epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Сляды старыны

З высокай гары, як красачка з зеляніны, паважна глядзіць на аколіцу старынны замак, абведзены высокімі пасівеўшымі сценамі.

Калісь у даўнія часы, як ля гэтых сцен гарцавалі ворагі, жадаючы лёгкай пажывы і крыві, з байніц грымелі гарматы, шлючы шалёныя кулі ў непрыяцельскі стан.

Цяпер блізка веку тут ціха і спакойна, замак вясёла пазірае ў неба, мяняючы час ад часу свой выгляд пад рукамі чалавека.

Не гудзяць і не кратаюць старыны кулі, не гінуць ад іх без ліку людзі; жыццё плыве, як вада ідзе...

Высокі акамянелы вал, зарослы высмаленай ад сонца травой і месцамі вышчарблены мінамі непрыяцеля, як даўней, так і цяпер, горда трымае на сваіх магутных плячах старыну. З высокіх байніц, быццам лютыя звяры, нема глядзяць у туманную даль гарлачы загрышпаленых1 гармат, адкуль з адважных рук выляталі з шалёнай сілай кулі, нішчачы ўсё, што спатыкалася на дарозе.

З высокай вежы ззяе і пераліваецца ўсялякімі калёрамі на сонцы крыжык, а там званы, што калісь сваім працяжным рэхам ззывалі ў невялічкую каплічку людзей.

Маліліся тут шчыра, з вялікай верай, пад гром гармат, маліліся і ў часе спакою.

Адсюль ішлі на валы, а адтуль ужо каго куды накіроўваў лёс.

Прайшлі вякі, а пра гэтае арлінае гняздо і тых ваякаў, што змагаліся тут да апошняга ўздыху, баронячы сваё права, — не забылі.

Вялікія абшарныя пакоі са старасвецкімі мэблямі і партрэтамі знатных ваякаў сведчаць памятнікам старыны. Глянуўшы на маленькі партрэт, вочы не зразу адарвеш, жадаецца ўгледзецца, узгадаць іх жыццё, добрыя і блізкія справы і час смерці, каторая, не зважаючы ні на багацце, ні на славу, рабіла сваё.

Перад вачыма ў пекнай аправе, як жывы, малюнак вядомага гетмана, каторы калісь-то, дбаючы толькі аб дачэснай карысці, аддаўся ў рукі ворагу і ўпоруч з ім праліваў братнюю кроў...

Побач з гэтым партрэтам вісіць малюнак адважнага рыцара, каторы, накрыж трымаючы ў руках знамя і меч, клянецца перад народам, што будзе змагацца да апошняй каплі крыві. А далей партрэт яшчэ маладога, але ўжо досыць вядомага і шчырага ваякі, што вядзе войска супраць ворага, і, здаецца, у вачах яго гарыць іскра, каторая распальвае адвагу і, як промень, асвятляе надзею ў змагаючыхся за свае правы і дарагую бацькаўшчыну.

Між малюнкаў скрозь па сценах вісяць іх жалезныя латы, мячы, каторыя мелі пры сабе тыя бяссмертныя багатыры.

Нічога не загінула, усё іхняе тут і з вялікай пашанай сцеражэцца маладым пакаленнем. Адвага і смеласць іх відаць не толькі на партрэтах, а з большай праўдзівасцю ўсе іх паступкі апісаны ў гісторыі, гдзе на вякі адбіліся, як у крыштальнай вадзе.

Вечка дамавіны прыкрыла толькі іх цела. Малюнкі ж партрэтаў адбілі выразы твараў, а гісторыя, як люстра, праўдзіва паказала, хто чаго варт.

Там відаць, хто да чаго быў здацен, хто змагаўся з ворагам за родную краіну, а хто прадаваў за золата і дыяменты роднага брата і родную старонку.

1 Загрышпаленыя — пакрытыя ржой, цвіллю.


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан