epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Разбітая надзея

Сонца хінулася к зямлі на адпачынак, калі Сцяпан згарнуў апошні пракос сена ў капу.

Хоць і добра чулася боль у руках і дрыжэлі ад працы ногі, Сцяпан наважыў скончыць будаваць стог і тады рушыць дадому. Нейкую прыемнасць адчуваў ён у сваім сэрцы, як мысліў, што, прыйшоўшы дадому, бацька пахваліць шчырага працаўніка і апроч пахвальбы дасць залатоўку, а то і дзве — на кірмаш к святу. А месца для залатовак Сцяпан даўно меў на прыкмеце. Толькі б грошы, то ўжо той гадзіннік, каторы ён памыкаўся выкруціць на круцёлцы, цяпер будзе яго. Апошні раз, быўшы на кірмашы, Сцяпан, каб выйграць той гадзіннік, пракруціў бацькавы і свае грошы і ў знак няўдачнай ігры нёс дадому дудачку для дзяцей і карты. Гадзіннік так і застаўся не здабытым.

— Ну пачакай жа, — супакойваў ён сам сябе, — пракручу рубель-два, а цыбулька будзе мая. Пры гэтым ён дастаў з кішэні карты і пачаў перакладваць з рукі ў руку. Успомніўся яму той кірмашовы дзень, гаспадар круцёлкі, яго на століку рэчы і салапякі, што былі ля стала. У вушах Сцяпана яшчэ гучала ліра, енчылі старцы і хрыпаты голас круцяля, што разлягаўся па пляцу:

— Першы нумар... лямпачка! Другі нумар... партабак! Трэці нумар... не налазьце, ліха-матары! Столік паломіце, — крычаў ён, махаючы кулаччом ля носа хлопцаў. Трэці нумар быў чы поўны, чы пусты, але, як праскочыў праз зубы, так і знік.

Тасуючы карты, Сцяпан мысліў, што ў трэцім нумары і быў гадзіннік, толькі круцель не іначай атуманіў яго. На другі раз Сцяпан наважыў на гэтым нумары спыніць хціўца і выявіць хітрасць.

Ужо саўсім села сонца, як выбраўся Сцяпан адыходзіць з сенажаці. Капа, як гара, красавалася на зялёнай абстрыжанай мураўцы. Чырвонае неба асвячала вярхушку прывяўшай травы.

Сцяпан стаяў і любаваўся сваёй працай, але трэба было ісці дамоў на адпачынак. Толькі скрануўся з месца, аж убачыў свайго сябру Ігнальку, які ехаў праз лог з пустымі мажамі1

— Ну, што, касец, дадому едзем? — звонка засакатаў Ігналь.

— Дадому, — адказаў Сцяпан.

— Ну, дык курнем разок, а тады ўжо...— сказаў, злазячы, Ігналь.

Хлопцы закурылі, прыселі, разгутарыліся. Курачы, Ігналь выказаў, што мае ахвоту гуляць у карты і што ёсць нават грошы, але карт нямашака. Сцяпан зараз дастаў з кішэні карты, што выйграў на кірмашы. Праз хвілю блішчэлі на мураўцы залатовачкі.

Гульня распачалася. Змяніліся ў абодвух твары, сталі сур’ёзнымі, задуменнымі.

Ігналь пасля ёмкай адбіткі згроб свае і Сцяпанавы грошы і спытаўся:

— Ну, а далей?..

— Няма грошай, — адказаў Сцяпан.

— Няма — так няма, згуляем, як будуць.

— А я цяпер хачу, — наважыў Сцяпан, — я павінен адыграцца.

— Адыграцца-то адыграцца, але чым?

— Павер, я заўсёды аддам табе, Ігналька...

— Э... хто ведае, што будзе заўтра! Захацеўшы, можаш мець і сягоння.

Сцяпан чакаў быў праваліцца скрозь зямлю, чымся жыць у гэту хвілю. Яго рупныя пальцы соваліся па кішэнях, шукалі шчасця, але нічога не знайшлі. Ігнат стаяў, уставіўшы вочы на капу.

— Добрая травічка,— бубніў ён, — а яшчэ, кажаш, грошай няма...

Сцяпан глянуў і замысліўся. У вачах яго бліснуў нейкі агеньчык і зараз згас.

— А што табе зробіцца, калі ты крыху сена сплавіш, — стары не спазнае, тым часам у руцэ будуць грошы і можаш адыграцца.

Сцяпан паверыў. Ён ніколі не даваў веры, што Ігналь і цяпер ашукае яго.

Гульня на гэты раз пайшла спрытней. Ігналь, як галодны воўк, браў бітку за біткай і ўрэшце застаўся гаспадаром над працай свайго сябра Сцяпана. Нічога не кажучы, ён спрытна перакінуў сена на мажы і нокнуў на каняку. Скрыганулі нямазаныя калёсы — як бы заплакалі па шчырых працаўніках — і ад’ехалі.

Сцяпан стаяў і маўчаў. Ён не мог сказаць і паўслоўца, бо прызнаў пройгрыш па закону, толькі думка — што будзе далей — пачынала закрадацца ў яго сэрца.

Высока набітыя сенам мажы звольна каціліся па сенажаці ў другі бок ад вёскі Сцяпана, а сам Сцяпан, панурыўшы галаву, ішоў дадому з разбітай надзеяй мець ад бацькі падзяку за шчырую працу ды выкруціць на кірмашы той гадзіннік.

1 Ма**жы — скрыні, якія ставіліся на калёсы.


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан