аж за душу бярэ, і трэба ж, так плытнікі налаўчыліся, старое вуха, а слухаць любіць.

 

Выбегла Кася і затрымалася ў дзвярах.

 

Праксэда. Ты зноў тут? І дакуль ты будзеш скакаць, ужо дзесяты раз выбягае з хаты, каб паглядзець на гэтых басякоў. Сядзі мне ў хаце, абыдзецца там і без цябе.

Кася. Калі ж вельмі хочацца паслухаць, як пяюць нашы плытагоны.

Праксэда. Як гэта нашы, што значыць нашы? Якая можа быць дружба з басякамі?

Кася. А чаму ж не можа? Яны добрыя людзі.

Праксэда. Ну, ты мне глядзі, добрыя. Завельмі пачала хваліць гэтых галадранцаў, як падружылася з Андрэем-плытагонам.

Кася. Што дрэннага, мама, убачыла ў іх?

Праксэда. Не нашага поля ягады. Недавяркі. Ну, марш у хату.

Кася. Мама, пусціце на бераг.

Праксэда. Як паедуць плытнікі — пушчу, а цяпер сядзі ў хаце.

Кася. Я цяпер хачу. Хоць на хвіліначку пусціце.

Праксэда. Ну, што гэта за торг, пайшла мне ў хату, а то венікам агрэю. (Замахнулася і пагнала яе ў хату, а сама засталася.) Бач ты яе, забегала. Закруціў дзяўчыне галаву прахвост, каб ён сабе шыю скруціў. Трэба хутчэй канчаць справу, а то будзе бяда. (Зноў слухае спеў.)

 

Выходзіць з хаты Даміцэля з закасанымі рукавамі.

 

Даміцэля (узяла з плота вядро). Што, кумка, прыстала?

Праксэда. Прыстанеш, калі пачуеш гэткую прыгожасць. Чуеш?

Даміцэля. Як не чуць, у хаце ля печы стаю, а ногі вон бягуць, паслухаць.

Праксэда. Вось і я гэтак, на іх, плытагонаў, глядзець не хачу, а пачую песню, быццам хто цвіком прыбіў, ні з месца.

Даміцэля. У іх Андрэй-плытагон, ух, добра пяе.

Праксэда. Ды не ўспамінай ты аб ім, праз яго няшчасце ў хаце. Кася ў адзін голас крычыць: «Пайду і пайду за плытагона».

Даміцэля. А ты вазьмі і выдай, няхай жывуць шчасліва.

Праксэда. Ты хіба звар’яцела, каб мы, гаспадары, ды за гэтага недавярка, цьфу, што гэта, маёй дачцэ лепшага каго няма, апрача нейкага Андрэя-плытагона?

Даміцэля. Не аддасцё самі, пакіне і ўцячэ, што вы ёй зробіце?

Праксэда. Зробім, мая мілая, зробім. Магу табе ўжо пахваліцца: сягоння заручыны. Дзеля гэтага і прасіла цябе, каб памагла трохі.

Даміцэля. А... вось яно што.

Праксэда. Вось яно гэта. А як у цябе бараніна ўсмажылася? (Адказ.) А парасё? (Адказ.) Ну й добра, незадоўга госці.

Даміцэля. А можна ведаць, якія госці будуць?

Праксэда. Стары Базыль ды маладога Базылёнка прывядзе, а малады Базылёнак ды й караваю прынясе.

Даміцэля. Э, што з таго Базылёнка, калі ён ні гарбуз, ні жолудзь, бычок божы.

Праксэда. Няхай сабе бычок, але залатыя рогі.

Даміцэля. Не шукайце, цётка, золата, а добрага чалавека, разумнага, працавітага. З дурнем ёй не жыць.

Праксэда. Нічагутка, загадаем — будзе жыць.

Даміцэля. Якое ж гэта будзе жыццё пад прымусам?

Праксэда. А як жылі мы? Загадалі бацькі — слухалі. І, глядзі, жывём.

Даміцэля. Адна дачка — і тую абы-як.

Праксэда. Трэба так, суседачка, трэба. Ад гэтай жаніцьбы будзе ў нас шырэйшы загончык ды мацнейшы кішэнь. Золата, во!

Даміцэля. Ну, глядзіце, каб часам чорт кішаня не падзёр, тады і золата з ветрам паляціць.

Праксэда. Нічагутка, пераймем!

Даміцэля. Ваша справа. (Паўза). Ну, я пайду ўжо дадому.

Праксэда. Шчасліва. Толькі ж глядзі. Касі не кажы ні слова. Зробім справу адразу — знячэўкі. (Пайшла ў хату.)

Даміцэля. Хоць за вала, абы залатыя рогі. (Хоча адыходзіць.) Таргуюць дачкой, як скацінай.

 

Падышоў Андрэй.

 

Андрэй. А... цётка Даміцэля, добры дзень.

Даміцэля. Заблудзіў, Андрэй?

Андрэй. Ды вось блукаю.

Даміцэля. І з твару змяніўся, і песні сумныя пяеш. Чаму ўсё гэта?

Андрэй. З гора, цётка, з гора. Утраціў дарагога чалавека, утраціў усе.

Даміцэля. Чула, браток, чула. Усё па Прысечцы сумуеш?

 

Андрэй моўчкі кіўнуў галавой.

 

Даміцэля. Я ведаю яе. Прыгожая дзяўчына, падобна вельмі да Касі.

Андрэй. Падобна. Я калі першы раз спаткаў Касю, а было гэта нядаўна, то мысліў, што гэта Прыся. І з таго дня — быццам няведамая сіла мяне цягне да яе.

Даміцэля. Ты што ж, яе хацеў пабачыць?

Андрэй. А так, хацеў. Але баюся, каб старыя не заўважылі.

Даміцэля. І сама не ведаю, ці сказаць яму ці не?

Андрэй. А што, цётка?

Даміцэля (набок). Э, лепш не трэба. Ты вось схавайся за паркан, а я зараз.

Андрэй. Цётка Даміцэля, толькі прашу вас, ні слова ёй аб Прысі.

Даміцэля. Ну, як можна? (Пайшла ў хату.)

 

Андрэй схаваўся за плот. Выбегла Кася.

 

Кася (пабачыўшы Андрэя). Мілы мой, дарагі мой.

Андрэй. Радасць мая, шчасце маё.

Кася. Тры дні цябе не бачыла.

Андрэй. Здавалася, што цэлы век.

Кася. Для таго, хто любіць, тры дні — век.

Андрэй. Здарова?

Кася. Як бачыш, засумавала вельмі.

Андрэй. Нудна было і мне. Гарэлкай весяліў сябе, а ўначы заб’юся на плыты і так да раніцы сонца спатыкаў.

Кася. Эх, ці раз я спатыкала сонца. Ты з плытамі там, а я тут сяджу на беразе адна, а думкамі пераношуся да цябе, і слёзы пасыплюцца.

Андрэй. Як бы далёка я ні быў, але заўжды верыў, што плыты загонім мы ў Прусы, і хутчэй дадому. І вось, еду. Мігацяць бары, мінаем чужаземны край, перад вачмі родныя загоны і ты, мая (прытуліў яе да сябе) дарагая Прыся. (Спахапіўся і ўстаў.)

Кася (пасля вялікай паўзы). Андрэй, што гэта значыць? Якая такая Прыся?

Андрэй. Ды нічога, Кася, дзяўчыну ведаў, Прысяй клікалі.

Кася. Дзе яна?

Андрэй. Далёка, у другой губерні.

Кася. Калі гэта было?

Андрэй. Гэта было тады, калі я цябе яшчэ не ведаў.

Кася. І гэта праўда?

Андрэй. Праўда.

Кася. Глянь мне ў вочы. (Паўза.) І скажы, у цябе Прысі няма.

 

Андрэй моўчкі кіўнуў галавой, але па ім відаць, што ён вельмі па ёй сумуе.

 

Кася. Ну, добра, толькі памятай, калі ў тваім сэрцы Прыся жыве — я не жыву. Альбо Прыся, альбо я.

Андрэй. Кася! Дый годзе, я прашу — не муч. Пойдзем адсюль, нас могуць пабачыць.

Кася. Андрэй, пачула я ад цябе балючую вестку, слухай жа і ты. (Паўза.) Бацькі, як дачуліся аб каханні нашым, наважылі парваць усё і замуж мяне выдаць.

Андрэй. За каго?

Кася. Ды тут, з суседняй вёскі.

Андрэй. Зноў перашкода. І што маё за шчасце?

Кася. Але нічога, чым горш яны будуць працівіцца на згоду нашу, тым даражэй ты для мяне. Стануць бацькі папярок дарогі, — свет шырокі, пакіну і ўцяку.

Андрэй. З кім?

Кася. З табой, Андрэй.

 

Чуцен голас бацькі Тамаша: «Янка, свіння ў гародзе, усе буракі парые, у... вы, дармаеды». З гэтым уваходзіць на двор. Кася захавалася каля хаты. Андрэй застаўся. Падышоў Тамаш.

 

Андрэй. Добры дзень, дзядзька Тамаш. (Хацеў падаць яму руку, той не падаў.) Як здаровы?

Тамаш. А ты што, доктар? Лячыць мяне хочаш?

Андрэй. Ды які плытагон доктар, хацеў з вамі прывітацца.

Тамаш. Я басякам рукі не падаю.

Андрэй. Ого-го.

Тамаш (перадражніваючы). Вось табе і ого-го. (Паўза.) Хацеў бы я ведаць, каго гэта пад маёй хатай выглядаеш?

Андрэй. Ды нікога.

Тамаш. І лгаць навучыўся. Ідзі сабе на плыты, не месца табе тут. Там зграя басякоў, а тут гэтакіх няма. (Ступіў некалькі крокаў і ўбачыў Касю.) А ты чаго туляешся па завуголлях? Марш мне ў хату. (Кася пайшла.) Бач яе, захавалася. (Да Андрэя.) Ну, чаго яшчэ, ласкай прашу, а то калом агрэю. (Адыходзіць у хату.)

Андрэй (адзін). Як абухом па галаве. (Перадражніваючы.) «Ідзі туды, дзе зграя басякоў», эх, доля, доля.

(Хутка паварочвае, каб адыходзіць, натыкаецца на старога Базыля з Васілём, якога збіў з ног, той паваліўся.)

Базыль (плазам лежачы на зямлі). А бацюхны мае, хто ж гэта?

Васіль (паднімаючы бацьку). Во, каб яго пакруціла.

Базыль (стаўшы на ногі). Хто ж гэта такога штурханца даў?

Васіль. Андрэй-плытагон.

Базыль. Во, цецярук яго рэж.

Васіль. Усё скамечыў.

Базыль. Дарэмна толькі святочную вопратку надзеў. Пакачаў, цецярук яго рэж.

Васіль (пачынае чысціць). Хоць бы дзядзька Тамаш не пабачыў.

Базыль. Пачысці, сынку, пачысці, каб яго нячысцік чысціў.

 

Выйшаў Тамаш з хаты.

 

Тамаш. Даражэнькія мае, каго ж гэта няласкавым словам акладаеце?

Базыль. Андрэя-плытагона, цецярук яго рэж.

Тамаш. А што ж ён учыніў, кумок?

Базыль. Нязграбны, цецярук яго рэж, размінуцца не мог.

Тамаш. Няўжо ён кума штурхануў?

Базыль. А... такой бяды. Здароў, кумок. Васіль, чаго ж ты лыпаеш вачыма, як сава? Прывітайся.

Тамаш. Здароў, сынку, здароў. Падрос, пахарашэў, лялька хлапец.

Базыль. Завельмі ўжо пахваліў хлапца. Пачырванеў, як журавінка.

Тамаш. Вялікая цана такому дзецюку, не папсутае сэрца.

Базыль (з гонарам). О, мой сын, цецярук яго рэж, не раўня плытагону.

Тамаш. Толькі што быў тут. Пэўна на Касютку хацеў глянуць, а я за каўнер ды вон.

Базыль. Добра кумок зрабіў.

Тамаш. Ці то ён нам раўня? Касютка — ягадка іншага поля, для яе і хлапец будзе іншы. Праўда, Васілёк?

Васіль (саромячыся). Я не ведаю.

Тамаш. Но, но, не скрывайся, усім вядома, што тваё сэрца па Касютцы сумуе.

Базыль. Праўда, кумок, сумуе, цецярук яго рэж, а часамі праз сон успамінае.

Васіль. Ды што вы, тату, калі вы чулі?

Базыль. Но, но, не хлусі, цецярук цябе рэж, кажу, значыць, чуў.

Тамаш. Не саромся, дзетка, дрэннага нічога няма, успамінаеш, значыць, любіш, а раз так, я слова свайго не змяню. Касютка будзе твая. (Пры гэтых словах выйшла з хаты Кася.) А вось і яна, чуе дзявочае сэрца.

Базыль. Ну, мая дарагая хрэсніца, як здарова, цецярук цябе рэж?

Кася. Здарова, даўно бачыліся.

Тамаш. Запомніў кум зусім.

Базыль. У падарожжы ўсё быў, учора толькі вярнуўся. Вялікдзень і той у дарозе спраўляў.

 

Васіль дастаў глінянага коніка і пачаў свістаць. Базыль два разы кашлянуў, той перастаў.

 

Тамаш. А я ўжо думаў: кум, а пагарджае.

Базыль. Выбачай, браце, хоць трохі прыпазніўся, але цяпер павіншую. (Цалуюцца.) Віншую, жычу сілаў, каб меў грошай шмат, каб доўга жыў і быў багат.

Тамаш. І я жадаю таго самага.

Базыль. І цябе, Касютка, віншую, усяго лепшага, цецярук цябе рэж.

Кася. І я дзядзьку віншую.

Базыль. Ну, а Васіль пэўне ж быў у цябе, віншаваў?

Тамаш. А сын не пайшоў.

Базыль. Сыночак, цецярук цябе рэж, я праз цябе чырванею.

Тамаш. Нічагутка, мы яму даруем.

Базыль. Зараз жа павіншуй. Ласкавае слова ніколі не позна сказаць.

Васіль (ідзе). Віншую вас, дзядзенька. (Наступіў Тамашу на нагу, той крыкнуў.)

Базыль (па карку сыну). Ах ты, касалапы!

Васіль. Тату!

Тамаш. Расці, красуйся на пацеху старым.

Базыль. А цяпер з Касюткай.

Васіль. Што? (Хацеў было ўцячы, але Базыль яго хапіў за кашулю, лупянуў па заду і, трымаючы за карк, падпіхае да Тамаша, а той гэтаксама падпіхае Касю.)

Тамаш. Цалуйцеся. (Кася і Васіль упіраюцца).

Васіль (просіцца). Тату, не трэба, тату.

Базыль (як ужо яны апынуліся адзін ля другога). Нос вытры, нос! (Нарэшце пацалаваліся, Кася уцякла ў хату, Васіль застаўся на месцы, закрыўшы шапкай вочы. Старыя рагочуць.)

Базыль. Засаромелася, уцякла.

Тамаш. Нічагутка, зловім. Праўда, Васілёк?

Васіль (прыняў шапку з твару). Я не ведаю. (І зноў закрыў твар.)

Тамаш. І на пасад пасадзім.

Базыль. Пасадзім.

Тамаш. А пакуль што ў хату, кум, пойдзем, там за чаркай і пагутарым.

Базыль. Пакульгаем, сваток. (Адыходзяць.) Васіль, за мной! Глянь, глянь, які ў мяне сын, па мне ўдаўся. (Пайшлі ў хату. Васіль застаўся.)

Васіль. Аж у жар кінула. (Хацеў ісці ў хату.)

 

Падышоў Андрэй.

 

Андрэй. Э! (Васіль затрымаўся.) Ты чаго тут?

Васіль. З бацькам віншаваць прыйшлі з вялікаднем.

Андрэй. У спасаўку — з вялікаднем. А дзе твой бацька?

Васіль. Там. (Паказаў на хату.)

Андрэй. Сватае. Добры сват, багат грашыма і зямлёй, але дарэмна, браце, ходзіш. Кася такая рыбка, якую на залаты кручок не зловіш.

 

З хаты Тамаш.

 

Тамаш. Васілёк! А, зноў ваша мосць тут? Што ж гэта, маё слова так сабе? Будзь ласкаў, а то сабак зараз натраўлю.

Андрэй. Я і сам пайду. (Адыходзіць.)

Тамаш (наступаючы). Пайшоў, пайшоў. (Васіль за Тамашом.)

Васіль. Ідзі, ідзі.

 

Андрэй як замахнуўся, Тамаш стукнуўся аб Васіля. Андрэй пайшоў.

 

Тамаш. Ой, ой, ой... (Трымаецца рукамі за жывот.)

Васіль. Што, ён вам даў? (Паўза.) Куды?

Тамаш. Даў. Хадзем у хату. (Адыходзячы, гаворыць.) Ах ты, прахвост, басяк. (Скрыўся.)

Васіль (адзін). Ого, які грозны, як мне абараніцца ад яго?

Кася з хаты.

Кася. Васілёк, цябе ў хату клічуць, чаму не йдзеш?

Васіль. З Андрэем спаткаўся.

Кася. Ты яго бачыў? Што ён казаў? (Паўза.) Але, што ён табе казаў? Не скажаш?

Васіль. Не скажу.

 

Падышоў Андрэй.

 

Андрэй (грозна). Я скажу. (Васіль спалохаўся і схаваўся за Касю.) Кася, ты што ж, радуешся гэтаму госцю? На тваім твары вясёлая ўсмешка. Ты ведаеш, чаго ён тут?

Кася. Андрэй, што я рабіць павінна?

Андрэй. Ты павінна чурацца іх, калі любіш мяне.

Кася. Я згодна.

Андрэй. Ну, калі згодна, то скажы гэтаму дурню...

Васіль. Дзе дурань? (Шукае вачыма.)

Андрэй. Скажы, каб ішоў у хату.

Кася. Гэтага я не зраблю.

Андрэй. Ну, тады я зраблю. (Грозна на Васіля.) Вон!

Васіль паваліўся, пабег у хату крычучы.

Кася. Андрэй, як можна?

Андрэй. Можна.

Кася. Ён пажаліцца старым.

Андрэй. Няхай.

 

Чуваць у хаце гоман.

 

Кася. Я чую, старыя ідуць, уцякайма на бераг.

Андрэй. Хоць к чорту. (Пайшлі.)

 

Выбеглі з хаты Тамаш, Базыль з палкамі і Васіль.

 

Тамаш. Дзе ён, дзе ён? (Уздагон і назад.)

Базыль. Лаві яго, лаві!

Тамаш. Што, ён цябе біў?

Васіль. Не, не біў, а толькі напалохаў.

Базыль. Ах ты, ламака! (За вуха.)

Васіль. Я лепш пайду дадому.

 

Яго затрымалі.

 

Тамаш. А ведаеш, кумок, што? Зараз закамандую бабе, каб сюды гарэлку несла, тут мы і запоіны зробім. Праксэда! (Чуцен з хаты голас Праксэды.) Цягні сюды трактамант. (Сам пайшоў, за ім ідзе Базыль.)

Васіль. Тату. (Той не пачуў.) Тату. (Той не абярнуўся.) Тату!

Базыль. Чаго табе?

Васіль. Ён мяне...

Базыль. Што ён цябе?

Васіль, Ён мяне напалохаў.

Базыль (замахнуўся кіем). Жаніцца ідзі, мядзведзь касалапы. (Пагнаў яго перад сабой у хату.)

 

Падышоў Пацук. На ім вайсковы мундзір, у белых рукавічках, на галаве стары капялюш, чорны, тугі, на шыі белы габляваны каўняроў пры боку на паяску конаўка.

 

Пацук (углядаецца на хату). Прыказка нездарма кажа, багатаму чорт дзяцей калыша. Гаспадарка дыхт, воўк яго еш. Багаты гаспадар, усяго мае: і зямлю, і скаціну, і дачушку-сакатушку. Вось каб бог дапамог ажаніцца з ёй! Гэта ж я ў сваты прыпёрся.

 

Праксэда з хаты з абрусам.

 

Праксэда. А, каго бачу, Пацук!

Пацук. Здаравенька жывеш, воўк цябе еш. (Зняў з левай рукі рукавічку, а правую ў рукавічцы падаў.)

Праксэда. Нешта ты па-святочнаму?

Пацук. Не зусім яшчэ. У мяне здарэнне было.

Праксэда. Якое ж?

Пацук. Кот манішку з’еў.

Праксэда. Як жа гэта?

Пацук. Быў я ў гасцях і еў там верашчаку з салам. Ну, вядома, абкапаў салам манішку, а галодны мой кот як дабраўся, усю манішку спляжыў, толькі шпоначку і пакінуў.

Праксэда. Не шанцуе табе.

Пацук. Не бяда. Ажанюся, спраўлю.

Праксэда. Жаніся, жаніся, я сваццяй буду.

Пацук. А чаму не цешчай?

Праксэда. Магу і цешчай. (Хоча засцілаць стол.)

Пацук (набок). Адкуль ёй вядома, што я ў сваты прыйшоў? А каго гэта, цётка Праксэда, у госці жджэш?

Праксэда. А каго ж мне ждаць, вядома, цябе.

Пацук. Ну, калі так, давай памагу.

Праксэда. Ну, засцілай, а я ў хату пайду. (Пайшла.)

Пацук (заслаў). Якраз у пару. Цяпер бы чарачку гарэлкі ды лытку парасячую, вось добра было б.

Праксэда (выносіць з хаты бутэльку гарэлкі і некалькі кілішкаў). Вось і гарэліца! (Аддае Пацуку, а сама — назад.)

Пацук. А бацюхны мае, толькі памысліў аб гарэліцы, бах, і ёсць. Ану, чарачку, дзядзька Пацук! (Наліў, выпіў і зморшчыўся.) Э, гэта малая, ану нашу, плытніцкую. (Адвязаў конаўку, наліў і п'е.)

 

Падышла Кася.

 

Кася (убачыўшы Пацука). На здароўе, дзядзька Пацук.

Пацук. А... мая канапелька, як жывеш, воўк цябе еш.

Кася. Жыву.

Пацук. А я занудзіўся па табе.

Кася. І я занудзілася, як не было Пацука.

Пацук. Цяпер табе павесялее, я штодня буду з'яўляцца да цябе, песні буду пець.

Кася. І ўсё ж будзе нудна.

Пацук. Цяпер мае песні за душу бяруць. Гэта калі на голас успаду дый калі зацягну, кроў стыгне.

Кася. Эх, дзядзька Пацук, чаму ўсё так?

Пацук. Нічога дрэннага. Воўк цябе еш.

Кася. Каб ведалі, як горка на сэрцы.

Пацук. Чарку выпі і пацалункам закусі.

Кася. Не да жартаў мне.

Пацук. Яно і мне не да жартаў, хачу, значыцца, сягоння скончыць справу. Годзе бабылём жыць. Скажы мне, падыходжу да густу?

Кася. Аб чым гэта, Пацук?

Пацук. Ажаніцца з табой. (Падцягнуў штаны.)

Кася. Позна адумаўся. Сэрца ж маё належыць другому.

Пацук (здзіўлена). Другому? Каму ж гэта, каму? Тут жа прыгажэйшых хлапцоў за мяне і няма. (Паўза.) Ці не Андрэю толькі?

Кася. Вось і памыліўся.

Пацук. Тады я не ведаю. Але Андрэю ты не вер, бо ў яго там на чужыне жыдовачка Прыся засталася.

Кася. Кажаце, Прыся?

Пацук. А так, Прыся. Прыгожая, як макаў цвет. Улюбілася, бядачка, і засталася адна. (Кася задумалася.) Падумай, Касютка, падумай, пашкадуй мяне, гаротнага, верны я табе буду да магілы, а любіць буду, воўк цябе еш...

Кася. Дзядзька Пацук, вы не лжыцё?

Пацук. Пальцы крыжам складаю, любіць буду да магілы.

Кася. Ды не тое зусім. Скажыце мне, ці далёка яна, тая Прыся?

Пацук. Далёка, у другой губерні.

Кася. Хто з нас прыгажэй?

Пацук. Яна прыгожая, як макаў цвет.

Кася. Часта ён спатыкаўся з ёй?

Пацук. Штодня, а ў момант ад’езду ўчарэпілася яна яму за шыю і ў адзін голас крычыць: «Не пушчу», а ў самой слёзы ракой.

Кася. Дзядзька Пацук, і гэта праўда?

Пацук. Не верыш, хадзем у царкву, крыжам лягу, каменне есці буду, папа з’ем.

Кася. Усё, што казалі, самі бачылі?

Пацук. Усё бачыў.

Кася. Нашто я яму верыла? (Кажа гэта ў роспачы.)

Пацук. Нашаму брату ніколі не вер, усе мы гэткія.

 

Выходзяць з хаты Тамаш, Праксэда, Базыль, Васіль і Даміцэля.

 

Тамаш. Сюды, мае дарагія госці, сюды. А! І Пацук тут?

Пацук. Як бачыце, тут.

Тамаш. Ну добра, госцем будзеш, гуляць будзем заручыны.

Пацук. Якая гульня, калі яна не хоча ісці за мяне.

Тамаш (са смехам). За цябе? Э... у мяне другі зяць ёсць. (На Васіля.) Во!

Пацук (зусім апешыў). Вось табе і на. А я спадзяваўся.

Тамаш. Ну, мае дарагія, гукнем на ўсю ваколіцу, што Васілёк мой зяць.

 

Пры апошніх словах падышоў Андрэй, які гэта чуў, а за ім ззаду паводдаль пайшоў Адзінота.

Васіль. Дзядзенька, дзякую вам.

Тамаш. Кася, ухілі калена: ты яго жонка.

 

Кася стаіць, як слуп, у задуменні.

 

Тамаш (грозна). Кася!

 

Кася павярнулася і ўбачыла Андрэя.

 

Андрэй. Кася!

 

Пацук убачыў Андрэя — спалохаўся.

 

Кася. Позна, мілы мой, на цябе чакае Прыся. (З імпэтам.) Благаславіце, тату! (На каленкі.)

Тамаш. Будзьце шчаслівы, мае дзеці. (Благаслаўляе.)

 

Пацук узяў за карак Васіля, які глядзеў на Касю, і паказаў на Андрэя.

Васіль. А што, басяк, наша бярэ!

Андрэй. Ах, так! (Выцягнуў з халявы нож і хацеў кінуцца на Васіля.)

 

Пацук кінуўся між імі, схапіў упол Андрэя, нож выпаў.

 

Тамаш, Базыль (пачалі крычаць.) Да ўрадніка, да ўрадніка!

 

Андрэй хацеў зваліць Пацука, але тут падышоў Адзінота, ірвануў з сілай яго за руку, адкінуў у другі бок, грозна крыкнуўшы: «Ты што гэта, здурэў?» Андрэй плюнуў і пайшоў.

 

Заслона

 

 

 

Акт IV

 

Дэкарацыя ІІІ акта. У хаце вясельныя спевы і гоман гасцей. Кася апранута ў шлюбны ўбор, сядзіць на лаўцы ля авансцэны, заплаканая. Даміцэля ля яе.

 

Даміцэля. Позна цяпер плакаць, дарэмна слёзы ліць, не паслухала маёй парады, гуляй кадрыль з дурнем. Бацькі дапамаглі, каб ім вочы павылазілі, на грошыкі паквапіліся.

Было гэтак і мне. Калісь хлапца кахала, бацькі перайначылі, выдалі, за каго яны хацелі.

Кася. Я сама вінна — ніхто другі.

 

Адчыняюцца дзверы, і ўся вясельная дружына з музыкай, апрача Васіля, выходзіць з песняй з хаты. Моладзь падышла да Касі.

 

Праксэда. Дзяўчаткі, а цяпер заспявайце да маладой. (Пяюць.) А цяпер да свата. (Пяюць.)

 

Затым пачалі ўсе пад музыку скакаць.

 

Базыль (як скончыў скакаць). Ну й далі гарту, аж у баках лапоча.

Тамаш. На тое вяселле, кумок.

Праксэда. Стыдзіся, кум, яшчэ не стары.

Базыль. Дыхавіца, цецярук яе рэж.

Тамаш. Вадзіцы сербані.

Базыль. Лепш гарэліцы.

Праксэда. Тады ў хату пойдзем. Музыкі! За мной! (Адыходзячы.) Дзяўчаткі, давайце маладую сюды. (Пайшлі у хату, а за імі і моладзь пайшла. Некалькі дзяўчат запрашалі ў хату Касю, але яна не пайшла.)

Кася (адна). Эх, доля, доля, што мяне чакае? (Пайшла за хату.)

 

Пацук вядзе за сабою некалькі маладзейшых плытнікаў. Тут Адзінота, Гапцуль, які сягоння ў лепшым падрасніку.

 

Адзінота. А ўсё ж ты мне скажы, нашто ты нас прывалок сюды?

Усе. Але, нашто?

 

Гапцуль маўчыць.

 

Пацук. Ну, цяпер скажу. (Паўза.) На вяселле. Дачка Тамаша замуж выходзіць. Чаму ж бы не пагуляць і нам?

Адзінота. Так бы і казаў. Я далей не йду.

Пацук. А чаму?

Адзінота. Я супраць усялякага вяселля. Вяселле — гэта спосаб павелічэння бяды і няшчасця на свеце. А я — вораг гэтага. Адзінота — раз, а па-другое, я, басяк, не пазволю сабе быць у кампаніі з таўстапузым, ён мне не пара.

Усе (апроч Гапцуля). І нам ён не пара.

 

Выйшаў з хаты Тамаш.

 

Тамаш. Кася, дзе ты? (Убачыў плытнікаў.) А гэта што, чаго пазбіраліся?

Пацук. На вяселле прыйшлі, воўк цябе еш.

Тамаш. А хто ж вас клікаў?

Пацук. Ды так, значыць.

Тамаш. Не прошаныя?

Адзінота (да Пацука). Слухай ты, галавешка асмаленая, ніхто да яго на вяселле, апрача цябе, не ішоў. (Да Тамаша.) Не палохайся, бычок божы, хлеба твайго есці не будзем.

Тамаш. Ну, дык прашу за пагодай, а то колікам папрашу.

Адзінота. Хаця ты нас спалохай.

Тамаш. А вось як агрэю! (Павярнуўся, каб узяць кол; у гэты час Адзінота, быццам сабака, ірвануў яго за нагу. Тамаш спалохаўся, павярнуўся і, як ўбачыў, што гэта не сабака, зноў хацеў хапіць кол. У гэты час Адзінота ўзяў венік, які стаяў за плотам, і перацяг яго па спіне. Тамаш расцягнуўся, усе плытнікі рагочуць, апрача Пацука. Ён пачаў паднімаць Тамаша, а Гапцуль памагаць.)

Адзінота (да Тамаша). Уцякай лепш у хату, а то без барады застанешся.

Тамаш. Прахвосты, недавяркі.

Адзінота. Чаго з ім займацца. Гуляе, няхай гуляе.

Кучма. Гуляй здароў, парсюк таўстабрухі.

Тамаш. Басякі, барбажынцы.

Адзінота. Конік пана Езуса. (Пайшлі, апрача Пацука і Гапцуля.)

Тамаш. У госці прыйшлі, басяч'ё. (Да Пацука.) Ты, Пацук, застанься. Гэта не да цябе.

Пацук. Дзякую за пашаноту.

Тамаш. Ідзі ў хату і сядай за стол. (Толькі хацеў ісці ў хату.)

 

Гапцуль бачыць, што яго не запрасілі, закашляў.

 

Пацук (смеючыся, да Тамаша). А во, яшчэ адзін.

Тамаш. І табе за сталом месца будзе.

Гапцуль. Радуюся добраму слову.

Тамаш. Цяпер ты плытнік, але раней каля хвалы боскай хадзіў.

Гапцуль. Хадзіў, браток, хадзіў.

Пацук. Вельмі блізка падышоў, царкву абакраў, прагналі.

Тамаш. Ну, дык пайшлі. (Сам пайшоў у хату.)

Пацук. Пойдзем, слуга божы. Мы з табой плытніцкую польку згуляем.

 

Чуваць у хаце, як музыкі граюць польку.

 

Гапцуль. Ці мне да танцаў, мне аб збавенні душы...

Пацук. Э, усё роўна, як памрэш, чэрві з’ядуць і цябе, і тваю душу. (Прытопваючы.) Ну...

 

Гапцуль разварушыўся, пачынае прытоптваць. Скачучы, удвух уваходзяць у хату. Праксэда выйшла з хаты.

 

Праксэда (у дзвярах). Пацук, ці не бачыў ты нашу маладую?

Пацук. А дзе яна?

Праксэда. У хаце няма, недзе згінула.

 

У гэты час з-за хаты выйшла Кася.

 

Пацук. А вось яна.

Праксэда. Дачушка, маладая жонка, дзе ты хаваешся? Малады спяваў, спяваў, ды ўжо плакаць пачаў. Годзе сумаваць. (З гонарам.) Гэтакі хлапец.

Пацук (набок). Печаная рэпа. (З агідай.) Хлапец.

Праксэда. І грошы, і зямля, і гаспадарка.

Кася (іранічна). Вам будзе выгада.

Праксэда. А пры багацці і каханне знойдзецца. Праўда, дзядзька Пацук?

Пацук. Не веру, каб знайшлося.

 

Тамаш з хаты кліча праз дзверы Праксэду.

 

Праксэда. Іду ўжо, іду. (Пайшла.)

Пацук (застаўся). Слухай, Кася, не маленькі я, добра разумею, што ў цябе на сэрцы творыцца, трэба ведаць, што поп вузла завязаў, еш цяпер гэту кашу.

Кася. Судзіць лёгка, дзядзька Пацук.

Пацук. За Прысечку і калатня пайшла, а калі добра разабрацца, так Андрэй не вінен, любіў ён цябе і цяпер душу гатоў аддаць.

 

Кася задумалася.

 

Пацук (набок). Нейкае нялюдскае каханне. (Паўза.) Годзе табе кіснуць, хадзем у хату, чарку гарэлкі з табой вып’ю. (Паўза.) Ну! Хадзем, Касютка, сядзем, як галубочкі, вось гэтак, абнімемся, я падніму сваю чарку (паказаў на конаўку) і закрычу: горка! Дзівуйцеся, людзі, як Пацуку добра.

Кася. Дзядзька Пацук, схадзі на плыты, пакліч мне Андрэя.

Пацук. На плыты? Нашто ён табе?

Кася. Я прашу, пакліч мне Андрэя.

Пацук. Ды ён пэўне ўжо ашалеў, бо да гэтага часу галавой аб бярвенне біўся.

Кася. Зараз жа бяжы на плыты.

Пацук. Ды як жа будзе, я ж галодзен, хацеў крышку падмацавацца.

Кася. Паспееш, усё будзе.

Пацук. Пакуль я вярнуся, госці ўсё пажаруць.

Кася. Усяго не з’ядуць.

Пацук. Хто? Гэтыя абжоры? Ведаю я іх.

Кася. Пацук, ідзі.

Пацук. Ну, зусім павадна поўзаць уначы па плытах, але раз так хочаш, пайду. Толькі скажы мамцы, каб выпіць ды закусіць пакінула. (Пайшоў.)

Кася. Ах, што я ўчыніла? (Села і заплакала.)

 

Васіль выйшаў з хаты з кветкаю на грудзях, п’янаваты.

 

Васіль (не пабачыўшы Касі). О, як я рады, маё вяселле адбылося, і Кася — мая жонка. Хто шчаслівейшы ад мяне? Я шчаслівейшы ў свеце чалавек! (Пабачыў Касю.) Кася, рыбка мая, ты тут? А я шукаю цябе. Кася, ты плачаш? Скажы, чаго?

Кася. Ад радасці.

Васіль. І я плакаў ад радасці. Пад’еў добра, а пасля плакаў, піў гарэлку і зноў плакаў. Кася, рыбка мая, хадзем у хату, гукнем, тупнем, ты ж мая...

Кася. Дай мне спакойна пасядзець.

Васіль. А можа, паклікаць сюды музыкаў?

Кася (сама да сябе). А што, калі не прыйдзе?

Васіль. Усе ўжо прыйшлі, гасцей, як сабак, усе п’яныя. І я... п’яны, цяпер самы гарт, гарэлка ракой ільецца.

Кася. Ідзі ў хату.

Васіль. Слухаю, рыбка мая, пайду і закамандую, каб зайгралі (паўза), а што зайграць (успомніў), ага, вось такую. (Заспяваў «Лявоніху» і зваліўся з лавы.) Ой, як весела жаніцца. (Устаў.) Кася, не плач, бацька твой абяцаў нам даць мех золата, а бацька мой мех серабра. Мех ды мех, будзе два. А два ды два, будзе... (Думае.) Мех — во які мех, панаваць будзеш, рыбка мая.

Кася. Ідзі ў хату.

Васіль. Іду. Музыкі, грайце, расчыняйцеся дзверы, шчаслівы муж ідзе. (Пайшоў.)

Кася. Як доўга няма. Мусіць, не прыйдзе. (Паўза.) Я сама пайду. (Пайшла.)

 

Базыль і Тамаш выйшлі з хаты. Базыль трымаецца за жывот.

 

Тамаш. Што, сваток, з табой?

Базыль. З’еў гэта я парася зашмат, і жывот пачаў балець.

Тамаш. Ага, так ты на зоры хочаш паглядзець?

Базыль. Але, глянуў бы.

Тамаш. Тады валі, брат, пад паветку, там усё неба капялюшам. (Паказвае рукой, куды трэба ісці.)

Базыль. Капялюшам. (Адвязвае паясок, вешае яго на шыю.) Ну, дык я зараз. (Пайшоў.)

 

Прыбег Пацук.

 

Пацук (трымаючыся рукой за бок). Вось табе і паклікаў. Даў кулаком па баку, аж косці затрашчалі. Ашалеў, людзей не спазнае. Падыходжу і кажу: «Андрэй, цябе Кася кліча». А ён калі даў... Але мне трэба так, за язык, каб не збрахнуў, што каханне з Прысяй было, так і вяселля гэтага не было б, а так... (Паўза.) Ну, пабягу ў хату, а то, нябось, усё пажорлі.

 

Падышла Рэвека (яна хворая).

 

Рэвека. Дзядзька Пацук!

Пацук (углядаецца). Прыся, ты?

Рэвека. Не спазналі? Я.

Пацук (падышоў да яе). Ой, што з табой, хвора?

Рэвека. Хвора.

Пацук. І да каго ж ты сюды?

Рэвека. Пасля скажу. А цяпер скажыце, ці дазволяць мне прыпыніцца на начлег у гэтай хаце, ноч набліжаецца.

Пацук (набок). Як жа тут быць? Ды яно, вядома, хаты другой няма, кругом вада.

Рэвека. Мне выгады не трэба.

Пацук. Не зручна тут, мая ты гаротная.

Рэвека. А чаму?

Пацук. Вяселле тут (памыліўся). Андрэй жэніцца.

Рэвека (ускрыкнула). Які, мой?

Пацук. Ды не, я памыліўся. Васіль жэніцца, Васіль.

Рэвека. Ах, як заныла сэрца. Вады, дайце вады.

Пацук. Хадзем, Прысечка, на бераг, тут нам быць не можна. (Павёў.)

 

Выйшаў з хаты Гапцуль.

 

Гапцуль (выціраючы з галавы пот). Прости, господи, мое согрешение. Дыхаць няма чым, гэта не людзі, а стада свіное, цьфу, усё паелі, папілі і мне нічога не пакінулі, галодны на плыты ідзі. (Панюхаў паветра, ўбачыў, што на сцяне вісяць шынкі, каўбасы.)

А... вось дзе для мяне вячэра... А я дарэмна там на стале шукаў... (Азірнуўся кругом, стаў на лаву і знімае каўбасы.) Имущий да поделится с неимущим. Господи, будь милостив к рабу твоему грешному. (Хутка пайшоў.)

 

Прыйшоў Андрэй.

 

Андрэй. І нашто яна мяне кліча, няўжо яшчэ мала знявагі? Эх, доля, доля, як ты жартуеш са мной. (Сеў на лаву.)

 

Прыйшла Кася.

 

Кася. Андрэй!

Андрэй. Кася, за што ўсё гэта? Што добрага зрабіла ты?

Кася. Ты вінен гэтаму. Любіла я цябе, і што ж, у цябе была другая.

Андрэй. Была.

Кася. Ты любіў яе?

Андрэй. Любіў, гэта была святая дзяўчына.

Кася. Мне казалі інакш.

Андрэй. Я ведаю, Пацук. Дорага ён заплоціць за няпраўду, ой, дорага!

Кася. Я табе веру.

Андрэй. Позна, Кася, ты адумалася, глянь на сябе, убачыш.

Кася. Байкі, усё пад ногі кіну. Ну, скажы, мой дарагі, ты мой?

Андрэй. Кася, не муч, каго пытаеш?

Кася (зрывае фату). Тады пад ногі гэтую прысягу, павінен згінуць прымусовы шлюб.

Андрэй. Ці мог я верыць?

Кася. Вер, Андрэй, што маё сэрца да цябе інакш не білася ніколі. Андрэй! Няма Прысі?

Андрэй (з жалем). Няма.

Кася. Няма і Васіля. Пойдзем на плыты, а там у свет шырокі.

Андрэй. Кася, ці добра ты зразумела, што робіш?

Кася. Той, хто любіць, шкадаваць нічога не павінен.

Андрэй. А бацькі?

Кася. Тут будуць, а я з табой. Пойдзем, мой мілы.

Андрэй. Пойдзем, мая дарагая, мы з табой вольныя, як вецер. (Зрабіў крок наперад і затрымаўся.) Касютка, забяры сваю фанцінку, нашто ёй валяцца на зямлі.

Кася. Няхай мой малады павесіцца на ёй, зрабі пятлю яму. (Пайшла.)

Андрэй. Раз так, зраблю пятлю, вось яна, пятля, а кветкі забяру сабе на памятку. (Прычапляе кветкі сабе да кашулі.)

 

Прыбег Пацук.

 

Пацук (ўбачыўшы Андрэя). Андрэй!

Андрэй (грозна). Сабака, зарэжу! Набрахаў! (Замахнуўся.)

Пацук. Чакай, чакай, паслухай, цябе шукаюць.

Андрэй. Хто мяне шукае?

Пацук. Няшчасная дзяўчына. Цень смерці.

Андрэй. Хто такая?

 

Падышла Рэвека.

 

Пацук. Вось хто. (Сам пайшоў.)

Андрэй (не адразу). Прыся, ты?

Рэвека. Не спазнаў, Андрэй?

Андрэй. Якая змена...

Рэвека. Не палохайся, мой дарагі, ну падыдзі, яшчэ раз гляну на цябе.

Андрэй (падышоў). Прыся, што з табой?

Рэвека. Не зразумеў калісь мяне, то, можа, цяпер зразумееш, любіла я цябе, як ніхто другі, скалечыла сваё жыццё і праз гэта гіну.

Андрэй. Прыся, у чым мая віна?

Рэвека. Віны тваёй няма.

Андрэй. Любіў і я цябе, разлука наша мела вялікія прычыны. Я доўга мучыўся, не хацеў цябе аддаць. Ой, як не хацеў... Але пашкадаваў старога твайго бацьку, саступіў. І шчасця вашага я не парушыў.

Рэвека (кашляе). Бачыш маё шчасце?

Андрэй. Прыся, гледзячы на твае памутнелыя вочы, мне страшна, што ты надумала, скажы, чым паправіць усё гэта?

Рэвека. Адкажы мне на два пытанні, адказ твой і паправіць.

Андрэй. Пытайся.

Рэвека. Як зваць тую, якую любіш ты?

Андрэй. Кася.

Рэвека. Дзе яна жыве?

Андрэй. Тут. (Працягвае руку з фанцінкай.)

Рэвека. Што ў цябе ў руцэ? (Прыкрая паўза. Андрэй захваляваўся.) Жыві, мой дарагі, будзь шчасліў, а я, я пайду. (Скранулася.)

Андрэй (да яе). Прыся! Дазволь сказаць табе, не маё гэта вяселле, не маё. (Прытуліў яе да сябе.)

Рэвека. А чыё?

 

Падышла Кася.

 

Кася (убачыла). Так вось яна, дзе праўда? Ты гэтак плоціш мне за шчырасць. Ты хто — Прыся? Маё няшчасце?

Андрэй. Кася, апамятайся, каго ты крыўдзіш?

Кася (грозна). Ворага свайго. Здрайца, ты вінен усяму, так будзьце вы прокляты. (Пайшла.)

 

Рэвека закашляла і апусцілася на лавачку.

 

Андрэй (да яе). Прыся, мая дарагая Прыся.

 

Заслона

 

 

Акт V

 

Дэкарацыя ІІ акта. Ноч. На тым самым месцы гарыць вогнішча. Справа ад гледача на саломе спіць Андрэй, больш нікога няма. Крадучыся, уваходзіць Тамаш.

 

Тамаш (азіраючыся). І куды ж ён схаваўся? Няўжо ж мне не ўдасца ўлавіць гэтага прахвоста Андрэя і памсціць за сваю крыўду. (Убачыў.) Нехта тут ёсць... Ану, гляну хто. (Крадучыся, падыходзіць.) Ён... Андрэй. Спіць... Ага, нарэшце папаўся, брат, хоць бы хто не перашкодзіў. (Кліча з кустоў.) Хадзі сюды, хадзі...

 

Прыходзіць Васіль.

 

Тамаш (паказваючы здалёку). Бачыш, ляжыць?

Васіль. Бачу, ляжыць.

Тамаш. Ведаеш, хто гэта?

Васіль. Не ведаю.

Тамаш. Гэта ж той, каго шукаем. Андрэй-плытагон.

Васіль. Так уцякайма адсюль.

Тамаш. Хіба ты здурнеў... цяпер уцякаць? Мы павінны памсціцца над ім, ты за жонку, а я за дачку, за Касю, значыцца.

Васіль. А што зрабіць?

Тамаш. Забіць сабаку — і па ўсім.

Васіль. Як забіць, чым забіць?

Тамаш. Нажом зарэзаць, як авечку.

Васіль. А хто заб’е?

Тамаш. Хто? Не ўсё роўна? Абы-хто, ну, хаця б ты...

Васіль (засмяяўся). Я? А я ж не ўмею.

Тамаш. О-то ж дурны, не ўмею. Хіба ніколі ты не бачыў, як рэзалі курэй, свіней.

Васіль (смеючыся). Бачыў, рэзалі, і сам душыў.

Тамаш. Так вось вазьмі і задушы яго.

Васіль (смеючыся). А калі ён мяне задушыць?

Тамаш. А ты яго раней, вось гэтай цацкай (дастаў нож) па горлу — шась, і не зварухнецца.

Васіль (беручы ў рукі нож). А востры, падла...

Тамаш. Востры, як агонь, яго тачыў я дні са два.

Васіль. А чый ён?

Тамаш. А ты хіба не спазнаў?

Васіль. Ды не.

Тамаш. Гэта ж нож яго. Запомніў, як ён цябе хацеў тады зарэзаць? Памятаеш?

Васіль. А... памятаю.

Тамаш. Ён гэты ножык тады страціў, а я знайшоў.

Васіль. А добра будзе, яго ж нажом ды па ўласным горле.

Тамаш. Лепш і не трэба.

Васіль. А пасля сяду сабе ў човен і паеду дадому, як пан.

Тамаш. Паедзеш, як пан.

 

Васіль зарагатаў.

 

Тамаш. Ну, годзе рагатаць. Ідзі дай, ён спіць.

Васіль. Іду.

Тамаш (падпіхваючы). Смялей, смялей...

 

Васіль толькі падышоў, як Андрэй праз сон адкінуў руку. Васіль спалохаўся.

 

Тамаш (трымаючы). Чакай, чакай, куды ты? Бі...

 

Васіль толькі замахнуўся, як пачуліся ў кустах галасы. Яны ўцяклі туды, адкуль прыйшлі. Прыйшлі Адзінота і Кучма.

 

Адзінота (падышоў да Андрэя і бачыць, што ён спіць, да Кучмы). Скакаў, скакаў і даскакаўся. Бег за адной, скокнуў за другой. І ні той, і ні другой, а цяпер ляжыць каторы дзень.

 

Кучма. Слова не кажа, есці пакінуў.

Адзінота. Марцовы кот. Нічога добрага ў галаве няма, адно каханне толькі.

Кучма. Ну, што хочаш — малады.

Адзінота. Малады і дурны, за спадніцу гатоў свет перавярнуць. Ты ж чуў, ён жа Пацука абяцаў зарэзаць за тое, што ён нешта набрахаў.

Кучма. Ды аб гэтым усе ведаюць.

Адзінота. Так што ж па-твойму, гэта розум?

Кучма. А хто ж кажа.

Адзінота. Гэта ж дурань, грош цана такому чалавеку. Разумны чалавек і на плытах разумную справу зробіць, а гэты заблытаўся, у бабскіх спадніцах капошыцца і крычыць гвалт, з дарогі збіўся. Цьфу.

 

Крадучыся, на карачках падпаўзае Пацук.

 

Пацук (ціха). Браточкі!

Адзінота. А гэта яшчэ хто?

Кучма. Хто гэта?

Пацук. Гэта я, Пацук.

Кучма. Ты гэта чаго, як вужака, поўзаеш, па пацёмках? (Паўза.) Ну, чаго маўчыш, кажы.

Пацук. Браточкі, даражэнькія, скажу, а вы скажыце мне, дзе Андрэй?

Адзінота. А... зразумеў цяпер. (Да Кучмы.) Гэта ж ён пужаецца Андрэя, зарэзаць яго хоча.

Кучма. А яшчэ салдат, баіцца смерці, сагнуўся, як той корч, і поўзае. (Бярэ яго за карак.) Уставай, райдун, сароміш свой мундзір... (Пацук не ўстае.) Уставай.

Пацук. Браточкі, не да жартаў, пятую ноч не сплю. Скажыце, дзе Андрэй?

Адзінота. Не бачыш, хіба слеп — вунь ён спіць.

Пацук. Ён тут? Тады мяне няма. Не кажыце, што я быў. (Папоўз ракам назад.)

Адзінота. Во, брат, храбрэц. Ха-ха-ха...

Кучма. А яшчэ на вайне быў..,

Адзінота. Жарты жартамі, а Пацуку, брат, горача.

Кучма. Як ноч, так ён з плытоў стракача дае.

Адзінота. Не хоча з намі начаваць.

Кучма. Нічога — захоча.

Адзінота (да Кучмы). Пячы бульбу. Павячэраем і спаць ляжам.

Кучма. А хіба ж ты не бачыў, я ўжо даўно спёк.

Адзінота. Ну, тады добра. Абудзім Андрэя, будзе весялей.

Кучма. Ці варта, няхай спіць.

Адзінота. Ды абудзі, шкада ж хлапца.

Кучма. Баюся, яшчэ нездаволен будзе...

Адзінота. Тады давай я. (Падышоў да Андрэя і моцна крыкнуў на вуха.) Андрэй!

Андрэй (усхапіўся і кінуўся да яго, той наўцёкі, а Кучма схаваўся ў кусты). Сабакі. (Пайшоў.)

Кучма (вылазіць з аднаго куста справа, а Адзінота злева). Ну што, як? Накарміў бульбай?

Адзінота. Прах яго забяры, самі будзем есці.

Кучма. Гэта, брат, сіла... Зачэпіць, рабра няма.

Адзінота. А ты ведаеш, з кустоў нейкі чалавек шухнуў, як убачыў мяне, не заўважыў?

Кучма. А хто яго ўгледзіць па пацёмках.

 

Падыходзіць Гапцуль і вядзе за сабою Пацука.

 

Гапцуль. Ды не палохайся, Пацук, смялей, антыхрыста ўжо няма. Як бура, пранёсся на плыты. (Убачыў Адзіноту і Кучму.) Вось тут яшчэ ёсць нашы.

Адзінота (да Гапцуля). Што, ты нарваўся на яго?

Гапцуль. Мне страх, я крыжам і малітвай баранюсая ад врага і супастата, а вось Пацук няшчасны...

Пацук. Пятую ноч не сплю.

Гапцуль. Цяпер заснеш. Кладзіся.

Пацук. Браточкі, страшна.

Кучма. Кладзіся, дурны. Біць мы не пазволім, а калі трохі паласне нажом, глупства. (Узяў вядро і пайшоў.)

Пацук. Што вы, братцы, я жыць хачу.

Адзінота. Сам на свой хвост, як цюцька, набрахаў, а колькі бяды натварыў. Каханне было. Прысю любіў. А Кася, жартаў не спазнаўшы, вяроўку на шыю. І — бух...

 

Пацук топчацца на месцы.

 

Адзінота. Ну, годзе таптацца, як мядзведзь. Або кладзіся, або не матляйся перад вачмі.

Гапцуль. Табе ўсё жарты, а ён, бядак, мучыцца. Пятую ноч не спіць, баіцца смерці.

Адзінота. Падлі ў яго душу свянцонага алею, каб чэрці адгарнуліся.

Гапцуль. Бывала гэтак і са мной, калі страхі агорнуць маю душу. Я тады склікаю ўсіх святых, да кожнага асобна святое слова. Як памалюся добра, светла зробіцца.

Адзінота. Ну, дык чаго ж, выклікай святых, маліся.

Пацук. Запомніў я малітвы, як на плыты папаў.

Гапцуль. Нічога дзіўнага, усе бязбожнікі, антыхрысты.

Адзінота. Хочаш, навучу? У мяне малітвы плытніцкія, на вадзе складаў. Усе да вадзянога бога.

Гапцуль. Недавярак ты, чортава барадаўка. Вось я калі цябе аблаю.

Адзінота. Свянцоных зёлак яму дай ды алейчыкам святым лысіну памаж.

Гапцуль. Язык табе памазаць, каб не брахаў.

Адзінота. Лапці сабе памаж, каб не трэскаліся.

Гапцуль. Кладзіся, Пацук, і спі, а я над табою святую малітву адчытаю.

Адзінота. Давай раней кадрыль станцуем.

Гапцуль. Ах, каб ты на вяроўцы танцаваў.

Адзінота. Пацук, расчыні мяліцу, глытаць святыя словы будзеш.

Гапцуль. Дай да хвалы боскай падысці. (Пацук лёг.) Вось так.

Адзінота. А цяпер пачынай.

Гапцуль (шукае нечага). Свечкі няма.

Адзінота (дае палена — кругляк). Галавешку запалі.

Гапцуль. Перастань брахаць.

Адзінота. Маўчу, ужо маўчу.

Гапцуль (чытае). «От юности моея» і г. д.

 

Адзінота пабрэхвае сабакам.

 

Гапцуль (у некаторых месцах, калі Адзінота перашкаджае, гаворыць малітву са злосцю.) Уціхамірыўся, заснуў.

Адзінота. Чаму не, святое слова на зуб улавіў, ну, і спіць.

Гапцуль. Вядома, засне.

Адзінота. Давай, давай.

Гапцуль. Пачакай, брат, пажартуеш, як даляціць да неба твой дур.

Адзінота. А ты ведаеш, пудзіла, што ў небе адно паветра, і нават такога дурня няма там на смех.

Гапцуль. Слухай, або замоўкні, або я цябе малітвай абярну ў яловы куст.

Адзінота. Скажы гэтакаму асталопу, як сам, а я не паверу.

Гапцуль. Не перашкаджай спаць Пацуку, бачыш, святая малітва памагла — спіць.

Адзінота. Хочаш — абуджу?

Гапцуль. А чым жа ты яго абудзіш?

Адзінота. Ката паклічу.

Гапцуль. Дурныя твае жарты.

Адзінота. А вось глянь. (Падышоў да Пацука.)

Гапцуль. Нічога не зробіш, святая малітва — сцяна.

Адзінота. Бяры вочы ў жменю. (Моцна крыкнуў.) Пацук, хавайся, Андрэй з нажом ідзе!

 

Пацук усхапіўся ўцякаць. Гапцуль яго затрымаў, кажучы: «Ніякага Андрэя няма». Пацук боязна паводзіць вачыма, Адзінота рагоча.

 

Адзінота. І літаніі святыя не памаглі.

Гапцуль. Ды пакінь ты рагатаць.

Адзінота. Ну, шапчы сабе, шапчы, а я зараз пайду.

Гапцуль (зноў жагнае Пацука). Кладзіся! (Чытае малітву). Свяціцелі апосталы, 40 мучанікаў-гаротнікаў, вам рай і неба, нам сон патрэба.

Адзінота (адыходзіць, разы два брахнуў сабакам і пайшоў.) Ото ж дурны!

Гапцуль. Пашліце ў меру святую веру, каб вока драмала і доўга спала. Ні гром, ні пярун няхай не абудзіць пакуль. Міласць ваша апякункай будзе. Няхай спіць слуга ваш, як святы Карафаш. Бог ба слаў, бог ба слаў, свят, свят, свят. Вось і заснуў Пацук, сон змарыў яго. Як-ніяк, а святая малітва сілу мае. Ну, няхай усявышні бог будзе тваім апекуном, а я пайду ламачча пашукаю ды вогнішча большае раскладу, каб камары не кусалі. (Накрыў Пацука дзяругамі з галавой. Сам пайшоў.)

 

Прыйшлі Жаўрук і Рэвека.

 

Жаўрук. Ну, вось мы і тут.

Рэвека. Зусім без сіл.

Жаўрук. Ды яно, вядома, на чаўне ехаць — гэта не на машыне. Трохі адпачні, а я Андрэя пашукаю, вось узрадуецца.

Рэвека. Які вы добры, дзядзька Жаўрук.

Жаўрук. Усе мы людзі. А па-другое, многа дабра і ты рабіла нам. Усё гэта ў памяці. Дарагі ты чалавек, ну і Андрэй душа. Такіх людзей цяпер няма. Ён жа і па сягоння любіць цябе. А тую Касю пакахаў толькі дзеля таго, што была падобна да цябе.

Рэвека. А я дарэмна пасудзіла яго.

Жаўрук. Нічагутка, паправім. Пасядзі хвілінку, а я зараз. (Адыходзіць і бачыць, што нехта спіць.) А хто ж гэта? А... Пацук наш. (Пайшоў.)

Рэвека (адна). Мілы мой, дарагі мой Андрэй, дзе ты, я прыйшла да цябе. Прыйдзі хутчэй сюды. (Прыслухоўваецца.) Нехта йдзе. А можа, гэта ён? (Прыглядаецца.) О не, чужы, незнаёмы. (Захавалася за куст.)

 

Прыйшлі Васіль і Тамаш.

 

Тамаш (пакінуўшы ззаду Васіля). Ну, здаецца, усё добра. Няма нікога, кругом ціха — спіць. Бі! (Паўза.) Ану, смялей... Бі. (Падпіхае.)

 

Васіль моўчкі, без паспеху падышоў, паглядзеў, а пасля размахнуўся і ўдарыў. За кустом Рэвека дзіка ўскрыкнула. Васіль спалохаўся, нож кінуў, уцёк, а Тамаш за ім. Прыйшлі Адзінота і Гапцуль з ламаччам.

 

Адзінота. Ці то мне здалося, ці нехта тут крычаў?

Гапцуль. Гэта сава, пціца гасподня, сваім крыкам усхваляе імя тварца ўсяленнай.

Адзінота. А як ні кажы, а твая малітва памагла Пацуку, спіць.

Гапцуль. Бог паслаў яму сон за тое, што ён богабаязны — верыць.

Адзінота. Ну, цяпер ты мне пашапчы, можа, я засну.

Гапцуль. Табе не паможа, бо ты ў бога не верыш.

Адзінота. Як радзіўся, не веру.

Гапцуль (падняў нож). Што гэта, нож?

Адзінота. Чый?

Гапцуль. Нож Андрэя, але ў крыві.

Адзінота (ўстаў). У крыві, чыя ж гэта кроў? (Вялікая паўза, глядзяць адзін на другога, а пасля са страхам глядзяць на Пацука. Адзінота падышоў, падняў дзяругу і закрычаў: «Зарэзалі!»)

Гапцуль. Гэта ж ён, Андрэй, зарэзаў, яго нож. (У гэты час уваходзіць Андрэй.) Ага, гэта ты, ты памсціўся над чалавекам, зарэзаў. Вось твой нож.

Адзінота. Не спадзявайся, брат, не спадзявайся.

 

Андрэй кінуўся да Пацука. У гэты час Гапцуль пачаў ззываць людзей, а Адзінота схапіў Андрэя ззаду. Тут набеглі плытнікі, пачалі вязаць Андрэя, той не даецца.

 

Андрэй. Братцы, гэта не я... братцы, што вы? (Вяжуць.) Ну, што ж, калі я вінен — вяжыце!

 

Выскачыла Рэвека.

 

Рэвека (моцна). Стойце! (Усе ўспалашыліся.) Не ён зарэзаў, не ён! Я тут была і бачыла!

Усе. Прыся, ты?

Рэвека. Я! Не ён зарэзаў, забойца ў кустах сядзіць!

 

У гэты час выскачыў Васіль.

 

Рэвека. Вось ён.

Васіль (як убачыў, што Андрэй жыў). Андрэй? (Глянуў на труп Пацука.) Не яго хацеў зарэзаць, а вось каго.

Адзінота. Так гэта ты? (Развязвае рукі Андрэю.)

Васіль. Я. Дзядзька Тамаш падгаварыў. І ён тут. (Пабег. Усе плытнікі за ім. Засталіся Андрэй і Прыся.)

Андрэй (кінуўся з плачам да Прысі). Прыся, мая дарагая, Прыся!

Прыся. Не плач, Андрэй, не плач!

 

Заслона


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан