epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Суд

З’ява І
З’ява ІІ
З’ява ІІІ
З’ява IV
З’ява V
З’ява VI
З’ява VII
З’ява VIII
З’ява ІХ
З’ява Х
З’ява ХІ
З’ява ХІІ
З’ява XIII
З’ява XIV
З’ява XV
З’ява XVI
З’ява XVII
З’ява XVIII
З’ява XIX


П’еса у адным акце

 

 

Асобы

 

Пісар валасны, гадоў 25.

Старшыня, гадоў 40.

Суддзя, гадоў 30.

Стораж Мірон, гадоў 50.

Гарбуз, селянін гадоў 40.

Яго жонка, гадоў 35.

Авечка, іх сведка, гадоў 40.

Упраўляючы, гадоў 40.

 

Дэкарацыя

 

Канцылярыя воласці, пасярэдзіне і па баках — дзверы, справа ад публікі — акно, пры акне — лава.

На сцэне стол, на стале — справы, паперы, кнігі, аловак, люстра, грабянёк. На падлозе ўсё наварочана, валяюцца парожнія бутэлькі.

 

 

Рэквізіт

 

2 вядры, адно з вадой.

Венік з кіем.

1 бутэлька з вадой.

Стол, крэслы (3), кнігі, паперы, справы, аловак, грабянёк, люстра.

Гадзіннік у пісара.

Торба і хлеб у Гарбуза.

Кій сукаваты ў Авечкі.

 

Тыпы

 

Пісар, старшыня, суддзя — п’яніцы.

Старшыня — з вялікай чорнай барадой.

Гарбуз — пакорны чалавек, барады толькі палова. Жонка — рухавая кабета.

 

Авечка — жвавы чалавечак, зусім лысы, ніякай расліны, храмы на правую нагу, з наклееным носам. Нагу, каб не сагіналася, трэба браць у ляшчоткі. Апрануты бедна. Авечка зусім як жабрак.

Упраўляючы — апрануты багата. Пальто, сурдут, новыя калёшы, складны цыліндр.

 

 

 

З’ява І

 

Уваходзіць стораж, трымаючы венік у руках.

 

Стораж (здзіўлены). Ах, каб на вас чума, столькі смецця за адзін вечар нарабілі, адных коркаў ды акуркаў повен кут назмятаў. Ну, і людзі, апундырыліся гарэлкай (метучы), смакталі гэту няшчасніцу да таго, што і памяць страцілі. Пісар да таго дапіўся, што мяне, старога чалавека, за бабу палічыў і цалаваць пачаў, абзываючы нейкай Забэлькай, во каб яго свінні цалавалі, намысліўся; а старшыня і ваўком выў, і сабакам брахаў, і плаваў па падлозе; адзін фельчар маладзец: той калі пачуў, што ногі адняліся, падазваў мяне і папрасіў, каб занёс у пуню на салому, а мне што кажуць — слухаю, ужджабурыў, як ягнё, на плечы і завалок па адрасу. І як у іх голавы на карках трымаюцца: сягоння суд, а яны, як мухаморы, п’яныя. Пісар ад гарэлкі азыск, галава, як церліца, вочы акуртаціліся, а рукі, як машына, маланкаю паперы скрыгаюць — шась, шась! Я з венікам так не спраўлюся.

 

 

З’ява ІІ

Уваходзіць Гарбуз.

 

Гарбуз. Добрага дня.

Стораж (спужаўшыся). А ліханька тваім кастылям, спужаў мяне; хто ты і адкуль ты?

Гарбуз. Я — Дзяніс Гарбуз, з Негнавіч.

Стораж. На якое ліха тут?

Гарбуз. А хіба ж запомнілі? Паперай клікалі на суд.

Стораж. Адкуль мне ведаць, я цябе не клікаў і паперы не пісаў.

Гарбуз. А хто ж вы?

Стораж. Хіба ж не ведаеш, як прозвішча таго, што піша венікам па падлозе?

Гарбуз. Ведаю.

Стораж. Нашто ж пытаеш?

Гарбуз. Хто пытаецца, той не блудзіць.

Стораж. Дык чаго ты прыехаў з-за свету сюды?

Гарбуз. Ды не прыехаў, а прыйшоў. Каня ваўкі аблажылі, а пасля кароста з’ела. На суд, значыцца.

Стораж (прыглядаецца). Што гэта ў цябе: барада не барада, касмыль не касмыль?

Гарбуз. Была барада, і досыць рослая, але як палову выдралі, касмыль застаўся.

Стораж. У каго гэта рукі свярбелі рваць яе?

Гарбуз. У аканома князёўскага, вось за гэта ж і суд.

Стораж. І ліха ж яму дало рваць чалавеку бараду.

Гарбуз. Выдраў, каб з яго вантробы выдралі.

Стораж. А ў цябе ж хіба адвагі не было па руцэ ўгрэць таму аканому?

Гарбуз. Калі я чалавек без адвагі; я ніколі нікога не біў, а мяне білі.

Стораж. У войску служыў?

Гарбуз. Я — белабілетнік, нікуды не гожы.

 

 

З’ява ІІІ

 

Уваходзіць Гарбузіха.

 

Гарбуз. Вось мая баба, Гарбузіха Магжата.

Жонка. Добрага дня; не ведаю, хто будзеце, — ці не старшыня воласці?

Стораж. Але ж, старшыня над гэтым дзеркачом.

Жонка. Тым лепш; прынамсі адкажаце, калі запытаемся.

Стораж. А чаму ж, пытайцеся.

Гарбуз. Будзьце ласкавы, браток...

Жонка. Чакай, я пачну. Ці не вядома вам, як суд паглядзіць на гэткую знявагу; бачылі бараду?

Стораж. Бачыў.

Гарбуз. Бачыць мала, трэба ведаць, які боль.

Жонка. Стой, не адзывайся, не дзіця, — усё ведае.

Стораж. Калі б былі сведкі...

Гарбуз. А то як жа, былі...

Жонка. Стой, не адзывайся; сведка ёсць, сусед, Авечка кульгавы.

Гарбуз. Але ж, ён кульгавы; трохі пройдзе, дый сядзе, трохі пройдзе, дый сядзе.

Стораж. Ды гэта да справы не адносіцца.

Гарбуз. У судзе ўсё разгледзяць, што адносіцца і што не адносіцца.

Стораж. О, яны разгледзяць, толькі моцна на нагах трымайцеся.

Жонка. Мала барады, дык яшчэ гуплікаў надаваў і тры зубы выбіў.

Гарбуз. Што ў мяне, бакі дубовыя?

Стораж. Я не суддзя, але наперад кажу, што з багатым не варта судзіцца, а з дужым біцца.

Жонка. Мы яго засудзім, наша крыўда відочная.

Стораж. Пакуль сыты пахудзее, дык худы памрэ.

Жонка. Хіба ж у судзе дзверы не роўна адчыняюцца для ўсіх?

Стораж. Пабачыце, тады скажаце.

Гарбуз. То як жа будзе?

Стораж. Так і будзе, даў — насі на здароўе.

Жонка. Хіба ж на яго суду няма?

Стораж. Ёсць. Пісар храпе там, старшыня ў хляве на саломе, а суддзя тут; абы ачнуліся, калі шухнуць — уздзівішся.

Гарбуз. Працавітыя людзі.

Стораж. Так, працавітыя. Ну, вы тутка пасядзіце, а я пайду вадзіцы прынясу, ачнуцца — запатрабуюць. (Бярэ вядро і выходзіць.)

Жонка. А мы тым часам закусім трохі. (Села на лаву.) Ну, давай сюды торбу, нешта пад грудзямі смокча.

 

Гарбуз шукае ў торбе.

 

Жонка. Ну, чаго ж сапеш, як кавалёў мех, даставай бараніну.

Гарбуз. Нешта не знайсці яе.

Жонка. Хіба ты запомніў узяць яе?

Гарбуз. Яно так і будзе: адыходзячы, паклаў на стале і запомніў.

Жонка. А, разява, ліханька тваім бакам, як ірвану цябе за гэты касмыль!

Гарбуз. Чакай, чакай, баба.

Жонка. Выправіўся дурналяп з пустой торбай.

Гарбуз. Не так ужо і пустая, хлеб і сала ёсць. (Дае хлеб.)

Жонка. Давай. (Адламала маленькі кавалачак, аддала Гарбузу. І пачынае есці.) О! Старое карыта...

Гарбуз. Ну, годзе ўжо лаяцца, а то папярхнешся сухім хлебам.

 

Жонка пачала душыцца.

 

Гарбуз. А што я табе казаў... не плявузгай. (Стукае кулаком у карак.)

Жонка. Маўчы, дурналяп.

Гарбуз (стукаючы ў карак). Ты лепш маўчы, а то горш будзе. Во дзе розум у бабы: трэба ж, напхала ў мяліцу гэтулькі хлеба. Ну, глытай, глытай. (Паўза.) Нарэшце — паехаў...

Жонка. У... Заледзьве не задушылася.

Гарбуз. Напужала толькі, а мне ліха ведае што здалося.

Жонка. Няхай табе не здаецца, не памру. (Есць.)

Гарбуз. Ізноў кладзеш цэлы акраец, ці пры памяці ты, баба?

Жонка. Не ў госці прыйшлі, трактаваць не будуць.

Гарбуз. А што, каб Авечку клікнуць — няхай бы і ён укусіў трохі, таксама здарожыўся.

Жонка. Не трэба, нажрэцца, а пасля не сойдзецца. (Есць.)

Гарбуз. Як хочаш, зноў кажу табе — не спяшайся, баба, і не кладзі такіх вялікіх кавалкаў; што цябе ў горб б’юць?

Жонка. Я не ў гасцях, ем свой хлеб.

 

 

З’ява IV

 

Уваходзіць з бакоўкі пісар, галава ў пуху.

 

Пісар (пацягваецца). І сам згадаць не магу, ці гэта раніца, ці вечар, — нічога не кемлю. Сонца за бярозамі не відаць, галава — як палена. Напіўся ўчора на імянінах, як свіння... (Дастаў гадзіннік.) Ды што гэта з ім? Памёр, пахілены, хто ж гэта яго пахіляў? Ну, тут нічога не даб’юся, ну, а чэрап мой цэлы? (Глядзіць у люстра.) А бацюхны мае, няўжо гэта я? Адна страхата, вось дзе кветка лугавая, каб цяпер шмаргануў цэглай па гэтым гарбузу.

Гарбуз і жонка. Паночку, Гарбузы ўжо тут.

Пісар (спужаўшыся). Хто вы такія, якая мара ўнесла сюды?

Гарбуз. Мы, паночку, Гарбузы: я — Дзяніс, а яна — Магжата.

Жонка. Пашаноту пану перш. (Кланяецца ў пояс.)

Гарбуз. Добрага здаровейка.

Пісар. Вы чаго тут?

Жонка. Стой, не адзывайся. Мы, паночку, па загадзе вашым прыйшлі. (Да мужа.) Дзе абвестка?

Гарбуз. Няма абвесткі, скурылі з Авечкам.

Жонка. Скурылі? Ах, каб твая шэрсць курэла; бараніну запомніў, абвестку скурыў. Мы, паночку, на суд прыйшлі.

Пісар. На які суд?

Жонка. Толькі сонейка ўзышло, мы ўжо былі тутка; панок за сцяной смачна спалі, бо храплі, не раўнуючы, як басэтля.

Пісар. Зноў пытаюся, на які суд?

Гарбуз. Мне, паночку, вылупілі бараду.

Жонка. І выбілі тры зубы.

Пісар. Хто вырваў бараду, пытаюся?

Гарбуз. Аканом князёўскі.

Жонка. Але ж, ён, аканом.

Пісар. Ага, памятаю, гэта справа на чарзе; вылазьце за дзверы, рассудзіма як след. (Паўза.) Ну, чаго ж лыпаеце вачыма, бач іх — расселіся паветра псуць. Курылі тут?

Гарбуз. Ніхто не курыў, хлеб елі, ды баба папярхнулася.

Жонка. Так, паночку, папярхнулася.

Пісар. Ну, вылазьце — паклічу. (Гарбузы пайшлі.) Значыць, сягоння суд, во каб цябе расперазала, заледзьве не праспаў. (Разглядае на стале справы.) Дзело ўправляюшчэго і эканома с крэсцьяніном Гарбузом. Эканом і ўправляюшчый обвіняются, а Гарбуз поцерпевшый. (Паўза.) Справа досыць паважная, толькі п’янай галавой і разбіраць яе. (Паўза.) Ліха ведае, да чаго я дайшоў, адна страхата. Старшыня не прачнуўся, суддзя таксама. Мірон, а Мірон! (Паўза.) Не ідзе, ён пасля гэтакіх папоек недаступны. Мірон, а Мірон, дзе ты, а то ў адседку пасаджу.

 

 

З’ява V

 

Уваходзіць з 2-ма вёдрамі стораж Мірон.

 

Пісар. Вось добра, Міронка, што ты тут, а яшчэ лепш, што вады прыпёр. Сцюдзёная?

Стораж. Хіба ж не цяпер ведаю, што пасля такіх папоек вада з крыніцы патрэбна.

Пісар. Ты, Мірон, залаты чалавек, усё ведаеш, што начальству патрэбна, за гэта прадстаўляю цябе к наградзе.

Стораж. Так, к наградзе.

Пісар. Прадстаўляю к наградзе і напішу: Мірону, залатому чалавеку, дайце залаты медаль.

Стораж. Пакуль той медаль дадуць, а на паўбутэлькі зараз скажаце даць, ведаю я вас.

Пісар. Начальства запытаецца: хто такі Мірон? А я напішу: Мірон — стораж, Мірон — бацька, служыць не за страх, а за сумленне; разумееш, Мірон, што гэта за словы?

Мірон. Разумець я іх не разумею, але на памяць ведаю; штодзень гаворыце, як пахмяліцца трэба, а як ужо пахмяліліся, тады кажаце: Мірон, вылазь вон.

Пісар. Эх, Мірон, Мірон, утраціў ты веру, не хочаш медаль.

Стораж. Чаму не хацеў бы, але яго няма. Калі ён будзе?

Пісар. Будзе, Мірон, будзе. Ты ўяві сабе, Мірон, як будзеш выглядаць, калі на тваіх грудзях заблішчыць залаты медаль з царскім партрэтам. Едзеш ты праз вёску, сяляне шапкі здымаюць, прыйшоў ты ў карчму — а табе без грошы чарку наліваюць, прыйшоў ты ў суд — цябе садзяць за чырвоны стол, а прыехаў ты ў горад, — не кажу, што прыйшоў, а прыехаў: хто з медалямі, пехатой не ходзіць, — табе ў горадзе гарадавы аддае чэсць, дворнік не мяце вуліцы, каб не закурыць твайго медаля, афіцэры на цябе глядзяць, салдаты цішком перашэптваюцца, — во, кажуць, заслужаны чалавек паўзе.

Стораж. Ну, годзе, панок, падстаўляйце галаву, палью трохі, ды прычашыцеся трохі, а то галава на макотру выглядае.

Пісар (у люстра). Праўду кажаш, Мірон, гэта галава не пісара.

Стораж (набок). А канакрада нейкага.

Пісар. А скажы мне, Мірон, чаму мой гадзіннік не ідзе?

Стораж. А як ён можа ісці, калі пан яго аб сцяну гакнулі, аж толькі падрабязгі пасыпаліся.

Пісар. Аб сцяну? З якой прычыны?

Стораж. А з якой прычыны мяне за бабу палічылі, цалавалі, Забэлькай абзывалі... цьфу...

Пісар. Нічога не памятаю.

Стораж. Так п’ючы, і памятаваць ніхто не зможа. Гляньце, да чаго выглядае канцылярыя, усё гарэлкай пазалівалі; ледзьве да парадку давёў.

Пісар. Каторая цяпер гадзіна?

Стораж. Паўдня.

Пісар. Ліха ведае што, так позна абудзіўся, а тут суд такі паважны, сам упраўляючы павінен быць.

Стораж. Безбароды ўжо тут.

Пісар. Гэта што... Ну, будзь ласкаў, палівай.

Стораж. Лью.

Пісар. Толькі асцярожна, за карак не залі.

Стораж. Не першыня. (Лье ваду.)

Пісар. А... а... як добра.

Стораж. Годзе.

Пісар. Дзякую табе, Мірон, ты мяне вылечыў.

Стораж. Ручнік даць?

Пісар. Ручніка не трэба, з мокрай галавы хутчэй жар выйдзе, гэтак кажа разумны чалавек, прафесар Кнэйп. Ты чуў што аб тым Кнэйпе?

Стораж. Нічога я не чуў, але без прафесара ведаю, што карысней ліць ваду на галаву, як гарэлку у галаву.

Пісар. Ты, Мірон, разумны чалавек, табе трэба ў гасударственным савеце сядзець, а не тут.

Стораж. Зноў пачынаеце хваліць і зараз скажаце прынесці пахмяліцца.

Пісар. Залаты чалавек, залаты: наперад ведае патрэбу маю.

Стораж. На ліха вам патрэба, прачухаліся — і добра.

Пісар. Зразумей жа ты, Мірон, што чарку не вып’ю — галава, як палена, канцылярыя — сірата, ты без службы, сяляне без пашпартоў, воласці няма, ну, а па-другое, — сягоння суд, упраўляючы сам будзе. Ну, будзь ласкаў, Мірон, схадзі прынясі паўпляшкі ды па дарозе раскурстай старшыню.

Стораж. Дайце ж грошы!

Пісар. Зноў камедыя. Купі, Міронка, за свае, я праматаўся ў карты, разлічымся.

Стораж. Калі гэта будзе? Я са шчоту збіўся.

Пісар. Я памятаю. Ну, плыві, Мірон, плыві.

Стораж. Ах, пакіньце так казаць, я не рыба, не паплыву.

Пісар. Ну, дык пяшэчкам.

Стораж. Гэта апошняя паўбутэлька на доўг. (Пайшоў.)

Пісар. Вось да чаго дайшоў. Я, пісар, грошы ў стоража пазычаю. Дзела № 447, праклятае дзела. (Панюхаў.) І яно гарэлкай смярдзіць; ну, а хто тут ёсць, хто сведкі, ці ўсе паперы. Сведка нейкі Лаўрэн Авечка, пэўна — дурань, калі авечка. Ну, а ўрачэбнае свідзецельства ёсць... што бараду выдралі і тры зубы выбілі? (Шукае.) Няма. Ну, тады Гарбуз пакоціцца назад; я магу сказаць, што мяне соннага пацук за нос укусіў, — хто гэтаму паверыць? Ану, глянуць, які ў іх Авечка. (Сеў за стол.) Ці Авечка тут ёсць? (За сцэнай: «Тут, панок».) Паўзі сюды!

 

 

З’ява VI

 

Уваходзіць сведка Авечка.

Пісар. Ты Авечка?

Авечка. Так точна, я Лаўрэн Авечка.

Пісар. Прайдзіся па канцылярыі.

Авечка. А закурыць дасцё?

Пісар (грозна). Прайдзіся па канцылярыі!

 

Авечка ідзе.

 

Пісар. Кульгаеш трохі?

Авечка. Не трохі, а такі і добра кульгаю; яна ў мяне сухая, як таран, і карацей на цалі дзве. (Паўза.) А хто, пан, будзеце, ці не доктар?

Пісар. Я — пісар.

Авечка. Пісар? А, добрага здаровейка! (Працягнуў руку.)

Пісар (штурхануў Авечку нагой). Цяпер ведаеш, хто я?

Авечка. Ведаю.

Пісар. Так ідзі туды і чакай, паклічу.

Авечка. Зноў туды? Калі там нудна, Гарбуз накурыў, хоць ты сякеру павесь. (Паўза.) А можа, у пана закурыць ёсць, — нешта тут смокча.

Пісар. Я не куру.

Авечка. Дзіўна, каб начальства не курыла. А гарэлку пэўна ж п’яце?

Пісар (грозна стукнуўшы па стале). Што ты мяне спавядаеш? Вон!

Авечка. Іду, паночку, іду. (Уцёк.)

Пісар. Ну й Авечка, ха-ха-ха... Ну, а хто там у бакоўцы храпе? А, паважаны суддзя! (Пайшоў у бакоўку.)

 

 

З’ява VII

 

Уваходзіць старшыня з галоўных дзвярэй, галава ў саломе.

 

Старшыня. Вось да чаго дажыўся старшыня, спаў недзе ў хляве; цьфу, які сорам! Добра, што, апроч парсюка, ніхто не бачыў. І як гэта я трапіў туды, хоць рэж — не ўспомню, усё гарэлка вінна; хатнюю добрую пасцель змяніў на свінячую падсцілку. Пісар, звадыяш, напаіў, як шаўца.

 

 

З’ява VIII

Выходзіць з бакоўкі пісар.

 

Пісар. А, каго бачу! Як спалася?

Старшыня. Дзе спаў і як спаў — не памятаю, ведаю толькі, што было шмат вольнага і цёплага паветра.

Пісар. Ведама, як для начальства, усе выгоды, а я спачываў тут. Галава, як човен. Мірон паліваў ужо.

Старшыня. Кажаш, паліваў?

Пісар. А то як жа іначай? Назначылі суд, а тут мы во...

Старшыня. Дай сюды люстра.

Пісар. На, толькі не спалохайся.

Старшыня. Няўжо гэта я, няўжо старшыня?

Пісар. Хіба ж ён.

Старшыня. Налпа не налпа, мядзведзь не мядзведзь, сябе не пазнаю. Вада ёсць?

Пісар. Ёсць.

Старшыня. Будзь ласкаў, узлі на мой чэрап.

Пісар. З вялікай ахвотай; прыказка нездарма кажа: п’яніца п’яніцы спагадае. (Нагнуў.)

Старшыня. А... як добра, як добра.

Пісар. Прафесар Кнэйп гэтым толькі і лечыць людзей.

Старшыня. Лечыць, апроч п’яніц.

Пісар. За гэта не бяруся, браў пад увагу п’яніц ці не. Уся.

Старшыня. Адразу пасвятлела, цяпер я і цябе бачу, і свет бачу. Дай ручнік.

Пісар. Кнэйп кажа не выцірацца.

Старшыня. Няхай будзе й так. Дзе Мірон?

Пісар. Я паслаў.

Старшыня. Хіба я здагадваюся?

Пісар. А то як жа іначай? Трэба!

Старшыня. За гэта і пашанота табе, што адчуваеш тое, што і я.

Пісар. Не так адчуваю я, як адчувае Мірон; казаў, што крэдыт мне зачыніць.

 

 

З’ява ІХ

 

Уваходзіць Мірон з бутэлькай у руках.

Пісар. Ну, Мірон, прынёс збавенне?

Стораж. Прынёс. (Дае.)

Пісар. Давай шклянкі.

Стораж. Як іх даваць, калі ўчора ўсе патаўклі.

Пісар. Няма — не трэба. (Стукнуў аб далонь і абліў Мірона.)

Стораж. Паночку, не кідайце коркаў на падлогу, толькі што вымеў цэлы воз.

Старшыня (грозна). Ты хіба не ведаеш сваіх абавязкаў?

Стораж. Як-то не ведаю: прыносіць за свае грошы гарэлку, зносіць лаянку і цягаць п’яных па ўсіх хлявах — ведаю.

Старшыня (убок). Вось цяпер я зразумеў, чаму я спаў разам з парсюком у хляве.

Пісар. Ну, Мірон, вылазь вон, а то будзе бура.

Старшыня. Ад слова, а то заначуеш у халадніцы.

Стораж. Я ж кажу, як на паўбутэлькі даць, тады — братачка Мірон, сватачка Мірон, медальку Мірону, а як даў — тады скулу яму, Мірон, вылазь вон. Апошняя паўбутэлька на доўг. (Пайшоў.)

Старшыня. Я яго жывога з’ем.

Пісар. За што?

Старшыня. Я ведаю за што.

Пісар. Ну, годзе злаваць, абудзім лепш суддзю.

Старшыня. А хіба ж ён тут?

Пісар. Тут, спіць. (Пайшоў у бакоўку.)

Старшыня. Гэта ж знявага, суддзі спяць тут, а старшыня ў хляве; хіба я не буду старшынёй, а Мірону падзякую. Ліха ведае што, гэта ж калі дазнаюцца людзі — асмяюць. Старшыня ў кампаніі з парсюком... А які ж прыемны бачыў сон: быццам мы з кумам Гаўрылам так доўга не бачыліся і, нарэшце, спаткаліся, на радасцях добра выпілі і, абняўшыся, праспалі ўсю ноч. І трэба ж — так даставалася, ніякага кума і блізка не было, а замест кума парсюк пудоў з дзесяць.

 

 

З’ява Х

 

Выходзяць з бакоўкі пісар і суддзя.

Пісар. Ну, бычок божы, вылазь на свет, а то і суд праспіш.

Суддзя. І якія гэта дурні вызначаюць пасля імянін суды?

Пісар. Пытаешся, якія дурні, — вось яны, дзівіся!

Суддзя. Павар’яцелі.

Старшыня. Ну, годзе, пастарайся лахманы прысусліць, а то на ваўка падобны.

Суддзя. Каб, здаецца, чарку гарэлкі — у ногі пакланіўся б.

Пісар. Ну, так і быць, кланяйся. (Паказвае гарэлку.)

Суддзя. А браток ты мой, ратуй...

Пісар. Чакай, чакай, па начальству... Ну, старшыня, пачынай.

Старшыня. Каб не суд — не піў бы, а так мушу. (П’е, затым перадае ў рукі суддзі і пісару.)

Пісар (п’ючы). Каб за год даждаць і заўжды з парсюкамі спаць.

Старшыня. Смяецца, гад.

 

 

З’ява ХІ

 

Уваходзяць Авечка, Гарбуз і жонка.

 

Авечка. На здаровейка, панок.

Старшыня. Хто вас клікаў?

Пісар. Вы чаго ўпаўзлі сюды?

Гарбуз. Паны на суд клікалі.

Авечка. Так точна, на суд і я прыкульгаў.

Жонка. Паперу прыслалі, але гэтыя салапякі скурылі.

Старшыня (да пісара). Хто яны?

 

Пісар штось шэпча на вуха старшыні.

 

Старшыня. А! гэта тыя мяцежнікі, што ўпраўляючага абразілі?

Гарбуз. Гляньце, паночку, на бараду — то ўбачыце абразу.

Старшыня. І глядзець не хачу, дай сюды абвестку.

Гарбуз. Я ж пану пісару прызнаўся, што скурылі з Авечкам.

Авечка. Так точна, скурылі, і я памагаў.

Жонка. Я ўжо лаяла іх за гэта, а прыйшоўшы дахаты, і штурханцоў надаю.

Старшыня. Гэта ж знявага.

Авечка. Так точна, знявага, скурылі абвестку, але ў нас звычай такі: усё, што пад рукі пападзецца папяровае, курыць — ксёнжку, газету, абвестку; ведама, народ цёмны, чытаць не ўмее, а курыць усё. Я, памятаю, лемантар дзяціны скурыў, во як...

Гарбуз. Я ўжо адумаўся, але па часе.

Авечка. Так точна, і я адумаўся, але па часе.

Старшыня. Аштрафаваць гада.

Гарбуз. Паночку!

Жонка. Але ж гэта ён зрабіў не з роскашы!

Авечка. Так точна, убачылі паперу, як нешта асаблівае, скруцілі па дзве сабачыя ножкі, і толькі.

Старшыня. Я табе скручу ножку.

Авечка. Хіба ўжо другую, бо адна скручаная, — во, што за штука. (Ідзе.)

Суддзя. Распачынайце дапрос.

Пісар (бярэ ў рукі справу). Гарбузіха, кажы ўсё, што ведаеш, і памятай, салжэш — сядзеш у астрог.

Авечка. Так точна, за гэта астрог.

Жонка. Скажам усё, як на споведзі.

Старшыня. Пачынай.

Жонка. Было гэта перад нядзелькай, сонца толькі села за лесам, кот Мацей саскочыў з печы, пачаў мыцца, аж чую, пішчыць нехта за хатай. Што за ліха, думаю сабе, ці не парасё дзе ўшчамілася; зірк у акно, аж бачу, душаць майго Гарбуза.

Авечка. Так точна, душаць.

Жонка. Я за чапялу, і туды.

Старшыня (да пісара). Запішы — чапялу. Што далей?

Жонка (спужаўшыся). Дапала, значыць, я туды і давай выдзіраць Гарбуза.

Авечка. Так точна, выдзіраць Гарбуза ды з кіпцёў пана каршуна.

Суддзя. Чым ты выдзірала? Чапялой?

Жонка. Дзе вы бачылі, каб я ад сваёй цені валілася, як чапяла ў мяне вывалілася на дарозе; я, значыць, падбегшы, тузаю Гарбуза да сябе (тузае Гарбуза), а аканом — да сябе.

Авечка (тузаючы Гарбуза). Так точна, да сябе.

Жонка. Я Гарбуза да сябе, а аканом — да сябе. (Тузае.)

Авечка. Так точна, да сябе.

Жонка. А пасля, калі рванула...

 

Гарбуз паваліўся ў адзін бок, Авечка — у другі. Авечка ляжыць і трымае адну нагу роўна на падлозе, а другую ўгару.

 

Жонка. То вось што ўбачыла: Гарбуз без барады...

 

Гарбуз падняў Авечку.

 

Авечка. Так точна, рванула добра.

Старшыня. А што з барадой?

Гарбуз. Вылупілі з карэннямі.

Авечка. Так точна, ададралі з карэннямі і са скурай.

Жонка. Частку выдраў, а частку пакінуў, — расце.

Авечка. Які гэта рост, адзін жаль.

Гарбуз. На сухі лес гэтакі рост.

Суддзя. За што вы біліся?

Гарбуз. Я не біўся, мяне білі.

Авечка. Так точна, яго калашмацілі.

Гарбуз. За кароўку-перадойку ўсё ліха пайшло. Кароўка мая часта бегала да паноў у двор.

Старшыня. Чаго ёй трэба было там?

Гарбуз. Ці яна скажа? Бегала.

Авечка. Так точна, бегала, ля майго гумна, нацянькі, значыцца. Я, было, раз спрабаваў пераняць, другі — ды дзе там, пшэпрашаёнц, калі чмыхне, калі паставіць хвост дудой, а няхай цябе воўк, бяжы, хоць ты ногі пакруці, шалёную карову і шалёнага сабаку не кожны спыніць.

Гарбуз. У панскім двары, гэта ж не ў нас. Узышла жывёліна — штрап; я раз заплаціў, другі.

Авечка. Так точна, штрапы плаціў.

Старшыня. Па квітках?

Гарбуз. Па квітках.

Старшыня. Дай сюды квіткі.

Гарбуз. Няма, паночку, скурылі і квіткі.

Авечка. Так точна, услед і скурылі, у нас гэтак.

Гарбуз. А пасля махнуў рукой. Трэба ж, на ліха, зноў зачынілі маю перадойку і кажуць штрап заплаціць. «А скулу не хочаш?» — гакнуў я...

Суддзя. Так і сказаў?

Гарбуз. Так і сказаў.

Авечка. Ён у нас гэтакі, скажа.

Гарбуз. А што, мая кароўка пісьменная, умее чытаць тыя надпісы, што паны на слупах панапісвалі?!

Суддзя. Зрабіце ўвагу пра скулу.

Старшыня. Упісаць слова. Далей.

Гарбуз. «Кароўку маю аддайце!» — пачаў крычаць я. Не даюць. Аж тут падбег Авечка.

Авечка. Так точна, прыкульгаў я.

Гарбуз. Бачыць аканом, што нас двое, карову за рогі — ды ў хлеў, а мы да сябе. Бачыць карова, што дрэнная справа — адарвуць хвост, стукнула рагамі аканому пад мікіткі ды наўцёкі з двара; мы за ёй, аж тут паваліўся Авечка — лёг і я, і пачалі яны нас глушыць. Замітусілася ў маіх вачах, свет зрабіўся з хвігу, і я асунуўся.

Авечка. Так точна, абамлеў.

Жонка. Тут падбегла я, загаласіла, заенчыла.

Пісар. І што было?

Гарбуз. А яны сабе ўлажылі колькі хацелі і пайшлі.

Авечка. Так точна, пайшлі, закурыўшы смярдзючыя сігары з добрага пацука.

Суддзя. Колькі разоў ён цябе ўдарыў?

Гарбуз. А хто яго лічыў, глушыў колькі хацеў.

Авечка. Я скажу, паўкапы ўшкварыў яму і гэтулькі даў мне.

Суддзя. А ты як злічыў?

Авечка. На вока браў. Я, пшэпрашаёнц, хоць няграматны, але на вока добра лічу. Я, глянуўшы на гурт, узгадаю, колькі там кароў, а глянуўшы на чалавека, узгадаю, колькі ён выпіў гарэлкі.

Старшыня. А ты хто?

Авечка. Я Лаўрэн Авечка, Гарбузоў сведка, жыву ў Негнавічах у старэнькай хатцы, што вокнамі ды ў пушчу ўглядаецца.

Старшыня. Кажы што ведаеш, толькі не лжы.

Авечка. Няхай бог крые, каб Авечкі лгалі. Авечкі на гэта не здатны. Наша радня ўся шляхетнай крыві. Авечкі стражнікамі былі, у канцылярыях паперы пісалі. Адзін я, бядак, дзякуючы калецтву змужычэў, седзячы ў вёсцы.

Суддзя. Скажы, ці слупы на панскіх межах былі расстаўлены?

Авечка. Ёсць, роўненька адзін у адзін.

Суддзя. З надпісамі?

Авечка. Пэўна ж.

Суддзя. Што там было напісана?

Авечка. А каршун яго ведае, няграматны я чалавек, прыйду да слупа і гляджу, як гусь на бліскавіцу, ані ў зуб. Але, як чуў, казалі людзі, быццам там забаронена сячы лес, лавіць зайцаў, пушчаць сабак па ягады (а, памыліўся, — дзяцей па ягады), і наогул, каб не ткнуць носа ў панскі бор.

Суддзя. Запішы пра слупы.

Авечка. Пішыце і пра слупы, і пра ягады, зайцаў. (Забыўшыся, стукнуў палкай па стале.)

Старшыня (адпіхнуўшы). Цяпер пра драку пачынай.

Авечка. Так точна, цяпер пра драку. Было гэта перад святам. Дакульгаўшы з мястэчка дадому, я сеў на вячэру, і, як цяпер, памятаю, еў я зацірачку з малаком. І трэба ж гэта, зацірка была такая гарачая, што хлапец нос апёк. Вось баба ліе адну міску заціркі, я спаражніў; ліе другую — спаражніў і толькі, пшэпрашаёнц, за трэцюю ўзяўся... (Гэта казаў да суддзі.)

Старшыня. Абжора нейкі.

Авечка. Гэта было не ўчора, а перад святам.

Старшыня. Я кажу, што ты абжора.

Авечка. А так, богу дзякаваць, з’есці магу, па дзеду пайшоў, дзед мой быў з духоўнікаў, еў не ў свой дух; памятаю, пакой вечны, нанач з’еў дзежку саладухі і богу душу аддаў. Так, баба ліе мне трэцюю місу заціркі, спаражніў, аж чую, пшэпрашаёнц, дух заняло і нібы цэпам малоціць. Выляцеў гэта я на ганак і дыхаю, як баран у спякоту, вось гэтак (дыхае), нешта пішчыць. Я — штырх убок, бачу: цягне Гарбуз карову за хвост з панскага хлява, аж вочы на лоб лезуць; здагадаўся я, у чым справа,— за кол ды туды. «Вы што ж гэта, каб на вас гром!» — гакнуў я... (Спахапіўся.)

Старшыня. Запішы — гром.

Пісар. Запісаў.

Авечка. Тут падбегла Гарбузіха.

Старшыня. З чапялой?

Авечка (хітра). Здаецца, без чапялы.

Суддзя. Не можа здавацца, а кажы проста — была чапяла ці не было?

Авечка. Не, не было; чапяла ў яе вялікая, як аглабля, — убачыў бы. Так, значыць, падбег я і ўчарэпіўся за хвост кароўкі-перадойкі, аж вочы на лоб лезуць, і цягнем удвох. Бачыць кароўка, што дрэнная справа, адарвуць хвост, збіла з ног аканома — і наўцёкі. Мы за ёй, але заблуталіся мае качэргі — паваліўся; мякнуўся вобземлю і Гарбуз; а яны з нагамі — і давай акладаць.

Жонка. Тут падбегла я, нарабіла крыку, дык яны пакінулі іх біць, закурылі цыгары — і пайшлі.

Авечка. Так точна, пайшлі рагочучы, як лесуны перад маладзіком.

Пісар. А што ты ім услед казаў?

Авечка. А што я, Авечка, ды на паноў магу казаць, — глядзеў, пшэпрашаёнц, і маўчаў.

Суддзя. А як ты смеў пасылаць на іх гром?

Авечка. Ды яны гэтага не чулі; я, бегучы, у духу забубнеў сабе, а рот заткнуў рукавом.

Суддзя. А ты часам не радня Гарбузу?

Авечка. Далёкая радня. Мой бацька з яго бацькам разам у бані мыліся, кумамі былі.

Старшыня. А з ёй ты не радня?

Авечка. Ззамаладу меліся жаніцца, але як я закульгаў, то яна за кульгавага не пайшла; тады я жаніўся з другой бабай; баба вельмі добрая, зацірку варыць — о, ой! Толькі вельмі сярдзітая, з частых біцца кідаецца.

Пісар. Гэта да справы не адносіцца.

Старшыня. Дапрос зняты.

Авечка. Паночку, а ці можна ведаць, на колькі пасадзіце нашых ворагаў?

Старшыня. Пачакаўшы, будзеш ведаць.

 

З’ява ХІІ

 

Убягае стораж Мірон.

 

Стораж. Пан едзе, пан едзе...

Старшыня. Стой, не гарачыся, прыняць коні ў двор, адчыніць дзверы і быць начыку. Хадзем. (Пайшлі.)

 

Пісар пачынае збіраць паперы.

 

Суддзя (пры акне). Вось уязджаюць у двор, на тройцы...

 

Гарбуз і жонка — да акна.

Авечка п’е з вядра ваду ў другім кутку.

 

 

З’ява XIII

Уваходзіць старшыня, а за ім упраўляючы ў цыліндры, паліто, калёшах і з палачкай і папяроскай.

 

Старшыня (адчыніўшы дзверы). Міласці просім.

 

Упраўляючы, паважна ўвайшоўшы, кінуў папяроску. Старшыня знімае паліто. Пісар знімае цыліндр і бярэ кіёк. Суддзя кінуўся да ног знімаць калёшы.

 

Старшыня (як усё знялі, адчыніўшы дзверы ў бакоўку). Міласці просім на пачэснае месца.

 

Упраўляючы, старшыня і суддзя пайшлі.

 

Пісар (да Гарбузоў). Ну, яшчэ чаго, дапрос зняты, паклічам, будзе пара.

 

Усе выходзяць. Пісар з паперамі ідзе ў бакоўку.

 

 

З’ява XIV

Уваходзіць стораж Мірон.

 

Стораж. Вось гэта я разумею, коні — нібы звяры, не раўня нашым пацукам, уляцелі ў двор стралой. Прыгледзеўся я на старшыню і памысліў: трывалы чалавек, не так даўно выпаўз адсюль ракам, а прыйшлося — вунь як пакіраваў, з вазка зняў, дзверы адчыніў і, здаецца, паспеў нешта зняць, — гэта спрыт. Але на мяне крыўду мае, нашто разам з парсюком спаць паклаў. Нічагутка, я — таксама чалавек, адчуваю боль. Гэта што ты старшыня, так Мірона можна ганьбіць; другі раз нап'ешся — на сметнік завалаку на чарэп’і. А што, каб гэта я адважыўся гэту світку з упраўляючага зняць, — о не, няздатны, зняў бы так, што полы былі б асобна, а рукавы асобна. (Паўза.) Крамная рэч — ні вузельчыка, ні нітачкі, блішчыць, шалухціць (нюхае) і цыбулькай аддае. (Убачыў капялюш.) А капялюш, капялюш! Гэткага я зроду не бачыў; пан накрывае свой чэрап, а я ў ягады хадзіў бы, вельмі прыгодны, чорны, цыбаты і тугі. (Папляваў на яго, абцёр рукавом і палажыў на крэсла, на тое месца, дзе сядзе суддзя, справа ад публікі.) А гэтыя гумалястковыя хадакі — таксама рэч паважная, па гразі цялепкацца. Божа, божа, як ты няроўна падзяліў, адным гэткую прыгоду, а другому — век зрэб’е.

Пісар (збоку). Пакліч сюды Гарбузоў.

Стораж (да дзвярэй). Гарбузы, каціцеся сюды.

 

 

З’ява XV

 

Уваходзяць Гарбуз і жонка.

 

Стораж. Ідзіце на суд, толькі не тупайце, як коні.

Жонка. Мы ўважненька. (Пайшлі ў бакоўку.)

 

 

З’ява XVI

 

Уваходзіць Авечка.

 

Стораж. Што занудзіўся?

Авечка. А так, замаркоціўся; у сон пачало весці: ноч не спаў, на суд, значыцца, шкандыбалі. Ці не маеце часам закурыць, нешта тут над грудзямі...

Стораж. Не маю, кожны курэц павінен мець свой аганец і тытунец.

Авечка. Так точна, павінен, ды няма. (Убачыў на падлозе папяроску.) А вось шчасце, нехта папяроску кінуў.

Стораж. Не нехта, а сам упраўляючы курыў.

Авечка. Галоднаму чалавеку ўсё роўна. (Запальвае і курыць.) А моцная, так за язык і шчыпле.

Стораж. Які далікатны.

Авечка. У Авечак языкі чулыя.

Стораж. Ды ты ўвесь, як авечка, і кульгавы, мне здаецца.

Авечка. Не здаецца, а кульгавы, вось гляньце. (Адыходзіць да таго месца, дзе ляжыць цыліндр.)

Стораж. Даўно кульгаеш?

Авечка. Гадоў з дзесяць.

Стораж. З якой прычыны?

Авечка. Грошы шукалі, не паклаўшы.

Стораж. Ну, і што?

Авечка. Прысніўся, было, маёй сястры сон, быццам-то на Лысай гары бочка дукатаў закапана ляжыць. Вось мы ўначы, разам з Гарбузом, пабраўшы рыдлёвачкі, шчупы, пайшлі туды. Курган высока на гары, на ім камень, пудоў з 20, — мы яго капаць, мы яго пароць, каб камень той ды ў даліну сагнаць; капалі доўга, а цёмна — хоць забіся. Нарэшце чую, скрыганула нешта пад рыдлёўкай; я зірк убок: бачу — галава бялее чалавека. (У часе размовы стораж слухае, што робіцца ў бакоўцы, і зусім не слухае, што кажа Авечка.) Кум, крычу я, гэта ж мы раскапалі чыюсь магілу. Гарбуз, не кажучы ні слова, рыдлёўку аб зямлю, а сам — шабоўсь уніз, ліхтар патух, я за ім... Толькі чую, штось ляціць за мной: ла-та-та-та, а пасля — бух... (Сеў на цыліндр.) Зваліўся камень да мне па назе...

Стораж (убачыўшы, што Авечка сеў на цыліндр). Куды ж ты гэта ўсеўся? (Схапіў за карак.)

Авечка (са страху пачаў жагнацца). Міца, міца, свяціцелі-чудадзеі...

Стораж. Што ты зрабіў? Што табе — дух заняло?

Авечка. Браток мой, у чым мая віна, калека я, усю ноч валокся, хацелася сесці.

Стораж. Вось цяпер пасядзіш.

Авечка. Няўжо пасадзіць?

Стораж. Пашкадуе.

Авечка. Даражэнькі мой! А што, каб спрабаваць выраўнаваць.

Стораж. Раўнуй не раўнуй, капелюша няма, а табе — астрог.

Авечка. Тады я ўцяку; будзь ласкаў, не кажы: я жыву ў пушчы — не знойдуць.

Стораж. Нікуды не схаваешся, знойдуць.

Авечка. А чаму мой дзед у паўстанне два гады хаваўся, і не знайшлі. Бывай здароў. (Да дзвярэй.)

Пісар (праз дзверы і назад). Авечка, на суд!

Стораж. Што, схаваўся? Ану, пайшоў, найшоў. (Выпхнуў убок.) Во каб яго пакруціла, скруціў капялюш, аж страх глянуць, ну, што ж мне зрабіць? А што, каб узяць на дзяркач і таркануць туды-сюды. (Бярэ венік і пачынае.) Ану, сюды, ану, туды. А бацюхны, выраўнаваў, — вось шчасце, так шчасце. Цяпер абы ўпраўляючы выйшаў, я спрытна надзену яму на галаву, не спазнае.

 

З’ява XVII

Выходзяць з бакоўкі Гарбуз і жонка.

 

Гарбуз. Вось табе суд, вось табе і цуд; абабілі бакі, выдралі бараду, яшчэ ў адседку садзяць на тры дні.

Стораж. А хіба ж я не казаў, — тут праўда жыве.

Жонка. На сухі лес такі суд; чапялу пакінула ў хаце, а на судзе чапяла апынулася пры мне. Сядзі, баба, тры дні ў халадніцы.

 

 

З’ява XVIII

 

Выходзіць Авечка.

 

Авечка. Гэта не суд, а, пшэпрашаёнц, глупства; я на паноў шапнуў «гром», і за гэта ў адседку на тры дні.

Стораж. Ну, годзе, суд ідзе... (Сам за цыліндр.)

 

 

З’ява XIX

 

Выходзіць з бакоўкі старшыня, за ім упраўляючы, пісар і суддзя.

 

Старшыня. Дзякую, што не запомнілі. (Падае паліто.)

 

Суддзя надзяе калёшы.

Стораж падае цыліндр.

Пісар — кіёчак.

 

Старшыня (адчыніўшы дзверы). Міласці прашу.

 

Усе яны выйшлі, засталіся Гарбузы, Авечка і Стораж.

 

Стораж (пачынае вымятаць). Ну, браткі мае, уцякайце, а то, чаго добрага, яшчэ падбавіць.

 

Гарбуз і жонка ціха выходзяць.

 

Авечка. Вось дзе праўда на свеце!..

 

Заслона


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан