epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Праца ІІ Беларускай трупы ў 1921 годзе

ІІ Беларуская трупа, якая працуе ўжо амаль што два гады, у 1921 г. зрабіла ў культурным напрамку вялікую працу.

За 1921 г. дадзена 150 спектакляў па ўсіх клубах Мінска і ў павеце.

 

У рабочым Бел. клубе 76 спектакляў.

У клубе пралетарскім 8 »

» Леніна 6 »

» Луначарскага 18 »

» Красный путь 22 »

» Камуна 1 »

» Бел. Хатка 4 »

» Допр. 2 »

» пры заразных

бальн. 7 »

 

Глянуўшы на паказаны лік спектакляў, можна ведаць і верыць, якую вялікую працу зрабіла гэта маленькая трупа, у якой няма ні належных вопратак, ні рэквізіту. Трэба мець дужа вялікую вытрываласць, каб так безупынна працаваць, як ІІ Беларуская трупа. Артысты гэтай трупы — непамерна цярплівыя і мужныя людзі, калі змаглі год працаваць пры такіх цяжкіх абставінах. Трэба ведаць, што кожны артыст гэтай трупы жыве не заработкамі сцэны, а служыць апроч гэтага ў другіх установах і вольны час аддае культурнай працы. Як можна бачыць па ўсім горадзе афішы ІІ Беларускай трупы, так можна бачыць і артыстаў гэтай трупы на сцэнах па ўсіх клубах. Асабліва сустракаюць ІІ Беларускую трупу чыгуначнікі Аляксандраўскага вакзала. Там, дзе паказалася трупа, народу заўсёды шмат.

Як вядома, адміністрацыя культасветы клуба «Красный путь», прымаючы заслугі ІІ Беларускай трупы, дала ёй адзін дзень у тыдзень назаўжды, каб гэты дзень быў «беларускім», і такім чынам трупа Галубка пачне працаваць шырэй. Адно толькі жаль, што ў трупе вялікі няхват артыстычных сіл, дзякуючы чаму часта-часта прыходзіцца бачыць не зусім адпаведных па ролі артыстаў, але гэта скрадваецца па волі добрай рэжысуры і стараннем саміх артыстаў, выпаўняючых свае ролі.

Вельмі цяжкая пара была для ІІ трупы — гэта восень і зіма. Восень шмат перашкаджала працаваць, асабліва калі прыходзілася ставіць спектакль у клубе Луначарскага ці ў заразным госпіталі.

Артысты, ідучы з Брэсцкага вакзала і несучы за сабою вопраткі і рэквізіт, трацілі сілу і энергію. Зімою яшчэ горш. Маразы па 20—25 градусаў перашкаджалі працаваць. Клубы нідзе не атапляліся, артысты мёрзлі і хварэлі, але неяк працавалі. Самую цяжкую пару амаль што перажылі і спадзяюцца прыждаць вясны.

Вясною трупа перакачуе ў павет і павядзе культурную працу між сялян, ад якой будзе яшчэ большая карысць грамадству.

Рэпертуар трупы досыць вялікі і, праўду кажучы, заўжды арыгінальны. Перакладамі трупа амаль што зусім не карысталася, а ставіла заўжды творы ўласныя, беларускія.

Арыгінальных твораў было пастаўлена ў 1921 г. — дванаццаць.

Лік пастановак хаця і не зусім вялікі, але, прымаючы пад увагу адсутнасць дэкарацый, добра і гэта.

Калі глянуць на лік спектакляў за год, то можна бачыць, што большасць з іх у Рабочым Беларускім клубе, і праўда, праца была там. Цяпер за апошні час трупа Галубка там не працуе.

Хор Равенскага разам працаваў з трупаю, а ўвосень выдзеліўся ў самадзейную адзінку і, атрымаўшы ад праўлення клуба згоду, пачаў даваць у клубе канцэрты 4 разы ў месяц, другія 4 разы ў месяц аддаваліся трупе. Але цяпер і гэтыя дні ад трупы ўзяты.

Пры клубе пачала працаваць трупа, якая злажылася з сяброў клуба, і Галубку дадзена воля лётаць дзе хоча.

Праўда, лётаць не шкодзіць, але ўсё ж трэба мець сваю ўласную сялібу, бо, не маючы пад нагамі грунту, жыць не можна.

Трупа так-сяк жыве, а хор ледзь дыша. Праўда, гэта з’явішча вельмі прыкрае, але яно ёсць, і ніхто з людзей практычных, каму дорага справа, не хоча памысліць над гэтым, што трупа без хору, а хор без трупы жыць не могуць.


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан