epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Смерць старца

Прыгнуўшы худую спіну і апіраючыся на плячо правадыра, крок за крокам ішоў каля яго стары, абвешаны накрыж торбамі.

Адна нага, абутая ў непамерна вялікі дзіравы бот, ляніва пасоўвалася за дзераўлянай клюкай. Даўгая сівая барада, як у таго спагаднага дзеда, аб каторым шмат гамоняць дзеці ў часе калядаў, была асаблівай прыкрасай яго прыгожага твару. Няведама, чым былі даўней багаты вочы, на месцы каторых засталіся цяпер толькі дзве ўваліўшыеся ямкі.

Ніхто не ведаў, адкуль і кім быў гэты дзядок, і некаму гэтым было цікавіцца: даў лусту хлеба, і мінай, дзед, далей. Праўда, спыталіся, скуль ён і дзе так акалечыўся, але стары, паказаўшы на згрышпанелы крыжык, што вісеў на сярмяжцы, махнуў толькі рукой.

Маленькі жвавы правадыр ні на крок не адступаў ад дзеда і штохвіліны спаглядаў на яго збялеўшы твар, як бы жадаючы згадаць наперад кожную думку старца. Ведучы дарогай, абмінаў карчы і каляінкі, а як прыходзілася заходзіць у хату, то пільна аглядаўся на парогі і вушакі, каб дзе часам не зачапіўся дзядуля. Мусіць-то, вельмі дораг быў унуку гэты старац, калі так шчыра даглядаў яго.

Вось неяк у зімовы дзень дзед з хлопцам з самага рання хадзілі па хатах жабраваць. Мінуўшы апошнюю хатку і атрымаўшы ад старца-бабыля кавалак хлеба, выйшлі з вёскі, пацягнуліся дарогай ўдаль і скрыліся за крутым паваротам.

Поле бялела ад снегу; лес сінеў удалі, зліваючыся вярхамі сваімі з колерам неба. Увокал было ціха, толькі знекуль чутно было выццё сабакі.

Дзед моўчкі кратаўся, закідаў наперад доўгі кій, а за ім ледзь падцягваў цяжка абутую нагу правадыр, дробна ступаючы, квапна ўглядаўся на лес, быццам жадаў прабіць цемру, каб бардзей угледзець вёску. Ведаў добра, што не сілы дзеда цягацца па хатах, але што зробіш — не лезці ж жывым у яму.

Увайшлі ў лес. Векавыя сосны ў белым убранні прыглядаліся з вышыні на гэтых мізэрных людзей. Вялікія вываратні, як засланкі, распусціўшы на дарогу карэнні, чапляліся за ногі.

— Мусіць-то, вялікі лес? — спытаўся старац.

— А не саўсім — вунь прагалінка відаць, — адказаў хлопец.

— Ну дык пойдзем, дзіцятка, бо чую, што ногі надта прыстаюць.

Хлопчык заварушыўся. Ідучы між тоўстых сосен, ён лічыў дрэвы ў той думцы, што яны хутчэй кончацца, а за імі будзе відаць вёска. Лес парадзеў. Дарога наперадзе накрыж разыходзілася.

— Крыжовая дарога, — адазваўся хлопец.

— А то добра, дзеткі: крыху спачнем ды памалюся, бо нейкі цяжар на сэрцы чую, — сказаў дзед.

Хлопчык ведаў, як маліўся дзед. Зараз дастаў кантычку з торбы і пачаў голасна вымаўляць слова за словам, пазіраючы то на крыж, то на дзеда: дзед, апёршыся пасінеўшымі пальцамі на плячо правадыра, сціх. Шаптаў сляпы малітву.

— Пойдзем ужо, дзеткі, здаецца, снег цярушыць, — сказаў урэшце дзед.

За лесам у лагчыне, як плямінка, ледзь-ледзь адзначалася вёска. Снег сыпаў штораз гусцей. Неба крыху засінелася спярша, а пасля зразу зацягнула нібы цёмным туманам. Вецер завыў, зашумеў бор, вёска і дарога раптам счэзлі. Снег, быццам вырваўшыся з няволі, гнаўся, як шалёны, па полі, збіваючы з ног і старца, і правадыра.

— Ой, дужа дрэннае надвор’е, і сам не ведаю, куды кінуцца, — адазваўся дрыжачым голасам хлопчык.

— Нічагуткі, — прашамкаў дзед, атрасаючы з барады снег, — зараз супакоіцца; вёска ж — сам казаў — недалёчка. Шкада, што з лесу выйшлі, але што ж зробіш; тут пэўне і хвойкі нідзе не ўгледзіш.

— Нічога не відаць, толькі пень перад намі, — адказаў хлопец і заплакаў.

— Не плач, сынку, не плач, я сяду пры пні,— супакойваў дзед хлопца і, нашчупаўшы кіем пень, прысеў.

— Дзядулёк, я чую, сабакі брэшуць, можа, скранёмся? — прасіў хлопчык.

— Не, родненькі, не, не змагу: ногі мае саўсім акасцянелі, — хіба крыху пачакаўшы.

— Ну, то я хоць адзін пабягу, мо каго напаткаю: прывяду — памогуць, выратуюць, — прынадзейваў хлопчык.

— Бяжы, дзеткі, бяжы, толькі не заблудзіся, бо дарогі пэўна ані слядзінкі, — перадасцерагаў старац.

Хлапец рвануўся ўбок і што маючы сілы пусціўся па зацярушанай снегам дарозе. Бегучы і валяючыся ад сілы ветру, ён штораз аглядаўся, дзе пакінуў дзеда, то зноў зварочваўся к вёсцы, каторая ўжо сумна паказвалася з-пад вялікіх сувеяў. Сілы яго, здавалася, не толькі не ўбывалі, а яшчэ прыбывалі. Але вось урэшце і вёска.

Уляцеўшы ў першую хату, ён толькі дух перавёў і з усёй сілы закрычаў: «Ратуйце!!! Дзядулёк у полі змёрзне!»

— Што ты, хлопча! Дзе? Дзе? Які дзядулёк? — пасыпаліся пытанні перапужаных хатніх.

— Там! Там! За вёскай... У лагчынцы... пры пні, — чуць змяняючы дух, растлумачваў хлопец.

Заварушыліся, загудзелі ў хаце, як у вуллі: хто кінуўся каня запрагаць, хто апранацца, хто яшчэ дапытваў хлопца.

Ускорасці ёмкі буланы конік прымчаў двух мужчын і хлопца ў лагчынку.

Там пры пні, паўзавеяны снегам, сядзеў, стуліўшыся, дзядуля. Мужчыны кінуліся разгортваць снег, а хлопчык, прытуліўшыся да старога, хукаў яму ў твар і то крычаў, то быццам прасіў:

— Дзядулёк! Ачніся! Ачніся, мой даражэнькі! Дзядуля! Гэта я, твой Васілёк, ачніся, залаценькі мой! — І, кінуўшыся перад ім на калені, заплакаў.

Ледзь-ледзь заварушыліся пасінеўшыя вусны старога дзеда, цяжка паднялася дрыжачая рука яго і апошні раз пагладзіла галоўку малога Васілька...


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан