epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Праца драматурга — ганаровая праца

На шляху сацыялістычнага мастацтва праца драматурга мае вельмі адказнае значэнне. Агромнае ўздзейнічанне і выхаваўчая роля тэатра даюць драматургу творчую сілу і жаданне працаваць на гэтым адказным участку.

Зараз, калі ўся наша літаратурная грамадскасць падыходзіць да з’езда пісьменнікаў, неабходна аглянуцца на свае ранейшыя творчыя ўстаноўкі і крытычна пераацаніць сваю ранейшую працу...

Рашуча адштурхоўваючыся ад этнаграфізму, які быў уласцівы маім ранейшым п’есам (шмат увагі я аддаваў перадачы сцэн жыцця сялянства, як дажынкі, вяселле, паданых у народніцкім плане), адыходзячы ад паэтызацыі індывідуальнай псіхалогіі і паводзін чалавека, я стаў на шлях падкрэслівання калектыўных тэндэнцый і ўстановак; паказ гэтага індывідуальнага ў сваіх далейшых працах імкнуўся падаваць на фоне масы, у святле агульнага развіцця дзей і выдзялення з гэтай масы кіруючага вобраза, як аснову п’есы, як стрыжнёвы яго вобраз, як рухавіка гэтай масы. Таму героі маёй новай п’есы «Белая зброя» дзейнічаюць ад імя калектыву, гавораць мовай рабочых, якія зацікаўлены ў агульнай справе будаўніцтва завода. Калі раней бытавыя дэталі я падаваў як самамэту, як сінтэз, якія адштурхоўвалі мае п’есы ў план неглыбокага літаратурнага мантажу меладрам, дык зараз я гэту п’есу будаваў на матэрыяле не адной сям’і ці адзінак, а на матэрыяле масавых настрояў і адбіцця гэтых настрояў у творы. Барацьбу мас за рэвалюцыйнае вызваленне ў Заходняй Беларусі я імкнуўся паказаць у п’есе «Краб».

Наколькі мне гэта ўдалося, я не ведаю. Вельмі хацеў бы пачуць словы крытыкі і ацэнку маёй драматургічнай працы з боку нашай марксісцка-ленінскай крытыкі. Нягледзячы на тое, што я напісаў больш 30-ці п’ес, 12 з якіх надрукаваны, я да гэтага часу не бачыў ніводнага радка крытычнай ацэнкі маіх твораў. А п’есы мае, за выключэннем некаторых, шырока ставяцца самадзейнымі гурткамі не толькі ў БССР, а, як я маю паведамленні, і ў Татарыі, Крыме, Украіне і інш.

Пастанова ЦК ВКП (б) ад 23 красавіка 1932 г. стварыла самыя шырокія магчымасці для нашых драматургаў, стварыла абстаноўку, якая садзейнічае максімальнаму разгортванню творчых імкненняў працаўнікоў мастацтва. Гэта пастанова мабілізавала ўсіх драматургаў і працаўнікоў літаратуры да актыўнага ўдзелу ў стварэнні высокамастацкіх твораў.

Падпарадкуючы сваю працу вывучэнню тэхнікі драматургіі, вывучэнню асноў акторскай ігры, законаў руху на сцэне і крытычна пераапрацоўваючы свае старыя п’есы, я адначасова працую над новымі п’есамі, першую з якіх, прысвечаную паказу працэсу калектывізацыі ў БССР і прыгнёту над сялянствам у Заходняй Беларусі, я здам у бліжэйшы час. Адначасова працую над новай камедыяй.

У сувязі з 15-гадовым юбілеем БДТ-3 — (былога БДВТ) — працую над кнігай нарысаў аб тэатры і аб яго творчым шляху, дзе больш падрабязна спыняюся і на аналізе сваіх драматургічных прац.

Працаваць у галіне драматургіі ў наш час ёсць надзвычайна адказная і ганаровая праца. Да гэтай працы нас заклікае камуністычная партыя, нашых твораў чакае рабочы глядач, і мы, непасрэдныя працаўнікі драматургічнага фронту БССР, павінны ў самы бліжэйшы час даць высокамастацкія творы, якія выражалі б магутнасць і сілу сацыялістычнага будаўніцтва ў нашай краіне і заклікалі б асноўныя масы да гэтай творчай працы.


1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан