epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Посная гусяціна

Хоць і бедзен быў Дзяніс Гарбулёнак, але ніколі нікому не жаліўся і як мог скрываў перад людзьмі сваю беднасць.

Праўда, ён ведаў, што ніхто нічога не адбярэ і лепшага не дасць, але гэткі ўжо звычай меў: лепш — маўчаць; галодзен — слоўка не скажа, што есці хоча.

Вёска Дзірванцы, дзе радзіліся Дзянісавы дзяды, бацькі і ён сам, лічылася за самую бяднейшую ў ваколіцах, і досыць толькі здалёку глянуць на ламачча гэтых сярмяжных багатыроў, то ўжо надоўга заставалася ў памяці таго. Хаты ад хлявоў можна было адрозніць толькі па комінах. У гэтым доме жыў Дзяніс з маткай, кідаючыся, як кот у мяху.

Хлопец малады, працавіты, як вол, то ў сябе, то ў людзей рад быў пагуляць, і вось калі-нікалі то ў Дзірванцах, а то і ў Лядах, па суседству, хлопцы збіраліся сямейкай і весялілі сваё гора.

Бывала, Дзяніс адыходзіў далёка ад вёскі і час праводзіў, казалі, у чужых, ну, а як сам маўчаў, то ніхто пэўне не мог ведаць, дзе бадзяўся Дзяніс.

Але шыла, як кажуць, у мяху не ўтаіш, так і Дзянісава сцежка атапталася, і сябры даведаліся, што ў вёсцы Бягунцах жыла нейкая Кацярына, каторая прыглянулася сіраціне.

Тады, абы час, плёўся Дзяніс пагаманіць з Кацярынай.

Там ён быў ужо як свой. Прыйдзе, бывала, — палуднуюць, Дзяніса просяць, а той ані блізка, дзякую, кажа, выходзячы палуднаваў.

— Ну, а што ж ты еў, што ты еў, — сакатала Кацярына, — пахваліся!

Што было на гэта казаць? Валіць проста з мосту, што галодны, як воўк, не хацеў, а каб адказацца, не запінаючыся, адказваў: сягоння еў гусяціну, а калі траплялася пападаць другім разам к полудню, на пытанне Кацярыны казаў — еў парасяціну.

Дзяўчына дужа хітрая была, ведаючы па расказах дзірванцаў яго жыццё, не верыла Дзянісу і наважылася пераканацца, чы праўда, што ён баіць.

У той час, калі меўся быць Дзяніс, яна, нічога не кажучы, абчапілася шатамі і гайда туды, дзе жыў яе багач. Прыходзе. Слова, другое, старая адразу згадала пусціць яе нанач, гледзячы з боллю на яе лахманы.

Дзяніса не было дома. Той, не ведаючы гэтага ашуканства, нават спаткаўся з ёй, ідучы ў Багунцы, але яму і ў галаву не прыйшло, што гэта ішла не ўбогая, а яго Кацярынка.

Пагаманіўшы са старымі, ён паплёўся дадому, пытаючыся ў сябе, дзе ж яна магла быць?

А тым часам духі ўжо гэтак падвяло, што ледзьве не з’еў сабаку, што напаткалася яму.

Заледзьве прыйшоў дадому. Азірнуўшыся кругом, ён убачыў, што на печы нехта спаў. Маці кажа: «Убогая!» Убогая — дык убогая, не выганяць жа, усе людзі, усім жа жыць хочацца.

— Мамка, а чы няма чаго павячэраць, есці дужа хочацца.

— Ёсцека трохі кашы, і тая, як змей, посная. Хіба спрабуй, але не ўясі.

Дзяніс, нічога не кажучы, згроб з прыпечка гаршчок, зняў з паліцы сподак з алеем, памачыў туды кноцік і ашчадна папырскаў на кашу.

Тыя кроплі, што ляніва спаўзлі з кнота, быццам давалі смаку, і каша, варочаючыся ў Дзянісавых пашчэнках, праз хвілю знікла.

Кацярына з печы ўсё бачыла і ніяк не магла дачакацца раніцы. Дзянісава сэрца і яго пачуццё было для яе ясна, як зорка.

Ніхто не бачыў, як уцякла з хаты яна.

Праз нейкі час прыходзіць Дзяніс, праўда, незадоўга да полудня. Ну, ведама, просяць разам за стол. Той ані блізка. Сыт, кажа, сыт.

— Ну, што ж ты еў, што ж ты еў? — пытаецца Кацярына, шчыра гледзячы яму ў вочы.— Кажы толькі праўду.

— Гусяціну, — ужо больш смела адказаў Дзяніс.

— Добра, братка, добра, — шэпчучы яму на вуха, казала Кацярына, — а чаму ў цябе кнот на зубах той, што ўчора шпацыраваў па сподку і па кашы.

Дзяніс счырванеў, але Кацярына ўскінула рукі, моцна сціснула яго за шыю і шчыра пацалавала, кажучы пры гэтым:

— Ты праўдзівы чалавек, цябе вось я і люблю.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан