epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Стрэлачнік

Амаль паўвека на чыгунцы праслужыў Макар Стукала. З году ў год займаў адну пасаду: стрэлачнік. Ён сам тутэйшы, тут радзіўся, вырас, сямейкай абзавёўся і жыў. Сынкі былі. Адзін загінуў на вайне, на сопках Маньчжурыі, другога выслалі ў Сібір за думкі вольныя. Усё перажылося, а дзед Макар служыў. Штодзень адна і тая праца: удзень ражок звяглівы, увечары ліхтар з агеньчыкам чырвоным.

Пагода, непагода, а Макар на варце. Ды і куды яму ісці? Станцыя малая, вёска далёка ў старане, хто дзе, а Макар на службе.

Гудзяць, шумяць і перабягаюць цягнікі, Макар ласкава сустракае іх на стрэлцы. І многа ж іх пусціў Макар за сваю службу! Быў 1905 год. На чыгунцы было неспакойна, дзён некалькі стаялі цягнікі. Казалі, што бастуюць. І Макар таксама баставаў... Удзень ён, седзячы ў будцы, пры дапамозе свайго хлапца-суседа чытаў лістоўкі, якія нехта аднекуль прыслаў, а ўвечары сядзеў адзін у будцы і слухаў, як мяцежны вецер выў у бляшанай трубе. Чырвоны бляск ад ліхтара, які запальваў Макар кожны вечар, асвятляў сцены будкі і постаць Макара.

Чырвоны сігнал у дні грознай забастоўкі для Макара лічыўся нечым асаблівым. Ён добра ведаў, што там, далёка, на вялікіх пунктах, дзе стрэлачнікаў шмат, цяпер агнём чырвоным палыхаюць сотні ліхтароў. А тут, на маленькай станцыі, павінен ён адзін працаваць. Гудзіць мяцежны вецер у трубе, лунаюць думкі ў галаве Макара... Вось недзе там, у сталіцы, як апавядалі людзі, грознай сілай рабочыя руйнуюць царскі трон, ліецца кроў, і шмат ахвяр. А сынок мой, які марыў за волю, дзе ён цяпер, — думаў так Макар.

Парушылася адразу цішыня ў будцы, скрыганулі дзверы, і на парозе, як стоўб, вырасла постаць станцыённага жандара.

— Макар!..— грозна гаркнуў ён.— Годзе спаць, ідзі на стрэлку... Цягнік павінен зараз быць! На барацьбу з мяцежнікамі ідзе эшалон войск!.. І, бразнуўшы дзвярыма, жандар пайшоў. Макар падняўся з месца, узяў ліхтар у рукі і выйшаў з будкі. Была ноч. Навокал магільная ціш. Толькі здалёк, як рэха, разлягалася доўгае грукатанне цягніка. Думкі роем капашыліся ў галаве Макара: забастоўка пашыраецца. Салдаты едуць біць рабочых, пальецца кроў!..

Грукатаў мацней цягнік, гудзелі рэйкі. Чорнае пакрывала ночы разрэзаў яскравы свет трох ліхтароў, якія ярка палыхалі з цягніка.

Макар стаяў на стрэлцы, адной рукой ён трымаў ліхтар, другой жа халоднае жалеза стрэлкі.

— Салдаты едуць рабочых біць... кроў нашу праліваць!..— таемны голас шаптаў Макару.— Макар, ты стрэлачнік, ты можаш справе дапамагчы... Звярні ўбок, і страшэнны вораг паляціць пад адкос!..

Макар глядзеў мутнымі вачыма то на цягнік, які стралой імчаўся, то на адкос — чорнае прадонне.

— Страшна!.. Шмат крыві... Салдаты... Не магу!..— дрыжавымі вуснамі шаптаў ён і зноў чуў таемны голас: — Макар, рабочыя — твае браты. А сын твой... а дарагая воля?!.

І стрэлка раптам узяла напрамак пад адкос. Цягнік імчаўся. Вось ён нясецца, лязгае жалеза. Жудасны малюнак — смерць. Трывожны свісток, і раптам цягнік стаў.

— Што гэта значыць? — як бы абудзіўшыся ад сну, думаў Макар. Перад ім, як з-пад зямлі, вырасла знаёмая постаць жандара і чарада афіцэраў.

— Сукін сын, — хрыпатым голасам крыкнуў жандар, — ты спіш, сабака? Сігнал чырвоны зачыні, зялёны дай! — І тут жа вырваў з рук ліхтар і перавёў свет. Жандар пабег. Макар перавёў стрэлку. Цягнік прайшоў і знік у цемры ночы. Паехалі салдаты.

Прайшлі гады. Прыйшоў Чырвоны Кастрычнік. Шчаслівы Макар, жыць хочацца і многа працаваць. Стаіць на стрэлцы і радасна праводзіць цягнікі. А тут незвычайны шчаслівы дзень здарыўся. Макара сын прыехаў. Цяпер ён начальнік улады. Ніколі гэткіх шчаслівых хвілін не ведаў у сваім жыцці Макар. Сын разам з ім. Але не доўга так было. Сыны Кастрычніка адступалі на Усход, паны-палякі загарнулі ў свае рукі край.

 

Гудзіць у трубе вецер. Зноў гарыць чырвоны агонь у ліхтары Макара. Ноч. Цяжка дыхаць, запанаваў чужынец.

Бягуць дні за днямі.

 

Раніцай паклікалі Макара да пана начальніка.

— Што гэта значыць? Навошта я там? Аб чым ён будзе гутарыць са мной? — думаў ідучы Макар.

Сэрца біла трывогу — не хацеў ісці. Нясмела адчыніўшы дзверы, Макар пераступіў парог. Начальнік непрыветліва глянуў на Макара.

— Ачысці будку!.. Здай казённую маёмасць! Ты ад службы вольны! — сказаў ён.

Анямеў Макар. Іскры пасыпаліся з воч, падступілі слёзы.

— Панок, завошта? — дрыжавым голасам запытаў ён.

— Сын твой партызан, вораг дзяржавы польскай!..— глуха адказаў начальнік.— Вон!

Выйшаў Макар, памутнела ў вачах. Куды ісці, каму патрэбен ён, 50 год службы, старасць...

Праходзяць дні. Макар ужо чыгункі не вартуе. У вёсцы, у чужых людзей пасе гусей. Жабрак.

 

 

* * *

 

Здалёку сталёвай істужкай мігацяць рэйкі. Гарэзныя праменні сонца купаюцца між рэек на пяску, а там і будка выглядае спаміж кустоў.

Наплываюць успаміны 50-гадовай службы. Слёзы на вачах.

За сінім борам дымок ад цягніка відаць. Сюды ён бяжыць па рэйках, дрыжыць зямля, дрыжыць і сэрца ў Макара. Гудзіць свісток — працяжна, екатліва. Пішчом Макару ў вушы лезе зык.

Трасучымі рукамі ён закрывае вушы, стараецца не чуць такі дарагі і радасны і цяпер такі далёкі гук.


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан