epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Сірата Гануся

Каму не было вядома жыццё ўдавы Васіліхі, што жыла ў вёсцы Замужанне, за рэчкаю?! Было яно горкае, беспрасветнае, як асенняя ноч. Жыццё, нібы павучынне, ткалася, услед рушылася, нішчачы маладыя сілы.

О, колькі перажыткаў мела бядачка, — хто б злічыў іх?!

Зайздросная смерць, вітаючы каля хаты беднай удавы, звяла са свету праве ўсіх яе дзяцей, заставіўшы толькі Ганусю, як бы на пацеху старой.

Усё цярпліва знесла яна. Пахавала мужа, пахавала дзяцей і пачала жыць з Ганусяй удваіх. Доўга прыйшлося ім змагацца з бядой, але ўрэшце рупнаю і спораю працай узгарусцілі капейку, адагналі бяду-голад.

Здавалася, што ясны праменьчык асвяціў цёмныя куткі ўдовінай хаты і выгнаў адтуль прытаіўшыхся злых духаў чалавека. Аж не, — дні радасці, як хутка з’явіліся, так хутка і зніклі.

Захварэла маці. Мабыць, выбілася з сіл. Ляжыць, бядачка, з упаўшымі вачыма і ўглядаецца на цень смерці, што стаіць за вушаком і маніць яе сваёю кастляваю рукою.

Забіваецца з плачу дачушка Гануся і не ведае, як памагчы падняцца матцы. Лячылі знахары, знахаркі — рады жаднай не было.

«Не, пабягу ў воласць да доктара, — памысліла яна, — кінуся ў ногі, папрашу, а вось паслухае».

Самай раніцой, калі сонца асвяціла сонную зямлю, Гануся пацалавала матку і вымкнулася за дзверы.

Шырокі шлях, усаджаны векавымі бярозамі, у густой імгле цёмнай плямай адзначаўся ўдалі. Дзе-нідзе, цвіркуючы, пералятала абуджаная птушка, нарушаючы цішыню.

Гануся мінула вёску і пайшла шляхам у воласць, туды, далёка, дзе былі думкі яе, дзе была вера ў помач, у збавенне ад смерці маткі.

Бальніца спала, калі Гануся прыйшла пад дзверы. Прыйшлося чакаць, пакуль адчыніліся дзверы.

Сонны стораж ляніва паводзіў мятлою па падлозе, замятаючы прыёмную. Гануся нясмела падышла к яму.

— Дзядзечка, я к доктару, — маці хворая!

Саўсім не чуў і не бачыў стораж Ганусі, а раз-паразу размахваў мятлою па падлозе. Растрэсены пыл, сабраўшыся пад столлю, залаціўся на праменнях сонца, весела іграючы на фігуры Ганусі.

Углядаецца Гануся на панурую фігуру стоража і думае: як звярнуць увагу яго, а перад вачыма стаіць убогая хата, хворая маці.

— Дзядзечка, дзе доктар?

Нібы ачнуўся стораж. Глянуў і адказаў: «Спіць яшчэ, — ноч у карты рэзаў. Фельчара папросіш, з тым бардзей да ладу дойдзеш».

І фельчар спаў, як даведалася Гануся. Расплакалася дзіця. Слёзы разжалілі і стоража. Паставіўшы мятлу, ён выйшаў і вярнуўся з фельчарам.

— Прасі! Паслухае, паедзе, абы конь добры, у момант замчыць.

Як пачула Гануся пра каня, то ўспомніла, што каня ў іх няма і ніхто пеша к хворай не пойдзе.

Ізноў пасыпаліся слёзы, ізноў згасла іскра надзеі на помач.

Даведаўся фельчар пра бяду дзіцяці, запрог сваю кабылу, і паехалі.

Дарогаю распытаўся ён, чым хвора маці і хто лячыў яе. Кароткі быў адказ: лячылі знахары.

Вось і прыехалі. Першая ўбегла ў хату Гануся і прыпала да матчыных грудзей. Моцны голас нарушыў цішыню: «Матуленька, я фельчара прывезла, матуленька, ачніся!»

Дарэмны быў прызыў дзіцяці: не абудзілі яе ні слёзы, ні голас сіраты.

— Памаліся за яе, — сказаў плачучым голасам фельчар і адвёў ад пахаладзелага трупа Ганусю.


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан