epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Шчырае каханне

Даразалі жнеі апошнюю гоню ярыны. Глуха шасталі сярпы, як бы шкляныя, блішчэлі ад зыходзячага сонца чырванаватымі блескамі. Снапкі ў копах шарэнгай стаялі на шырокім полі.

Чуваць былі жарты, вясёлы смех, то заўнылыя песні. Сонца, як бы спяшаючыся, ужо збіралася схавацца за лесам, а ў старане над балотцам засцілаўся белы туман і веяла холадам.

Саўсім вечарэла. Але жнеі адна перад другой завіхаліся, каб скончыць, бо бачылі, што ўжо ідзе сам гаспадар к ім сказаць, што пара пакінуць працу.

— Э! Зязюлькі мае любыя, — падышоўшы, прабасаваў гаспадар.— Праца — не воўк, у лес не пабяжыць, кідайце — пойдзем.

Але жнеі, як пад каманду, рэзалі і вязалі ў снапкі збажыну, і нарэшце — праца ўся — марш дамоў.

Да вёскі не больш паўвярсты. Дарога па ўзлессі.

— Ну, зязюлькі! Нудна неяк, песню б мне, старому, у каторай так шмат жалю, у каторай чуваць бяду і гора беларускага народа.— Так падышлі пад вёску, дзе іх чакалі сама гаспадыня і вясёлыя хлопцы, што стаялі ля Язэпавай хаты.

Пайшлі смехі, жарты і вясёлая гамонка на ўсю вёску.

— Марцін, кінь блазнаваць, — звонкім голасам перабіла белакурая Ганка на хлопца, што, як цялё, туліўся да яе.

— Ці не пара вам спаць? Куры ўжо даўно спяць, а яны яшчэ снуюць, — жартавала Наста.

— Праўду рэжаш, мая красачка, — басаваў Ігнась.— Дзе ж той сон каму пойдзе, не ўбачыўшы вас, зязюлек! Вось глянем на вас, кветачкі, і сон латвей пойдзе.

— Можна і без пагляду, — праскрыпела старая Базыліха, што, адчыніўшы акно, слухала вясёлую дружыну.

Але дзецюкі як не чулі размовы старой і адзін перад другім завіхаліся, як найдалей сцягнуць вясёлую гамонку.

«Стар! Стар!» — гукнуў нехта на Базыля, што, узяўшыся ў бокі, гарцаваў пад гармоніку нейкі нявіданы дагэтуль танец. «Пакінь! Пакінь! — рагаталі хлопцы.— Пажалей атопкаў, пэўне новых лапцей не маеш». А Базыль аж захлёбваўся ад радасці, што падпаў трафунак разагнуць старыя качэргі.

Так, можа, надоўга зайшлася б гулянка, каб сама гаспадыня не наважыла ісці ў хату на вячэру, бо пачула, недзе пявун запяяў. Хоць і дужа не хацелася пакінуць ігрышча разахвоціўшымся дзяўчаткам, але павінны былі паслухаць гаспадыню, усе пабеглі ў хату і паселі на даўгіх лаўках.

— Эх, мае дзевачкі, зайздрую вам, як загляну ў вочы маладога жыцця; надойдзе мысль, што і сам жа я калісь быў у гэтакім веку і таксама гуляў і пяяў, і сэрца часцей пры мыслі заб’ецца ў збалелай старэцкай грудзі, а после, як жаніўся, крышка ўсяму. Але, дзякаваць богу, жывём мы па-людску, хлеб і куток свой ёсь. Вось калі будзем жывы, то заўтра справім дажынкі і гульнём, каб зямля задрыжала, забудземся пра гора і бяду; няхай нам здасца, што жывём. Ну, а скажыце мне, дзевачкі: ці любіце вы мяне, старога? Не, мусіць. Стар — і я кажу.

— Любім, бацька, любім. Хочаш — пацалуем, — крычалі дзяўчаты.

— Добра, калі так.— І дзед, устаўшы з лаўкі, падышоў з раскрытымі рукамі к Мілцы.

Мілка, зачырванеўшыся, як бруснічка, схавала свой маленькі, як рэпка, нос у зякрастую хустку і пасунулася ў куток, каб не так блізка сядзець ля вясёлага старца.

Кончылася вячэра.

— Ну, мае дарагія дзеткі, — сказаў гаспадар, — шчыра дзякую вам за спагадную працу. Дай божа, каб вы спаткалі на сваім жыцці ўсяго, чаго толькі жадаеце! На сягоння будзе дось; а заўтра дзень святковы, прыйдзіце, калі ласка, на дажынкі.

Гаспадар ужо было сеў, але яго практычны пагляд нечакана нібы кагосьці шукаў паміж дзяўчат, а после запытаўся:

— А дзе ж мая Гапачка? Нешта я яе не бачу тут — І, сказаўшы гэта, выбег на двор і пачаў клікаць Гапку.

Перад тым як дзяўчаты пайшлі ў хату, Гапку пераняў прыгожы хлапец Сымон, які так ёмка адтоптываў казачка, і ўгаворваў яе хоць на хвілю застацца з ім.

І вось, пакуль дзяўчаты вячэралі і гутарылі з гаспадаром, Гапка з Сымонам вялі размову аб каханні.

— Што ж, Гапачка, і сягоння нешта нудная? Няўжо мой вясёлы казак не разагнаў тваіх нудных думак? Я гляджу на цябе і не ведаю, чаго нудзіцца. Бацька — хоць не родны — ёсць, маці — такжа, хата, хлеб, а ў мяне што? Адзін, як бізун. І бедзен бясконца. Вось маю хлеб, і той няпэўны. А там, там пэўне ў службу возьмуць.

Пры гэтай размове расчыніліся дзверы, і на парозе — як вырас — сам гаспадар. Дужа непрыгожа было ісці ў хату, але Гапка мусіла паслухаць.

Тут, вядома, зараз пасыпаліся смешкі і кпінкі. Кожны плёў, што ўмеў, усіх прыходзілася слухаць.

— Ну дык дзе ж была, Гапачка? — спытаўся сам гаспадар.— Скажы, не саромся. Мусіць, хлапца аблюбавала? Каго ж такі, каго?

Не далі скончыць пытання дзяўчаты і зашчэгеталі, як сарокі:

— Яна, мусіць, Гаўрылу Гарбатага ўпадабала. Глядзі, бяды з гарбом набярэшся. Ідзі лепш за Марку Струкача!

І гэткія кпінкі зусім збілі з панталыку дзяўчыну. На тым скончылася. Дзяўчаты гуртам усталі, падзякавалі за вячэру і скоранька пабеглі дамоў у суседнюю вёску.

Як быў светлы дзень, так стаў цёмны вечар. Спрабавалі было завесці песню, але не ладзілася яна ў іх: так і замоўклі.

Апутаная думкамі, Гапка і не агледзелася, як далёка засталася ад сваіх і, не ўважаючы на ноч, мерным крокам ішла між алешніку. Там прайшла не дужа далёка, аж пачула, што быццам нешта шастае, і чыясь цень паўзе па дарожцы. Акамянела са страху Гапка, але страх адразу змяніўся на радасць, і ёй стала відаць, што цень знаёмая.

Перад ёй, як вырас Сымон.

— Не пужайся, Гапачка! Гэта я! Бег, дух не змяняючы, каб як-небудзь пераняць цябе і давесці да дому. Нямашака месца, як успомню, што будзе са мной, калі прыйдзецца разлучыцца; хоць жывы ў магілу лезь! Здаецца, ніколі б не расставаўся з табой. І вось думаю сабе, даганю цябе і яшчэ разок гляну ў вочы табе; няхай твой пекны вырыс твару навекі адаб’ецца ў сэрцы маім. Але вось і хата твая. Пэўне будуць бацькі грызці: мяне то ўжо даўно грызуць. Такой бяды. І ўсё нічога — толькі вось марныя думкі не пакідаюць мяне, і на сэрцы такі цяжар, нібы штось яно прачувае. Кінь, любая! Гэта так штось здаецца, ніхто нам ніякай перашкоды не павінен зрабіць, бо пакуль не застыла кроў і не перастала біцца маё сэрца — сіла і адвага на нашай старане.

— Ну, будзь здароў, Сымон! Да заўтра! — сказала Гапка і працягнула рукі. Сымон моцна сціснуў рукі Гапкі, абняў сваімі каменнымі рукамі і шчыра пацалаваў яе. Так і разышліся яны.

Не раз абарачваўся Сымон і ўглядаўся на хатку, што, згорбіўшыся і пахіліўшыся к зямлі, пры бляску месяца зіхацела, як залатая, і дзе ў маленькім аконцы, нібы прыплюшчаным воўчым вокам, бліснуў агонь; але мусіў ісці, бо сабакі паднялі брахню.

Доўга бубнелі бацькі, што ўночы вярнулася Гапка, а больш усяго стараўся даняць войчым, каторы і сам толькі што вярнуўся з шынка, добра падпіты. Але Гапка мала слухала, што плёў п’яны, бо, спрацаваўшыся за дзень, хацелася аддыхнуць.

Ноч прайшла ў дрэнных снах. Бачыць, быццам — лес, балота несканчонае, і яна ў гэтай пушчы адна-адзінокая жыве. Страх агортваў яе. Затым сон мяняўся другім, страшней першага, і так настала ранне.

Як святковы дзень прабег — і не агледзелася Гапка. Толькі пад вечар збегліся дзяўчаты і, забраўшы з сабою Гапку, пайшлі ў суседнюю вёску на дажынкі. Бегучы, Гапка толькі і жадала, каб убачыцца з Сымонам, што, як цень, стаяў у вачах.

Сцямнела, як дзяўчаты падбеглі к хаце, дзе іх чакалі маладыя хлопцы. Гапку сцярог Сымон. І, як толькі згледзеў, адразу падбег к ёй.

— Ну, што ж, родная? Здаецца, і сягоння слёзы; эх, баба, баба! Выкінь з галавы мыслі! Ты ж толькі пачынаеш жыць, шчыра любяць цябе. Пойдзем у хату. Чуеш, як смаляць у скрыпку і гуляюць дзецюкі з дзяўчатамі?

Не пайшла Гапка, а засталася з Сымонам стаяць каля пярэплаці. Месяц звысака свяціў і, як бы вартаўнік, сцярог раскінутую ў пушчы вёску і людзей. Прыпёршыся на плячо Сымона, Гапка штось мысліла і глядзела ўдаль, і ёй у гэту хвілю жадалася вытлумачыць Сымону пра шчырае каханне, але трудна было распачаць.

— Гапка, скажы, родная, якая можа быць твая думка, можа, я як-небудзь растлумачыў бы яе? — адазваўся Сымон.

— Не, мой родны, я тут заўсёды адна, ты — толькі сягоння і, можа, яшчэ колькі дзён, і па ўсім! — І гарачыя слёзы пацяклі па твары Гапкі.— Ох, хвіля, хвіля! Прачувае маё сэрца штось нядобрае.

— Ды кінь жа! Без часу звядзеш у магілу сябе і мяне.

Так далёка за поўнач гаманілі Гапка з Сымонам і нарэшце пайшлі знаёмай дарогай дамоў...

 

Не агледзеліся, як надышла восень.

У будны дзень прыйшоў Сымон к Гапцы, калі не было бацькоў у хаце. І хоць вельмі стараўся не падаць адразу віду, што прынёс цяжкую вядомасць, але сумны пагляд вачэй здрадзіў яго. Гапка пазнала.

— Гапачка, родненькая! Гора вялікае. Як ні клапатаў — нічога. Пайду. Калі ласка боская — вырвуся, спаткаемся ў радасці.

Крыкнула нямым голасам Гапка, прыпаўшы на грудзі Сымона, а тым часам скрыпнулі дзверы і на парозе як вырас войчым, добра падпіты.

— Гэта што за дружба? Ты чаго, вужака, пераступаеш парог, калі я цябе раз выгнаў і прыказаў не тлуміць дзіцяці галаву? Ды ты, здаецца, плачаш? — звярнуўся ён да Гапкі.— Паспеў ужо ўпрэгчы ў аглоблі. Вон! Вон, кажу, пакуль мешалку не ўзяў. Для Гапкі ў мяне ёсць дзяцюк, зусім не раўня табе.

Глянуў Сымон на Гапку, а ў самога і вочы кроўю набеглі. Няўжо, памысліў ён, гэты кат паставіць на сваім і выдасць яе за нялюбага чалавека?

А Гапка тым часам наўзрыд плакала, уздрыгваючы ўсім целам.

— Татка! — адазваўся Сымон.— Я ўжо апошні раз тут. Праз колькі гадзін мяне тут не будзе: пакідаю ўсё, з кім зжыўся і зрадніўся. З тымі горачкамі і прыгорачкамі, кусцікамі і хмызнячкамі, з усім растаюся... надоўга... Бог ведае, ці вярнуся. Прасіў бы вас, будзьце ласкавы, пажалейце мяне, ні ў чым не павіннага чалавека. Я пакляўся легчы касцьмі...

— Дарэмная фатыга, — перапыніў стары.— Як ужо сам кажаш, што не маеш часу, радзіў бы выходзіць самому, бо можа выйсці нядобрая справа.

— Іду, — скрыгануўшы зубамі, сказаў Сымон.

Як выбег на вуліцу і як апынуўся ўжо ў канцы вёскі, не помніў ён, толькі глянуў — шапкі на галаве не было, дзесь у Гапкі ў хаце засталася.

— Эх, шапку запомніў, — апамятаваўся Сымон.— Можа, вярнуцца? Але не! Не пайду! — І так, ідучы дарогай дамоў, не раз горка заплакаў, як успомніў, што з ім так не па-людску абышліся, і за што — спытацца.

 

Назаўтра машына шпарка везла маладых ваяк далёка ў чужы край.

У той вечар, як у Гапкі быў Сымон, п’яны айчым далёка за поўнач шумеў, радзіў забыцца пра Сымона, а не — абяцаў выбіць мыслі з галавы.

Так прабег тыдзень-другі. Гапка вельмі схудала. Бацька валіў усякую няпраўду на Сымона і, стукаючы кулаччом па стале, гразіў, што прыб’е.

Гапка, каб не слухаць непрытомныя рэчы дзікага чалавека, найчасцей выходзіла з хаты ў сенцы, дзе праседжвала цэлыя ночы. Нарэшце злегла. Кашаль ірваў грудзі. Жар прыліваў к галаве. Маці ўжо пераканалася, што дзіця яе хвора, але не магла перад старым нічога казаць, бо ведала, што за натуру меў ён, і к таму — вечар у вечар п’яны.

А тым часам хвароба жадна накінулася на маладое жыццё. Дзень праходзіў лягчэй, а ноч у непрытомных рэчах, у слёзах.

Лежучы, здавалася ёй, што яна топіцца і ўсё кругом топіцца, а то чуецца заўнылая песня, голас Сымона...

І вось пачынае яго клікаць, пераймаць і, водзячы пальцамі па сцяне, нібы бачыць яго перад сабой, вобмацкам шукае яго.

Прадчувала маці, што можа з гэтага дрэнная справа выйсці, і нават фельчара паклікаць мелася, але трафілася іначай.

Неяк позна ўвечар, як не было ў хаце старой, прывалокся п’яны айчым і, як ужо за звычай меў, пачаў чапляцца да хворай Гапкі, кажучы, што тут здаровым нямашака месца, а хворым з кахання і пад паветкай будзе добра, і, не ўважаючы, што хворая толькі пераводзіла дух, сцягнуў за руку з ложка і выпхнуў з хаты, сказаўшы ўслед, што цяпер якраз падышла пара пашукаць Сымона, — і зачыніў дзверы.

Халодны сіверны вецер, растрасаючы па мёрзлай дарозе снег, ледзьве не збіў з ног хворую. Ногі зусім не служылі, сілы пакідалі яе. Сланяючыся з боку ў бок, вобмацкам ля сцяны, падышла Гапка к дзвярам сваёй хаты, увайшоўшы ў сенцы, нешта там узяла і выйшла на вуліцу.

Усе ўжо спалі. Дзесь на краю вёскі цяўкаў сабака. Гарачыя слёзы цяклі па абмёрзламу твару Гапкі, і чым далей яна ішла, тым больш дзервянелі яе ногі. Мінула апошнія хаціны, перад вачыма развярнулася шырокае поле. Дарога крута паварочвала ўбок. Ідучы босымі нагамі па мёрзлай зямлі, часта яна спатыкалася і, сабраўшыся з сіламі, адыходзіла далей.

Абразы адзін за адным мітусіліся ў вачах. Перад ёй як вырас яе бацька, яе родны бацька, той, што маленькую пакінуў яе. Бачыць, быццам ён смяецца і туліцца к яе пахаладзеўшаму твару, затым бярэ за руку, і яны бягуць і бягуць.

Прыбеглі. Лес. Аж смаліць, грэе сонца. І здаецца ёй, што ўсякі кусцік, усякая травінка, усе радуюцца іх прыходу, маняць і клікаюць к сабе. Дуб шапасціць: хадзі, аддыхні пад маю засень.

— Не! — адказвае яна.— Мы яшчэ не змардаваліся. Вось крышку пабегаем, можа, тады.

Тут красачка, здаецца, шэпча:

— Глянь-тка на маё хараство...

— Бачу. Бачу, — адказвае яна.— Я цябе зараз сарву для таткі свайго.

І так выбеглі па палянку. Сонца грэе; цёпленька і нават душна. Тут з’явіліся магілкі. Крыжы, бярозкі, помнікі. І тут усе радуюцца, усе смяюцца. Вось раскрываецца магіла, зазіяў жоўценькі пясочак, і пацягнула сырасцю.

Бацька, убачыўшы магілу, вырваўся і кінуўся ў яму. Яна за ім. Сцямнела. Прыкрылася дамавіна. Чутна, як залязгала жалеза, забухала камамі зямля, пасыпаліся дробныя каменьчыкі, і ўсё сціхла...

 

Прыйшоўшы дахаты, маці зразу агледзелася, што нямашака дачкі, і накінулася на старога, дзе падзеў хворую. Але як ні дабівалася ачуніць п’янага, аніяк не змагла. Той толькі мармытаў праз сон, уткнуўшыся носам у салому.

Сымон у войску ні на хвілю не пакідаў думкі аб Гапцы.

Памяці жаднай не было, апроч таго яечка, каторае яна падарыла яму, як хрыстосаваліся. І мілы выраз твару Гапкі цэлымі днямі стаяў уваччу.

— Усё гэта прапала без павароту! — глыбокі стогн вырываўся з яго грудзі. Затым у вачах з’яўляўся той агарод, дзе ён працаваў, тыя чырвоныя макі, на каторыя часта заглядаўся, і тая цэркаўка, дзе так шчыра маліўся, і тыя званы, каторыя сваім працяжным рэхам краталі яго чуткую душу.

— Божа мой! Няўжо ніколі не ўбачу яе? — І затым сам сабе адказваў: — Ніколі! Яе не пусцяць за мяне і думкі выкінуць з галавы.— І Сымону станавілася горка-горка, і вочы напаўняліся слязамі.

Але ў войску — гэта не дома: для навічка праца і муштры па цэлых днях паказаліся непамерна цяжкімі. Пра йшоў тыдзень-другі. Сымон злёг. Твар схуднеў. Вочы глыбока ўваліліся.

— Ты хвор? — спытаўся доктар.— Сымон у знак таго кіўнуў галавой. Сымона палажылі ў светлы пакой пры вялікім акне. Тут ён бачыў, як уставала і заходзіла сонца, як плылі воблакі і тых вясёлых птушачак, каторыя з крыкам пераляталі ля самага акна.

Гледзячы на неба, у вачах яго рысаваліся вёска, поле, агарод, чырвоныя макі і Гапка... І мысліў ён, ці памятае яна і ці снілася ёй, што я тут, закінуты ў чужы край, углядаюся ў вочы смерці.

Яшчэ раз, другі зайшоў доктар к Сымону, а пасля, вызваўшы на сабранне, адправілі дамоў.

Як ехаў і як прыехаў — смутна помніў Сымон.

Прыйшоўшы ў вёску, не меўшы нікога з сваякоў, зайшоў к чужым сялянам і перш-наперш спытаўся, як і дзе яго Гапачка.

Не было чаго скрывацца чужым людзям, не ведалі, якая рана адкрыта ў сэрцы бедака, і зразу сказалі праўду, што чулі, быццам даўно ўжо няма яе, шукалі, шукалі і пакінулі; з таго часу, як войчым выгнаў з хаты ўночы, як у ваду знікла.

Закружылася галава ў Сымона, замітусіліся ў вачах агеньчыкі, і ён асунуўся на зямлю. Як прачнуўся ён, то ўбачыў знаёмых яму сялян і пачуў родную гамонку, але ніяк не мог апомніцца ад навіны.

Перамогшы сябе, крыху аддыхнуўшы, Сымон наважыў ісці шукаць, і, узяўшы армяк, ён выбраўся ў далёкую дарогу.

Ідучы, Сымон праве ў кожнага пытаўся, ці не чулі, ці не бачылі яго Гапкі, але ўсе, як адзін, адказвалі, што ў вочы не бачылі.

Так Сымон далёка адышоў ад роднай вёскі, пытаючыся ў мужыкоў, у баб з чужых вёсак, і вось нейкі чалавек растлумачыў яму, што чуў ад некага, быццам у воўчай пушчы нехта бачыў непрытомную дзяўчыну, але ў гэткай глушы, што і подступу нямашака туды.

Заныла ад болю сэрца Сымона, цяжка было перанесці такую вядомасць, ведаючы, што бедная Гапка загінула праз яго і праз дзеі шалёнага войчыма, але, сабраўшы апошнія сілы, кінуўся к той пушчы, дзе бачылі Гапку.

І гукаў Сымон, і клікаў па імені, нічога не было чуваць. Гэтак ён зайшоў у такую пушчу, што страх агарнуў яго, але вочы яго прыцягам глядзелі ўдаль і ўдаль.

Толькі неяк зірнуў Сымон у старану, аж бачыць, нейкая торба, падняў ён і глянуў, што ў ёй ёсць, аж разам аслупеў ад страху, — у ёй была яго шапка, каторую ён забыўся, уцякаючы ад Гапкі, як надышоў войчым.

Слёзы пацяклі па твары Сымона. Здушаны крык прабудзіў дзікую пушчу. «Гапачка! Гапачка! — галасіў ён.— Тут твая сходзіць дарога, прычувае маё сэрца. Смерць вырвала дарагую для цябе памятку».

Вокліку не было, толькі рэха сумысле насміхалася над ім, горш надрывала душу.

Хацеў Сымон павярнуць у другі бок, аж замітусілася у вачах, і ён, як падпіленае дрэва, застагнаў і паваліўся на зямлю, крычучы нямым голасам.

Пры купіне ляжала груда касцей, аб’едзеных ваўкамі.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан